epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра Чорную Даму

Князі Радзівілы, што валодалі Нясвіжскім замкам, належалі да вельмі старажытнага і знатнага роду. Многа пакаленняў гэтага роду каля пяцісот гадоў былі ўладарамі шматлікіх маёнткаў на Беларусі. Тое, што расказваюць, адбылося каля 50-х гадоў XVI ст.

Князёўна Барбара Радзівіл — сястра грознага князя Мікалая Чорнага рана пайшла замуж, але ўжо ў 22 гады заўдавела. Муж яе — князь — быў забіты на вайне. Маладая ўдава-княгіня жыла ў Вільні ў доме нябожчыка мужа. Барбара была вельмі прыгожая, разумная і адукаваная жанчына. У той самы час у Вільні жыў княжыч, пляменнік вялікага князя Літоўскага — Жыгімонт. Аднойчы юнак убачыў Барбару і закахаўся ў яе. Яны пачалі патаемна сустракацца. Малады княжыч быў наследнікам вялікага князя. Барбара была старэйшая за юнака на тры-чатыры гады. Можа, яна таксама шчыра кахала яго.

А можа, разумная і хітрая княгіня проста хацела зрабіцца жонкаю будучага караля.

І вось аднойчы, калі ў месячную салаўіную ноч закаханы пералез праз высокую каменную сцяну ў сад да сваёй любай, яго схапілі. Ён мусіў ажаніцца з княгіняй, і іх таемна звянчалі ў касцёле ў Вільні. Неўзабаве ён стаў польскім каралём Зыгмундам Аўгустам ІІ. Але польскі сейм і духавенства не хацелі прызнаваць Барбару Радзівіл каралевай. Яны хацелі, каб польскай каралеваю стала багатая прынцэса, якая папоўніла б каралеўскі скарб. Але кароль Сігізмунд дабіўся, што яго жонка была прызнаная каралевай. Барбара была бяздзетная, і спадкаемца прастолу не было. А праз год пасля каранацыі яна памерла. Кажуць, што яе пад выглядам лекаў атруцілі. Пасля смерці Барбары кароль вельмі засумаваў і пакінуў цікавіцца дзяржаўнымі справамі. Жаніцца ён больш не хацеў, бо моцна кахаў Барбару. Прыдворныя і духоўнікі запрасілі з Англіі чарнакніжніка, каб той вызваў дух Барбары, які загадаў бы каралю жаніцца. І вось аднойчы ў цёмную залу, дзе сядзелі кароль і яго світа, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кінуўся да яе і са словамі: «Баcенька, мая Басенька» схапіў яе за рукі. Але адразу пачуўся выбух, і пакой запоўніўся трупным пахам. Гавораць, што дух Барбары ў вобразе Чорнай Дамы пасяліўся ў Нясвіжскім замку. Ходзіць сярод людзей і такое, што апоўначы месячнай ноччу ў замку з’яўляецца Чорная Дама. Яна нібы спрыяе закаханым і заступаецца за бяздзетных жанчын. Таму, на каго яна паглядзіць, выпадае шчасце.

Вось кажуць пра гэтую Чорную Даму людзі страхі нейкія: нібыта здань яе з’яўляецца па начах у былым замку князя Радзівіла. А хто запозніцца часам і ўначы ідзе каля замка ці ў яго двор, то, калі закалышацца галіна якая на дрэве, ці куст, або нешта затрашчыць, ці які другі таямнічы гук пойдзе, кажуць, вось Чорная Дама ходзіць па замку. Але каб бачыць, дык яе ніхто не бачыў. Гэтая Дама ніколі не хадзіла, нават як жывая была, бо хварэла моцна, і ад той хваробы не магла ні хадзіць, ні нават ляжаць. Казалі, што небарака і памерла седзячы. І пахавалі яе так, нібыта і ў труне яна сядзіць. Недзе гадоў за трыццаць таму (добра не памятаю) прыязджалі да нас нейкія людзі, казалі, вучоныя. Аглядалі радзівілаўскія пахаванні ў склепах Нясвіжскага касцёла. Адчынялі некаторыя мармуровыя княжыя труны. Цікавіліся і Чорнай Дамаю. Знайшлі яны ў склепе мармуровую труну з высокім, накшталт конуса, векам. Калі ж ускрылі, то ўбачылі, што пад гэтым высокім векам — звычайная труна, а пасярод яе стаяла прыгожая пазалочаная ваза з вянком кветак — вельмі тонкай работы рэч. Адчыніўшы труну Чорнай Дамы, угледзелі забальзамаваную жанчыну, адзетую ва ўсё чорнае. З таго часу ўжо болей не вераць у Чорную Даму, у тое, што ходзіць яна па радзівілаўскім замку. Ляжыць яна сабе, як і ўсе нябожчыкі там, дзе яе некалі пахавалі. Праўда, калі людзі хочуць каго напалохаць ці выпрабаваць яго смеласць, то і цяпер кажуць, што Чорная Дама па начах Нясвіжскі замак наведвае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан