epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра скарб, закапаны на Азярыйскім гарадзішчы

Расказваюць, што шмат гадоў таму, уначы прыйшлі ў адно мястэчка да рыбака-селяніна Вяхоткі трое невядомых людзей і прасілі яго перавезці іх на гарадзішча. Стары рыбак уважыў іх просьбу і разам з імі пераехаў на востраў. Тут падышлі яны да рабіны і, вывараціўшы яе, знайшлі пад карэннямі жалезныя дзверы. Адзін з тых людзей адамкнуў тыя дзверы ключом, затым усе чацвёра зайшлі ў пакой, у якім пры запаленай свечцы сядзела дзяўчына, а каля яе ляжаў сабачка. У пакоі былі яшчэ адны жалезныя дзверы. Адамкнулі і тыя і зайшлі ў другі пакой, які быў поўны грошай. Тут тыя людзі сказалі Вяхотку, каб ён браў сабе грошы колькі хоча і адвозіў іх дамоў, пакуль яны будуць снедаць. Рыбак паспеў звезці дамоў тры мяшкі грошай. Калі ён у апошні раз звярнуўся на востраў, то незнаёмцы аддалі яму ключ ад дзвярэй патаемніка і сказалі, што пакідаюць яму ўсё сваё багацце з тым, аднак, што ён можа карыстацца ім толькі сам, не кажучы пра тое нікому.

З таго часу рыбак Вяхотка зрабіўся багаты і, не ведаючы куды дзяваць так лёгка нажытыя грошы, пачаў піць. Гэта заўважылі суседзі і аднавяскоўцы і пачалі дапытвацца, адкуль такое багацце ў Вяхоткі.

Раз стары, будучы пад чаркай, расказаў свайму сыну, як ён здабывае грошы, і разам з ім выправіліся на востраў, каб паказаць месца, дзе схаваны скарб. Але пад рабінаю не было ўжо ні склепа, ні дзвярэй.

Гадоў каля шасцідзесяці таму да няшчаснага года (так называе народ 1812 год) прыехаў у сяло Мястэчка позна вечарам нейкі пажылы чалавек і прасіў рыбака перавезці яго на востраў і паказаць гарадзішча. Рыбак уначы доўга не згаджаўся, але калі той даў яму рубля серабром, перавёз яго на востраў.

Толькі яны прыйшлі да самой сярэдзіны гарадзішча, як перад імі з грукатам і віскам раскрыліся адны за другімі трое жалезных дзвярэй і адкрыўся склеп. Зайшоўшы ў яго, яны ўбачылі на крэсле цудоўную баярыню, ля ног яе двух хартоў, а побач, з правага і левага бакоў, застаронкі сярэбраных і залатых грошай. Чалавек той спакойна набраў у свой мяшок серабра і пайшоў. Выйшаў за ім і рыбак, думаючы: прыйду я заўтра ўдзень ды набяру як мага больш золата. На світанні ён сапраўды прыйшоў на гарадзішча, але ні золата, ні серабра, ні прыгожай баярыні і яе верных хартоў, ні нават дзвярэй жалезных і мура каменнага і слядоў не засталося, а замест усяго гэтага перад ім, як і раней, узвышаўся круглы земляны насып, ускапаны месцамі то рукой шукальніка шчасця, то часам і капытамі скаціны, што пасвілася тут.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан