epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Сказ маці партызана

— Сын мой Андрэй нарадзіўся ў горы і гадаваўся ў горы, пасвіў скаціну ў шляхты і ў кулакоў і браў па тры рублі за лета. Як падрос, працаваў на млыне. Сам ён быў граматны, чытаў кніжкі розныя і хаваў і нам не паказваў. Бывала, піша што-небудзь, я падыду, а ён захінецца, каб я не чытала. Дык я кажу:

— А каб ад цябе, мой сынку, дзеўкі захіналіся! Ён засмяецца і піша далей. Тады ён рабіў добрую справу для людзей.

Я яму іншы раз кажу:

— Чаму ты, сынок, не жэнішся?

А ён:

— А, мама, нічога! Багаты ці будзеш, а жанаты будзеш. Жанюся я — і на цябе забудуся, і на бацьку, і дзела маё ўбок бы пайшло. Дачакаем лепшага дня, тады пабачым.

Хутка ўзялі яго ў армію. Як ён быў на флоце, дык служыў на крэйсеры «Рурык». І на караблі ён быў рэвалюцыянерам. Пісьмы адтуль бацьку прысылаў і прасіў, каб пісьмы гэтыя не хавалі, а палілі.

Ён пісаў, што цара скінулі, і раіў бацьку, каб уступаў у партыю бальшавікоў, і ў лістах сваіх тлумачыў нам, што яны волі дабіваюцца для ўсяго народа.

Ну, а як мой сын з флоту вярнуўся, зноў заняўся гэтай справай, народ падгаворваў хіліцца к савецкай уладзе. Зброю даставалі, развінчвалі чыгунку, панства гналі прэч з Беларусі. Дома ён ніколі не стыкаўся, а ўсё быў у лесе. Часта прыбягалі людзі і пыталіся, дзе ён. А мне сын наказваў, каб усім гаварыла, што пайшоў у Смілавічы карову купляць. А гэта ўсё хадзілі правакатары, шукалі яго слядоў. Бывала, прыйдзе сынок пад раніцу ці ўначы — з ім чалавек пяць-шэсць — і кажа мне:

— Маці, накармі маіх таварышаў.

Я пытаюся:

— Хто такія?

А ён:

— Гэта мае таварышы-матросы.

У сына майго быў рэвальвер, і ружжы яшчэ былі пазакапаны ў нас у садзе. Хадзіў ён у чорным шынялі флоцкім, і быў ён моцны, бо абыякіх на флот не бралі. Як першы год прыйшоў з арміі, дома працаваў на гаспадарцы, хоць і рабіў дзень і ноч, а хадзіў заўжды чысты, прыбраны — сам бялізну памые, высушыць, прыбярэцца. Парадак дома вялікі навёў. Бывала, увечары сабярэ хлапцоў і песні пяе з імі флоцкія, у яго на ўсё мястэчка першы голас. З мужчынамі ўвесь час гаварыў то пра зямлю, то пра волю. Добры быў для народа, з усімі дружыў. Бывала, у адну мінуту разгоніць бойку, такі быў разважлівы і сур’ёзны.

Доўга яго не было дома, як у партызанах ваяваў, плакалі мы па ім, а тады аднойчы прыйшоў уначы яшчэ з адным і лёг спаць. У тую ж ноч, як світаць стала, акружылі нашу вёску белапалякі, паставілі кулямёт і стралялі ўсіх, хто бег з вёскі.

У нашу хату ўварваліся і схапілі яго, беднага, і таварыша яго. Білі сыночка прыкладам у грудзі, а тады вывелі на вуліцу, пасадзілі на аўтамабіль і павезлі ў панскі двор на расправу. А галоўны начальнік белапаляцкі, прозвішча яго Цяпліцкі, кажа:

— Спаліце ўсю вёску, трэба гэта зелле бальшавіцкае з коранем вырваць.

Чатыры жандармы засталіся ў нашай хаце і пачалі пароць усё. Картачку майго сына знайшлі і парвалі на кавалкі. Я кінулася, хацела сабраць і пасля склеіць, каб захаваць на памяць, дык яны, гады, вярнуліся, узялі гэтыя кавалачкі і спалілі, каб і следу не было.

У панскім двары сынок сядзеў за кратамі. Паны хацелі, каб выдаў усіх партызанаў; яны і кармілі яго добра, і казалі — дай спісы, а ён нікога не выдаў і спісаў не даў.

Белапалякі прыходзілі да мяне, білі і ўсё пра спісы тыя дапытваліся. А адзін раз уначы з’явіўся да нас нейкі чалавек, палез на гару, знайшоў там паперы, спаліў іх у печы і моўчкі пайшоў.

У партызанскі атрад пралезлі гады-правакатары, якія выдалі планы партызанскага атрада белапалякам...

Але ні адзін з партызанаў не здрадзіў...

Мяне білі, мужа майго білі і дзяцей білі, усё хацелі, каб мы выдалі таварышаў нашага сына. Мне нават горб набілі прыкладам.

Я хадзіла да сына і прасіла, каб ён нікога не выказваў, бо пабралі б усіх людзей з ваколіц. Тады ён кажа мне:

— Дарагая матуля, я словы вашы разумею.

Я панясу яму есці і плачу, а ён:

— Не плачце, маці, маю магілу людзі лапкамі і кветкамі закідаюць, а пра вас савецкая ўлада паклапоціцца. Памру, але таварышаў не выдам.

Пасля быў суд. Іх білі перад судом, дык ён дачцэ маёй, сваёй сястры, аддаў кашулю памыць і прасіў, каб мне не паказвала. Дачка мне бялізну аддала, я як убачыла, дык абамлела: на кашулі было 28 скруткаў скуры, як яго білі шампаламі, і ўся кашуля была пакрываўлена. Мыла я кашулю тую і слязамі і вадой.

Яму можна было ўцячы, і гаварыла я яму пра гэта, дык ён казаў:

— Вы, матуля, не ведаеце, чым я займаюся. Каб я быў злодзей, уцёк бы, а як я змагаюся за праўду народную, уцякаць мне не трэба. Уцёк бы я, а вы ўсе забітыя праз мяне былі б.

Пасля суда прывялі папа, каб ён спавядаў. Андрэй мой адмовіўся. Прыгаварылі сыночка, яго таварышаў, усяго адзінаццаць чалавек, да расстрэлу, іншых на вечную катаргу асудзілі.

Хацелі расстраляць іх уначы, але ноччу быў дождж страшэнны, быццам слёзы людскія ліліся. Павялі іх раніцою, закавалі ў кайданы па два чалавекі і ў пушчы расстралялі.

Казалі людзі, якія магілу капалі, што ім вочы пазавязвалі, а перад гэтым яшчэ раз папа прывялі, а тады пабілі, пастралялі, некаторых жывымі закапалі ў магілу.

Як яго пахавалі, я хадзіла шэсць начэй на могілкі, не магла дахаты пайсці, сына свайго аплаквала. Казала я сама сабе:

«Папухнеце вы, белапалякі, а мы сыноў сваіх дастанем».

Аднойчы ўначы я была ля могілак, чую, ідзе польскі патруль.

Гавораць яны між сабой:

— Тут нехта бывае, злапім, будзе яшчэ адна магіла.

Уцякла я адтуль, як на голубу ляцела.

Хадзіла тры разы тапіцца — не магла гора перажыць, але людзі стрымалі мяне.

Белапалякі магілу зраўнялі з зямлёю, каб і знаку не было. Але скора ворагі ўцяклі, і праз тры дні прыйшла папера, каб магілу адкрыць. Чырвоная Армія пахавала нашых дзяцей з музыкай.

Кожны год на могілках свята наладжваецца ў гонар дзяцей нашых; усе ідуць — і старыя і малыя — з чырвонымі сцягамі і мяне вядуць на пачэснае месца.

Я сама жыла ў бядзе і ў горы, мой бацька быў бядняк з беднякоў, толькі на дзеці і быў багаты — у яго было трынаццаць душ. Елі мы мякіну, мяшаную з грэчкаю, і так гадаваліся. А як Андрэй падрос мой, дык казаў:

— Маці дарагая, не бядуйце, скора будзе шчаслівае і добрае жыццё для ўсяго народа.

Я адна цяпер жыву, уся сям’я мая загінула, а савецкая ўлада дала мне пенсію.

Дзеці мае, чатыры душы, памерлі праз пабоі белапалякаў, і муж мой, пасля таго як сына расстралялі, счарнеў ўвесь, так перажываў, знясілеў і хутка па мёр.

Дзеці мае рабочыя людзі былі — і касілі, і малацілі, усякую работу рабіць маглі, але не дажылі яны да нашага часу.

Мяне піянеры вазілі ў Мінск і пра сына расказаць прасілі, а я плакала болей, чым гаварыла. Горка мне на сэрцы маім.

Але цешыць сэрца тое, што сын мой, якога я выхавала, за народ змагаўся; хоць кроў сваю праліў, але ўнукі нашыя знайшлі долю на вольнай ад панскай нечысці зямлі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан