epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Салтаны

...Адбылося гэта даўно, пасля цяжкай і доўгай вайны з туркамі. Перамаглі рускія, і таму да палонных (было іх шмат тысяч) паставіліся паблажліва. Частку туркаў завезлі ў Расію, ім было дазволена жыць у вёсках і гарадах, займацца рамяством. Так у Менску палонныя туркі пачалі пячы хлеб. Турэцкія булкі падабаліся менчукам. Вядомыя былі туркі і як умелыя млынары-мукамолы.

Аднойчы на багаты хутар, што стаяў на месцы будучых Салтаноў, прыблудзіў адпушчаны на волю малады турак. Наняў яго гаспадар быццам бы на касьбу, а потым, убачыўшы, што хлопец ён спраўны, працавіты, пакінуў у работніках на ўвесь год. Звалі таго прыгожага вясёлага хлопца Салтан. Дык вось быццам бы той жабрак-бесхацінец пасватаўся да гаспадарскай дачкі-прыгажуні, якая таксама ўжо даўно паглядала на адважнага турка-прыгажуна.

Толькі гаспадар хутара паставіў перад Салтанам умову.

— Разбагацей спачатку,— хітра пасміхваючыся, сказаў ён,— набудзь хаця б з трэць таго, што я маю, без слоў аддам за цябе дачку адзіную.

Зажурыўся, засумаваў хлопец, але ненадоўга. Зной прыйшоў да гаспадара і папрасіў даць яму ў арэнду кавалак зямлі, хай сабе нават кепскай, аж на вяршыні пясчанага ўзгорка.

Здзівіўся гаспадар, падазрона зірнуў на Салтана, але ўсё-такі згадзіўся, аддаў яму той неўрадлівы ўзгорак.

Вось на гэтым узгорку пабудаваў кемлівы Салтан свой першы ветраны млынок. А паколькі іншых млыноў паблізу не было, павезлі людзі малоць зерне да Салтана. Назбіраў ашчадны хлопец грошай і на месцы малога ветрака пабудаваў сапраўдны млын з магутнымі жорнамі, размахам крылаў аж у дзесяць метраў. Паваліў народ да млынара Салтана. А перад калядамі занёс Салтан у дом гаспадара каваны куфэрак, адкрыў яго і сказаў: «Лічы!» А было ў тым куфэрку поўна залатых манет. Гаспадар не стаў лічыць тыя грошы, паклікаў дачку і заручыў маладых.

Доўга яшчэ навакольныя людзі ездзілі на млын да турка Салтана. А пад той час, калі гаспадаром млына стаў Салтанава сына сын, людзі ўжо ездзілі малоць зерне не на безыменны хутар, а ў вёску Салтаны...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан