epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Перуноў мост

...У той час нельга было ў нас без моста абысціся. Вунь там, дзе цяпер у канаву ваду сабралі, была гіблая дрыгва, ні ўвесну, ні ўвосень, як кажуць, ні прайсці ні праехаць. А выхад на стары, як тады яго называлі, Кацярынінскі тракт з гэтага боку самы кароткі, інакш рабі крук вёрст на дзесяць. Вось і выслалі бярвёнамі, засыпалі пяском грэблю, частка якой і цяпер яшчэ прыкметная. А над самым багністым месцам пабудавалі сапраўдны на палях мост. Гаварылі, нават не адзін, а тры масты засаб. Калісьці тут праходзіла бойкая дарога з Мінска, Пухавіч і да пераправы цераз Бярэзіну. Старыя казалі, што ў войны па ёй не адзін раз рухалася войска, праходзілі абозы...

Ды быццам бы першы мост цераз дрыгву пабудаваў тут ці то немец, ці то француз, па прозвішчы Пюры. З цягам часу ягонае прозвішча, якое так добра дадалося да моста, і перайначылі тутэйшыя жыхары на свой лад — Пярун. А ўжо ад моста і вёску (з яе, дарэчы, заўсёды прызначаўся даглядчык моста і грэблі) назвалі Перуноў Мост...

 

 

 

* * *

 

...Гіблай была дрыгва, яна аддзяляла некалькі вёсак ад мястэчка і тракту. Абрыдла кожны раз кладкі насцілаць, і парашылі людзі збудаваць цераз балаціну мост. Узяліся ўсёй талакой і зрабілі справу — навялі мост. Толькі прастаяў нядоўга, усяго з месяц, бо аднойчы ноччу, у навальніцу, раптам загарэўся ад маланкі. Праз год на тым месцы збудавалі другі мост. Ды толькі з ім здарылася тое ж самае — падпаліў пярун. Але ж вельмі была патрэбна тут дарога, і на наступнае лета цераз дрыгву навялі трэці мост. На ім пярун і скончыў выпрабоўваць цярпенне людское — больш не падпальваў. Вось той мост і празвалі Перуновым, а ад яго і вёска атрымала сваё імя...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан