epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра пана Кошчыца

Блізу ста гадоў таму гаспадарыў у Мядзелі Кошчыц... Ён меў больш за ўсіх сваіх суседзяў маёнткаў і багацця. На адным з самых высокіх узгоркаў каля Мядзеля ён паставіў слуп, каб кожны, хто прыязджаў сюды, здалёк ужо адчуваў яго магутнасць. На партрэце ён выглядаў поўным, чырванатварым мужчынам, амаль дзедам, з гладка паголеным тварам, але з каротка падстрыжанымі вусамі і з шырокаю істужкаю цераз плячо. Чалавек ён быў жудасны і як пан да сваіх прыгонных, і як гаспадар, і як сем’янін, асабліва да жонкі. Жонку ён тыраніў з той прычыны, што нарадзіла дачок і ніводнага сына. Яна колькі разоў ад яго збягала і хавалася ў суседзяў і сваякоў, якім пагражала наклікаць на сябе бяду. Нарэшце, хоць яна і нарадзіла яму сына, але хутка зусім збегла за мяжу, там і памерла, наказаўшы адаслаць сваё сэрца ў сярэбранай урне ў Мядзель.

Мала таго, што ён амаль штодзень катаваў сялян, дык яшчэ здзекаваўся з жанчын і дзяцей. Ён проста прагнуў крыві і смерці людзей. Забіць чалавека было ў яго справаю звычайнай..., такой лёгкаю, як пакруціць вус. Любімай яго забаваю было — злёгку падстрэльваць яўрэяў, яго цешылі людскія пакуты. Калі доўга не выпадала ўтварыць што-небудзь падобнае, ён пачынаў сумаваць, браў стрэльбу і выходзіў у лес на паляванне, не на звяроў — не, на людзей. Разбэшчаная дазвання натура гэтага чалавека нястрымна вяла яго да пагібельнага канца. Гэта ў хуткім часе адбылося...

Калі ў Кошчыца нарадзіўся сын, ён акружыў яго неймавернай раскошаю і пяшчотаю, але не зрабіўся ад гэтага менш крыважэрны. Калыску сыну выпісалі з Англіі, нібы сярэбраную, за дзесяць тысяч рублёў.

Аднойчы Кошчыц, звычайна злосны, убачыўшы, што набліжаецца навальніца, загадаў запрэгчы каляску і паехаў у лес. А незадоўга перад тым адзін з яго прыгонных сялян прабраўся ў лес, каб ссекчы дрэва на дровы, мяркуючы, што ў буру яго ніхто не ўбачыць. А Кошчыц угледзеў селяніна каля дрэва і адразу застрэліў яго. У гэты ж момант пачалася страшэнная бура; дрэвы выварочвала з карэннем, у лесе зрабілася цёмна, як уначы, коні пачалі спатыкацца і не хацелі ісці. Раней Кошчыц толькі ў буру і любіў прагулянкі, але цяпер, пасля забойства, нейкая нястрыманая сіла пацягнула яго дадому; ён доўга працівіўся гэтаму, але не змог і загадаў як мага хутчэй ехаць назад.

Ледзьве пераступіўшы парог свайго дому, адчуў нешта нядобрае. Кінуўся ў пакой да свайго сына, аж той — мёртвы.

А здарылася вось што. Мамка дзіцяці, якой не даводзілася спаць ночы, бо дзіця ні на адну хвіліну не адступалася ад яе, была страшэнна стомлена. І вось, калі пан паехаў у лес, легла яна ў пасцель, каб не спаць, а хоць крышку адпачыць, а дзіця паклала каля сябе. Але супроць волі моцна заснула і заспала дзіця. Прачнулася, пабачыла, што яна нарабіла, і, ведаючы, што ёй за гэта будзе, пабегла ў возера тапіцца. Між тым Кошчыц, ашалеўшы ад лютасці, бегаў па пакоях, шукаючы мамку, а тады кінуўся за ёю, дагнаў амаль на самым беразе возера, і тут жа загадаў закапаць яе жыўцом у землю, і сам у гэтым памагаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан