epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Серада і Пятніца

Серада і Пятніца сустрэліся раз на раздарожжы дый пайшлі далей разам. Вось ідуць яны, ідуць дый сустракаюць чалавека, які вяртаўся з кірмашу дамоў. Параўняўся з імі чалавек, ды як зірнуў, што ідуць якіясь падарожныя жанчыны, сказаў ім дабрыдзень дый паехаў далей. Адышліся Серада з Пятніцаю дый пачалі спрачацца, каму гэта чалавек даў дабрыдзень. Адна кажа — мне, а другая — мне. Доўга спрачаліся яны, нарэшце згадзіліся вярнуцца ды спытаць у самога чалавека.

Вось яны пераляцелі назад дый зноў сустракаюць таго чалавека. Зірнуў чалавек ды адразу і пазнаў, што гэта тыя самыя. «Што за ліха,— думае ён,— што гэта за праява? Хіба якая марока? Я ж сустракаў іх на раздарожжы ці каля павароткі, а тут вось ад’ехаў, а яны зноў ідуць насустрач. Ліха іх вазьмі, дам ізноў ім дабрыдзень».

Тут ён схамянуўся дый кажа:

— Дабрыдзень!

— Чалавеча,— пытае Серада,— каму ты даў дабрыдзень?

— Чаго? Тпру! Каб цябе ваўкі зарэзалі! — крыкнуў чалавек на каняку, супыняючы яе.

— Каму ты даў дабрыдзень? — пытае Пятніца ўжо.

Чалавек зірнуў то на адну, то на другую дый кажа:

— А ці я ведаю! Багі вас ведаюць, хто вы такія!

— Мы Серада і Пятніца, дык каго ты больш шануеш, Сераду ці Пятніцу?

— І серада й пятніца — добрыя дзянькі. Мы іх і шануем.

— Не, але каго ты больш любіш, Сераду ці Пятніцу?

— Мы больш любім нядзельку, бо гэта свята.

— А з нас каго больш?

— У сераду ўсё ядуць, а ў пятніцу не прадуць, не аруць.

Пабачылі Серада ды Пятніца, што ад хітрага мужыка нічога не дапытаешся, плюнулі дый пайшлі далей. Мужык ад’ехаў трохі, азірнуўся дый кажа:

— Яшчэ пытаюць, каго мы больш шануем. Абедзве голадам мораць ды яшчэ пашаны хочуць. Той у пашане, хто нам есці дае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан