epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Сож і Дняпро

Сярод глухіх пушчаў, цёмных бароў, на прыгорку, стаялі калісь старыя-старыя палацы вялікага валадара, сівога старога Рыдана. З канца ў канец зямлі называлі Рыдана багацеем з багацеяў, а над усім багаццем славілася схаваная за дванаццаццю дзвярамі, дванаццаццю замкамі залатая Рыданава карона. Як адмыкалі замкі, адчынялі дзверы і выносілі тую карону, то, калі на свеце была ноч, яна днём станавілася, а калі была зіма, то перамянялася ў лета — так зіхацела дарагое каменне на залатой Рыданавай

кароне.

Зайздросцілі суседнія валадары і князі Рыдану і пастанавілі здабыць карону. Зазвалі варажбітоў і знахароў і загадалі ім прыдумаць, як украсці карону з Рыданавага скарбца.

Варажбіты і знахары думалі тры дні і тры ночы і прыдумалі разрыў-траву, якой, калі дакрануцца замкоў, то самі адчыняцца, ды сон-траву, зярняткамі якой калі пасыпаць, то ўсё жывое наўкола засне. Прыдумаўшы гэта, паслалі злодзеяў красці залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулі сон-зелля, і ўся варта паснула; кранулі разрыў-травой замкоў, і замкі паспадалі. Тады ўзялі яны залатую Рыданаву карону і пайшлі назад.

Устаў раніцой сівы Рыдан, падышоў да акна, ажно глядзь — уся варта покатам спіць, увесь народ у сне беспрабудным валяецца. І зразумеў стары адразу, што няма ў скарбцы ў яго залатой кароны. Падышоў ён тады да звона, ударыў раз, ударыў два, і прачнуліся два Рыданавы сыны: Сож і Дняпро.

Павярнуўся бацька да Дняпра і кажа:

— Вазьмі, сынок, сталёвую зброю, каваны меч і бяжы садамі, лугамі аж да скалістых гор, дагоніш цікунцоў з каронай.

Схапіўся Дняпро і чым хутчэй пабег, а Сож застаўся пры бацьку.

Сеў на залаты пасад стары Рыдан і кажа сыну:

— Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай, ці бяжыць Дняпро?

Прылажыў Сож вуха да зямлі і кажа:

— Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ.

І другі раз кажа бацька:

— Прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай.

Прылажыў сын вуха да зямлі і кажа:

— Бяжыць, але ўжо цяжка дыхае — шум зямлёю ідзе.

І трэці раз сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлі і кажа:

— Гул зямлёй ідзе і крык вялікі.

Тады ўстаў Рыдан з пасады і кажа:

— Бяжы ж ты, сынку, імхамі, балотамі на падмогу яму, бо сам адзін не праб’ецца ён праз скалістыя горы.

Пусціўся Сож імхамі, балотамі на падмогу брату, а стары бацька застаўся чакаць сыноў.

Доўга чакаў стары. Не дачакаўся, з маркоты вялікай пачаў плакаць:

— Бадай нам, дзеткі мае, слязамі разліцца.— Ды ўлучыў ён такі момант, што сапраўды разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе трое змяніліся.

Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож — імхамі ды балотамі, а Рыдан — у свет вочы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан