epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Расамаха

Старыя людзі кажуць, што калісьці тут у лесе вадзіліся звяры расамахі, але гэта, мабыць, няпраўда, бо я сам з дзецюкамі бачыў расамаху, дык яна была ў постаці жанчыны з распушчанымі косамі. Гэта не звер, а якаясь нечысць. У нас людзі кажуць, што расамахаю робіцца жанчына, як яна знішчыць сваё дзіця дый сама ўтопіцца. Неяк раз я з дзецюкамі касіў сена каля ракі. Выбралі гэты мы грудок, палажылі там свае торбачкі з абедам дый пайшлі касіць. Ведама, раненька з расою трава мяккая. Мы такі шмат выкасілі, пакуль сонейка паднялося ўгору. Пайшоў я на грудок узяць біклагу з квасам, аж бачу, хтось пачапаў нашы торбы, а біклагу павесіў на алешыну. Каб гэта быў сабака, то б ён не чапаў біклагі. Пачаў я прыглядацца ды прыслухоўвацца, аж чую, плача дзіця вот зусім блізка ў лазе. Я туды — яно далей. Я далей за лазу, а яно ў алешнік. Я за ім — яно к самай рацэ. Думаю — што гэта за ліха? Забыўся я і пра квас, хочацца мне пераканацца, якое гэта ліха. Вот я нібыта пайшоў назад, а тым часам ціхенька, на пальчыках давай падкрадвацца праз алешнік к рацэ. Зірнуў я, аж каля ракі на бабровай хаце сядзіць голая жанчына з распушчанаю касою, а на руках трымае маленькае дзіцятка. Гэта, мабыць, яно і плакала, думаю сабе. Тым часам яна палажыла дзіця побач ды давай шчупаковым грэбнем расчэсваць валасы, а я стаю ды дзіўлюся, хто б яна была такая і чаго яна сядзіць тут на бабровай хаце? Толькі я тое падумаў, як зноў пачало плакаць дзіця. Яна давай яго хістаць, палажыўшы на ногу. Тым часам мае дзецюкі з другога боку пачулі, што ў алешніку плача дзіця, дый падышлі туды. Як толькі тая расамаха прыкмеціла, што праз алешнік ідуць людзі, усхапілася сама, схапіла сваё дзіця дый шабултых у воду, толькі шчурачкі пайшлі. Падбеглі дзецюкі, сустрэлі мяне дый пытаюць, ці не бачыў я якога дзіцяці. А мне няма чаго і казаць, бо яны не павераць. Вярнуліся мы на сенажаць дый пайшлі палуднаваць. Прыходзім на грудок, аж там зноў хтось пачапаў нашы торбы. Здагадаўся я, які гэта злодзей, дагадаўся, што пачапала расамаха, але прамаўчаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан