epub
 
падключыць
слоўнікі

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

паводле: часопіс "Спадчына", 1989-1992, з каментарамі перакладчыка

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6
Раздзел 7
Раздзел 8
Раздзел 9
Раздзел 10
Раздзел 11
Раздзел 12
Раздзел 13
Раздзел 14
Раздзел 15
Раздзел 16
Раздзел 17
Раздзел 18
Раздзел 19
Раздзел 20
Раздзел 21
Раздзел 22
Раздзел 23
Раздзел 24
Раздзел 25
Раздзел 26
Раздзел 27
Раздзел 28


АД ПЕРАКЛАДЧЫКА

Толькі што мінулася тысячагоддзе хрышчэння Русі, наперадзе-двухтысячагоддзе хрысціянства, а сёння маем Скарынава пяцісотгоддзе. Гэтыя даты між волі прыцягваюць да сябе нашу ўвагу, абуджаюць роздум пра тое, што няведанне Бібліі сталася вялікай культурнаю стратаю.

I мне захацелася паспрабаваць перакласці Новы Запавет на родную мову з грэцкай, з мовы арыгінала. (Як вядома, толькі Дабравесце паводле Мацвея было напісана па-арамейску, але гэты арыгінал у хуткім часе загінуў, і ўжо з другога стагоддзя вядомы толькі грэцкі пераклад).

Думаецца, для асобных чытачоў, якія на працягу цэлых дзесяцігоддзяў амаль не маглі свабодна карыстацца кнігамі Святога Пісьма, не лішне будзе нагадаць, што Святое Пісьмо склідаецца з кніг Старога і Новага Запаветаў. Паводле евангелістаў, кнігі Новага Залавету- гэта Добрая Навіна пра ўвасабленне ў чалавечым вобразе Божага Сына Ісуса Хрыста, які прыйшоў на зямлю выкупіць сваёю смерцю чалавецтва ад першароднага грэху і ўвесці яго ў вечнае жыццё. У кнігах Новага Запавету таксама расказваецца пра дзейнасць Хрыстовых вучняў-дванаццаці апосталаў.

Напісанне імён, геаграфічных назваў і г. д. падаецца згодна з усходнехрысціянскай рэлігійнай традыцыяй.

Хачу тут падзякаваць Аляксандру Іванавічу Фірысюку за падораны грэцкі тэкст Новага Запавету і шмат якія іншыя кнігі, што паспрыялі маёй працы.

Не магу не падзякаваць «Спадчыне», якая (шукаю слова: узялася? адважылася?-бо хоць і Перабудова, але...) пачала друкаваць гэты пераклад і каментарыі да яго.

Ганарар за публікацыю Новага Запавету ў часопісе прашу пералічыць на рахунак дапамогі ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай аварыі-№ 700073 Беларускага рэспубліканскага Жылсацбанка.

Анатоль КЛЫШКА

 

 

Раздзел 1

РАДАВОД ІСУСА ХРЫСТА

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага. Лук. 3,24.

2 Ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, а ад Ісаака нарадзіўся Якаў, ад Якава ж нарадзіўся Іуда і яго браты; Быц. 21, 2; 25, 26; 29, 35.

3 Ад Іуды ж нарадзіліся Фарэс і Зара, якіх спарадзіла Фамар, а ад Фарэса нарадзіўся Эсром, ад Эсрома ж нарадзіўся Арам; Быц. 38, 30; 46, 12. Руф. 4, 18. 1 Пар. 2, 5.

4 Ад Арама ж нарадзіўся Амінадаў, а ад Амінадава нарадзіўся Наасон, ад Наасона ж нарадзіўся Салмон;

5 Ад Салмона ж нарадзіўся Ваоз, якога спарадзіла Рахава, а ад Ваоза нарадзіўся Авід, якога спарадзіла Руф, ад Авіда ж нарадзіўся Ясей; Руф. 4, 21. 1 Па,р. 2, 11.

6 Ад Ясея ж нарадзіўся цар Давід, а ад цара Давіда нарадзіўся Саламон, якога спарадзіла былая Урыева жонка; 1 Цар. 17, 12. 2 Цар. 12, 24.

7 Ад Саламона ж нарадзіўся Раваам, а ад Раваама нарадзіўся Авія, ад Авіі ж нарадзіўся Аса; 3 Цар. 11, 43; 14, 31. 15, 8. 1 Пар. 3, 10.

8 Ад Асы ж нарадзіўся Ясафат, а ад Ясафата нарадзіўся Ярам, ад Ярама ж нарадзіўся Азія;

9 Ад Азіі ж нарадзіўся Яафам, а ад Яафама нарадзіўся Ахаз, ад Ахаза ж нарадзіўся Езекія;

10 Ад Езекіі ж нарадзіўся Манасія, а ад Манасіі нарадзіўся Амон, ад Амона ж нарадзіўся Іасія; 4 Цар. 20, 21. 1 Пар. 3, 13.

11 Ад Іасіі ж нарадзіўся Якім, а ад Якіма нарадзіліся Еханія і яго браты, пад час вавілонскага высялення; 4 Цар. 23, 34; 24. 6. 1 Пар. 3, 16. 2 Пар. 36, 4.

12 Пасля ж вавілонскага высялення ад Еханіі нарадзіўся Салафііль, а ад Салафііля нарадзіўся Зарававель; 4 Цар. 24, 15. 1 Пар. 3, 17; 2 Пар. 36, 8. Ездр. 3, 2; 5, 2.

13 Ад Зарававеля ж нарадзіўся Авіуд, а ад Авіуда нарадзіўся Еліякім, ад Еліякіма ж нарадзіўся Азор;

14 Ад Азора ж нарадзіўся Садок, а ад Садока нарадзіўся Ахім; ад Ахіма ж нарадзіўся Еліуд;

15 Ад Еліуда ж нарадзіўся Елеазар, а ад Елеазара нарадзіўся Матфан, ад Матфана ж нарадзіўся Якаў;

16 Ад Якава ж нарадзіўся Іосіф, муж Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, названы Хрыстос.

17 Значыць, усіх пакаленняў ад Аўраама аж да Давіда,- чатырнаццаць пакаленняў, і ад Давіда аж да вавілонскага высялення,- чатырнаццаць пакаленняў, і ад вавілонскага высялення аж да Хрыста,- чатырнаццаць пакаленняў.

НАРАДЖЭННЕ ІСУСА ХРЫСТА

18 Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было так. Пасля заручын Яго Маці Марыі з Іосіфам, перш чым сышліся яны, выявілася, што яна мае ў лоне ад Святога Духа. Лук. 1, 27.

19 Іосіф жа, Яе муж, быўшы справядлівым і не хацеўшы зняславіць Яе, намерыўся ўпотай адпусціць Яе.

20 Калі ж ён падумаў гэта, вось прыйшоў у сне да яго Анёл Гасподні, кажучы: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыняць Марыю, сваю жонку; бо зароджанае ў ёй ёсць ад Святога Духа.

21 Народзіць жа Яна Сына, і дасі Яму імя: Ісус; бо Ён збавіць Свой народ ад яго грахоў. Лук. 1, 31. Дзеян. 4, 12; Іаан. 2, 2. Рым. 3. 24.

22 А ўсё гэта сталася, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 "Вось Дзяўчына зачне ў лоне і народзіць сына, і дадуць імя Яму Эмануіл, што ў перакладзе азначае: з намі Бог". Іс. 7, 14.

24 Іосіф жа, збудзіўшыся ад сну, зрабіў, як загадаў яму Анёл Гасподні, і прыняў ён жонку сваю;

25 Ды не збліжаўся з Ёю, аж пакуль нарадзіла Яна Свайго Сына першароднага; і ён даў імя Яму: Ісус. Лук. 2, 21.

 

--------------------------------

Пра чалавека, імя якога стаіць у назве гэтага Евангелля, вядома няшмат. Ён быў палесцінскі яўрэй. Як некаторыя іудзеі, меў яшчэ і другое імя-Левій. Працаваў зборшчыкам пошлін, за што яго і ненавідзелі людзі.

Расказваецца: калі Хрыстос паклікаў Мацвея, што быў пры зборы пошлін, той як сядзеў, так устаў і з радасцю пайшоў за Хрыстом, пакінуўшы ўсё, апроч свайго пяра. Мацвей быў глыбока адукаваным чалавекам-сама служба мытніка вымагала гэтага. I сярод Ісусавых вучняў-дванаццаці апосталаў (большасць якіх былі простымі рыбакамі),- вылучаўся тым, што добра валодаў пісьмовым словам і запісаў вучэнне Хрыста. I калі, скажам, з Евангелля паводле Марка перад намі найбольш разгортваюцца жыццёвыя дарогі Ісусавы, то з Дабравесця паводле Мацвея найперш паўстае сутнасць Хрыстовага вучэння, узаемаповязь Старога і Новага Запаветаў.

«Кніга радаводу» Хрыста складзена евангелістам на ўзор старазапаветных радаводаў і паказвае, што Ісус-сын цара Давіда. Такім чынам падкрэсліваецца пераемнасць між двума Запаветамі і месіянства Ісуса. Як было абяцана Богам, Месія павінен быў быць «сынам», г. зн. нашчадкам Давідавым. I тут была не такою важнаю крэўнасць, як прававы статус: тое, што Ісус прыняты да Давідава га роду.

У грэцкім тэксце замест прынятага тут у перакладзе «ад (каго) нарадзіўся» скрозь ужыты семітычны выраз «эгэннэсэ» (нарадзіў), які абазначае паходжанне па непасрэднай лініі: «Аўраам нарадзіў Ісаака, Ісаак нарадзіў Якава» і г. д.

У радаводзе выразна выступаюць імёны жанчын, што не ў традыцыях іудзейскіх радаслоўных, бо на жанчыну глядзелі не як на чалавека, а як на рэч. У штодзённай ранішняй малітве іудзей дзякаваў Богу за тое, што не стварыў яго язычнікам, рабом ці жанчынаю. Да таго ж, Руф не яўрэйка, а маавіцянка, Рахава- хананеянка, паводле Старога Запавету, ды яшчэ і блудніца. Такі радавод як бы падкрэслівае, што для ўсеагульнай любові Божай няма ні іудзея, ні эліна, Бог можа заклікаць не толькі праведніка, а і грэшніка.

1, 16. Ісус-гэта грэцкі пераклад пашыранага іудзейскага імя Ешуа, якое азначае: Госпад-яго збавенне. Хрыстос-грэцкае слова, якое абазначае тое самае, што і яўрэйскае Месія, г. зн. Памазаннік, асвечаны святым алейным памазаннем. Так называлі людзей, пасвечаных на служэнне Богу (прарокаў, цароў), а таксама абяцанага ў Старым Запавеце збаўцу. Ісус-чалавечае імя Госпада. Хрыстос-афіцыйнае. ІІамазаны Святым Духам, Ісус зрабіўся ХрыстомПамазаннікам.

1, 18. Заручыны, якія цягнуліся год, у іудзеяў нельга было так проста, без разводу, спыніць: пара разглядалася як муж і жонка, хоць і без шлюбных правоў. Для шлюбу Іосіфу заставалася Прывесці Марыю ў свой дом.

1, 19. Іосіф у сваёй справядлівасці зусім не падазраваў віны Марыі, таму і хацеў «употай адпусціць Яе», каб не была пакарана паводле Майсеевага закону.

1. 20. Стары Запавет крытычна ставіўся да сноў. У Новым Запавеце сны адрозніваюцца тым, што яны не алегарычныя, а павучальныя: прыходзіць Бог, анёл ці чалавек і дае наказ, што трэба рабіць.

 

 

 

Раздзел 2

МАГІ 3 УСХОДУ ПАКЛАНЯЮЦЦА ХРЫСТУ

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось магі з Усходу прыйшлі ў Іерусалім, Лук. 2,6.

2 Кажучы: дзе народжаны Цар Іудзейскі? бо мы бачылі, што ўзышла Яго зорка, і прыйшлі пакланіцца Яму. Лік. 24, 17. Іс. 60, 3.

3 Пачуўшы ж гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Іерусалім з ім.

4 I, сабраўшы ўсіх першасвятароў і народных кніжнікаў, пытаўся ў іх: дзе належыць нарадзіцца Хрысту?

5 Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім, бо так напісана праз прарока:

6 "I ты, Віфлеем, уладанне Іудава, ані не найменшае сярод галоўных Іудавых гарадоў, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе кіраваць народам Маім ізраільскім". Міх. 5, 2. Іаан. 7, 42.

7 Тады Ірад употай паклікаў магаў і дакладна выведаў ад іх час, калі паказалася зорка.

8 I, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, дакладна разведайце пра тое Дзіцятка, а як толькі знойдзеце, накажыце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму.

9 Яны ж, выслухаўшы цара, паспяшалі, і вось зорка, узыход якой яны бачылі, ішла перад імі, аж пакуль, прыйшоўшы, не стала панад месцам, дзе было Дзіцятка.

10 Угледзеўшы ж зорку, яны ўзрадаваліся вельмі вялікаю радасцю.

11 I, увайшоўшы ў дом, яны знайшлі Дзіцятка з Марыяй, Яго Маці, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, раскрыўшы свае скарбы, паднеслі Яму дары: золата, ладан і смірну. Пс. 60, 6.

12 I, атрымаўшы ў сне засцярогу не вяртацца да Ірада, яны іншаю дарогаю адышлі ў сваю краіну.

ІОСІФ І МАРЫЯ УЦЯКАЮЦЬ У ЕГІПЕТ

13 Калі ж яны адышлі, вось Анёл Гасподні прыходзіць у сне да Іосіфа, кажучы: уставай, вазьмі Дзіцятка і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, аж пакуль не скажу табе; бо Ірад збіраецца шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.

14 I, устаўшы, ён узяў Дзіцятка і Маці Яго ўночы і адышоў у Егіпет.

15 І быў там аж да Ірадавай смерці; каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "3 Егіпта паклікаў Я Сына Свайго". Ос. 11, 1.

ІРАД ЗАБІВАЕ ДЗЯЦЕЙ

16 Тады Ірад, убачыўшы, што магі насмяяліся з яго, вельмі разгневаўся і паслаў выбіць усіх хлопчыкаў у Віфлееме і ва ўсіх яго ваколіцах з двух гадоў і ніжэй згодна з часам, які дакладна выведаў ад магаў.

17 Тады спраўдзілася сказанае праз Іерамію, прарока, які кажа:

18 "Голас у Раме чуваць, плач і лямант, і скарга вялікая, Рахіль аплаквае сваіх сыноў; не хоча суцешыццца, бо няма іх". Іер. 31, 15.

ІОСІФ I МАРЫЯ 3 ДЗІЦЯТКАМ ВЯРТАЮЦЦА 3 ЕГІПТА

19 Калі ж памёр Ірад, вось Анёл Гасподні прыходзіць у сне да Іосіфа ў Егіпце,

20 Кажучы: уставай, вазьмі Дзіцятка і Маці яго і ідзі ў зямлю Ізраільскую; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.

21 I ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраільскую.

22 Але, пачуўшы, што ў Іудзеі царуе Архелай замест Ірада, свайго бацькі, пабаяўся туды ісці; ды, атрымаўшы наказ у сне, адышоў у краі Галілейскія;

23 I, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт; каб спраўдзілася сказанае праз прарокаў, што Яго назавуць Назарэем. Судз. 13, 5. Іс. 11, 12.

 

--------------------------------

2, 1. Магі належалі да жрацоў усходняга культу. Добра зналіся ў медыцыне, прыродазнаўчых навуках; верылі ў астралогію, г. зн. у тое, што па "зорках можна ўведаць наперад, што будзе; што лёс чалавека вызначаецца зоркаю, пад якой ён нарадзіўся, і г. д. Тлумачылі сны. 3-за сваіх таемных ведаў былі ў вялікай лашане на Усходзе.

2, 2. Грэцкі тэкст дазваляе перакласці яшчэ і так: «мы бачылі Яго зорку на ўсходзе».

2. 3. Ірада, якога рымляне прызначылі царом Іудзеі і які быў сынам ідумеяніна і арабкі, яўрэі не прызнавалі за сапраўднага цара, лічачы яго выскачкам, які захапіў трон законнага цара з роду Давідавага. Ірад увесь час баяўся за сваю ўладу і быў страшэнна падазроны: знішчыў вярхоўны суд іудзеяў, трыста сваіх прыбліжаных, жонку, яе маці, трох сваіх сыноў і інш. Таму і трывожыўся ўвесь Іерусалім, бо добра ведаў. што можна чакаць ад Ірада, які прачуў. што яго трон у небяспецы.

2, 9. Мажлівы пераклад: «і вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе...»

2, 11. Золата-дар царам. Ніхто не мог падысці да цара без падарунка, а золата лічылася царом сярод металаў.

Ладан-дар святару. Пахкі ладан шырока ўжывалі пры набажэнствах. ахвярапрынашэннях і г. д.

Смірна-дар таму, хто павінен памерці. Гэтую духмяную мазь, добра вядомую на Усходзе, выкарыстоўвалі пры бальзамаванні нябожчыкаў: яна перасцерагала цела ад тлення.

Такім чынам, сваімі дарамі магі як бы наперад сведчылі, што Ісус Хрыстос будзе сапраўдным Царом, сапраўдным Першасвятаром і найвялікшым Збаўцам людзей,- асуджаны на смерць, гэты Богачалавек адолее дзяржаву смерці.

2, 23. Назарэт знаходзіўся на поўдні Галілеі. Паблізу ад горада разлеглася Міжземнае мора, адкуль у розныя канцы ішлі караблі. Тут жа непадалёк была і дарога з Дамаска ў Егіпет-адзін з найвялікшых караванных шляхоў таго часу. Была яшчэ дарога ад Акры на ўсход з яе бясконцымі караванамі з шоўкам і рознымі прысмакамі ды прыправамі. Такім чынам, Ісус рос у горадзе, паблізу якога праходзіў самы розны люд са сваімі пытаннямі і адказамі.

 

 

 

Раздзел 3

КАЗАНЬ ІААНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ

1 У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель, навучаючы ў пустэльні Іудзейскай Мар. 1, 4. Лук. 3, 3. Іаан. 1, 28. Дзеян. 13, 24.

2 I кажучы: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае.

3 Гэта ж пра яго сказана праз Ісаю, прарока, які кажа: "Вокліч прапаведніка ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго". Іс. 40, 3. Мар. 1, 3. Лук. 3, 4. Іаан. 1, 23.

4 Сам жа Іаан меў на сабе вопратку з вярблюджай воўны і скураны пояс на паясніцы сваёй; спажывай яго былі саранча ды дзікі мёд. Мар. 1,6.

5 Тады выходзіў да яго Іерусалім, і ўся Іудзея, і ўсё Над'іярданне;

6 I хрысціліся ад яго ў Іярдане, вызнаючы свае грахі.

7 Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, казаў ім: гадзючыя выпладкі, хто падвучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Мацв. 23, 33. Лук. 3, 7.

8 Вось стварыце годны плод пакаяння;

9 Ды не думайце казаць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам"; бо кажу вам, што Бог можа з гэтага камення стварыць сыноў Аўрааму. Іаан. 8, 39. Дзеян. 13, 26.

10 Бо ўжо і сякера прыкладзена да кораня дрэў: кожнае ж дрэва, што добрага плоду не родзіць, будзе высечана і ўкінута ў агонь. Мацв. 7, 19.

11 Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне: я не годны панесці Яго сандаляў; Ён вас ахрысціць у Святым Духу і агні; Мар. 1, 8. Лук. 3, 16. Іаан. 1, 26. Дзеян. 1, 5; 2, 2.

12 Яго веялка ў руцэ Яго, і Ён пільна перачысціць Свой ток і збярэ Сваю пшаніцу ў засек, а мякіну спаліць у незгасальным агні. Лук. 3, 7.

ХРЫШЧЭННЕ ІСУСА

13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іярдан да Іаана,- хрысціцца ад яго. Мар. 1, 9. Лук. 3, 21.

14 А Іаан запярэчыў Яму, кажучы: я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?

15 Ісус жа, адказваючы, сказаў яму: дазволь якраз цяпер; бо гэтак належыць нам выконваць усё, што справядлівае. Тады ён уступіў Яму.

16 I, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Духа Божага, што сыходзіў, нібы голуб, і спускаўся на яго; Мар. 1, 10. Лук. 3, 21. Іаан. 1, 32.

17 I вось голас з нябёсаў кажа: гэта Мой Сын улюбёны, якому Я спрыяю. Мар. 1, 11. Лук. 3, 22. Іаан. 5, 37. 2 Пят. 1, 17. Кал. 1, 13.

 

--------------------------------

3, 7. Фарысеі-самаадданыя, старанныя прыхільнікі закону, але самаўпэўненыя: не бачылі сваёй грахоўнасці і літаральна тлумачылі закон.

Садукеі-рэлігійныя людзі, якія, аднак, адмаўлялі існаванне анёлаў і іншых духаў, а таксама цудаў, не верылі ва ўваскрэсенне; адмаўлялі ўсё звышнатуральнае.

3, 9. Тут адчуваецца пераклічка арамейскіх слоў-банайя (сыны) і абнайя (каменне). Іаан папракае тых, што лічаць сябе бязгрэшнымі толькі з-за таго, што яны належаць да Аўраамавага роду.

3, 11. Панесці сандалі (абутак)-быць рабом, слугою.

3, 12. Тут маецца на ўвазе агонь Майсеевага суда. што спальвае «мякіну», г. зн. тых, што зацята не хочуць пакаяцца. Агонь у Старым Залавеце сімвалізуе ачышчэнне сумлення.

3, 16-17. Калі ў Старым Запавеце толькі адчуваецца, то тут упершыню выразна выступае Святая Тройца: Дух апускаецца на Сына, і ў той жа час з нябёсаў чуваць голас Бацькі: (Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Дух Святы).

3, 17. Такім чынам, ужо ў час хрышчэння Госпад падтрымлівае ўсё, што Сын будзе казаць і рабіць.

 

 

 

Раздзел 4

Д'ЯБАЛ ВЫПРАБОЎВАЕ ІСУСА

1 Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню, каб д'ябал выпрабаваў Яго.

2 I, прапасціўшыся сорак дзён і сорак начэй, нарэшце адчуў голад.

3 I, падступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: калі Ты Божы Сын, скажы, каб гэтае каменне зрабілася хлябамі.

4 А Ён у адказ сказаў: напісана: "не аб хлебе адным будзе жыць чалавек, але аб кожным слове, што зыходзіць з Божых вуснаў". Друг. 8, 3. Лук. 4, 4.

5 Тады бярэ Яго д'ябал у святы горад і ставіць Яго на крыле святыні,

6 I кажа Яму: калі Ты Божы Сын, кінься ўніз; бо напісана: "Сваім Анёлам даручыць Ён Цябе" і "на руках панясуць Цябе, каб аб камень выпадкам не спатыкнуў Ты свае нагі". Пс. 90, 11,- 12. Лук. 4, 10.

7 Ісус сказаў яму: напісана яшчэ: "не выпрабоўвай Госпада Бога свайго". Друг. 6, 16. Лук. 4, 12.

8 Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі вы сокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,

9 I кажа Яму: гэта ўсё дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне.

10 Тады кажа яму Ісус: адыдзі, сатана! бо напісана: "Госпаду Богу свайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць". Друг. 6, 13; 10, 20. Лук. 4, 8.

11 Тады д'ябал пакідае Яго; і вось Анёлы прыступілі і служылі Яму.

ІСУС ВЫБІРАЕ ДЛЯ СВАЙГО ПОБЫТУ КАПЕРНАУМ

12 А Ісус, пачуўшы, што Іаан зняволены, адышоў у Галілею. Мар. 1, 14. Лук. 4, 14. Іаан. 4, 43.

13 I, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, на памежжы Завулона і Нефаліма;

14 Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа:

15 "Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, па той бок Іярдана, Галілея язычнікаў! Іс. 9, 12.

16 Народ, што сядзеў у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне смяротнага ценю, узышло святло".

ІСУС РАСПАЧЫНАЕ КАЗАНЬ I ВЫБІРАЕ САБЕ ПЕРШЫХ ВУЧНЯЎ

17 3 таго часу пачаў Ісус навучаць і казаць: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае! Мар. 1" 15.

18 Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімона, названага Пятром, і яго брата Андрэя, што закідвалі сетку ў мора: былі ж яны рыбаловы; Мар. 1, 16.

19 I кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

20 Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

21 I адтуль, ідучы далей, убачыў Ён іншых двух братоў: Якава Зеведзеева і яго брата Іаана ў чаўне з Зеведзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі; і заклікаў іх.

22 Яны адразу ж, пакінуўшы човен і свайго бацьку, пайшлі за ім.

ПЕРШАЕ ІСУСАВА ПАДАРОЖЖА ПА ГАЛІЛЕІ

23 I хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы іх у сінагогах і абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач у народзе.

24 I разышлася вестка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі ад розных хвароб і пакут, і апантаных, і лунатыкаў, і спаралізаваных; і Ён вылечваў іх. Мар. 6, 55.

25 I ішлі за ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дзесяцігарадоўя, і з Іудзеі, і з Заіярдання.

 

--------------------------------

4, 2. Лік «сорак» абазначае перыяд выпрабавання перад днямі збавення (згадайма таксама працягласць Вялікага посту ў праваслаўных і католікаў).

4, 3-4. Хрыстос такім чынам адмаўляецца прыцягнуць людзей абяцаннем матэрыяльных даброт («хлябы»).

4, 5. Святы горад,- Іерусалім.

4, 5-7. Хрыстос адмаўляецца прыцягнуць людзей абяцаннем цудаў. Няма сэнсу наўмысна, без усялякай патрэбы, ставіць сябе пад небяспеку, спадзеючыся, што Бог уратуе.

4, 8-10. Хрыстос упэўнены ў тым, што зло нельга адолець, калі ідзеш на розныя кампрамісы з ім.

4, 25. Дзесяцігарадоўе (Дэкаполіс),- саюз дзесяці гарадоў, размешчаных, за выключэннем Скіфопаля, за Іярданам. Жылі там пераважна язычнікі. Евангеліст такім чынам падкрэслівае, што да Ісуса Хрыста ішлі людзі з усіх краёў свету.

 

 

 

Раздзел 5

КАЗАНЬ НА ГАРЫ

1 Убачыўшы ж натоўпы, Ён узышоў на гару. I калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.

2 I Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:

ХТО ШЧАСЛІВЫ

3 Шчаслівыя ўбогія духам; бо іх ёсць Царства Нябеснае. Лук. 6, 20.

4 Шчаслівыя засмучаныя; бо яны ўсцешаны будуць. Іс. 61, 2-3; Лук. 6, 21.

5 Шчаслівыя лагодныя; бо яны атры маюць у спадчыну зямлю. Пс. 36, 11.

6 Шчаслівыя згаладалыя і сасмяглыя па справядлівасці, бо яны будуць натолены.

7 Шчаслівыя літасцівыя; бо да іх бу дуць мець літасць.

8 Шчаслівыя чыстыя сэрцам; бо яны ўбачаць Бога. Пс. 23, 4.

9 Шчаслівыя міратворцы; бо яны будуць названы Божымі дзецьмі. Яўр. 12, 14.

10 Шчаслівыя, каго гоняць за праўду; бо іх ёсць Царства Нябеснае. 1 Пят. 3, 14.

11 Шчаслівыя вы, калі вас будуць ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць на вас усялякае слова ліхое зза Мяне. Лук. 6, 22. 1 Пят. 4, 14.

12 Радуйцеся і весяліцеся; бо вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: гэтак жа гналі прарокаў раней за вас. Мац. 21, 35.

СОЛЬ І СВЯТЛО

13 Вы,- соль зямлі; калі ж соль страціць моц, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдаецца, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі. Мар. 9, 50. Лук. 14, 34.

14 Вы,- святло свету. Не можа горад схавацца, стоячы наверсе гары. Філ. 2, 15.

15 І калі запальваюць каганец, ставяць яго не пад пасудзіну, а на падстаўку, і свеціць ён усім у доме. Мар. 4, 21. Лук. 8, 16; 11, 33.

16 Гэтак няхай свеціць ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах. 1 Пят. 2, 12. Філ. 2, 15.

ІСУС І СТАРЫ ЗАПАВЕТ

17 Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; не адмяніць Я прыйшоў, а здзейсніць.

18 Папраўдзе ж кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ніводная ёта ці рыса адзіная не знікне з закона, аж пакуль не спраўдзіцца ўсё. Лук. 16, 17.

19 Дык вось, хто б ні парушыў адну з найменшых гэтых запаведзяў і так людзей навучыў, таго назавуць найменшым у Царстве Нябесным; а таго, хто выканае і навучыць, вялікім назавуць у Царстве Нябесным.

20 Бо Я кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большаю за справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.

НЕ ГНЕВАЙЦЕСЯ НА СВАЙГО БЛІЖНЯГА

21 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не забівай, а хто б ні забіў, падпадзе пад суд». Зых. 20, 13. Друг. 5, 17. Мац. 19, 18., Мар. 10, 19. Лук. 18, 20.

22 А я кажу вам, што кожны, хто дарэмна гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто б ні сказаў свайму брату: «рака», падпадзе пад сінедрыён, а хто б ні сказаў «дурны», падпадзе пад геену вогненную.

23 Дык вось, калі ты прынясеш свой дар на ахвярнік і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,

24 Пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш памірыся са сваім братам і тады, прыйшоўшы, ахвяруй свой дар.

25 Мірыся са сваім праціўнікам хутка, пакуль з ім у дарозе; каб толькі праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя не перадаў цябе выканаўцу і не быў ты кінуты ў цямніцу. Лук. 12, 58.

26 Папраўдзе кажу табе: не выйдзеш адтуль, аж пакуль не аддасі астатняга кадранта.

ПРА БЛУД I РАЗВОД

27 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не чыні пералюбу». Зых. 20, 14. Друг. 5, 18.

28 А Я кажу вам, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж тваё правае вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену; Друг. 13, 6-8. Мац. 18, 8-9. Мар. 9, 43, 47.

30 I калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену.

31 Сказана таксама, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст. Друг. 24, 1. Мац. 19, 7. Мар. 10, 4, 11. Лук. 16, 18. 1 Кар. 7, 10.

32 А Я кажу вам, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёй, апроч як з віны распусты, даводзіць яе да пералюбу; і хто б ні ажаніўся з разведзенаю, чыніць пералюб.

НЕ КЛЯНІЦЕСЯ

33 Яшчэ вы чулі, што наказана старажытным: «не прысягай фальшыва, а датрымай Госпаду свае клятвы». Зых. 20, 7. Лев. 19, 12. Друг. 23, 21.

34 А Я кажу вам: не кляніцеся ўвогуле: ні небам, бо яно трон Божы;

35 Ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад вялікага Цара;

36 Ні галавою сваёй не кляніся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.

37 Няхай жа будзе ваша слова: «так, так», «не, не»; а што звыш таго,- ад ліхога. Іак. 5, 12.

НЕ СУПРАЦІЎЛЯЙЦЕСЯ ЗЛОМУ

38 Вы чулі, што сказана: «вока за вока, і зуб за зуб»; Зых. 21, 24. Лев. 24, 20, Друг. 19, 21.

39 А Я кажу вам: не супраціўляйся злому, але хто цябе ўдарыць у тваю правую шчаку, павярні да яго і другую; Лук. 6, 29. Іак. 3, 13. Рым. 12, 17. 1 Кар. 6, 7. 1 Фес. 5, 15.

40 I хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і плашч;

41 I хто цябе вымушае ісці адну мілю, прайдзі з ім дзве.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. Друг. 15, 7. Лук. 6, 34.

ЛЮБІЦЕ СВАІХ ВОРАГАЎ

43 Вы чулі, што сказана: «любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго»; Лев. 19, 17,- 18, Мац. 22, 39. Мар. 12, 31. Іак. 2, 8. Рым. 13, 9.

44 А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, бласлаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, што гоняць вас; Лук. 6, 27. 23, 34. Дзеян. 7, 60. 1 Кар. 4, 12.

45 Каб вам зрабіцца дзецьмі Бацькі вашага, што ў нябёсах, які наказвае свайму сонцу ўсходзіць над ліхімі і добрымі і насылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Лук. 6, 35.

46 Калі ж вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое робяць і мытнікі?

47 I калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не гэта робяць і язычнікі?

48 Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька, што ў нябёсах.

 

--------------------------------

У раздзелах 5, 6, 7 прыводзіцца Нагорная казань, якая лічыцца маральным кодэксам хрысціянства, сутнасцю Хрыстовага вучэння.

5, 3. Тут гаворыцца пра Боскую радасць,- не якая будзе, а якая ўжо наступіла. Шчаслівыя ўбогія духам,- тыя, хто разумее беднасць, мізэрнасць свайго духоўнага жыцця і скіроўвае позірк на Ісуса. Бо кожная рэлігія пачынаецца з усведамлення чалавекам сваёй слабасці і патрэбы ў Богу.

5, 13. Як соль захоўвае прадукты ад гніення, так і хрысціянін павінен уздзейнічаць на жыццё.

5, 15. У палесцінскіх дамах было толькі адно круглае акно, дыяметрам каля паўметра. Светач складаўся з кноту, які плаваў у алеі. Звычайна светач стаяў на падстаўцы. Калі ж людзі выходзілі з дому, светач ставілі пад гліняны збан, бо няпроста было запаліць агонь у часы, калі яшчэ не было запалак.

5, 17. У іудзеяў закон і прарокі значыла: Стары Запавет.

5, 18. Ёта,- найменшая літара ў яўрэйскім алфавіце, падобная з формы да нашага апострафа ці коскі. Гэта значыць: нават макулінкі не зменіцца ў законе,- так шаноўна ставіцца да яго Ісус.

5, 22. Геена,- значыць Еномава даліна, што ляжыць на паўднёвы захад ад Іерусаліма. У старажытнасці там у ахвяру язычніцкаму богу Малоху прыносілі дзяцей, якіх спальвалі. Пазней там скідвалі і спальвалі смецце, таму ўвесь час у даліне гарэў агонь і стаяў дым. Так гэтае месца зрабілася для набожных сінонімам пекла.

5, 40. Паводле закона, верхняе адзенне нельга было адабраць нават праз суд. Аднак лепш самому зрабіцца ахвяраю несправядлівасці, чым помсціць злом за зло.

 

 

 

Раздзел 6

ПРА МІЛАСЦІНУ

1 Асцерагайцеся даваць міласціну сваю перад людзьмі, каб яны бачылі; а як не, то не будзеце мець узнагароды ад вашага Бацькі, што ў нябёсах.

2 Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як крывадушнікі робяць у сінагогах і на скрыжаваннях, каб хвалілі іх людзі. Папраўдзе кажу вам: яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду. Рым. 12, 8.

3 У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука;

4 Каб твая міласціна была ў таямніцы; і твой Бацька, што бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

ПРА МАЛІТВУ

5 I калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц стоячы маліцца, каб паказаць сябе людзям; папраўдзе кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.

6 А ты, калі молішся, увайдзі ў сваю каморку і, зачыніўшы дзверы свае, маліся Бацьку свайму, што ў таямніцы; і Бацька твой, што бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

7 А молячыся, не кажыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.

8 Дык не будзьце падобныя да іх; бо ведае Бацька ваш, у чым вы маеце патрэбу, перш чым вы ў Яго папросіце.

9 Вы ж маліцеся так: Ойча наш, які ў нябёсах! Няхай будзе ў святасці імя Тваё; Лук. 11, 2.

10 Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як у небе, так і на зямлі;

11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;

12 I даруй нам нашы правіны, як і мы даруем нашым вінаваўцам;

13 I не дапусці нас да спакусы, але засцеражы нас ад ліхога. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава навекі. Амін.

14 Бо калі вы даруеце людзям іх правіны, даруе і вам Бацька ваш Нябесны Мар. 11, 25.

15 А калі вы не даруеце людзям іх правінаў, то і Бацька ваш не даруе вашых правінаў.

16 А калі вы посціце, не рабіцеся, як крывадушнікі, панурыя; бо яны змяняюць твары свае, каб паказаць людзям, што посцяць. Папраўдзе кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.

17 А ты, калі посціш, памаж галаву сваю і памый свой твар;

18 Каб паказаць, што ты посціш, не людзям, а Бацьку свайму, што ў таямніцы; і твой Бацька, які бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

ЗБІРАЙЦЕ САБЕ СКАРБЫ НА НЕБЕ

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа есць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць;

20 А збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не есць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць. Лук. 12, 21, 33. 1 Цім. 6, 19.

21 Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22 Светач цела ёсць вока; дык вось, калі тваё вока чыстае, усё цела будзе ў святле; Лук. 11, 34.

23 Калі ж тваё вока было б ліхое, усё тваё цела будзе ў цемры. Калі ж святло, што ў табе,- цемра, то якая вялікая сама цемра?

24 Ніхто не можа служыць двум панам: або аднаго будзе ненавідзець, а другога,- любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне Лук. 16, 13.

ПРА ТУРБОТЫ

25 Дзеля гэтага кажу вам: не турбуйцеся пра сваё жыццё, што есці і што піць, ні пра ваша цела, у што адзецца. Хіба жыццё не больш важнае за яду, а цела за адзенне? Пс. 54, 23. Лук. 12, 22. 1 Пят. 5, 7.

26 Паглядзіце на птушак нябесных, што не сеюць, не жнуць, не збіраюць у свірны, а Бацька ваш Нябесны жывіць іх. Хіба вы не нашмат лепшыя за іх?

27 Хто ж з вас, турбуючыся, можа прыбавіць сабе росту на адзін локаць?

28 I пра адзенне што турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як растуць: ні працуюць, ні прадуць;

29 Кажу ж вам, што і Саламон ва ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.

30 Калі ж палявую траву, што ёсць сёння, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так прыбірае, то ці ж не тым болей вас, малаверныя?

31 Дык вось не турбуйцеся і не кажыце: «што мы будзем есці?», або: «што мы будзем піць?», або: «у што мы адзенемся?»

32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; дый Бацька ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

33 Шукайце ж перш Царства Божае і Яго справядлівасць, і ўсё гэта прыкладзецца вам. Лук. 12, 31. Мар. 10, 30. 1 Цім. 4, 8.

34 Дык вось, не турбуйцеся пра заўтра: бо заўтрашні дзень патурбуецца пра сваё. Даволі для кожнага дня свайго ліха.

 

--------------------------------

6, 1. У іудзеяў было тры вялікія абавязкі: міласціна, малітва і пост. Ісус засцерагае ад правільных учынкаў з благіх памкненняў: бо міласціна можа давацца не толькі дзеля таго, каб памагчы чалавеку, а каб і выставіць напаказ сваю шчодрасць ды заслужыць пахвалу навакольных.

6, 7. Пры малітве былі спробы нагрувашчваць пры імені Бога розныя тытулы. Напрыклад, ёсць іудзейская малітва, якая пачынаецца з шаснаццаці прыметнікаў да Божага імя. Ісус асуджае тых, хто думае не пра тое, аб чым моліцца, а пра тое, як ён моліцца.

6, 9-15. «Ойча наш», або Гасподняя Малітва, лічыцца ў набожных за скарочанае Евангелле.

Тут называюцца тры найважнейшыя чалавечыя патрэбнасці і тры вымярэнні часу, у якіх жыве чалавек. Просячы пра надзённы хлеб, чалавек выказвае сённяшнія патрэбы. Просячы пра адпушчэнне грахоў, пераглядае сваё мінулае і, просячы аб дапамозе ад спакус, глядзіць у сваю будучыню. Усё жыццё чалавека паўстае перад Богам, а перад чалавекам,- Бог у цэласнай паўнаце, бо чалавек, просячы пра хлеб, звяртаецца да Бога Бацькі, Хавальніка і Творцы жыцця, просячы аб адпушчэнні грахоў,- да Бога Сына, Ісуса Хрыста, чалавечага Збаўцы, і просячы пра засцеражэнне ад спакус,- да Бога Святога Духа, чалавечага Суцяшальніка.

 

 

 

Раздзел 7

НЕ СУДЗІЦЕ СВАІХ БЛІЖНІХ

1 Не судзіце, каб і вас не судзілі. Лук. 6, 37. Рым. 2, 1. 1 Кар. 4, 5.

2 Бо якім судом судзіце, такім і вас асудзяць; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць. Мар. 4, 24. Лук. 6, 38.

3 Што ж ты бачыш парушынку ў воку брата свайго, а калоды ў сваім воку не заўважаеш? Лук. 6, 41.

4 Або, як скажаш ты брату свайму: «давай выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку,- калода?

5 Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

6 Не давайце святога сабакам і не рассыпайце сваіх перлаў перад свіннямі, каб не патапталі яны іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разарвалі вас.

ПРА МАЛІТВУ

7 Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам; Мац. 21, 22. Мар. 11, 24. Лук. 11, 9. Іаан. 14, 13. Іак. 1, 6.

8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, а хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняць.

9 Або, ці ёсць між вас чалавек, у якога б яго сын папрасіў хлеба, а ён падасць яму камень? Лук. 11, 11.

10 Або папрасіў бы рыбы, а ён падасць яму змяю?

11 Дык калі вы, хоць ліхія самі, можаце даваць добрыя дары сваім дзецям,- наколькі болей ваш Бацька, што ў нябёсах, дасць добрых дароў тым, што просяць у Яго?

ЗАЛАТОЕ ПРАВІЛА ПАВОДЗІН

12 Дык вось усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэтакі закон і прарокі. Лук. 6, 31.

ХАДЗІЦЕ ВУЗКАЮ ДАРОГОЮ

13 Уваходзьце праз цесныя вароты; бо шырокія вароты і прасторная тая дарога, што вядзе да пагібелі, і шмат хто ідзе ёю. Лук. 13, 24.

14 Бо цесныя вароты і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала ёсць тых, хто знаходзіць яе.

СЦЕРАЖЫЦЕСЯ ФАЛЫПЫВЫХ ПРАРОКАЎ

15 Сцеражыцеся ж фалыпывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўсярэдзіне,- драпежныя ваўкі. Іер. 23, 16. Мац. 24, 4. 1 Іаан. 4, 1.

16 Па іх пладах пазнаеце іх: ці збіраюць з цёрну вінаградныя гронкі альбо з дзядоўніку фігі?

17 Гэтак кожнае добрае дрэва родзіць гожыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады.

18 Не можа добрае дрэва радзіць благіх пладоў ні дрэва нягоднае радзіць гожых пладоў. Лук. 6, 43.

19 Кожнае дрэва, якое не родзіць гожых пладоў, высякаюць і кідаюць у агонь.

20 Значыцца: па іх пладах пазнаеце іх.

ВЫКОНВАЙЦЕ ВОЛЮ ВАШАГА БАЦЬКІ НЯБЕСНАГА

21 Не кожны, што Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!», увойдзе ў Нябеснае Царства; але той, хто выконвае волю Бацькі Майго, што ў нябёсах, Лук. 6, 46. Іаан. 6, 40. Іак. 1, 22. Рым. 2, 13.

22 Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці ж не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем выганялі дэманаў? і ці не Тваім імем шмат якія цуды рабілі?»

23 I тады аб'яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне». Пс. 6, 9. Лук. 13, 25, 27.

НЕ БУДУЙЦЕ НА ПЯСКУ

24 Дык кожнага, што слухае гэтыя Мае словы і выконвае іх, параўнаю з разважным чалавекам, што збудаваў свой дом на камені: Лук. 6, 47-48.

25 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і накінуліся на той дом; ды ён не ўпаў; бо быў ён пастаўлены на камені.

26 А кожнага, хто слухае гэтыя Мае словы, ды не выконвае іх, параўнаю з неразважным чалавекам, які збудаваў свой дом на пяску:

27 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і наляглі на той дом, і ён упаў; і руйнаванне яго было вялікае.

ЗАКАНЧЭННЕ КАЗАНІ НА ГАРЫ

28 I калі Ісус закончыў гэтыя словы, народ быў уражаны Яго навукаю; Мац. 22, 33. Мар. 1, 22. Лук. 4, 32.

29 Бо Ён вучыў яго як паўнамоцны, а не як тыя кніжнікі.

 

--------------------------------

7, 6. Тут, паводле багасловаў, маецца на ўвазе не проста прыведзеная ў святыню ахвярная жывёла, якая называлася святою. Ісус нагадвае, што трэба з асцярогаю раскрываць перад людзьмі Слова Божае.

7, 12. Гэтая запаведзь лічыцца вяршыняю Нагорнай казані. Хоць яна мае шмат паралеляў у старажытных, але ўсе яны выказаны ў адмоўнай форме, як напрыклад: не рабі другому таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе. I чалавек можа захоўваць такое правіла, астаючыся проста ў поўным бяздзеянні. (Згадайма Гётэ: лёгка быць маральным, нічога не робячы). Ісус жа дае сцвярджальны наказ. Не нічога не рабіць, а актыўна рабіць добрае чалавеку, любіць яго: усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім. Гэта новы, актыўны погляд на жыццё і новыя жыццёвыя абавязкі.

7, 15-20. Авечае футра было адметным адзеннем прарокаў, як мантыя філосафаў у грэкаў.

Былі людзі, якія пад выглядам прарокаў вандравалі з месца на месца, ашукваючы мясцовыя абшчыны і ведучы паразітычны лад жыцця. Таму існавалі пэўныя засцярогі: калі такі вандроўнік аставаўся ў абшчыне болын як на тры дні, лічыўся фальшывым прарокам. Ён не мог нічога прасіць, апроч хлеба, бо калі прасіў грошай, то быў фальшывы прарок і г. д.

7, 22. Дэманы,- духі, якія могуць усяляцца як у людзей, так і ў жывёлу і кіраваць імі, прычым яны настойліва імкнуцца да ўвасаблення, без чаго, як лічаць шмат якія багасловы, бяссільныя чыніць зло.

 

 

 

Раздзел 8

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ПРАКАЖОНАГА

1 Калі ж ён сышоў з гары, шмат народу пайшло за Ім;

2 I вось пракажоны падышоў і пакланіўся Яму, кажучы: Госпадзе! Калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне. Мар. 1, 40. Лук. 5, 12.

3 І Ісус, працягнуўшы руку, крануўся яго, кажучы: хачу, ачысцься. I ён тут жа ачысціўся ад праказы.

4 I кажа яму Ісус: глядзі, не расказвай нікому; але пайдзі, пакажыся святару і прынясі дар, што прадпісаў Майсей, у сведчанне ім. Лев. 14, 3-4. Мар. 1, 44. Лук. 5, 14.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ СОТНІКАВАГА СЛУГУ

5 А калі Ён увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы ў Яго Лук. 7, 2.

6 I кажучы: Госпадзе! мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца.

7 I кажа яму Ісус: Я прыйду і вылечу яго.

8 I ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! я не варты, каб ты ўвайшоў пад мой дах; але толькі скажы слова і паправіцца мой слуга.

9 Бо і я,- чалавек падуладны, але маю пад сабою воінаў; і скажу аднаму: «пайдзі», і ідзе; а другому: «прыйдзі», і прыходзіць, а майму слугу: «зрабі гэта», і ён робіць.

10 Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за Ім: папраўдзе кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.

11 Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Якавам у Нябесным Царстве;

12 А дзеці Царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў. Мацв. 22, 13.

13 I сказаў Ісус сотніку: ідзі і, як паверыў ты, няхай табе збудзецца. I паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ПЯТРОВУ ЦЕШЧУ

14 А калі прыйшоў Ісус у хату Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць у гарачцы; Мар. 1, 29-30. Лук. 4, 38.

15 I Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе; і ўстала яна і прыслугоўвала ім.

16 А калі надышоў вечар, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выганяў духаў словам і вылечыў усіх хворых; Мар. 1, 32. Лук. 4, 40.

17 Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа: «Ён узяў нашы слабасці і панёс хваробы». Іс. 53, 4. 1 Пят. 2, 24.

ЯКІХ ВУЧНЯЎ ХОЧА САБЕ ІСУС

18 А ўбачыўшы вакол Сябе вялікія сціжмы людзей, Ісус сказаў адплыць на другі бок.

19 Тады адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б ні пайшоў Ты. Лук. 9, 57.

20 I кажа яму Ісус: лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя,- гнёзды; а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.

21 Другі ж з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне перш пайсці і пахаваць майго бацьку.

22 Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Лук. 9, 60.

СУЦІШЭННЕ БУРЫ

23 I калі Ён ступіў у човен, увайшлі за Ім Яго вучні. Мар. 4, 35-36. Лук. 8, 22.

24 I вось вялікае ўзрушэнне ўзнялося на моры, што аж човен залівала хвалямі; а Ён спаў.

25 I кінуліся Яго вучні і пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26 I Ён кажа ім: чаго баіцеся, малаверныя? Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору; і зрабілася вялікая ціша.

27 А людзі дзівіліся, кажучы: хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго?

ДВА АПАНТАНЫЯ

28 I калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гергесінскую, перастрэлі Яго два апантаныя, што выйшлі з магіл,- вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю; Мар. 5, 1-2. Лук. 8, 27.

29 I вось закрычалі яны, кажучы: што Табе, Ісусе, Сыне Божы, да нас? прыйшоў заўчасна сюды, каб мучыць нас? Мар. 1, 24.

30 А воддаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.

31 I прасіліся ў Яго дэманы, кажучы: калі выганяеш нас, дазволь нам увайсці ў гурт свіней.

32 I Ён сказаў ім: ідзіце. I яны, выйшаўшы, увайшлі ў свіны гурт; і вось кінуўся ўвесь гурт свіней са стромы ў мора і загінуў у водах.

33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі.

34 I вось увесь горад выйшаў насустрач Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.

 

--------------------------------

8, 2-3. Праказа была найцяжэйшаю хваробаю ў старажытнасці. Хворага на яе зусім выганялі з чалавечага грамадства. Яму быў забаронены ўваход у Іерусалім і ўвогуле ва ўсе гарады, што былі абнесены сценамі; з ім нельга было вітацца і г. д. Таму невыпадкова пракажоны звяртаецца да Ісуса: Калі ты хочаш, можаш мяне ачысціць». I вось да такога недатыкальнага Ісус дакранаецца рукою.

8, 4. У тыя часы толькі святар мог заеведчыць, што пракажоны паправіўся, і зноў дапусціць яго ў грамадства.

8, 5. Рымскі легіён, што налічваў шэсць тысяч воінаў, дзяліўся на шэсцьдзесят соцень, кожнаю з якіх камандаваў сотнік (цэнтурыён).

8, 18. На другі бок,- на ўсходні бераг Тыверыядскага возера.

8, 20. Сябе Ісус называе Сынам Чалавечым, падкрэсліваючы служэнне чалавецтву, а не толькі яўрэйскаму народу. Сын Давідаў,- Яго яўрэйскае імя, а Сын Божы,- Яго Боскае найменне.

8, 21. Чалавек, ужыўшы пашыранае на Усходзе выслоўе: «Я павінен пахаваць свайго бацьку», гаворыць Ісусу, што ён не можа пакінуць свой дом аж да самай смерці свайго бацькі, якая яшчэ невядома калі надыдзе, і такім чынам адкладвае свой адыход на няпэўны тэрмін. Ісусавы словы значаць: нават такі найсвяцейшы абавязак не павінен быць на перашкодзе ўзыходу на хрысціянскую дарогу.

8, 28. Гэтыя людзі туліліся ў магільных скляпах, дакладней, у пячорах, дзе іудзеі хавалі сваіх нябожчыкаў.

8, 29. Заўчасна, г. зн. да канчатковага разгрому дэманаўскіх полчышчаў на Страшным Судзе.

 

 

 

Раздзел 9

1 I, ступіўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у Свой горад. Мар. 2, 1.

ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ СПАРАЛІЗАВАНАГА

2 I вось прынеслі да Яго спаралізаванага, пакладзенага на насілкі; і Ісус, убачыўшы веру іх, сказаў спаралізаванаму: будзь пэўны, сыне! адпускаюцца табе твае грахі. Мар. 2, 3. Лук. 5, 18.

3 I вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Ён зневажае Бога.

4 I Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэрцах сваіх?

5 Што ж лягчэй,- сказаць: «адпускаюцца табе грахі» ці сказаць: «уставай і хадзі»? Мар. 2, 9. Лук. 5, 23.

6 Каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае яа зямлі ўладу адпускаць таахі,- тады Ён кажа спаралізаванаму: уставай, вазьмі свае насілкі ды ідзі ў свой дом.

7 I той устаў і пайшоў у свой дом.

8 Натоўп жа, убачыўшы гэта, здзівіўся і славіў Бога, што даў людзям такую моц.

ІСУС КЛІЧА МАЦВЕЯ.
ХРЫСТОС НЕ ЦУРАЕЦЦА ГРЭШНІКАЎ

9 А калі Ісус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, што сядзеў каля мытніцы,- яго звалі Мацвеем,- і кажа яму: ідзі за мною. I той устаў і пайшоў за ім. Мар. 2, 14. Лук. 5, 27.

10 I было: калі Ён узлягаў у доме, дык вось сышлося шмат мытнікаў і грэшнікаў і ўзлягло з Ісусам і Яго вучнямі.

11 I, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі яго вучням: чаму разам з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?

12 Ісус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: маюць патрэбу ў доктары не здаровыя, а нямоглыя.

13 Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «міласэрнасці хачу, а не ахвяры»? бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне. Ас. 6, 6. Мацв. 12, 7. Мар. 2, 17. Лук. 5, 32.

ПРА ПОСТ

14 Тады падышлі да Яго Іаанавы вучні, кажучы: чаму мы і фарысеі шмат посцім, а Твае вучні не посцяць? Мар. 2, 18. Лук. 5, 33.

15 I сказаў ім Ісус: хіба могуць сумаваць сыны шлюбнага пакоя, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады будуць пасціць яны.

16 Ніхто ж не ўстаўляе латкі з новай тканіны ў старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая. Мар. 2, 21. Лук. 5, 36.

17 I не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але наліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое.

ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ КРЫВАЦЕЧНАЙ.
УВАСКРАШЭННЕ НАЧАЛЬНІКАВАЙ ДАЧКІ

18 Калі гэта Ён казаў ім, вось падышоў нейкі начальнік і пакланіўся Яму, кажучы: мая дачка толькі што сканала, але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна ажыве. Мар. 5, 22. Лук. 8, 41.

19 I, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, таксама і вучні Яго.

20 I вось жанчына, што дванаццаць гадоў хварэла на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго адзення. Мар. 5, 25.

21 Бо яна казала сама сабе: як толькі крануся Яго адзення, папраўлюся.

22 Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: будзь пэўная, дачка: твая вера ўратавала цябе. I жанчына паправілася з тае гадзіны.

23 А калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў дудароў і ўзварушаную грамаду,

24 Сказаў ім: выйдзіце, бо дзяўчынка спіць. I тыя насміхаліся з Яго.

25 Калі ж грамаду выгналі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.

26 I разышоўся погалас пра гэта па ўсёй той зямлі.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ВОЧЫ СЛЯПЫМ

27 I калі Ісус адыходзіў адтуль, за ім ішлі два сляпыя, клічучы і кажучы: злітуйся над намі, Сыне Давідаў! Мацв. 20, 30.

28 Калі ж Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: верым, Госпадзе!

29 Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: паводле вашае веры няхай збудзецца вам.

30 I адкрыліся вочы іх. I Ісус сурова наказаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто не ўведаў.

31 А яны, выйшаўшы, абвясцілі пра Яго па ўсёй той зямлі.

ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ НЯМОГА

32 Калі ж яны выходзілі, вось прывялі да Яго нямога апантанага чалавека. Лук. 11, 14.

33 I калі быў выгнаны дэман, нямы загаварыў; і дзівіўся натоўп, кажучы: ніколі не здаралася гэткага ў Ізраілі.

34 А фарысеі казалі: Ён сілаю дэманаўскага князя выганяе дэманаў. Мацв. 12, 24. Мар. 3, 22. Лук. 11, 15,

ІСУС АБХОДЗІЦЬ ГАЛІЛЕЮ

35 I абходзіў Ісус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсе хваробы і немачы ў народзе. Мар. 6, 6. Лук. 13, 22.

36 А бачачы сціжмы людзей, Ён злітаваўся над імі, што былі яны зняможаныя і рассыпаныя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха. Іс. 53, 6. Мар. 6. 34.

37 Тады Ён кажа Сваім вучням: жніво вялікае, ды работнікаў мала. Лук. 10, 2. Іаан. 4, 35.

38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на жніво Сваё. 2 Фес. 3, 1.

 

--------------------------------

9, 1. Свой горад,- Капернаум, які зрабіўся асяродкам Ісусавай дзейнасці.

9, 3. Кніжнікі абвінавачвалі Ісуса ў знявазе Бога, бо лічылі, што толькі Бог можа вылечваць, адпускаючы грахі.

9, 10. Паводле даўнейшага звычаю, пад час яды не сядзелі, а ляжалі.

9, 15. Вяселле нават у самых бедных гулялася багата, каб на ўсё жыццё запомнілася гэтая падзея. Пасля шлюбу на працягу тыдня дом маладых не зачыняўся,- сябры іх, або, як іх называлі, сыны (дзеці) шлюбнага пакоя,- разам гулялі з маладымі.

9, 17. Даўней віно захоўвалі ў шкурах,- бурдзюках. Маладое віно налівалі.

калі яно яшчэ брадзіла,- новая шкура пад уздзеяннем газаў яшчэ магла расцягвацца, старая ж, ломкая,- лопалася.

 

 

 

Раздзел 10

ІСУС ПАСЫЛАЕ СВАІХ ДВАНАЦЦАЦЬ АПОСТАЛАЎ НА КАЗАНЬ

1 I, паклікаўшы Сваіх дванаццаць вучняў, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Мар. 3, 14. Лук. 9, 1.

2 А імёны дванаццаці апосталаў вось якія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Якаў Завядзееў і Іаан, яго брат;

3 Філіп і Варфаламей; Фама і Мацвей, мытнік; Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем;

4 Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

ІСУСАВЫ НАКАЗЫ АПОСТАЛАМ У ДАРОГУ

5 Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: на дарогу язычнікаў не хадзіце і ў Самаранскі горад не ўваходзьце;

6 Але ідзіце лепш да загінулых авечак Ізраілевага дому. Мацв. 15, 24.

7 Ідзіце і абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае. Лук. 9, 2.

8 Хворых вылечвайце, пракажоных ачышчайце, памерлых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.

9 Не бярыце золата, ані серабра, ані медзі ў свае паясы, Мар. 6, 8. Лук. 9, 3.

10 Ані торбы ў дарогу, ані двух адзенняў, ані абутку, ані кія. Бо варты работнік сваёй спожыці. Лук. 10, 7. 1 Цім. 5, 18.

11 А ў які б горад ці вёску ні ўвайшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім паважаны; і там аставайцеся, аж пакуль не выйдзеце.

12 А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «спакой гэтаму дому»; Лук. 10, 5.

13 I калі дом заслугоўвае, няхай сыдзе ваш спакой на яго; калі ж не заслугоўвае, няхай ваш спакой да вас вернецца.

14 А калі хто не прыме вас, не паслухае вашых слоў, выходзячы з дому ці з горада таго, абтрасіце пыл з вашых ног. Мар. 6, 11. Лук. 9, 5. Дзеян. 13, 51.

15 Папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.

АПОСТАЛАЎ ЧАКАЮЦЬ ГАНЕННІ

16 Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; будзьце ж мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубкі. Лук. 10, 3. Рым. 16, 19. 2 Кар. 1, 12.

17 Сцеражыцеся ж людзей: бо будуць вас перадаваць у суды і ў сваіх сінагогах будуць бічаваць вас;

18 I да намеснікаў і да цароў павядуць вас за Мяне, на сведчанне ім і язычнікам.

19 Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць; Мар. 13, 11. Лук. 12, 11.

20 Бо не вы будзеце казаць, а Дух Бацькі вашага будзе казаць у вас.

21 А выдасць брат брата на смерць і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.

22 I будуць вас усе ненавідзець зза Майго імя; а хто выцерпіць да канца, будзе збавёны.

23 А калі вас будуць гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі; бо папраўдзе кажу вам: не абыдзеце яшчэ Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.

ПРА МУЖНАСЦЬ

24 Не вышэйшы вучань за настаўніка свайго, ані слуга за гаспадара свайго. Лук. 6, 40. Іаан. 13, 16; 15, 20.

25 Даволі для вучня, каб ён быў як яго настаўнік, і для слугі, каб ён быў як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі вельзевулам, наколькі болыш назавуць дамашніх яго? Мацв. 9, 34.

26 Дык не бойцеся іх: бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б; і таемнага, што не стала б вядомым. Мар. 4, 22. Лук. 8, 17; 12, 2.

27 Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.

28 I не бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы не могуць забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела, і душу загубіць у геене. Лук. 12, 4.

29 Хіба не двух вераб'ёў прадаюць за асарый '? Ды ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Бацькі вашага. Лук. 12, 8.

30 У вас жа і валасы ўсе на галаве палічаны.

31 Дык не бойцеся: бо вы лепшыя за многіх вераб'ёў.

32 Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах; Мар. 8, 38. Лук. 9, 26; 12, 8.

33 Хто ж адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся ад таго і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах. 2 Цім. 2, 12.

БОЛЫШ ЗА ЎСЁ ЛЮБІЦЕ ІСУСА

34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; Я не мір прыйшоў прынесці, але меч. Лук. 12, 51.

35 Бо я прыйшоў развесці чалавека ад яго бацькі, і дачку ад яе маці, і нявестку ад яе свекрыві;

36 I ворагі чалавеку,- дамашнія яго. Міх. 7, 6.

37 Хто болыш за Мяне любіць бацьку ці маці, не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку болыш за Мяне, не годны Мяне; Лук. 14, 26.

38 I хто не бярэ свайго крыжа і не ідзе за Мною, не годны Мяне. Мацв. 16, 24. Мар. 8, 34.

39 Хто зберажэ сваё жыццё, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё за Мяне, зберажэ яго. Мар. 8, 35. Лук. 9, 24. Іаан. 12, 25.

40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. Лук. 10, 16. Іаан. 13, 20.

41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае справядлівага ў імя справядлівага. атрымае ўзнагароду справядлівага;

42 А хто б ні напаіў аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, папраўдзе кажу вам, не страціць узнагароды сваёй. Мар. 9, 41.

 

--------------------------------

10, 1. Ісус выбраў дванаццаць апосталаў (пасланцоў),- тут як бы пераклічка з дванаццаццю Ізраілевымі каленамі.

10, 9. Паясы былі тады даволі шырокія і служылі адначасова кашалькамі: у двайной частцы іх захоўвалі грошы.

10, 10. Звычай тагачасных набожных матэрыяльна падтрымліваць сваіх настаўнікаў.

10, 11-14. Тут даюцца практычныя парады пасланцам: не трэба спыняцца ў тых дамах, пра якія ходзіць благая вестка, каб і на цябе яна не перанеслася; трэба аставацца там, дзе спыніўся, увесь час, каб не западозрылі, што перабіраешся з месца на месца, шукаючы, дзе большая раскоша, і г. д.

10, 14. Іудзеі лічылі нячыстым пыл кожнага краю, апроч Святой Зямлі. Таму, вяртаючыся ў родную Палесціну, заўсёды абтрэсвалі пыл са сваіх ног і адзення, каб і макулінкі язычніцкага бруду не асталося на іх. Значыцца, тыя, хто не хоча прыняць Дабравесце,- нібы язычнікі.

10, 15. Садом і Гамора,- гарады, біблейскія сімвалы распусты і грэху. У часы Аўраама былі зруйнаваны нябесным агнём у пакаранне за злачынствы іх жыхароў. Але ў Ісусавых вачах іх злачынствы менш цяжкія, чым адмова прыняць Евангельскае Дабравесце.

10, 23. Хрысціянін, хоць і мусіць быць гатовы прыняць пакутніцкую смерць, не павінен самахоць шукаць яе, дарма наклікаць на сябе.

Тут маецца на ўвазе прыйсце Сына Чалавечага для пакарання няверных, што павінна было наступіць праз разбурэнне рымлянамі Іерусаліма і святыні ў 70 годзе н. э.

10, 34-39. Перад чалавекам паўстала пытанне выбару: прыняць ці не прыняць Хрыста, а гэта падчас вымагае самага цяжкага адрачэння ад ранейшых трывалых сувязей.

10, 38. У старажытнасці асуджаны сам нёс крыж да месца свайго распяцця.

 

 

 

Раздзел 11

1 I было: калі Ісус скончыў навучаць дванаццаць Сваіх вучняў, Ён пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у іх гарадах.

ІААН ХРЫСЦІЦЕЛЬ ПАСЫЛАЕ ВУЧНЯЎ ДА ІСУСА

2 А Іаан, пачуўшы ў цямніцы пра Хрыстовы ўчынкі, паслаў двух сваіх вучняў Лук. 7, 18-19.

3 Сказаць Яму: ці Ты Той, Які павінен прыйсці, ці чакаць нам другога? Друг. 18, 15.

4 I ў адказ Ісус казаў ім: ідзіце і перакажыце Іаану, што вы чуеце і бачыце:

5 Сляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць; памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. Іс. 29, 18; 35, 5.

6 I шчаслівы, хто не спакусіцца праз Мяне.

ІСУСАВА СВЕДЧАННЕ ПРА ІААНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ

7 Калі ж яны адышлі, Ісус пачаў казаць натоўпу пра Іаана: што вы хадзілі ў пустэльню глядзець? ці не трыснёг, што ад ветру гайдаецца?

8 Дык што вы хадзілі глядзець? ці чалавека, апранутага ў мяккае ўбранне? Вось тыя, што апранаюцца ў мяккае ўбранне, знаходзяцца ў царскіх харомах.

9 Дьік што вы хадзілі глядзець? прарока? Так, скажу вам, і больш, чым прарока.

10 Бо гэта ж той, пра каго напісана: «вось Я пасылаю перад аблічча Тваё Свайго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою». Мал. 3, 1. Мар. 1, 2. Лук. 7, 27.

11 Папраўдзе кажу Я: сярод народжаных ад жанчын не было болыпага за Іаана Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябееным Царстве болыпы за яго.

12 Ды ад дзён Іаана Хрысціцеля аж дасюль Нябеснае Царства бярэцца сілаю, і тыя, што робяць намаганні, авалодваюць ім. Лук. 16, 16.

13 Бо ўсе прарокі і Закон аж да Іаана прарочылі.

14 I калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, якому належыць прыйсці. Мал. 4, 5.

15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

ІСУС ДАКАРАЕ НЯВЕРНЫХ

16 3 кім жа параўнаю гэты род? Ён падобны да хлапчукоў, што сядзяць на рынках і, звяртаючыся да сваіх таварышаў, Лук. 7, 31.

17 Кажуць: «мы ігралі вам на дудачцы, а вы не скакалі; мы вам жаласліва спявалі, а вы не плакалі».

18 Прыйшоў жа Іаан, не еў, не піў; дык яны кажуць: «у ім дэман».

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п'е; дык яны кажуць: «вось чалавек, ахвотнік паесці і выпіць віна, сябар мытнікаў і грэшнікаў». Ды апраўдалася мудрасць праз учынкі свае Лук. 7, 34-35.

ІСУС ПРАРОЧЫЦЬ ДОЛЮ НЯВЕРНЫХ ГАРАДОЎ

20 Тады Ісус пачаў дакараць гарады, дзе адбылося найболын Яго цудаў, што яны не пакаяліся:

21 Бяда табе, Харазіне, бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно ў валасяніцы і попеле пакаяліся.

22 Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў судны дзень, чым вам. Лук. 10, 5.

23 А ты, Капернауме, што аж да неба ўзнёсся, ажно ў пекла абрынешся; бо калі б у Садоме адбыліся цуды, што адбыліся ў табе, то застаўся б ён аж па сённяшні дзень.

24 Але кажу вам, што лягчэй будзе Садомскай' зямлі ў судны дзень, чым табе.

ПРЫЙДЗІЦЕ ДА МЯНЕ, СПРАЦАВАНЫЯ I АБЦЯЖАРАНЫЯ

25 У той час Ісус, усклікаючы, казаў: Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў яго немаўляткам. Пс. 8, 3. Лук. 10, 21. 1 Кар. 1, 27. 2 Кар. 11, 3.

26 Так, Ойча, бо гэта было Табе даспадобы.

27 Усё Мне перададзена Бацькам Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Бацькі; ніхто не ведае Бацькі, апроч Сына, ды каму Сын хацеў бы адкрыць. Іаан. 3, 35; 6, 46. Мацв. 16, 17.

28 Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.

29 Вазьміце вы Маё ярмо на сябе і вучыцеся ад Мяне, бо я ціхі і сэрцам лагодны; і знойдзеце супакой вашым душам. Іер. 6, 16.

30 Бо ярмо Маё збавеннае і цяжар Мой лёгкі. 1 Іаан. 5, 3

 

--------------------------------

11, 10. Паводле іудзейскага веравучэння, перад прыйсцем Месіі павінен вярнуцца прарок Ілля, які і абвесціць гэта. Таму і па сённяшні дзень іудзеі, святкуючы Пасху, пакідаюць для Іллі вольнае месца за сталом і наліваюць келіх віна для яго. Ісус якраз і называе тут Іаана гэтым Божым Пасланцом.

11, 11. Іаан Хрысціцель, нагадваючы людзям пра пагрозу пагібелі і знішчэння і абвяшчаючы прыйсце Хрыста, тым самым выступаў як найвялікшы з людзей, што жылі перад ім. Але патрэбны былі Ісус, галгофская смерць на крыжы, каб адкрылася ўся веліч Божай любові да людзей,- Добрая Навіна. Аднак Іаан загінуў раней, не спазнаўшы хрысціянства, таму і «найменшы ў Нябесным Царстве большы за яго».

11, 16-19. Выдаючы Іаанаў аскетызм за вар'яцтва, а Ісусаву прыязнасць, таварыскасць за распушчанасць, людзі нагадваюць свавольных дзяцей, якія робяць усё насуперак. Але ўся праўда адкрываецца ў канчатковым выніку.

11, 21. Харазін,- горад, што, відаць, знаходзіўся ў гадзіне дарогі на поўнач ад Капернаума. Віфсаіда,- рыбацкае паселішча на заходнім беразе Іярдана, пры яго ўпадзенні з паўночнага боку Тыверыядскага возера.

11, 29-30. Іудзеі называлі закон, запаведзі ярмом, што стрымлівае людзей. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што ў Палесціне ў тыя часы ярмо рабілі з дрэва канкрэтна для пэўнага вала. Трэба было неаднаразова прымерваць ярмо ў часе вырабу, каб яно не націрала шыю. Паводле легенды, Ісус рабіў найлепшыя ёрмы ў Галілеі. Адсюль і гэты вобраз: ноша, што ўскладзена ў любові і дзеля любові,- лёгкая.

 

 

 

Раздзел 12

ІСУС ВАРОНІЦЬ СВАІХ ВУЧНЯЎ, ШТО РВАЛІ КАЛОССЕ Ў СУВОТУ

1 У той час ішоў Ісус у суботу збажыною; а вучні Яго прагаладаліся, дык пачалі зрываць калоссе і есці. 1 Друг. 23, 255. Мар. 2, 23. Лук. 6, 1.

2 Фарысеі ж, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, Твае вучні робяць тое, чаго нельга рабіць у суботу.

3 А Ен сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім?

4 Як ён увайшоў у Божы дом і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным святарам? 1 Цар. 21, 6; Мар. 2, 26; Лук. 6, 4; Зых. 29, 32.

5 Або ці не чыталі вы ў законе, што суботамі святары ў святыні апаганьваюць суботу ды невінаватыя яны? Лев. 8, 31; 24, 9.

6 А Я кажу вам, што тут ёсць Болыны, чым святыня.

7 Калі б вы разумелі, што значыць: "міласэрнасці хачу, а не ахвяры", то не асуджалі б невінаватых. Ос. 6, 6; Мацв. 9, 13.

8 Бо Сын Чалавечы - гаспадар і суботы.

ІСУС ВЬІЛЕЧВАЕ Ў СУВОТУ СУХАРУКАГА

9 I, выйшаўшы адтуль, прыйшоў Ен у іх сінагогу. Мар. 3, 1; Лук. 6, 6.

10 I вось быў там чалавек, што меў сухую руку. I спыталіся ў Яго, кажучы: ці можна суботамі лячыць? - каб абвінаваціць Яго.

11 А Ен сказаў ім: ці ёсць між вас чалавек, што, меўшы адну авечку, калі яна ўпадзе ў суботу ў яму, не возьме яе і не выцягне?

12 Наколькі ж чалавек лепшы за авечку? Значыць, можна ў суботы рабіць дабро.

13 Тады кажа чалавеку: выцягні сваю руку; і той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.

14 Фарысеі ж, выйшаўшы, учынілі раду супроць Яго, як бы яго загубіць.

15 Але Ісус, уведаўшы, адышоў адтуль.

СПРАЎДЖВАЕЦЦА ПРАРОЦТВА ІСАІ

I пайшоў услед за ім вялікі натоўп, і Ен вылечыў іх усіх;

16 I Ен наказаў ім сурова, каб не аб'яўлялі пра Яго;

17 Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа:

18 "Вось Мой Сын, Якога Я абраў, Мой улюбёны, якому спрыяе душа Мая. Ускладу Мой дух на Яго, і Ен абвесціць суд народам. Іс. 42, 1-4.

19 Ен не будзе сварыцца, ані крычаць; ніхто не пачуе на вуліцах Яго голасу.

20 Ен надломленай чараціны не даломіць і кноту, што тлее, не загасіць, аж пакуль не давядзе суд да перамогі.

21 I на Яго імя будуць спадзявацца народы".

ІСУС АДКІДАЕ АБВІНАВАЧАННІ ФАРЫСЕЯЎ,
НІБЫТА ЕН КАРЫСТАЕЦЦА СІЛАЮ ВЕЛЬЗЕВУЛА

22 Тады прывялі да Яго апантанага - сляпога і нямога; і Ен вылечыў яго, так што сляпы і нямы пачаў і гаварыць. і бачыць. Лук. 11, 14.

23 I дзівіўся ўвесь народ і казаў: ці ж гэта не Сын Давідаў?

24 Фарысеі ж, пачуўшы, сказалі: Ен выганяе дэманаў не інакш, як Вельзевулам, князем дэманаў. Мацв. 9, 34. Мар. 3, 22. Лук. 11, 15.

25 Але Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў ім: кожнае царства, падзяліўшыся само супроць сябе, спустошыцца; і кожны горад і дом, падзяліўшыся сам супроць сябе, не ўтрымаецца. Мар. 3, 24; Лук. 11, 17.

26 I калі сатана сатану выганяе, то ён раздзяліўся сам супроць сябе: як жа ўтрымаецца яго царства?

27 I калі Я Вельзевулам выганяю дэманаў, то вашы сыны кім выганяюць? Таму яны будуць вашымі суддзямі.

28 А калі Я Божым Духам выганяю дэманаў, .значыць, дасягла вас Божае Царства.

29 Або як можа хто ўвайсці ў дом дужага і захапіць яго скарб, калі раней не звяжа дужага? I тады абрабуе яго дом.

30 Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.

ГРЭХ ПЕРАД ДУХАМ СВЯТЫМ

31 Таму кажу вам: кожны грэх і знявага даруюцца людзям; а знявага Духа не даруецца. Мар. 3, 28; Лук. 12, 10; 1 Іаан. 5, 16.

32 I калі хто скажа слова супроць Сына Чалавечага, даруецца яму; а хто скажа супроць Святога Духа, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Або прызнайце дрэва добрым і яго плод добрым; або прызнайце дрэва благім і плод яго благім, бо з плоду пазнаецца дрэва.

34 Выпладкі гадзючыя, як вы можаце казаць добрае, калі вы ліхія? Бо ад перапоўненасці сэрца вусны гавораць. Лук. 6, 45.

35 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхога скарбу выносіць ліхое.

36 Кажу ж вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у судны дзень;

37 Бо паводле сваіх слоў будзеш апраўданы і паводле сваіх слоў будзеш асуджаны. Лук. 19, 22.

ЗНАК ІОНЫ ПРАРОКА

38 Тады ў адказ некаторыя з кніжнікаў і фарыееяў сказалі: Настаўнік, хочам ад Цябе знак бачыць. Мацв. 16, 1; 1 Кар. 1, 22.

39 А Ен у адказ сказаў ім: род ліхі і пералюбны шукае знаку; ды знаку яму не дадуць, апроч знаку Іоныпрарока; Лук. 11, 29.

40 Бо як быў Іона ўсярэдзіне кіта тры дні і тры ночы, так будзе Сын Чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Іон. 2, 1.

41 Людзі ніневійскія ўстануць на суд з гэтым родам і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай казані; і вось тут Большы, чым Іона. Іон. 3, 5; Лук. 11, 32.

42 Царыца з поўдня стане на суд з гэтым родам і асудзіць яго; бо яна з краю зямлі прыйшла паслухаць Саламонаву мудрасць; і вось тут Большы, чым Саламон. 3 Цар. 10, 1; 2 Пар. 9, 1; Лук. 11, 31.

НЯЧЫСТЫ ДУХ I ПАРОЖНІ ДОМ

43 А калі нячысты дух выходзіць з чалавека, то блукае бязводнымі мясцінамі, шукаючы спакою, і не знаходзіць. Лук. 11, 24.

44 Тады кажа: вярнуся ў мой дом, з якога выйшаў; але, прыйшоўшы, знаходзіць яго парожнім, вымеценым і прыбраным.

45 Тады ён ідзе і прыводзіць з сабою сем іншых духаў, больш ліхіх, чым сам, і, увайшоўшы, яны жывуць там; і зробіцца для таго чалавека апошняе горш за першае. Так будзе і гэтаму ліхому роду. 2 Пят. 2, 20; Яўр. 6, 4.

ХТО ІСУСАВА РАДНЯ

46 Калі Ен яшчэ казаў да народу, вось Маці і Яго браты стаялі на дварэ, хочучы з Ім гаварыць. Мар. 3, 31; Лук. 8, 19.

47 I сказаў нехта Яму: вось, Твая Маці і Твае браты стаяць на дварэ і хочуць гаварыць з Табою.

48 А Ен у адказ сказаў таму, хто гаварыў да Яго: хто Мая маці? I хто Мае браты?

49 I, паказаўшы Сваёю рукой на вучняў Сваіх, сказаў: вось Мая маці і Мае браты.

50 Бо хто будзе выконваць волю Майго Бацькі, што ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці. Іаан. 15, 14.

 

--------------------------------

12, 1 - 8. Тое, што вучні зрывалі і елі каласы ў суботу, у вачах прыдзірлівых, артадаксальных кніжнікаў і фарысеяў было найвялікшым грахом, ды яшчэ і не адным. Бо Ісусавы вучні, зрываючы калоссе, як бы і жалі; расціраючы яго, яны і малацілі; аддзяляючы мякіну, яны веялі; а тое, што ўвогуле ў суботу рыхтавалі сабе яду (яна павінна была быць падрыхтаваная напярэдадні), таксама лічылася за грэх. Так што яны ўчынілі аж ці не чатыры грахі.

"Божы дом" - галоўная частка Храма, дзе Богу аддаецца асаблівая пашана; "ахвярныя хлябы" - гэта дванаццаць прэсных хлябоў, якія ў два рады па шэсць штук кожную суботу клалі на стол перад Госпадам, дзякуючы гэтым, што Ен даруе чалавеку жыццядайную яду.

"...Апаганьваць суботу, ды яны невінаватыя".- Слугуючы ў Храме, святар павінен быў распаліць агонь, забіць ахвярную жывёлу, падняць яе на ахвярнік і рабіць шмат іншай работы, якой у суботу ў сувязі з наплывам людзей дадавалася яшчэ ўдвайне. Аднак гэтае слугаванне ў Храме вышэй за фармальныя нормы і правілы суботы. Ісус настойвае на тым, што найвялікшы богаслужбовы рытуал - гэта хрысціянскае слугаванне чалавечай патрэбе.

12, 9 -14. Гэта паваротны момант у Ісусавым жыцці. Ен свядома і на вачах усіх парушае правілы суботы, бо няма такога святога часу, якога б нельга было ўжыць дзеля выратавання няшчаснага.

12, 18-21. Цытата з прарока Ісаі тут не ва ўсім супадае з грэцкім і яўрэйскім тэкстам. Відаць, Мацвей, карыстаючыся ў асноўным тэкстам Септуагінты, некаторыя словы сам перакладаў з яўрэйскага арыгінала.

12, 41. Ніневія - сталіца Асірыйскага царства. Яе жыхароў Іонава казань прывяла да пакаяння.

12, 42. "Царыца з поўдня" - царыца Саўскага (Сабейскага) царства ў паўднёвазаходняй частцы Аравіі; яна прыязджала ў Іерусалім, каб паслухаць мудрага Саламона.

12, 43-45. Пустэльныя месцы, паводле старажытных, былі прыстанішчам злых духаў. Хрыстос тут вучыць, што зло ў гэтым свеце можна перамагчы, прагнаць, але яго нельга знішчыць. Рэлігія, якая зводзіцца толькі да адных забарон - ты не павінен, - асуджана на няўдачу, бо жыццё не можа аставацца "пустым", "незанятым", яго трэба напоўніць змястоўным сэнсам. Найпросты спосаб не даць месца пустазеллю ў агародзе - засадзіць яго карыснымі раслінамі.

12, 50. Ісус лічыць духоўныя сувязі важнейшымі за крэўныя.

12, 46. "Браты" - трэба разумець альбо Іосіфавых дзяцей ад першага шлюбу, альбо дваюрадных. Старажытнаяўрэйская і арамейская мовы не мелі асобных слоў для абазначэння бліжніх крэўных.

 

 

 

Раздзел 13

ІСУС НАВУЧАЕ НАРОД ПРЫПАВЕСЦЯМІ. СЕЙБІТ ВЫЙШАЎ СЕЯЦЬ

1 У той жа дзень выйшаўшы з дому, Ісус сеў каля мора; Мар. 4, 1; Лук. 8, 4.

2 I сабралася да Яго мноства народу, так што Ен увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

3 I навучаў іх многаму ў прыпавесцях, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць;

4 I калі ён сеяў, адно ўпала край дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.

5 Другое ж упала на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа паўзыходзіла, бо глеба была неглыбокая;

6 А калі ўзышло сонца - выгарала і, таму што не мела карэння, засохла.

7 Іншае ж упала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго.

8 Іншае ж упала на добрую зямлю і дало плён: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.

9 Хто мае вушы, няхай чуе!

НАВОШТА ІСУС КАЗАЎ ПРЫПАВЕСЦЯМІ

10 I, падышоўшы, вучні сказалі Яму: навошта прыпавесцямі кажаш Ты ім?

11 Ен жа сказаў ім у адказ: таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Нябеснага Царства, а тым не дадзена.

12 Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Мац. 25, 29; Мар. 4, 25; Лук. 8, 18; 19, 26.

13 Дзеля таго прыпавесцямі ім кажу, бо яны гледзячы не бачаць і слухаючы не чуюць і не разумеюць.

14 I спраўджваецца на іх прароцтва Ісаі, якоекажа: "слыхам слухаць будзеце, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце; Іс. 6, 9-10; Мар. 4, 12; Лук. 8, 10; Іаан. 12, 40; Дзеян. 28, 26; Рым. 11, 8.

15 Бо атлусцела сэрца гэтых людзей, і вушамі туга чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не зразумець, і не павярнуцца, каб Я вылечыў іх".

16 Вашы ж шчаслівыя вочы, што бачаць, і вушы вашы, што чуюць. Лук. 10, 23.

17 Папраўдзе кажу вам: шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі 1 Пят. 1, 10.

18 Дык услухайцеся вы ў прыпавесць пра сейбіта. Мар. 4, 15; Лук. 8, 11.

19 Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы: гэта пасеянае край дарогі.

20 А пасеянае на камяністым грунце - гэта той, што чуе слова і тут жа з уцехаю прымае яго.

21 Ды не мае карэння ў сабе - і нясталы; калі ж настае ўціск і ганенне за слова, тут жа спакушаецца.

22 А пасеянае ў церні - гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і падман багаццяў душаць слова - і яно астаецца без плоду.

23 А пасеянае ў добрую зямлю - гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плод; і дае адзін - у сто разоў, а другі - у шэсцьдзесят, а іншы - у трыццаць.

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ПШАНІЦУ I КУКОЛЬ

24 Іншую прыпавесць падаў Ен ім, кажучы: падобнае Нябеснае Царства да чалавека, што пасеяў добрае насенне на полі сваім;

25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.

26 А калі ўзышла зеляніна і дала плён, тады і паказаўся куколь.

27 I, прыйшоўшы, гаспадаровы рабы сказалі яму: гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа куколь?

28 Ён жа сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, выберам яго?

29 А ён ім кажа: не, каб часам, выбіраючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.

30 Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а ў жніво я скажу жняцам: збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж збярыце ў маё гумно.

ПРА ГАРЧЫЧНАЕ ЗЕРНЕ

31 Іншую прыпавесць падаў Ен ім, кажучы: падобнае Нябеснае Царства да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі; Мар. 4, 30; Лук. 13, 18.

32 Хоць яно меншае за ўсялякае насенне; але, калі вырастае, яно болыпае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і ўюць гнёзды ў голлі яго.

АБ РОШЧЫНЕ

33 Іншую прыпавесць сказаў Ен ім: падобнае Нябеснае Царства да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, аж пакуль не ўкісла ўсё. Лук. 13, 20.

34 Гэта ўсё сказаў Ісус у прыпавесцях народу, і без прыпавесці не казаў ім Мар. 4, 33.

35 Каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: "раскрыю ў прыпавесцях вусны Мае; раскажу таямніцы ад стварэння свету". Пс. 48, 4; 77, 2.

36 Тады, пакінуўшы народ, Ісус увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: растлумач нам прыпавесць пра куколь у полі.

37 Ен жа сказаў ім у адказ: той, хто сее добрае насенне,- Сын Чалавечы;

38 А поле - свет; добрае насенне - гэта сыны Царства, а куколь - сыны ліхога;

39 А вораг, што пасеяў яго,- д'ябал, а жніво - сканчэнне веку; а жняцы - анёлы. Іаіл. 3, 13; Адкр. 14, 15.

40 Гэтак, як збіраюць куколь і спальваюць агнём, так будзе пры сканчэнні веку.

41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, збяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,

42 I ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.

43 Тады праведнікі будуць ззяць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, няхай чуе! Дан. 12, 3.

ПРЫПАВЕСЦІ ПРА СКАРБ, ПЕРЛ I НЕВАД

44 Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да закапанага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і ўтаіў, і ад сваёй радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.

45 Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да купца, які шукае добрых перлаў;

46 Знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47 Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;

48 Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрую ў судзіны, а благую выкінулі вон.

49 Гэтак будзе пры сканчэнні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў,

50 I кінуць іх у вогненную печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.

51 Ці вы зразумелі ўсё гэта? Яны кажуць Яму: так!

52 Ен жа сказаў ім: таму кожны кніжнік, што навучаны Нябеснаму Царству, падобны да гаспадара, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.

НЯМА ПРАРОКА БЕЗ ПАШАНЫ

53 I было: калі скончыў Ісус гэтыя прынавесці, Ен пайшоў адтуль;

54 I, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іх, так што яны дзівіліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы? Мар. 6, 1; Лук. 4, 16.

55 Ці не цеслеў Ен сын? Ці не маці Яго называецца Марыя, і браты Яго Іакаў, Іасій, Сіман і Юда? Іаан. 6, 42.

56 I ці сёстры Яго не ўсе з намі? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57 I засумняваліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім. Мар. 6, 4; Лук. 4, 24; Іаан. 4, 44.

58 I не зрабіў там многіх цудаў праз нявер'е іх.

 

--------------------------------

13, 1 - 3. У гэтым раздзеле мы бачым Ісуса, перад якім паступова намаганнямі кніжнікаў і фарысеяў зачыняюцца дзверы сінагог, і ён пачынае пад голым небам вучыць людзей, выкарыстоўваючы найбольш даступны метад прыпавесці, гэтай, як яе называюць, "зямной гісторыі з нябесным сэнсам".

13, 12. Сэнс: для людзей добрай волі да набытага ў Старым Запавеце дадасца новазапаветны скарб; у ліхіх адымецца нават тое, што яны маюць, г. зн. Закон.

13, 18-23. Як лёс насення залежыць ад той глебы, на якую ўпадзе яно, так плённасць Божага слова залежыць ад жадання 1 супрацоўніцтва слухачоў.

13, 32. Гарчыца ў Палесціне дасягае чатырохметровай вышыні.

13, 35. Мацвей другую частку прароцтва, відаць, цытаваў па памяці, бо яна пададзена ў вольным перакладзе.

13, 52. "Новае і старое" - мудрасць Старога Запавету і адкрыццё Новага Запавету.

13, 54. "Свая бацькаўшчына" - горад Назарэт.

 

 

 

Раздзел 14

ЗНЯВОЛЕННЕ I СМЕРЦЬ ІААНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ

1 У той час пачуў Ірадтэтрарх погалас пра Ісуса, Мар. 6, 14; Лук. 9,7.

2 I сказаў Ен сваім слугам: гэта Іаан

Хрысціцель; ён уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім.

3 Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў. і зняволіў яго ў цямніцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, свайго брата; Мар. 6, 17; Лук. 3, 19.

4 Таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.

5 I хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо лічылі яго за прарока.

6 А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду;

7 Таму ён з клятваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.

8 А яна, падвучаная сваёю маці: дай мне,- сказала,- тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.

9 I засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзлягалі з ім, загадаў даць ёй;

10 I, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў цямніцы.

11 I прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці.

12 Вучні ж яго, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, пайшоўшы, расказалі Ісусу.

ІСУС НАКАРМІЎ ПЯЦЬ ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК

13 I, пачуўшы, адплыў Ісус самотна чоўнам у пустэльнае месца. I, прачуўшы, народ пайшоў услед за ім пешкі з горада. Мар. 6, 32; Лук. 9, 10.

14 I, калі выйшаў Ісус, убачыў шмат народу і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых.

15 А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці народ, каб пайшлі ў вёскі і купілі сабе яды.

16 А Ісус сказаў ім: не трэба ім адыходзіць; дайце вы ім паесці.

17 А яны кажуць Яму: не маем тут, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Мар. 6, 38; Лук. 9, 13; Іаан. 6, 9.

18 Ен жа сказаў: прынясіце Мне іх сюды.

19 I, загадаўшы натоўпу ўзлегчы на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы і, паглядзеўшы на неба, блаславіў і, ламаючы, даваў вучням хлябы, а вучні - народу.

20 I елі ўсе і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў.

21 А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей.

ІСУС ІДЗЕ ПА ВАДЗЕ

22 I зараз жа загадаў Ен Сваім вучням увайсці ў човен і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ен не адпусціць народ.

23 I, адпусціўшы народ, Ен узышоў на гару ў адзіноце памаліцца, і, калі настаў вечар, адзін быў там. Мар. 6, 46; Іаан. 6, 15.

24 А човен ужо быў на сярэдзіне мора, і яго кідала хвалямі, бо вецер быў супроцьны.

25 У чацвёртую ж начную варту падышоў да іх Ісус, ступаючы па моры.

26 I, убачыўшы, як Ен ідзе па моры, вучні ўстрывожыліся, кажучы: гэта здань; і са страху закрычалі.

27 Але Ісус зараз жа загаварыў з імі, кажучы: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

28 У адказ жа яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе.

29 А Ен сказаў: ідзі. I, ступіўшы з чоўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Ісуса.

30 Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся; і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне!

31 I зараз жа Ісус працягнуў руку, схапіў яго і кажа яму: малаверны, навошта засумняваўся?

32 I, калі яны ўвайшлі ў човен, вецер суняўся.

33 А тыя, што былі ў чоўне, падышоўшы, накланіліся Яму, кажучы: Ты сапраўды Сын Божы.

ВЫЛЕЧВАННЕ ХВОРЫХ У ЗЯМЛІ ГЕНІСАРЭЦКАЙ

34 I, пераправіўшыся, прыбылі яны ў зямлю Генісарэцкую. Мар. 6, 53.

35 I жыхары тае мясцовасці, пазнаўшы Яго, наказалі па ўсёй той ваколіцы; і прынеслі да Яго ўсіх хворых;

36 I прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і хто дакрануўся, панравіўся.

 

--------------------------------

14, 1-4. Ірадтэтрарх (уладар чацвёртай часткі краіны) - Ірад Анціпа, сын Ірада Вялікага. Яшчэ пры жыцці брата Філіпа ён забраў у яго жонку. Іаан Хрысціцель, не вагаючьгся, адразу ж асудзіў гэта, сваімі папрокамі падпісаўшы сабе смяротны прысуд.

14, 6. У крэпасці Махерон, дзе адбывалася святкаванне, паводле Іосіфа Флавія, быў пакараны Іаан Хрысціцель.

14, 22-23. Ісуса народ прагнуў абвясціць царом, вось чаму Ісус і хацеў адысці непрыкметна.

14, 25. "У чацвёртую варту" - ноч у іудзеяў, як і ў рымлян, дзялілася тады на чатыры трохгадзінныя "варты": першая - з 6 да 9 вечара, другая - з 9 да 12 ночы, трэцяя - з апоўначы да 3 раніцы і чацвёртая - з 3 да 6 раніцы.

 

 

 

Раздзел 15

БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ I ЛЮДСКІЯ ЎСТАВЫ

1 Тады падыходзяць да Ісуса іеруеалімскія кніжнікі і фарысеі, кажучы: Мар. 7, 1.

2 Чаму Твае вучні парушаюць уставу старэйшых? бо не мыюць сваіх рук, калі ядуць хлеб.

3 Ен жа сказаў ім у адказ: чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашай уставы?

4 Бо загадаў Бог, кажучы: "шануй бацьку твайго і маці"; і: "хто зневажае бацьку і маці, няхай смерць панясе". Зых. 20, 12; 21, 17. Лев. 20, 9. Друг. 5, 16. Прыт. 20, 20. Мар. 7, 10. Еф. 6, 2.

5 Вы ж гаворыце: калі хто скажа бацьку ці маці: "дар (Богу) тое, што ад мяне было б табе ўспамогаю",

6 Той можа і не шанаваць свайго бацьку ці сваю маці; і адмянілі вы Божую запаведзь дзеля вашай уставы.

7 Крывадушнікі! Добра аб вас прарочыў Ісая, кажучы:

8 "Блізкія да Мяне гэтыя людзі сваімі вуснамі і шануюць Мяне языком, сэрца ж іх далёкае ад Мяне. Іс. 29, 13; Мар. 7, 6.

9 Але дарэмна шануюць Мяне, навучаючы навукам - людскім уставам".

ШТО АПАГАНЬВАЕ ЧАЛАВЕКА

10 I Ен, паклікаўшы людзей, казаў ім: слухайце і разумейце! Мар. 7, 14.

11 Не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

12 Тады, падышоўшы, Яго вучні сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся;

13 Ен жа сказаў у адказ: кожная расліна, якую насадзіў не Бацька Мой нябесны, будзе вырвана з коранем. Іаан. 15, 2.

14 Пакіньце іх: яны - сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ў яму ўпадуць. Іс. 42, 19; Іер. 5, 31; Лук. 6, 39.

15 Пётр жа сказаў Яму ў адказ: растлумач нам гэтую прыпавесць.

16 А Ісус сказаў: няўжо і вы не разумееце?

17 Хіба не ведаеце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, ідзе ў жывот і выходзіць лонкі;

18 А што з вуснаў выходзіць, з сэрца зыходзіць, і тое апаганьвае чалавека. Іак. 3, 6.

19 Бо з сэрца зыходзяць ліхія думкі, забойствы, пералюбы, распуста, крадзеж, крывапрысяганне, богазнявага: Быц. 6, 5; 8, 21. Мар. 7, 21.

20 Гэта апаганьвае чалавека; а есці нямытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.

ВЕРА ХАНАНЕЯНКІ

21 I, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія. Мар. 7, 24.

22 I вось. жанчынахананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, пачала крычаць Яму, кажучы: злітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.

23 Ен жа не адказаў ёй ні слова. I, падышоўшы, Яго вучні прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.

24 Ен жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дому Ізраілевага. Іс. 53, 6. Іер. 50, 6. Іез. 34, 5 - 6. Мац. 10, 6.

25 Але яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе, дапамажы мне!

26 Ен жа сказаў у адказ: нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

27 А яна сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.

28 Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: о жанчына! вялікая твая вера; няхай будзе табе, як ты хочаш. I паправілася яе дачка ў тую гадзіну.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ МНОСТВА ХВОРЫХ

29 I, адышоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага; і, узышоўшы на гару, сеў там.

30 I падышло да Яго мноства народу разам са сваімі кульгавымі, сляпымі, нямымі, калекамі і многімі іншымі і клалі іх да Ісусавых ног, і Ен вылечыў іх. Іс. 35; 5 -6.

31 Так што дзівіўся народ, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і славіў Бога Ізраілевага.

ДРУГОЕ ПАМНАЖЭННЕ ХЛЕБА

32 А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: шкада Мне народу, што ўжо тры дні знаходзіцца пры Мне, а не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслаблі ў дарозе.Мар. 8, 1.

33 I казалі Яму вучні Яго: дзе нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць гэтакую грамаду?

34 I кажа ім Ісус: колькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем і крыху рыбак.

35 I Ен загадаў народу ўзлегчы на зямлю;

36 I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, аддаўшы падзяку, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.

37 I елі ўсе і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, апроч жанчын і дзяцей.

39 I, адпусціўшы народ, Ен сеў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.

 

--------------------------------

15, 2. Гутарка ідзе пра вуснае вытлумачэнне даўнейшымі рабінамі Закона.

15, 5-6. Фарысеі вучылі, што можна проста ў думках завяшчаць сваю маёмасць Храму і яна ўжо робіцца Божай уласнасцю. Спасылаючыся на гэта,, некаторыя стараліся адмовіцца ад падтрымання сваіх састарэлых бацькоў, кажучы, што ў іх няма ўжо маёмасці, бо яна прысвечана Богу, хоць яны ёю фактычна валодалі. Так правіла кніжнікаў выкарыстоўвалася, каб закасаваць адну з Дзесяці Божых запаведзяў - "шануй бацьку твайго і маці".

15, 11. Забарона пэўнай яды, падзел яе на чыстую і нячыстую служылі для аддзялення ізраільцян ад язычнікаў. Напрыклад, іудзею можна спажываць мяса толькі жывёлы з раздвоенымі капытамі і той, якая жуе жвачку, а таму нельга есці свініну, зайчаціну, трусяціну і г. д. Аднак, паводле Хрыста, важнейшая за рытуальную нячыстасць маральная, бо якраз яна робіць сапраўды чалавека нячыстым.

15, 21 - 28. У гэтым урыўку мы бачым Ісуса ўпершыню за межамі Палесціны: прарочае сведчанне, што Дабравесце пашырыцца па ўсім свеце. "Хананеянка" - фінікійцы называлі сваю краіну Ханаан; галоўнае тут, што жанчына была язычніца. Хрыстова місія найперш заключаецца ў тым, каб уратаваць яўрэяў, Божых "сыноў", а пасля і язычнікаў. Іудзеі зазвычай называлі язычнікаў "сабакамі", адсюль і выкарыстанне тут гэтага слова.

 

 

 

Раздзел 16

1 I, падышоўшы, фарысеі і садукеі, выпрабоўваючы, прасілі Яго паказаць ім знак з неба. Мац. 12, 38; Мар. 8, 11; 1 Кар. 1, 22.

2 Ен жа сказаў ім у адказ: увечары вы кажаце: "будзе пагода, бо неба палымнее"; Лук. 12, 54.

3 I ўранку: "сёння будзе непагадзь, бо барвавее пахмурнае неба". Крывадушнікі! Аблічча неба вы распазнаць умееце, а знакаў часу не можаце;

4 Род ліхі і пералюбны шукае знаку; ды знаку яму не дадуць, апроч знаку Іоныпрарока. I, пакінуўшы іх, Ен адышоў. Іон. 2, 1; Мац. 12, 39.

СЦЕРАЖЫЦЕСЯ ФАРЫСЕЙСКАЙ I САДУКЕЙСКАЙ НАВУКІ

5 Ды, перапраўляючыся на другі бок, Яго вучні забыліся ўзяць хлябоў. Мар. 8, 14.

6 Ісус жа сказаў ім: глядзіце і сцеражыцеся фарысейскай і садукейскай кіслі. Мар. 8, 15; Лук. 12, 1.

7 А яны разважалі самі сабе, кажучы: мы хлябоў не ўзялі.

8 Ісус жа, зразумеўшы, сказаў ім: чаму разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі;

9 Няўжо яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч і колькі кошыкаў назбіралі?

10 I ані пра сем хлябоў на чатыры тысячы і колькі кашоў назбіралі?

11 Як вы не разумееце, што не пра хлеб казаў вам, а каб сцерагліся фарысейскай і садукейскай кіслі?

12 Тады яны зразумелі, што Ен казаў, каб асцерагаліся не хлебнай рошчыны, але фарысейскай і садукейскай навукі.

13 Прыйшоўшы ж у межы Кесарыі Філіпавай, Ісус спытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы: за каго ўважаюць людзі Мяне, Сына Чалавечага? Дан. 7, 13 - 14; Мар. 8, 27; Лук. 9, 18.

14 Яны ж сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля; другія ж за Ілію; іншыя ж

за Іерамію або за аднаго з прарокаў.

15 Ен кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?

16 Сіман жа Пётр сказаў у адказ: Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога. Мац. 14, 33; Мар. 8, 29; Лук. 9, 20; Іаан. 6, 69.

17 I ў адказ Ісус казаў яму: шчаслівы ты, Сымоне, сыне Іонаў, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Бацька Мой, што ў нябёсах. Мац. 11, 25, 27.

18 Я кажу табе, што ты Пётр, і на гэтай скале збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе. Лук. 22, 31-32; 1 Пят. 2, 4; 1 Кар. 3, 11.

19 I дам табе ключы ад Нябеснага Царства: і калі што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў нябёсах; а калі што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў нябёсах. Мац. 18, 18; Іаан. 20, 23.

20 Тады Ен загадаў Сваім вучням, каб нікому не казалі, што Ен Ісус Хрыстос. Мар. 8, 30.

ІСУС АДКРЫВАЕ СВАІМ ВУЧНЯМ, ШТО ЯГО ЧАКАЮЦЬ I ПАКУТЫ,
I СМЕРЦЬ, I УВАСКРЭСЕННЕ

21 3 таго часу пачаў Ісус адкрываць Сваім вучням, што Ен павінен пайсці ў Іерусалім, і шмат перацярпець ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

22 I, адклікаўшы Яго, Пётр пачаў адгаворваць Яго, кажучы: будзь літасцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою.

23 А Ен, адвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты спакуса Мне; бо думаеш не пра Божае, а пра чалавечае. Рым. 8, 7.

ЯК УРАТАВАЦЬ СВАЮ ДУШУ

24 Тады Ісус казаў да Сваіх вучняў: калі хто хоча за Мною ісці, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною. Мац. 10, 38; Мар. 8, 34; Лук. 14, 27.

25 Бо хто хоча ўратаваць сваё жыццё, той страціць яго; хто ж страціць сваё жыццё дзеля Мяне, той знойдзе яго.

26 Бо што выгадае чалавек, калі ён увесь свет здабудзе, а сваёй душы пашкодзіць? Ці дасць што чалавек у абмен за сваю душу?

ІСУС ПРЫЙДЗЕ Ў СЛАВЕ БАЦЬКІ СВАЙГО

27 Бо суджана прыйсці Сыну Чалавечаму ў славе Бацькі Свайго са Сваімі Анёламі; і тады Ен аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў. Пс. 61, 13; Зах. 14, 5; Мац. 25, 31; Рым. 2, 6; Адк. 19, 14.

28 Папраўдзе кажу вам: некаторыя з тых. што стаяць тут, не зазнаюць смерці, аж пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, што прыйдзе ў Царстве Сваім. Мар. 9, 1; Лук. 9, 27.

 

--------------------------------

16, 13 -16. Перш чым ісці ў Іерусалім і на ўкрыжаванне, Ісус павінен быў ведаць, ці зразумеў хоць прыблізна хтонебудзь Яго місію.

16, 18. Гульня слоў, бо імя Пётр (пагрэцку Петрас) і скала (пагрэцку петра) гучаць падобна. "Брамы пякельныя" - варожыя сілы падземнага свету, якія б'юць у скалу і ў Царкву, закладзеную на гэтай скале. У старажытнасці моц крэпасці вымяралася трываласцю яе брамы, адсюль і такое словаўжыванне.

 

 

 

Раздзел 17

ПЕРАТВАРЭННЕГАСПОДНЕ

1 I праз шэсць дзён бярэ Ісус Пятра, Якава ды Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх адных на высокую гару; Мар. 9, 2; Лук. 9, 28.

2 I ператварыўся Ен перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а адзенне Яго зрабілася белае, як святло.

3 I вось паказаліся ім Майсей і Ілія, якія размаўлялі з Ім.

4 Пётр жа, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі, Табе адну, Майсею адну і адну Іліі.

5 Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака пакрыла іх; і вось голас з воблака кажа: гэта Мой Сын Улюбёны, Якому Я спрыяю; Яго слухайце. Друг. 18, 15; Мац. 3, 17; Лук. 3, 22.

6 I, пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і моцна спалохаліся.

7 I, падышоўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

8 А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, апроч аднаго Ісуса.

9 I, калі яны спускаліся з гары, загадаў ім Ісус, кажучы: нікому не расказвайце пра ўбачанае, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

ПЕРАД ХРЫСТОМ ПАВІНЕН ПРЫЙСЦІ ІЛІЯ

10 I спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: што тады кніжнікі гавораць, нібыта Ілія павінен першы прыйсці? Мац. 11, 14; Мар. 9, 11.

11 А Ісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе і ўсё паправіць.

12 Але кажу вам, што Ілія прыйшоў ужо, ды яго не пазналі, а зрабілі з ім, што захацелі; гэтак і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх.

13 Тады зразумелі вучні, што Ен казаў ім пра Іаана Хрысціцеля.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ЛУНАТЫКА

14 А калі яны прыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек і ўпаў перад Ім на калені, кажучы: Мар. 9, 17; Лук. 9, 38.

15 Госпадзе! злітуйся над маім сынам, бо ён лунатык і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.

16 I я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць.

17 Ісус жа сказаў у адказ: о племя бязвернае і разбэшчанае! дакуль буду з вамі? дакуль Мне вас цярпець? прывядзіце Мне яго сюды.

18 I загадаў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і паправіўся хлопец у тую ж гадзіну.

19 Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: чаму не маглі мы яго выгнаць?

20 Ісус жа сказаў ім: праз ваша нявер'е; папраўдзе кажу вам: калі вы будзеце мець веры з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: перасунься адсюль туды, і яна перасунецца, і не будзе нічога немажлівага для вас. Мац. 21, 21; Мар. 9, 23; 11, 23; Лук. 17, 6.

21 Гэтае ж племя не выганяецца нічым, апроч малітвы і посту. Мар. 9, 29.

ІСУС ДРУГІ РАЗ КАЖА СВАІМ ВУЧНЯМ
ПРА СВАЮ СМЕРЦЬ I ЎВАСКРЭСЕННЕ

22 А калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: будзе выданы Сын Чалавечы ў чалавечыя рукі, Лук. 9, 22; 24, 7.

23 I яны заб'юць Яго, але на трэці дзень Ен уваскрэсне. I яны моцна засмуціліся.

ПАДАТАК НА ХРАМ

24 А калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў і сказалі: ці не дае ваш Настаўнік дыдрахмы?

25 Ен кажа: дае. Калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: як ты думаеш, Сімане? зямныя цары з каго бяруць пошліны ці падаткі? ці са сваіх сыноў, ці з чужых?

26 Кажа Яму Пётр: з чужых. Кажа яму Ісус: значыць, сыны вольныя.

27 Але, каб не спакушаць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбу, якая выцягнецца; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір '; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.

 

--------------------------------

17, 24-27. Іерусалімскі Храм вымагаў на сваё ўтрыманне шмат грошай: тут адбываліся штодзённыя ранішнія і вячэрнія ахвярапрынашэнні, трэба было купляць і рыхтаваць ладан і фіміям, якія штодня спальваліся; нямала каштавалі таксама дарагія шаты святароў. Таму кожны іудзей мужчынскага полу з 20 гадоў павінен быў плаціць штогадова храмавы падатак - дыдрахму - (двухдзённы заробак падзёншыка).

 

 

 

Раздзел 18

БУДЗЬЦЕ ЯК ДЗЕЦІ

1 У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Нябесным Царстве?

2 I Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх Мар. 9, 36.

3 I сказаў: папраўдзе кажу вам: калі не павернецеся і не зробіцеся як дзеці. не ўвойдзеце ў Нябеснае Царства.

4 Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той і большы ў Нябесным Царстве. Мар. 10, 14; 1 Кар. 14, 20.

5 I хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, Мяне прымае;

6 А хто спакусіць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы жарон і ўтапілі ў глыбіні марской. Мар. 9, 42; Лук. 17, 1.

БЯДА АД СПАКУСАЎ

7 Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць. 1 Кар. 11, 19.

8 Калі ж твая рука ці твая нага спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё пакалечаным ці кульгавым, чым з дзвюма рукамі ці з дзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь. Мар. 9, 43.

9 I калі тваё вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, два вокі меўшы, быць кінутым у геену вогненную. Друг. 13, 6; Мац. 5, 29.

10 Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Бацькі Майго, Які ў нябёсах. 1 Цар. 6, 16; Пс. 33, 8; Яўр. 1, 14.

ІСУС РАТУЕ ЗАГІНУЛЫХ

11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў уратаваць тое, што загінула, Мац. 10, 6; Лук. 9, 56.

12 Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і заблудзілася адна з іх, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася? Лук. 15, 4.

13 I калі ўдасца знайсці яе, папраўдзе кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым дзевяноста дзевяццю, што не заблудзіліся.

14 Дык няма волі Бацькі вашага, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.

КОЛЬКІ РАЗОЎ ДАРАВАЦЬ БРАТУ СВАНМУ

15 Калі ж саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выгавары яму самнасам: калі паслухаецца цябе, ты прыдбаў брата твайго: Лев. 19, 17; Лук. 17, 3; Іак. 5, 19-20.

16 Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак змацавалася кожнае слова. Друг. 17, 6; 19, 15; Іаан. 8, 17; 2 Кар. 13, 1; Яўр. 10, 28.

17 Калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухаецца, няхай будзе табе ён як язычнік і мытнік.

18 Папраўдзе кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе. Мац. 16, 19; Іаан. 20, 23.

19 Зноў жа кажу вам: калі двое з вас на зямлі будуць згодна прасіць аб нечым, то ўсё дасць ім Мой Бацька, Які ў нябёсах.

20 Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я між іх.

21 Тады падышоў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў Я павінен дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці аж да сямі разоў? Лук. 17, 4.

22 Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: "да сямі", але аж да сямідзесяці разоў па сем!

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА МІЛАСЭРНАГА ПАНА I НЕМІЛАСЭРНАГА РАБА

23 Вось чаму Нябеснае Царства падобнае да аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі рабамі.

24 А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, што быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

25 А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў пан прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.

26 Тады раб, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: "уладар! пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам".

27 I, пашкадаваўшы таго раба, пан адпусціў яго і дараваў яму доўг.

28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з рабоў, як сам і які быў вінаваты яму сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: "аддай мне, што ты вінен".

29 Дык вось той раб, упаўшы, прасіўся ў яго: "пацярпі ты мне, і я ўсё аддам табе".

30 Але ён не хацеў, а, пайшоўшы, кінуў таго ў цямніцу, пакуль ён не верне доўгу.

31 Убачыўшы ж гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму пану пра ўсё гэта.

32 Тады, паклікаўшы яго, пан яго кажа яму: "нягодны раб, я дараваў табе ўвесь той доўг, бо ты ўпрасіў мяне;

33 Хіба і ты не павінен быў злітавацца над таварышам тваім, як і я злітаваўся над табою?"

34 I яго пан, разгневаўшыся, перадаў яго катам, аж пакуль не аддасць яму ўсё, што вінаваты.

35 Гэтак і Мой Бацька нябесны зробіць вам, калі кожны з вас не даруе брату свайму ад сэрца свайго яго правінаў.

 

--------------------------------

18, 12-14. Бог любіць кожнага асобнага чалавека. Для пастуха замала дзевяноста дзевяці авечак, калі заблукала адна.

18, 22. Сэнс: не трэба лічыць, колькі разоў, а заўсёды выбачаць чужыя правіны.

18, 23 - 35. Спадзявацца на Божае дараванне можна толькі тады, калі сам даруеш бліжнім. Талент - буйная грашовая адзінка (каля 26 кг серабра). Цяжка нават уявіць тыя грошы, якія быў вінаваты раб цару - 10 тысяч талентаў, калі, скажам, даход з Ідумеі, Іудзеі і Самарыі разам складаў усяго 600 талентаў. Затое другі раб быў вінаваты свайму таварышу мізэрную суму - усяго 100 дынарыяў - адну пяцісоттысячную частку доўгу таго!

 

 

 

Раздзел 19

АПОШНЯЕ ПАДАРОЖЖА Ў ІЕРУСАЛІМ.
ШТО БОГ ЗЛУЧЫЎ, НЯХАЙ ЧАЛАВЕК НЕ РАЗЛУЧАЕ

1 I было: калі закончыў Ісус гэтыя словы, адышоў Ен з Галілеі і прыйшоў у межы Іузейскія на той бок Іярдана; Мар. 10,1.

2 I ішло ўслед за ім шмат народу, і Ен вылечваў іх там.

3 I падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы Яму: ці з усякай прычыны можна разводзіцца мужу з жонкаю сваёю?

4 Ен жа сказаў ім у адказ: ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку "стварыў іх мужам і жонкаю"; Быц. 1,27; Мар. 10,7.

5 I сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і зробяцца яны абое адным целам. Быц. 2,24; Мар. 10,7 - 8; 1 Кар. 6; Еф. 5,31.

6 Так што ўжо яны не двое, але адно цела: дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.

7 Яны кажуць Яму: чаму ж Майсей казаў даваць разводны ліст і адпускаць яе? Друг. 24,1; Мац. 5,31.

8 Ен жа кажа ім: Майсей з-за вашага нячулага сэрца дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, спачатку ж не было так.

9 Але Я кажу вам: хто развядзецца са сваёй жонкай не з віны распусты і ажэніцца з другою, чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разведзенаю, чыніць пералюб. Мац. 5,32; Мар. 10,11; Лук. 16,18.

10 Кажуць Яму вучні Яго: калі такі мужаў абавязак перад жонкаю, лепей не жаніцца.

11 Ен жа сказаў ім: не ўсе ўсведамляюць гэтае слова, але каму дадзена.

12 Бо ёсць няздатныя да жаніцьбы, якія з матчынага лона такімі нарадзіліся; і ёсць спакладанцы, выпакладаныя людзьмі; і ёсць спакладанцы, якія самі сябе выпакладалі для Небёснага Царства. Хто можа зразумець, няхай зразумее. Іс. 56,3; 1 Кар. 7,7.

ІСУС БЛАСЛАЎЛЯЕ ДЗЯЦЕЙ

13 Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ен усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім. Мар. 10,13; Лук. 18,15.

14 Ісус жа сказаў: пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо Нябеснае Царства належыць такім. Мац. 18,3.

15 I, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

ІСУС I БАГАТЫ ЮНАК

16 I вось адзін, падышоўшы, сказаў Яму: дасканалы Настаўнік! што добрае я павінен зрабіць, каб мець жыццё вечнае? Мар. 10,17; Лук. 18,18.

17 Ен жа сказаў яму: чаму ты мяне завеш дасканалым? Ніхто ж не дасканалы, як толькі адзін Бог. Калі ж ты хочаш увайсці ў тое жыццё, выконвай запаведзі. Іак. 1,17.

18 Той кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: не забівай; не чыні пералюбу; не крадзі; не сведчы фальшыва; Зых. 20,13; Лев. 19,18; Друг. 5,17.

19 Шануй бацьку свайго і маці; і любі свайго бліжняга, як самога сябе.

20 Кажа Яму юнак: усяго гэтага я пільнаваўся з малых год; чаго яшчэ не стае?

21 Сказаў яму Ісус: калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды ідзі ўслед за Мною.

22 Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адышоў засмучаны: бо ён меў вялікае багацце.

НЕБЯСПЕКА БАГАЦЦЯ

23 Ісус жа сказаў Сваім вучням: папраўдзе кажу вам: цяжка будзе багатаму ўвайсці ў Нябеснае Царства.

24 Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ў Божае Царства.

25 Вучні ж, пачуўшы, моцна здзівіліся, кажучы: дык хто можа ўратавацца?

26 А Ісус, паглядзеўшы, казаў ім: людзі не могуць гэтага, а Бог усё можа. Іоў. 42,2.

УЗНАГАРОДА ВЕРНЫМ

27 Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам? Мар.10,28; Лук. 18,28.

28 Ісус жа сказаў ім: папраўдзе кажу вам, што вы, Мае паслядоўнікі, пры аднаўленні свету, калі сядзе Сын Чалавечы на пасадзе славы сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых. Лук. 22,30.

29 I кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля імя Майго, у сто разоў больш займее і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.

30 Многія ж першыя будуць апошнімі, а апошнія - першымі. Мар. 10,31; Лук. 13,30.

 

 

 

Раздзел 20

ПРЫПАВЕСЦЬ АБ РАБОТНІКАХ У ВІНАГРАДНІКУ

1 Бо Нябеснае Царства падобнае да таго гаспадара, які выйшаў вельмі рана згадзіць работнікаў у свой вінаграднік. Мац. 21,33.

2 А ўмовіўшыся з работнікамі па дынарыю за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

3 I, выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, убачыў ён другіх, якія стаялі на рынку без работы.

4 Ен і тым сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе належаць, дам вам. Яны і адышлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, ён зрабіў тое самае.

6 А выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, знайшоў іншых, што стаялі без работы, і кажа ім: чаго стаіце вы тут цэлы дзень без работы?

7 Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ен кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе належаць, атрымаеце.

8 А калі надышоў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму аканому: пакліч работнікаў і выдай ім плату, пачаўшы з апошніх і аж да першых.

9 I нанятыя каля адзінаццатай гадзіны, прыйшоўшы, атрымалі па адным дынарыі.

10 Нанятыя ж першымі, прыйшоўшы, думалі, што яны атрымаюць больш; але атрымалі і яны па дынарыі.

11 I, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара,

12 Кажучы: гэтыя апошнія адну гадзіну прарабілі, а ты зраўняў іх з намі, а мы ж цярпелі цяжар дня і спёку.

13 Ен жа сказаў аднаму з іх у адказ: дружа! не крыўджу я цябе; ці не за дынарый умовіўся ты са мною?

14 Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу і гэтаму даць, як табе.

15 Хіба нельга мне зрабіць са сваім, як я хачу? Ці тваё вока ліхое з-за таго, што я добры?

16 Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. Мац. 19,30; 22,14.

ІСУС ТРЭЦІ РАЗ ГАВОРЫЦЬ АБ СВАЁЙ СМЕРЦІ I УВАСКРЭСЕННІ

17 I Ісус, выпраўляючыся ў Іерусалім, узяў дванаццаць вучняў і на адзіноце ў дарозе сказаў ім:

18 Вось уваходзім мы ў Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выданы першасвятарам і кніжнікам; і асудзяць Яго на смерць, Мар. 10,33; Лук. 18,31,

19 I выдадуць яго язычнікам на здзек, катаванне і ўкрыжаванне, але на трэці дзень Ен уваскрэсне. Іаан. 18,31.

ПРОСЬБА МАЦІ СЫНОЎ ЗАВЕДЗЕЕВЫХ

20 Тады падышла да Яго маці сыноў Заведзеевых са сваімі сынамі, кланяючыся і нешта просячы ў Яго. Мар. 10,35.

21 Ен жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя мае два сыны адзін праваруч ад Цябе, а другі леваруч - у Тваім Царстве.

22 Ісус жа сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую буду Я піць, і хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам. Мац. 26,39,42.

23 Тады Ен кажа ім: піць Маю чару будзеце і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але сядзець праваруч ад Мяне і леваруч ад Мяне - не Я даю, але каму прызначана ад Бацькі Майго.

24 I, пачуўшы, дзесяцёра абурыліся на двух братоў. Мар. 10,41; Лук. 22,24.

ХТО ХОЧА ВЯЛІКІМ БЫЦЬ МІЖ ВАС, НЯХАЙ БУДЗЕ СЛУГОЮ

25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, а вяльможы твораць самачынствы.

26 Ды не гэтак будзе ў вас, але хто хоча зрабіцца вялікім між вас, няхай ён будзе вам слугою;

27 А хто з вас хоча быць першым, няхай ён будзе вам раб;

28 Як і Сын Чалавечы прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, а каб служыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх. Мац. 26,28; Іаан. 11,51; Філ. 2, 7 - 8.

ІСУС ВЯРТАЕ ЗРОК ДВУМ СЛЯПЫМ

29 I калі выходзілі яны з Іерыхона, пайшло ўслед за Ім шмат народу. Мар. 10,46; Лук. 18,35.

30 I вось два сляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Ісус, пачалі крычаць, просячы: злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў! Мац. 9,27.

31 Але народ дамагаўся, каб яны маўчалі; але тыя яшчэ больш крычалі, просячы: злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!

32 I Ісус, прыпыніўшыся, паклікаў іх, кажучы: што хочаце, каб Я вам зрабіў?

33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся нашы вочы.

34 I, злітаваўшыся, Ісус дакрануўся да іх вачэй, і тут жа пачалі бачыць іх вочы, і яны пайшлі ўслед за Ім.

 

 

 

Раздзел 21

УРАЧЫСТЫ УЕЗД ІСУСА Ў ІЕРУСАЛІМ

1 А калі наблізіліся яны да Іерусаліма і прыйшлі ў Вітфагію ля гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, Мар. 11,1; Лук. 19,29.

2 Кажучы ім: ідзіце ў паселішча, што перад вамі; і зараз жа знойдзеце прывязаную асліцу і з ёю аслянятка; адвязаўшы, прывядзіце Мне.

3 I калі хто вам што скажа, адкажыце, што ў іх мае патрэбу Госпад, і той адразу пашле іх.

4 А адбылося ўсё гэта, каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа:

5 "Скажыце Сіёнскай дачцы: вось ідзе да цябе твой цар лагодны, што сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад'ярэмнай". Іс. 62,11; Зах. 9.9; Іаан. 12,15.

6 Вучні ж, пайшоўшы і зрабіўшы так, як ім загадваў Ісус,

7 Прывялі асліцу і аслянятка, і паклалі на іх свае плашчы, і Ен сеў на іх. Мар. 11,7.

8 А шмат людзей пасцілалі сваё адзенне па дарозе, другія ж абразалі галінкі з дрэў і пасцілалі дарогаю. Іаан. 12,13.

9 Народ, што ішоў перад Ім і ззаду, выкрыкваў, кажучы: асанна' Сыну Давідаваму! бласлаўлены Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях! Пс. 117,26; Мар. 11.10; Лук. 19,38.

10 I калі Ен уехаў у Іерусалім, узрушыўся ўвесь горад, кажучы: хто гэта?

11 А народ казаў: гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.

АЧЫШЧЭННЕ СВЯТЫНІ

12 Тады ўвайшоў Ісус у Божую святыню і выгнаў усіх прадаўцоў і пакупнікоў са святыні, і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў; Мар. 11,15; Лук. 19,45; Іаан. 2,14

13 I кажа ім: напісана: "Мой дом домам малітвы будзе названы"; а вы робіце з яго пячору разбойнікаў. Іс. 56,7; Іер. 7,11; Мар. 11,17; Лук. 19,46.

14 Тады падышлі да Яго сляпыя і кульгавыя ў святыні, і Ен іх вылечыў.

15 А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, што Ен зрабіў, і дзяцей, што выкрыквалі ў святыні і казалі: "асанна Сыну Давідаваму!", абурыліся

16 I сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: чую! хіба вы ніколі не чыталі, што "з вуснаў дзяцей і грудных немаўлят Ты стварыў хвалу"? Пс. 8,3.

17 I, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Віфанію і перабыў там ноч.

НЕЎРАДЛІВАЕ ФІГАВАЕ ДРЭВА.
МОЦ ВЕРЫ

18 А ўранні, вяртаючыся ў горад, захацеў Ен есці;

19 I, убачыўшы адно фігавае дрэва пры дарозе, прыйшоў да яго і нічога не знайшоў на ім, апроч аднаго лісця; і кажа яму: няхай ніколі з цябе не будзе плоду навекі! I адразу фігавае дрэва засохла. Мар. 11,13.

20 I вучні, убачыўшы, здзівіліся, кажучы: як адразу засохла фігавае дрэва?

21 Ісус жа сказаў ім у адказ: папраўдзе кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумняваецеся, то не толькі з фігавым дрэвам гэта зробіце, але і калі гэтай гары скажаце: "падыміся і кінься ў мора",- збудзецца. Мац. 17,20; Лук. 17,6; Іак. 1,6.

22 I ўсё, чаго б вы ні прасілі ў малітве з вераю, атрымаеце. Мац. 7,7; Мар. 11,24; Іаан. 14,13.

23 I калі Ен прыйшоў у святыню, падышлі да Яго, пакуль Ен вучыў, першасвятары і старэйшыны народу, кажучы: якою ўладаю ты гэта робіш? I хто даў табе гэтую ўладу? Мац. 7,29; Мар. 11,28; Лук. 20, 1 - 2.

24 Ісус жа сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас аб адным: калі скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю Я раблю гэта.

25 Іаанава хрышчэнне адкуль было? 3 неба ці ад людзей? Яны разважалі самі сабе, мяркуючы: калі скажам: "з неба", то Ен скажа нам: "чаму ж вы не паверылі яму?"

26 Калі ж скажам: "ад людзей" - баімся народу; бо ўсе ўважаюць Іаана за прарока.

27 I яны сказалі Ісусу ў адказ: не ведаем. Сказаў ім і Ен: то і Я вам не скажу, якою ўладай раблю гэта.

ПРЫПАВЕСЦЬ АБ ПАСЛУХМЯНЫМ I НЕПАСЛУХМЯНЫМ СЫНЕ

28 А як вам здаецца? Меў адзін чалавек двух сыноў; падышоўшы да першага, ён сказаў: сыне! ідзі сёння працуй у маім вінаградніку.

29 Ен жа сказаў у адказ: "іду, цар!" Але не пайшоў.

30 I, падышоўшы да другога, сказаў тое самае. А той сказаў у адказ: "я не хачу!" А потым пакаяўся і пайшоў.

31 Хто ж з двух выканаў бацькаву волю? Яны кажуць Яму: апошні. Кажа ім Ісус: папраўдзе кажу вам, што мытнікі і блудніцы паперадзе вас ідуць у Божае Царства. Лук. 7,29.

32 Бо прыйшоў да вас Іаан дарогаю справядлівасці, і вы не далі веры Яму; а мытнікі і блудніцы паверылі яму; вы ж, убачыўшы, не пакаяліся і пасля, каб паверыць яму. Лук. 3,12.

ПРА ЗЛАЧЫННЫХ ВІНАГРАДАРАЎ.
КАМЕНЬ, АДКІНУТЫ БУДАЎНІКАМІ

33 Другую прыпавесць паслухайце. Быў адзін гаспадар, які насадзіў вінаграднік і абгарадзіў яго мурам, выкапаў там выціскальню, збудаваў вежу - і здаў яго вінаградарам і паехаў.Пс. 79,9; Песн. II. 8, 11 - 12; Іс. 5,1; Пер. 2,21; Мар. 12,1; Лук. 20,9.

34 Калі ж надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць свой плён.

35 Вінаградары, схапіўшы яго слуг, аднаго збілі, другога забілі, а іншага каменнем пабілі.Мац. 5,12; 23,34,37.

36 Зноў паслаў ён іншых слуг, больш, чым першых; і зрабілі ім тое самае.

37 Пасля ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: пасаромеюцца майго сына.

38 А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец, хадзем, заб'ем яго і авалодаем яго спадчынаю. Мац. 26,4; 27,1.

39 I, схапіўшы яго, выкінулі яго вон з вінаградніка і забілі. Яўр. 13,12.

40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?

41 Яны кажуць Яму: злыдняў гэтых злой смерці аддасць, а вінаграднік перадасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў свой час.

42 Кажа ім Ісус: хіба вы ніколі не чыталі ў Пісьме: "камень, які адкінулі будаўнікі, ён зрабіўся асноваю вугла; ад Госпада гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах " ? Пс. 117, 22 - 23; Іс. 28,16; Мар. 12,10; Лук. 20,17; Дзеян. 4,11.

43 Таму кажу вам, што адымецца ад вас Божае Царства і дасца народу, які будзе прыносіць яго плады.

44 I той. хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца. а на каго ён сам упадзе, раструшчыць яго. Іс. 8,14; Дан. 2,44; 1 Пят. 2,7; Рым.9,32.

45 I, пачуўшы Яго прыпавесці, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ен пра іх кажа;

46 I стараліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічылі за прарока.

 

--------------------------------

21, 7. Дзеля ўрачыстага ўезду ў Іерусалім Ісус выбірае не каня (у старажытнасці конь быў сімвалам вайны), а асла - як сведчанне міру і сціпласці.

21, 12. Грашамены разменьвалі паломнікам грошы, каб тыя маглі купіць ахвярных жывёлін.

21, 33 - 45. У Бібліі гаспадар звычайна абазначае Бога, вінаграднік - народ Божы; злачынныя работнікі - няверныя кіраўнікі Ізраіля; пасланцы Госпада - прарокі; сынспадкаемец - Месія.

 

 

 

Раздзел 22

ПРЫПАВЕСЦЬ АБ ВЯСЕЛЬНЫХ ЗАСТОЛЬНІКАХ

1 I ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім прыпавесцямі, кажучы:

2 Нябеснае Царства падобнае да аднаго цара, што рабіў вяселле свайму сыну; Прып. 9,1; Лук. 14,16; Адк. 19,7.

3 I паслаў сваіх рабоў паклікаць тых, што былі запрошаныя; ды яны не хацелі прыйсці.

4 Зноў паслаў другіх рабоў, наказваючы: скажыце запрошаным: "вось падрыхтаваў я абед мой, бьпсі мае і адкормленая жывёліна заколата, і ўсё гатовае. Хадзіце на вяселле!"

5 Яны ж, занядбаўшы, паразыходзіліся, хто - на сваё поле, хто - да гандлю свайго.

6 А астатнія, схапіўшы яго рабоў, зневажалі і забілі іх.

7 I, пачуўшы, разгневаўся цар і, паслаўшы сваё войска, вынішчыў тых забойцаў, а горад іх спаліў. Лук. 19,27,43.

8 Тады ён кажа сваім слугам: вяселле гатовае, ды запрошаныя не вартымі былі.

9 Пайдзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго ні знойдзеце, клічце на вяселле.

10 I тыя рабы, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўніўся шлюбны пакой застольнікамі.

11 Цар жа, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне;

12 I кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? Той жа маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму ногі і рукі, кіньце ў знадворную цемру, там будзе плач і скрыгат зубоў.

14 Бо шмат запрошаных, ды мала выбраных. Мац. 20,16.

КЕСАРАВА - КЕСАРУ, А БОЖАЕ - БОГУ

15 Тады фарысеі, пайшоўшы, дамаўляліся, як злавіць Яго на слове. Мар. 12,13; Лук. 20,20.

16 I пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі ', Тыя і кажуць: Настаўнік! мы ведаем, што ты справядлівы і наетаўляеш праўдзіва на Божую дарогу і не запабягаеш ні перад кім; бо не глядзіш аблічча людзей.

17 Скажы ж нам: як здаецца Табе? ці можна даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: чаго вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?

19 Пакажыце Мне падатковую манету. I яны прынеслі Яму дынарый.

20 I кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 Кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: значыцца, аддавайце кесарава кесару, а Божае - Богу. Мар. 12,17; Рым. 13,7.

22 I, пачуўшы, яны здзівіліся; і, пакінуўшы Яго, адышлі.

БОГ - НЕ БОГ МЕРТВЫХ, А ЖЫВЫХ

23 У той жа дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго, Мар. 12,18; Лук. 20,27; Дзеян. 23,8.

24 Кажучы: Настаўнік, Майсей сказаў: "калі хто памрэ, не меўшы дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку яго і адновіць насенне брату свайму". Друг. 25,5; Мар. 12,19; Лук. 20,28.

25 Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, не меўшы насення, пакінуў сваю жонку брату свайму.

26 Падобна і другі, і трэці, аж да сёмага;

27 А пасля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык пры ўваскрэсенні - каторага з сямі будзе яна жонка? Бо ўсе мелі яе.

29 Ісус жа сказаў ім у адказ: вы памыляецеся, не ведаючы ані Пісьма, ні Божай сілы.

30 Бо пры ўваскрэсенні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, а як Божыя Анёлы будуць у небе. 1 Кар. 15, 44.

31 А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, які кажа:

32 "Я Бог Абраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Якава"? Бог - не Бог мёртвых, а жывых. Зых. 3, 6; Мар. 12, 26; Лук. 20, 37.

33 I, пачуўшы, народ дзівіўся Яго навуцы.

НАЙВЯЛІКШЫЯ ЗАПАВЕДЗІ

34 А фарысеі, пачуўшы, што Ен змусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся вакол Яго.

35 I спытаўся адзін з іх, настаўнік Закона, выпрабоўваючы Яго і кажучы: Мар. 12, 28; Лук. 10, 25.

36 Настаўнік, якая запаведзь найвялікшая ў Законе?

37 Ісус жа кажа яму: "палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душой тваёю, і ўсім разуменнем тваім". Друг. 6, 5; Міх. 6, 8; Мар. 12, 29; Лук. 10, 27.

38 Гэта найвялікшая і найпершая запаведзь.

39 Другая ж падобная да яе: "палюбі бліжняга твайго, як самога сябе". Лев. 19, 18; Мац. 5, 43; Мар. 12, 31.

40 На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца Закон і прарокі.

ХРЫСТОС - СЫН БОЖЫ

41 Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх,

42 Кажучы: што вы думаеце пра Хрыста? чый Ен сын? Кажуць Яму: Давідаў. Мар. 12, 35; Лук. 20, 41.

43 Ен кажа ім: як жа Давід у натхненні называе Яго Госпадам, кажучы:

44 "Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч ад Мяне, дакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў падножжам ног Тваіх?" Пс. 109, 1; Лук. 20, 42.

45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ен сын яму?

46 I ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважваўся болыш пытацца ў Яго.

 

--------------------------------

22, 15-22. Кесар - тытул рымскіх імператараў. У кожнага хрысціяніна двайное грамадзянства. Ен грамадзянін тае краіны, дзе жыве, і павінен сумленна несці свае абавязкі перад грамадствам. Ён і грамадзянін Нябеснага Царства і ў пытаннях рэлігіі нясе адказнасць перад Богам. Паводле Ісуса, сапраўдны хрысціянін не павінен парушаць сваіх абавязкаў ні перад Богам, ні перад людзьмі.

 

 

 

Раздзел 23

ПЕРАСЦЯРОГА АД КНІЖНІКАЎ I ФАРЫСЕЯЎ

1 Тады Ісус прамовіў да народу і Сваіх вучняў,

2 Кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;

3 Дык усё, што яны скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.

4 Звязваюць жа яны цяжары важкія і непасільныя і кладуць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць да іх дакрануцца. Лук. 11, 46; Дзеян. 15, 10.

5 Усе ж свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі. Свае багамоллі 1 пашыраюць і падоўжваюць кутасы ў сваіх накідках; Лук. 15, 38; Друг. 22, 12.

6 I любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лаўкі ў сінагогах, Мар. 12, 39; Лук. 11, 43; 20, 46.

7 I вітанні на плошчах, і каб людзі называлі іх "равві, равві" .

8 А вы іх не называйце "равві", бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос; усе ж вы - браты. Іак. 3, 1; 1 Кар. 3, 4.

9 I вашым Бацькам ' не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька, Які ў нябёсах. Мал. 1, 6.

10 I няхай не называюць вас настаўнікамі; бо Настаўнік у вас адзін - Хрыстос.

11 А большы з вас няхай вам будзе слугою.

12 Хто ж узвышае сябе, той будзе паніжаны; а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны. Лук. 14, 11.

БЯДА КРЫВАДУШНІКАМ

13 Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Нябеснае Царства перад людзьмі: бо вы і самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, увайсці не пускаеце. Іез. 22, 26; Лук. 11, 52.

14 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся, за гэта і прымеце болыпую кару. Мар. 12, 40; Лук. 20, 47.

15 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, абы прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвойчы горшым за вас.

16 Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: "калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, то вінаваты".

17 Неразумныя і сляпыя! бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?

18 I: "калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога: калі ж паклянецца ахвяраю, што на ім, то вінаваты".

19 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру? Зых. 29, 37.

20 Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;

21 I хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве; 2 Пар. 6, 2; Пс, 25, 8.

22 I хто клянецца небам, клянецца Божым пасадам і Тым, Хто сядзіць на ім.

НЕ ЗАНЯДБАЙЦЕ НАЙВАЖНЕПШАЕ Ў ЗАКОНЕ

23 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але адкінулі больш важнае ў Законе: справядлівасць, міласэрнасць і веру; гэтае трэба было рабіць і таго не адпускаць. Ос. 6, 6; Міх. 6, 8; Мац. 12, 7; Лук. 11, 42.

24 Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце.

25 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няўстрыманасці.

26 Фарысей сляпы, ачысць спярша сярэдзіну чары і місы, каб зрабіліся і зверху чыстыя.

27 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадобніліся да павапненых надмагілляў, якія зверху здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей трупаў і ўсялякай нечысці. Лук. 11, 44; Дзеян. 23, 3.

28 Гэтак і вы збоку здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.

29 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце надмагіллі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,

30 I кажаце: "калі б мы жылі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх супольнікамі ў крыві прарокаў".

31 Тым самым вы сведчыце супроць сябе, што вы сыны забойцаў прарокаў.

32 Дапаўняйце і вы меру вашых бацькоў.

33 Змеі, гадзючыя выпладкі! як вам пазбегнуць асуджэння ў геену? Мац. 3, 7.

34 Дзеля гэтага, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у сваіх сінагогах і гнаць з горада ў горад; 2 Пар. 36, 15 - 16; Лук. 11, 49.

35 Каб спала на вас уся праведная кроў, што пралітая была на зямлі - ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыя, сына Варахіінавага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам. Быц. 4, 8; 2 Пар. 24, 21 - 22; Лук. 11, 51; 1 Іаан. 3, 12.

36 Папраўдзе кажу вам, усё гэта спадзе на род гэты.

ЖАЛЬБА ГОСПАДА НА ІЕРУСАЛІМ

37 Іерусаліме, Іерусаліме, што забіваеш прарокаў і б'еш каменнем пасланых да цябе,- колькі разоў хацеў Я сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылле сваіх птушанят, ды вы не захацелі! Друг. 32, 11 - 12; Лук. 13, 34.

38 Вось астаецца вам дом ваш пусты. Лук. 13, 35.

39 Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне зараз, аж пакуль не скажаце: "бласлаўлёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!" Пс. 117, 26; Мац. 21, 9.

 

--------------------------------

23, 23. Закон гаварыў аб дзесятай частцы на карысць Храма са збожжа, віна, алею, жывёлы; рабіны ж пашырылі гэта на найдрабнейшыя расліны. Мята, кроп, кмен - прыправа з агарода. Лёгка прытрымлівацца неістотнага, забываючы пра сапраўды важнае.

23, 32. Маецца на ўвазе тое, што яны заб'юць Ісуса.

23, 35. Маюцца на ўвазе ўсе забітыя старазапаветныя праведнікі, пачынаючы з Адамавага сына Авеля, якога забіў яго родны брат Каін.

 

 

 

Раздзел 24

ЛЁС ІЕРУСАЛІМСКАЙ СВЯТЫНІ

1 I, выйшаўшы са святыні, Ісус збіраўся ісці; ды падышлі Яго вучні, каб паказаць Яму будынкі святыні. Мар. 13, 1 - 2; Лук. 21, 5 - 6.

2 Ен жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: не астанецца тут каменя на камені, які б не разбурыўся. Мар. 13, 2; Лук. 19, 44; 21, 6.

НАБЛІЖЭННЕ КАНЦА СВЕТУ

3 Калі ж Ен сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні на адзіноце, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе і якая адзнака Твайго прыйсця і сканчэння веку?

4 I ў адказ Ісус сказаў ім: глядзіце, каб хто не падмануў вас. Мар. 13,5; Лук. 21,8; Еф. 5,6; 2 Фес. 2,3.

5 Бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: "я Хрыстос"; і шмат каго ўвядуць у зман.

6 Належыць пачуць вам пра войны і ваенныя пагалоскі; глядзіце не жахайцеся; бо гэта павінна адбыцца; але гэта яшчэ не канец.

7 Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад, і мор, і землятрусы месцамі.

8 Але ўсё гэта пачатак родавых боляў.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і вас узненавідзяць усе народы за імя Маё. Мац. 10,17; Мар. 13,9; Лук. 21,12; Іаан. 15,20.

10 I тады епакусіцца шмат хто; і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго;

11 I паўстане шмат фалынывых прарокаў і ўвядуць у зман шмат каго.

12 I зза памнажэння беззаконня пахаладае ў многіх любоў;

13 Хто ж выцерпіць да канца, той уратуецца.

14 I будуць абвяшчаць гэтае Дабравесце Царства на цэлым свеце ў сведчанне ўсім народам; тады і прыйдзе канец.

СПУСТАШЭННЕ ІЕРУСАЛІМА

15 Дык вось, калі ўбачыце брыдоту спусташэння, пра якую было сказана праз Даніілапрарока,- што паўстане на святым месцы,- хто чытае, няхай разумее,- Дан. 9,27; Мар. 13,14; Лук. 21,20.

16 Тады ўсе, хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;

17 Хто на даху, няхай не спускаецца, каб узяць штонебудзь са свайго дома;

18 А хто ў полі, няхай не вяртаецца назад, каб узяць сваё адзенне.

19 Бяда ж тым, хто мае ў лоне і корміць грудзьмі ў тыя дні.

20 Маліцеся, каб не выпала вам уцякаць ані ўзімку, ані ў суботу;

21 Бо тады будзе вялікі ўціск, якога не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе.

22 I калі б не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не ацалеў; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

ПРЫЙСЦЕ ХРЫСТОВА

23 Тады, калі хто вам скажа: "вось тут Хрыстос" ці "там",- не верце. Мар. 13,21; Лук. 17, 23.

24 Бо паўстануць фальшывыя Хрыстосы і фальшывыя прарокі і пакажуць знакі вялікія і цуды, каб падмануць, калі ўдасца, і выбраных.

25 Вось Я наперад вам сказаў.

26 Таму, калі скажуць вам: "вось, Ен у пустэльні",- не выходзьце; "вось, Ен ва ўнутраных пакоях",- не верце.

27 Бо як маланка блісне на ўсходзе і відаць аж на захадзе, такое будзе прыйсце Сына Чалавечага.

28 Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы. Лук. 17,37.

29 Зараз жа, пасля дзён уціску, сонца зацьміцца, месяц не дасць свайго святла, зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы страсянуцца. Іс. 13,10; Іез. 32,7; Іаіл. 2,31; Мар. 13,24; Лук. 21,25.

30 I тады пакажацца знак Сына Чалавечага на небе: і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікай. Зах. 12,10; Мар. 14,62; АДК. 1,7.

31 I пашле Ен Сваіх Анёлаў з магутнагалосай трубою, і збяруць выбраных Яго з чатырох кірункаў свету ад аднаго краю неба аж да другога. 1 Кар. 15,52; 1 Фес. 4,16.

ПРЫКЛАД ФІГАВАГА ДРЭВА

32 Ад фігавага дрэва прыкладу вучыцеся: калі галінка яго ўжо робіцца мяккаю і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;

33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34 Папраўдзе кажу вам: не міне гэты род, як усё гэта зробіцца. Мар. 13, 30 - 31.

35 Неба і зямля мінуцца, а Мае словы не знікнуць. Іс. 51,6; 2 Пят. 3, 10.

БУДЗЬМА ГАТОВЫЯ, БО ЧАСУ СКАНЧЭННЯ СВЕТУ НІХТО НЕ ВЕДАЕ

36 Пра дзень жа той і гадзіну ніхто не ведае, ані Нябесныя Анёлы, ані Сын - адзін толькі Бацька.

37 Як Ноевы дні; такое будзе прыйсце Сына Чалавечага. Быц. 7,7; Лук. 17,26; 1 Пят. 3,10.

38 Бо як у дні перад патопам елі і пілі, бралі і выходзілі замуж аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 I не разумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх; такое будзе і прыйсце Сына Чалавечага.

40 Тады два будзе ў полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.

41 Дзве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, другая пакінецца.

42 Дык будзьце пільныя, бо вы не ведаеце, у якую гадзіну прыйдзе Госпад ваш. Мац. 25, 13; Мар. 13, 33.

43 Ведайце ж гэта, што калі б знаццё гаспадару, у каторую варту прыйдзе злодзей, то ён пільнаваў бы і не даў бы падкапаць свайго дома. Лук. 12, 39; 1 Фес. 5, 2; Адк. 16, 15.

44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся, прыйдзе Сын Чалавечы.

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ВЕРНАГА I НЯВЕРНАГА РАБА

45 Хто ж верны і разумны раб, якога паставіў яго гаспадар над сваёю чэляддзю, каб даваў у пару ім есці? Лук. 12, 42; 1 Кар. 4, 2.

46 Шчаслівы той раб, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што ён робіць гэта. Адк. 16, 15.

47 Папраўдзе кажу вам, што над усім сваім маёнткам ён паставіць яго.

48 Калі ж той нядбайны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць прыйсці мой гаспадар;

49 I пачне біць іншых рабоў, сваіх таварышаў, есці і піць з п'яніцамі,

50 То прыйдзе гаспадар таго раба ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае,

51 I адлучыць яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.

 

--------------------------------

24, 1 - 2. Іерусалімскі Храм з белага мармуру, пакрыты золатам, стаяў на Сіёнскай гары, вяршыня якое дзеля гэтага была скапана. Ен так зіхацеў на сонцы, што цяжка было глядзець на яго. Па краях Храма знойдзены камяні даўжынёю ад 5 да 12,5 метраў, вагою больш за 100 тон. Як іх высякалі і як іх даставілі на месца, і цяпер астаецца загадкаю. Ісусавы вучні, убачыўшы такую красу, былі ўражаны ёю і не маглі не паказаць яе Хрысту. У 70 годзе рымляне зруйнавалі Храм дашчэнту. Не адноўлены ён і сёння.

24, 28. Маюцца на ўвазе сцягі рымскіх легіёнаў, што акружаюць асуджаны Іерусалім.

24, 28. Тут "век" абазначае ўвесь час да другога прыйсця, калі "часу ўжо не будзе".

 

 

 

Раздзел 25

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА РАЗУМНЫХ I НЕРАЗУМНЫХ ДЗЯЎЧАТ

1 Тады Нябеснае Царства будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы лямпы, выйшлі насустрач маладому.

2 Пяць з іх было неразумных і пяць разумных.

3 Неразумныя, узяўшы свае лямпы, не ўзялі з сабою алею;

4 Разумныя ўзялі алею ў пасудзінах заадно са сваімі лямпамі;

5 А калі малады затрымаўся, яны ўсе задрамалі і паснулі.

6 Апоўначы ж крык пачуўся: "вось, малады ідзе, выходзьце насустрач яму".

7 Тады ўсхапіліся ўсе тыя дзяўчаты і паправілі свае лямпы.

8 Неразумныя ж сказалі разумным: "дайце нам вашага алею, бо нашы лямпы гаснуць".

9 А разумныя казалі ў адказ: "каб не забракла нам і вам, пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе".

10 Пакуль жа яны хадзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы зачыніліся. Лук. 13, 25.

11 Пасля ж прыходзіць і рэшта дзяўчат і кажа: "пане! пане! адчыні нам!" Мац. 7, 21.

12 Ён жа сказаў ім у адказ: "папраўдзе кажу вам: я не ведаю вас". Пс. 5, 5; Ав. 1, 13.

13 Дык будзьце пільныя: бо вы не ведаеце ані дня, ні гадзіны, калі прыйдзе Сын Чалавечы. Мар. 13, 33; 1 Кар. 16, 13.

ПРА ТАЛЕНТЫ

14 Гэтак і адзін чалавек, ад'язджаючы, склікаў сваіх рабоў і перадаў ім сваё дабро. Лук. 19, 12.

15 I даў ён аднаму пяць талентаў, другому ж - два, а іншаму - адзін, кожнаму паводле яго сілы; і тут жа ад'ехаў. Рым. 12, 6; 1 Кар. 12, 7, 11.

16 Той жа, хто ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць.

17 Гэтак жа і той з двума зарабіў другія два.

18 А той, што ўзяў адзін, адышоўшыся, закапаў у зямлю - і схаваў серабро свайго гаспадара.

19 Праз доўгі ж час прыязджае гаспадар тых рабоў і зводзіць з імі рахунак.

20 I, падышоўшы, той, хто ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: "пане! пяць талентаў ты перадаў мне: вось другія пяць талентаў я зарабіў на іх".

21 Яго ж гаспадар сказаў яму: "прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара". Іс. 61, 7.

22 I, падышоўшы, той, хто ўзяў два таленты, сказаў: "пане! два таленты ты перадаў мне: вось другія два таленты я зарабіў на іх".

23 Яго ж гаспадар сказаў яму: "прыемна, раб добры і верны! У малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць твайго гаспадара".

24 I, падышоўшы, той, хто ўзяў адзін талент, сказаў: "пане! я ведаў цябе, што ты чалавек суровы: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;

25 I я збаяўся - адышоўшыся, схаваў твой талент у зямлю: вось маеш тваё".

26 Яго ж гаспадар сказаў яму ў адказ: "баязлівы раб і лянівы; ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;

27 Таму трэба было табе даць маё серабро ліхвярам, а я, прыехаўшы, узяў бы ўсё сваё з ліхвою.

28 Вазьміце ж ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і ў яго будзе паддастаткам; а ў таго, хто не мае, будзе ўзята і тое, што мае. Мац. 13, 12; Мар. 4, 25; Лук. 8, 18; 19, 26.

30 А няздатнага раба выкіньце ў цемрузнадворную - там будзе плач і скрыгат зубоў". Мац. 24, 51.

АПОШНІ СУД

31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Анёлы з ім, тады сядзе Ен на пасадзе славы Свае. Мац. 13, 49; 16, 27; Дзеян. 1, 11.

32 I будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ен аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;

33 I паставіць Ен авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч.

34 Тады скажа Цар тым, хто праваруч ад Яго: "прыйдзіце, бласлаўлёныя Бацькі Майго! атрымайце ў спадчыну Царства, прызначанае вам ад заснавання свету. Мац. 20, 23.

35 Бо быў галодны Я, а вы далі мне есці; быў сасмяглы, а вы далі Мне піць; быў падарожны, а вы прынялі Мяне; Іс. 53, 7; Іез. 18, 7; 2 Цім. 1, 18.

36 Быў голы, а вы адзелі Мяне; быў хворы, а вы адведалі Мяне; быў у цямніцы, а вы прыйшлі да Мяне".

37 Тады адзавуцца Яму праведнікі, кажучы: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі? і сасмяглым і напаілі?

38 Калі ж мы цябе падарожным бачылі і прынялі? ці голым і адзелі?

39 Калі ж мы бачылі Цябе хворым або ў цямніцы і прыйшлі да Цябе?"

40 I ў адказ Цар скажа ім: "папраўдзе кажу вам: зрабіўшы гэта аднаму з Маіх найменшых братоў, вы Мне зрабілі". Прып. 14, 31; 19, 17; Мац. 10, 42.

41 Тады скажа і тым, хто леваруч ад Яго: "ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прызначаны д'яблу і яго анёлам. Пс. 6, 9; Лук. 13, 27.

42 Бо быў галодны Я, а вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, а вы не далі Мне піць;

43 Быў падарожны, а вы не прынялі Мяне; быў голы, а вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў цямніцы, а вы не адведалі Мяне".

44 Тады адзавуцца яны, кажучы: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, або падарожным, або голым, калі хворым, альбо ў цямніцы, і не ўслужылі Табе?"

45 Тады Ен скажа ім у адказ: "папраўдзе кажу вам: не зрабіўшы гэтага аднаму з гэтых найменшых, вы і для Мяне не зрабілі".

46 I пойдуць гэтыя на вечную муку, а праведнікі ў жыццё вечнае. Дан. 12, 2; Іаан. 5, 29.

 

--------------------------------

25, 1 -13. Паводле ўсходняга звычаю сяброўкі маладой сустракалі маладога ўночы з лямпамі.

 

 

 

Раздзел 26

ІСУС АПОШНІ РАЗ ГАВОРЫЦЬ ПРА СВАЮ СМЕРЦЬ;
ЗМОВА ПЕРШАСВЯТАРОЎ I СТАРЭЙШЫН

1 I было: калі закончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ен Сваім вучням:

2 Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на ўскрыжаванне. Мар. 14, 1; Лук. 22, 1; Іаан. 13, 1.

3 Тады сабраліся першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў палац найвышэйшага святара, званага Каіафа, Пс. 2, 2; Іаан. 11, 47.

4 I дамовіліся хітрасцю схапіць Ісуса і зрабіць. Пс. 40, 8.

5 Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла замяшанне ў народзе.

ПАМАЗАННЕ ІСУСА Ў ВІФАНІІ

6 Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сіманапракажонага, Мар. 14, 3; Іаан. 11, 2; 12, 3.

7 Падышла да Яго жанчына, што мела алебастравую пляшачку шматкаштоўнага міра, і палілі на Яго галаву, калі Ен ўзлягаў за сталом.

8 Яго вучні ж убачылі гэта і абурыліся, кажучы: навошта такое марнатраўства?

9 Бо можна было б гэта дорага прадаць і аддаць убогім.

10 Але Ісус, зразумеўшы, сказаў ім: навошта робіце прыкрасць жанчыне? бо добры ўчынак зрабіла яна для Мяне.

11 Бо заўсёды ўбогіх вы маеце з сабою; а Мяне не заўсёды маеце. Друг. 15, 11.

12 Бо, узліўшы гэтае міра на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаванне.

13 Папраўдзе кажу вам: дзе ні будзе абвяшчацца гэтае Дабравесце па цэлым свеце, будуць казаць і пра тое, што зрабіла яна,- на ўспамін пра яе.

ЗДРАДА ЮДЫ ІСКАРЫЕТА

14 Тады адзін з Дванаццаці, які зваўся Юдаю Іскарыётам, падышоўшы да першасвятароў, Мар. 14, 10; Лук. 22, 4.

15 Сказаў: што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго? Яны вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. Зах. 11, 13.

16 I з таго часу ён шукаў зручнага выпадку, каб выдаць Яго.

ВУЧНІ РЫХТУЮЦЦА ДА ПАСХІ

17 У першы ж дзень праснакоў падышлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе есці пасху? Зых. 12, 6, 15; Мар. 14, 12; Лук. 22, 7.

18 Ен жа сказаў: ідзіце ў горад, да такога і такога і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час Мой блізкі; у цябе Я зраблю пасху з Маімі вучнямі".

19 I зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і падрыхтавалі пасху.

ВЯЧЭРА ГАСПОДНЯЯ

20 Калі ж надышоў вечар, Ен узлёг з дванаццаццю вучнямі. Пс. 40, 10; Мар. 14, 18; Лук. 22, 14; Іаан. 13, 21.

21 I, калі яны елі, сказаў: папраўдзе кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.

22 I, моцна зажурыўшыся, кожны з іх пачаў казаць Яму: ці не я, Госпадзе?

23 А Ен казаў у адказ: той, хто абмакнуў са Мною руку ў місе, гэты выдасць Мяне.

24 Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепей было б таму чалавеку не радзіцца. Пс. 21, 3; Іс. 53, 3; Дан. 9, 26.

25 У адказ жа Юда, што прадаў Яго, сказаў: ці не я, Равві? Кажа Ен яму: ты сказаў.

26 А калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб і паблаславіўшы, паламаў і даваў вучням ды казаў: прыміце, спажывайце; гэта - цела Маё. Мар. 14, 22; Лук. 22, 19; 1 Кар. 11, 24.

27 I, узяўшы чару і ўзнёсшы падзяку, падаў ім, кажучы: піце з яе ўсё;

28 Бо гэта кроў Мая Новага Запавету, што за многіх праліваецца дзеля даравання грахоў. Мац. 20, 28.

29 Кажу ж вам, што не буду піць з гэтага дня ад гэтага плоду лазы вінаграднай аж да таго дня, калі буду піць яго новым з вамі ў Царстве Майго Бацькі.

30 I, заспяваўшы хвалебную песню, пайшлі на Аліўную гару.

ІСУС ПАПЯРЭДЖВАЕ ПЯТРА: ТРОНЧЫ АДРАЧЭШСЯ АД МЯНЕ

31 Тады кажа ім Ісус: усе вы з-за

Мяне будзеце выпрабаваны ў гэтую ноч, бо напісана: "удару пастуха, і рассыплюцца авечыя чароды". Зах. 13, 7; Мар. 14, 27; Іаан. 16, 32.

32 Пасля Майго ўваскрэсення буду чакаць вас у Галілеі. Мац. 28, 16; Мар. 14, 28.

33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе засумняваюцца ў Табе, я ніколі не паддамся сумненню.

34 Ісус сказаў яму: папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. Мар. 14, 30; Лук. 22, 34; Іаан. 13, 38.

35 Кажа Яму Пётр: хоць бы мне трэба было і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе, Падобна і ўсе вучні сказалі.

ГЕФСІМАНІЯ

36 Тады ідзе з імі Ісус у мясцовасць, званую Гефсіманіяй, і кажа вучням: пасядзіце вы тут, пакуль я пайду памалюся там. Мар. 14, 32; Лук. 22, 39.

37 I, узяўшы Пятра і двух сыноў Заведзеевых, пачаў журыцца і непакоіцца. Пс. 114, 3; Іаан. 12, 27.

38 Тады Ен кажа ім: ахоплена тугою душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і не спіце са Мною.

39 I, адышоўшыся трошкі, упаў ніцма, молячыся і кажучы: Ойча Мой! калі можна, няхай абміне Мяне гэтая чара; і ўсё ж не як Я хачу, а як Ты. Мац. 20, 22; Іаан. 5, 30; Філ. 2, 8; Яўр. 5, 7-8.

40 I прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што спяць яны, і кажа Пятру: так і не змаглі адной гадзіны не паспаць са Мною?

41 Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу. Дух бадзёры, а цела слабое.

42 Зноў, другі раз, адышоўшыся, маліўся, кажучы: Ойча Мой, калі не можа абмінуць Мяне гэтая чара, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая!

43 I, прыйшоўшы, знайшоў, што яны зноў спалі: бо вочы іх абцяжэлі.

44 I, пакінуўшы іх, Ен зноў пайшоў і памаліўся трэці раз, тое самае слова кажучы.

45 Тады прыходзіць да Сваіх вучняў і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і адпачываеце; вось наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.

46 Уставайце, хадзем, вось наблізіўся Мой прадаўца.

ЮДАЎ ПАЦАЛУНАК.
3 КАЛАМІ I МЯЧАМІ ВЫ ВЫЙШЛІ УЗЯЦЬ МЯНЕ

47 I, калі Ён яшчэ гаварыў, вось прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасвятароў і старэйшын народу. Мар. 14, 43; Лук. 22, 47; Іаан. 18, 3.

48 Яго прадаўца даў жа ім знак, кажучы: каго пацалую, гэта Ен; хапайце Яго.

49 I тут жа, падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равві! I пацалаваў Яго.

50 А Ісус сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады, падышоўшы, ускінулі рукі на Ісуса і забралі Яго.

51 I вось адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў свой меч, ударыўшы першасвятаровага раба, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Ісус: вярні твой меч на яго месца; бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча загінуць. Быц. 9, 6; Адк. 13, 10.

53 Ці думаеш, што Я не магу ўпрасіць цяпер Майго Бацьку і Ен не дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Анёлаў? Дан. 7, 10.

54 Як жа спраўдзіцца Пісьмо, што гэта павінна адбыцца? Пс. 21, 2; Іс. 53, 2; Дан. 9, 26.

55 У тую ж гадзіну казаў Ісус да натоўпу: як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне! я штодня сядзеў з вамі, павучаючы ў святыні, і вы не ўзялі Мяне.

56 Гэта ж усё адбылося, каб спраўдзіліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

НА СУДЗЕ СІНЕДРЫЕНА

57 А тыя, што схапілі Ісуса, завялі Яго да Каіафы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыны. Мар. 14, 53; Лук. 22, 54.

58 Пётр жа здалёку ішоў услед за Ім аж да першасвятаровага двара; і, увайшоўшы ўсярэдзіну, сеў са слугамі, каб убачыць канец.

59 А першасвятары і старэйшыны ды ўвесь сінедрыён шукалі фалынывых сведчанняў супроць Ісуса, каб пакараць смерцю. Пс. 26, 12; 34, 11; Мар. 14, 55.

60 I не знайшлі; і хоць шмат фальшывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі; а ўрэшце два фалыпывыя сведкі, прыйшоў- шы,

61 Сказалі: Гэты казаў: "магу зруйнаваць храм Божы і за тры дні збудаваць яго". Мац. 27, 40; Мар. 14, 58; Іаан. 2, 19.

62 Тады першасвятар, устаўшы, сказаў Яму: нічога не адказваеш, што гэтыя сведчаць супроць цябе?

63 Ісус жа маўчаў. I першасвятар сказаў Яму ў адказ: заклінаю Цябе жывым Богам, каб сказаў нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы. Іс. 53, 7; Дзеян. 8, 33.

64 Кажа яму Ісус: ты сказаў; да таго ж скажу вам: зараз вы пабачыце Сына Чалавечага, што будзе сядзець праваруч ад Сілы (Божай) і прыходзіць на воблаках нябесных. Пс. 109, 1; Дан. 7, 13; Мац. 16, 27; Іаан. 6, 62; Дзеян. 1, 11; Рым. 14, 11; 1 фес. 4, 16; Адк. 1, 7.

65 Тады першасвятар разарваў сваё адзенне, кажучы: Ен зневажае Бога! навошта нам яшчэ трэба сведкі? Вось цяпер вы чулі богазнявагу Яго!

66 Як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: варты смерці.

67 Тады яны пачалі пляваць Яму ў твар і таўклі Яго кулакамі; другія білі па шчоках, Іс. 50, 6; 53, 3.

68 Прыгаворваючы: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?

АДРАЧЭННЕ ПЯТРА

69 Пётр жа сядзеў на дварэ перад домам, і падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Ісусам Галілеянінам.

70 Ен жа адрокся перад усімі, сказаўшы; не ведаю, што ты кажаш. Мар. 14, 68.

71 А калі ён выходзіў з брамы, убачыла яго другая і кажа тым, што былі там: і гэты быў з Ісусам Назаранінам.

72 I зноў ён адрокся з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.

73 А трохі пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх, бо твая гаворка выдае цябе.

74 Тады ён пачаў клясціся і бажыцца: я не ведаю Гэтага Чалавека. I тут жа запяяў певень. Мар. 14, 72.

75 I ўспомніў Пётр сказанае яму Ісусам слова: перш чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. I, выйшаўшы адтуль, горка заплакаў.

 

--------------------------------

26, 7. Міра - алей, які выціскалі з нардавага кораня ў Індыі. Яно каштавала вельмі дорага, а таму захоўвалася і прадавалася ў наглуха закаркаванай пляшачцы.

26, 15. "Трыццаць срэбранікаў" - гэта была вызначаная Законам цана раба. Яе і даюць тут у знак знявагі да Хрыста.

26, 17. Дзень праснакоў - перад Пасхаю выпякалася маца; а гаспадар дома абходзіў усе памяшканні, аглядаючы, каб на Пасху не было нічога "кіслага" ў доме.

26, 28. Як некалі на Сінаі Майсей крывёю ахвяр змацоўваў прымірэнне між Богам і Яго народам, так на крыжы Ісус сваёю крывёю сцвярджае "новае" прымірэнне чалавека з Богам, аб чым казалі прарокі. Гэта кроў даравання, бо без крыві яго не бывае, а, з другога боку, чара, якую Ен дае выпіць вучням, сімвал Новага Запавету - новага духоўнага жыцця.

26, 48. "Каго пацалую" - пацалунак быў звычайным прывітаннем пры сустрэчы.

26, 53. Легіён - самае буйное злучэнне рымскай арміі з 6 000 воінаў.

26, 57. Іосіф Каіафа быў кіраўнічым першасвятаром з 18 па 37 г н. э.

 

 

 

Раздзел 27

ПІЛАТАЎ СУД; ЮДАВА СМЕРЦЬ

1 I калі надышла раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб пакараць Яго смерцю. Пс. 2, 2.

2 I, звязаўшы Яго, завялі і аддалі Яго Понцію Пілату, намесніку. Мар. 15, 1; Лук. 23, 1.

3 Тады Юда, Яго прадаўца, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,

4 Кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. А яны сказалі: што нам да таго? глядзі сам.

5 I, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся. Дзеян. 1, 18.

6 А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: нельга іх класці ў скарбніцу, бо гэта плата за кроў.

7 А, параіўшыся, купілі яны за іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў.

8 Вось чаму і завецца тое поле Полем Крыві аж да сённяшняга дня. Дзеян. 1, 19.

9 Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, плату Ацэненага, што ацанілі сыны Ізраілевы, Іер. 32, 9; Зах. 11, 12.

10 I далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад".

11 Ісус жа стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Ісус жа сказаў яму: ты кажаш. Мар. 15, 2; Лук. 23, 3; Іаан. 18, 37; 1 Цім. 6, 13.

12 I, калі першасвятары і старэйшына абвінавачвалі Яго, Ен нічога не адказваў. Мац. 26, 63.

13 Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, як шмат сведчаць супроць Цябе?

14 Ды Ен не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзівіўся.

15 Меў жа намеснік звычай на свята адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.

16 Быў жа тады вязень вядомы, што зваўся Варава.

17 Таму, калі яны сабраліся, Пілат ім сказаў: каго хочаце, каб я вам адпусціў: Вараву ці Ісуса, што завецца Хрыстос? Мац. 21, 11.

18 Бо ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго.

19 Калі ж ён сядзеў на судзейскім памосце, паслала да яго жонка яго сказаць: нічога не рабі Таму Праведніку; бо я

сёння шмат спакутавала ў сне з-за Яго.

20 Але першасвятары і старэйшыны падбілі народ, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць. Мар. 15, 11; Лук. 23, 18; Іаан. 18, 40; Дзеян. 3, 14.

21 Намеснік жа сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны ж сказалі: Вараву.

22 Пілат кажа ім: што ж мне рабіць з Ісусам, што завецца Хрыстос? Усе кажуць яму: укрыжаваць Яго!

23 А намеснік сказаў: што ж благое зрабіў Ен? Ды яны пачалі яшчэ мацней крычаць і казаць: укрыжаваць Яго!

24 Пілат жа, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца яшчэ большы неспакой, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, кажучы: я не вінаваты ў крыві Гэтага Праведніка; глядзіце самі.

25 I ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях.

26 Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса пасля бічавання выдаў каб укрыжавалі. Мар. 15, 15; Іаан. 19, 1.

ЦЯРНОВЫ ВЯНОК

27 Тады намеснікавы воіны, узяўшы Ісуса ў прэторыю', сабралі на Яго ўсю кагорту"

28 I, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч,

29 I, сплёўшы вянок з цярніны, паклалі Яму на галаву і далі мерны шост у правую руку; і, падаючы на калені перад Ім, насміхаліся з Яго, кажучы: радуйся ', цар Іудзейскі!

30 I, апляваўшы Яго, забралі шост і білі па галаве Яго.

31 I калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго пурпуровы плашч і адзелі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне.

УКРЫЖАВАННЕ ІСУСА ХРЫСТА

32 Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірынеяніна, які зваўся Сіман; яго і прымусілі ўзяць крыж Яго.

33 I, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць: Лобнае месца, Мар. 15, 22; Лук. 23, 33; Іаан. 19, 17; Яўр. 13, 12.

34 далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ен не захацеў піць. Пс. 68, 22.

35 А ўкрыжаваўшы Яго, яны падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя; Пс. 21, 19.

36 I, пасеўшы, яны пільнавалі Яго там.

37 I змясцілі над Яго галавою надпіс пра Яго віну: гэта - Ісус, Цар Іудзейскі.

38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч, а другога леваруч. Іс. 53, 12.

39 А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі Пс. 21, 8; 108, 25.

40 I кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе! калі ты Сын Божы, сыдзі з крыжа! Мац. 26, 61; Мар. 14, 58.

41 Падобна ж і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі:

42 Іншых ратаваў, а Сябе Самога не можа ўратаваць! Калі Ен Цар Ізраіля, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым Яму.

43 Спадзяваўся на Бога: няхай Ен цяпер выбавіць Яго, калі Ен Яму ўгодны. Бо казаў Ен: Я - Сын Божы. Пс. 21, 9, 18.

44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зневажалі Яго.

СМЕРЦЬ ІСУСА ХРЫСТА

45 Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі - аж да гадзіны дзевятай. Ам. 8, 9.

46 А каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі, элі, лема савахфані? гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! нашто Ты Мяне пакінуў? Пс. 21, 2; Мар. 15, 34.

47 Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэтае, казалі: Ен кліча Ілію.

48 I зараз жа адзін з іх пабег і ўзяў губку і, намачыўшы воцатам і насадзіўшы на мерны шост, даваў Яму піць. Пс. 68, 22; Іаан. 19, 29.

49 А другія казалі: пачакай, пабачым, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго.

50 Ісус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў дух.

51 I вось заслона храма разадралася на дзве часткі згары на дол, і зямля затрэслася, і каменне расселася. Зых. 26, 31; 2 Пар. 3, 14; Яўр. 10, 20.

52 I расчыніліся грабніцы, і паўставала шмат цел памерлых святых.

53 I, выйшаўшы з магіл пасля Яго ўваскрэсення, увайшлі ў святы горад і паказаліся шмат каму.

54 А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, моцна спалохаліся, кажучы: сапраўды Ен быў Сын Божы.

55 Было ж там шмат жанчын, якія прыглядваліся здалёку, і ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.

56 Між імі была Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іакава і Іосіі, і маці сыноў Зеведзеевых.

ПАХАВАННЕ ІСУСА ХРЫСТА

57 Калі ж настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, які зваўся Іосіф і які таксама быў Ісусавым вучнем; Мар. 15, 42; Лук. 23, 50; Іаан. 19, 38.

58 Гэты, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць цела.

59 I, узяўшы цела, Іосіф абкруціў яго чыстым палатном,

60 I паклаў яго ў сваёй новай грабніцы, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да дзвярэй грабніцы, пайшоў адтуль.

61 А Марыя Магдаліна і другая Марыя сядзелі там насупроць магілы.

ВАРТАВАННЕ МАГІЛЫ

62 На другі ж дзень пасля пятніцы сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата,

63 Кажучы: Пане! мы ўспомнілі, што той ашуканец яшчэ пры жыцці казаў: пасля трох дён уваскрэсну.

64 Дык загадай ахоўваць магілу аж да трэцяга дня; каб не прыйшлі Яго вучні ўночы і не ўкралі Яго і не сказалі народу: "Ен уваскрос з мёртвых"; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.

65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.

66 I яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.

 

--------------------------------

27, 1. "Зрабілі нараду" - начны сход паводле закона не меў юрыдычнай моцы.

27, 2. "Аддалі Яго Понцію Пілату, намесніку".- Са старажытных крыніц і надпісу, знойдзенага ў Кесарыі, вядома, што Пілат быў пракуратарам - асобаю, адказнай за збор падаткаў і кіраванне Іудзеяй. Яўрэі не мелі права выконваць прысуды смерці. Толькі пракуратар мог зацвярджаць іх, а выносіліся яны першасвятаром і сінедрыёнам.

27, 25. Традыцыйны выраз, які абазначаў, што абвінаваўцы бяруць на сябе адказнасць за прысуд.

27, 26. Рымскае бічаванне рабілася бізуном са свінцовымі шыпамі; яно звычайна папярэднічала ўкрыжаванню.

27, 28. Пурпуровая мантыя - пурпуровы колер быў адзнакаю імператара і членаў яго сям'і; толькі імператар мог насіць адзенне пурпуровага колеру, пісаць пурпуровым чарнілам і г. д.

27, 29. Цярновы вянок на Ісусавай галаве як бы сімвалізаваў царскую карону, а шост у правай руцэ - царскі скіпетр, сімвал улады.

27, 32. Кірынеянін - жыхар Кірынеі, альбо Кірэны, адной з абласцей Егіпта.

27, 33. Галгофа - ад арамейскага "гулголет": чэрап (адсюль Лобнае месца); узгорак, абрысамі падобны да чалавечага чэрапа.

27, 34. "Воцат, змяшаны з жоўцю" - пітво, якое давалі піць пры ўкрыжаванні, каб аблегчыць пакуты асуджаным.

27, 45. Г. зн. ад дванаццаці да пятнаццаці. Але гэта не было прыродным зацьменнем, бо тады была якраз поўня.

27, 51. Заслона аддзяляла свяцілішча, куды ўваходзілі святары, ад Святога Святых, куды мог уваходзіць толькі першасвятар раз на год у Дзень ачышчэння. Разадраная заслона азначала, што для ўсіх набожных адкрылася цяпер "новая і жывая дарога" ў прыстанішча самога Бога, без патрэбы ў іншых святарах, апроч аднаго Ісуса Хрыета.

27, 59. Плашчаніца - вялікі кавалак ільняной тканіны, у якую, паводле іудзейскага звычаю, закручвалі цела нябожчыка.

 

 

 

Раздзел 28

УВАСКРЭСЕННЕ ІСУСА ХРЫСТА. ПУСТАЯ МАГІЛА

1 А калі скончылася субота, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. Мар. 16, 1; Лук. 24, 1; Іаан. 20, 1.

2 I вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні сышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень ад уваходу і сеў на яго.

3 Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег;

4 I ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі і зрабіліся як мёртвыя.

5 Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса укрыжаванага. Мар. 16, 6.

6 Няма Яго тут; бо Ен уваскрос, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад. Мац. 12, 40; 16, 21; 17, 23.

7 Ды ідзіце хутка і скажыце Яго вучням, што Ен уваскрос з мёртвых; і вось папярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам. Мац. 26, 32; Мар. 14, 28; Іаан. 21, 1; Дзеян. 1, 3; 10, 41; 1 Кар. 15, 5.

ІСУС СУСТРАКАЕ ЖАНЧЫН

8 Яны ж, паспешна пайшоўшы ад магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі абвясціць Яго вучням.

9 I вось Ісус сустрэў іх, кажучы: радуйцеся! Яны ж, падышоўшы, абнялі Яго ногі і пакланіліся Яму. Мар. 16, 9; Іаан. 20, 14.

10 Тады кажа ім Ісус: не бойцеся; ідзіце, абвясціце Маім братам, каб пайшлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне. Іаан. 20,17; Яўр. 2, 11.

ПЕРШАСВЯТАРЫ I СТАРЭЙШЫНЫ ПАДКУПЛЯЮЦЬ ВАРТУ

11 А калі яны пайшлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, расказалі першасвятарам пра ўсё, што адбылося.

12 I яны, сабраўшыся са старэйшынамі і дамовіўшыся, далі немалыя грошы воінам,

13 Кажучы: гаварыце, што Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі.

14 А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы яго ўгаворым і выбавім вас ад клопату.

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. I разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга дня.

ІСУС У ГАЛІЛЕІ; ВЯЛІКАЕ ДАРУЧЭННЕ АПОСТАЛАМ

16 Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус.

17 I, убачыўшы Яго, яны пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.

18 Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі. Мац. 11, 27; Лук. 1, 32; Іаан. 3, 35; 13, 3; 17, 2; 1 Пят. 3, 22; Рым. 14, 9; Еф. 1, 10; Філ. 2, 9; Кал. 1, 16; Яўр. 2, 8; Адк. 19, 16.

19 Таму ідзіце, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысцячы людзей у імя Айца, і Сына, і Святога Духа.

20 Вучачы іх выконваць усё, што Я даручыў вам. I вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэння веку. Амін.



Пераклад: Анатоль Клышка
Тэкст падаецца паводле выдання: часопіс "Спадчына", 1989-1992
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Яўген Бартніцкі