epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра Пане Каханку

Адзін з самых уладарных і багатых князёў Радзівілаў быў Караль Радзівіл. Сярод польскіх паноў яго звалі Круль Нясвіжа. А празвалі яго яшчэ Пане Каханку, бо гэта былі ўлюбёныя князевы словы. Нават да няшчаснага, засуджанага князем на смерць за якуюсь правіну, князь усё роўна казаў «Пане Каханку...».

Караль Радзівіл, кажуць, нідзе не вучыўся, жыў разгульна, характар меў жорсткі і падступны. Некаторыя знатныя сучаснікі сцвярджалі, што ў князя нораў, як у дзіка. Караль Радзівіл меў трох жонак, не прамінаў карыстацца правам «першай ночы» ў сваіх прыгонных, якіх меў вельмі шмат. Балі, якія наладжваў Пане Каханку, былі сапраўды каралеўскія па раскошы, а паляванні на звяроў здзіўлялі сваёй жорсткасцю.

На паляванне князь разам са сваімі гасцямі і чэляддзю выязджаў за Нясвіж у свой Альбянскі парк з паблізным лесам. Парк быў прарэзаны васьмю каналамі, якія сыходзіліся да вострава. Паляўнічыя, размясціўшыся там, на востраве, маглі без усялякай перашкоды расстрэльваць зацкаваных звяркоў, якія кружылі ўздоўж вострава. Пане Каханку забіваў па 27 ласёў і дзікоў зараз. У Альбянскі замак запрашалі і польскага караля Станіслава Панятоўскага. У часе адной з забаў Пане Каханку польскі кароль, убачыўшы, як мядзведзі рвуць ласіху, не вытрымаў жорсткага відовішча і стрэліў у мядзведзя. На гэта Пане Каханку ўсміхнуўся і сказаў: «Баба ты, а не кароль!»

Пужаючы народ, забаўляўся Пане Каханку і яздою ў санках у мядзведжай запрэжцы шасцерыком па летняй дарозе, высыпанай соллю. Соль у тую пару была дарагая. Два з паловаю фунты каштавалі якраз столькі, колькі дванаццацігадовая прыгожая дзяўчына.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан