epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра скарб закляты

Аднаго разу ў нядзелю я, паабедаўшы, прылёг на прызбе трохі адпачыць дый моцна заснуў. Ось сніцца мне, што нейкі старац кажа, каб я ўзяў штых ды ішоў на капец паміж шляхам і Карпавым альсам. Я прыйшоў быццам туды ды ўсадзіў штых у зямлю, а ён, схаваўшыся да палавіны, стукнуўся аб нешта цвёрдае. Прачнуўшыся, ухапіў штых ды не то пайшоў, а проста пабег на той капец, якога, здаецца, зроду не бачыў, а трапіў туды — як бы хтось за руку вёў пяць вёрстаў ад нашага сяла. Засунуў штых так глыбока, як і ўва сне,— стукнуў аб штось цвёрдае. Штыхнуўшы кругом разоў з дваццатак, абмеркаваў, што тут закопана кована скрыня ўдоўжкі вялікі крок, а ўшыркі ступней два без мала. Вярнуўся дадому, ды змеркам прыйшоўшы з сынам, сталі мы капаць ды дакапаліся да вялікага камня. Раскапаўшы яму з аднаго боку спускавата, з вялікаю патугаю выкацілі яго наверх, а на тым месцы, дзе ён ляжаў, штыхавалі, ды нічога не найшлі. Той камень — то былі грошы заклятыя, бо як я праз цікавасць на другі дзень прыйшоў паглядзець, то яго і звання на тым месцы не было — як у ваду кануў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан