epub
 
падключыць
слоўнікі

Рэзалюцыя ўдзельнікаў “круглага стала”, прысвечанага абмеркаванню Праекта Закона “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі

Мы канстатуем, што ў Рэспубліцы Беларусь склалася нездавальняючая сітуацыя з ужываннем дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця. Прапанаваны Праект Закона “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, на нашу думку, ніякім чынам не прадугледжвае паляпшэння сітуацыі і не спрыяе пашырэнню выкарыстання дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі краіны.

З мовазнаўчага пункту гледжання – на дадзены момант адсутнічаюць перадумовы для якаснага складання новага арфаграфічнага зводу з улікам сучасных патрабаванняў лінгвістычнай навукі: не распрацаваны тэарэтычныя асновы правапіснай кадыфікацыі, не маюць строгага акрэслення арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы; да гэтага часу не створана электронная база беларускай мовы.

З юрыдычнага пункту гледжання — звяртае на сябе ўвагу тое, што правядзенне змен у правапісе прапануецца ў форме закона. У выніку яго прыняцця грамадзяне, якія карыстаюцца беларускай мовай, падвергнуцца дыскрымінацыі, бо Праект Закона прадугледжвае “адзіныя Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія ўстанаўліваюць аднастайнасць пісьмовай беларускай мовы і з’яўляюцца абавязковымі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”; аднак падобнае адзінства і аднастайнасць арфаграфічных і пунктуацыйных нормаў не прадугледжваецца ў адносінах да іншых моў, у тым ліку ў адносінах да другой дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь – рускай.

У сувязі з вышэйсказаным мы лічым неабходным зрабіць наступнае:

1) адкласці прыняцце змен у правапісе беларускай мовы ў форме закона – да аднаўлення рэальнага функцыянавання беларускай мовы ў асноўных сферах дзейнасці дзяржавы;

2) апублікаваць Праект новай рэдакцыі Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў дзяржаўных друкаваных СМІ;

3) арганізаваць шырокае грамадскае абмеркаванне Праекта новай рэдакцыі Правілаў;

4) правесці навуковую канферэнцыю па праблемах беларускага правапісу;

5) правесці парламенцкія слуханні па праблеме прыняцця новай рэдакцыі Правілаў.

 

Мінск, 28 верасня 2007 г.


2007

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: архіў Зьмітра Саўкі