epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Порплішча

...Згодна мясцоваму паданню, назва паходзіць ад першапачатковай — Проклішча.

...У далёкія часы, калі пры Глыбоцкім тракце яшчэ не стаяла ніводнай вёскі, калі абапал яго цягнуліся непраходныя балоты, ехаў у Глыбокае на таргі адзін багаты купец. Дужа той гандляр спяшаўся і, каб скараціць шлях, загадаў ямшчыку, быццам ён некалі так ехаў, звярнуць на бакавую дарогу, што ішла праз хмызняк. Ямшчык адмовіўся, ды і кабылка ісці не хацела, матала галавой, капытамі біла... Усё ж купец настояў на сваім. З’ехалі яны на балотную дарогу і адразу ж апынуліся ў глухой пушчы. А калі нарэшце і купец зразумеў, што яны заблудзілі, што едуць зусім не туды, куды трэба, дык і павярнуць назад ужо было позна — сцежка вузкая, абапал топкая, багністая дрыгва. Спыніліся. Выпраг ямшчык сваю кабылку, пусціў яе на ўсе чатыры бакі, і разам з купцом пайшлі ад купіны да купіны, як ім здавалася, назад да тракту. Купец увесь час лаяў і ямшчыка, і яго каняжыну за тое, што завезлі яны яго у нетры, на пагібель. А стары ямшчык толькі паціхеньку маліўся ды раз-пораз клікаў сваю любую кабылку: «Кось, кось!..» Хутка сцямнела. А калі ямшчык з купцом спыніліся на выспачцы, бо баяліся ў гэткай цемры ў дрыгву праваліцца, як раптам, зусім побач, заржала кабылка. Ямшчык адразу ж сцяміў, павярнуўся, схапіў яе за хвост і кажа купцу: «Толькі яна нас цяпер і выратуе, давайце руку». А купец ні ўзад, ні ўперад. «Ды я лепш да раніцы тут сядзець буду, чым ісці за тваёй дурной каняжынай!» І зноў пачаў брыдка лаяцца. Але ямшчык усё-такі пацягнуў упартага купца за сабой. Не паспелі яны прайсці і з дзесятак крокаў, як замест багністай гразі адчулі пад нагамі цвёрдую дарогу. Вось так кабылка і вывела іх на тракт. Купец узрадаваўся: «Хаця месца і праклятае, але ў гонар свайго выратавання дам грошай на пабудову царквы, храма божага. На страх усім лесунам і ведзьмакам...»

Спачатку нібы і сапраўды стаяла царква пры тракце, а потым каля яе, у Проклішчы, пачалі сяліцца людзі. А калі вёска пабудавалася, разраслася ды папрыгажэла, людзі і перайменавалі Проклішча ў Порплішча...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан