epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Першае Пасланне святога Пятра

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-25)
2 (1-25)
3 (1-22)
4 (1-19)
5 (1-14)


1 (1-25)

1Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападокіі, Азіі і Бітыніі, выбраным 2паводле прадбачання Бога Айца і асвячаным у Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.

3Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста, 4да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, 5умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час. 6Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, 7каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. 8Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, 9дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.

10Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку. 11Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага. 12Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.

13Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста. 14Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час няведання вашага, 15але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых. 16Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы». 17Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ўчынкаў ягоных, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання, 18ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі, 19але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка. 20Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, 21што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

22Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго, 23бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае. 24Таму што

ўсякае целабыццам трава,

а ўся слава яго – быццам цвет травы:

трава завялаі апаў цвет.

25А слова Пана трывае навекі.

І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.

 

2 (1-25)

1Таму, адкінуўшы ўсякую злосць і ўсякі подступ, крывадушнасць і зайздрасць ды ўсякае зласлоўе, 2як нованароджаныя немаўляты, жадайце чыстага малака слова, каб праз яго ўзрастаць для збаўлення, 3бо вы пакаштавалі, які добры ёсць Пан. 4Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, 5і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста. 6Бо сказана ў Пісанні: «Вось я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца».

7Таму, для вас, веруючых, Ён — каштоўнасць, а для няверуючых —

«камень, які адкінулі будаўнікі.

Ён стаў галавою вугла»,

8і «каменем спатыкнення і скалой спакусы». Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і пакінуты.

9Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; 10калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя.

11Умілаваныя, я заклікаю вас як чужынцаў і вандроўнікаў устрымлівацца ад цялесных пажадлівасцяў, што ваююць супраць душы. 12Сярод язычнікаў паводзьце сябе добра, каб, нягледзячы на тое, што абгаворваюць вас як злачынцаў, яны ўбачылі добрыя ўчынкі вашыя і праславілі Бога ў дзень наведзін.

13Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Пана: ці то каралю, як найвышэйшаму ўладару, 14ці то кіраўнікам, што пасланы ім для пакарання злачынцаў і для пахвалы дабрачынцаў. 15Бо воля Божая ў тым, каб, робячы дабро, прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей. 16Паводзьце сябе як слугі Божыя і свабодныя людзі, а не як тыя, што выкарыстоўваюць свабоду для прыкрыцця зла.

17Паважайце ўсіх, любіце братэрства, бойцеся Бога, шануйце караля.

18Слугі, з усёй бояззю падпарадкоўвайцеся гаспадарам, і не толькі добрым і лагодным, але і суровым. 19Бо гэта ласка, калі нехта пакутуе з думкаю пра Бога, церпячы несправядліва. 20Якая вам пахвала, калі б’юць вас за правіны? Але калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. 21Вы для таго пакліканы;

бо і Хрыстус цярпеў за вас,

пакідаючы вам прыклад,

каб вы ішлі следам за Ім.

22Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных.

23Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ,

калі цярпеў, не пагражаў,

але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва.

24Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва,

каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці.

Ранамі Яго вы аздароўленыя.

25Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка душ вашых.

 

3 (1-22)

1Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб, тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова, 2калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны. 3Няхай аздобаю вашай будзе не вонкавае заплятанне валасоў, не залатое ўпрыгожанне ці хараство адзення, 4але ўкрыты чалавек сэрца ў незнішчальнасці лагоднага і рахманага духу, які вельмі каштоўны для Бога. 5Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам. 6Гэтак Сара была паслухмянай Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы сталі яе дзецьмі, бо робіце дабро і не баіцеся нічога страшнага.

7І вы, мужы, разумна жывучы з імі, як слабейшаму жаночаму начынню аддавайце пашану, будучы суспадкаемцамі ласкі жыцця, каб не ставіць перашкодаў малітве вашай.

8Нарэшце, будзьце ўсе аднадумцамі, чулымі, любячымі братоў, міласэрнымі, пакорнымі. 9Не аддавайце злом за зло ці знявагай за знявагу, але наадварот, благаслаўляйце, бо дзеля гэтага вы пакліканы, каб унаследаваць благаслаўленне.

10Бо хто хоча любіць жыццё

і ўбачыць шчаслівыя дні,

няхай стрымлівае язык ад зла,

а вусныад подступу.

11Няхай адвернецца ад зла і робіць дабро,

няхай шукае спакою і ідзе за ім.

12Бо вочы Пана скіраваны на справядлівых,

і вушы Ягона іхнія просьбы,

але аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло.

13Калі будзеце рупліўцамі дабра, то хто будзе вам шкодзіць? 14Калі церпіце за справядлівасць, вы шчаслівыя! А пагрозаў іхніх не бойцеся і не палохайцеся. 15Хрыста Пана свяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею. 16Але рабіце гэта лагодна, з бояззю Божай і добрым сумленнем, каб у тым, за што абгаворваюць вас як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыццё ў Хрысце. 17Таму што лепей, калі ў гэтым воля Божая, цярпець за добрыя ўчынкі, чым за благія. 18Бо і Хрыстус раз пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Забіты ў целе, але ажыўлены ў Духу. 19У Ім таксама Ён прыйшоў абвяшчаць тым духам, што ў вязніцы, якія некалі былі непакорнымі, 20калі Божая доўгацярплівасць чакала ў дні Ноя, у час пабудовы каўчэга, на якім нямногія, усяго восем душ, уратаваліся ад вады. 21Яна і вас сёння, паводле гэтага ўзору, ратуе праз хрост, не праз абмыццё цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста, 22які, узышоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і якому пакарыліся анёлы і ўлады, і моцы.

 

4 (1-19)

1Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом, 2каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для волі Божай. 3Хопіць і ранейшага часу, калі вы спаўнялі волю язычнікаў, жылі ў распусце, пажадлівасці, п’янстве, гулянках і п’янках, і нягодным ідалапаклонстве. 4Яны і здзіўляюцца, што вы не занураецеся разам з імі ў адну плынь распусты, і зневажаюць вас. 5Яны здадуць справаздачу таму, хто гатовы судзіць жывых і мёртвых. 6Бо для таго і мёртвым было абвешчана Евангелле, каб яны падлеглі суду як людзі ў целе, а жылі паводле Божага духу.

7Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і чувайце ў малітве. 8Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў. 9Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў. 10Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў. 11Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на векі вечныя. Амэн.

12Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля выпрабавання вашага, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае. 13Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення славы Яго вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся. 14Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас. 15Таму няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец, або як сквапны да чужога. 16Калі ж нехта церпіць як хрысціянін, няхай не саромееца, але праслаўляе Бога за гэта імя.

17Бо ўжо час, каб распачаўся суд з Божага дому. Калі ж ён распачнецца з нас, дык які будзе канец тых, хто не слухаецца Евангелля Божага? 18«І калі праведнік з цяжкасцю атрымае збаўленне, дзе апынуцца бязбожнік і грэшнік?»

19Дык няхай тыя, хто церпіць з волі Бога, перададуць Яму як вернаму стварыцелю свае душы, робячы дабро.

 

5 (1-14)

1Старэйшых сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшых, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца. 2Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не пад прымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзеля агіднай нажывы, але са шчырым жаданнем. 3Не злоўжывайце ўладаю над падданымі, але станьце прыкладам для статка. 4А калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр, вы здабудзеце неўвядальны вянок славы.

5Таксама вы, малодшыя, падпарадкоўвайцеся старэйшым. Апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што

Бог супраціўляецца ганарыстым,

а пакорным дае ласку.

6Дык станьце пакорнымі пад моцнаю рукою Божаю, каб Ён узвысіў вас у адпаведны час. 7Усялякі свой клопат ускладзіце на Яго, бо Ён клапоціцца пра вас. 8Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. 9Моцныя ў веры, станьце супраць яго, ведаючы, што такія ж цярпенні зведваюць і вашыя браты, што ў свеце.

10А Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як крыху пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі. 11Яго панаванне на векі. Амэн.

12Праз Сільвана, які здаецца мне верным братам, я коратка напісаў вам, заахвочваючы і сцвярджаючы, што такая ёсць сапраўдная ласка Божая, у якой трываеце. 13Вітае вас выбраная, як і вы, супольнасць у Бабілёне, а таксама Марк, сын мой. 14Прывітайце адзін аднаго пацалункам любові.

Спакой усім вам, якія трываеце ў Хрысце.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-Petri-I.pdf
Крыніца: catholic.by