epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Прылукі

Не летась, не залетась, а калісь у старыну, як мы самі сабою яшчэ жылі, тое, што казаціму, было.

У адным месцы абапал Птыча-рэкі высяцца дзве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць. На той гарэ, што па правым беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў.

Дый красен жа той двор быў, увесь у садах, будынкі ўсе спраўныя былі, а ўвакруг тынам белым абведзены; ад двара дый да шляху былі прысады ліповыя.

Быў дзень ясны, харошы, ведама, як у пачатку лета бывае, калі яшчэ лукі зіхацяць кветкамі, птушкі заліваюцца рознымі галасамі, рыба ў рэчцы раз у раз плюхае, разганяючы шырока вакорыну, пчолы і ўсякія мошкі ды казяўкі цэлымі раямі завіхаюцца каля кветак. Дзе ні глянь — усюды жыццё кіпіць, а сам пазіраеш на ўсё гэта неяк радасна.

І вот па прысадах тых, у прыемным халадку, любуючыся прыродаю і самі сабою, прахаджваліся малады баярын Яраслаў са сваёю паняю, маладою жаною, краснаю Люблянаю. Ходзяць яны і цешацца, ажно дарога задуднела, і на запененым кані паявіўся ўвесь запылены княжны ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць і што князь наказаў усім сваім баярам на вайну, чым дужы паспяшаць.

Баярын рады чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружыну і паехаў.

Спачатку баярын слаў часта ганцоў да любай жонкі, а далей — ні ганцоў, ні самога штось не чутно стала. І затужыла вельмі красна пані Любляна — усё выходзіць на шлях ды ўдаль пазірае, ды ўсё дармо.

Прайшло лета, настала зіма, а любага Яраслава як няма, так і няма. Прыйшла ізноў вясна. Выйшла раз красна Любляна ў канец прысад і як толькі на шлях зірнула, так дужа і зрадзела: бачыць, коціць дружына, а наперад любы вараным канём едзе. Ды нядоўга яе радасць была, бо як той пад’ехаў бліжэй, пазнала, што гэта другі.

Той пад’ехаў, сукланіўся, а яна і думае: «Можа, ён што пра майго ведае?..» Просіць яго к сабе ў палацы спачыць трохі. Той рад, прыстае, ідзе за ёю ў святліцу. Яна, яго за стол пасадзіўшы, гукнула на слугі, сказала прынесці піва, мёду і ўсялякай стравы; стала яго частаваці і яго пытаці пра мужа любага. Той, пагадаўшы, так ёй павядае: «Не хочацца мне табе, красна пані, жалю задаваці, ды мушу... Вото ж бачыш, твой муж, а мой друг сардэчны, быў цяжка ў баі ранены і, уміраючы, кажа мне так: «Слухай, дружа! У мяне е жонка, дужа красная пані, а ты яшчэ не жанаты, так успакой мяне перад смерцю, бо мне скора канец,— пакляніся заступіці ёй маё месца!» Што ж я меў рабіць? Мусіў прысягнуць, і цяпер ад прысягі адступіціся мне нельга... Так пані няхай мяне выбачыць і будзе прыхільна!»

Тая тое як учула, давай плакаць, галасіць і слухаць яго не хоча.

Плакала яна дзень, плакала другі, а на трэці і падумала: «І чаго я гэтак плачу?.. Што я тым памагу?.. Адно лічка сваё красна папсоваю...» — І на чацвёрты дзень гутарку з ім прыязну павяла, а на пяты — так і жартаваць сталі, а далей і пабраліся.

Прайшло ізноў лета, прайшла зіма, а за зімою — вясна, а за вясною і лета настала. Сядзяць гэта тоіі прыезджы баярын з краснаю Люблянаю, як галубкі ў парачцы, і сабою цешацца ды любуюцца. Ажно разам Любляна як крыкне і, хапіўшыся за сэрца, абамлела. Той — зірк: бачыць — перад ім Яраслаў стаіць...

Хапіліся спярша за шаблі, а далей Яраслаў, адумаўшыся, кажа: «Адзін з нас павінен умерці, дык няхай Бог судзіць каму. Вазьмі ты сабе лук і сагайдак з стрэламі і ідзі на гару за рэчку, а я вазьму сабе і стану на гэтай гары, і будзем страляцца».

Як сказаў, так і ўчынілі: выпусцілі па страле — нічога, выпусцілі па другой — нічога, а па трэцяй як выпусцілі, так абодва аж асунуліся, як два падкошаныя каласочкі.

Тое месца з тых пор Прылукамі стала звацца. І цяпер там стаяць мураваныя харомы і ліповыя прысады, і жыве там пан дужа багаты, толькі той пан цяперашні не наш, а прышлы з памор’я, але дабраваты сабе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан