epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Першае Пасланне святога Яна

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-10)
2 (1-29)
3 (1-24)
4 (1-21)
5 (1-21)


1 (1-10)

1Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, — 2бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — 3тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. 4Гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай. 5Навіну, якую мы пачулі ад Яго, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры.

6Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе. 7А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху.

8Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. 9Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. 10Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага.

 

2 (1-29)

1Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, Езуса Хрыста справядлівага. 2Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.

3Па тым даведваемся, што мы пазналі Яго, калі захоўваем Ягоныя запаведзі. 4Хто кажа: «Я ведаю Яго», — а не захоўвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды. 5А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. 6Хто кажа, што жыве ў Ім, павінен паступаць так, як Ён паступаў.

7Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. 8Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо яснее. 9Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. 10Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. 11А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.

12Пішу вам, дзеці, бо адпушчаны вам грахі дзеля імя Ягонага. 13Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога. 14Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.

15Не любіце свету, ні таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. 16Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету. 17І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.

18Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў. Па гэтым мы і пазнаём, што настала апошняя гадзіна. 19Яны выйшлі ад нас, але не належалі да нас. Бо калі б яны належалі да нас, то заставаліся б з намі. Але сталася гэта, каб выявілася, што яны не належаць да нас. 20Вы ж маеце намашчэнне ад Святога і ўсё ведаеце. 21Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсялякі фальш не ад праўды. 22Хто ілгун, калі не той, хто пярэчыць, што Езус — гэта Месія? Той антыхрыст, хто адракаецца ад Айца і Сына. 23Кожны, хто адракаецца ад Сына, не мае і Айца, а хто вызнае Сына, мае і Айца.

24Тое, што вы чулі ад пачатку, няхай жыве ў вас. Калі жыве ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце жыць у Сыне і Айцу. 25Абяцанне ж, якое Ён даў нам, гэта вечнае жыццё.

26Напісаў я гэта вам пра тых, хто зводзіць вас. 27А намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас жыве, і вы не патрабуеце, каб хтосьці вучыў вас. Але паколькі само намашчэнне вучыць вас усяму, будучы праўдзівым і неілжывым, то ў тым, чаму навучыла вас, жывіце.

28Цяпер, дзеці, жывіце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не былі асаромленыя перад Ім у час Ягонага прыйсця. 29Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто чыніць справядлівасць, народжаны ад Яго.

 

3 (1-24)

1Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі! Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. 2Умілаваныя, цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць.

3І кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны. 4Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне. 5Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху. 6Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

7Дзеці, няхай ніхто не зводзіць вас. Хто чыніць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён ёсць справядлівым. 8Хто чыніць грэх — той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла. 9Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Ягонае жыве ў ім, і ён не можа грашыць, бо народжаны ад Бога.

10Па гэтым можна пазнаць дзяцей Божых і дзяцей д’ябла: кожны, хто чыніць несправядлівасць, той не ад Бога, як і той, хто не любіць брата свайго.

11Такая ёсць воля Божая, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго. 12Не так, як Каін, які быў ад злога і забіў свайго брата. А дзеля чаго забіў яго? Бо ўчынкі яго былі дрэнныя, а брата ягонага — справядлівыя.

13І не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас. 14Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці. 15Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе жыцця вечнага.

16Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. 17Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім? 18Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. 19І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы. 20Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё. 21Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам. 22Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.

23А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам. 24І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Бог у ім. І па Духу, якога даў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас.

 

4 (1-21)

1Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце. 2Па гэтым распазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога. 3І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце. 4Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. 5Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх. 6Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.

7Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. 8Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў. 9Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. 10У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

11Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. 12Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. 13Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад Духа свайго. 14І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. 15Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. 16І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

17У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагу ў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце. 18У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.

19Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас. 20Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць. 21І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

 

5 (1-21)

1Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. 2Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. 3Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі. 4Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.

5Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым? 6Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў. Не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда. 7Бо трое тых, хто сведчыць: 8Дух і вада, і кроў, і гэтыя тры – адно. 9Калі мы прымаем сведчанне людзей, то Божае сведчанне большае, бо гэта ёсць сведчанне Бога, якое Ён даў пра Сына свайго. 10Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў самім сабе; хто не верыць Богу, той робіць Яго ілгуном, бо не паверыў сведчанню, якое Бог даў пра Сына свайго. 11Гэтае сведчанне ў тым, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё — у Сыне Ягоным. 12Хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.

13Я напісаў гэта вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыццё вечнае.

14Давер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з воляй Ягонай, Ён чуе нас. 15А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго.

16Калі хто ўбачыць, што брат яго чыніць грэх, які не вядзе да смерці, няхай моліцца, і Бог дасць жыццё таму, хто чыніць грэх, які не вядзе да смерці. Але ёсць грэх, які вядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўся за такога. 17Усялякая несправядлівасць — гэта грэх, але ёсць грэх, які не вядзе да смерці.

18Мы ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо Народжаны ад Бога захоўвае яго, і злы яго не кранае. 19Ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет знаходзіцца ў злым. 20Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам разуменне, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы — у Праўдзівым, у Сыне Яго Езусе Хрысце. Ён — праўдзівы Бог і Жыццё вечнае. 21Дзеці, сцеражыцеся ідалаў!



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-Ioannis-I.pdf
Крыніца: catholic.by