epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Пасланне святога Якуба

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-27)
2 (1-26)
3 (1-18)
4 (1-17)
5 (1-20)


1 (1-27)

1Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў у дыяспары.

2Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце гэта. 3Бо ведаеце, што выпрабаванне веры вашай нараджае цярплівасць. 4А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу.

5Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму. 6Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер. 7І няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана, 8як чалавек двудушны, нясталы ва ўсіх шляхах сваіх.

9Няхай хваліцца брат прыніжаны ўзвышэннем сваім, 10а багаты — прыніжэннем сваім, таму што праміне, як цвет травы. 11Бо ўзышло сонца і спёкай высушыла траву, і цвет яе апаў, і прыгажосць яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах. 12Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.

13Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. 14Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. 15Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць.

16Таму не дазваляйце сябе звесці, браты мае ўмілаваныя. 17Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены. 18Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.

19Ведайце, браты мае ўмілаваныя: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу. 20Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе справядлівасці Божай. 21Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы. 22Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе. 23Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае твар свой у люстэрку: 24прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў. 25Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той шчаслівы будзе ў тым, што робіць.

26Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная пабожнасць ягоная. 27Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у нядолі іхняй і захаванне сябе незаплямленым светам.

 

2 (1-26)

1Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы. 2Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, 3і вы паглядзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: «Ты сядай тут, на добрае месца», а беднаму скажаце: «Ты стань там ці сядай тут, каля падножжа майго», 4то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?

5Паслухайце, браты мае ўмілаваныя. Ці ж не бедных свету выбраў Бог як багатых вераю і спадкаемцаў Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго? 6А вы пагардзілі бедным. Ці не багатыя прыгнятаюць вас, ці не яны цягнуць вас у суды, 7ці не яны ганьбяць добрае імя, якім вы названы? 8Калі аднак выконваеце каралеўскі закон паводле Пісання: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе», — добра робіце. 9Калі ж зважаеце на асобы, то чыніце грэх, а Закон асуджае вас як злачынцаў. 10Бо кожны, хто захоўвае ўвесь Закон, а зграшыў у нечым адным, становіцца вінаватым ва ўсім. 11Бо той, хто сказаў: “Не чужалож”, — сказаў таксама: “Не забівай”. Дык калі ты не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам Закону. 12Гаварыце і чыніце так, як тыя, хто мае быць асуджаны паводле закону свабоды. 13Бо суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці. Міласэрнасць вышэйшая за суд.

14Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? 15Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, 16а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся», але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? 17Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе. 18Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру маімі ўчынкамі. 19Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць! 20Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая? 21Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік? 22Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася. 23Так споўнілася Пісанне, якое кажа: «Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць», і ён быў названы сябрам Божым. 24Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не толькі праз веру. 25Таксама і Рахаб, распусніца, ці ж не ўчынкамі была апраўдана, калі прыняла пасланцоў і адправіла іх іншай дарогай. 26Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.

 

3 (1-18)

1Браты мае, няхай нямногія з вас імкнуцца стаць настаўнікамі, ведаючы, што будуць асуджаны больш сурова. 2Бо ўсе мы спатыкаемся шмат у чым. Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела. 3Калі мы кладзем цуглі ў рот коням, каб яны слухаліся нас, то і кіруем ўсім іхнім целам. 4Вось і караблі, хоць такія вялікія і гоняць іх моцныя вятры, аднак маленькае стырно скіроўвае іх, куды пажадае воля стырнавога. 5Так і язык — малая частка цела, а хваліцца многім. Паглядзі, які малы агонь падпальвае вялізны лес! 6І язык — агонь, свет несправядлівасці; язык, змешчаны сярод нашых частак цела, апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены. 7Бо ўсялякі від звяроў, птушак, паўзуноў і марскіх стварэнняў утаймоўваецца і ўтаймаваны чалавечай істотай, 8аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык — нястрымнае зло, поўнае смяротнай атруты. 9Ім мы благаслаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае. 10З тых самых вуснаў выходзіць благаслаўленне і праклён. Не павінна, браты мае, так быць. 11Ці ж з той самай крыніцы выцякае салодкая і горкая вада? 12Ці можа, браты мае, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы? Так і салёная крыніца не можа даваць салодкай вады.

13Хто з вас мудры і разумны? Няхай добрымі паводзінамі пакажа свае ўчынкі ў мудрай лагоднасці. 14Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, то не хваліцеся і не хлусіце насуперак праўдзе. 15Бо гэта не мудрасць, якая прыходзіць звыш, але зямная, цялесная, д’ябальская. 16Дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа. 17А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, ласкавая, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная. 18А плод справядлівасці сеюць у спакоі тыя, хто чыніць спакой.

 

4 (1-17)

1Адкуль войны і змаганні сярод вас? Хіба не з пажадлівасцяў вашых, якія змагаюцца ў частках вашых? 2Жадаеце, а не маеце; забіваеце і зайдросціце, а не можаце дасягнуць; змагаецеся і ваюеце. Не маеце, таму што не просіце; 3просіце, і не атрымліваеце, таму што дрэнна просіце, каб растраціць на пажадлівасці свае. 4Чужаложнікі, ці не ведаеце, што сяброўства з гэтым светам — гэта варожасць з Богам?

Таму калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога. 5Ці вы лічыце, што Пісанне дарэмна кажа: «Зайздросліва прагне духа, які жыве ў нас»? 6Таму яшчэ большую дае ласку, паколькі кажа:

«Бог супраціўляецца ганарыстым,

а пакорным дае ласку».

7Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. 8Наблізьцеся да Бога — і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, крывадушнікі. 9Смуткуйце, плачце і галасіце. Няхай смех ваш абернецца ў плач, а радасць — у сум. 10Прынізьцеся перад Панам — і Ён узвысіць вас.

11Браты, не абражайце адзін аднаго. Хто абражае ці асуджае свайго брата, той абражае і асуджае закон. Калі ты асуджаеш закон, то ты не выканаўца Закону, але суддзя. 12Адзін ёсць заканадаўца і суддзя, які можа збавіць і загубіць. А хто ты, што судзіш бліжняга?

13Вось цяпер вы кажаце: «Сёння ці заўтра адправімся ў пэўны горад і правядзём там год, будзем гандляваць і зарабляць». 14Між тым вы не ведаеце, якім будзе заўтра жыццё вашае. Бо вы — пбра, якая з’яўляецца на імгненне, а потым знікае. 15Замест таго, вы павінны былі б сказаць: «Калі Пан захоча, мы будзем жыць і зробім тое ці іншае». 16Вы ж цяпер хваліцеся ў ганарлівасці вашай. Усялякае такое выхвалянне дрэннае. 17Таму кожны, хто ведае, як рабіць дабро, і не робіць, той чыніць грэх!

 

5 (1-20)

1Вось цяпер вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі, што прыходзяць да вас. 2Багацце вашае згніло, і вопратку вашую патачыла моль. 3Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іх засведчыць супраць вас і з’есць целы вашыя, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні. 4Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі палеткі вашыя, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў. 5Вы жылі на зямлі ў распусце і раскошы, вы насыцілі сэрцы вашыя ў дзень забою. 6Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам.

7Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. 8Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана. 9Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах. 10За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана. 11Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.

12Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад суд.

13Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае. 14Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. 15І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму. 16Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага. 17Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся малітваю, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў. 18Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля дала плён свой. 19Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго, 20няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з аблуднага шляху яго, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-Iacobi.pdf
Крыніца: catholic.by