epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Сіні калодзеж

Даўно колісь гэта было, шчэ спрадвеку. Жылі ля Прапойска два багатыры — Сцяпан і Марка — і багатырка Кацярына. І багатыры гэтыя абодва заляцаліся перад ёй. Сцяпан быў слабейшы, ды ёй любы, а Марка сільнейшы, ды нялюбы. Ну, дайшла справа да таго, што трэба хоць за каторага ды замуж ісці,— сватаюцца дужа. Што ёй рабіць? Пайду, думае, за Сцяпана — Марка яго заб’е; пайсці за Марку — Сцяпана шкада. Думала, думала і прыдумала:

— Ну,— гаворыць,— дам я вам па камню, хто далей свой камень шыбане, за таго замуж пайду.

Дык любаму яна дала меншы камень — з стол, а нялюбаму большы — з мужыцкую печку. Ну, і сталі кідаць праз Сож з гарадца во з Прапойска. Дык яны як размахнуліся, дык як кінулі, ажно за дзевяць вёрст. Ну, пайшлі глядзець, чый далей. Бачыць яна — аж любага камень ляжыць. Стала тагды багатырка на гэты камень — аж сляды выціснула, шчэ й цяпер значны,— стала глядзець, аж нялюбага камень далей сажняў на пяцьдзесят. І на тым камні відны пальцы рук багатырскія. От яна тагды і гаворыць:

— Чым мне даставацца нялюбаму, дык пайду лепей вадой служыць.

Як бразнулася з камня, разлілася вадой і пачала ныраць: ямы, ямы ўсюды там. А выскачыла з-пад зямлі ўжо вёрст за пяць ад Прапойска, сюды, бліжаіі к Сожу. Дык вада б’е ў рост чалавека, і вада сіняя. Так і завецца Сіні калодзеж. І колькі там народу бывае — божа, божа!

А як даведаліся пра гэты Сіні калодзеж, дык гэта во як. Быў там ляснік Шэпіт. Ён кожны раз абходзіў свае дзесяціны. Вот раз ідзе ён, чуе — шумота, за дзве вярсты чутно.

— Што за штука? — думае.— Кожны раз хаджу — нічога не было, а тут шум. Дай пагляджу!

І пайшоў ён туды,— ажно б’е вада сіняя-сіняя з-пад зямлі ў рост чалавека. І стаіць ля калодзежа жанчына, косы распусціўшы, і чэшацца. Шэпіт спужаўся. Але думае:

— А што будзе не будзе, пайду-тка я яе зачураю!

Падыходзіў да яе, ды неяк не пасцярогся — галінка хруснула пад лапцем. Дык яна зірк!

— А, Шэпіт! Хацеў зачураць мяне! Будзе ж у твой род патопа.

Ды сама ў калодзеж. Дык на трэці дзень у яго дочка, дзевятнаццаць гадоў, утанула ў Сожы. Во!



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан