epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра пана Карпінскага і чортава вакно

Недалёка ад вёскі — глыбокае возера. Раней яго не было. Тут, на гэтым месцы, стаяла высокая гара, сто метраў вышыні. На гары стаяў палац пана Карпінскага. Людзі служылі яму паншчыну. Ён быў лядачы ля людзей. Едзе ў карэце, трыбух выставіўшы, і гоніць на работу. А хай баба садзіць хлеб у печ, так як джгне бізуном праз галоў, так баба булку хлеба кіне пад печ і ляціць на работу ні піўшы, ні еўшы. Людзі яго не любілі і ўсяляк клялі. І,мусіць,праклялі, бо ён разам з палацам праваліўся скрозь зямлю.

Убачылі людзі на месцы палаца возера, узялі вяроўкі і пайшлі мераць яго глыбіню. Прывязалі камень да вяроўкі і давай апускаць у возера. Апускалі, апускалі, а дна ўсё няма. Прывязалі другую вяроўку, потым трэцюю, а да дна ўсё не дастаюць. Хацелі прывязаць ужэ чацвёртую, як раптам з возера пачуўся голас:

— Не мерай вяроўкаю, бо памераем галоўкаю! З таго часу больш ніхто не адважваўся мераць глыбіню гэтага возера, толькі празвалі яго Чортавым вакном. І цяпер ёсць гэтае возера, яно ніколі не замярзае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан