epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Першае Пасланне да Карынцянаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-31)
2 (1-16)
3 (1-23)
4 (1-21)
5 (1-13)
6 (1-20)
7 (1-40)
8 (1-13)
9 (1-27)
10 (1-33)
11 (1-34)
12 (1-31)
13 (1-13)
14 (1-40)
15 (1-58)
16 (1-24)


1 (1-31)

1Павел, воляй Божай пакліканы быць апосталам Езуса Хрыста, і брат Састэн 2да Касцёла Божага ў Карынце, да асвячаных у Хрысце Езусе, пакліканых да святасці разам з усімі, хто ў кожным месцы заклікае імя Пана нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага. 3Ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

4Заўсёды дзякую Богу майму за вас дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. 5Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем. 6Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, 7што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста. 8Ён таксама ўмацуе вас да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста. 9Верны ёсць Бог, які паклікаў вас да еднасці з Ягоным Сынам, Езусам Хрыстом, Панам нашым.

10Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні. 11Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі. 12Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: «Я – Паўла», «Я – Апалоса», «Я – Кефаса», «А я – Хрыста».

13Хіба падзяліўся Хрыстус? Хіба Павел быў укрыжаваны за вас, або ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя? 14Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысціў, апрача Крыспа і Гая, 15каб не сказаў хто, што ў маё імя быў ахрышчаны. 16Ахрысціў я таксама дом Стэфанаса, а ці ахрысціў яшчэ каго, не ведаю. 17Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Евангелле, і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным крыжа Хрыстовага.

18Для тых, хто гіне, слова аб крыжы – гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, – гэта моц Божая. 19Бо напісана: «Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных».

20Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасць свету ў глупства? 21Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых. 22Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. 23Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў – згаршэнне, для язычнікаў – глупства, 24а для тых, хто пакліканы, юдэяў і грэкаў, Ён – Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. 25Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

26Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат [сярод вас] мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат шляхетнага паходжання. 27Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных; 28і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма, выбраў Бог, каб знішчыць існае, 29каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам. 30Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і асвячэннем, і адкупленнем, 31каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану».

 

2 (1-16)

1Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам таямніцу Божую ўзнёслым словам ці мудрасцю. 2Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага. 3І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. 4А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, 5каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.

6Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, а не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету. 7Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для славы нашай. 8Ніхто з князёў гэтага свету не пазнаў яе; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы. 9Але, як напісана: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго».

10Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, нават у глыбіні Божыя. 11Бо хто з людзей ведае чалавечае, акрамя духа чалавека, які ў ім самім? Так і Божага не ведае ніхто, акрамя Духа Божага. 12Мы ж прынялі не духа свету, але Духа ад Бога, каб ведаць тое, што нам падаравана Богам. 13І мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці, але навучаныя Духам, і тлумачым духоўнае пры дапамозе духоўнага. 14Цялеcны ж чалавек не прымае [таго, што] ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. 15А духоўны чалавек можа

16Бо хто пазнаў розум Пана,

каб павучаць Яго?

Мы ж маем розум Хрыстовы.

 

3 (1-23)

1І я, браты, не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце. 2Я карміў вас малаком, а не цвёрдай ежай, бо вы яшчэ не маглі, ды і цяпер яшчэ не можаце, 3таму што вы яшчэ цялесныя. Калі сярод вас ёсць зайздрасць і спрэчкі, ці ж не цялесныя вы і ці ж не паступаеце, як людзі?

4Бо, калі адзін кажа: «Я – Паўла», а другі: «Я – Аполаса», ці ж не цялесныя вы? 5Бо хто такі Аполас? Хто такі Павел? [Гэта] слугі, праз якіх вы паверылі, як кожнаму даў Пан. 6Я садзіў, Аполас паліваў, але ўзрасціў Бог. 7Таму неістотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне. 8Хто садзіць і хто палівае – гэта адно, і кожны атрымае ўзнагароду сваю паводле працы сваёй. 9Бо мы – супрацоўнікі Божыя, а вы – Божая ніва, будоўля Божая.

10Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, 11бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус. 12А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы, 13пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. 14Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. 15А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь. 16Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? 17Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй вы з’яўляецеся.

18Няхай ніхто не падманвае самога сябе. Калі хто з вас лічыць сябе мудрым у гэтым свеце, няхай будзе неразумным, каб стаць мудрым. 19Бо мудрасць гэтага свету – глупства ў Бога. Таму што напісана:

«Ён ловіць мудрых на хітрасці іхняй».

20І яшчэ:

«Пан ведае думкі мудрых

і тое, што яны марныя».

21Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: 22ці Павел, ці Аполас, ці Кефас, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае – усё вашае, 23вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога.

 

4 (1-21)

1Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. 2Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным. 3Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. 4Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто судзіць мяне! 5Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. І тады кожны атрымае пахвалу ад Бога.

6Браты, дзеля вас я аднёс гэта да самога сябе і Аполаса, каб вы навучыліся ад нас не выходзіць па-за тое, што напісана, каб вы не ўзвышаліся адзін над адным. 7Бо хто робіць цябе адрозным? Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?

8Вы ўжо насыціліся, ужо ўзбагаціліся і пачалі валадарыць без нас. І няхай бы валадарылі, каб мы таксама пачалі валадарыць разам з вамі. 9Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, як людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей. 10Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы слабыя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны. 11Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і смагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому 12і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім; 13калі нас зневажаюць, мы молімся. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль.

 

14Я пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы вас як сваіх умілаваных дзяцей. 15Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе. 16Дык прашу вас, наследуйце мяне! 17Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсць дзіцем маім умілаваным і верным у Пану, каб ён напомніў вам шляхі мае ў Хрысце Езусе, як я ўсюды навучаю ў кожным Касцёле.

18Паколькі я не прыходжу да вас, [то] некаторыя з вас заганарыліся. 19Але я хутка прыйду да вас, калі захоча Пан, і распазнаю не словы ганарыстых, але [іх] моц, 20бо Валадарства Божае не ў слове, а ў моцы. 21Чаго хочаце? Каб з кіем я прыйшоў да вас ці з любоўю і ў духу лагоднасці?

 

5 (1-13)

1Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў, што нехта жыве з бацькавай жонкай. 2Але вы заганарыліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя? 3Адсутны целам, але прысутны духам, я, быццам прысутны, ужо асудзіў таго, хто ўчыніў гэта, 4у імя нашага Пана Езуса. Вы, сабраўшыся разам у духоўнай лучнасці са мною, моцаю нашага Пана Езуса 5павінны выдаць такога чалавека сатане на згубу цела, каб ягоны дух мог збавіцца ў дзень Пана.

6Вашае выхвалянне недарэчы. Ці ж не ведаеце, што малая закваска квасіць усё цеста? 7Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя. Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас! 8Таму будзем святкаваць не ў старой заквасцы – заквасцы зла і подступу – але ў прэсным хлебе чыстасці і праўды.

9Я напісаў вам у пасланні, каб вы не вадзіліся з распуснікамі. 10Ды не наогул з распуснікамі гэтага свету, ці хабарнікамі, ці драпежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо тады вам трэба было б пакінуць гэты свет! 11Цяпер жа я напісаў вам не вадзіцца з тымі, хто, называючы сябе братам, з’яўляецца распуснікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоннікам, ці паклёпнікам, ці п’яніцаю, ці рабаўніком. З такім нават не ешце разам. 12Бо навошта мне судзіць тых, хто звонку? Ці не тых, што сярод вас, судзіце вы? 13Тых, што звонку, асудзіць Бог. Дык выдаліце нягодніка, які сярод вас!

 

6 (1-20)

1Як адважваецца нехта з вас, маючы справу супраць іншага, судзіцца перад несправядлівымі, а не перад святымі? 2Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет? А калі вы асуджаеце свет, то ці ж не вартыя вы судзіць у нязначных справах? 3Хіба не ведаеце, што мы будзем судзіць анёлаў, ужо не кажучы пра жыццёвыя справы?

4Аднак вы, калі разбіраеце жыццёвыя справы, ці не прызначаеце суддзямі тых, хто ў Касцёле нічога не значыць? 5На сорам ваш кажу [гэта]! Няўжо сярод вас няма нікога мудрага, хто б мог рассудзіць паміж сваімі братамі? 6Але брат судзіцца з братам, і гэта перад няверуючымі? 7Наогул ганебна для вас само тое, што вы судзіцеся паміж сабою! Ці не лепш вам цярпець несправядлівасць? Ці не лепш вам застацца ашуканымі? 8Але вы самі крыўдзіце і ашукваеце, і пры гэтым братоў! 9Хіба не ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае? Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, 10ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае.

11І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але вы былі асвячаныя, але вы былі апраўданыя ў імя Пана Езуса Хрыста і ў Духу Бога нашага!

12Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць. 13Ежа для чэрава, і чэрава для ежы, але Бог знішчыць тое і другое. Цела не для распусты, але для Пана, і Пан для цела. 14Бог уваскрасіў Пана і нас уваскрасіць сваёй моцаю.

15Хіба не ведаеце, што целы вашыя – гэта члены Хрыстовыя? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, учыню іх членамі распусніцы? Канешне, не! 16Ці ж не ведаеце, што, хто злучаецца з распусніцай, з’яўляецца адным целам [з ёю]? Бо, як сказана, двое будуць адным целам. 17А той, хто злучаецца з Панам, становіцца адным духам з Ім. 18Уцякайце ад распусты. Усялякі грэх, які чыніць чалавек, ёсць па-за целам, а распуснік грашыць супраць уласнага цела. 19Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? 20Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым.

 

7 (1-40)

1Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны. 2Але, [каб пазбегнуць] распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.

3Муж няхай выконвае [свой] абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа. 4Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка. 5Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на [нейкі] час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз няўстрыманасць вашую. 6Кажу гэта як параду, а не як загад. 7Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.

8Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я, 9але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць [пажадлівасцю].

10Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа. 11Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца з мужам [сваім]. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.

12Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе. 13Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго, 14бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і жонка няверуючая асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя. 15Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан. 16Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?

17Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, [да чаго] кожнага паклікаў Пан. І гэтак я загадваю па ўсіх Касцёлах. 18Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца! 19Абразанне – нішто, і неабразанне – нішто, але лічыцца выкананне запаведзяў Божых. 20Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы. 21Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага! 22Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста. 23Вы куплены [дарагой] цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей. 24Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.

25Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу. 26Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім. 27Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе. 28Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас. 29Я кажу вам, браты, што заканчваецца час. 30Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае. 31І тыя, хто карыстаецца светам, як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету. 32Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. 33А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, 34і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу. 35Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы прыстойна і вытрывала служылі Пану.

36Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць: няхай жэняцца. 37Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра. 38Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.

39Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану. 40Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.

 

8 (1-13)

1Вядома, пра ахвяры ідалам, мы ўсе маем пазнанне. Але пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе. 2Калі хто думае, што пазнаў нешта, той яшчэ не пазнаў як належыць. 3А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму. 4Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго. 5Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў, 6то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога [паходзіць] усё і мы [існуём] для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы праз Яго.

7Але не ва ўсіх [ёсць] гэтае пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца. 8Аднак ежа не набліжае нас да Бога, бо ці ямо, не становімся лепшымі, ці не ямо, не становімся горшымі. 9Але глядзіце, каб вашая свабода не стала прычынай упадку для слабых. 10Бо, калі хто ўбачыць, што ты, маючы пазнанне, сядзіш за сталом сярод язычніцкіх ідалаў, то ці яго сумленне, будучы слабым, не заахвоціцца есці ахвяры, [прынесеныя] ідалам? 11Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус. 12Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце слабое сумленне іхняе, вы грашыце супраць Хрыста. 13Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не спакусіў брата майго да граху.

 

9 (1-27)

1Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не бачыў Езуса Хрыста, Пана нашага? Ці не мая вы справа ў Пану? 2Калі для іншых я не Апостал, то для вас [Апостал], бо пячатка майго апостальства – вы ў Пану. 3Вось такі адказ мой тым, што судзяць мяне. 4Ці мы не маем права есці ды піць? 5Ці не маем права мець спадарожніцаю сястру, жонку, як і іншыя Апосталы, і браты Пана, і Кефас? 6Ці адзін я і Барнаба не маем права не працаваць?

7Хто калі-небудзь служыў у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасвіць статак і не есць малака ад статку? 8Ці я па-чалавечы гавару гэта? Хіба не кажа гэта і Закон? 9Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, што малоціць». Ці аб валах клапоціцца Бог? 10Ці не дзеля нас увогуле кажа? Бо дзеля нас напісана, што араты павінен араць з надзеяй, і малацьбіт [малаціць] з надзеяй, што [атрымае] частку. 11Калі мы пасеялі ў вас духоўнае [дабро], ці вялікая [рэч], калі пажнем у вас цялеснае? 12Калі іншыя маюць права над вамі, то мы тым больш? Аднак, мы не скарысталі з гэтага права, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якой перашкоды Евангеллю Хрыстоваму. 13Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка? 14Так і Пан загадаў тым, хто абвяшчае Евангелле, жыць з Евангелля.

15Але я нічым з гэтага не карыстаўся. Напісаў жа гэта не для таго, каб так сталася для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым… Гэтага гонару майго ніхто не знішчыць. 16Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. 17Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай волі, то выконваю даручаны абавязак. 18Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, [дадзеным] мне праз яго абвяшчэнне.

19Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш. 20Для юдэяў я стаў, як юдэй, каб здабыць юдэяў. Для тых, хто падпарадкоўваецца Закону, я стаў як той, хто падпарадкоўваецца Закону (хоць сам не быў пад Законам), каб здабыць падпарадкаваных Закону. 21Хоць маю Закон Божы, але згодны з Законам Хрыста, я стаў для тых, хто не мае Закону, як той, хто не мае Закону, каб здабыць тых, хто не мае Закону. 22Для нядужых я стаў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. 23Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

24Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць [яе]. 25Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы – незнішчальны. 26Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра; 27але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.

 

10 (1-33)

1Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам і ўсе прайшлі праз мора, 2і ўсе акунуліся за Майсеем у воблаку і ў моры, 3і ўсе елі тую самую духоўную ежу, 4і ўсе пілі той самы духоўны напой, бо пілі з духоўнай скалы, што спадарожнічала ім, а скалою быў Хрыстус. 5Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.

6Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі дрэннага, як жадалі яны. 7Не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, як напісана: «Народ сеў, каб есці і піць, ды ўстаў забаўляцца». 8Не будзем распуснічаць, як некаторыя з іх распуснічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы. 9I не выпрабоўвайце Хрыста, як некаторыя з іх выпрабоўвалі і загінулі ад змеяў. 10Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубніка. 11Гэта здарылася з імі як прыклад, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў. 12Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці. 13Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць.

14Мае ўмілаваныя, уцякайце ад ідалапаклонства. 15Я гавару вам як разумным, а вы разважце самі, што кажу. 16Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? 17Адзін ёсць хлеб, адно цела – мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба. 18Глядзіце на Ізраэль паводле цела: ці тыя, хто спажывае ахвяры, не з’яўлюцца супольнікамі алтара?

19Што ж кажу я? Ці ахвяра ідалам мае значэнне? Або ідал мае значэнне? 20Не, бо тое, што ахвяруюць, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў. 21Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў. Не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў. 22Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

23Усё можна, але не ўсё карысна. Усё можна, але не ўсё будуе. 24Няхай ніхто не шукае свайго, але таго, што [карысна] для іншага. 25Усё, што прадаецца на рынку, ешце без дакораў сумлення, 26бо Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.

27Калі хто з няверуючых запрашае вас, і вы хочаце пайсці, ешце ўсё, што дадуць, без дакораў сумлення. 28Аднак, калі хто скажа вам: «Гэта ахвяра са святыні», не ешце з увагі на таго, хто [гэта] вам сказаў, і дзеля сумлення. 29Кажу не пра вашае сумленне, а таго чалавека. Бо дзеля чаго маю свабоду будзе асуджаць чыёсьці сумленне? 30Калі я з удзячнасцю прымаю [ежу], то чаму асуджаюць мяне за тое, што я дзякую?

31Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. 32Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, 33як і я стараюся дагадзіць усім ва ўсім, шукаючы не сваёй карысці, але [карысці] многіх, каб яны былі збаўленыя.

 

11 (1-34)

1Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.

2Хвалю вас, што вы памятаеце пра мяне і захоўваеце тое, што я пераказаў вам. 3Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны – Хрыстус, галава жанчыны – мужчына, а Хрысту галава – Бог. 4Кожны мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сябе. 5І кожная жанчына, што моліцца або прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сябе, бо [выглядае], як аголеная. 6Калі жанчына не пакрывае [галавы], то няхай і абстрыжэцца. Калі стрыгчыся ці галіцца жанчыне сорам, няхай пакрывае [сваю галаву].

7Мужчына не павінен пакрываць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж – адлюстраванне хвалы мужчыны. 8Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны. 9I не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, але жанчына дзеля мужчыны. 10Таму жанчына павінна мець на галаве [знак] улады над ёю з увагі на анёлаў. 11Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны. 12Бо, як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсё ад Бога. 13Мяркуйце самі: ці належыць, каб жанчына малілася Богу з непакрытаю галавою? 14Або ці сама прырода не вучыць нас, што, калі мужчына адрошчвае валасы, то ганьба яму. 15Але, калі жанчына адрошчвае валасы, для яе гэта гонар, бо валасы дадзены ёй замест пакрыцця. 16А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы не маем такога звычаю, ні Касцёлы Божыя.

17Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. 18Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам як Касцёл, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я часткова веру. 19Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас. 20Таму, калі вы збіраецеся дзеля гэтага, то гэта не спажыванне Вячэры Пана, 21бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак. І адзін застаецца галодным, а другі п’янее. 22Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю!

23Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, 24узнёс падзяку, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». 25Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: «Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць». 26Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе. 27Таму той, хто будзе есці хлеб гэты ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты [ў граху супраць] Цела і Крыві Пана. 28Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты хлеб і п’е з гэтага келіха. 29Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне. 30Праз гэта сярод вас многа слабых ды хворых, і даволі памірае. 31Бо, калі б мы судзілі саміх сябе, то не былі б асуджанымі. 32Калі ж судзіць нас Пан, то дакарае нас, каб мы не былі асуджаныя разам са светам.

33Таму, браты мае, калі збіраецеся на пасілкі, чакайце адзін аднаго. 34Калі хто галодны, няхай есць дома, каб вы не збіраліся на асуджэнне. Іншыя справы вырашу, калі прыйду.

 

12 (1-31)

1Аб духоўных [справах], браты, не хачу [пакінуць] вас у няведанні. 2Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных. 3Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.

4Розныя ёсць дары, але той самы Дух. 5Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. 6Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. 7Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. 8Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; 9іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу; 10іншаму – моц чыніць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моваў. 11А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.

12Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. 13Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам. 14Цела – гэта не адзін член, але шмат. 15Калi скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то цi ж яна не належыць да цела? 16І калi скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела? 17Калi ўсё цела – гэта вока, то дзе ж слых? Калi ўсё слых, то дзе нюх? 18Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў. 19А калi б усе былi адным членам, то дзе цела? 20Цяпер жа членаў шмат, але цела адно. 21Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», цi таксама галава – нагам: «Вы мне не патрэбныя!» 22Але ж члены цела, якiя здаюцца найслабейшымi, нашмат больш патрэбныя. 23І тыя, якiя лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным [мы надаём] больш прыстойнасці, 24бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану, 25каб не было падзелу ў целе, але каб [усе] члены рупiлiся адзін аб адным. 26Таму, калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены; калi праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе часткі. 27Вы ж – цела Хрыстовае, а паасобку – члены.

28Адных Бог паставiў у Касцёле найперш Апосталамi, другіх – прарокамi, трэцiх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. 29Цi ўсе Апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? 30Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць? 31Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.

 

13 (1-13)

1Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы.

2І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто.

3І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.

4Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, 5не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, 6не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. 7Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

8Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. 9Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, 10а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. 11Калі я быў дзіцём, то па-дзіцячаму гаварыў, па-дзіцячаму думаў, па-дзіцячаму разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. 12Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады – тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

13А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.

 

14 (1-40)

1Імкніцеся да любові; клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб [дары] прароцтва. 2Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. Ніхто не разумее яго, бо ён пра таямнічае гаворыць. 3А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне. 4Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць, будуе Касцёл. 5Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб вы прарочылі, бо большы той, хто прарочыць, чым той, хто гаворыць мовамі, хіба што ён будзе тлумачыць дзеля будавання Касцёла.

6Цяпер, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду прамаўляць да вас праз аб’яўленне, пазнанне, прароцтва і навучанне? 7Бо і бяздушныя інструменты, ці то жалейка, ці гуслі, калі не даюць адрозных гукаў, то як распазнаць, што іграюць на жалейцы ці на гуслях? 8I, калі труба будзе выдаваць невыразны гук, хто пачне рыхтавацца да вайны? 9Так і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, як пазнаюць, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер. 10Колькі, напрыклад, ёсць разнастайных гукаў на свеце, і ўсе яны розныя. 11Калі я не разумею значэння гуку, то буду чужынцам таму, хто гаворыць, і для мяне той, хто гаворыць, чужынец.

12Так і вы, калі рупіцеся аб духоўных [дарах], старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла. 13Таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб умеў тлумачыць. 14Бо, калі я малюся на мовах, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным. 15Што ж рабіць? Буду маліцца духам і буду маліцца розумам, буду спяваць духам і буду спяваць розумам. 16Бо, калі ты будзеш благаслаўляць у духу, то як неўтаямнічаны скажа «Амэн!» на тваё дзякаванне, калі не ведае, што кажаш? 17Ты хораша дзякуеш, але не будуеш другога. 18Дзякую Богу, што больш за ўсіх вас гавару мовамі, 19але ў Касцёле хачу сказаць лепш пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на мовах.

20Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі.

21У Законе напісана:

«Іншымі мовамі і іншымі вуснамі

буду гаварыць да народу гэтага,

але і тады не паслухаюць Мяне», –

кажа Пан. 22Так што мовы з’яўляюцца знакам не для веруючых, але для няверуючых; прароцтва ж не для няверуючых, але для веруючых. 23Калі б увесь Касцёл сабраўся разам, і ўсе пачалі гаварыць мовамі, то калі ўвойдуць неўтаямнічаныя ці няверуючыя, ці не скажуць яны, што вы вар’яты? 24Калі б усе прарочылі, і ўвайшоў бы няверуючы ці неўтаямнічаны, то ўсімі ён будзе дакараны, усімі асуджаны, 25і тайны сэрца яго выявяцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, кажучы: «Сапраўды, з вамі Бог!»

26Што ж рабіць, браты? Калі вы збіраецеся разам, то кожны [ці] спявае, [ці] навучае, [ці] мае аб’яўленне, [ці] мову, [ці] тлумачэнне – усё гэтае няхай будзе на будаванне. 27Калі хто гаворыць мовамі, гаварыце па двое, ці найбольш па трое, ды па чарзе, а адзін няхай тлумачыць. 28Калі ж няма таго, хто тлумачыць, няхай у Касцёле маўчаць. Няхай гавораць сабе і Богу. 29I прарокі няхай гавораць па двое ці па трое, іншыя няхай разважаюць. 30Калі ж другому з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, то першы няхай маўчыць. 31Бо ўсе паасобку можаце прарочыць, каб усе вучыліся і ўсе заахвочаныя былі суцешаныя. 32Нават духі прарочыя падпарадкаваныя прарокам, 33бо Бог не ёсць [Богам] бязладдзя, але спакою.

Як ёсць ва ўсіх Касцёлах паміж святымі, 34жанчыны ў Касцёлах няхай маўчаць, бо не дазволена ім гаварыць, але няхай будуць падпарадкаваныя, як і кажа Закон. 35Калі хочуць чаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчыне гаварыць у Касцёле.

36Ці ад вас выйшла слова Божае, або ці да вас адных дайшло? 37Калі хто лічыць, што ён прарок ці [мае іншы дар] духоўны, няхай прызнае, што тое, пра што я пішу вам, – гэта запаведзь Пана. 38Хто [гэтага] не прызнае, сам будзе непрызнаны. 39Таму, браты мае, старайцеся прарочыць і не забараняйце [гаварыць] мовамі. 40Няхай усё адбываецца прыстойна і згодна з парадкам.

 

15 (1-58)

1Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, 2і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі! 3Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і 4што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, 5і што з’явіўся Кефасу, а потым – Дванаццаці. 6Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі. 7Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. 8Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду. 9Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы. 10Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за ўсіх іх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною. 11Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

12Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з памерлых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых? 13Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! 14А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная. 15Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць. 16Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос. 17А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых. 18Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі. 19Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.

20Але Хрыстус уваскрос з памерлых, Першынец сярод тых, якія памерлі. 21Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека – і ўваскрашэнне памерлых. 22Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. 23Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага. 24Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу. 25Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае. 26Як апошні вораг будзе знішчана смерць, 27бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё. 28Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца Таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.

29Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны і хрысцяцца за іх? 30Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку? 31Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым! 32Калі я, як нявольнік, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром. 33Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі. 34Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя [з вас] не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.

35Хто-небудзь скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»36 37Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ. Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага. 38Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела. 39Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб. 40Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая – зямных. 41Іншая слава сонца, і іншая – месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай. 42Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, устае ў нятленнасці. 43Сеецца ў пагардзе, устае ў славе. Сеецца ў слабасці, устае ў моцы. 44Сеецца цела зямное, устае цела духоўнае.

Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае. 45Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам – жыватворным духам. 46Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае. 47Першы чалавек з зямлі, ёсць пылам; другі Чалавек – з неба. 48Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя. 49І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага. 50Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.

51Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя, 52адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, і памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся. 53Бо трэба, каб тое, што тленнае, апранулася ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранулася ў несмяротнасць. 54Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а тое, што смяротнае, апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова:

«Перамога паглынула смерць.

55Cмерць, дзе твая перамога?

Смерць, дзе тваё джала?»

56Джала смерці – грэх, а сіла граху – Закон. 57Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста. 58Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.

 

16 (1-24)

1Што датычыць складкі для святых, то рабіце і вы так, як я ўстанавіў у Касцёлах Галатыі. 2У першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае штосьці ў сябе, калі яму добра вядзецца, каб не збіраць складкі тады, як я прыйду. 3Калі ж прыйду, то тых, каго вы выберыце, пашлю з лістамі, каб аднеслі ваш дар у Ерузалем. 4А калі неабходна будзе і мне пайсці, то пойдуць са мною.

5Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію. 6У вас, магчыма, затрымаюся, або нават і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду. 7Бо не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходам, але спадзяюся прабыць у вас трохі часу, калі Пан дазволіць. 8У Эфесе затрымаюся аж да Пяцідзесятніцы, 9бо для мяне адчынены вялікія і шырокія дзверы, і шмат ёсць праціўнікаў. 10Калі прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб быў у вас бяспечны, бо ён працуе для справы Пана, як і я. 11Таму няхай ніхто не пагарджае ім. Правядзіце яго ў спакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі. 12Што да брата Аполаса, то я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас. Ды наогул ён не меў ахвоты ісці цяпер, але прыйдзе, калі яму будзе зручна.

13Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужнымі і моцнымі. 14Усё ў вас няхай у любові робіцца. 15Прашу вас, браты: вы ведаеце сям’ю Стэфана, што яна – першы плод Ахайі, і што яны аддалі сябе на служэнне святым. 16Таму і вы будзьце паслухмянымі такім ды кожнаму, хто садзейнічае [вам] і цяжка працуе. 17Я рады прыйсцю Стэфана, Фартуната і Ахаіка, бо яны запоўнілі для мяне вашую адсутнасць. 18Яны падтрымалі мяне і вас на духу. Таму шануйце такіх.

19Вітаюць вас усе Касцёлы Азіі. Вітае вас шчыра ў Пану Аквіла і Прысцыла разам з Касцёлам, які збіраецца ў іх доме. 20Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.

21Гэта ўласнаручнае маё, Паўла, прывітанне. 22Калі хто не любіць Пана, няхай будзе выключаны [з супольнасці]. Марана та!

23Ласка Пана Езуса [няхай будзе] з вамі. 24Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Езусе.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-I-ad-Corinthios.pdf
Крыніца: catholic.by