epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Пасланне да Каласянаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-29)
2 (1-23)
3 (1-25)
4 (1-18)


1 (1-29)

1Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей – 2святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.

3Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас, 4бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых 5дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля, 6якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе. 7Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас, 8які і выявіў нам вашую любоў у Духу.

9Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; 10каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога; 11каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю

12дзякуйце Айцу,

які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле,

13які вызваліў нас з-пад улады цемры

і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго,

14у якім мы маем адкупленне

і адпушчэнне грахоў.

15Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога,

першародным сярод усякага стварэння.

16Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі,

бачнае і нябачнае:

ці троны, ці панаванні,

ці начальствы, ці ўлады –

усё праз Яго і для Яго створана.

17Ён ёсць перад усім,

і ўсё трывае ў Ім.

18Ён – Галава цела, гэта значыць, Касцёла.

Ён – пачатак, першародны з памерлых,

каб ва ўсім Ён меў першынство.

19Бо спадабалася [Богу], каб у Ім жыла ўся паўната

20і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё,

і зямное, і нябеснае,

усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.

21Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў, 22цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі, 23калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.

24Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл, 25слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае, 26таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым. 27Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас – надзея славы. 28Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце. 29Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся дзякуючы Яго моцы, якая магутна дзейнічае ўва мне.

 

2 (1-23)

1Бо я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, хто ў Лаадыкеі, а таксама за ўсіх тых, хто не бачыў мяне асабіста. 2Няхай будуць заахвочаны сэрцы іхнія і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога, Хрыста, 3у якім схаваны ўсе скарбы мудрасці і пазнання. 4Я кажу гэта, каб хто з вас не паддаўся зману прывабных словаў. 5Бо хоць я і адсутнічаю целам, але ў духу я з вамі і радуюся, калі бачу ваш лад [жыцця] і цвёрдасць вашай веры ў Хрысце.

6Як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, 7укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю, як навучылі вас, перапаўняючыся ўдзячнасцю. 8Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста. 9Бо ў Ім цялесна жыве ўся паўната боскасці, 10і вы атрымалі паўнату ў Ім, які ёсць Галавою ўсялякага панавання і ўлады. 11У Ім вы таксама абрэзаныя Хрыстовым абразаннем, а не чалавечым абразаннем зямнога грахоўнага цела. 12Пахаваныя ў хросце разам з Ім, вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых. 13І вас, мёртвых з-за правінаў і неабразанне цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе правіны. 14Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. 15Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у [Хрысце].

16Няхай ніхто не асуджае вас за ежу, піццё або святы, або адзначэнне маладзіка ці шабатаў. 17Гэта цень будучых рэчаў, [а тут ёсць] цела Хрыста. 18Няхай не зводзіць вас той, хто мае ўпадабанне ў самапрыніжэнні і пакланенні анёлам, хто ўваходзіць у тое, што ўбачыў, марна раздзімаючы сваім цялесным розумам, 19але не трымаючыся Галавы. Ад яе ўсё цела, якое падтрымліваецца і ўмацоўваецца суставамі і сухажыллямі, узрастае ростам Божым.

20Калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў свету, чаму вы падпарадкоўваецеся правілам, нібы яшчэ жывяце ў свеце? 21«Не чапай, не каштуй, не дакранайся». 22Але ж усё гэта знішчыцца праз выкарыстанне паводле чалавечых наказаў і вучэнняў. 23З прычыны павярхоўнай рэлігійнасці, самапрыніжэння і ўтаймавання цела гэта стварае толькі выгляд мудрасці, але не мае ніякай вартасці, бо служыць самазадавальненню.

 

3 (1-25)

1Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; 2пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, 3бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! 4Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.

5Таму зрабіце мёртвым тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, пажадлівасць, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам. 6З-за гэтых [рэчаў] гнеў Божы сыходзіць на сыноў непаслухмянасці, 7сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі жылі сярод іх. 8Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых. 9Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі 10і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго. 11І тут ужо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус.

12Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, 13церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. 14А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. 15І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.

16Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. 17І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

18Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам, як належыць у Пану. 19Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх. 20Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану. 21Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам. 22Нявольнікі, падпарадкоўвайцеся ва ўсім сваім гаспадарам паводле цела, служыце ім не для выгляду, нібы жадаючы спадабацца людзям, але ад шчырага сэрца, баючыся Пана. 23Усё, што б вы не рабілі, рабіце ад душы, як для Пана, а не для людзей, 24ведаючы, што ад Пана атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну. Будзьце нявольнікамі Хрыста Пана. 25Той, хто робіць крыўду, расплаціцца за зробленую крыўду, без увагі на яго асобу.

 

4 (1-18)

1Гаспадары, будзьце справядлівымі і непрадузятымі да нявольнікаў, ведаючы, што і вы маеце Пана ў небе.

2Непахісна трывайце ў малітве, чуваючы на ёй з падзякаю. 3У той жа час маліцеся і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова для абвяшчэння таямніцы Хрыстовай, дзеля якой я і зняволены, 4каб адкрываць яе так, як мне належыць абвяшчаць. 5Мудра паводзьце сябе ў дачыненні да тых, хто звонку, выкарыстоўваючы нагоду. 6Няхай слова вашае заўсёды будзе ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба кожнаму адказваць.

7Пра мяне ўсё раскажа вам Тыхік, умілаваны брат мой, верны слуга і супольнік у Пану. 8Я паслаў яго да вас, каб вы даведаліся пра нашыя справы і каб ён падбадзёрыў вашыя сэрцы, 9а разам з ім і Анэзіма, вернага і ўмілаванага брата, аднаго з вас. Яны раскажуць вам усё, што тут адбываецца.

10Вітаюць вас Арыстарх, мой сувязень, і Марк, стрыечны брат Барнабы (наконт яго вы атрымалі наказы; калі ён прыйдзе да вас, прыміце яго), 11а таксама Езус, якога завуць Юстам. Яны паходзяць з абрэзаных. Будучы маімі адзінымі супрацоўнікамі ў справе Божага Валадарства, яны сталі для мяне суцяшэннем. 12Вітае вас Эпафрас, адзін з вас, слуга Езуса Хрыста. Ён заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы сталі дасканалымі і напоўніліся ўсялякаю Божаю воляю. 13Я сведчу пра яго, што ён вельмі клапоціцца пра вас, а таксама пра тых, хто ў Лаадыцэі і Гераполісе. 14Вітае вас Лука, умілаваны лекар, і Дэмас. 15Прывітайце братоў маіх у Лаадыцэі і Німфа, а таксама тых, хто збіраецца ў ягоным доме. 16Калі ў вас будзе прачытаны гэты ліст, то зрабіце так, каб яго прачыталі і ў Лаадыцэйскім Касцёле, а той, што з Лаадыцэі, прачытайце і вы. 17І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў служэнне, якое прыняў ад Пана».

18Гэта маё, Паўла, уласнаручнае прывітанне. Памятайце пра мае кайданы.

Ласка з вамі.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-ad-Colossenses.pdf
Крыніца: catholic.by