epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Сяло Дольск

Цяперашняе сяло Дольск было мястэчкам з замкам, якое перанесена ў цяперашняе мястэчка Любяшоў Пінскага павета і называлася раней не Любяшовым, а Новым Дольскам. Перанесена ж з такой прычыны: пан з роду князёў Вішнявецкіх, які валодаў мястэчкам, даведаўшыся, што яго дачка таемна выйшла замуж за чалавека нязнатнага роду, у гневе прысягнуў давеку не бачыцца з ёю і не дараваць яе злачынства; але пасля таго нібы захацеў памірыцца са сваімі дзецьмі і назначыў дзень сустрэчы і даравання. З гэтае прычыны наладзіў баль і сазваў на яго суседзяў. Узрадаваныя гэтым, дзеці паўзлі каленьмі цераз усё мястэчка да бацькоўскага дому. У час гэтага ганебнага падарожжа падышла да іх яўрэйка і перасцерагла маладых, каб не з’явіліся да бацькоў, бо будзе здрада. Прадраканне яўрэйкі спраўдзілася. Калі пачалося баляванне, бацька запаліў порах, загадзя закапаны ў бочках пад замкам, і ўвесь замак з гасцямі, чэляддзю і з самім віноўнікам злачынства разарвала на дробныя кавалкі. Пажар узняўся па ўсяму мястэчку. Царква згарэла, а з ёю ўсё мястэчка. Сярэбраны крыж з царквы знайшлі за дзве вярсты. З тае прычыны, дзе адшукалі крыж, пабудавалі царкву і сяло, а астатніх жыхароў перасялілі ў цяперашняе мястэчка Любяшоў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан