epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра князя Слуцкага і яго замак на Князь-возеры

...Возера было велічэзнае, як мора, а пасля пачало сохнуць, змяншацца і ўрэшце зрабілася зусім маленечкае. Людзям жыць стала лепей, а рыбам горш. І вось астравок пасярэдзіне гэтага маленькага люстэрка вады аблюбаваў князь Алелькавіч-Слуцкі з пакалення Альгерда. Пабудаваў тут замак і стаў княжыць, расперазаўся так, нібы над акругаю панаваў не чалавек, а д’ябал. А людзі цярпелі, мучыліся, елі кару. І праходзіў Падарожнік, які ведаў усё, і прайшоў паўсюль, і чытаў усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба. Убачыў, што не толькі яго ніхто не можа накарміць, а нават дзеці кладуцца спаць галодныя. І сказаў, што калі зладзействам князя не будзе мяжы, калі яны «пройдуць прадзел», а людзі ўсё ж будуць цярпець, то рыбам зноў будзе добра, а людзям дрэнна. Ніхто яго не паслухаў.

А князь лютаваў. Узненавідзеў брата і пасадзіў яго ў вечна сырыя замкавыя сутарэнні, якія былі ніжэй возера. І сваю былую палюбоўніцу засадзіў туды. І нявесту аднаго хлопца, якая не хацела скарыцца князю, кінуў у тыя самыя падзямеллі. І многіх іншых людзей.

Тады прыйшла мяжа цярпенню зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь, а замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў возера. Страшныя хвалі пабеглі на зямлю, злізвалі хаты, лясы. Замкавыя вежы зніклі ў пене на вачах. А трэба сказаць, што цярпенне ў людзей скончылася ў тую самую ноч, і яны выйшлі з хат з доўбнямі і віламі, якраз тады, калі д’яблава гняздо пачало тануць. І вось тут, убачыўшы, што цярпенню людзей прыйшоў канец, зямля злітавалася. Сціхлі воды, і толькі замкавыя муры і вежы дазвання і назаўсёды зніклі пад вадой. Панаваць у замку, жыць у пакоях, слізгаць у байніцы сталі рыбы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан