epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Русалчын востраў

Мая маці з Палесся. (Палессе — гэта туды, пад Тонеж.) У яе сясцёр і братоў там багата было, мо дзесяцера. Меншы брат Ян зваўся. Ён за лесніка з маладых год быў. То вот што з гэтым маім дзядзькам адзін год прычынілася. Пайшоў ён на Івана Купалу з ружжом у лес, думаў, якую дзічыну забіць — мо кабана, мо лася, а мо мядзведзя. Пайшоў рана, яшчэ сонейка не ўставала. Ціхенька ідзе па лесе, звера цікуе. Выйшаў к Сіверскаму балоту, ідзе паўз яго памалу. І на балоце, і ў лесе ціха. Ідзе-ідзе, аж раптам нешта яму зрабілася. Хоча ісці далей, да не можа, як бы дзеравянее. Нешта не пускае яго далей ісці, на балота заварочвае ды цягне. Не хоча ісці, баіцца, дрыжыкі бяруць, а ідзе. З купіны на купіну ступае, скача. Да ўсё хутчэй, як бы завод які ў ім стаў, усё далей на балота. Балота тое вялікае. Пасярод яго возера, ёсць пасярод возера — востраў з купін, на востраве — куст адзін каля вады рос. Выйшаў дзядзька к таму возеру. Раненька яшчэ было, як бы туман возера аблягаў. Бачыць ён цераз туман той востраў. А на востраве — русалкі, з крыламі, без сарочак, голыя, косы русыя па пояс. Пабраліся ў круг ды танцуюць з падскокамі. А адна сядзіць пад кустом каля самае вады, у воду глядзіцца ды косы расчэсвае. Косы расчэсвае ды пазірае ў дзядзькаў бок. І здалося яму, што яна вабіць яго, да сябе кліча. Страхоцце на дзядзьку найшло, выбраўся ён з балота, а як — не помніць. Спужаўся моцна. Цяпер русалак там ніхто не бачыў. Ці то яны ёсць, ды не паказваюцца людзям, ці то звяліся. Мабыць, звяліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан