epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра стральца і змея

Аднойчы адзін стралец ішоў па сваім абрубе, прыглядаўся ды прыслухоўваўся, ці дзе які лень-злодзей лесу не сячэ. Позняй вясной гэта было. На палянах трава ды квецце ў калена, а вакол птушыны рознагалосы хор. Ідзе так ён, ідзе і раптам чуе: недзе далёка ў глыбі абруба нехта свіснуў. Стралец затрымаўся, прыслухоўваецца: ажно зноў чуе свіст. Западозрыўшы, што гэта нейкі злодзей падае знак свайму сябру, стралец таксама свіснуў. «Ану ж,— падумаў ён,— зладзюга сам да мяне ў пастку прыйдзе». І пачалі яны так перасвіствацца: свісне той у абрубе, і стралец яму ў адказ свісціць. І стаў стралец заўважаць, што свіст усё бліжэй і бліжэй у яго бок падыходзіць. Схаваўся ён за камель тоўстай елкі, наставіў стрэльбу, але на кожны той свіст сваім свістам адказвае. І тут чуе, што свіст зусім блізка, бадай, у яловым маладняку, які ля далінкі кусціцца. Выглянуў стралец з-за камля — аж выпаўзае з гушчару аграмадны змей, вочы бліскучыя ў яго а на галаве залатая карона, і свішча. Атрупянеў стралец, мурашкі па спіне забегалі ў яго, ды шапка на валасах узнялася. Але ўсё ж прыцэліўся ён між змяіных вачэй і націснуў спуск. Гукнуў стрэл. Змей роспачна свіснуў, скруціўся ў аграмадную пружыну і пачаў вобзем біцца. Дзе ні ўдарыць — іскры з яго цела сыплюцца і сыры лес загараецца. Кінуўся стралец наўцёкі. Доўгі час здалёк абыходзіў тое месца. Толькі назазімку, калі чорная стопа пасля замаразкаў надобра стала, рашыўся туды заглянуць. Зайшоў, а там ні ельніку густога, ні алешніку, ні нават тае тоўстай елкі — адно пні абгарэлыя навокал. І след па змею таксама прапаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан