epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пестунь

...У далёкім мінулым, аб якім ужо і дзяды не памятаюць, будучая Пестунь быццам была лясным, усяго два двары, засценкам. Ворнай зямлі тут амаль няма, затое ў лукавіне няхуткай, з пясчанымі плёсамі Свіслачы багата было рыбы, а ў векавым бары — шмат якога звяр’я.

Сюды, у гэтыя цудоўныя запаведныя мясціны, дзе можна паляваць і рыбачыць, і наязджалі розныя паны, каб адпачыць і пазабаўляцца. Яны звычайна былі ў гуморы, не паспявалі паказаць свой сапраўдны нораў і таму здаваліся засценкаўцам, што слугавалі ім, і асабліва сялянам суседніх вёсак, якія штодня гнулі спіну на свайго пана, «добрымі». Вось тыя суседзі, якія зайздросцілі засценкаўцам за больш-менш ніштаватае жыццё, і празвалі іх пестунамі. Пазней гэтая мянушка і перайшла на назву засценка.

...Знайшлі аднойчы парабкі на ўзлеску логавішча з трыма малымі ваўчанятамі. Толькі чапаць іх не сталі, бо ведалі, што раззлуюць дарослых ваўкоў — паклічуць бяду на скаціну. Ваўкі-бацькі счулі людзей, але логавішча не пакінулі. Мірнае суседства працягвалася, авечкі і гусі па-ранейшаму пасвіліся на выгане.

Аднак у хуткім часе самі ж парабкі і распудзілі драпежнікаў. Пачалі яны, ды яшчэ з сабакамі, ледзь не кожы дзень хадзіць да тых ваўчанят. Ваўкі нарэшце не вытрымалі і аднойчы ноччу сышлі з двума ваўчанятамі невядома куды. Аднаго малога бацькі пакінулі, відаць, не змаглі, а мо і не паспелі забраць з сабой. Засталося малое ваўчанё ў старым логавішчы сіратой. Два дні, забіўшыся ў кут, моўчкі трывала, а на трэці, калі зусім прагаладалася, завыла на ўвесь лес. Сабраліся парабкі каля логавішча, не ведаючы, што рабіць. Забіць ваўчанё — бацькі абавязкова пачнуць помсціць. Забраць у вёску таксама небяспечна, бацькі зноў-такі ўзлуюцца. Так, пад галодны енк малога, і вярнуліся хлопцы дадому. А неўзабаве сціхла тое ваўчанё. Як толькі ўзышло сонца, пайшлі парабкі да логавішча, каб даведацца, што з малым. Спыніліся ў кустах і бачаць: на вытаптанай каля логавішча прагаліне ляжаць кавалкі перажованага мяса, а побач, соладка пасопваючы, спіць ваўчанё. Спачатку падумалі, што гэта маці-ваўчыца не вытрымала і прынесла галоднаму дзіцяці паесці. Але раптам адзін з іх убачыў за густой ялінай вялізнага мацёрага ваўка, што не зводзіў з людзей пільнага вока. Прыгледзеліся, ажно гэта зусім стары воўк, сівая поўсць касмыкамі тырчыць, рэбры вытыркаюцца, вочы слязяцца... І зразумелі хлопцы, што прыцёгся сюды стары на покліч малога, пакарміў згаладалае, перапалоханае ваўчанё.

Усё лета ахоўваў ён падкідыша, карміў, пеставаў малога, а неўзабаве і забраў яго з сабой. Ну, а калі людзі, якія добра памяталі, як стары воўк пеставаў кінутае ваўчанё, пачалі будавацца непадалёку ад былога логавішча, то і парашылі назваць вёску Пестунь...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан