epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Помнік вернаму каханню

Было гэта вельмі-вельмі даўно ў маёнтку Алешкавічы. Суровы і хцівы пан быў у тыя часы. Многа слуг было ў гэтага пана. Жорстка распраўляўся пан са слугамі за кожную дробязь. Не любіў ён простага люду. Асабліва маладога дворніка Янкі. Дужы быў Янка, прыгожы, не адна дзяўчына ў наваколлі паглядала на яго.

Аднойчы Янка, як заўсёды, падмятаў двор. У той час па надворку праходзіла маладая паненка — дачка старога пана. Яна ўбачыла Янку і пакахала яго.

Часта сустракаліся яны, а потым вырашылі пажаніцца. Аб гэтым дазнаўся стары пан. Каб не зганьбіць свайго роду, ён вырашыў пакараць дачку і парабка самым суровым законам. Хлопца загадаў забіць. А на дачку сваю загадаў выкапаць яму і на ваччу людзей жывую закапаў.

Прайшоў час, шкада было пану дачкі, і ён паставіў на тым месцы высокі помнік.

Ён і цяпер стаіць, разбураны крыху, ля вёскі Ятвеск як памяць аб верным каханні.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан