epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Правільны суддзя

Араў адзін мужык у полі на кабыле, у якой было жарабя. Ішоў міма святы Мікола з трысцінкаю. Узяў і забраў жарабя з сабою.

Мужык крычыць:

— Куды ты, стары, жарабя забраў?

— Як куды? Гэтае жарабя,— гаворыць,— ажарабіла мая трысцінка.

Пачалі яны тузацца. Тузаліся, тузаліся, пакуль не прысталі. І давай ужо згаджацца на суд.

Мікола пытае ў мужыка:

— А дзе ж ты ведаеш такога суддзю, які б нас мог рассудзіць па ўсёй праўдзе?

— Ёсць у нас суддзя, вярсты за тры ад вёскі нашай жыве; пойдзем да яго, ён нас разбярэ.

Прыходзяць да суддзі, мужык і расказвае сваю крыўду: так і так, маўляў.

Суддзя выслухаў усё дый кажа:

— Пасядзіце тут трохі, цяпер мне некалі вас судзіць.

— А куды ты паедзеш? — пытае Мікола.

— На мора авёс сеяць,— адказвае суддзя.

— Дык на моры ж авёс не сеюць! — гаворыць Мікола.

— Ну й трысцінка жарабя не ажарэбіць,— адказвае суддзя.

На гэтым суд і закончыў. Мусіў Мікола аддаць жарабя мужыку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан