epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра пана Оштарпа

Шмат паноў валодала Дукорай. Ды самы жорсткі быў пан Оштарп. Яго імем маткі нават дзяцей пужалі.

Не баяўся ён людскога суда. І здзекі чыніў з народа страшэнныя.

Былі дажынкі. Хлопцы і дзяўчаты ішлі з панскага поля. А ўперадзе натоўпу — Фроська з Дукоркі. У вяночку з палёвых кветак, са снапом панскага жыта на руках.

Далі знаць Оштарпу, што ідуць дажынальнікі. Выйшаў ён на ганак, сеў у крэсла з фамільным гербам. Фроська ўкленчыла, працягнула сноп жыта, песняй пачала велічаць Оштарпа, прасіць, каб літасцівы быў пан да сваіх прыгонных.

Прыгожая была Фроська, вельмі прыгожая. І загарэліся старэчыя вочы. Паклікаў Оштарп лёкая Францішка, паціху пытае:

— Хто такая?

— Каваля Тодара дачка,— адказвае той,— у нядзелю вяселле яе з Васільком.

Нічога не сказаў тады Оштарп.

А ў нядзелю наляцелі на вясельны поезд гайдукі конныя, схапілі Фроську, памчалі ў палац да пана.

Назаўтра сядзеў Оштарп у сваім улюбёным крэсле. Стаяла такая спёка, і задрамаў гвалтаўнік, забыўшыся на Фроську. Бярэ тады дзяўчына кухонны нож, паціху падкрадаецца да пана і заносіць над ім руку. Ды закукавала зязюля ў заморскім гадзінніку. Уздрыганулася Фроська, стукнуў аб каменныя пліты нож. Падхапіўся Оштарп, закрычаў нема.

На стайні ў сцяне была ніша. І па загаду Оштарпа замуравалі туды Фроську жывую.

Васілёк сабраў сяброў, і, калі Оштарп вяртаўся з Мінска, падпілавалі хлопцы мост. Шаснаццаць коней цягнулі панскую карэту, што важыла дзвесце пудоў. І рынула яна разам з Оштарпам у Свіслач.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан