epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пра возера Свіцязь

Калісьці ўладаром возера быў мірскі князь. І вось ён задумаў даведацца, ці праўда, што на дне возера стаіць затоплены горад Свіцязь, як гэта гавораць у народзе.

Рыхтаваўся ён тры тыдні. Пабудаваў вялікі карабель, сплёў невад, паклікаў ксяндза. І вось, калі закінулі невад і пачалі выцягваць яго, то быў ён лёгкі. Рашылі, што нічога няма. Але, калі выцягнулі апошняе крыло, убачылі ў нераце цудоўную дзяўчыну з белым тварам, доўгімі распушчанымі валасамі. Адны ад здзіву анямелі, другія кінуліся ўцякаць. Тады дзяўчына загаварыла голасам, падобным да голасу ручая, які бег у гэтае возера:

— Вы задумалі дзёрзкую справу, парушылі спакой возера. Але я раскажу вам пра яго. На тым месцы, дзе сёння возера, стаяў некалі горад. Князь, які валодаў горадам, быў у хаўрусе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы напаў на Навагрудак з магутным войскам суседні цар. Князь разам са сваёй дружынаю паехаў на дапамогу Міндоўгу. У горадзе засталіся старыя, жанчыны, дзеці і сярод іх прыгожая князева дачка. Магутнае войска Міндоўга і княскае войска разбілі, і ворагі падышлі да горада Свіцязя. Тады перад князёўнай з’явіўся аднекуль стары і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей у кветкі. Горад сапраўды адразу пачаў знікаць, а на месцы яго разлілося возера, па якім плавалі цудоўныя кветкі-цары.

Расказаўшы гэта, дзяўчына знікла. Больш яе ніхто ніколі не бачыў. Як успамін пра гэта, кожную вясну цвітуць на возеры кветкі-цары.

 

* * *

 

Жыхары горада Свіцязя мелі такую негасцінную завядзёнку, што ніколі не дазвалялі начаваць у ім падарожнікам. Раз прыйшоў туды стары калека-прахожы і папрасіўся да беднай жанчыны-ўдавы з дзіцем пераначаваць. Яна не хацела пускаць яго, наракаючы на сваю беднасць, і яшчэ баялася суда суседзяў. Але стары расчуліў яе, даў ёй тры зярняткі жыта, і калі яна іх змалола, дык выйшла тры чвэрці мукі. Здзіўленая цудам жанчына нарэшце пусціла яго ў хату. Стары пераначаваў, а на другі дзень жанчыну за непаслушэнства закону жыхары хацелі пакараць. Стары заступіўся за яе, але, разам з тым, за такі нядобры звычай вырашыў пакараць усіх жыхароў Свіцязя. Загадаў жанчыне ўзяць на рукі сваё дзіця і ісці не аглядаючыся з горада, які зараз жа, сказаў, затопіцца вадой. Толькі яны выйшлі за браму, як горад пачало заліваць. Жыхары ўзнялі плач, енк, а жанчына, што выйшла з горада, з цікаўнасці азірнулася. За тое, што не паслухалася старога, яна ператварылася ў камень.

І цяпер гэты камень стаіць у возеры недалёка ад берага, нагадваючы жанчыну з дзіцем на руках. Кажуць, што калі хто даплыве да каменя і дакранецца яго рукою, то з каменя выступае кроў.

 

***

 

Даўно гэта было. Тое, што вам раскажу, чула я ад свайго дзядулі. Пан Незабытоўскі, якому належала возера, захацеў даведацца, ці глыбокае яно. Часта выязджаў ён на сярэдзіну, прывязваў да матузка груз і апускаў у ваду, каб дастаць дно, але так ніколі і не дастаў.

Вельмі цікавіла яго і тое, адкуль ідзе вада ў возера. Вось ён і загадаў сваім сялянам выкапаць два каналы, каб спусціць з возера ваду. Адзін канал выкапалі ў бок вёскі Валеўка, ён злучыў возера з ракой Неўдай (якраз у тым месцы, дзе быў млын), а другі — у бок вёскі Парэчча, да рэчкі Моўчадзь. Вада так пайшла па каналах, што ў вёсцы Валеўка затапіла некалькі хат.

Пасля гэтага пану прысніўся сон, нібы прыйшла да яго ў абліччы дзяўчыны Свіцязь і, грозна глянуўшы, сказала, што зможа ён дастаць дно толькі галавой, а калі будзе чапаць возера, то яно затопіць усё на сем міляў вакол. Пан спужаўся і загадаў засыпаць каналы.

Сляды тых каналаў відаць і цяпер.

Але цікавасць да таго, адкуль ідзе вада ў возера і куды яна дзяецца, не пакідала пана. Незабытоўскі злавіў трох шчупакоў, акальцаваў іх і пусціў у ваду. На кольцах было напісана: калі хто зловіць шчупака, каб пазваў пана на абед. Пана, вядома, больш цікавіла, дзе зловяць гэтых шчупакоў. Дык аднаго шчупака злавілі ў Азяранах, каля Наваельні, а другога— у Колдычаўскім возеры пад Баранавічамі. Так пан даведаўся аб падземных крыніцах, што лучаць Свіцязь з іншымі азёрамі.

 

***

 

Старажылы расказваюць, што яшчэ ў дзяцінстве бачылі яны на Свіцязі чатыры слупы, аброслыя мохам і падобныя на калодзежныя. Па вадзе плавалі вушакі ад дзвярэй, бярвенні ад будынкаў. Бярвенні былі прыдраныя, вуглы зрэзаныя. А калі ад’ехаць далей ад берага, то можна было нават убачыць на дне выбрукаваную дарогу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан