epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пявун-звон

Гадоў сотню, мо і болей таму, на беразе гэтага возера высіліся манастырскія муры. І даўней, як цяпер, людское жыццё не далятала да гэтых берагоў. Толькі птушкі пяялі тутака ў летнюю пару ды вольны вецер гуляў на прасторы.

Адзін манастырскі звон гудзеў, разліваючыся ў паветры. Далёка навокал ляцелі прыгожыя гукі. І сціхала ўсё, слухаючы яго. Птушкі раптам абрывалі сваю песню. Сціхалі ў траве скакуны. Слухаў у імшары воўк. Нават вецер і той супакойваўся, хаваючыся ў гушчары. Так чароўна звінеў манастырскі звон. Манахі празвалі яго певуном. Доўгі час званіў так пявун на высокай вежы сярод манастырскага двору. Доўга ратавалася ў такой цішы шмат манахаў. Але неўзабаве заглянулі ў манастырскія муры трывожныя весткі.

— Ідуць французы.

Дзе пройдуць яны, ні-ні не застаецца, ніводнае чалавечае душы, ніводнае будыніны, усё нішчыць іх меч і агонь.

Зышліся манахі на манастырскія двары і, памаліўшыся богу, пачалі раіцца, што рабіць. Доўга не маглі яны нічога прыдумаць, але вось выйшаў з грамады стары манах і пачаў гаварыць:

— Браты, захаваем увесь манастырскі скарб, а певуна аддадзім хвалям гэтага возера на захаванне і самі разойдземся хто ў які бок.

На гэта згадзіліся ўсе манахі.

Як узышло сонца на другі дзень, ужо ўвесь манастырскі скарб быў пахаваны, заставалася зняць певуна. Ізноў зышліся манахі на двары і, памаліўшыся богу, пачалі знімаць звон з вежы, на якой ён вісеў ужо колькі вякоў. І астатні раз з медных грудзей вырваўся чароўны кліч і заціх недзе далёка-далёка... Горка заплакалі манахі і панеслі звон да возера. Астатні раз пачуліся яго зыкі ў паветры, і пявун ціха апусціўся ў ваду. Манахі, сказаўшы певуну «прасці», разышліся ў розныя канцы свету.

І цяпер, кажуць, калі прыйсці перад усходам сонца да гэтага возера, дык чутна, як звоніць з вады пявун-звон.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан