epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Русалкі

Русалкі цераз мяжу не могуць перайсці, праз гэта і звяліся: бачыш, цяпер зямля ўся перамераная. А раней, як зямля была не мераная, іх было шмат. Бывала, выйсці нельга — зашчыкочуць. А ў лесе, дык ноччу толькі і чутна: гу! гу! гу! Аж сумна. Даўно калісьці, дзяды казалі, дзвюх прыводзілі і да нас у вёску. Дык у іх жаноцкае ўсё, толькі грудзі вялікія ды валасы доўгія. І нічога не гавораць, толькі плачуць і плачуць, ракой слёзы ліюцца, пакуль пусцяць. А як пусцяць якую,— тагды запяе, зайграе ды ў лес. Шмат было. Ну і нядзеля Граная, што яны на гэтай нядзелі каталіся, гралі ў лесе: гутата-гуляля, гутата-гуляля! Толькі,бывала, і чутна.

 

 

* * *

 

А то так вот, мой бацька працаваў на полі ля лесу, на Гранай. І паставіў барану ў бярэзніку. Дык яна злезла з бярэзіны ды з бараной стала гуляць. Гуляла-гуляла, дый ушчамілася. Цягае барану. Прыходзіць бацька, а яна ўжо і сядзіць. Ну, дык ён яе да двору прывёз. Яна яму цэлы год служыла. І што яна ела? Як гаршкі выставяць з печы, дык яна пары нахапаецца-нахапаецца ротам, аб тым і сыта. І ўсё чыста рабіла. Раз толькі пакажы ёй, больш ужо не трэба. І прала, і ткала, і скаціну даглядала, хату цяпліла. Тады, як год адслужыла, як зноў прыйшла Граная, яна і гаворыць:

— Ну, мне пара, госці мае ўжо прыехалі. Зайграла, заскакала і ў лес. Цэлы год нічога не гаварыла. Толькі гэта і сказала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан