epub
 
падключыць
слоўнікі

Сьвятая Біблія. Новы Запавет

Выданьні:

- Біблія. Кніга Роду/ пер. Ул. Чарняўскага. – Менск, Унія, 1997. - 78 с.

- Новы Запавет/ пер. Ул. Чарняўскага; гал. рэд. В. Нікіцін, адк. рэд. А. Бокун. - Менск, 1999. - 464 с.

- Біблія. Пяцікніжжа/ пер. з лац. У. Чарняўскага; пад рэд. Станіслава Акіньчыца. – Менск, "Юніпак", 2002. - 250 с.

- Новы Запавет/ пер. на бел. мову Ул. Чарняўскага; Навук. рэд. пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая; літ. апрацоўка тэкста А. Бокуна. - Мінск, Біблейскае таварыства ў РБ, 2003. - 304 с.

Дадатковая інфармацыя пра пераклад і перакладчыка:

- Міхась Казлоўскі - "Павадыр і слуга"

- Яўген Бартніцкі - "Кс. Уладзіслаў Чарняўскі"

- Алег Гардзіенка - "У халоднай хатцы - ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму - 85"

- LJ-user wwgnika - "Айцец Уладзіслаў Чарняўскі"

- Біяграфія кс. Уладзіслава Чарняўскага (Вікіпедыя)

Чарняўскі Ўладзіслаў (1916-2001), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр. Нарадзіўся 14.01.1916 у засценку Амбружын Гарадзенскай губ. Паходзіць з беларускай каталіцкай сям'і. Вучыўся ў Арляняцкай пачатковай школе. У 5-ы клас пайшоў у мястэчку Крэва. Вучобу прадоўжыў у беларускай настаўніцкай школе ў Барунах. Пасля пераехаў у Друю, дзе скончыў пры кляштары айцоў марыянаў мясцовую гімназію (1937). З 1938 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Напрыканцы кастрычніка 1944 г. адправіў першую святую імшу ў Крэве. У 2-й палове 1940-х гадоў вярнуўся ў Вільню да айцоў марыянаў пры касцёле св. Ігната. Адпраўляў набажэнствы і адначасова вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля яе закрыцця ў 1945 г. служыў пры касцёле св. Ігната. Пасвячоны ў святары 24.09.1953(?). Са снежня 1953 г. выконвае святарскія абавязкі ў Беларусі ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна. У студзені 1968 г. быў запрошаны ў Рым, дзе прысутнічаў на аўдыенцыі ў папы Паўла VI. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны з боку ксяндзоў-палякаў застаецца свядомым беларускім каталіцкім святаром. Апостальскім пасадам быў прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў. У паўсядзённай душпастырскай дзейнасці звяртаецца да вернікаў з беларускімі казаннямі. Вёў перапіску з беларускімі святарамі Ф.Чарняўскім і Ч.Сіповічам. Памёр 22.12.2001 г. Пахаваны ў Вішнева.

Тэкст падаецца паводле першай рэдакцыі 1999 г.

Новы Запавет


Новы Запавет

 

 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

 

 

Разьдзел 1
Дзіцячыя гады Езуса
Радавод Хрыста

1 Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

2 Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў ягоных.

3 А Юда быў бацькам Фарэса і Зары з Тамары, а Фарэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.

4 А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Сальмона.

5 А Сальмон быў бацькам Баоза з Рагабы, а Баоз быў бацькам Абэда з Руты, а Абэд быў бацькам Есэя,

6 а Есэй быў бацькам Давіда караля, а Давід кароль быў бацькам Салямона з тае, што была Урыява.

7 А Салямон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія ,быў бацькам Асы.

8 А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.

9 А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэхіі.

10 А Эзэхія быў бацькам Манасэса, а Манасэс быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Ёзіі.

11 А Ёзія быў бацькам Ехоніі і братоў яго ў час перасяленьня ў Бабілён.

12 А па перасяленьні ў Бабілён Ехонія быў бацькам Салятыеля, а Салятыель быў бацькам Зарабабэля.

13 А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліяхіма, а Эліяхім быў бацькам Азора.

14 А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.

15 А Эліюд быў бацькам Элеазара, а Элеазар быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.

16 А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, называны Хрыстос.

17 Дык ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленьняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён - чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста - чатырнаццаць пакаленьняў

Нараджэньне Хрыста

18 З нараджэньнем Езуса Хрыста было так: Калі маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым пачалі жыці разам, выявілася, што яна цяжарная за справай Духа Сьвятога.

19 Язэп жа, яе муж, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, надумаўся тайком яе пакінуць.

20 А калі пра гэта думаў, вось жа анёл Госпадаў паказаўся яму ў-ва сьне і сказаў: "Язэпе, сыне Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, сужонку тваю, бо што ў ёй пачалося, пачалося з Духа Сьвятога.

21 Вось жа народзіць сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных".

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які сказаў:

23 "Вось жа Дзева пачне і народзіць сына, і назавуць імя Яго Эмануэль", што значыць Бог з намі.

24 Затым Язэп, падняўшыся зо сну, зрабіў так, як яму загадаў анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку.

25 І не пазнаў яе, аж пакуль яна нарадзіла Сына, і даў імя Яму Езус.

 

Разьдзел 2
Пакланеньне магаў з Усходу

1 Калі затым нарадзіўся Езус у Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Герода, вось прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім

2 і пыталіся: "Дзе той кароль Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку ягоную на Усходзе дый прыбылі пакланіцца яму".

3 Пачуўшы гэтае, кароль Герод устрывожыўся, і увесь Ерузалім з ім.

4 Ды сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народа, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.

5 А яны яму сказалі: "У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6 "І ты, Бэтлеем, зямля Юдзіна, ніякім чынам ня меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе зьявіцца Правадыр, які будзе валодаць Маім народам Ізраэлем".

7 Тады Герод тайком паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.

8 Ды, адпраўляючы іх у Бэтлеем, сказаў: "Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я прыйшоў пакланіцца Яму.

9 Яны, выслухаўшы караля, адправіліся ў дарогу. І вось зорка, якую - яны бачылі на Усходзе, папераджала іх, аж спынілася над месцам, дзе было Дзіця.

10 Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсьцешыліся.

11 І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіцятка з Марыяй, Маткай Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру.

12 І, атрымаўшы ў сьне наказ, каб не вяртацца да Герода, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

Уцёкі ў Эгіпет

13 Калі яны адыйшлі, анёл Госпадаў аб'явіўся Язэпу ў-ва сьне і сказаў: "Устань, вазьмі Дзіця і Матку Ягоную ды ідзі ў Эгіпет, ды і заставайся там, пакуль не скажу табе. Бо Герод будзе шукаць Дзіцяці, каб Яго забіць".

14 Дык Язэп, устаўшы, узяў ноччу Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Эгіпет.

15 І заставаўся там да сьмерці Герода, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які казаў: "З Эгіпту пазваў Я Сына Майго".

Зьбіццё немаўлят

16 Тады Герод, бачучы, што магі яго падманулі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які пытаўся ў магаў.

17 Тады споўнілася, што было прадказана прарокам Ярэміям, каторы казаў: "Чуецца голас у Раме, плач і стогн вялікі: Рахель плача па сынах сваіх і ня можа супакоіцца, бо іх няма".

Вяртаньне ў Назарэт

18 Калі Герод памёр, вось паказаўся анёл Госпадаў Язэпу ў-ва сьне ў Эгіпце

19 і сказаў: "Устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што цікавалі на Яго жыцьцё".

20 Дык ён, сабраўшыся, ўзяў Дзіця і Маці Ягоную і вярнуўся ў зямлю Ізраэля.

21 Пачуўшы, што ў Юдэі каралюе Археляос па Геродзе, бацьку сваім, баяўся туды ісьці, і папярэджаны ў-ва сьне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.

22 Затым, прыбыўшы, абжыўся ў горадзе, званым Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: "Назарэем будзе звацца".

 

Разьдзел 3
Падрыхтоўка служэньня Езуса
Ян Хрысьціцель

1 У тыя дні паявіўся Ян Хрысьціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай

2 і кажучы: "Навяртайцеся, бо наблізілася Каралеўства Нябеснае".

3 А ён быў тым, пра каго прадказваў прарок Ісая, кажучы: "Голас гамонячага ў пустыні: "Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму!"

4 Сам жа Ян насіў адзеньне з вярблюдавага воласу і дзяжку скураную на паясьніцы сваёй, а ежай Яму была шаранча і дзікі мёд.

5 Дык да яго выходзілі Ерузалім і ўся Юдэя, ды ўсе ваколіцы каля Ярдана,

6 і былі ім хрышчаны ў Ярдане, вызнаючы свае грахі.

7 А калі ўгледзеў многіх фарысэяў і садукеяў, прыходзячых да хросту свайго, сварыўся на іх: "Род зьмяіны, хто заручыўся, што ўбяжыце ад будучага гневу?

8 Чыніце належны плод навярненьня,

9 і ня думайце хваліцца: "Маем бацьку Абрагама". Бо кажу вам, што Бог магутны з гэтых каменьняў можа падняць сыноў Абрагаму.

10 Бо ўжо сякера прыстаўлена да караня дрэваў; кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе высечана і кінута ў агонь.

11 Я вас хрышчу вадою дзеля навярненьня, але Той, Хто прыйдзе па мне, дужэйшы, чым я. Яму я ня варты насіць сандалаў. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.

12 Ён трымае ў сваёй руцэ веялку, і ачысьціць ток свой, ды зьбярэ пшаніцу сваю ў гумно, а мякіну спаліць незгасаемым агнём.

Хрост Езуса

13 Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна прыняць хрост ад яго.

14 Але Ян узбараняўся дзеля Яго, кажучы: "Я павінен быць ахрышчаны Табою, а Ты ідзеш да мяне?"

15 Але Езус сказаў яму: "Пакінь цяпер, бо гэтак нам належыць выпаўніць усякую справядлівасьць". Тады (Ян) прыняў Яго.

16 А калі Езус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады, і вось жа адкрыліся нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, зыходзячага як галуба і прыходзячага на Яго.

17 Ды голас з неба, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблёны, Якога Я ўпадабаў сабе".

 

Разьдзел 4
Пост і спакушаньне Езуса

1 Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.

2 І, папасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.

3 Дык прыступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: "Калі Ты - Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб".

4 (Езус) у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых".

5 Затым пераносіць Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,

6 і кажа Яму: "Калі Ты - Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў нагі Тваёй".

7 Езус сказаў яму: "Зноў жа напісана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".

8 Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу,

9 і кажа Яму: "Усё гэта аддам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне".

10 Тады Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: "Госпаду, Богу твайму, кланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш".

11 Тады пакінуў Яго д'ябал, і вось прыступіліся анёлы і служылі Яму.

Пачатак служэньня Езуса
Езус у Галілеі

12 Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, то перанёсься ў Галілею.

13 Затым, пакінуўшы горад Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме надморскім, на рубяжы плямён Забулёна і Нэфталі,

14 каб збылося прадказанае прарокам Ісаям, які казаў:

15 "Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская;

16 народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і седзячым у краі засеня сьмерці ўзыйшло сьвятло.

17 Адсюль пачаў Езус вучыць і казаць: Навяртайцеся, бо прыблізілася Каралеўства Нябеснае".

Пакліканьне першых вучняў

18 А калі Езус ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў - Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.

19 І сказаў ім: "Хадзеце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".

20 Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

21 І, пайшоўшы адтуль, убачыў двух іншых братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Зэбэдэям, правілі сеткі ў лодцы, і паклікаў іх.

22 А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.

Аздараўленьне хворых у Галілеі

23 І аыбходзіў Езус усю Галілею, і вучыў у сынагогах іх, і вясьціў Эвангельле Каралеўства, ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.

24 І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, ды апанаваных ліхім, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.

25 І хадзілі за Ім вялікія грамады з Галілеі, і з Дэкаполя, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.

 

Разьдзел 5
Казаньне на гары
Восем багаславенстваў

1 Бачачы грамады, Езус узыйшоў на гару; і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя;

2 а Ён, адкрыўшы вусны свае, стаў іх навучаць, кажучы:

3 "Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іхняе Каралеўства Нябеснае.

4 Шчасьлівыя плачучыя, бо яны будуць пацешаны.

5 Шчасьлівыя ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.

6 Шчасьлівыя жадаючыя і прагнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаныя

7 Шчасьлівыя міласэрныя, бо ім будзе аказана міласэрдзе.

8 Шчасьлівыя чыстага сэрца, бо яны Бога аглядаць будуць.

9 Шчасьлівыя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.

10 Шчасьлівыя, што перасьледаваньне церпяць дзеля справядлівасьці, такіх бо Каралеўства Нябеснае.

11 Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зьневажаць, ды перасьледаваць, ды ўсяк блага і фальшыва пра вас гаварыць будуць.

12 Радуйцеся і весяліцеся, бо заплата для вас шчодрая ў небе; так вось перасьледавалі прарокаў, што перад вамі жылі.

Заданьне вучняў

13 Вы - соль зямлі. А калі соль зьвятрэе, дык чым тады яе саліць? Ні на што больш не прыдасца, як толькі выкінуць на двор, каб яе людзі тапталі.

14 Вы - сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, памешчаны на гары.

15 Таксама не паляць сьвечкі і не хаваюць яе пад пасудзіну, але ставяць на сьвечніку, каб сьвяціла ўсім, што ў доме.

16 Так хай сьвеціць сьвятло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, які ў небе.

Даўнейшы і новы закон

17 Ня думайце, што Я прыйшоў скасаваць Закон і Прарокаў. Я прыйшоў не скасаваць, але споўніць.

18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна крэска ня зьменіцца ў Законе, аж пакуль ўсё ня збудзецца.

19 Хто таму парушыць адно з гэтых прыказаньяў найменшых ды так людзей навучыць, той будзе званы найменшым у Каралеўстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, той будзе званы вялікім у Каралеўстве Нябесным.

20 Бо кажу вам, калі ваша справядлівасьць ня будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысэяў, ня ўвойдзеце вы ў Каралеўства Нябеснае.

Гнеў і прабачэньне

21 Чулі, што сказана было прабацькам: "Не забівай", а хто б забіў, той будзе суджаны.

22 А Я вам кажу, што той, хто гневаецца на брата свайго, будзе суджаны; а хто б сказаў брату свайму: "Рака", будзе суджаны радай, а хто б сказаў: "Дурны", будзе варты агня пякельнага.

23 Калі затым панясеш дар свой на аўтар, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,

24 дык пакінь дар твой каля аўтара, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і пасьля прыйдзеш і складзеш у ахвяру дар твой.

25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім скора, пакуль з ім у дарозе, каб часам не аддаў цябе суддзі, а суддзя - слузе, ды ня быў бы ты ўкінуты ў вязьніцу.

26 Сапраўды кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй капейкі.

Чужалоства

27 Чулі, што сказана прабацькам: "Не чужалож!"

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажаданьнем, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.

29 Калі затым тваё правае вока горшыць цябе, выдзяры яго ды кінь ад сябе; бо лепш табе, каб прапаў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё мела быць укінута ў пекла.

30 І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо карысьней табе, каб прапаў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё мела быць укінута ў пекла.

31 Сказана такжа: "Хто пакіне жонку сваю, хай дасьць ёй разводны ліст".

32 А Я вам кажу, што кожны, хто пакідае жонку сваю, з выняткам яе распусты, выстаўляе яе на чужалоства. І той, хто жэніцца з ёю - чужаложыць.

Прысяга

33 Таксама чулі яшчэ аб тым, што было сказана прабацькам: "Не прысягай фальшыва, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам".

34 А Я вам кажу, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсьць трон Божы,

35 ані зямлёю, бо яна - падножжа ног Ягоных; ані на Ерузалім, бо ён - горад вялікага Караля.

36 Ані таксама на сваю галаву не прысягай, бо ты ня можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

37 Хай жа тады слова вашае будзе: "Так, так", "Не, не". А што болей, гэта ад ліхога.

Помста

38 Чулі, што сказана: "Вока за вока, зуб за зуб".

39 А Я вам кажу: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.

40 І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю ўзяць, дай яму і плашч.

41 І калі б хто цябе змушаў ісьці з ім мілю, ідзі з ім дзьве.

42 Калі цябе нехта просіць чаго, дай яму; і не адварочвайся ад таго, хто ў цябе просіць пазычыць.

Любоў да ворагаў

43 Чулі вы, што сказана: "Любі бліжняга свайго і ў нянавісьці мей непрыяцеля твайго".

44 А Я вам кажу: любіце ворагаў сваіх і маліцеся за тых, што перасьледуюць вас,

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, каторы ў небе, які загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над добрымі і ліхімі і дажджом палівае справядлівых і несправядлівых.

46 Калі б вы любілі толькі тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі ня робяць таго?

47 Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане ня робяць?

48 Дык будзьце дасканалыя, як і ваш Айцец нябесны дасканалы.

 

Разьдзел 6

1 Сьцеражыцеся, каб вы вашай справядлівасьці не рабілі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды ня будзеце мець у Айца вашага, каторы ў небе.

2 Дык калі ты даеш міласьціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі, у сынагогах і на вуліцах, каб іх людзі хвалілі. Сапраўды кажу вам, што яны атрымалі сваю ўзнагароду.

3 Але калі даеш міласьціну, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,

4 каб дарэньне тваё было ў скрытасьці, і Айцец твой, каторы бачыць утоенае, аднагародзіць табе.

Малітва

5 І калі ты молішся, ня будзь як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сынагогах і на скрыжаваньнях вуліцаў, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў сваю бакоўку і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытасьці. А Айцец твой, каторы бачыць утоенае, аднагародзіць табе.

7 А калі молішся, не гавары многа, як робяць пагане, якія думаюць, што дзеля шматслоўя свайго будуць выслуханы.

8 Дык ня будзьце падобнымі ім; бо Айцец ваш ведае, што вам патрэбна, перш, чым вы Яго папросіце.

9 Затым так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвятым будзь імя Тваё,

10 прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як ў небе, так і на зямлі.

11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня;

12 і адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпушчаем вінаватым нашым;

13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога.

14 Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іхнія, дык і ваш Айцец нябесны даруе вам.

15 Але калі вы не даруеце людзям, дык таксама Айцец ваш не адпусьціць вам грахоў вашых.

Пост

16 Калі посьціце, ня будзьце сумныя, як крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посьцяць. Сапраўды кажу вам, што яны ўзялі ўжо ўзнагароду сваю.

17 А ты, калі посьціш, намасьці галаву сваю ды абмый твар свой,

18 каб не паказацца людзям, што посьціш, але Айцу твайму, каторы ў скрытасьці; і Айцец твой, які бачыць у скрытасьці, аднагародзіць табе.

Багацьце сапраўднае

19 Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль зьядаюць і дзе злодзеі ўбіваюцца і крадуць.

20 Але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані ржа, ані моль не зьядаюць і дзе злодзеі ня выкапаюць і не ўкрадуць.

21 Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.

22 Сьвятло цела твайго - вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае.

23 А калі б вока тваё было нягоднае, дык і ўсё цела тваё ахутае цемра. Калі вось сьвятло, што ў табе, цемрай стаецца, дык як жа вялікай сама цемра будзе?

24 Ніхто ня можа двум панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, або аднаго трымацца будзе, а другім брыдзіцца. Ня можаце Богу служыць і мамоне.

Давер Богу

25 Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела вашае, у што адзявацца будзеце. Ці ж жыцьцё не важнейшае за яду, а цела - за адзеньне?

26 Паглядзіце на птушкі нябесныя. Яны ані сеюць, ані жнуць, ані зьбіраюць у гумны, а Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці ж вы не на шмат важнейшыя за іх?

27 Ды хто ж з вас сваёй турботаю можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?

28 І чаму турбуецеся пра адзеньне? Прыгледзьцеся палявым лілеям, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.

29 А Я кажу вам, што нават Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў так адзеты, як адна з іх.

30 Дык калі гэтую палявую траву, што сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так адзяе, дык непараўнальна вас, малой веры.

31 Дык не клапаціцеся таму, кажучы: "Што будзем есьці?", або "Што будзем піць?", або "У што будзем апранацца?"

32 Бо гэтага ўсе пагане шукаюць, але Айцец ваш нябесны ведае, чаго вы патрабуеце.

33 Дык шукайце ж перш Каралеўства Божага і яго справядлівасьці, а ўсё тое будзе дададзена вам.

34 Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе будзе рупіцца. Хопіць для кожнага дня свайго ліха.

 

Разьдзел 7
Асьцярожнасьць у суджэньні

1 Не судзіце, каб вы не былі суджаны.

2 Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, ды якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераць.

3 Чаму ж гэта ў воку брата твайго стрэмку бачыш, а бэлькі ў сваім воку ня бачыш?

4 Або як маеш адвагу сказаць брату твайму: "Дазволь выняць стрэмку з вока твайго", а вось бэлька ў тваім воку?

5 Крывадушнік, выкінь перш бэльку з твайго вока, і тады ўгледзіш, як выняць стрэмку з вока брата твайго.

6 Не давайце сабакам таго, што сьвятое, ды не кідайце пэрлаў перад сьвіньнямі, каб яны іх не патапталі сваімі нагамі ды, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.

Трываласьць у малітве

7 Прасіце, і будзе вам дадзена. Шукайце і знойдзеце. Стукайце, і адчыняць вам.

8 Бо кожны, хто просіць, атрымоўвае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняюць.

9 Ці ня ёсьць хто між вамі, каб даў сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?

10 Або, калі папросіць рыбу, даў бы яму зьмяю?

11 Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць дзецям сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, каторы ў небе, дасьць добрыя рэчы тым, якія Яго просяць.

Залатое правіла

12 Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы самі ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі.

Дзьве дарогі

13 Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на загубу, ды многа такіх, што праз іх ўваходзяць.

14 А як цесная брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыцьцё, ды нямнога такіх, якія іх знаходзяць.

Фальшывыя прарокі

15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, што да вас прыходзяць у авечым адзеньні, а ў сярэдзіне - ваўкі драпежныя.

16 Па пладах іхніх пазнаеце іх. Няўжо з церня зьбіраюць вінаград або з асоту фігі?

17 Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое дрэва родзіць ліхія плады.

18 Добрае дрэва ня можа радзіць благіх пладоў, а благое дрэва ня родзіць добрых пладоў.

19 Кожнае дрэва, каторае ня родзіць добрага плоду, будзе высечана і кінута ў агонь.

20 Дык вось па пладах іхніх пазнаеце іх.

Словы і ўчынкі

21 Ня кожны, хто Мне кажа: "Госпадзе, Госпадзе", увойдзе ў Каралеўства Нябеснае, але той, хто спаўняе волю Айца Майго, які ў небе.

22 У той дзень многія Мне скажуць: "Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё чынілі цуды?"

23 А Я тады скажу ім: "Ніколі Я вас ня ведаў. Ідзіце прэч ад Мяне, вы, што творыце беззаконьні."

Два падмуркі

24 Кожны таму, хто слухае Мае словы ды спаўняе іх, падобны да разумнага чалавека, які збудаваў свой дом на скале.

25 І пайшлі дажджы, і разьліліся рэкі, і падулі вятры, і нахлынулі на той дом, і ён не заваліўся, бо быў пабудаваны на скале.

26 А кожны, хто слухае Мае словы і не спаўняе іх, падобны да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску.

27 І лінулі дажджы, і падняліся рэкі, і падулі гураганы, і ўдарылі ў той дом, і заваліўся ён, і вялікая была яго руіна".

28 І калі Езус закончыў гэтыя словы, захапляліся грамады дзеля павучэньняў Яго.

29 Бо вучыў Ён як Той, Хто мае ўладу, а не як іхнія кніжнікі.

 

Разьдзел 8
Цуды Езуса
Аздараўленьне пракажанага

1 Калі Езус зыйшоў з гары, вялікія грамады ішлі за Ім.

2 І вось жа пракажаны, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: "Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".

3 І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз быў ачышчаны ад праказы.

4 І сказаў яму Езус: "Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, загаданы Майсеем на сьведчаньне ім."

Аздараўленьне слугі сотніка

5 А калі Езус увайшоў у Кафарнаўм, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

6 кажучы: "Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спараліжаваны і дужа мучыцца".

7 Сказаў яму Езус: "Прыйду і аздараўлю яго".

8 А сотнік сказаў Яму: "Госпадзе, я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее слуга мой.

9 Бо і я - чалавек, маючы ўладу, і маю пад сабой жаўнераў. І так аднаму кажу: "Ідзі", і ён ідзе, і другому: "Прыйдзі", і ён прыходзіць; і свайму слузе: "Рабі гэта", і ён робіць".

10 Пачуўшы гэта, Езус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: "Сапраўды кажу вам, не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлю.

11 Затым кажу вам, што многія прыйдуць з Усходу і з Захаду, і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Каралеўстве Нябесным.

12 А сыны Каралеўства выкінуты будуць ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі".

13 І сказаў Езус сотніку: "Ідзі, і як уверыў, хай так станецца табе". І быў аздароўлены слуга ў тую ж гадзіну.

Іншыя цуды ў Кафарнаўме

14 А калі Езус зайшоў у дом Пятра, убачыў цешчу яго, лежачую ў гарачцы.

15 Дык дакрануўся яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна, падняўшыся, паслугавала ім.

16 Калі ж надыйшоў вечар, прыводзілі да Езуса шмат апанаваных ліхім, і Ён словам выганяў духі ды аздараўляў усіх, якія чуліся блага,

17 каб збылося сказанае прарокам Ісаям: "Ён узяў немачы нашыя і насіў хваробы нашыя".

Патрэба вырачэньняў

18 Езус, бачачы навакол сябе вялікія грамады, загадаў плысьці на другі бераг.

19 І вось падыйшоў да Яго адзін кніжнік і сказаў: "Вучыцелю, і я пайду за Табой дзе-колечы пойдзеш".

20 Сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе галаву прытуліць".

21 Іншы з вучняў Ягоных казаў Яму: "Госпадзе, адпусьці перш мяне пайсьці і пахаваць бацьку майго".

22 Але Езус сказаў яму: "Ідзі за Мной і пакінь памёршым хаваць сваіх памёршых.

Суцішэньне буры

23 І калі Езус увайшоў у лодку, за Ім ўвайшлі вучні Ягоныя.

24 І вось узьнялася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а Ён спаў.

25 Дык кінуліся да Яго вучні Ягоныя і абудзілі Яго, кажучы: "Госпадзе, ратуй нас, бо топімся!"

26 І сказаў ім: "Чаму вы так палахлівыя, малаверныя?" Затым, падняўшыся, загадаў ветрам і мору, і настала вялікае зацішша.

27 А людзі дзівіліся ды казалі: "Хто Ён, што вятры і мора Яго слухаюць?"

Аздараўленьне апанаваных дэманам

28 І калі пераплыў на другі бераг у краіну Гадарэнскую, перанялі Яго два апанаваныя ліхім, якія выходзілі з магілаў, і так страшныя, што ніхто ня мог праходзіць гэтаю дарогай.

29 І пачалі яны крычаць: "Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты перад часам мучыць нас?"

30 Недалёка ад іх пасьвілася вялікае стада сьвіней.

31 Дык ліхія духі прасілі Езуса і казалі: "Калі нас выганіш, дык дазволь нам увайсьці ў гэтае стада сьвіней". І сказаў ім: "Ідзіце!" Дык яны выйшлі і ўвайшлі ў сьвіней; і вось усё стада з імпэтам кінулася ў мора з касагора, і патанула ў вадзе.

32 Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі ўсё і аб тым, што сталася з апанаванымі дэманам.

33 Дык увесь горад выйшаў насустрач Езусу і, ўбачыўшы, прасілі Яго, каб адыйшоўся ад іхніх межаў.

 

Разьдзел 9
Аздараўленьне спараліжаванага

1 Затым Езус, увайшоўшы ў лодку, пераправіўся (назад) і прыбыў у свой горад.

2 І зараз прынесьлі да Яго спараліжаванага, лежачага на ложку. І, бачачы іхнюю веру, (Езус) сказаў спараліжаванаму: "Вер, сыне, адпускаюцца табе твае грахі".

3 І вось жа некаторыя з кніжнікаў думалі сабе: "Ён блюзьніць".

4 Езус жа, пранікшы іх думкі, сказаў: "Чаму ліха думаеце ў вашых сэрцах?

5 Што лягчэй сказаць: "Адпускаюцца табе грахі", ці таксама: "Устань і хадзі?"

6 А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчаньня грахоў, - кажа тады спараліжаванаму: "Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой".

7 Дык той устаў і пайшоў да дому свайго.

8 Бачачы гэта, грамады праняліся страхам і славілі Бога, што даў такую моц людзям.

Пакліканьне Матэвуша

9 І, адыходзячы адтуль, убачыў Езус чалавека, імем Матэвуш, каторы сядзеў пры мытні. Дык сказаў яму: "Хадзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

10 І сталася, калі Езус сядзеў за сталом у доме, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і сядзелі разам з Езусам і Яго вучнямі.

11 Бачачы гэта, фарысэі казалі вучням Ягоным: "Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць ваш Вучыцель?"

12 Пачуўшы ж гэта, Езус сказаў: "Не здаровым трэба лекара, але тым, што блага чуюцца.

13 Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры". Бо не прыйшоў Я прызываць справядлівых, але грэшнікаў".

Хрысьціянскі пост

14 Затым падышлі да Яго Янавы вучні і казалі: "Чаму гэта мы і фарысэі часта посьцім, а вучні Твае ня посьцяць?"

15 Сказаў ім Езус: "Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады яны будуць пасьціць.

16 Ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзеньня, бо яна разьдзірае яго, і дзіра робіцца большай.

17 Таксама не ўліваюць маладое віно ў старыя мяхі, бо яно разрывае мяхі старыя, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Дык вось маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, і такім чынам адно і другое зьберагаецца".

Два цуды ў Кафарнаўме

18 Калі Езус гэта гаварыў, якраз адзін начальнік падыйшоў да Езуса, і пакланіўся, і сказаў: "Госпадзе, дачка мая перад хвілінай сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, і яна жыць будзе".

19 І Езус, падняўшыся, разам з вучнямі сваімі пайшоў за ім.

20 І вось жанчына, каторая праз дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Яго.

21 Бо казала сабе: "Калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, паздаравею".

22 Езус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: "Вер, дачка, вера твая аздаравіла цябе". І аздароўленай была жанчына ад тае хвіліны.

23 А Езус прыйшоў у дом начальніка, і ўбачыў жалейнікаў і натоўп галосячы, і сказаў:

24 "Адступецеся, не памерла дзяўчына, але сьпіць". Дык сьмяяліся з Яго.

25 А калі людзей выправілі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.

26 І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй той зямлі.

Аздараўленьне двух сьляпых

27 Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы: "Сыне Давідаў, зжалься над намі!"

28 А калі Езус увайшоў у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго. Дык Езус спытаўся ў іх: "Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?" Сказалі Яму: "Так, Госпадзе".

29 Тады Езус дакрануўся да іх вачэй і сказаў: "Хай вам станецца як вы верыце".

30 І адкрыліся вочы ім. А Езус прыгразіў ім, кажучы: "Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся".

31 Але яны, адыйшоўшыся, разславілі Яго па ўсёй той зямлі.

Аздараўленьне нямога

32 Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.

33 Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той прагаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: "Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлю".

34 Фарысэі ж казалі: "Сілай князя д'ябальскага выганяе ліхія духі".

Езус шкадуе людзей

35 І абходзіў Езус усе гарады і вёскі, вучачы ў сынагогах, і вешчучы Эвангельле Каралеўства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.

36 Бачачы людзей, Езус шкадаваў іх, бо былі зьняможаныя і кінутыя як авечкі бяз пастыра.

37 Затым сказаў вучням сваім: "Жніво вялікае, але працаўнікоў мала.

38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво сваё".

 

Разьдзел 10
Высланьне апосталаў
Выбар Дванаццаці

1 І, сазваўшы Дванаццаць вучняў сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, каб выганяць іх, і аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.

2 А імёны Дванаццаці апосталаў такія: першы Сымон, якога завуць Пятром, і Андрэй, брат яго.і Якуб, сын Зэбэдэяў, ды Ян, брат ягоны;

3 Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэвуш мытнік, Якуб, сын Альфеяў, і Тадэвуш,

4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які Яго выдаў.

Місія апосталаў

5 Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, загадваючы ім ды кажучы: "На дарогу паганаў не заходзьце і ў гарады Самаранаў не ўваходзьце.

6 Але перш ідзіце да авечак, якія прапалі з дому Ізраэля.

7 А ідучы, прапаведуйце і кажыце, што прыблізілася Каралеўства Нябеснае.

8 Аздараўляйце хворых, уваскрашайце памёршых, ачышчайце пракажаных, выганяйце дэманаў. Дарма атрымалі, дарма давайце.

9 Ня мейце ў капшуках вашых ані золата, ані серабра, ані грошаў,

10 ані торбы, ані двух вопраткаў, ані сандалаў, ані кія. Бо працаўнік варты стравы сваёй.

11 А ў які горад або вёску зойдзеце, спытайцеся, хто ў ім дастойны, ды там абжывайцеся аж да свайго адыходу.

12 Уваходзячы ў дом, вітайце яго і кажыце: "Супакой дому гэтаму."

13 І калі дом той будзе годны, зыйдзе на яго супакой ваш. А калі ня будзе годны, супакой ваш да вас вернецца.

14 А калі б хто вас не прыняў ды ня слухаў словаў вашых, выйшаўшы на вонкі з дому або горада, абтрасіце пыл з ног вашых.

15 Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым тому гораду".

Прадказаньне будучых перасьледаваньняў

16 Вось жа пасылаю Я вас як авец у ваўкі: дык будзьце хітрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.

17 Сьцеражыцеся людзей; павядуць бо вас на суды і ў сынагогах бічаваць вас будуць.

18 І дзеля Мяне будуць цягаць вас да ўладаў і каралёў на сьведчаньне ім і паганам.

19 А калі вас выдаваць будуць, ня думайце, як і што гаварыць маеце, бо ў той час што маеце гаварыць, будзе дадзена вам.

20 Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага, каторы праз вас гаворыць.

21 Ды выдасьць на сьмерць брат брата, а бацька - сына; і збунтуюцца сыны супраць бацькоў, і будуць прычынай іхняй сьмерці.

22 Ды будзеце ў нянавісьці дзяля імя Майго ў-ва ўсіх. Але хто выстаіць да канца, будзе збаўлены.

23 Калі вас перасьледаваць будуць у тым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што ня пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы.

Мужнасьць у ўціску

24 Вучань не вышэй вучыцеля, ані слуга не вышэй пана свайго.

25 Хопіць вучню, каб быў як настаўнік ягоны, а слуга - як ягоны пан. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулям, тым больш хатніх ягоных.

26 Дык ня бойцеся іх. Бо няма нічога скрытага, каб не было выяўлена, і нічога тайнага, каб б ня стала вядомым.

27 Што гавару вам упоцемках, гаварыце ў сьвятле; і што чуеце на вуха, разгалашайце на дахах.

28 Ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы забіць ня могуць. Але бойцеся больш таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.

29 Ці ж не за медзяка прадаюць двух вераб'ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

30 Нават валасы вашыя на галаве палічаны.

31 Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб'ёў.

32 Кожнага затым, хто Мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і Я перад Айцом Маім, які ў небе.

33 А хто Мяне вырачацца перад людзьмі, выракуся таго і Я перад Айцом Маім, які ў небе.

Ня мір, але меч

34 Ня думайце, што Я прыйшоў на зямлю прынесьці мір. Не прыйшоў Я прынесьці мір, але меч.

35 Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад яго бацькі, дачку ад маткі яе, сынавую ад сьвякрухі яе.

36 Ды будуць непрыяцелямі чалавеку хатнія ягоныя.

37 Хто любіць больш бацьку ці матку, чым Мяне, той ня варты Мяне. І хто больш любіць сына ці дачку, чым Мяне, той ня варты Мяне.

38 Ды хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той Мяне ня варты Мяне.

39 Хто знойдзе душу сваю, той загубіць яе, а хто б аддаў душу сваю дзеля Мяне - аднойдзе яе.

Нагарода

40 Хто вас прыймае - Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае - прыймае Таго, хто Мяне паслаў.

41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, возьме заплату прарока. Хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, заплату справядлівага атрымае.

42 І хто б аднаму з гэтых найменшых дзеля таго, што ён вучань, даў бы кубак халоднай вады напіцца, сапраўды кажу вам, не міне яго ўзнагарода".

 

Разьдзел 11

1 Калі Езус закончыў даваць Дванаццаці вучням сваім напамінаньні, пайшоў адсюль далей у іхнія гарады навучаць і вясьціць Эвангельле.

Пасланьнікі Яна Хрысьціцеля

2 Ян жа, будучы ў вязьніцы і пачуўшы аб дзейнасьці Хрыстовай, паслаў двух вучняў сваіх

3 запытацца Езуса: "Ты Той, што мае прыйсьці, ці другога чакаць?"

4 У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:

5 сьляпыя бачаць, і храмыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, і убогім абвяшчаецца Эвангельле,

6 і багаслаўлены, хто з Мяне ня згоршыцца".

Сьведчаньне Езуса пра яна Хрысьціцеля

7 А калі пасланцы адыйшліся, Езус пачаў гаварыць да людзей пра Яна: "Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысьнёг, хістаючыся ад ветру?

8 Ды што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека ў мяккія шаты адзетага? Вось жа тыя, што ў мяккае адзеньне апранаюцца, жывуць у каралеўскіх дамах.

9 Ды ж каго вы выйшлі паглядзець? Прарока? Вось жа кажу вам: больш, чым прарока.

10 Бо ён ёсьць той, пра каго напісана: "Вось жа Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".

11 Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не яўвіўся большы, чым Ян Хрысьціцель; але найменшы ў Каралеўстве Нябесным большы, чым ён.

12 Ад дзен Яна Хрысьціцеля аж дасюль Каралеўства Нябеснае сілай бярэцца, ды толькі людзі гвалтоўныя здабываюць яго.

13 Усе бо Прарокі і Закон аж да Яна прарочылі;

14 і калі хочаце прыняць, ён ёсьць Гальяш, каторы мае прыйсьці.

15 Хто мае вушы слухаць, хай слухае.

Прыповесьць аб гуляючай дзятве

16 Да каго маю прыраўняць род гэты? Ён падобны да хлапчукоў, седзячых на рынку і гамонячых сваім равесьнікам:

17 "Мы вам сьпявалі, а вы ня танчылі, мы галасілі, а вы ня плакалі".

18 Бо явіўся Ян, які ня есьць і ня п'е, а тыя кажуць: "Дэмана ён мае".

19 Затым прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п'е, а яны кажуць: "Во абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў". Ды ўсё ж такі апраўдана мудрасьць праз даконы свае".

Гора пыхліўцам

20 Затым Езус пачаў дакараць гарады, у каторых даканана найбольш цудаў Яго, а яны не ўзяліся за пакуту.

21 "Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, як у вас, даўно яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б.

22 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сыдону ў дзень суду, чым вам.

23 А ты, Кафарнаўм, што аж над неба выносішся? Аж у пекла спадзеш! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, як у цябе, можа, засталася б па сёньняшні дзень.

24 Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суду, чым табе".

Езус славіць Айца

25 У той жа час, адказваючы, Езус сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты скрыў гэтыя рэчы ад мудрых і разумных і аб'явіў іх дзецям.

26 Так, Ойча, бо так Табе падабалася.

27 Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец, і ніхто ня ведае Айца, толькі Сын і каму Сын захоча аб'явіць.

28 Хадзіце да Мяне, што трудзіцеся і зьняможаны пад цяжарам, і Я вас спасілю.

29 Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорнага сэрца, і знойдзеце супакаеньне душам вашым.

30 Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі".

 

Разьдзел 12
Зрываньне калосьсяў у суботу

1 У той час у суботу праходзіў Езус каля збожжа. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.

2 Убачыўшы гэта, фарысэі казалі Езусу: "Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыцца рабіць у дні суботнія".

3 Тады кажа ім Езус: "Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі чуў голад, ды тыя, што з ім былі?

4 Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, каторых есьці не належыцца ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі сьвятарам?

5 Няўжо не чыталі ў Законе, што ў суботу сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, але застаюцца без віны.

6 Але кажу вам, што тут ёсьць большы, чым сьвятыня.

7 Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры", дык ніколі не асуджалі б нявінных.

8 Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы."

Аздараўленьне ў суботу

9 Адыйшоўшыся адтуль, прыйшоў Езус у іхнюю сынагогу.

10 І быў там чалавек сухарукі. Дык пыталіся ў Езуса: "Ці выпадае аздараўляць у суботу?", каб магчы Яго абвінаваціць.

11 Езус жа сказаў ім: "Калі б хто з вас меў адну толькі авечку, і тая ўвалілася б у дол у дзень суботні, ці ж ён ня схопіць яе і ня выцягне.

12 У колькі ж разоў даражэйшы чалавек, чым авечка. Таму выпадае дабро рабіць і ў суботу".

13 Затым кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні тваю руку". І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.

14 А фарысэі, выйшаўшы, раіліся адносна Езуса, як загубіць Яго.

Езус - слуга Госпадаў

15 А Езус, даведаўшыся пра гэта, пайшоў адтуль. І за Ім ішло многа людзей, і Ён аздараўляў іх усіх,

16 і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,

17 каб споўнілася тое, што сказана Ісаям прарокам, які сказаў:

18 "Вось жа Слуга Мой, якога Я выбраў, умілаваны Мой, у якім мае упадабаньне душа Мая. Пакладу на Яго Духа Майго, і Ён абвесьціць народам суд.

19 Ня будзе вадзіцца і ня будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.

20 Трысьціны надломленай ня зломіць і дымячага лёну не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,

21 ды ў Яго імю народы надзею мець будуць".

Закіды фарысэяў і адказ Езуса

22 Затым прывялі да Яго апанаванага ліхім, разам ён быў сьляпы і нямы. І Езус яго аздаравіў, так што стаў гаварыць і бачыць.

23 І ўсе грамады дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня сын Давіда?"

24 А фарысэі, чуючы гэта, казалі: "гэты толькі праз Бэльзэбуля, князя дэманаў выганяе злых духаў".

25 Езус жа, ведаючы іхнія думкі, казаў ім: "Усякае каралеўства, разьдзіранае само ў сабе, разваліцца, ды кожны горад або дом, разьдзіраны нязгодай, не ўстаіць.

26 Дык калі шатан шатана выганяе, дык і яго разьдзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца каралеўства яго?

27 І калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык праз каго выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вашымі суддзямі.

28 Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.

29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць яго рэчы, калі перш ня зьвяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не зьбірае, той раскідае.

Грэх супраць Духа Сьвятога

31 Таму кажу вам: кожны грэх і блюзьнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана.

32 Хто скажа што супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто што казаў бы супраць Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добры, альбо прызнайце дрэва ліхім, і плод яго ліхі, бо з плоду пазнаецца дрэва.

34 Зьмяіны род! Як жа вы можаце што добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо з паўнаты сэрца і вусны гавораць.

35 Добры чалавек з добрага скарбца (сэрца) добрыя дастае рэчы, а ліхі чалавек з благога скарбца дастае ліхія рэчы.

36 Кажу вам, што з кожнага пустога слова, што людзі кажуць, здадуць яны справаздачу ў судны дзень.

37 Бо па словах тваіх будзеш апраўданы, дыпа словах сваіх будзеш асуджаны".

Знак Ёны прарока

38 Тады некаторыя кніжнікі і фарысэі казалі Яму: "Вучыцель, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак".

39 Ён у адказ сказаў ім: "ліхі род і чужаложны знаку патрабуе, але ня будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.

40 Бо як Ёна быў у жываце вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Нінівійцы стануць на судзе разам з родам гэтым ды асудзяць яго. Бо яны навярнуліся на прызыў Ёны; а вось тут большы, чым Ёна!

42 Каралева з Поўдня стане на судзе з родам гэтым ды асудзіць яго. Бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; а вось тут большы, чым Салямон!

Вяртаньне нячыстага духа

43 Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных местах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.

44 Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, скуль выйшаў". Ды прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.

45 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых ад сябе, ды, увайшоўшы, пражываюць там. І будуць пазьнейшыя справы таго чалавека горшыя за папярэднія. Так станецца і з гэтым родам крывадушным".

Маці і браты Езуса

46 Калі Езус яшчэ гаварыў да народу, вось жа Маці Ягоная і браты сталі перад домам, хочучы з Ім пагаварыць.

47 Нехта сказаў Яму: "Вось Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы пагаварыць з Табою".

48 А Ён сказаў у адказ гаварыўшаму: "Хто Маці Мая і хто браты Мае?"

49 І, паказваючы рукой на вучняў сваіх, сказаў: "Вось Маці Мая і браты Мае.

50 Хто вось спаўняе волю Айца Майго, які ў небе, той Мне брат, і сястра, і матка".

 

Разьдзел 13
Павучэньні ў прыповесьцях
Прыповесьць пра сейбіта

1 У той жа дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.

2 І сабраліся пры Ім вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.

3 І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях, кажучы: "вось выйшаў сейбіт сеяць.

4 І калі сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі, і выдзюбалі іх.

5 Другія ж упалі на камяністую зямлю, дзе ня мелі шмат зямлі, і ўзыйшлі зараз жа, бо глеба была неглыбокая.

6 Калі ж узыйшло сонца, павялі, бо ня мелі карэньня, і высахлі.

7 Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, і церні вырасьлі і заглушылі іх.

8 Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно - у сто разоў, другое - у шэсьцьдзесят, а іншае - у трыццаць.

9 Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Значэньне прыповесьці

10 І, падыйшоўшы, вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"

11 А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта ня дадзена.

12 Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе аднята.

13 Таму гавару ім у прыповесьцях, бо яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ды не разумеюць.

14 Так спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, які кажа: "Слухаючы будзеце слухаць, і не зразумееце. Гледзячы будзеце глядзець, і ня ўбачыце.

15 Бо сэрца гэтага народу агрубела, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачыма ня ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх".

16 Шчасьлівыя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.

17 Сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

Тлумачэньне прыповесьці пра сейбіта

18 Вы ж слухайце (значэньне) прыповесьці пра сейбіта.

19 Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, і не разумее яго, прыходзіць злыдня і хапае пасеянае ў сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.

20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прыймае,

21 але ня мае кораня, таму часовы. І калі настане прыгнёт і перасьледаваньне слова, скора адпадае.

22 А ў каго пасеяна між церняў, той, што праўда, слова слухае, але клопаты аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно не прыносіць плёну.

23 У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее, і прыносіць плён: адзін - у сто разоў, другі - у шэсьцьдзесят, а іншы - у трыццаць".

Прыповесьць пра кукаль

24 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеяў добрае насеньне на сваёй ральлі.

25 Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукалю ў пшаніцу, і пайшоў.

26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.

27 Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "гаспадару, ці ж ты ня добрае пасеяў насеньне на сваёй ральлі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?"

28 Сказаў ён ім: "Вораг гэта зрабіў". Сказалі яму слугі: "Хочаш, мы пойдзем і зьбяром яго?"

29 Але ён сказаў: "Не, каб часам, зьбіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.

30 Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: "Зьбярыце раней кукаль і зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу зьбярыце ў маё гумно".

Прыповесьць пра гарчычнае зерне і рошчыну

31 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы, чалавек пасеяў на сваёй ральлі.

32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасьце, стаецца большым за ўсякую гародніну, і стаецца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінах".

33 Іншую прыповесьць расказаў ім: "падобнае Каралеўства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".

34 Гэта ўсё расказваў Езус людзям у прыповесьцях, і без прыповесьцяў не гаварыў да іх,

35 каб споўнілася сказанае прарокам, які казаў: "Адкрыю вусны свае ў прыповесьцях, выказваць буду рэчы, скрытыя ад заснаваньня сьвету".

Тлумачэньне прыповесьці пра кукаль

36 Затым, адпусьціўшы людзей, Езус вярнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэту прыповесьць пра кукаль на ральлі".

37 Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто расьсяе добрае насеньне, ёсьць Сын Чалавечы.

38 Ральля - гэта сьвет; добрае насеньне - сыны Каралеўства, а кукаль - сыны злыдні;

39 непрыяцелем жа, што яго пасеяў, ёсьць д'ябал; жніво - канец сьвету, а жнеі - анёлы.

40 Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.

41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны зьбяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня,

42 і ўкінуць іх у печ агністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

43 Тады справядлівыя будуць ясьнець, як сонца, у Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.

Прыповесьць аб схаваным скарбе і пэрле

44 Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які чалавек, знайшоўшы, утойвае і, праняты радасьцю, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.

45 Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых пэрлаў.

46 Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрлу, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

Прыповесьць пра нерат

47 Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да нерату, закінутага ў мора ды загарнуўшага рыбы ўсякіх сартоў.

48 Калі ўжо ёсьць поўны, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрыя адбіраюць у судзіны, а благія вон выкідваюць.

49 Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,

50 ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

51 Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так".

52 Сказаў ім: "таму кожны кніжнік, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбоўні сваёй рэчы новыя і старыя".

Няверства жыхароў Назарэту

53 Калі скончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.

54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў у сынагозе іхняй, а яны дзівіліся і казалі: "адкуль жа гэта мудрасьць і моц?

55 Ці ж гэта ня сын цесьлі? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго - Якубам і Язэпам, Сымонам і Юдай?

56 А сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"

57 Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім".

58 І дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус там нямнога цудаў.

 

Разьдзел 14
Дзейнасьць Езуса і вучняў у Галілеі
Сьмерць Яна Хрысьціцеля

1 У той час слава аб Езусе дайшла і да тэтрарха Герода.

2 Дык сказаў ён слугам сваім: "гэта Ян Хрысьціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды".

3 Бо Герод узяў Яна, і налажыў на яго кайданы, і пасадзіў у вязьніцу дзеля Герадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго.

4 Бо Ян казаў яму: "Не належыцца табе мець яе".

5 Дык ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо мелі яго за прарока.

6 Але ў дзень нараджэньня Герода дачка Герадыяды скакала ў прысутнасьці ўсіх і спадабалася Героду.

7 Дык пад прысягай абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.

8 Яна, навучаная маткай сваёй, сказала яму: "дай мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля".

9 Кароль засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.

10 І паслаў ката, і той адсёк Яну галаву ў вязьніцы.

11 Затым прынесьлі яго галаву на місе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.

12 Вучні яго, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго. Ды, вярнуўшыся, расказалі пра гэта Езусу.

Цудоўнае памнажэньне хлеба

13 Езус,пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, пачуўшы аб гэтым, грамады пайшлі за Ім з гарадоў пешшу.

14 Калі выйшаў, убачыў вялікі натоўп і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іхніх.

15 Калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Яго і сказалі: "Месца тут пустыннае і ўжо позна; адпусьці людзей, хай ідуць ў вёскі і купяць сабе харчоў".

16 Езус сказаў ім: "Хай не адыходзяцца, вы дайце ім есьці".

17 Адказалі яны Яму: "Ня маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы".

18 І сказаў ім: "Прынясіце Мне іх сюды".

19 І загадаў людзям сесьці на траве. І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, багаславіў, і паламаў, і раздаў вучням, а вучні - людзям.

20 Дык елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабрана кускоў дванаццаць поўных кашоў.

21 Людзей жа, што елі, было пяць тысяч апрача жанчын і дзяцей.

Езус ходзіць па моры

22 Затым загадаў вучням сесьці ў лодкі і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусьціць людзей.

23 І, адпусьціўшы людзей, адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі зьвечарэла, адзін там прабываў.

24 А ў той час лодка адплыла далёка ад берага, і кідалі ёю хвалі, бо вецер быў праціўны.

25 А чацьвёртай начной варце прыйшоў да іх Езус па моры.

26 Убачыўшы Яго ідучага па моры, вучні спалохаліся і казалі: "Гэта здань!" Ды ад страху закрычалі.

27 Дык адразу прагаварыў да іх Езус: "Мейце пэўнасьць, гэта Я; не палохайцеся".

28 Пётар жа сказаў Яму: "Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе".

29 А Ён скзаў: "Ідзі!" Дык Пётар, вылезшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб прыйсьці да Езуса.

30 Але, адчуўшы раптоўны вецер, спалохаўся і пачаў тануць, дык закрычаў: "Госпадзе, ратуй мяне!"

31 А Езус, выцягнуўшы руку, зараз схапіў яго і сказаў яму: "Малой ты веры, чаму зьняверыўся?"

32 І калі ўвайшлі ў лодку, сьціх вецер.

33 Дык тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся Яму, кажучы: "Сапраўды, Ты - Сын Божы".

Аздараўленьні ў зямлі Генэсарэцкай

34 І калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.

35 І людзі таго месца, калі пазналі Езуса, разьвясьцілі па ўсёй гэтай ваколіцы. Дык прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся

36 і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Ягонай; і каторыя толькі дакраналіся - здаравелі.

 

Разьдзел 15
Спрэчка пра традыцыю

1 Затым падыйшлі да Яго кніжнікі і фарысэі з Ерузаліма, кажучы:

2 "Чаму вучні Твае парушаюць традыцыі старэйшых? Бо ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб".

3 Ён у адказ сказаў ім: "Чаму і вы парушаеце пастановы Божыя дзеля вашае традыцыі? Бо Бог сказаў:

4 "Шануй бацьку твайго і маці", і таксама: "Хто праклінаў бы бацьку або маці - хай будзе сьмерцю пакараны".

5 Вы ж кажаце: "Хто б сказаў бацьку або маці: Ахвярай (Богу) ёсьць тое, што належыцца табе ад мяне,

6 той можа не шанаваць бацькі свайго". Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашае традыцыі.

7 Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:

8 "Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне;

9 але дарэмна пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія".

Што апаганьвае чалавека

10 І, прызваўшы людзей да сябе, казаў ім: "Слухайце і разумейце:

11 Ня тое паганіць чалавека, што ўваходзіць у вусны, але тое паганіць чалавека, што з вуснаў выходзіць".

12 Тады падыйшлі вучні Яго і сказалі Яму: "Ведаеш, што фарысэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"

13 А Ён адказаў ім: "Усякая расьліна, якой не пасадзіў Айцец Мой нябесны, выкарчавана будзе.

14 Пакініце іх, бо яны сьляпыя правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму".

15 Дык Пётар у адказ сказаў Яму: "Выясьні нам гэту прыповесьць".

16 А Ён сказаў: "І вы таксама яшчэ бяз розуму?

17 Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў жывот і выкідваецца навонкі.

18 А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта паганіць чалавека.

19 Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужалоства, нячыстасьць, пакражы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.

20 Гэта паганіць чалавека. Але есьці нямытымі рукамі не паганіць чалавека".

Аздараўленьне дачкі Хананейкі

21 І, выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў мясцовасьці Тыру і Сідону.

22 І якраз жанчына Хананейка, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Езусу: "Зжалься нада мной, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю страшна мучае дэман".

23 А Ён не адказаў ёй ані слова. Дык падыйшлі вучні Яго, і прасілі Яго, і казалі: "Адпусьці яе, бо яна прызывае нас".

24 Езус у адказ сказаў: "Пасланы Я толькі да авец, каторыя прапалі з дому Ізраэля".

25 Але яна падыйшла і пакланілася Яму, просячы: "Госпадзе, памажы мне!"

26 А Езус адказаў: "Ня добра браць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам".

27 А яна сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх".

28 Тады Езус у адказ сказаў ёй: "О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца, як хочаш". І ў тую хвіліну дачка яе была аздароўлена.

Аздараўленьні пры возеры

29 Затым, выйшаўшы адтуль, Езус прыбыў да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сядзеў тамака.

30 І сабраліся да Яго вялікія грамады, маючы з сабой кульгавых, сьляпых, калекаў, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх.

31 Усе жа дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, кульгавыя ходзяць, калекі аздараўляюцца, сьляпыя бачаць. Дык славілі Бога Ізраэля.

Другое памнажэньне хлеба

32 Езус жа, паклікаўшы вучняў сваіх, казаў ім: "Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне і ня маюць чаго есьці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не самлелі ў дарозе".

33 І сказалі Яму вучні: "Скуль у пустыні набяромся столькі хлеба, каб накарміць такі натоўп людзей?"

34 Пытаецца ў іх Езус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем, і крыху рыбаў".

35 Дык загадаў Езус людзям пасесьці на зямлі.

36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзяку складаючы, ламаў і даваў вучням сваім, а вучні раздавалі людзям.

37 І елі ўсе, і наеліся. А з кавалкаў, якія засталіся, сабралі сем поўных кашоў.

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.

39 І, адпусьціўшы людзей, Езус сеў у лодку і прыплыў у край Магеданскі.

 

Разьдзел 16
Просьба пра знак з неба

1 Зараз падыйшлі да Езуса фарысэі і садукеі і, зводзячы, прасілі Яго, каб паказаў ім які знак з неба.

2 А Езус у адказ сказаў ім: "Калі вечарэе, кажаце: "Будзе пагода, бо неба чырвонае".

3 А нараніцы: "Сёньня навальніца, бо неба хмарнае, ружавее". Дык выгляд неба разумееце, а знакаў часу ня можаце пазнаць?

4 Племя ліхое і чужаложнае знаку шукае, ды іншы знак ня будзе дадзены, толькі знак Ёны прарока". І, пакінуўшы іх, адыйшоўся.

Кісьля фарысэяў і садукеяў

5 А калі перапраўляліся вучні Ягоны на другі бераг, забыліся ўзяць хлябоў.

6 І сказаў ім Езус: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".

7 А яны думалі, гаворачы між сабой, што яны хлябоў ня ўзялі.

8 Езус, ведаючы гэта, сказаў: "Чаму, малаверныя, застанаўляецеся між сабой, што хлябоў ня маеце?

9 Ці ж яшчэ не разумееце і ня помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч людзей? І колькі гэта кашоў назьбіралі?

10 Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы людзей? І колькі кашоў сабралі?

11 Чаму не разумееце, што Я вам не пра хлеб гаварыў: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".

12 Тады зразумелі, што гаварыў ім не каб кісьлі хлебнай сьцерагліся, але навукі фарысэяў і садукеяў.

Вызнаньне Пятра

13 Прыйшоў затым Езус у мясцовасьць Цэзарэі Філіпавай і спытаўся вучняў сваіх: "За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?"

14 А яны сказалі: "Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў".

15 Спытаўся ў іх Езус: "А вы за каго Мяне лічыце?"

16 Адказаў Сымон Пётар, кажучы: "Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога".

17 У адказ сказаў яму Езус: "Багаслаўлены ты, Сымон Бар Ёна, бо ня цела і кроў аб'явілі табе, але Айцец Мой, каторы ў небе.

18 І Я табе кажу: Ты - Пётар (скала), і на гэтай скале пабудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.

19 Ды дам табе ключы Каралеўства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана і ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў небе".

20 Затым загадаў вучням сваім, каб нікому не расказвалі, што Ён ёсьць Хрыстом.

Першае прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

21 Ад гэтага часу Езус пачаў выяўляць вучням сваім, што трэба Яму ісьці ў Ерузалім і там многа цяпець ад старшыняў і ад першасьвятароў і кніжнікаў ды быць забітым, і на трэці дзень ўваскрэснуць.

22 І Пётар, адвёўшы Езуса на бок, пачаў на Яго сварыцца: "Пашкадуй сябе, Госпадзе, гэта ня прыйдзе на Цябе".

23 А Езус, павярнуўшыся, сказаў Пятру: "Адыйдзіся ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэньне. Бо разумееш ня тое, што ад Бога, але што ад людзей".

Як ісьці за Езусам

24 Тады сказаў Езус вучням сваім: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, ды хай бярэ крыж свой і насьледуе Мяне.

25 Бо хто б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго. А хто б загубіў жыцьцё сваё дзеля Мяне, аднойдзе яго.

26 Бо што за карысьць чалавеку, каб увесь сьвет здабыў, а на душы сваёй пацярпеў шкоду? Або што чалавек дасьць у замену за душу сваю?

27 Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасьць кожнаму па яго ўчынках.

28 Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тут стаячых не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў Каралеўстве сваім".

 

Разьдзел 17
Перамяненьне Езуса

1 Затым па шасьці днях узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару.

2 І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго зазьзяла як сонца, а адзеньне Яго сталася белым як сьвятло.

3 І зараз жа паказаліся ім Майсей і Гальяш, размаўляючы з Езусам.

4 Дык Пётар зьвярнуўся да Езуса: "Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну".

5 Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось жа яркае воблака закрыла іх. Ды голас пачуўся з воблака: "Гэта Сын Мой умілаваны, у якім Я маю ўпадабаньне; Яго слухайце".

6 І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.

7 Затым падыйшоў да іх Езус і дакрануўся іх, кажучы: "Устаньце і ня бойцеся".

8 І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей ня бачылі, адно самога Езуса.

9 І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус: "Нікому не кажыце пра гэту зьяву, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне".

Прадказаньне аб прыходзе Гальяша

10 І пыталіся ў Яго вучні Ягоныя: "Чаму кніжнікі цьвердзяць, што Гальяш мае прыбыць раней?"

11 А Езус у адказ сказаў ім: "Гальяш, што праўда, прыйдзе і направіць усё.

12 Але кажу вам, што Гальяш ўжо прыйшоў, але яго не пазналі ды абыйшліся з ім, як хацелі. Але таксама і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець".

13 Тады зразумелі вучні, што Езус гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.

Аздараўленьне люнатыка

14 Калі Езус вярнуўся да народу, падыйшоў да Яго чалавек, упаў перад Ім на калені

15 і прасіў: "Госпадзе, зжалься над сынам маім, бо ён - люнатык, і многа церпіць, часта кідаецца ў агонь або ў ваду.

16 Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць".

17 Езус жа, адказваючы, сказаў: "О родзе няверны і пераваротны, дакуль буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".

18 І насварыўся на яго; і дэман пакінуў яго, і ў тую хвіліну хлопец паздаравеў.

19 Тады пакрыёму падыйшлі да Езуса вучні і спыталіся: "Чаму мы не маглі выгнаць яго?"

20 Ён сказаў ім: "Дзеля вашае малой веры. Сапраўды кажу вам: Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: "Перайдзі адсюль туды", і пяройдзе. Нічога для вас няма немагчымага.

21 Такі бо род не выганяецца інакш, як праз малітву і пост".

Другое прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

22 Калі яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: "Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,

23 і яны заб'юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне". Дык яны сталіся сумнымі.

Падатак на сьвятыню

24 І калі яны падыйшлі ў Кафарнаўм, прыйшлі да Пятра тыя, што зьбіралі дыдрахмы, і сказалі яму: "Ці Вучыцель ваш заплаціць дыдрахму?"

25 Ён сказаў: "Пэўна". І калі ён увайшоў у дом, уперадзіў яго Езус і сказаў: "Што думаеш, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць чынш або падатак: ці са сваіх сыноў, ці з чужых?"

26 Пётр сказаў: "З чужых". Сказаў яму Езус: "Дык значыць сыны свабодныя".

27 Але, каб мы іх ня згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі і, адкрыўшы ёй пыск, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе".

 

Разьдзел 18
Будзьце як дзеці

1 У той час падыйшлі да Езуса вучні, пытаючыся: "Хто найбольшы ў Каралеўстве Нябесным?"

2 І Езус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярэдзіне іх

3 і сказаў: "Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Каралеўства Нябеснае.

4 Хто ўпакорыцца як гэта дзіця, той большы у Каралеўстве Нябесным.

5 І хто прыйме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыйме.

Спакусы

6 А хто б згоршыў аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму прычапіць камень млынавы на шыю і ўтапіць у глыбіні мора.

7 Гора сьвету ад згаршэньняў. Бо мусяць прыйсьці згаршэньні, аднак гора таму чалавеку, праз якога згаршэньне прыходзіць.

8 Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе аднарукім ці кульгавым увайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі або дзьве нагі быць укінутым у агонь вечны.

9 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым маючы два вокі быць укінутым у агонь пякельны.

10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, каторы ў небе.

11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў ратаваць тое, што было прапаўшы.

Прыповесьць пра згубленую авечку

12 Як вам здаецца? Калі б хто мае сто авец, і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць той, каторая прапала?

13 І калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасьці, чым з дзевяноста дзевяці, каторыя не зблудзілі.

14 Так і ваш Айцец, каторы ў небе, ня хоча, каб прапаў хоць адзін з малых гэтых.

Братэрскія напамінаньні

15 Калі брат твой правініцца табе, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вока. І калі б паслухаў цябе, здабудзеш брата твайго.

16 А калі б цябе не паслухаў, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб усякае слова абапіралася на доказе двух або трох сьведкаў.

17 А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.

18 Сапраўды кажу вам: Што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.

19 Паўторна кажу вам: Калі двух з вас на зямлі згодзяцца прасіць аб якую-колечы рэч, дасьць ім Мой Айцец, які ў небе.

20 Бо дзе ў імя Маё сабяруцца двух або трох, там і Я пасярод іх".

Колькі разоў прабачаць

21 Тады Пётар, падыйшоўшы, спытаўся: "Госпадзе, колькі разоў маю дароўваць брату майму, калі правініцца мне? Ці да сямі разоў?"

22 Кажа яму Езус: "Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці сямі разоў.

Прыповесьць пра неміласэрнага даўжніка

23 Дзеля таго падобнае Каралеўства Нябеснае да чалавека караля, каторы хацеў разрахавацца са слугамі сваімі.

24 І калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, каторы быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

25 Калі ня меў ён з чаго аддаць, загадаў пан ягоны прадаць яго, жонку ягоную, дзяцей ды ўсё, што меў, ды заплаціць.

26 Але слуга той, упаўшы, прасіў яго: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і я аддам табе ўсё".

27 І пан зжаліўся над тым слугой, і асвабадзіў яго, і доўг яму дараваў.

28 Але слуга той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, каторы быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "Аддай, што мне вінаваты".

29 А таварыш той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: "Мей цярплівасьць дзеля мяне, і аддам табе".

30 Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, дакуль не аддасьць яму доўгу.

31 Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі, ды пайшлі і расказалі пану свайму ўсё, што сталася.

32 Тады пазваў яго пан ягоны і сказаў яму: "Слуга нягодны, я табе увесь доўг дараваў, бо ты мяне прасіў.

33 Ці ж і табе не належылася, каб ты пашкадаваў таварыша свайго, як я пашкадаваў цябе?"

34 І, разгневаўшыся, пан ягоны выдаў яго катам, пакуль яму не аддасьць усяго доўгу.

35 Так і Айцец Мой нябесны зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму ў сэрцах вашых".

 

Разьдзел 19
Апошняе падарожжа ў Ерузалім
Сужэнства і дзявоцтва

1 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.

2 І за Ім ішлі вялікія грамады, і там аздаравіў іх.

3 Затым падыйшлі да Яго фарысэі і, зводзячы Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?"

4 А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, хто стварыў (чалавека) напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх

5 і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адным целам".

6 І так ужо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае".

7 Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"

8 Сказаў ім: "Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей кідаць жонку вашую, але не было так напачатку.

9 Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, за выняткам распусты, іжэніцца з іншаю - чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся - чужаложыць".

10 Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак чалавека да жонкі, то лепш не жаніцца".

11 А Езус сказаў ім: "Ня ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.

12 Бо ёсьць эўнухі, што такімі з жывата маці нарадзіліся, і ёсьць эўнухі, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць эўнухі, што самі сябе выпакладалі дзеля Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее".

Езус і дзеці

13 Аднойчы прывялі да Яго дзеткі, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.

14 Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Каралеўства Нябеснае".

15 І, усклаўшы на іх рукі свае, пайшоў адтуль.

Багаты юнак

16 І вось нехта падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Настаўнік добры, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

17 Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі (Бог) добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".

18 Спытаўся ў Яго: "Якія?" Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведчы фальшыва,

19 шануй бацьку і матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога".

20 Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад маленства свайго. Чаго мне яшчэ не хапае?"

21 Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай ўбогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, хадзі за Мной".

22 Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.

Багацьце і ўбогасьць

23 Затым Езус сказаў сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багаты з цяжкасьцяй увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.

24 Зноў кажу вам: Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Карлеўства Божае".

25 Пачуўшы гэта, вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"

26 А Езус, узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей гэта немагчыма, але у Бога ўсё магчыма".

27 Тады ў адказ Пётар сказаў Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой. Дык што мы атрымаем?"

28 Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, калі настане новы сьвет і засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы сваёй, засядзеце на дванацаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраэля.

29 І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.

30 І многа першых будзе апошнімі, і апошніх - першымі.

 

Разьдзел 20
Прыповесьць пра працаўнікоў у вінаградніку

1 Падобнае затым Каралеўства Нябеснае чалавеку гаспадару, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у вінаграднік свой.

2 Зрабіўшы з работнікамі ўмову па дынару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

3 Ды, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, стаячых на рынку без работы,

4 і сказаў ім: "Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, і што будзе справядліва, дам вам".

5 І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны, і зрабіў падобна.

6 Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў, і знайшоў іншых стаячых, ды ім сказаў: "Чаму тут стаіцё, гультуючы ўвесь дзень?"

7 Кажуць яму: "Бо ніхто нас не наняў". І ім сказаў: "І вы ідзіце ў мой вінаграднік".

8 А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніку загадчыку свайму: "Скліч работнікаў і дай ім заплату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі".

9 Дык калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны прыйшлі на работу, атрымалі па дынару.

10 Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.

11 Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,

12 кажучы: "Гэтыя апошнія толькі адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, якія пераносілі цяжар дня і сьпякоту".

13 А ён у адказ аднаму з іх сказаў: "Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?

14 Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і апошняму даць як табе.

15 Ці ж ня можна мне рабіць, што хачу? І ці ж крывым вокам глядзіш на тое, што я добры?

16 Так вось гэтыя апошнія будуць першымі, а першыя - апошнімі. Бо многа пакліканых, а мала выбраных".

Трэцяе прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

17 І, уваходзячы ў Ерузалім, Езус узяў асобна Дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:

18 "Ужо ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць,

19 ды выдадуць на пасьмешышча паганам, на бічаваньне і ўкрыжаваньне, і на тэці дзень ўваскрэсьне".

Просьба маці сыноў Зэбэдэявых

20 Тады падыйшла да Езуса матка сыноў Зэбэдэявых з сынамі сваімі, пакланілася і прасіла нечага.

21 Езус спытаўся ў яе: "Чаго хочаш?" Яна сказала: "Скажы, каб гэтыя два сыны мае ў Каралеўстве Тваім сядзелі адзін з правага боку ў Цябе, а другі - з левага".

22 А Езус адказаў ёй: "Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, каторы Я піць буду?" Кажуць Яму: "Можам".

23 Сказаў ім: "Чашу маю праўда піць будзеце, але сядзець у Мяне з правага боку ці з левага магу вам даць, але толькі тым, каторым прыгатаваў Айцец Мой".

Сапраўдная вялікасьць

24 Пачуўшы гэта, дзесяць іншых разгневаліся на двух братоў.

25 Але Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: "Ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і магнаты маюць уладу над імі.

26 Паміж вамі так ня будзе, але хто з вас хацеў бы быць большым, хай будзе вашым слугою.

27 І хто з вас хацеў бы быць першым, хай будзе вашым слугою.

28 Так як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю на адкупленьне многіх".

Аздараўленьне сьляпых з Ерыхону

29 І калі выходзілі з Ерыхону, праводзіла іх вялікая грамада.

30 І вось два сьляпыя пры дарозе пачулі, што праходзіць Езус. Дык пачалі крычаць: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"

31 А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі, але яны яшчэ гучней крычалі: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"

32 Дык Езус спыніўся, паклікаў іх і спытаўся: "Што хочаце, каб вам зрабіў?"

33 Кажуць Яму: "Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы".

34 Пашкадаваў затым іх Езус, дакрануўся да вачэй іхніх; і яны адразу сталі бачыць ды пайшлі за Ім.

 

Разьдзел 21
Езус у Ерузаліме
Урачысты ўезд у Ерузалім

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, Езус тады паслаў двух вучняў

2 і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, а зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і з ёй асьляня. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

3 І калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх патрабуе Госпад, а зараз пусьцяць іх".

4 Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказанае прароках; які казаў:

5 "Скажыце дачцы Сыёна: Вось едзе да цябе Кароль твой, ціхі, седзячы на асьліцы і на асьляці, сыне пад'ярэмнай".

6 Пайшоўшы, вучні зрабілі, як ім загадаў Езус.

7 І прывялі асьліцу з асьлянём, і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і (Езус) сеў на іх.

8 А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе; а іншыя сьціналі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе.

9 І грамады, што на перадзе і за Ім ішлі, гаманілі, кажучы: "Гасанна Сыну Давідаваму! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гасанна на вышынях!"

10 І калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"

11 А народ казаў: "Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага".

Выгнаньне гандляроў са сьвятыні

12 І ўвайшоў Езус у сьвятыню, і павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.

13 Ды сказаў ім: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

14 І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, і Ён аздаравіў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці, гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: "Гасанна сыну Давідаваму!", злаваліся

16 і казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Так; ці вы не чыталі: "Праз вусны немаўлятак і сысуноў ўчыніў Ты хвалу?"

17 І, пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

Дрэва фіговае

18 Нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.

19 Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фіговае, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісьця, і сказаў яму: "Няхай ня родзіцца з цябе плод навек і". І адразу дрэва фіговае ссохла.

20 Дык, бачачы гэта, вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла дрэва фіговае?"

21 У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: Каб мелі вы веру і не сумляваліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фіговым, але, нават каб сказалі гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", сталася б.

22 І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце".

Спрэчкі з праціўнікамі ў сьвятыні
Пытаньне пра ўладу

23 І калі Езус увайшоў у сьвятыню, прыйшлі да Яго, калі вучыў, першасьвятары і старшыні народу і казалі: "Якою ўладаю гэта робіш? Хто Табе даў такую ўладу?"

24 Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас адно слова, і калі адкажаце Мне, дык і Я тады скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

25 Хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:

26 "Калі скажам: "З неба", скажа нам: "Дык чаму вы не паверылі?" А калі скажам: "Ад людзей", баімося народу, бо ўсе Яна маюць за прарока".

27 Дык у адказ Езусу сказалі: "Ня ведаем". І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю".

Прыповесьць пра двух сыноў

28 "Як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".

29 А ён адказаў: "Не пайду". А потым пакаяўся і пайшоў.

30 Зьвяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, сказаў: "Іду, гаспадару", але не пайшоў.

31 Хто з тых двух споўніў волю бацькі?" Кажуць: "Першы". Дык сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўстве Божым.

32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не пакаяліся, каб яму паверыць.

Прыповесьць пра ліхіх арандатараў

33 Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар дому, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і выехаў.

34 А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.

35 А вінаградары схапілі слугаў яго, і аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.

36 Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

37 У канцы паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".

38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі між сабой: "Гэта спадкаемец, хадземце, заб'ём яго і завалодаем ягонай спадчынаю".

39 Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.

40 Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніку, што зробіць тым вінаградарам?"

41 Кажуць Яму: "Разбойнікаў строга выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час".

42 Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісаньні: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўна ў вачах нашых?"

43 Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу, які робіць плады яго.

44 Хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго".

45 Пачуўшы гэту Яго прыповесьць, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.

46 Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за прарока.

 

Разьдзел 22
Прыповесьць пра каралеўскае вясельле

1 Езус, адказваючы далей, казаў у прыповесьцях:

2 "Каралеўства Нябеснае падобнае да чалавека караля, які справіў вясельле для свайго сына.

3 І паслаў Ён слуг сваіх склікаць запрошаных на вясельле, але тыя не хацелі прыбыць.

4 Дык паслаў ізноў іншых слугаў, кажучы: "Скажыце запрошаным: Ужо банкет мой прыгатаваны, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вясельле!"

5 Але яны ня дбалі і разыйшліся; хто ў пасяленьне сваё, хто да свайго гандлю;

6 а іншыя схапілі слугаў яго і, назьдзекаваўшыся, замардавалі.

7 Дык кароль разгневаўся ды, паслаўшы сваё войска, выгубіў тых забойцаў, і горад іхні спаліў.

8 Затым сказаў слугам сваім: "Вясельле прыгатавана, але запрошаныя не былі годныя.

9 Дык ідзіце на скрыжаваньні дарог, і каго толькі знойдзіце, клічце на вясельле".

10 Слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вясельле гасьцямі.

11 Затым увайшоў кароль паглядзець гасьцей, ды ўбачыў ён там чалавека, адзетага не ў вясельную вопратку.

12 Дык спытаўся ў яго: "Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнай вопраткі?" Але той маўчаў.

13 Тады кароль загадаў слугам сваім: "Зьвязаўшы яму рукі і ногі, укіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі".

14 Бо многа пакліканых, але мала выбраных".

Падатак цэзару

15 Тады сабраліся фарысэі і, адыйшоўшыся, раіліся, як бы Езуса спахваціць у словах.

16 Дык паслалі да Яго двух вучняў сваіх з герадыянамі, каб спыталіся: "Вучыцелю, ведаем, што Ты справядлівы і дарозе Божай па праўдзе вучыш, ды не аглядаешся на аблічча людзей.

17 Скажы нам тады, як табе здаецца, належыцца плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?"

18 Езус жа, пазнаўшы іх падступнасьць, сказаў: "Чаму Мяне зводзіце, крывадушнікі?

19 Пакажыце мне манэту падатковую". Дык падалі Яму дынар.

20 Спытаўся ў іх Езус: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?"

21 Кажуць Яму: "Цэзараў". Тады сказаў ім: "Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае - Богу".

22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адыйшліся.

Уваскрасеньне целаў

23 У той дзень прыступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся Яго,

24 кажучы: "Вучыцелю, Майсей загадаў: Калі хто памрэ, ня маючы сына, дык хай брат ягоны возьме яго жонку і хай адродзіць патомства свайму брату.

25 А было ў нас сем братоў; і першы ажаніўся і памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.

26 Падобна другі і трэці аж да сёмага.

27 Наастатак па ўсіх памерла і жанчына.

28 Дык у час уваскрасеньня, чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе за жонку".

29 А Езус у адказ сказаў ім: "Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані моцы Божай.

30 Пры ўваскрасеньні ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.

31 Ці не чыталі, што сказана вам Богам пра ўваскрасеньне памёршых, які казаў:

32 "Я - Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба". Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых".

33 Чуючы гэта, людзі дзівіліся дзеля навукі Ягонай.

Найважнейшае прыказаньне

34 Тады фарысэі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, зыйшліся разам.

35 І адзін з іхніх вучоных у законе, зводзячы Езуса, спытаўся:

36 "Вучыцелю, якое найважнейшае прыказаньне ў Законе?"

37 Езус адказаў яму: "Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;

38 гэта найважнейшае ды першае прыказаньне.

39 Другое падобнае гэтаму: Любі бліжняга свайго як сябе самога.

40 На гэтых двух прыказаньнях абапіраецца ўвесь Закон і Прарокі".

Мэсія - Сы Божы

41 Калі сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Езус,

42 кажучы: "Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?" Кажуць яму: "Давідаў".

43 Сказаў ім: "Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:

44 "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, аж пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае?"

45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсьць сынам ягоным?"

46 І ніхто ня мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.

 

Разьдзел 23
Прамова супраць кніжнікаў і фарысэяў
Крывадушнасьць фарысэяў і кніжнікаў

1 Тады зьвярнуўся Езус да людзей і да вучняў сваіх

2 і казаў: "На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарысэі.

3 Дык усё, што яны вам скажуць, беражыце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынках іхніх; бо яны вучаць, а так ня робяць.

4 Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім ня хочуць за іх узяцца.

5 Яны ўсё робяць, каб паказацца людзям: павялічваюць філяктэрыі свае і апускаюць краі адзеньня свайго,

6 ахвотна займаюць першыя месцы на балях і першыя лаўкі ў сынагогах,

7 любяць прывітаньні на рынку, ды каб іх людзі называлі: Раббі.

8 Вы ж не называйцеся Раббі, бо адзін Настаўнік ваш, а вы ўсе - браты.

9 І айцом не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, нябесны.

10 Ані настаўнікамі не называйцеся, бо адзін ваш Настаўнік - Хрыстос.

11 Хто большы ў вас, хай будзе вашым слугой.

12 Бо хто сябе ўзвышае, той будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны.

Гора крывадушнікам

13 Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што зачыняеце Каралеўства Нябеснае людзям; і самі не ўваходзіце, і ідучых не пускаеце ўвайсьці.

14 Гора вам кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдоваў пад відам доўгіх маленьняў, дзеля таго напаткае вас жорсткі прысуд.

15 Гора вам, кніжнікі, і фарысэі крывадушнікі, што аб'язджаеце моры і сухмяні, каб здабыць аднаго празэліта. А калі ім станецца, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе.

16 Гора вам, сьляпыя правадыры, што кажаце: "Хто прысягае на сьвятыню, гэта нічога, а калі хто прысягае на золата сьвятыні, споўніць павінен".

17 О дурныя і сьляпыя! Бо што важнейшае: золата ці сьвятыня, якая ўсьвячае золата?

18 Ды: "Хто прысягае на аўтар, гэта нічога, але хто прысягае на ахвяру, на ім складзеную, споўніць павінен".

19 Сляпыя! Што ж важнейшае: ахвяра ці аўтар, які яе ўсьвячае?

20 Хто затым прысягае на аўтар, прысягае на яго ды на ўсё, што на ім.

21 Бо хто прысягнуў на сьвятыню, прысягае на яе ды на Таго, хто ў ёй пражывае.

22 А хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, хто на ім сядзіць.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а прапускаеце тое, што важнейшае ў Законе: суд, міласэрдзе і веру. І гэта трэба выпаўніць, і тога не пакідаць.

24 Сьляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а глытаеце вярблюда.

25 Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што абмываеце чашу і місу звонку, а ўнутры поўныя зьдзерства ды нячыстасьці.

26 Фарысэй сьляпы! Абмый перш нутро чашы і місы, каб тое, што звонку, сталася чыстым.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, бо вы падобныя да магілаў пабеляных, што навонкі паказваюцца людзям прыгожымі, а ўнутры поўныя касьцей трупаў і ўсякага гнільля.

28 Так і вы навонкі выдаяцеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29 Гора вам, кніжнік і фарысэі крывадушнікі, каторыя будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівых,

30 кажучы: "Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі тых, што пралівалі кроў прарокаў".

31 І так вы самі сьведчыце, што вы - сыны тых, што забілі прарокаў.

32 І вы дапоўніце мерку бацькоў вашых.

33 Гадзіны, зьмяінае племя! Няўжо ўсьцеражыцёся прысуду пекла?

34 Таму пасылаю Я да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і многіх з іх зб'ецё, і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сынагогах вашых, ды будзеце гнаць іх з гораду ў горад,

35 аж спадзе на вас кроў усіх справядлівых, разьлітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абеля аж да крыві Захара, сына Барахія, якога вы забілі між сьвятыняй і аўтаром.

36 Сапраўды кажу вам: Спадзе гэта ўсё на пакаленьне гэтае.

Жальба над Ерузалімам

37 Ерузалім, Ерузалім, каторы забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, што да цябе пасланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх як кураводка зьбірае пісклянят сваіх пад свае крылы, але ты не захацеў.

38 Таму дом ваш стане пустым.

39 Бо кажу вам, ня ўбачыце Мяне датуль, пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада".

 

Разьдзел 24
Прамова пра збурэньне Ерузаліму і канец сьвету
Прадказаньне збурэньня сьвятыні

1 Калі Езус, пакінуўшы сьвятыню, ішоў ад яе, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.

2 Ён ім у адказ сказаў: "Бачыце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: Не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".

3 А калі Езус сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні адны да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"

Пачатак мукаў

4 У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас ня зьвёў.

5 Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я - Хрыстос", і многіх зьвядуць.

6 Калі вы пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але гэта яшчэ не канец.

7 Падымецца народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.

8 Гэта ўсё толькі пачатак мукаў.

Перасьледаваньне вучняў

9 Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зьненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго.

10 І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін другога, і ненавідзець будзе адзін другога,

11 і зьявяцца многа фальшывых прарокаў і будуць зводзіць многіх.

12 І таму, што ўзрасьце нягоднасьць, астыне любоў у многіх.

13 Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14 І будзе прапаведавана Эвангельле Каралеўства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам; і тады настане канец.

Знакі блізкага збурэньня Ерузаліму

15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадказаную Даніелем прарокам, хто чытае, хай разумее, -

16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

17 і хто на даху, хай не зыходзіць узяць штосьці з дому;

18 і хто на полі, хай не варочаецца забраць свой плашч.

19 Гора цяжарным і кормячым у тыя дні.

20 Дык прасіце, каб вашыя ўцёкі ня былі ўзімку, ці ў суботу.

21 Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль, дый ня будзе.

22 І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.

Прыйсьце Сына Чалавечага

23 Тады, калі б хто вам казаў: "Вось тут Хрыстос", або: "Там", ня верце.

24 Паўстануць вось фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі гэта магчыма, нават выбраных.

25 Таму Я вам гэта сказаў наперад.

26 Дык калі б вам затым сказалі: "Вось Ён упустыні", не выходзьце; "Вось Ён у нутры дамоў, ня верце".

27 Бо як маланка засьвеціцца на ўсходзе і бачнай будзе на захадзе, так будзе і з прыходам Сына Чалавечага.

28 Дзе б было цела, там зьбяруцца і арлы.

29 А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і з неба зоркі падаць будуць, і сілы нябесныя скалануцца.

30 І тады паявіцца на небе знак Сына Чалавечага, ды тады заплачуць усе плямёны зямныя. І ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў аблоках нябесных з магуцем і славаю вялікай.

31 І Ён пашле анёлаў сваіх з трубою і голасам гучным, ды зьбяруць выбраных Яго з чатырох вятроў, ад скраю неба аж да краю яго.

Прыклад дрэва фіговага

32 А ад фіговага дрэва бярыце прыклад: Калі ўжо галінка яго мякчэе і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, у дзьвярах.

34 Сапраўды кажу вам: Не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.

35 Неба і зямля счэзнуць, але слова Маё не праміне.

Патрэба чуваньня

36 Што да дня таго і хвіліны, ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец адзін.

37 І як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.

38 Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у каўчэг,

39 і не агледзеліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

40 Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.

41 Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.

42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.

43 А гэта ведайце, што каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не дазволіў бы ўламацца ў дом свой.

44 Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

Прыповесьць пра слугу вернага і нявернага

45 Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным слугою, якога паставіў пан над домам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?

46 Багаслаўлены той слуга, якога, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе, што ён так робіць.

47 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валодаць усёю сваёю маёмасьцю.

48 А калі скажа той слуга ў сэрцы сваім: "Марудзіць пан мой з прыйсьцем",

49 і пачне біць таварышаў сваіх, есьці і піць з п'яніцамі,

50 то прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у пару невядомую

51 і выганіць яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

 

Разьдзел 25
Прыповесьць пра дзесяць дзяўчат

1 З Каралеўствам Нябесным будзе падобна, як з дзесяцьцю дзяўчатамі, каторыя са сьветачамі выйшлі сустрэць жаніха.

2 Пяць з іх было неразумных, а пяць - разумных.

3 Тыя пяць неразумных, узяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы.

4 Разумныя ж узялі алівы ў свае пасудзіны разам са сьветачамі.

5 А як жаніх марудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.

6 А паўночы ўзьняўся крык: "Вось жаніх ідзе, выходзьце яму на спатканьне".

7 Тады падняліся ўсе дзяўчаты і заагледзелі свае сьветачы.

8 Неразумныя сказалі мудрым: "Дайце нам вашай алівы, бо нашыя сьветачы тухнуць".

9 Разумныя адказалі ім: "Каб часам не хапіла і нам і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе".

10 Калі яны пайшлі купляць, прыбыў жаніх, дык тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вясельле. І дзьверы зачынілі.

11 Пасьля прыйшлі і астаўшыяся дзяўчаты, просячыся: "Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!"

12 Але Ён у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам, што Я ня ведаю вас".

13 Дык чувайце, бо ня ведаеце дня ані хвіліны.

Прыповесьць пра таленты

14 Таксама як адзін чалавек, выязджаючы далёка, склікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасьць.

15 І аднаму даручыў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін, кожнаму паводле ягонай здольнасьці, і адразу выехаў.

16 Той, катораму даручана было пяць талентаў, пайшоў і зарабіў імі другія пяць.

17 Падобна і той, катораму даручана было два, зрабіў другія два.

18 А той, катораму даручаны быў адзін, пайшоў закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.

19 Затым па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і пачаў рахавацца з імі.

20 Прыйшоўшы той, катораму даручана было пяць талентаў, прынёс пяць другіх талентаў і сказаў: "Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось я здабыў другіх пяць талентаў".

21 Кажа яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

22 Прыйшоў таксама той, катораму даручаны былі два таленты, і сказаў: "Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, а я зарабіў другія два".

23 Сказаў яму гаспадар ягоны: "Добра, слуга добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".

24 Прыйшоўшы і той, катораму даручаны быў адзін талент, сказаў: "Гаспадару, ведаю, што ты - чалавек жорсткі, жнеш, дзе не пасеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.

25 Дык баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю: вось бяры, што тваё".

26 У адказ гаспадар яго сказаў: "Слуга благі і гультай! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.

27 Дык належалася б табе мае грошы даць банкірам, а я па павароце атрымаў, бы што маё, з прыбыткам.

28 Таму вазьміце ад яго гэты талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дабаўлена, і ён будзе мець удосталь; а ў таго, хто ня мае, адбяруць і тое, што мае.

30 А слугу нягоднага ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

Апошні суд

31 А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на троне славы сваёй.

32 І зьбяруцца перад Ім ўсе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў.

33 І Ён паставіць авец па правым баку, а казлоў - па левым.

34 Тады скажа Кароль тым, што па правым баку Яго: "Хадзіце, багаслаўлёныя Айца Майго; атрымаеце Каралеўства, прыгатаванае вам ад заснаваньня сьвету.

35 Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы, і вы далі Мне піць; быў госьцем, і вы прынялі Мяне;

36 быў голы, і вы прыадзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў вязьнем, і вы прыйшлі да Мяне.

37 Тады справядлівыя скажуць: "Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе? Калі ж мы Цябе бачылі засьмягшым і далі Табе піць?

38 Або калі мы бачылі госьцем і прынялі Цябе, або голым і прыадзелі Цябе?

39 Або калі Цябе бачылі хворым або вязьнем і адведалі Цябе?"

40 І Кароль адкажа ім: "Сапраўды кажу вам: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, тое Мне зрабілі".

41 Ды скажа тым, што на лева ад Яго будуць: "Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д'яблу і анёлам ягоным.

42 Бо быў Я галодны, і вы ня далі Мне есьці, быў Я засьмягшы, і вы не далі Мне піць;

43 быў Я госьцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не прыадзелі Мяне; быў хворым і вязьнем, і вы не наведалі Мяне".

44 Тады скажуць яны Яму: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або засьмягшым, або госьцем, або голым, або хворым, або вязьнем і не прыслужылі Табе?"

45 Тады, адказваючы, скажа ім: "Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, дык і Мне не зрабілі".

46 І пойдуць тыя на вечную муку, а справядлівыя - у жыцьцё вечнае".

 

Разьдзел 26
Змова супраць Езуса
Апошняе прадказаньне мукі

1 І калі Езус скончыў ўсе гэтыя словы, сказаў вучням сваім:

2 "Ведайеце, што па двух днях Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне".

3 У той час сабраліся першасьвятары і старшыні народу ў палац першасьвятара, званага Каяфам,

4 і раіліся, як бы Езуса ўзяць подступам і забіць.

5 Казалі аднак: "Ня ў дзень сьвяточны, каб ня выклікаць замяшаньня ў народзе".

Намашчэньне ў Бэтаніі

6 А калі Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона пракажанага,

7 падыйшла да Яго жанчына, маючая алябастравую пасудзіну дарагога алею, і выліла яго на галаву Езусу, калі супачываў пры стале.

8 Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: "Пашто гэта марнаваньне?

9 Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім".

10 А Езус, ведаючы пра гэта, сказаў ім: "Не рабіце прыкрасьці гэтай жанчыне. Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.

11 Убогіх заўсёды маеце ў сябе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.

12 Яна, выліваючы гэты алей на Маё цела, прыгатавала яго на пахаваньне Маё.

13 Сапраўды кажу вам, па ўсім сьвеце, дзе будзе прапаведавана Эвангельле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе".

Здрада Юды

14 У гэты час адзін з Дванаццаці, званы Юдам Іскарыётам, пайшоў да першасьвятароў

15 і сказаў ім: "Што дасьцё мне, і я выдам Яго?" А яны прызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.

16 І ад гэтае пары шукаў нагоды выдаць Яго.

Апошняя вячэра
Прыгатаваньне Пасхі

17 У першы дзень Праснакоў прыйшлі да Езуса вучні Яго і пыталіся: "Дзе хочаш прыгатаваць Табе есьці Пасху?"

18 Езус скзаў ім: "Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Вучыцель кажа: Час Мой блізкі, зраблю ў цябе Пасху з вучнямі Маімі".

19 І вучні зрабілі, як ім загадаў Езус, і прыгатавалі Пасху.

Выяўленьне здрадніка

20 А калі зьвечарэла, разам з Дванаццацю Езус заняў месца пры стале.

21 І калі вячэралі, сказаў: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".

22 Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: "Ці ня я, Госпадзе?"

23 Езус сказаў у адказ: "Хто мачае са Мною руку ў місе, той выдасьць Мяне.

24 Бо праўда, што Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся".

25 У адказ Юда, які Яго выдаў, спытаўся: "Ці гэта ня я, Вучыцелю?" Сказаў яму Езус: "Ты сказаў".

Установа Эўхарыстыі

26 У час вячэры ўзяў Езус хлеб, пабагаславіў, ламаў і даў вучням, кажучы: "Бярэце, ешце, гэта ёсьць цела Маё".

27 І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: "Піце з гэтага ўсе.

28 Бо гэта кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэньне грахоў.

29 Кажу вам: Ня буду піць адсюль з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі з вамі буду піць новага ў Каралеўстве Айца Майго".

30 І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.

Прадказаньне вырачэньня Пятра

31 Тады сказаў ім Езус: "У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: "Удару пастыра, і разьбягуцца авечкі стада".

32 Але калі ўваскрэсну, упераджу вас у Галілеі".

33 У адказ сказаў Яму Пётар: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я ня згоршуся".

34 Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым певень засьпявае, ты тры разы вырачашся Мяне".

35 Сказаў Яму Пётар: "Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, ня выракуся Цябе". Падобна казалі і ўсе вучні.

Езус у садзе Аліўным
Малітва ў Гетсэмані

36 Затым прыйшоў Езус з імі ў сяленьне, якое завуць Гетсэмані, ды сказаў вучням сваім: "Пабудзьце тут, аж пайду туды і памалюся".

37 І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зэбэдэявых, пачаў сумаваць і перажываць.

38 Тады сказаў ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і пачувайце са Мной".

39 І, адыйшоўшыся крыху, упаў на твар свой, молячыся і гаворачы: "Ойча Мой, калі магчыма, ухілі ад Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, але як Ты".

40 Затым вярнуўся да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: "Не маглі вы адну гадзіну пачуваць са Мной?

41 Ня сьпіце і маліцеся, каб не папалі вы ў спакусу: бо дух ахвотны, але цела кволае".

42 І адыйшоўся паўторна ды маліўся, кажучы: "Ойча Мой, калі гэты келіх ня можа быць ухілены ад Мяне, але трэба Мне піць (з яго), хай станецца воля Твая".

43 І вярнуўся ізноў, і знайшоў іх сьпячых, бо вочы іхнія былі сонныя.

44 Дык, пакінуўшы іх, зноў адыйшоўся і маліўся трэці раз у тыя самыя словы.

45 Затым вярнуўся да вучняў сваіх і сказаў ім: "Яшчэ сьпіце і адпачываеце; вось надыйшла пара, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

46 Падыміцеся, пойдзем, бо вось падыходзіць той, што Мяне выдае".

Арышт Езуса

47 А калі Езус яшчэ гаварыў, падыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі, высланае першасьвятарамі і старшынямі народу.

48 Той, каторы здрадзіў Яго, даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго".

49 І адразу падыйшоў да Езуса, і сказаў: "Вітай, Раббі!" і пацалаваў Яго.

50 Сказаў яму Езус: "Дружа, пашто прыйшоў?" Тады кінуліся на Езуса і схапілі Яго.

51 Адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнўшы рукою меч свой і ўдарыўшы слугу першасьвятара, адсёк яму вуха.

52 Тады Езус сказаў яму: "Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што за меч хапаюцца, пагінуць ад мяча.

53 Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш, чым дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 Але як жа тады зьдзейсьніцца Пісаньне, што так мусіць стацца?"

55 У той час сказаў Езус народу: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць. Я ж штодзень між вас прабываў, вучачы ў сьвятыні, але не схапілі Мяне".

56 Усё гэта сталася, каб споўніліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

Езус перад сваімі суддзямі
Езус перад Каяфам

57 Узяўшы Езуса, павялі Яго да Каяфы, першасьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыні.

58 Пётар жа ішоў за Езусам здалёку аж на панадворак першасьвятара. Ды ўвайшоў у сярэдзіну і сядзеў са слугамі, каб паглядзець, як скончыцца справа.

59 А першасьвятары і ўся Рада шукалі фальшывага сьведчаньня на Езуса, каб асудзіць (Яго) на сьмерць,

60 і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сьведкаў. На канец паявіліся двух

61 і сказалі: "Ён казаў: "Магу збурыць сьвятыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе".

62 І, падняўшыся, першасьвятар сказаў: "Нічога не адказваеш на гэта, што яны супраць Цябе сьведчаць?"

63 Але Езус маўчаў. Дык першасьвятар сказаў: "Запрысягаю цябе на Бога жывога, каб нам ты сказаў, ці Ты - Хрыстос, Сын Божы?"

64 Сказаў яму Езус: "Ты сказаў. Аднак кажу вам: Потым убачыце Сына Чалавечага, седзячага па правіцы Усемагутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".

65 Тады першасьвятар разьдзёр адзеньне сваё і сказаў: "Ён блюзьніць! Пашто далей патрабаваць сьведак? Цяпер вы чулі блюзьнерства.

66 Дык што вы думаеце?" Яны адказалі: "Варты сьмерці!"

67 Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць кулакамі, а іншыя білі па шчаках

68 і казалі: "Праракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў?"

Вырачэньне Пятра

69 А Пётар сядзеў вонкі на панадворку. Адна ж служанкаа падыйшла да яго і сказала: "І ты быў з Езусам Галілейскім".

70 А ён выракся перад усімі, кажучы: "Я ня ведаю, што кажаш".

71 А як выходзіў з дзьвярэй, другая служка ўбачыла яго і сказала тым, што былі там: "І ён быў з Езусам Назарэцкім".

72 Ён паўторна выракся з прысягай: "Я ня ведаю гэтага чалавека".

73 Небавам падыйшлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: "Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе".

74 Тады пачаў ён клясьціся і прысягаць, што ня ведае гэтага чалавека. І зараз запяяў певень.

75 Тады ўспомніў Пётар на слова Езуса, каторым яго ўперадзіў: "Перш, чым певень засьпявае, ты тройчы вырачашся Мяне". І, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.

 

Разьдзел 27
Езус выданы Пілату

1 А калі настала раніца, зыйшліся ўсе першасьвятары і старшыні народу на раду супраць Езуса, каб асудзіць Яго на сьмерць.

2 Затым, зьвязанага, завялі і перадалі Яго намесьніку Понцію Пілату.

Сьмерць Юды

3 Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён быў асуджаны, жалем праняты, аднёс трыццаць сярэбранікаў першасьвятарам і старшыням,

4 кажучы: "Саграшыў я, выдаючы кроў нявінную". А яны сказалі: "А што нам да таго? Гэта твая справа!"

5 І, кінуўшы сярэбранікі ў сьвятыні, выйшаў, пайшоў і павесіўся.

6 А першасьвятары, узяўшы сярэбранікі, казалі: "Нельга ісьці класьці іх у скарбону, бо гэта плата крыві".

7 І, параіўшыся, купілі за іх поле ганчара на хаваньне падарожных.

8 Таму тое поле аж да сёньняшняга дня завецца Полем крыві.

9 Тады зьдзейсьнілася сказанае прарокам Ярэміям, які казаў: "І ўзялі трыццаць сярэбранікаў, заплату ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,

10 ды далі іх за поле ганчара, як мне загадаў Госпад".

Езус перад Пілатам

11 А Езус стаў перад намесьнікам; і спытаўся ў Яго намесьнік: "Дык Ты - Кароль Юдэйскі?" Сказаў яму Езус: "Ты гаворыш".

12 І калі Яго вінавацілі першасьвятары і старшыні, Езус нічога не адказваў.

13 Тады сказаў Яму Пілат: "Ня чуеш, колькі сьведчаньняў падаюць супраць Цябе?"

14 А (Езус) не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік дужа дзівіўся.

Езус адкінуты сваім народам

15 На дзень сьвяточны намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога хацелі б.

16 А меў тады вядомага вязьня, званага Барабай.

17 Калі ўсе сабраліся, спытаўся Пілат: "Каго хочаце, каб я вам пусьціў? Барабу, ці Езуса, якога завуць Хрыстом?"

18 Бо ведаў, што Езуса выдалі праз зайздрасьць.

19 Калі ён сядзеў на пасадзе судзёўскім, жонка ягоная паслала да яго пасланца, каб яму сказаць: "Не рабі зла гэтаму Справядліваму, бо я сёньня ў сьне многа цярпела дзеля Яго".

20 А першасьвятары і старшыні падбухторылі народ, каб дамагаліся Барабу, а Езуса загубілі.

21 Дык намесьнік спытаўся ў іх: "каторага з двух хочаце, каб я вам пусьціў?" Яны сказалі: "Барабу".

22 Кажа Пілат: "А што я маю зрабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?" Кажуць яму ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

23 Кажа ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

24 Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а замяшаньне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам і сказаў: "Я не вінаваты у крыві гэтага Справядлівага. Гэта ваша справа".

25 А ў адказ увесь народ загаманіў: "Кроў Яго на нас і на нашых сынах".

26 Тады Пілат выпусьціў Барабу, а Езуса, убічаваўшы, аддаў на ўкрыжаваньне.

Цярновы вянок

27 Тады жаўнеры намесьніка ўзялі Езуса ў прэторыю і склікалі да Яго ўсю кагорту.

28 І, зьняўшы з Яго адзеньне, усклалі на Яго плашч з пурпуру

29 ды, сплёўшы карону з церняў, усклалі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку, і, кленчучы, зьдзекаваліся з Яго, кажучы: "Вітай, кароль Юдэйскі!"

30 І, плюючы на Яго, бралі трысьціну і білі Яго па галаве.

31 А калі ўжо назьдзекаваліся, зьнялі пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго адзеньне, і павялі на ўкрыжаваньне.

Езус на Гальгоце
Укрыжаваньне Езуса

32 Выходзячы, напаткалі чалавека з Цырэны, імем Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.

33 І прыйшлі на месца, званае Гальгота, што значыць Месца Чэрапа,

34 і далі Яму піць віно, зьмяшанае з жоўцю. А калі Яго пакаштаваў, не хацеў піць.

35 І, укрыжаваўшы Яго, дзялілі адзеньне Яго, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае прарокам: "Разьдзялілі між сабою адзеньне Маё, а аб сукні Маёй кінулі жэрабя".

36 І, седзячы, сьцераглі Яго там.

37 І над галавой Ягонай памясьцілі надпіс віны Яго: "Гэта Езус, Кароль Юдэйскі".

38 Тады укрыжавалі побач Яго двух разбойнікаў, аднаго па правым, а другога па левым баку.

Зьдзекі з укрыжаванага

39 Праходзячыя побач блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі

40 і кажучы: "Гэй Ты, што руйнуеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй сябе самога; калі Ты - Сын Божы, зыйдзі з крыжа!"

41 Першасьвятары з кніжнікамі падобна насьмяхаліся і казалі:

42 "Другіх ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа. Калі Ты - Кароль Ізраэля, зыйдзі з крыжа, і паверым табе.

43 Спадзяваўся на Бога, дык хай ратуе Яго цяпер, калі хоча Яго; казаў бо: "Я - Сын Божы".

44 Таксама разбойнікі, з ім укрыжаваныя, зьневажалі Яго.

Сьмерць Езуса

45 А ад гадзіны шостай усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.

46 І каля дзевятай гадзіны закрычаў Езус моцным голасам: "Элі, Элі, лема сабактані?", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?"

47 Дык некаторыя з стаяўшых там, чуючы гэта, казалі: "Гальяша кліча".

48 Дык адзін з іх адразу пабег і, узяўшы губку, памачыў у воцаце, усклаў на трысьціну і даў Яму піць.

49 Іншыя ж казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць Яго".

50 А Езус, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.

Пасьля сьмерці Езуса

51 І вось заслона ў сьвятыні разарвалася на дзьве часткі зьверху ўніз, і зямля затрэслася, і скалы палопаліся,

52 і адкрыліся магілы, і многа цел паснуўшых сьвятых, паўстала,

53 і, выйшаўшы з магілаў, па ўваскрасеньні Яго, прыйшлі ў сьвяты горад і паказваліся многім.

54 Сотнік жа ды тыя, што з ім былі, вартуючы Езуса, убачыўшы трасеньне зямлі ды ўсё, што адбывалася, перапалохаліся дужа і казалі: "Сапраўды Ён быў Сын Божы".

55 Было там шмат жанчын, углядаючыхся здалёка, якія хадзілі з Езусам, пачынаючы з Галілеі, паслугоўваючы Яму.

56 Сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, дый матка сыноў Зэбэдэявых.

Пахаваньне Езуса

57 А калі настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, каторы таксама быў вучнем Езуса.

58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў узяць цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць яму цела.

59 І Язэп, узяўшы цела, увярнуў яго ў чыстае палатно,

60 і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую быў высякшы ў скале, і вялікім каменем закрыў уваход у магілу, і пайшоў.

61 А Марыя Магдалена і другая Марыя сядзелі насупраць магілы.

Варта пры магіле

62 А на другі дзень, які ёсьць пасьля дня Прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата

63 і казалі: "Пане, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы казаў: "Па трох днях уваскрэсну".

64 Дык загадай сьцерагчы магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго і ня выкралі Яго ды не сказалі людзям: "Паўстаў з мёртвых", бо тады апошні падман будзе горшы за першы".

65 Пілат сказаў ім: "Маеце варту, ідзіце і сьцеражыце, як умееце".

66 Яны, пайшоўшы, забясьпечылі магілу вартай, ды запячаталі камень.

 

Разьдзел 28
Уваскрасеньне Езуса
Пустая магіла

1 Па субоце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось страшна затрэслася зямля; бо анёл Госпадаў зыйшоў з неба і адваліў камень, і сеў на ім.

3 А выгляд яго быў як маланка, і адзеньне яго - як сьнег белае.

4 Ад страху перад ім астаўбянелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.

5 А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: "Ня бойцеся; бо ведаю, што ўкрыжаванага Езуса шукаеце.

6 Няма Яго тутака, бо ўваскрос, як і казаў. Хадзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў паложаны.

7 Ды скора ідзіце, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых дый ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось я вам сказаў гэта".

8 Дык, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасьцяй пабеглі, каб паведаміць гэта вучням Ягоным.

Езус сустракае жанчын

9 А вось жа Езус пераняў іх і сказаў: "Вітайце!" Яны ж падыйшлі, упалі да ног Ягоных і пакланіліся Яму.

10 Тады Езус сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць".

Падкупленая варта

11 А калі яны адыйшліся ад магілы, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасьвятарам пра ўсё, што здарылася.

12 Тыя ж сабраліся са старшынямі і, параіўшыся, далі жаўнерам многа грошаў,

13 кажучы: "Паведамляйце, што вучні Ягоныя прыйшлі ноччу і ў час сну вашага ўкралі Яго.

14 А калі пра гэта даведаецца намесьнік, мы яго пераканаем, і нічога благога вам ня станецца".

15 Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. Так пашырылася слова гэтае сярод Юдэяў аж па сёньняшні дзень.

Вялікі наказ

16 А Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім быў загадаўшы Езус.

17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

18 Езус жа, падыйшоўшы да іх, сказаў ім: "Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.

19 Дык ідзіце і рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,

20 вучачы іх берагчы ўсё, што Я вам перадаў. І вось Я з вамі ўсе дні аж да канца сьвету".

 

 

Эвангельле паводле Марка

 

 

Разьдзел 1
Пачатак служэньня
Ян Хрысьціцель

1 Пачатак Эвангельля Езуса Хрыста, Сына Божага.

2 Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.

3 Голас клічучага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".

4 Паявіўся Ян у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.

5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.

6 Ян жа быў адзеты ў вярблюдавы волас ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах, і еў шаранчу і дзікі мёд.

7 І навучаў ён, кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, упаўшы на зямлю, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.

8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым".

Хрост Езуса

9 І здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам ў Ярдане.

10 І як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа як галуба, зыходзячага на Яго.

11 І азваўся голас з неба: "Ты - Сын Мой улюблены, упадабаў Я Цябе".

Спакушэньне ў пустыні

12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.

13 І Ён прабываў у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і жыў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.

Пачатак навучаньня

14 А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангельле Божае

15 і кажучы: "Споўніўся час, і наблізілася Каралеўства Божае. Навярніцеся і верце Эвангельлю!"

Пакліканьне першых вучняў

16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора; былі бо яны рыбакамі.

17 І сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей".

18 І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім.

19 І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.

20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.

Навучаньне ў Кафарнаўме

21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу у суботу, увайшоўшы ў сынагогу, стаў навучаць.

22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

Аздараўленьне апанаванага ліхім

23 І акурат у сынагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,

24 кажучы: "Што Табе да нас, Езус Назарэец? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Сьвяты Божы".

25 Але прыгразіў яму Езус, кажучы: "Замаўчы і выйдзі з чалавека!"

26 І нячысты дух, тузаючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго.

27 І аслупянелі ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?"

28 Ды хутка разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.

Аздараўленьне цёшчы Пятра

29 І, выйшаўшы з сынагогі, прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.

30 Цёшча ж Пятра ляжала ў гарачцы. І адразу кажуць Яму пра яе.

31 І, падыйшоўшы, Езус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.

Аздараўленьне многіх хворых

32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і маючых дэманаў;

33 ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.

34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, бо ведалі, хто Ён.

Пропаведзь у Галілеі

35 І раніцай, дужа рана ўстаўшы, выйшаў, і падаўся ў пустыннае месца, і тамака маліўся.

36 Сымон жа ды тыя, што з ім былі, пайшлі за Ім.

37 І калі знайшлі Яго, кажуць Яму: "Усе Цябе шукаюць".

38 А Ён кажа ім: "Хадзем ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць; бо Я дзеля таго прыйшоў".

39 Ды абвяшчаў у сынагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.

Аздараўленьне пракажанага

40 І прыступіўся да Яго пракажаны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".

41 І Езус пашкадаваў яго і, працягнуўшы руку сваю, дакрануўся да яго і кажа яму: "Хачу, будзь ачышчаны".

42 Ды калі гэта сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.

43 І, грозна глянуўшы на яго, адправіў яго адразу,

44 кажучы: "Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".

45 Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды шырыць пра гэта словы так, што ўжо (Езус) ня мог адкрыта пайсьці ў горад, але быў вонкі ў бязьлюдных мясьцінах. І зусюль зыходзіліся да Яго.

 

Разьдзел 2
Першыя спрэчкі з начальнікамі народу
Аздараўленьне спараліжаванага

1 І па некалькіх днях зноў Езус наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме.

2 І зыйшлося такое мноства, што нават пры дзьвярах не маглі памясьціцца, і казаў ім слова.

3 І прыйшлі да Яго са спараліжаваным, каторага несьлі чатырох.

4 І калі дзеля натоўпу не маглі яго паднесьці да Езуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі насілкі, (пасьцель) на каторых ляжаў спараліжаваны.

5 А калі Езус убачыў іхнюю веру, кажа спараліжаванаму: "Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае".

6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, каторыя сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:

7 "Што Ён кажа? Блявузгае! Хто можа адпушчаць грахі, калі ня сам Бог?"

8 А Езус, адразу пазнаўшы сваім духам, што яны так думалі, сказаў ім: "Пра што думаеце ў сэрцах вашых?

9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: "Адпускаюцца табе грахі", ці мо: "Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі".

10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, - кажа спараліжаванаму, -:

11 Табе кажу: Устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой".

12 Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў на дзіва ўсім, каторыя славілі Бога, кажучы: "Мы такога ніколі ня бачылі".

Пакліканьне Левія

13 І Езус зноў выйшаў да мора, а ўвесь натоўп людзей пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.

14 І калі праходзіў, убачыў Левія Альфеявага, седзячага на мытні, дык кажа яму: "Ідзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

15 І здарылася, калі сядзеў пры стале ў доме ягоным, сядзела разам з Езусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.

16 І кніжнікі фарысэйскія, бачачы, што Езус есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: "Чаму Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?"

17 Пачуўшы гэта, Езус кажа ім: "Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў".

Пытаньне пра пост

18 Вучні Янавы і фарысэі пасьцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: "Чаму вось вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?"

19 Адказаў ім Езус: "Ці ж могуць пасьціць госьці вясельля, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць пасьціць.

20 А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць пасьціць ў тыя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое адзеньне, і дзіра зробіцца большая.

22 Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя.

Сьвятасьць суботы

23 Прыйшлося аднойчы Езусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Ягоныя, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.

24 Дык фарысэі казалі Яму: "Вось, што робяць у суботу, гэта ж ня сьлед рабіць!"

25 Езус жа кажа ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?

26 Як увайшоў у дом Божы за Абіятара першасьвятара ды еў хлябы пакладныя, каторых нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?"

27 Ды казаў ім: "Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

28 Вось чаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар суботы".

 

Разьдзел 3
Аздараўленьне сухарукага чалавека

1 І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там сухарукі чалавек.

2 І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.

3 І кажа (Езус) сухарукаму чалавеку: "Стань на сярэдзіне!"

4 Да іх жа кажа: "Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыцьцё выратаваць ці загубіць?" Але яны маўчалі.

5 Дык гледзячы на іх з гневам, засмучаны засьляпеньнем іхняга сэрца, кажа чалавеку: "Працягні руку сваю!" Выцягнуў тады руку, і рука яго аджыла.

6 Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з герадыянамі адносна Яго, як бы Яго загубіць.

Езус - цудатворца і настаўнік
Аздараўленьне многіх людзей

7 Затым Езус разам з вучнямі сваімі адыйшоў да мора. І вялікая грамада з Галілеі ішла за Ім, і з Юдэі,

8 і з Ерузаліму, з Ідумеі, і з-за Ярдану, ды з ваколіцаў Тыру і Сідону вялізарны натоўп, пачуўшы, што Езус чыніў, сабраўся да Яго.

9 Дык папрасіў (Езус) вучняў сваіх, каб парупіліся пра лодку, каб грамада не папіхала Яго.

10 Бо многіх аздараўляў, таму пхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.

11 І духі нячыстыя, бачачы Яго, падалі перад Ім, крычучы: "Ты - Сын Божы!"

12 Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.

Выбар Дванаццаці

13 І ўзыходзіць на гару, і кліча да сябе тых, каторых сам хацеў, і прыйшлі да Яго.

14 І вызначыў Дванаццаць, каб прабывалі разам з Ім, ды каб пасылаць іх прапаведываць,

15 маючы ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;

16 і вызначыў Сымона, даўшы яму імя Пётар,

17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць Сыны Громавы,

18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэвуша, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша ды Сымона Кананіта,

19 і Юду Іскарыёта, каторы Яго выдаў.

Чарненьні фарысэямі навукі Езуса

20 І ўваходзяць ў дом; і зыйшлася зноў грамада, так што не маглі нават хлеба зьесьці.

21 І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, казалі бо яны: "Ашалеў".

22 І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: "Мае Бэльзэбуля", і: "Моцай князя чартоўскага выганяе дэманаў".

23 І Езус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: "Як шатан можа выганяць шатана?

24 Калі каралеўства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца такое каралеўства.

25 І калі і дом у нязгодзе, ня можа ўтрымацца дом такі.

26 І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.

27 Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа заграбіць яго маёмасьці, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.

28 Сапраўды кажу вам: Усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзьнерствы, якіх бы не дапусьціліся.

29 Калі б аднак хто блюзьніў супраць Духа Сьвятога, той не атрымае адпушчэньня навек, але будзе вінаваты грэху вечнага".

30 Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.

Маці і браты Езуса

31 І прыйшла Маці Ягоная і браты Ягоныя, і, чакаючы Яго перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.

32 Кругом Яго сядзеў народ, і казалі Яму: "Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае перад домам, шукаюць Цябе".

33 А Ён у адказ кажа ім: "Хто Маці Мая і браты Мае?"

34 І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: "Вось Маці Мая і браты Мае!

35 Хто вось спаўняе волю Бога, той - брат Мой, і сястра Мая, і Матка".

 

Разьдзел 4
Навучаньне ў прыповесьцях
Прыповесьць пра сейбіта

1 І зноў пачаў навучаць каля мора. І вось сабралася вакол Яго вялізарная грамада, так што Ён, ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада стаяла на беразе кругом мора.

2 І навучаў іх многа чаго ў прыповесьцях, і казаў ім у сваёй навуцы:

3 "Слухайце. Вось выйшаў сейбіт на сяўбу.

4 І калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.

5 Другое зерне ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была неглубокая;

6 і калі ўзыйшло сонца, зьвяла, бо ня мела карэньняў, і высахла.

7 А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні ды заглушылі яго, і не дало пладоў.

8 Яшчэ іншыя ўпалі на ўрадлівую зямлю і далі багаты плод: узыйшлі, вырасьлі і ўрадзілі: адно трыццаць, адно шэсьцьдзесят, адно сто".

9 І казаў: "Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае".

Мэта прыповесьцяў

10 І калі Езус застаўся адзін, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацю пыталіся ў Яго адносна прыповесьцяў.

11 Дык сказаў Ён ім: "Вам дадзена таямніца Каралеўства Божага; а тым, якія вонкі, усё гаворыцца ў прыповесьцях,

12 каб вачыма глядзелі, і ня бачылі, ды каб вушыма слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі".

13 І кажа ім: "Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?

Тлумачэньне прыповесьці пра сейбіта

14 Сейбіт слова сее.

15 А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў іх слова.

16 А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, прыймаюць яго адразу з радасьцю,

17 але ня маюць ў сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт і прасьлед дзеля слова, зараз жа горшацца.

18 А тыя, што ў цернях пасеяныя, слухаюць слова,

19 але клопаты веку гэтага і чар багацьця ды прагавітасьць іншых рэчаў, пранікаючы іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плоду.

20 А тыя, што на добрай зямлі пасеяныя, гэта тыя, што слухаюць слова і прыймаюць ды прыносяць плод: адзін - трыццаць, другі - шэсьцьдзесят, а іншы - сто.

Прыповесьць пра сьвечку

21 Ды казаў ім: "Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?

22 Бо няма нічога тайнага, каб не было аб'яўлена, ды нічога скрытага, каб не было выяўлена.

23 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае".

Прыповесьць пра мерку

24 Далей казаў ім: "Глядзіце, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць яшчэ.

25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе аднята ў яго.

Прыповесьць аб пасеяным насеньні

26 І вучыў: "З Божым Каралеўствам так, як быццам чалавек пасеяў насеньне ў зямлю.

27 І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.

28 Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасьля колас, наастатак поўнае зерне ў коласе.

29 І калі ўжо пасьпее, зараз (гаспадар) запускае серп, бо настала жніво.

Прыповесьць аб зерні гарчычным

30 Далей прадаўжаў: "Да чаго падобнае Каралеўства Божае? Або якою прыповесьцю выявім гэта?

31 Як гарчычнае зерне, усеянае ў зямлю, ёсьць найменшым з усіх зерняў на зямлі;

32 А калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін, і выпушчае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені".

Заканчэньне пра прыповесьці

33 І ў многіх падобных прыповесьцях вясьцім ім слова, на колькі маглі яны зразумець,

34 ды без прыповесьцяў не гаварыў ім. А вучням асобна выясьняў усё.

Падрыхтоўка вучняў
Бура на моры

35 Аднойчы, калі настаў вечар, сказаў ім Езус: "Пераплывем на другі бераг".

36 Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.

37 І ўзьнялася вялікая вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.

38 А Езус спаў на карне на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: "Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?"

39 І Езус, падняўшыся, пагразіў ветру ды загадаў мору: "Замаўчы, суцішся!" Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.

40 Адазваўся да іх: "Чаму вы так палахлівыя, ня маеце яшчэ веры?" І яны надта спалохаліся ды казалі адзін аднаму: "Хто ж гэта такі, што віхор і мора Яго слухаюць?"

 

Разьдзел 5
Апанаваны дэманам у краі Геразэнскім

1 І пераплылі на другі бераг мора ў край Герацэнскі.

2 І калі выходзіў Езус з лодкі, адразу з магілаў да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,

3 які пражываў у магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

4 Бо зьвязаны і путамі, і ланцугамі, рваў часта ланцугі і разьбіваў путы, ды ніхто ня мог яго ўгамаваць.

5 І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і гарах крычаў ды біў сябе каменьнямі.

6 І, здалёк убачыўшы Езуса, прыбег і пакланіўся Яму,

7 крычучы моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Запрысягаю на Бога, каб мяне ня мучыў".

8 Бо Езус загадаў яму: "Выйдзі, духу нячысты, з чалавека".

9 І спытаў яго: "Якое тваё імя?" Ён сказаў: "Маё імя - легіён, бо нас многа".

10 Ды прасіў яго вельмі, каб не выганяў яго з гэтага краю.

11 А там на гарах пасьвілася дужа вялікае стада сьвіней.

12 І прасілі Яго ўсе нячыстыя духі: "Пусьці нас у сьвіней, каб маглі мы ў іх увайсьці".

13 І дазволіў ім Езус. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіні. І блізу двухтысячнае стада з вялікім імпэтам з касагору кінулася ў мора, і патанула ў моры.

14 Тыя ж, што пасьвілі яго, паўцякалі і абвясьцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.

15 І прыйшлі да Езуса, ды, бачачы таго, што быў апанаваны ліхім, як ён сядзеў адзеты пры здаровым розуме, той, у якім быў легіён (дэманаў), спалохаліся.

16 І тыя, што бачылі расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра сьвіней.

17 Дык прасілі яны Езуса, каб адыйшоўся ад іх межаў.

18 І калі Езус уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны ліхім, каб ён мог застацца пры Ім.

19 Але Езус не прыняў яго і кажа яму: "Ідзі да твайго дому і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як пашкадаваў цябе".

20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполю, што ўчыніў яму Езус, і ўсе дзівіліся.

Аздараўленьне жанчыны, хворай на крывацечу

21 І калі пераправіўся Езус у лодцы на другі бераг, зыйшлася да Яго вялікая грамада, і Ён быў каля мора.

22 І прыбыў з імі адзін начальнік сынагогі імем Яір, і, убачыўшы Езуса, упаў Яму да ног,

23 і вельмі прасіў Яго, кажучы: "Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, каб паздаравела і жыла".

24 І Езус пайшоў за ім, і вялізарная грамада ішла за Ім, і націскала на Яго.

25 І адна жанчына, хворая на цячэньне крыві ад дванаццаці гадоў,

26 якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасьць выдала, але нічога ёй не дапамаглі, але яшчэ горш чулася,

27 калі пачула пра Езуса, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася Ягонага адзеньня,

28 бо яна казала: "Калі толькі дакрануся Яго адзеньня, паздаравею".

29 І зараз жа затрымалася крывацеча і адчула на целе, што паздаравела ад хворасьці.

30 І Езус адразу адчуў, што моц, што ў Ім была, выйшла з Яго. Дык зьвярнуўшыся да грамады, спытаўся: "Хто дакрануўся адзеньня Майго?"

31 Вучні Ягоныя казалі Яму: "Бачыш, як грамада цісьнецца, і пытаеш: Хто дакрануўся да Мяне?"

32 Але Ён паглядзеў кругом, каб пабачыць тую, каторая дакранулася Яго.

33 Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала ўсю праўду.

34 І Езус сказаў ёй: "Дачка! Вера твая аздаравіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй".

Уваскрашэньне дачкі Яіра

35 Калі яшчэ Езус гаварыў, прыходзяць да начальніка сынагогі людзі і кажуць: "Дачка твая памерла, пашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?"

36 Езус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: "Ня бойся, толькі мей веру".

37 І не дазволіў нікому ісьці за Ім, адно Пятру, Якубу і Яну, брату Якуба.

38 І прыходзяць у дом начальніка сынагогі, і бачаць трывогу, плач і галашэньне вялікае.

39 І, увайшоўшы, кажа ім: "Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але сьпіць".

40 І сьмяяліся з Яго. Езус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.

41 І, узяўшы за руку дзяўчынкі, кажа ёй: "Таліта кум", што значыць: "Дзяўчынка, табе кажу, устань!"

42 І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.

43 І загадаў ім моцна, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есьці.

 

Разьдзел 6
Езус у Назарэце

1 І, выйшаўшы адтуль, Езус у таварыстве сваіх вучняў направіўся ў сваю бацькаўшчыну.

2 І калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія з слухаючых захапляліся Яго навукаю ды казалі: "Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасьць, дадзеная Яму, ды моц такая, што дзейнічае праз Яго рукі?

3 Ці ж гэта не рамесьнік, сын Марыі, ці ня брат Якуба і Язэпа, Юды і Сымона? Ці ж і Ягоныя сёстры не прабываюць сярод нас?" І горшыліся з Яго.

4 І сказаў ім Езус: "Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім".

5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.

6 І дзівіўся з іхняга недаверства. І, вучачы, абходзіў вакалічныя вёскі.

Высланьне Дванаццаці

7 І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двух, і даў ім уладу над нячыстымі духамі,

8 і загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу апрача кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошы ў капшуку,

9 каб толькі ў сандалы абуваліся і не адзявалі дзьвёх вопраткаў.

10 Ды казаў ім: "Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся да вашага адыходу адтуль.

11 А калі вас ня прымуць і ня будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім".

12 І яны, выйшаўшы, заклікалі да навяртаньня,

13 ды многа дэманаў выганялі, і многіх намашчалі алеем і аздараўлялі.

Думкі Герода пра Езуса

14 І дачуўся Герод, бо імя Езуса сталася ведамым, і сказаў: "Ян Хрысьціцель уваскрос, і таму многа цудаў ён творыць".

15 Другія ж казалі, што гэта Гальяш. Яшчэ іншыя гаварылі, што гэта прарок, або адзін з прарокаў.

16 Пачуўшы гэта ўсё, Герод сказаў: "Гэта Ян, катораму я адсёк галаву, ён уваскрос".

Сьмерць Яна Хрысьціцеля

17 Бо сам Герод паслаў і схапіў Яна, і зьвязаў яго ў вязьніцы дзеля Герадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.

18 Ян сварыўся на Герода: "Нельга табе мець за жонку жонку брата твайго".

19 А Герадыяда злавала на яго і хацела яго загубіць, але не магла,

20 бо Герод баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы ды сьвяты, і сьцярог яго ды шмат чаго рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.

21 І з нагоды сваіх урадзін Герод справіў баль для князёў, начальнікаў, трыбунаў і старшыняў Галілейскіх.

22 І калі дачка Герадыяды паявілася на балі і танцавала, то спадабалася Героду і банкетуючым. І сказаў кароль дзяўчыне: "Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе".

23 І прысягнуў ёй: "Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы нават палову каралеўства майго".

24 Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: "Чаго мне прасіць?" Тая ж сказала: "Галаву Яна Хрысьціцеля".

25 Дык яна борзда пабегла да караля і прасіла: "Хачу, каб зараз даў ты мне галаву Яна Хрысьціцеля".

26 І засмуткаваў кароль, але дзеля гэтае клятвы ды дзеля банкетаваўшых не хацеў ёй адмаўляць,

27 і паслаў ката, і загадаў прынесьці галаву яго.

28 І кат пайшоў, і адсек галаву ў вязьніцы ды прынёс галаву яго на місе, ды падаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.

29 Пачуўшы пра гэта, вучні ягоныя прыбылі, і забралі яго цела, і палажылі яго ў магіле.

Вяртаньне апосталаў

30 І, вярнуўшыся да Езуса, апосталы расказалі Яму ўсё, што рабілі і чаго вучылі.

31 І Езус кажа ім: "Ідзіце адны ў пустыннае месца, ды аддыхніце крыху". Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.

32 Дык, сеўшы ў лодку, адплылі на бязьлюднае месца адны.

33 Але многія бачылі іх адплываючых, і, дадумаўшыся куды, зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і выперадзілі іх.

Першае памнажэньне хлеба

34 І, выйшаўшы на бераг, Езус убачыў вялікі натоўп людзей і пашкадаваў іх, бо былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх вучыць многа чаго.

35 І калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго і казалі: "Тут пустыннае месца, а час ужо позьні,

36 адпусьці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак, ды купілі сабе штосьці паесьці".

37 У адказ кажа ім Езус: "Вы дайце ім есьці". Яны адказалі: "Няўжо маем ісьці, і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?"

38 Езус пытае ў іх: "Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!" І калі праверылі, кажуць: "Пяць і дзьве рыбы".

39 Дык загадаў ім пасадзіць усіх на зялёнай траве, грамадамі.

40 Дык паселіся, грамада за грамадой, па сто і па пяцьдзесят.

41 І Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, пабагаславіў і паламаў хлябы, і даў вучням сваім, каб падавалі людзям. І дзьве рыбы разьдзяліў між усіх.

42 І ўсе елі, і наеліся,

43 і з астаткаў сабралі дванаццаць кашоў і рэшткі рыбы.

44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчынаў.

Езус ходзіць па моры

45 І зараз змусіў Езус вучняў сваіх сесьці ў лодку і перад Ім плысьці на другі бераг у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць людзей.

46 І, адправіўшы іх, сам пайшоў на гару маліцца.

47 І калі сьцямнела, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.

48 І бачачы іх, як мучыліся пры вёслах, бо дуў супраўціўны вецер, каля чацьвёртай варты ноччу прыйшоў да іх, ідучы па моры, ды маніўся мінуць іх.

49 Але яны, убачыўшы Езуса, ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50 Усе бо бачылі Яго і стрывожыліся. Ён зараз прамовіў да іх, ды сказаў ім: "Супакойцеся, гэта Я, ня бойцеся!"

51 І увайшоў у лодку да іх, і вецер сьціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў душы,

52 бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх было засьлеплена.

Аздараўленьні ў Генэсарэцкай зямлі

53 І калі пераплылі, апынуліся ў зямлі Генэсарэцкай і прысталі да берагу.

54 І ледзь выйшлі з лодкі, адразу пазналі Яго (людзі),

55 і, разьбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Езус.

56 І, калі ўваходзіў у якое-колечы пасяленьне, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на пляцах, і прасілі Яго, каб хоць краю Яго адзеньня маглі дакрануцца; і колькі з іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.

 

Разьдзел 7
Спрэчка аб традыцыі

1 І сабраліся вакол Езуса фарысэі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліму.

2 І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб бруднымі, значыць нямытымі рукамі, ганілі іх.

3 Бо фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не памыўшы чыста рук, захоўваючы традыцыю дзядоў.

4 Таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не памыюцца. Па-за гэтым традыцыя іхняя загадвае трымацца многа іншых рэчаў: мыць чашы і збаны, посуд медзяны і лыжкі.

5 Пасьля пыталіся Яго фарысэі і кніжнікі: "Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыяў продкаў, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?"

6 А Езус у адказ сказаў ім: "Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: "Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне.

7 Надарма аднак славяць Мяне, вучачы пастановаў, прыдуманых людзьмі".

8 І, ня дбаючы пра прыказаньні Божыя, беражыцё традыцыі чалавечыя, абмываньне збаноў і чашаў, шмат таксама іншага, да гэтага падобнага, трымаецеся".

9 І працягваў: "Ці добра, што вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю?

10 Майсей вось сказаў: "Паважай бацьку свайго і матку сваю", ды: "Хто зьневажае бацьку або матку, хай будзе сьмерцю пакараны".

11 А вы вучыце: "Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: Корбан, значыць дар (Богу) тое, чым мусіў бы я цябе ўспамагчы,

12 і ўжо вы дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі або маці,

13 перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашую, якую перадаеце далей, ды многа падобнага робіце".

Сапраўдная нячыстасьць

14 І, паклікаўшы зноў натоўп, казаў ім: "Слухайце Мяне ўсе, і разумейце.

15 Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго спаганіць, але тое, што ад чалавека выходзіць, гэта яго паганіць.

16 Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае".

17 І калі Езус ўвайшоў у дом ад народу, пыталіся вучні Ягоныя пра сэнс гэтае прыповесьці.

18 І кажа ім: "Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што з вонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго спаганіць,

19 бо тое ўваходзіць ня ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу".

20 І выясьняў далей: "А што з чалавека выходзіць, тое яго паганіць.

21 Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасьць, зладзейства, забойства,

22 чужалоства, хцівасьць, нягоднасьць, подступ, бессаромнасьць, зайздрасьць, блюзьнерствы, пыхлівасьць, глупота.

23 Уся гэта ліхота з нутра паходзіць ды паганіць чалавека".

Перад падарожжам у Ерузалім
Аздараўленьне дачкі Сырафэніцыянкі

24 Выйшаўшы адтуль, Езус направіўся ў ваколіцы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў адзін дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, але схавацца ня змог.

25 Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і ўпала Яму да ног.

26 А жанчына гэта была Грэчанка, родам Сырафэніцыянка. І прасіла Езуса выгнаць дэмана з дачкі ейнай.

27 Ён сказаў ёй: "Дазволь перш насыціцца сынам, бо нельга забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць яго шчанятам".

28 Але яна ў адказ кажа: "Так, Госпадзе, але ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей".

29 І сказаў ёй: "Дзеля такога слова ідзі; дэман пакінуў дачку тваю".

30 І калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачку, лежачую на ложку, і дэман выйшаў з яе.

Аздараўленьне глуханямога

31 І, зноў пакінуўшы ваколіцы Тыру, пайшоў Езус праз Сідон да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкаполя.

32 І прыводзяць да Яго глухога і нямога, просячы Яго ўскласьці на яго руку.

33 І, адвёўшы яго на бок, далей ад народу, уклаў Езус пальцы свае ў ягоныя вушы, ды сваёй сьліняй дакрануўся да языка ягонага.

34 І, глянуўшы ў неба, сказаў яму: "Эфата", што значыць: "Адчыніся".

35 І зараз жа адкрыліся вушы ягоныя ды разьвязаліся путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць.

36 І (Езус) загадаў ім, каб нікому не расказвалі, але чым болей забараняў, тым больш яны абвяшчалі.

37 І тым больш людзі дзівіліся, кажучы: "Усё добра робіць, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі".

 

Разьдзел 8
Другое памнажэньне хлеба

1 У тыя дні, калі зноў сабралася вялікая грамада і ня мела чаго есьці, Езус, паклікаўшы вучняў, кажа ім:

2 "Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне, ды ня маюць чаго есьці.

3 Калі іх галодных адпраўлю дамоў, прыстануць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк".

4 І адказалі Яму вучні Ягоныя: "Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?"

5 Дык пытаецца ў іх: "Колькі маеце хлябоў?" Яны адказалі: "Сем".

6 Дык загадаў людзям сесьці на зямлі ды, зяўшы сем хлябоў, і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням сваім, каб раздалі людзям.

7 Мелі таксама крыху рыбаў. І іх багаславіў, і загадаў раздаць людзям.

8 І елі, і наеліся, і сабралі таго, што засталося, сем кашоў кавалкаў.

9 Было ж тых, што елі, каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.

Знак з неба

10 І адразу сеўшы са сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў ў ваколіцы Дальмануты.

11 І фарысэі, выйшаўшы, пачалі з Ім спрачацца, і, зводзячы Яго, дамагаліся ў Яго знаку з неба.

12 І Езус, уздыхнуўшы ў духу сваім, кажа: "Чаму гэты род патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены роду гэтаму".

13 Ды, пакінуўшы іх, увайшоў у лодку і адправіўся на другі бераг.

Кісьля фарысэйская

14 І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў чаўне толькі адзін бохан.

15 І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай ды кісьлі Геродавай".

16 І яны разважалі між сабой, што ня маюць хлеба.

17 І Езус, ведаючы гэта, кажа ім: "Чаму бядуеце, што ня маеце хлеба? Дасюль ня можаце ўцяміць і зразумець? Яшчэ засьлеплены сэрцы вашыя?

18 Няўжо, маючы вочы, ня бачыце ды, маючы вушы, ня чуеце? Ня памятаеце,

19 як Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысяч, колькі вы астаткаў сабралі поўных кашоў?" Кажуць Яму: "Дванаццаць".

20 "А калі Я сем хлябоў падзяліў між чатырох тысяч, дык колькі тады сабралі кашоў кавалкаў?" Кажуць Яму: "Сем".

21 І сказаў ім: "Дык яшчэ не разумееце?"

Аздараўленьне сьляпога

22 І прыходзяць ў Бэтсаіду. І прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць Яго, каб дакрануўся да яго.

23 Дык узяўшы сьляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы ў вочы яму і ўсклаўшы свае рукі на яго, спытаўся ў яго, ці ён бачыць.

24 А той, гледзячы, сказаў: "Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць".

25 Затым зноў усклаў рукі на вочы яго, і той пачаў бачыць; і так паздаравеў, і ясна мог усё бачыць.

26 І адправіў яго у дом свой, кажучы: "Вярніся ў дом свой і, калі прыйдзеш у вёску, не расказвай нікому".

Вызнаньне Пятра

27 І направіўся Езус з вучнямі сваімі ў пасяленьні Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў сваіх: "За каго Мяне лічаць людзі?"

28 Яны адказалі Яму: "Адны - за Яна Хрысьціцеля, другія - за Гальяша, а яшчэ іншыя - за аднаго з прарокаў".

29 Тады папытаўся Ён у іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Яму Пётар: "Ты - Хрыстос!"

30 І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.

Першае прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

31 Дык пачаў іх вучыць: "Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старшынямі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць".

32 І гаварыў пра гэта яўна. І Пётар, адвёўшы Яго ўбок, пачаў сварыцца на Яго.

33 Езус жа, павярнуўшыся і глянуўшы на сваіх вучняў, забараніў Пятру, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не што Божае, але што чалавечае".

Ісьці за Езусам

34 І, прызваўшы людзей разам з вучнямі сваімі, казаў ім: "Калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой ды ідзе за Мною.

35 Бо хто хацеў бы зьберагчы жыцьцё сваё, той загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той зьберажэ яго.

36 Бо што за карысьць чалавеку, калі хоць бы ўвесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?

37 Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?

38 Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх перад гэтым чужаложным і грэшным родам, тога і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сьвятымі".

 

Разьдзел 9

1 І далей казаў: "Сапраўды кажу вам: Некаторыя стаячыя тут не пакаштуюць сьмерці перш, чым будуць аглядаць Каралеўства Божае, прыходзячае ў моцы".

Перамяненьне Езуса

2 І цераз шэсьць дзён Езус бярэ Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3 Адзеньне Яго пачало блішчэць і стала белымі, як сьнег, як на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

4 І явіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

5 У адказ кажа Пётар Езусу: "Раббі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну".

6 Сам бо ня ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.

7 І паявілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблены, Яго слухайце!"

8 І яны, зараз разгледзеўшыся, апрача Езуса нікога больш ня ўбачылі.

Прыход Гальяша

9 І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.

10 І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што мела значыць "Уваскрэсьне".

11 Дык пыталі Езуса: "Чаму кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Гальяш?"

12 А Ён адказаў ім: "Гальяш, калі прыйдзе перш, направіць усё; і як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець і будзе пагарджаны.

13 Але Я вам кажу: І Гальяш прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана".

Аздараўленьне эпілептыка

14 І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, спрачаючыхся з імі.

15 Убачыўшы Езуса, увесь народ зьдзівіўся і стрывожыўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16 І спытаўся ў іх: "Пра што спрачаецеся між сабой?"

17 І нехта з натоўпу сказаў: "Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18 І ён, дзе наваліцца на яго, кідае яго на зямлю, і пеніцца ён, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не маглі".

19 Ён жа ў адказ кажа ім: "О родзе няверлівы, дакуль буду Я між вас? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".

20 І прынесьлі яго. І калі ён убачыў Езуса, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

21 І запытаўся ў бацькі: "Як даўно гэта яму здарылася?" А ён сказаў: "Ад дзяцінства;

22 і часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, зжалься над намі".

23 Езус сказаў яму: "Калі можаш". Усё магчыма веручаму".

24 Тады бацька хлопца, плачучы, сказаў у голас: "Веру, дапамажы майму недаверству".

25 І калі Езус убачыў, што набягае натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: "Духу глухі і нямы! Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго".

26 І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго. І (хлопец) зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

27 Езус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 І калі Езус вярнуўся дамоў, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі яго выгнаць?"

29 І Ён сказаў ім: "Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост".

Другое прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

31 Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: "Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб'юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне".

32 Але яны словаў гэтых не разумелі ды баяліся Яго пытацца.

Хто большы

33 І прыбылі ў Кафарнаўм. І калі былі ў доме, спытаўся іх Езус: "Аб чым вы ў дарозе разважалі?"

34 Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся паміж сабой, хто з іх найбольшы.

35 І Езус, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх слугою".

36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго паміж іх, ды, прытуліўшы яго, сказаў ім:

37 "Калі хто ў імя Маё прыйме адно з такіх дзяцей, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, дык не Мяне прыймае, але Таго, хто Мяне паслаў".

У імя Езуса

38 Сказаў Яму Ян: "Вучыцель, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі".

39 Езус жа кажа: "Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды у імя Маё, ня можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

40 Бо хто ня супраць нас, той з намі.

41 Бо хто падасьць вам кубак вады напіцца ў імя Маё, таму што вы - Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць заплаты сваёй.

Згаршэньні

42 А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, веручых у Мяне, такому лепш было б прычапіць млынавы камень на шыю яго і кінуць у мора.

43 І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, папасьці ў пекла, у агонь нязгасны,

44 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

45 І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе храмому ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у пекла,

46 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсьці ў Каралеўства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

48 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

49 Бо кожны будзе агнём пасолены.

50 Соль добрая, а калі соль зьвятрэе, дык чым яе прыправіць? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою".

 

Разьдзел 10
Дарога ў Ерузалім
Неразрыўнасьць сужэнства

1 І, выйшаўшы адтуль, Езус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І там зноў сабралася вакол Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх.

2 І, падыйшоўшы, фарысэі пыталіся Яго, зводзячы: "Ці належыцца мужу кінуць жонку?"

3 Езус у адказ сказаў ім: "А што вам загадаў Майсей?"

4 Яны адказалі: "Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе".

5 У адказ сказаў ім Езус: "Дзеля жорсткасьці сэрца вашага даў ён вам такі загад.

6 Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.

7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці ды злучыцца з жонкаю сваёю

8 ды будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.

9 Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае".

10 І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.

11 І кажа ім: "Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць.

12 І калі б жонка пакінула мужа свайго ды пайшла б за іншага - чужаложыць".

Езус багаслаўляе дзяцей

13 І прыносілі дзеткі да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.

14 Бачачы гэта, Езус абурыўся на іх і кажа ім: "Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.

15 Сапраўды кажу вам: Калі хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".

16 І, абняўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі свае, багаславіў іх.

Багаты юнак

17 Калі Езус выходзіў у дарогу, прыбег нехта і, упаўшы перад ім на калені, пытаўся ў Яго: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

18 Езус жа сказаў яму: "Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш прыказаньні: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці".

20 А ён у адказ сказаў: "Вучыцель, я гэта ўсё спаўняў ад маленства свайго".

21 Езус жа, глянуўшы на яго, узьлюбіў яго ды сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, а тады прыходзь і ідзі за Мною".

22 Той, засмучаны гэтым словам, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць

Небясьпека багацьця

23 І Езус, паглядзеўшы вакол, кажа сваім вучням: "Як цяжка тым, што маюць багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае".

24 Вучні ж дзівіліся дзеля словаў Ягоных. Але Езус зноў кажа ім: "Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Каралеўства Божае тым, хто надзею ўскладае на багацьце.

25 Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".

26 А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: "Ды хто можа быць збаўлены?"

27 Езус, паглядзеўшы на іх, кажа: "У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма".

Нагарода за дабраахвотнае ўбоства

28 Дык Пётар пачаў гаварыць Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".

29 Кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або матку, або бацьку, або сыноў, або поле дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,

30 каб ён не атрымаў у сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў сярод перасьледаваньняў, ды жыцьцё вечнае ў будучым веку.

31 І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія - першымі".

Трэцяе прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

32 І былі ў дарозе ў Ерузалім, і Езус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і былі ў страху. І паклікаў зноў Дванаццаць ды пачаў казаць, што мае стацца:

33 "Вось жа ўваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць паганам,

34 і будуць з Яго зьдзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб'юць Яго, але праз тры дні Ён уваскрэсьне".

Просьба сыноў Зэбэдэевых

35 І падыйшлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: "Вучыцель, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе".

36 Спытаўся ў іх: "Што хочаце, каб Я вам зрабіў?"

37 Яны ж сказалі: "Дай нам, каб сядзець у Цябе аднаму па правым баку, а другому - па левым у хвале Тваёй".

38 Езус жа кажа ім: "Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п'ю, або хрысьціцца хростам, якім Я хрышчуся?"

39 Яны адказалі Яму: "Можам". Езус кажа ім: "З келіха, з якога Я п'ю, будзеце, піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

40 Але сядзець з правага боку Майго або з левага ня Мне даваць вам, але каторым прыгатавана".

Сапраўдная вялікасьць

41 Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

42 І, паклікаўшы іх, Езус кажа: "Ведаеце, што тыя, каторыя ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.

43 Ня так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым слугою.

44 І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе слугою ўсіх.

45 Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на адкупленьне многіх".

Аздараўленьне сьляпога з Ерыхону

46 І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону разам з вучнямі сваімі і вялікай грамадой, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.

47 Пачуўшы, што гэта Езус з Назарэту, пачаў крычаць і прасіць: "Езусе, сыне Давідаў, зжалься нада мной!"

48 І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"

49 І Езус спыніўся, і казаў яго паклікаць. Дык паклікалі сьляпога і сказалі яму: "Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе".

50 Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Езуса.

51 Езус спытаўся ў яго: "Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?" Сьляпы адказаў Яму: "Раббоні, каб мне бачыць".

52 І Езус кажа яму: "Ідзі, вера твая аздаравіла цябе". І зараз ж стаў бачыць і пайшоў за Ім дарогаю.

 

Разьдзел 11
Езус у Ерузаліме
Урачысты ўезд у Ерузалім

1 Калі падыйшлі да Ерузаліму, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Езус пасылае двух з-пасярод вучняў сваіх

2 і кажа ім: "Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асьляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей ня езьдзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

3 І калі б вас хто спытаўся: "Што вы робіце?", скажыце: "Госпад яго патрабуе" і небавам адашле вам".

4 Пайшлі тады і знайшлі асьляня пры варотах навонкі, на вуліцы, і адвязалі яго.

5 Некаторыя са стаяўшых пыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьляня?"

6 А яны адказалі ім, як ім загадаў Езус, і пусьцілі іх.

7 І прывялі асьляня да Езуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Езус сеў на асьляня.

8 І многія клалі на дарозе сваё адзеньне, а іншыя галінкі з дрэваў, што расьлі ў полі.

9 І тыя, што ішлі наперадзе ды за Ім, крычалі: "Гасанна! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада!

10 Багаслаўлена каралеўства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!"

11 І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню; і агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з Дванаццацьма выйшаў у Бэтанію.

Бясплоднае дрэва фіговае

12 І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.

13 І калі здалёк ўбачыў дрэва фіговае, пакрытае лістотаю, падыйшоў, можа што на ім знойдзе. І калі падыйшоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.

14 Тады сказаў Ён дрэву: "Няхай ўжо ніколі ня есьць з цябе ніхто пладоў". І чулі гэта вучні Ягоныя.

Выгнаньне гандляроў са сьвятыні

15 І прыходзіць у Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.

16 Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз сьвятыню.

17 І навучаў іх у гэтыя словы: "Няўжо не напісана: "Дом Мой - домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў"? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

18 Пачуўшы гэта, першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.

19 А калі зьвечарэла, выйшлі з горада.

Вера і малітва

20 І, праходзячы нараніцы, убачылі дрэва фіговае ссохшым ад карэньняў.

21 Ды, прыпомніўшы, Пётар кажа Езусу: "Вучыцель, паглядзі, фіговае дрэва, што Ты пракляў, ссохла".

22 І Езус у адказ кажа ім: "Мейце веру Божую!

23 Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, збудзецца яму.

24 Таму кажу вам: Усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

25 І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, каторы ў небе, дараваў вам грахі вашыя.

26 Калі вы не даруеце, дык і Айцец ваш, каторы ў небе, не даруе вам грахоў вашых".

Пытаньне пра ўладу

27 І зноў прыходзяць ў Ерузалім. І калі Езус хадзіў па сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,

28 і запыталіся ў Яго: "Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?"

29 А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.

30 Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне".

31 Яны застанаўляліся і гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму тады не ўверылі?"

32 А калі скажам: Ад людзей, дык баімося народу", бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока".

33 І сказалі ў адказ Езусу: "Ня ведаем". І Езус у адказ ім кажа: "І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю".

 

Разьдзел 12
Прыповесьць пра ліхіх арандатараў

1 І пачаў Езус навучаць іх у прыповесьцях: "Адзін чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і выехаў.

2 У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў атрымаць сваіх пладоў з вінаградніку.

3 Яны ж схапілі яго, зьбілі ды адправілі ні з чым.

4 І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і тому разбілі галаву і зьняважылі.

5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых, з каторых адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбленага Сына, паслаў Яго ўрэшце, кажучы: "Ушануюць сына майго".

7 Але вінаградары гаварылі між сабой: "Ён - спадкаемца! Пойдзем, заб'ём яго і нашаю будзе спадчына".

8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

10 Няўжо вы не чыталі ў Пісаньні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

11 Ад Госпада гэта сталася і дзіўна ў вачах нашых".

12 І шукалі Яго схапіць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыповесьць. Дык, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

Падатак цэзару

13 І паслалі да Яго фарысэяў і герадыянаў, каб падлавіць Яго на слове.

14 Вось яны, падыйшоўшы, спыталіся ў Яго: "Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?"

15 А Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, кажа ім: "Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць".

16 Дык прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?" Кажуць Яму: "Цэзараў".

17 Дык у адказ сказаў ім Езус: "Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае - Богу". І дзівіліся з Яго.

Уваскрасеньне целаў

18 І прыходзяць да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня целаў, і пытаюцца ў Яго:

19 "Вучыцель, Майсей напісаў нам: Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, ня маючы дзяцей, дык хай ягоны брат возьме яе за жонку і пакіне патомства брату свайму.

20 Было вось сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы патомства.

21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.

22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі патомства. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

23 Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскрэснуць з памёршых, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх іх мелі яе за жонку".

24 Езус у адказ кажа ім: "Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце Пісаньня, ані моцы Божай?

25 Бо калі ўвасрэснуць з памёршых, дык ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.

26 Пра памёршых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з куста прамаўляў да яго: "Я - Бог Абрагама, і Бог Ізааака, і Бог Якуба?"

27 Бог ня ёсьць Богам памёршых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся".

Найбольшае прыказаньне

28 І адзін кніжнік, каторы чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Езус адказаў, падыйшоў да Езуса і спытаўся ў Яго: "Каторае прыказаньне з усіх першае?"

29 А Езус адказаў яму: "Першае з усіх прыказаньняў такое: "Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш - Бог адзіны.

30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі сваімі".

31 Другое ж такое: "Любі бліжняга свайго як самога сябе". Большага над гэтыя прыказаньні няма".

32 І кажа Яму кніжнік: "Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што Бог адзін, ды няма іншага апрача Яго,

33 і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душой ды ўсімі сіламі, дый, любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэлапаленьні і ахвяры".

34 Езус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: "Недалёка ты ад Каралеўства Божага". І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

Мэсія - Сын Божы

35 І, вучачы ў сьвятыні, Езус казаў: "Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?

36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Сьвятога: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, пакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае.

37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён - сын яго?" І вялізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

Сьцеражыцеся кніжнікаў

38 І ў сваёй навуцы казаў Езус: "Высьцерагайцеся кніжнікаў, каторыя ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку,

39 і першыя месцы ў сынагогах ды першыя месцы на банкетах,

40 якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд".

Ахвяра ўдавы

41 І, сеўшы насупраць скарбонкі, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.

42 І прыйшла адна бедная ўдава, і кінула дзьве дробныя манэты, значыць грош.

43 І Езус, паклікаўшы сваіх вучняў, кажа ім: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.

44 Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманьне".

 

Разьдзел 13
Прамова пра збурэньне Ерузаліму і прыйсьце Хрыста
Зьнішчэньне сьвятыні

1 І, калі Езус выходзіў са сьвятыні, адазваўся да Яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцель, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!"

2 У адказ кажа яму Езус: "Бачыш усе гэтыя вялізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б ня быў развалены".

3 І калі Езус сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, пыталіся Яго асобна Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4 "Скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?"

Пачатак мукаў

5 Адказваючы, Езус пачаў ім казаць: "Глядзіце, каб вас хто ня зьвёў.

6 Бо многа прыйдзе ў імя Маё, каторыя будуць казаць: "Гэта я", і яны многіх зьвядуць.

7 А калі пачуеце пра войны і пра весткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але на гэтым не канец.

8 Бо паўстане народ на народ, ды каралеўства на каралеўства, ды будуць месцамі землятрусы і голад. Гэта пачатак цярпеньня.

Перасьледаваньне вучняў

9 Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сынагогах, і будуць вас стаўляць перад намесьнікамі і каралямі дзеля Мяне на сьведчаньне.

10 І трэба, каб перш было абвешчана Эвангельле ўсім народам.

11 І калі вас цягаць будуць на асуджэньне, ня думайце раней, што маеце гаварыць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.

12 І будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына; і дзеці збунтуюцца супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.

13 І будзеце вы ў ненавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрымае да канца, будзе збаўлены.

Знакі блізкага збурэньня Ерузаліма

14 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пашыраную там, дзе ня мела быць, - хто чытае, хай разумее, - тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

15 а хто на даху, хай не зыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дому свайго,

16 і хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць вопратку сваю.

17 Гора будзе цяжарным ды кормячым у тыя дні.

18 Дзеля таго маліцеся, каб не сталася гэта ў зіму.

19 Бо ў тыя дні будзе такая туга, якой не было ад стварэньня сьвету, які Бог стварыў, аж дасюль.

20 І калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ацалеў бы ніхто, але (Госпад) скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.

21 І калі б хто вам тады сказаў: "Вось тут Хрыстос, або там", ня верце.

22 Бо паявяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі ды цуды, каб зьвесьці, калі гэта магчыма, нават выбраных.

23 Дык глядзіце: Я вам усё прадказаў.

Прыйсьце Сына Чалавечага

24 А па тузе ў тыя дні зацьмее сонца, ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,

25 і зоркі нябесныя падаць будуць, ды магуцьці, што на небе, стануць хістацца.

26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаку з вялікай магутнасьцю і славаю.

27 І тады пашле анёлаў сваіх і сабярэ з чатырох вятроў ад краю зямлі да краю неба выбраных сваіх.

Прыклад дрэва фігавага

28 З фіговага дрэва бярыце прыклад. Калі ўжо яго галінка робіцца мяккай і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

29 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.

30 Сапраўды кажу вам: не праміне род гэты, аж гэта ўсё станецца.

31 Неба і зямля счэзнуць, але словы Мае трываць будуць.

32 А дня тога і хвіліны ніхто ня ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

Патрэба чуваньня

33 Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.

34 Як чалавек, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.

35 Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень засьпявае, ці раніцай,

36 каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас сьпячымі.

37 А што вам кажу, усім кажу: чувайце!"

 

Разьдзел 14
Змова супраць Езуса
Пастанова сьвятароў і кніжнікаў

1 А да Пасхі і сьвята Праснакоў заставалася два дні. Дык першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Езуса схапіць хітрасьцю і забіць.

2 Казалі аднак: "Толькі не ў сьвяточны дзень, каб не дайшло да замяшаньня ў народзе".

Намашчэньне ў Бэтаніі

3 І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына, маючая алябастравую пасудзінў каштоўнага алею нардовага, і, пабіўшы алябастар, выліла Езусу на галаву.

4 А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алей?

5 Можна было гэты алей прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і надзяліць убогіх". І наракалі на яе.

6 А Езус бараніў: "Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.

7 Бо ўбогіх заўсёды маеце ў сябе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

8 Яна, што магла, зрабіла: намашчэньнем цела Маё прыгатавала на пахаваньне.

9 Сапраўды кажу вам: Ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе вешчана Эвангельле, што яна зрабіла, будзе расказвацца ў памяць аб ёй".

Здрада Юды

10 А Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб Яго выдаць.

11 Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў адпаведны час выдаць.

Апошняя вячэра
Прыгатаваньне Пасхі

12 У першы дзень (сьвята) Праснакоў, калі забіваецца ягнё пасхальнае, кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?"

13 І пасылае двух вучняў сваіх і кажа ім: "Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.

14 І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: "Вучыцель кажа: Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"

15 Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу прыгатаваную; вось там прыгатуйце месца нам".

16 Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.

Прадказаньне здрады

17 І калі настаў вечар, прыходзіць туды з Дванаццацьцю.

18 І калі сядзелі за сталом і елі, кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, каторы есьць са Мною, выдасьць Мяне".

19 Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта ня я?"

20 Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.

21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".

Устанаўленьне Эўхарыстыі

22 І калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і, багаславіўшы, ламаў і даў ім, і казаў: "Бярыце, гэта ёсьць Цела Маё".

23 І, ўзяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

24 І казаў ім: "Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца.

25 Сапраўды кажу вам: Ня буду піць ужо з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае (віно) ў Каралеўстве Божым".

Езус у садзе Аліўным
Прадказаньне вырачэньня Пятра

26 І, адсьпяваўшы гімн, узьняліся на гару Аліўную.

27 І кажа ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе згоршыцеся з Мяне, бо напісана: "Удару пастыра і разьбягуцца авечкі",

28 але калі ўваскрэсну, папераджу вас у Галілеі".

29 А Пётар кажа Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але ня я".

30 І кажа яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двойчы певень засьпявае, тройчы вырачашся Мяне".

31 Але ён тым мацней гаварыў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна і ўсе яны казалі.

Малітва ў Гетсэманіі

32 І прыходзяць ў сяло, званае Гетсэманія, і кажа Езус вучням сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".

33 І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

34 І кажа ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і чувайце".

35 І, крыху адыйшоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.

36 І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"

37 І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сьпячых. Дык кажа Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць гадзіну ня спаць?

38 Чувайце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух ахвочы, але цела кволае".

39 І, адыйшоўшыся, зноў маліўся ў гэтыя самыя словы.

40 І, зноў вярнуўшыся, застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.

41 Ды трэці раз прыходзіць да іх і кажа ім: "Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

42 Падымайцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".

Арышт Езуса

43 І калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікая грамада з мячамі і палкамі ад першасьвятароў, і кніжнікаў ды старшыняў.

44 Здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асьцярожна".

45 І калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і кажа: "Раббі!", і пацалаваў Яго.

46 Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.

47 А адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму вуха.

48 І ў адказ Езус кажа ім: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб узяць Мяне.

49 Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, вучачы, і вы ня ўзялі Мяне, але няхай зьдзейсьнілісяцца Пісаньне".

50 Тады вучні Ягоныя, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 І адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай на голае цела, ішоў за Ім, і яго схапілі,

52 але ён выкруціўся з посьцілкі і голы ўцёк ад іх.

Езус перад сваімі суддзямі
Езус перад Радай

53 І прывялі Езуса да першасьвятара, і сабраліся першасьвятары, старшыні і кніжнікі.

54 Пётар жа здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасьвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.

55 А першасьвятары ды ўся Рада шукалі сьведчаньня супраць Езуса, каб засудзіць Яго на сьмерць, але не знаходзілі.

56 Бо многа фальшыва сьведчылі супраць Яго, але іх сьведчаньні не зыходзіліся.

57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:

58 "Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе не рукамі пабудавана".

59 Але і іх сьведчаньні не зыходзіліся.

60 І першасьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"

61 Езус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасьвятар спытаўся Яго, кажучы: "Ці Ты - Хрыстос, Сын Багаслаўленага?"

62 Езус сказаў яму: "Я ёсьць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячага праваруч Магутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".

63 І першасьвятар, разьдзіраючы адзеньне сваё, кажа: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?

64 Вы чулі блюзьнерства; што думаеце?" І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.

65 І некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго ды біць кулакамі, кажучы, на Яму: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.

Вырачэньне Пятра

66 І калі Пётар быў на панадворку, на вуліцы, прыходзіць адна з служанак першасьвятара

67 і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыглядаючыся яму, кажа: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"

68 Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі панадворку, і засьпяваў певень.

69 І служанка, зноў угледзеўшы яго, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх".

70 А ён паўторна адрокся. І небавам, тыя, што там стаялі, кажуць Пятру: "Ты запраўды з іх, бо ты - Галілеец".

71 А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".

72 І адразу зноў засьпяваў певень. Тады Пётар успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двойчы засьпявае певень, ты тры разы вырачашся Мяне", і пачаў плакаць.

 

Разьдзел 15
Езус перад Пілатам

1 І зараз нараніцы, па нарадзе першасьвятароў са старшынямі і кніжнікамі, значыць, усёй Рады, Езуса, зьвязаўшы, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты - Кароль Юдэйскі?" А Езус у адказ кажа яму: "Ты кажаш".

3 І вінавацілі Яго першасьвятары ў многіх справах.

4 Дык Пілат зноў спытаўся ў Езуса: "Чаму не адказваеш? Глядзі, колькі Цябе вінавацяць?"

5 Але Езус на гэта нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.

Езус адкінуты сваім народам

6 На сьвята ён меў звычай звальняць ім аднаго з вязьняў, каго б захацелі.

7 Быў жа нейкі адзін, імем Бараба, увязьнены разам з бунтаўнікамі, каторы ў час бунту ўчыніў забойства.

8 І вось жа сабраўся натоўп людзей і пачаў дамагацца таго, што Пілат звычайна рабіў.

9 Пілат у адказ спытаўся ў іх: "Хочаце, выпушчу вам Караля Юдэйскага?"

10 Бо ведаў, што Яго выдалі першасьвятары праз зайздрасьць.

11 Але першасьвятары падбурылі народ, каб ім лепш выпусьціў Барабу.

12 Дык Пілат у адказ сказаў ім паўторна: "Дык што хочаце, каб я зрабіў з Каралём Юдэйскім?"

13 Але яны зноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!"

14 Дык Пілат сказаў ім: "Што вам благога зрабіў Ён?" Але яны тым болей крычалі: "Укрыжуй Яго!"

15 І Пілат, патураючы народу, выпусьціў Барабу, а ўбічаванага Езуса выдаў на ўкрыжаваньне.

Цярновы вянок

16 А жаўнеры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту.

17 І адзелі Яго ў пурпур, і, сплёўшы карону з церняў, усклалі на Яго,

18 і пачалі Яго вітаць: "Вітай, Кароль Юдэйскі!"

19 І трысьцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, пакланяліся Яму.

20 І калі ўжо назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, ды зноў адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, ды павялі Яго на ўкрыжаваньне.

Езус на Гальгоце
Крыжовая дарога

21 І прымусілі нейкага Сымона Цырэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, несьці крыж Ягоны.

22 І прывялі Яго на Гальготу, што значыць Месца Чэрапа.

Укрыжаваньне

23 І далі Яму выпіць віно, зьмяшане з мірай, але не прыняў.

24 І ўкрыжавалі Яго, і дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.

25 А была гадзіна трэцяя, калі Яго ўкрыжавалі.

26 І быў надпіс віны Ягонай: "Кароль Юдэйскі".

27 Укрыжавалі таксама двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.

28 І споўнілася Пісаньне: "І да злачынцаў залічаны".

Зьдзекі з укрыжаванага

29 І праходзячыя блявузгалі на Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "О Ты, руйнуеш сьвятыню Божую ды зноў узнаўляеш у тры дні,

30 ратуй сябе самога, зыйшоўшы з крыжа".

31 Таксама і першасьвятары з кніжнікамі сьмяяліся з Яго, кажучы адзін аднаму: "Іншых ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа.

32 Хрыстос, Кароль Ізраэля, зыйдзі цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі". Такжа і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зьневажалі Яго.

Сьмерць Езуса

33 А калі настала гадзіна шостая, ўсю зямлю ахутала цемра ажно да гадзіны дзевятай.

34 І а дзевятай гадзіне Езус закрычаў моцным голасам: "Элёі, элёі, лема сабактані", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?"

35 І некаторыя бліжэй стоячыя, чуючы гэта, казалі: "Ён Гальяша кліча".

36 А адзін падбег, памачыў губку воцатам, усклаў яе на трысьціну і падаў Яму піць, гаворачы: "Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш зьняць Яго".

37 Езус жа, закрычаўшы моцным голасам, аддаў духа.

38 І заслона ў сьвятыні разьдзёрлася на двое з верху аж да нізу.

39 Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Езус, так закрычаўшы, сканаў, сказаў: "Сапраўды, гэты чалавек быў Сын Божы".

40 А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага, і Ёсэта, і Салямэя,

41 каторыя, калі Езус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.

Пахаваньне Езуса

42 І калі зьвечарэла, а быў гэта дзень Прыгатаваньня, які выпадае перад суботаю,

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, дастойны сябра Рады, каторы сам чакаў прыходу Каралеўства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса.

44 Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, таму паклікаў сотніка і спытаўся ў яго, ці ўжо памёр,

45 і даведаўшыся ад сотніка (аб сьмерці Езуса), аддаў цела Язэпу.

46 Язэп жа купіў палатно, і зьняў цела з крыжа, увярнуў у палатно ды палажыў у магіле, каторая была высечана ў скале. І закрыў уваход каменем.

47 Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.

 

Разьдзел 16
Уваскрасеньне Езуса
Пустая магіла

1 І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба, і Салямэя накуплялі духмянасьцяў, каб пайсьці і намасьціць Езуса.

2 І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

3 А гаварылі яны між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?"

4 І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны.

5 І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, седзячага па правым баку, адзетага ў белае адзеньне, і аслупянелі.

6 Але ён адазваўся да іх: "Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэйца, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут, вось месца, дзе быў паложаны.

7 Але ідзіце і паведаміце вучням Ягоным і Пятру: "Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце, як вам казаў".

8 І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога, і нікому не казалі, бо баяліся.

Езус зьяўляецца перад сваімі

9 Уваскросшы на сьвітаньні ў першы дзень тыдня, Езус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем дэманаў.

10 А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім хадзілі, сумным і плачучым.

11 Але яны, пачуўшы, што Ён жыве і што ёй паказаўся, ня ўверылі.

12 Пасьля паказаўся двум з іх у іншым выглядзе ў дарозе ў вёску.

13 І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі.

14 Нарэшце паказаўся Адзінаццаці, калі сядзелі пры стале, і карыў іхняе недаверства і закамянеласьць сэрца, што не паверылі тым, каторыя бачылі Яго ўваскросшага.

Вялікі наказ

15 І сказаў ім: "Ідзіце на ўвесь сьвет і вясьціце Эвангельле ўсяму стварэньню".

16 Хто ўверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж ня ўверыць, будзе асуджаны.

17 А тым, што ўвераць, будуць такія знакі: у імя Маё будуць выганяць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,

18 рукамі зьмеяў будуць браць, ды хоць бы што атрутае выпілі, не пашкодзіць ім, на хворых рукі класьці будуць, і яны здаравець будуць".

Ушэсьце

19 І пасьля размовы з імі Госпад Езус узьнёсься ў неба, і сеў па правіцы Божай.

20 А яны, пайшоўшы, вясьцілі ўсюды (Слова Божае), а Госпад успамагаў іх і сьцьвярджаў словы іхнія знакамі.

 

 

Эвангельле паводле Лукаша

 

 

Разьдзел 1
Прадмова

1 Многія ўжо спрабавалі ўдакладніць падзеі, якія ў нас адбыліся,

2 як пераказалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцамі і слугамі Слова.

3 Таксама і я, старана разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, дастойны Тэафілю,

4 каб ты пераканаўся ў праўдзівасьці словаў, у якіх ты быў навучаны.

Нараджэньне і юнацтва Яна Хрысьціцеля і Езуса
Прадказаньне нараджэньня Яна Хрысьціцеля

5 У дні Герода, караля Юдэі, жыў адзін сьвятар на імя Захарыя з Абіявае чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Альжбета.

6 Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе прыказаньні і пастановы Госпадавы.

7 Ды ня мелі сына, бо Альжбета была няплоднай, а абое былі ўжо ў пажылым веку.

8 І сталася, калі ён адбываў службу сьвятарскую перад Богам у сваёй чарзе,

9 па жэрабю, як быў звычай у сьвятароў, выпала яму ўвайсьці ў сьвятыню Госпадаву для каджэньня,

10 а ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася навонкі.

11 І зьявіўся перад ім анёл Госпадаў, стоячы па правым баку аўтара каджэньня,

12 дык Захарыя стрывожыўся, бачачы гэта, ды вялікі страх ахапіў яго.

13 Тады анёл прамовіў да яго: "Ня бойся, Захарыя, бо выслухана маленьне тваё, вось жа жана твая Альжбета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Ян.

14 Ён будзе табе радасьцяй і пацехай, ды многія будуць радавацца з яго нараджэньня.

15 Ён будзе вялікім на віду Госпада, і ня будзе піць віна і сікеры, ды ад улоньня маці будзе напоўнены Духам Сьвятым,

16 і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іхняга.

17 І пройдзе перад Ім у духу і моцы Гальяша, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а няверучых - да мудрасьці справядлівых, каб прырыхтаваць Госпаду народ дасканалы".

18 І сказаў Захарыя анёлу: "З чаго я магу гэта ведаць? Я бо стары, і жонка мая пажылая ў гадах сваіх".

19 У адказ сказаў яму анёл: "Я - Габрыель, каторы стаю перад Богам, і пасланы Ім гаварыць з табою, і абвясьціць табе радасную вестку.

20 І вось станешся нямым ды ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта зьдзейсьніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час".

21 І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга прабывае ў сьвятыні.

22 Выйшаўшы, ён ня мог да іх гаварыць, дык пазналі, што ён бачыў зьяву ў сьвятыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.

23 І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.

24 Па нейкім часе жонка яго, Альжбета, пачала дзіця і праз пяць месяцаў скрывалася, кажучы:

25 "Так учыніў мне Госпад ў дні, у якія ўзглянуў на мяне, каб зьняць ганьбу маю на віду ў людзей".

Зьвяставаньне Марыі

26 А ў шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт,

27 да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы - Марыя.

28 Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: "Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою".

29 А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітаньне такое?

30 І сказаў ёй анёл: "Ня бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.

31 Вось жа пачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.

32 Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;

33 і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму ня будзе канца".

34 Марыя ж сказала анёлу: "Як жа гэта можа стацца, калі я мужа ня знаю?"

35 У адказ анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты зыйдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назавецца.

36 Вось сваячка Твая Альжбета, і яна пачала дзіця ў сваёй старасьці, і ўжо шосты месяц у той, каторую завуць бясплоднай,

37 бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова".

38 Марыя ж сказала: "Вось жа Я - служанка Госпадава, хай Мне станецца паводле Твайго слова". І анёл адыйшоў ад Яе.

Адведзіны Марыяй Альжбеты

39 У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла з пасьпехам у горы, у горад (пакаленьня) Юды.

40 І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

41 І калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, падскочыла дзіцятка ў ейным улоньні, і Дух Сьвяты напоўніў Альжбету,

42 і загаманіла яна моцным голасам, кажучы: "Багаслаўленая Ты між жанчынаў, і багаслаўлены плод улоньня Твайго.

43 А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?

44 Бо як толькі загучэў голас прывітаньня Твайго ў вушах маіх, падскочыла з радасьцяй дзіцятка ў маім улоньні.

45 І шчасьлівая тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада".

Гімн Марыі

46 І сказала Марыя: "Узьвялічвае душа Мая Госпада,

47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,

48 бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць служанкі сваёй. Вось адгэтуль шчасьлівай называць Мяне будуць усе роды,

49 бо зрабіў Мне вялікія рэчы Магутны, і сьвятое імя Яго,

50 і міласэрдзе Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.

51 Выявіў магутнасьць пляча свайго, разагнаў пыхлівых у намерах сэрцаў сваіх,

52 спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорных.

53 Галодных насыціў даброцьцем, а багатых адправіў ні з чым.

54 Прытуліў Ізраэля, слугу свайго, памятаючы на міласэрдзе,

55 як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам ягоным навекі".

56 Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў свой дом.

Нараджэньне Яна Хрысьціцеля

57 А Альжбеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.

58 Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што Госпад аказаў ёй сваё вялікае міласэрдзе, радаваліся разам з ёю.

59 У восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлапчука ды назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыям.

60 І, запытаная, маці яго адказала: "Ніякім чынам, але будзе названы Ян".

61 Сказалі ёй: "У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем".

62 Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.

63 А той запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: "Ян імя яго". Дык зьдзівіліся ўсе.

64 А ў гэты момант расчыніліся вусны яго ды язык яго і стаў гаварыць, багаславячы Бога.

65 Дык ахапіў страх усіх іхніх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разьнеслася вестка пра гэта здарэньне.

66 А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: "Кім жа будзе гэта дзіця?" Бо рука Госпадава была з ім.

Гімн Захарыі

67 І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Сьвятым, праракаваў у гэтыя словы:

68 "Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ свой,

69 і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі свайго,

70 як прадказаў вуснамі сьвятых прарокаў сваіх, якія жылі ад вякоў,

71 збаўленьне ад ворагаў нашых, ды з рук тых, што ненавідзяць нас;

72 каб аказаць міласэрдзе бацькам нашым, помнячы на сьвяты запавет свой,

73 і на прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,

74 каб без страху, асвабоджаныя з рук непрыяцеляў, служылі Яму

75 ў сьвятасьці і справядлівасьці перад Ім у-ва ўсе дні нашыя.

76 І ты, юнача, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад воблікам Госпада, правячы дарогі Ягоныя,

77 каб даць народу Ягонаму навуку збаўленьня для адпушчэньня грахоў іхніх,

78 праз міласэрдзе бязмежнае Бога нашага, каторы наведаў нас, зыходзячы з вышыняў,

79 каб асьвяціць тых, што сядзяць ў поцемках ды ў засеню сьмерці, каб накіраваць ногі нашыя на шлях супакою".

80 А дзіця расло і ўзмацоўвалася у духу, ды прабывала ў пустыні аж да дня свайго паяўленьня перад Ізраэлем.

 

Разьдзел 2
Нараджэньне Езуса Хрыста

1 І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.

2 Гэты сьпіс быў першы, зроблены за гаспадараваньне, Квірына ў Сырыі.

3 Дык ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэту, у Юдэю, у Давідаў горад, званы Бэтлеем, таму што быў з дому і роду Давіда,

5 каб запісацца разам з Марыяй, заручанай сваёй жаною, каторая была цяжарная.

6 Здарылася, што калі там былі, прыйшоў час радзіць Ёй.

7 І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў ясьлі, бо не было для іх месца ў заезьдзе.

Пакланеньне пастухоў

8 У той ваколіцы былі пастухі, пільнуючыя і вартуючыя ў начы пры сваім стадзе.

9 І вось зьявіўся перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпада асьвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.

10 І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся, бо абвяшчаю вам радасьць вялікую, якая будзе ўсім людзям:

11 сягоньня нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсьць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.

12 Такі вось будзе вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў ясьлях".

13 Ды раптам з анёлам паявілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і гамонячы:

14 "Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі".

15 І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх у неба, пастухі казалі адзін аднаму: "Хадземце ў Бэтлеем і пабачма тое слова, што там сталася, пра што павядоміў нам Госпад".

16 І з пасьпехам пайшлі ў Бэтлеем, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіцятка, пакладзенае ў ясьлях.

17 А ўбачыўшы, зразумелі слова, што ім было пра Дзіцятка гэтае.

18 І ўсе, што чулі, дзівіліся дзеля таго, што ім расказалі пастухі.

19 Марыя ж запомніла ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

Абразаньне

21 І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, назвалі Яго імем Езус, якое было Яму дадзена анёлам перш, чым Яно было пачата ва ўлоньні.

Ахвяраваньне ў сьвятыні

22 І калі споўніліся дні ачышчэньня іх па закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,

23 як напісана ў законе Госпада: "Кожны першародны хлопец будзе пасьвячаны Госпаду",

24 ды каб скласьці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркоў або два галубы.

Багаславенства Сымона

25 І вось у той час быў у Ерузаліме чалавек, імем Сымон, і быў ён справядлівы, і баяўся (Бога), і чакаў пацяшэньня Ізраэля, і Дух Сьвяты быў на ім.

26 Ён атрымаў абяцаньне ад Духа Сьвятога, што не памрэ, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпадавага.

27 І, ведзены Духам, ён пайшоў у сьвятыню. І калі бацькі Езуса ўносілі Яго ў сьвятыню, каб выпаўніць Закон адносна Яго,

28 Сымон узяў Яго на рукі свае і багаславіў Бога ў гэтыя словы:

29 "Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпушчаеш слугу Твайго ў супакоі,

30 бо вочы мае бачылі збаўленьне Тваё,

31 якое Ты прыгатаваў на віду ўсіх народаў;

32 сьвятло для прасьвятленьня паганаў і на спахвалу народу Твайго, Ізраэля".

33 І бацька Ягоны і Маці дзівіліся што да таго, што аб Ім казалі.

34 І багаславіў іх Сымон, кажучы Марыі, Маці Ягонай: "Ён вось пастаўлены на падзеньне і на паўстаньне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца.

35 І Тваю душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".

Прароцтва Ганны

36 Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэравага. Яна была пажылая ў гадах, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

37 і, будучы ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, не пакідала сьвятыні, служачы там (Богу) днём і ноччу ў пастах і маленьнях.

38 Яна вось, надыйшоўшы ў тую пару, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, каторыя чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.

Вяртаньне ў Назарэт

39 І калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.

40 А Дзіця расло і ўмацоўвалася, поўнае мудрасьці, ды ласка Божая была на Ім.

Дванаццацігадовы Езус у сьвятыні

41 Бацькі Ягоныя хадзілі штогод у Ерузалім на ўрачыстасьць Пасхі.

42 І калі Езус меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на сьвята,

43 і калі па заканчэньні сьвята варочаліся дамоў, хлопчык Езус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.

44 Думаючы, што Езус у грамадзе, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых,

45 і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

46 І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў сьвятыні, седзячага паміж вучоных, слухаючага іх і пытаючага ў іх.

47 Усе, што слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

48 І (бацькі), убачыўшы Яго, зьдзівіліся. І Маці Ягоная сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і Я з болем шукалі Цябе".

49 А Ён сказаў ім: "Пашто Мяне шукалі? Няўжо ня ведалі, што Мне трэба быць у справах Айца Майго?"

50 Але яны не зразумелі гэтых словаў, якія ім сказаў.

51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны. І Маці Ягоная захавала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы.

52 А Езус рос у мудрасьці і гадах, ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.

 

Разьдзел 3
Падрыхтоўка служэньня Езуса
Ян Хрысьціцель

1 У пятнаццатым годзе панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понці Пілат начальнічаў у Юдэі, а Герод быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Філіп - тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісані - тэтрархам Абіліны,

2 пры першасьвятарах Аньне і Каяфе было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

3 І праходзіў ён усю зямлю вакол Ярдану, вешчучы хрост навярненьня дзеля адпушчэньня грахоў,

4 як напісана ў кнізе словаў Ісаі прарока: "Голас гамонячага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму.

5 Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывыя дарогі хай будуць выпрастаны, а выбоістыя хай будуць выраўнены,

6 і хай кожны чалавек убачыць збаўленьне Божае".

Заклік да навярненьня

7 Грамадам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: "Зьмяінае племя, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

8 Рабіце дастойныя плады навярненьня, і перастаньце хваліцца між сабой: "Маем бацьку Абрагама"; кажу вам, што Бог можа з гэтых каменьняў падняць сыноў Абрагаму.

9 Ужо вось сякера прыложана да карэньняў дрэваў, усякае бо дрэва, што не дае добрага плоду, будзе сьсечана і кінута ў агонь.

"Што маем рабіць?"

10 Дык пыталіся ў яго грамады: "Што тады маем рабіць?"

11 Ён у адказ гаварыў ім: "Хто мае дзьве адзежы, хай дасьць таму, хто ня мае. І хто мае яду, хай зробіць падобна".

12 Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны пыталіся ў яго: "Вучыцелю, што мы маем рабіць?"

13 А ён і ім казаў: "Нічога не рабіце больш таго, што вам прызначана".

14 Пыталіся ў яго таксама жаўнеры: "А што мы маем рабіць?" А ён ім сказаў: "Нікога ня біце, не ўціскайце і будзьце задаволены сваёю платаю".

Сьведчаньне Яна пра Хрыста

15 А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам ня Хрыстос,

16 Ян адказваў усім, кажучы: "Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы ад мяне, катораму Я ня варты разьвязаць рамень Яго сандалаў. Ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым і агнём.

17 Ён трымае ў руцэ сваёй веялку і ачысьціць ток свой, ды зьбярэ пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць у агні незгасальным.

18 Многа таксама іншага навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.

Арышт Яна

19 Але Герод, тэтрарха, напамінаны Янам дзеля Герадыяды, жонкі брата свайго, ды дзеля іншых ліхіх паступкаў, якіх дапускаўся Герод,

20 дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязьніцу.

Хрост Езуса

21 І сталася, калі ўвесь народ хрысьціўся, і Езус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,

22 і Дух Сьвяты цялесна ў выглядзе галуба зыйшоў на Езуса. І азваўся голас з неба: "Ты - Сын Мой улюблёны, у Табе Маё ўпадабаньне".

Радавод Езуса

23 Езус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў (сваё служэньне), і быў уважаны за сына Язэпа, сына Гелія, сына Матата,

24 сына Левія, сына Мэльхі, сына Янная, сына Язэпа,

25 сына Мататыя, сына Амоса, сына Нагума, сына Эсьлі, сына Нагая,

26 сына Магата, сына Мататыя, сына Сэмэя, сына Ясэха, сына Ёда,

27 сына Яна, сына Рэсы, сын Зарабабэля, сына Салятыеля, сына Нэрыя,

28 сына Мэльхі, сына Адыя, сына Касама, сына Эльмадама, сына Гера,

29 сына Ёзуэ, сына Эліезэра, сына Ярыма, сына Матата, сына Левія,

30 сына Сымона, сына Юды, сына Язэпа, сына Ёны, сына Эліякіма,

31 сына Мэлея, сына Мэнны, сына Матата, сына Натана, сына Давіда,

32 сынам Есэя, сына Абэда, сына Баоза, сына Сальмона, сына Наасона,

33 сына Амінадаба, сына Адміна, сына Арнія, сынам Эсрома, сына Фарэса, сына Юды,

34 сына Якуба, сына Ізаака, сына Абрагама, сына Тарэ, сына Нахора,

35 сына Сэруха, сына Рагава, сына Фалека, сына Гебэра, сына Сале,

36 сына Кайнана, сына Арфаксада, сына Сэма, сына Ноя, сына Лямэха,

37 сына Матузаля, сына Геноха, сына Ярэда, сына Малялеэля, сына Кайнана,

38 сынам Геноса, сына Сэта, сына Адама, сына Божага.

 

Разьдзел 4
Пост і спакушаньне

1 Езус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў Духам заведзены ў пустыню

2 на сорак дзён, і быў там спакушаны д'яблам. Ды ня еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есьці.

3 Сказаў Яму д'ябал: "Калі Ты - Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам".

4 І адказаў яму Езус: "Напісана: "Ня толькі хлебам жыве чалавек"."

5 Затым падняў Яго і паказаў Яму ўсе каралеўствы сьвету ў адзін момант,

6 ды сказаў Яму д'ябал: "Дам табе ўладу над сусьветам і іх славу, бо мне гэта дадзена, і каму хачу, таму даю яе.

7 Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё".

8 У адказ сказаў яму Езус: "Напісана: "Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш".

9 Затым завёў Яго (д'ябал) у Ерузалім, і паставіў на верху сьвятыні, і сказаў Яму: "Калі Ты - Сын Божы, дык кінься ўніз.

10 Бо напісана: "Анёлам сваім загадае пра Цябе берагчы Цябе",

11 ды: "на руках панясуць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі тваёй".

12 Адказаў яму Езус: "Сказана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".

13 І калі скончыў д'ябал усе спакушэньні, адступіўся ад Яго да часу.

Пачатак служэньня Езуса
Езус у Галілеі

14 І ў моцы Духа вярнуўся Езус у Галілею, і вестка пра Яго разьнеслася па ўсёй краіне.

15 І Езус вучыў у сынагогах іх, і быў слаўлены ўсімі.

Езус у Назарэце

16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сынагогу і падняўся чытаць.

17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І калі разьвярнуў кнігу, натрапіў на месца, дзе было напісана:

18 "Дух Госпада нада Мною; таму Мяне намасьціў, каб вясьціў Эвангельле ўбогім, паслаў Мяне вясьціць свабоду вязьням, і сьляпым - вяртаньне зроку, адпусьціць прыгнечаных на свабоду,

19 вясьціць год спагадлівасьці Госпада".

20 Потым закрыў кнігу, аддаў слузе і сеў. І вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.

21 Ён пачаў тады гаварыць ім: "Сёньня споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісаньня".

22 Усе засьведчылі Яму ды дзівіліся чароўнасьці словаў, выплываючых з вуснаў Ягоных, і казалі: "Ці ж гэта ня сын Язэпаў?"

23 А Ён сказаў ім: "Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: "Лекару, вылечы самога сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Тваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме".

24 І сказаў: "Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прыймаецца ў сваёй бацькаўшчыне.

25 Праўдзіва кажу вам: Многа ўдоваў было ў Ізраэлю ў дні Гальяша, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсьць месяцаў, ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі;

26 і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.

27 Таксама было многа пракажаных у Ізраэлю за Элізэя прарока, але ніводзін з іх ня быў ачышчаны, адно Нааман Сырыец".

28 Чуючы гэта, усе ў сынагозе закіпелі злосьцю,

29 і паўскоквалі, і выцягнулі Яго за горад, ды ўзьвялі на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб спіхнуць Яго.

30 Але Ён прайшоў між імі і адыйшоў.

Аздараўленьне апанаванага ліхім

31 І зыйшоў Езус у Кафарнаўм, горад Галілейскі, і там навучаў у суботы.

32 І ўсе дзівіліся з навукі Ягонай, бо з уладай былі словы Ягоныя.

33 У той час быў у сынагозе чалавек, маючы духа нячыстага. І крычаў ён моцным голасам:

34 "Пакінь, што Табе да нас, Езус з Назарэту? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, што Ты - Сьвяты Божы".

35 Але Езус пасварыўся на яго, загадваючы: "Замаўчы, ды выйдзі з яго". І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.

36 І ахапіў жах усіх; і зварачаліся адзін да аднаго, кажучы: "Што гэта за слова, што мае ўладу і моц загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць".

37 І так вестка аб Ім разыходзілася па ўсіх вакалічных мясцовасьцях.

Аздараўленьне цёшчы Пятра

38 Выйшаўшы з сынагогі, пайшоў Ён у дом Сымона. А цёшча Сымона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе.

39 І стаўшы пры ёй, загадаў гарачцы, і яна пакінула яе. І яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім.

40 А па заходзе сонца ўсе, што мелі хворых на ўсякія хваробы, прыводзілі іх да Яго. І Ён клаў рукі на кожнага ды аздараўляў іх.

41 З многіх выходзілі таксама дэманы з крыкам: "Ты - Сын Божы". І (Езус), сварачыся на іх, не дазваляў казаць, што яны ведаюць, што Ён - Хрыстос.

Езус пакідае Кафарнаўм

42 А калі настаў дзень, Ён выйшаў і адыйшоў на пустыннае месца; і народ аднак шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.

43 Але Ён сказаў ім: "Трэба, каб Я і іншым гарадам вясьціў добрую вестку пра Каралеўства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы".

44 І далей навучаў у сынагогах Галілеі.

 

Разьдзел 5
Цудоўная лоўля рыбы

1 Аднойчы, калі грамады ціснуліся да Яго слухаць слова Божага, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт,

2 убачыў дзьве лодкі, стаячыя пры беразе возера; рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеткі.

3 Дык Езус увайшоў у адну лодку, што была Сымонава, і прасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы ў лодцы, навучаў людзей.

4 Кончыўшы гаварыць, сказаў Сымону: "Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашыя на лоўлю".

5 А Сымон адказаў Яму: "Вучыцелю, мы ўсю ноч трудзіліся і нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку".

6 А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што сетка рвалася.

7 Дык далі знак таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб пасьпяшылі і дапамаглі ім. Дык прыбылі і запоўнілі абедзьве лодкі, так, што ледзь не танулі.

8 Бачачы гэта, Сымон Пётар упаў да кален Езуса, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, Госпадзе, бо я - чалавек грэшны".

9 Бо дзеля такога налову рыбы яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах.

10 Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зэбэдэявых, таварышаў Сымона. І сказаў Езус Сымону: "Ня бойся; адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш".

11 І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Аздараўленьне пракажанага

12 І здарылася, калі Езус быў у адным горадзе, вось прыйшоў адзін чалавек поўнасьцю пракажаны. Ён, убачыўшы Езуса, паў вобліч і прасіў Яго, кажучы: "Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".

13 І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся яго і сказаў: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз жа праказа зыйшла з яго.

14 І (Езус) загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: "Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".

15 Але разыходзілася слова аб Ім тым больш, і зьбіраліся вялікія грамады людзей паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.

16 А Ён удаляўся на адзінач і маліўся.

Першыя спрэчкі з фарысэямі
Аздараўленьне спараліжаванага

17 Здарылася, што аднаго дня сядзеў Езус, навучаючы. Там жа сядзелі і фарысэі і законаведы, сабраўшыся з усіх пасяленьняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І Езус меў моц Госпадаву на аздараўленьне.

18 Якраз мужчыны прынесьлі чалавека спараліжаванага на лежаку, ды стараліся ўнесьці яго і пакласьці перад Езусам.

19 І калі дзеля натоўпу не маглі ніяк унесьці, дык узыйшлі на дах і праз сталяваньне спусьцілі яго на лежаку на сярэдзіну перад Езусам.

20 І Ён, бачачы іхнюю веру, сказаў: :"Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае".

21 І пачалі наракаць кніжнікі і фарысэі, і казаць: "Хто Ён, што блюзьніць? Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?"

22 А Езус, пазнаўшы іхнія думкі, у адказ сказаў ім: "Што вы думаеце ў сэрцах вашых?

23 Што лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі твае", або: "Устань і хадзі"?

24 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаньня грахоў, - кажа спараліжаванаму, - : Кажу табе, падыміся, вазьмі ляжак свой ды ідзі дамоў".

25 І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў ляжак, на каторым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога.

26 Дык усіх ахапіла зьдзіўленьне, дык славілі Бога і, напалоханыя, казалі: "Бачылі мы сёньня дзіўныя рэчы".

Пакліканьне Матэвуша

27 І пасьля гэтага ідучы, Езус убачыў мытніка на імя Леві, седзячага пры мытні, дык сказаў яму: "Хадзі за Мною!"

28 І ён, пакінуўшы ўсё, падняўся і пайшоў за Ім.

29 Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, ды вялікае мноства мытнікаў і іншых засела з імі пры стале.

30 Дык наракалі фарысэі і кніжнікі іх і казалі вучням Ягоным: "Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясьцё і п'яцё?"

31 У адказ сказаў ім Езус: "Не здаровыя патрабуюць лекара, але тыя, што блага чуюцца.

32 Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да пакаяньня".

Пытаньне пра пост

33 Але яны казалі Яму: "Чаму Янавы вучні часта пасьцяць і моляцца, падобна і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?"

34 А Езус сказаў ім: "Ці ж можаце змушаць пасьціць гасьцей вясельных, пакуль жаніх з імі?

35 Прыйдуць аднак дні, калі ім забяруць маладога, тады пасьціць яны будуць у тыя дні".

36 Сказаў ім яшчэ прытым прыповесьць: "Ніхто латы з адзеньня новага не прышывае да старога адзеньня, бо і новае разьдзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога.

37 Ніхто таксама маладога віна ня лье да старых мяхоў, бо маладое віно рассадзіць мяхі і само разальецца, і мяхі прападуць.

38 Але віно маладое трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое захаваецца.

39 Ды ніхто, п'ючы старое, не захоча адразу новага, бо кажа: "Старое лепшае".

 

Разьдзел 6
Сьвятасьць суботы

1 Аднойчы, калі Езус праходзіў праз пшанічнае поле, вучні Ягоныя зрывалі каласы, выціскалі зярняты рукамі ды елі.

2 Некаторыя фарысэі казалі ім: "Што гэта робіце, што нельга рабіць у суботу?"

3 І Езус у адказ сказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

4 Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыцца іх есьці нікому, толькі сьвятарам".

5 І сказаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы".

Аздараўленьне сухарукага ў суботу

6 У іншы шабат здарылася таксама, што Езус увайшоў у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку.

7 А кніжнікі і фарысэі паглядалі на Яго, ці будзе ў суботу аздараўляць, каб знайсьці прычыну абвінаваціць Яго.

8 (Езус) ведаў думкі іхнія і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Падыміся і стань на сярэдзіне". І ён, падняўшыся, устаў.

9 Тады спытаўся ў іх Езус: "Пытаюся вас, ці належыцца ў суботу добра рабіць, ці блага, жыцьцё ўратаваць ці загубіць?"

10 Ды, глянуўшы навокал на ўсіх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку тваю!" І ён выцягнуў, і здаровай сталася рука ягоная.

11 А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Езусам.

Служэньне Езуса
Выбар Дванаццаці

12 Здарылася ў тыя дні, што (Езус) пайшоў на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве Божай.

13 І па настаньні дня пазваў вучняў сваіх ды выбраў з-паміж іх Дванаццаць, каторых і назваў апосталамі:

14 Сымона, каторага пераназваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Баўтрамея,

15 Матэвуша і Тамаша, Якуба Альфеявага, і Сымона, каторага завуць Зэлётам,

16 Юду Якубавага ды Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.

Народ ідзе да Езуса

17 І зыйшоў з імі, і затрымаўся на роўным месцы разам з грамадой сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліму, з узьбярэжжа Тыру і Сідону,

18 што прыбылі паслухаць Яго і быць аздароўленымі са сваіх хваробаў. Таксама мучаныя нячыстымі духамі былі аздароўлены.

19 І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла моц ды аздараўляла ўсіх.

Багаславенствы

20 У той час Езус, зьвярнуўшы вочы свае на вучняў сваіх, казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Каралеўства Божае.

21 Шчасьлівыя, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасьлівыя, што цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

22 Шчасьлівыя вы, калі вас людзі будуць мець у нянавісьці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і зьнеслаўляць імя вашае як ліхое дзеля Сына Чалавечага.

23 Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо заплата вашая шчодрая ў небе; бо так рабілі прарокам бацькі іхнія.

Пагрозы

24 Але гора вам, багатыя, бо маеце пацяшэньне вашае.

25 Гора вам, каторыя цяпер перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер сьмяецёся, бо будзеце сумаваць і плакаць.

26 Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць усе людзі, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іхнія.

Любоў да непрыяцеляў

27 Але кажу вам, каторыя слухаеце: Любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць,

28 спагадайце тым, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць.

29 А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае табе вопратку, не забараняй узяць, і кашулю.

30 Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто табе забірае нешта тваё, не дамагайся звароту.

31 І як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.

32 І калі любіце тых, што вас любяць, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць.

33 І калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць.

34 І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзяіцёся звароту, дык якая ж для вас падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб гэтулькі-ж было зьвернута.

35 Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і пазычайце, нічога назад не спадзяючыся; і заплата вашая будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і для неўдзячных і благіх.

36 Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны.

Не судзіце

37 Не судзіце, і ня будзеце суджаны. Не вінавацьце, і ня будзеце вінавачаны. Адпушчайце, і вам будзе адпушчана.

38 Давайце і будзе вам дадзена, меркай добрай, поўнай, патрэсянай і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае. Бо такой самай меркай, каторай вы мераеце, будзе вам адмерана".

Прыповесьць пра двух сьляпых

39 Затым сказаў ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы весьці сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

40 Вучань ня большы за вучыцеля: але навучыўшыся ўсяму, будзе, як вучыцель ягоны.

Крывадушнасьць

41 Чаму бачыш затруску ў воку брата твайго, а бэлькі ў сваім воку ня бачыш?

42 Або як можаш казаць брату твайму: "Дазволь, браток, выняць затруску з вока твайго", а бэлькі, што ў тваім воку, ня бачыш? Крывадушнік, вымі перш бэльку з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць затруску з вока брата твайго.

Прыповесьць аб добрым і благім дрэве

43 Няма вось дрэва добрага, родзячага благія плады, ані благога дрэва, родзячага добрыя плады.

44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не зьбіраюць фігаў з церняў або вінаграду з шыпшыньніку.

45 Добры чалавек дабывае з добрага скарбца сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхога скарбца сэрца свайго дабывае ліхоцьце. Бо ад перапоўненага сэрца гавораць вусны.

Два падмуркі

46 Чаму прызываеце Мяне: "Госпадзе, Госпадзе!", і не выконваеце таго, што вам кажу.

47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і спаўняе іх, скажу вам, да каго ён падобны:

48 Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і палажыў падмурак на скале. А калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо добра быў ён пабудаваны.

49 А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака і зараз паваліўся. І разбурэньне дому таго было вялікае.

 

Разьдзел 7
Аздараўленьне слугі сотніка

1 А калі скончыў усе свае словы навукі слухаючым яго людзям, накіраваўся ў Кафарнаўм.

2 А ў аднаго сотніка быў слуга, якога той вельмі цаніў, і быў моцна хворы, блізкі сьмерці.

3 Ён, пачуўшы пра Езуса, паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў слугу яго.

4 Калі яны прыйшлі да Езуса, шчыра прасілі Яго, кажучы: "Варты ён, каб гэта яму зрабіў,

5 бо ён любіць наш народ, нават паставіў нам сынагогу".

6 Дык Езус пайшоў за імі. А калі ўжо быў недалёка ад дому, паслаў сотнік сяброў сказаць: "Госпадзе, не турбуйся, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.

7 Таму што і самога сябе ўважаю за нявартага прыйсьці да Цябе; але скажы слова і паздаравее слуга мой.

8 Бо і я - чалавек, маючы ўладу, маю пад сабой жаўнераў. Кажу гэтаму: "Ідзі", і ён ідзе, а іншаму: "Прыйдзі", і ён прыходзіць, і слузе свайму: "Рабі гэта", і ён робіць".

9 Езус, пачуўшы гэта, зьдзівіўся дзеля яго ды, зьвярнуўшыся да ідучых за Ім грамадой, сказаў: "Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлю!"

10 І тыя (пасланьнікі), вярнуўшыся дамоў, знайшлі слугу здаровым.

Уваскрашэньне юнака з Наім

11 Выпала, што пасьля ішоў (Езус) у горад, які называецца Наім, і з Ім ішлі вучні Ягоныя ды вялікі натоўп людзей.

12 А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі памёршага адзінага сына маці, каторая была ўдавой, ды мноства людзей з горада ішло з ёю.

13 Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: "Ня плач!"

14 Падыйшоў і дакрануўся насілкаў; а тыя, што несьлі, затрымаліся. І сказаў: "Юнача, кажу табе, устань!"

15 І сеў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго ягонай маці.

16 Дык усіх ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: "Вялікі прарок паўстаў сярод нас", ды: "Бог наведаў народ свой".

17 І разьнеслася слова гэтае па ўсёй Юдэі і па ўсёй вакалічнай краіне.

Пасланцы Яна Хрысьціцеля

18 І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэтае.

19 Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Госпада запытацца: "Ці Ты - Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"

20 Як толькі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: "Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: "Ці Ты - Той, каторы мае прыйсьці, ці маем чакаць другога?"

21 У той час Езус аздаравіў многіх ад хваробаў, і цярпеньняў, і ад ліхіх духаў ды многім сьляпым вярнуў зрок.

22 І ў адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і абвясьціце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім весьціцца Эвангельле,

23 і шчасьлівыя тыя, што з Мяне ня згоршацца".

Сьведчаньне Езуса пра Яна Хрысьціцеля

24 І калі адыйшліся пасланыя Янам, пачаў Езус гаварыць пра Яна да народу: "Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысьціну, хістаную ветрам?

25 Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, адзетага ў мяккае адзеньне? Вось тыя, што ў багатых адзеньнях ды ў раскошы жывуць, у дамах каралеўскіх знаходзяцца.

26 Ды што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

27 Ён той, аб кім напісана: "Вось жа пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".

28 Бо кажу вам: Між народжаных жанчынамі няма большага за Яна (Хрысьціцеля). Але найменшы ў Каралеўстве Божым большы за яго.

29 І ўвесь народ, які яго чуў, і мытнікі славілі Бога, хрысьцячыся хростам Янавым.

30 Фарысэі ж і законаведы ўзгардзілі намерам Божым што да сябе і не прынялі хросту ад яго.

Аб гуляючай дзятве

31 З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленьне людзей і да каго яны падобны?

32 Яны падобны да хлапчанят, седзячых на рынку, якія кажуць адны да другіх: "Сьпявалі мы вам, а вы ня танчылі, галасілі мы, а вы ня плакалі".

33 Прыйшоў Ян Хрысьціцель, і хлеба ня еў, і віна ня піў, і вы кажаце: "Дэмана мае".

34 Прыйшоў Сын Чалавечы, які есьць і п'е, і вы кажаце: "Вось чалавек, абжора і п'яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".

35 І апраўдана мудрасьць усімі яе сынамі".

Пакутуючая грэшніца

36 Адзін фарысэй запрасіў Езуса да сябе на пасілак; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, сеў за стол.

37 І вось адна жанчына, каторая была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён сядзіць пры стале ў доме фарысэя, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,

38 ды, стануўшы ззаду каля ног Яго, пачала сьлязьмі абліваць ногі Ягоныя і абціраць валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Ягоныя і намашчала іх алейкам.

39 Бачачы гэта, фарысэй, што запрасіў Яго, падумаў у душы сваёй: "Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна - грэшніца".

40 І адказаў яму Езус: "Сымон, маю табе нешта сказаць". А ён кажа: "Вучыцелю, кажы".

41 "Нейкі пазычацель меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі - пяцьдзесят.

42 Калі ня мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык каторы з іх больш удзячны?"

43 Сымон у адказ сказаў: "Думаю, што той, катораму болей дараваў". А Езус сказаў яму: "Добра ты рассудзіў".

44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: "Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі, а яна сьлязьмі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.

45 Ты Мне пацалунку ня даў, а яна, як толькі ўвайшла, не перастае цалаваць ногі Мае.

46 Не намасьціў ты галавы Маёй, а яна ногі Мае намасьціла алейкам.

47 Дзеля таго кажу табе: Адпушчаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзьлюбіла. А каму менш адпушчаецца, той менш і любіць".

48 Сказаў затым ёй: "Адпушчаюцца табе грахі".

49 Дык супачываўшыя разам з Ім сталі гаварыць між сабой: "Хто Ён, што нават грахі адпушчае?"

50 Затым сказаў Езус жанчыне: "Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".

 

Разьдзел 8
Сьледам за Езусам

1 І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і абвяшчаючы Эвангельле аб Божым Каралеўстве, і былі з Ім Дванаццаць

2 ды некалькі жанчынаў, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, званая Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,

3 Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Герода, і Зузанна, поруч многа іншых, каторыя дапамагалі ім з маёмасьці сваёй.

Прыповесьць пра сейбіта

4 А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў (да іх) у прыповесьцях:

5 "Выбраўся сейбіт сеяць насеньне сваё. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя зьдзяўблі яго.

6 А другое ўпала на скалу і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці.

7 Яшчэ іншае ўпала між церняў, і церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.

8 Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і, калі вырасла, дала плён стакротны". Гэта разказваючы, клікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Значэньне прыповесьці

9 Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.

10 Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, іншым жа яны праз прыповесьці, каб, гледзячы, ня бачылі ды, слухаючы, не разумелі".

11 А гэта такая прыповесьць: Зерне - гэта Слова Божае.

12 А што пры дарозе - гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб ня ўверылі і не былі збаўлены.

13 А што на скале - гэта тыя, што слухаюць ды з радасьцю прыймаюць слова, але ня маюць карэньняў і вераць да часу, і ў час спакусы адпадаюць.

14 Каторае ж упала паміж церняў - гэта тыя, што слухаюць, але праз клопаты і багацьці ды раскошы жыцьця заглушаюцца і не прыносяць пладоў.

15 А што ў добрай зямлі - гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады ў цярплівасьці.

Задача вучняў

16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не хавае яе пад судзіну або пад ложак, але ставіць на сьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.

17 Няма бо нічога тайнага, што не было б выяўлена, ані схаванага, каб ня сталася ведамым ды каб ня выйшла на яў.

18 Глядзеце ж, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца, што мае, будзе аднята".

Сапраўдныя сваякі Езуса

19 Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.

20 І паведамілі Яму: "Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы Цябе пабачыць".

21 А Ён адказаў ім: "Маці Мая і браты Мае - гэта тыя, што слухаюць Слова Божае ды спаўняюць яго".

Цуды і навука
Бура на моры

22 Здарылася аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера". І паплылі.

23 У час пераправы (Езус) задрамаў. І наляцела вятруга на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небясьпецы.

24 Дык пайшлі і пабудзілі Яго, кажучы: "Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!" Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляваньне вады, і настала ціша.

25 І сказаў ім: "Дзе ваша вера?" Яны ж, напалоханыя, гаварылі зьдзіўлена адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае, і яны Яго слухаюць?"

Аздараўленьне апанаванага ліхім

26 Затым паплылі ў краіну Гергесэнскую, што насупраць Галілеі.

27 І калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; ад даўжэйшага часу не адзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў магілах.

28 Ён, убачыўшы Езуса, ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".

29 Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо той ўжо ад даўжэйшага часу валодаў ім, і хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і быў гнаны дэманам у пустыню.

30 Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31 І прасілі яны, каб не загадваў ім ісьці ў бездань.

32 А там на гары пасьвілася вялікае стада сьвіней. Дык прасіліся Яго, каб дазволіў ім ўвайсьці ў іх. І дазволіў ім.

33 Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней, і стада рынулася са стромага берагу ў мора, і патанула.

34 Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.

35 Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Езуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса, і апанаваў іх страх.

36 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як (чалавек) быў аздароўлены, і як дэманы выйшлі з яго.

37 Дык увесь народ краіны Гергесэнскай прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.

38 А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:

39 "Вярніся ў дом твой і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе". І ён пайшоў, расказваючы па ўсім горадзе, што Езус учыніў яму.

Жанчына, хворая на крывацечу

40 Калі Езус вярнуўся, пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.

41 І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі, і ўпаў да ног Езуса, і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,

42 бо памірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Езус ішоў, народ націскаў на Яго.

43 І адна жанчына, маючая дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечаная,

44 падыйшла ззаду (да Езуса) і дакранулася краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэньне крыві.

45 І спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётар і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: Хто дакрануўся да Мяне?"

46 Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".

47 А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падыйшла, дрыжучы, і ўпала перад Ім, і перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.

48 А Езус сказаў ёй: "Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".

Дачка Яіра

49 Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць з дому начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памерла, не турбуй больш Вучыцеля".

50 Але Езус, пачуўшы гэта слова, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, толькі вер, і будзе яна выратавана".

51 І калі Езус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсьці, адно Пятру, Яну і Якубу разам з бацькам і маткаю дзіцяці.

52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: "Ня плачце, не памерла бо дзяўчынка, але сьпіць".

53 Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памерла.

54 А Ён, узяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"

55 І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і загадаў даць ёй есьці.

56 І зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.

 

Разьдзел 9
Пасланьне Дванаццаці

1 Сазваўшы Дванаццацёх, Езус даў ім уладу і моц над усімі дэманамі і на лячэньне хваробаў,

2 і паслаў іх вясьціць Каралеўства Божае і аздараўляць хворых,

3 і сказаў ім: "Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані падарожнага мяшка, ані хлеба, ані грошы, ані дзьвёх вопраткаў.

4 Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і не выходзьце адтуль.

5 І калі б дзе вас не прынялі, выходзьце з тога гораду, і нават пыл абтрасіце з ног вашых на сьведчаньне супраць іх".

6 Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, эвангелізуючы і аздараўляючы ўсюды.

Неспакой Герода

7 А тэтрарха Герод, пачуўшы аб усіх тых падзеях, ня ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі, што гэта Ян уваскрос з мёртвых,

8 другія ж - што Гальяш паявіўся, а яшчэ іншыя - што хіба адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос.

9 І сказаў Герод: "Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб каторым чую такія рэчы?" І стараўся пабачыць Яго.

Цудоўнае памнажэньне хлеба

10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Ды ўзяўшы іх з сабою, адыйшоў у пустыннае месца каля гораду, званага Бэтсаіда.

11 Калі пра гэта даведаліся грамады, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і навучаў аб Каралеўстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэньня, аздараўляў.

12 А калі ўжо наставаў вечар, падыйшлі Дванаццаць і сказалі Яму: "Адпусьці грамады, каб пайшлі ў вакалічныя пасяленьні і вёскі і знайшлі, дзе пераначаваць і паесьці, бо тут месца пустыннае".

13 Але Езус сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". А яны сказалі: "Ня маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы, хіба пойдзем і купім ежы на ўсю гэту грамаду".

14 Было бо каля пяці тысяч мужчынаў. Дык сказаў Езус сваім вучням: "Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят".

15 І яны зрабілі так, і разьмясьцілі ўсіх.

16 А Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, і пабаславіў іх, і ламаў і даваў вучням сваім, каб яны клалі перад людзьмі.

17 І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося, дванаццаць кашоў кавалкаў.

Вызнаньне Пятра

18 Аднойчы, калі Езус сам адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся ў іх: "За каго лічаць Мяне людзі?"

19 А яны адказалі: "Адны - за Яна Хрысьціцеля, другія - за Гальяша, а іншыя - за аднаго з даўнейшых прарокаў, які ўваскрос".

20 Дык спытаўся ў іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Пётар: "За Хрыста Божага".

21 Ён аднак, папярэдзіўшы іх, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,

Прадсказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

22 і дадаў: "Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос".

Езус кліча ісьці за Ім

23 А ўсім сказаў: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай вырачыцца самога сябе і возьме крыж свой на кожны дзень ды ідзе сьледам за Мною.

24 А хто б хацеў жыцьцё сваё ўратаваць, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, выратуе яго.

25 Бо што за карысьць чалавеку, калі б увесь сьвет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?

26 Бо калі хто пасароміцца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе сваёй і Айца, і сьвятых анёлаў.

27 Сапраўды кажу вам: Некаторыя з тут стаячых не спазнаюць сьмерці, перш чым не пабачаць Каралеўства Божага".

Перамяненьне Езуса

28 Па васьмі днях пасьля гэтых словаў Езус, узяўшы Пятра, і Яна, і Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.

29 А калі маліўся, аблічча Яго зьмянілася, і адзеньне Яго сталася бліскуча белым.

30 І два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Гальяш,

31 якія зьявіліся ў славе і гаварылі аб Ягоным выхадзе, які меў адбыцца ў Ерузаліме.

32 Пётар жа і тыя, што з ім былі, былі змораны сном. А прачнуўшыся, убачылі хвалу Ягоную і двух мужоў, каторыя стаялі пры Ім.

33 І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётар сказаў Езусу: "Вучыцель, добра нам тут быць, зрабема тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну", але сам ня ведаў, што гаварыў.

34 А калі ён гэта гаварыў, явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся, калі пачалі ўваходзіць у воблака.

35 І пачуўся голас з воблаку, кажучы: "Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце".

36 І калі голас сьціх, Езус застаўся адзін. І яны маўчалі ў тыя дні, і нікому не расказвалі таго, што бачылі.

Аздараўленьне эпілептыка

37 Назаўтра, калі зыходзілі з гары, здарылася, што забегла ім дарогу вялікая грамада.

38 І вось адзін чалавек з натоўпу закрычаў: "Вучыцель, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.

39 І вось жа дух хапае яго, і раптам крычыць, ды кідае ім, і цягае яго з пенай, і ледзь пакідае яго, вымучанага.

40 І я прасіў вучняў Тваіх вылечыць яго, але не маглі яны".

41 Тады Езус у адказ сказаў: "О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды".

42 А калі надыходзіў, таргануў ім дэман і кінуў яго на зямлю. Але Езус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.

Другое прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

43 Таму ўсе дзівіліся з магутнасьці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што Ён рабіў, сказаў вучням сваім:

44 "Улажыце ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей".

45 Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.

Хто большы

46 Паявілася ж у іх думка, хто з іх большы.

47 А Езус, ведаючы думкі сэрцаў іхніх, узяў дзіцё, паставіў яго каля сябе

48 і сказаў ім: "Хто прыйме гэта дзіцё ў імя Маё, Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, прыйме Таго, хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсьць вялікі".

У імя Езуса

49 У адказ Ян сказаў: "Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі".

50 І сказаў яму Езус: "Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той з вамі".

Дарога ў Ерузалім
Езус у Самарыі

51 І сталася, калі набліжаліся дні адыходу Ягонага, вырашыў Ён ісьці ў Ерузалім,

52 і паслаў перад сабой весьнікаў. І яны ўвайшлі ў паселішча Самарыйскае прыгатаваць прыстанішча.

53 Але не прынялі Яго, бо ішоў у напрамку Ерузаліма.

54 Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: "Госпадзе, калі дазволіш, скажам, каб зыйшоў агонь з неба і спаліў іх?"

55 Але Езус, зьвярнуўшыся да іх, пасварыўся на іх, кажучы: "Ня ведаеце, якога вы духа.

56 Сын Чалавечы не прыйшоў губіць душы, але ратаваць". І пайшлі ў другое сяло.

Ісьці за Езусам

57 І здарылася, што калі ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: "Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш".

58 І сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць".

59 А іншаму сказаў: "Ідзі за Мной!" А той сказаў: "Госпадзе, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго".

60 Але Езус сказаў яму: "Хай памёршыя хаваюць сваіх памёршых, а ты ідзі і вясьці Каралеўства Божае".

61 А іншы сказаў: "Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш разьвітацца з тымі, хто дома".

62 Але Езус сказаў яму: "Ніхто не прыдатны да Каралеўства Божага, хто бярэ рукою сваею за плуг і аглядаецца назад".

 

Разьдзел 10
Пасланьне сямідзесяці двух

1 Пасьля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх перад абліччам сваім па дваіх у кожны горад і месца, дзе меўся пайсьці.

2 Ды сказаў ім: "Жніво вялікае, работнікаў мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво сваё.

3 Ідзіце; вось Я пасылаю вас, як ягнятаў у ваўкі.

4 Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані сандалаў ды нікога ў дарозе не вітайце.

5 У які дом увойдзеце, перш скажыце: "Супакой гэтаму дому".

6 І калі б прабываў там сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.

7 У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсьць у ім, бо працаўнік варты заплаты сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

8 І ў які горад увойдзеце і прыймуць вас, ешце, што вам пададуць,

9 і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: "Зблізілася да вас Каралеўства Божае".

10 А калі ў які горад увойдзіце і ня прыймуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:

11 "Нават і пыл, што прыліп да нас з вашага горада, абтрасаем на вас. А ўсё ж такі ведайце, што зблізілася Каралеўства Божае".

12 Кажу вам, што лягчэй будзе Садоме ў той дзень, чым гораду таму.

Гора гарадам Галілейскім

13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакутавалі.

14 Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.

15 І ты, Кафарнаўм, ці аж пад неба ўзьнясешся? У пекла будеш укінуты!

16 Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, хто Мяне паслаў".

Радасьць апостала

17 Затым з радасьцю вярнуліся семдзесят двух, кажучы: "Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!"

18 І сказаў ім: "Я бачыў шатана, падаючага з неба як маланка.

19 Вось жа Я даў вам уладу таптаць зьмеяў і скарпіёнаў, ды ўсю варожую сілу, і нішто вам ня будзе шкодзіць.

20 Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах".

Аб'яўленьне Айца і Сына

21 У той час узрадаваўся ў Духу Сьвятым і сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што закрыў гэтыя рэчы перад мудрымі і разумнымі, і аб'явіў малым. Так, Ойча, бо так спадабалася Табе.

22 Усё дадзена Мне Айцом Маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец, і хто ёсьць Айцец, толькі Сын, ды каму Сын хацеў бы аб'явіць".

Прывілей вучняў

23 І, зьвярнуўшыся да вучняў сваіх, сказаў: "Шчасьлівыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце.

24 Кажу бо вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць тое, што вы чулі, і ня чулі".

Як здабыць жыцьцё вечнае

25 І вось адзін законавед устаў і, спакушаючы Езуса, сказаў: "Вучыцель, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

26 А Езус сказаў яму: "Што напісана ў Законе? Як чытаеш?"

27 Той сказаў: "Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёю моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як сябе самога".

28 Езус сказаў яму: "Добра адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць".

29 Той, хочучы апраўдацца, сказаў Езусу: "А хто мой бліжні?"

Міласэрны Самаранін

30 Адказваючы на гэта, Езус сказаў: "Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і папаўся разбойнікам. Яны абрабавалі яго, паранілі ды пакінулі ледзь жывога.

31 Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі сьвятар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.

32 Таксама і левіт, праходзячы каля гэтага месца і бачачы яго, прамінуў яго.

33 А Самаранін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, пашкадаваў яго,

34 ды, падыйшоўшы, абвязаў раны яму, паліўшы алеем і віном, і пасадзіў на сваю жывёліну, і завёз у заезд, і даглядаў яго.

35 А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду, кажучы: "Апякуйся ім, а калі больш выдасі, я, вярнуўшыся, вярну табе".

36 Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто папаўся разбойнікам?"

37 Ён сказаў: "Той, хто аказаў яму міласэрдзе". І сказаў яму Езус: "Ідзі і ты рабі падобна".

Марыя і Марта

38 Аднойчы па дарозе Езус зайшоў у адну вёску, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго ў свой дом.

39 І мела яна сястру, імем Марыя, якая села ля ног Госпада і слухала Яго слова.

40 Марта ж завіхалася ва ўсякай паслузе, затым станула і сказала: "Госпадзе, ці ня бачыш, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы, каб яна мне дапамагла".

41 У адказ сказаў ёй Госпад: "Марта, Марта, пра многа што турбуешся і клапоцішся,

42 а адно толькі патрэбна. Марыя выбрала найлепшую долю, якая ня будзе аднята ў яе".

 

Разьдзел 11
Малітва

1 І сталася, калі на адным месцы Езус маліўся, як скончыў, папрасіў Яго адзін з вучняў Ягоных: "Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў".

2 Сказаў ім Езус: "Калі моліцеся, кажыце: Ойча, сьвятым будзь імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё.

3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.

4 І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпушчаем кожнаму нам вінаватаму, і ня ўводзь нас у спакусу".

Надакучлівы прыяцель

5 Затым сказаў ім: "Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго ў поўнач, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч мне тры хлеба,

6 бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і ня маю чым яго прыняць".

7 А той з хаты адкажа: "Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеткі мае са мной у ложку, не магу ўстаць, каб даць табе".

8 Кажу вам: Калі не падымецца і ня дасьць яму хлеба дзеля таго, што ёсьць яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасьці ўстане і дасьць, колькі яму трэба.

Настойлівасьць у малітве

9 Дык і Я вам кажу: прасіце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце і будзе вам адчынена.

10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена.

11 А хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, ці дасьць яму камень? Або калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасьць яму зьмяю?

12 Або калі папросіць яйка, ці ж дасьць яму скарпіёна?

13 Таму, калі вы, будучы благімі, умеееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык многа больш Айцец ваш нябесны дасьць просячым Яго Духа Сьвятога".

Закіды фарысэяў

14 І раз выгнаў Ён дэмана, які быў нямы. І калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць, дык грамады дзівіліся.

15 А некаторыя з людзей казалі: "Моцай Бэльзэбуля, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў".

16 А іншыя, спакушаючы Яго, патрабавалі ад Яго знаку з неба.

17 Але Ён, ведаючы іх думкі, казаў ім: "Кожнае каралеўства, разьдзіранае нязгодай, будзе зьнішчана, і дом на дом упадзе.

18 А калі і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як утрымаецца каралеўства яго? Бо вы кажаце, што Я моцай Бэльзэбуля выганяю дэманаў.

19 А калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык сыны вашыя праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.

20 Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.

21 Калі ўзброены асілак сьцеражэ дом свой, дык у бясьпецы тое, што ён мае.

22 А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і дабытак яго раздасьць.

23 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не зьбірае са Мною, той раскідае.

Вяртаньне да грэху

24 Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных мясьцінах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: "Вярнуся ў дом свой, з якога выйшаў".

25 І, вярнуўшыся, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.

26 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, абжываюцца там. І робяцца пазнейшыя справы тога чалавека горшымі за папярэднія".

Сапраўды шчасьлівыя

27 І сталася, калі гэта навучаў, адна жанчына з натоўпу моцным голасам сказала Яму: "Шчасьлівае ўлоньне, каторае насіла Цябе, ды грудзі, якія Ты ссаў".

28 А Езус сказаў: "Тым болей шчасьлівыя тыя, што слухаюць Слова Божае ды захоўваюць яго".

Знак Ёны прарока

29 А калі сабраліся грамады, пачаў казаць: "Род гэты ёсьць родам нягодным; шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.

30 Бо як Ёна быў знакам для Нінівійцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.

31 Каралева з поўдня ў дзень суду ўваскрэсьне разам з людзьмі гэтага пакаленьня ды асудзіць іх. Яна бо прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона, а вось тут большы, чым Салямон.

32 Нінівійцы стануць на судзе з гэтым вось пакаленьнем і асудзяць яго, бо яны на прызыў Ёны навярнуліся, а вось тут большы, чым Ёна.

Запаленая сьвечка

33 Ніхто не запальвае сьвечкі і ня ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб бачылі сьвятло яе ўсе ўваходзячыя.

34 Сьвечка цела твайго - вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае. А калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.

35 Дык глядзі, каб сьвятло, якое ў табе, ня сталася цемрай.

36 Калі тады ўсё цела тваё сьветлым будзе, ня маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе сьвяціцца, быццам бляск маланкі асьвяціў цябе".

Асуджэньне фарысэяў

37 У час размовы адзін фарысэй запрасіў Езуса на абед да сябе; і, увайшоўшы, Ён заняў сваё месца.

38 Але фарысэй дзівіўся, бачучы, што Езус не памыў рук прад ядой.

39 І сказаў Госпад яму: "Цяпер вы, фарысэі, абмываеце звонку чашу і місу, але нутро вашае поўнае сквапнасьці і беззаконьня.

40 Неразумныя! Ці ж Той, хто стварыў зьнешняе, не стварыў таксама нутра?

41 Лепш давайце людзям міласьціну з таго, што ў нутры, і ўсё будзе вам чыстым.

42 Але гора вам, фарысэі, што даецё дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не зважаеце на справядлівасьць і любоў Бога. Трэба і гэта споўніць, і таго не забываць.

43 Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагозе і прывітаньні на рынку.

44 Гора вам, бо вы як магілы забытыя, па каторых людзі ходзяць, ня ведаючы аб гэтым.

Асуджэньне законаведаў

45 Адзін з законаведаў у адказ сказаў Езусу: "Вучыцель, так гаворачы, Ты і нас зьневажаеш".

46 Ён жа працягваў: "Гора вам, законаведы, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі гэтых цяжараў і адным пальцам не кранаеце.

47 Гора вам, што будуеце магілы прарокам, каторых вашыя бацькі пазабівалі.

48 Сапраўды, вы паказваеце, што згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы ім ставіце (магілы).

49 Дзеля таго і мудрасьць Божая кажа: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб'юць, а другіх перасьледаваць будуць,

50 каб спагнана была з гэтага роду кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,

51 пачынаючы ад крыві Абля аж да крыві Захарыі, забітага між аўтаром і сьвятыняй. Гэтак кажу вам: Будзе спагнана з роду гэтага.

52 Гора вам, законаведы, што вы ўзялі ключ разуменьня, і самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі".

53 А калі выйшаў адтуль, фарысэі і кніжнікі пачалі чапляцца да Яго і закідваць пытаньнямі,

54 цікуючы на Яго і стараючыся падлавіць на слове, каб абвінаваціць Яго.

 

Разьдзел 12
Кісьля фарысэйская

1 Калі сабраліся велізарныя грамады кругом Яго, так што адны другіх націскалі, пачаў Езус гаварыць перш да вучняў сваіх: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, каторая ёсьць крывадушнасьць.

2 Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б ня ведалі.

3 Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў сьвятле, ды што ў вуха шапталі ў бакоўцы, будзе абвешчана на дахах.

Каго баяцца

4 Кажу ж вам, сябрам Маім: Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасьля гэтага нічога болей ня могуць зрабіць.

5 А падказваю вам, каго маеце баяцца: Бойцеся таго, хто па забіцьці мае ўладу ўкінуць у пекла. Сапраўды кажу вам: Такога бойцеся.

6 Ці ж не прадаюць пяць вераб'ёў за два медзякі? Але ні адзін з іх не забыты Богам.

7 А ў вас і валасы на галаве вашай усе палічаны. Ня бойцеся; вы ж болей вартыя, чым шмат вераб'ёў.

8 Кажу ж вам: Хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі.

9 А хто вырачацца Мяне перад людзьмі, таго выракуцца перад анёламі Божымі.

10 І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але хто б блюзьніў на Духа Сьвятога, ня будзе таму адпушчана.

11 А калі вас павядуць у сынагогі, да начальстваў і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць, ці што гаварыць,

12 бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць".

Перасьцярога перад хцівасьцяй

13 Нехта з грамады сказаў Езусу: "Вучыцель, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай".

14 Але Ён сказаў: "Чалавеча, хто ж устанавіў Мяне суддзёй і дзяліцелем над вамі?"

15 Ды сказаў ім: "Глядзіце, высьцерагайцеся ўсякай хцівасьці, бо калі хто і мае дастатак, яго жыцьцё не залежыць ад таго, што мае".

16 Затым расказаў ім прыповесьць: "Поле аднаго багатага чалавека дало шчодры ўраджай.

17 Дык ён разважаў у сваёй душы: "Што мне зрабіць, бо ня маю дзе падзець свайго плёну?"

18 Дык сказаў: "Вось што зраблю: развалю свае гумны, і пастаўлю большыя, і там памяшчу ўсю пшаніцу і даброцьце маё,

19 і скажу душы маёй: "Душа, маеш многа даброцьцяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, банкетуй".

20 Але Бог сказаў яму: "Дурны, у гэту ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?"

21 Так бывае з тым, хто для сябе зьбірае скарбы, а ня ёсьць багаты перад Богам".

Не турбуйцеся

22 І сказаў вучням сваім: "Дзеля таго кажу вам: Не турбуйцесяся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела, у што яго будзеце адзяваць.

23 Бо жыцьцё важнейшае за яду, і цела - за адзеньне.

24 Паглядзіце на груганоў: яны ня сеюць, ані жнуць, і ня маюць сьвірнаў, і Бог іх корміць.На колькі ж вы больш вартыя за птушак.

25 Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго веку?

26 Калі вось найменшай рэчы ня можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?

27 Прыгледзьцеся лілеям, як растуць: не працуюць, ані прадуць. Але кажу Я вам, што нават Салямон ва ўсёй сваёй славе ня быў так адзеты, як адна з іх.

28 Дык калі траву, што сёньня на полі, а заўтра ў печ кіданая, Бог так адзяе, дык куды больш вас, малаверы.

29 Таму вы не пытайцеся, што будзеце есьці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.

30 Гэта ўсё людзі гэтага сьвету шукаюць. Ваш жа Айцец ведае, што гэтага патрабуеце.

31 Дык перш шукайце Каралеўства Яго, і гэта ўсё будзе вам дадзена.

Сапраўдны скарб

32 Ня бойся, малое стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Каралеўства.

33 Дык прадайце, што маеце, і дайце міласьціну. Спраўце сабе капшукі, каторыя не нішчэюць, скарб бязьмежны ў небе, куды злодзей не ўбіваецца, і дзе моль не зьядае.

34 Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Патрэба чуваньня

35 Хай паясьніцы вашыя будуць падперазаныя і сьветачы запаленыя ў руках вашых,

36 а вы самі падобныя да людзей, чакаючых вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, калі надыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.

37 Шчасьлівыя тыя слугі, каторых, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе чуваючымі. Сапраўды кажу вам, ён падперажацца і скажа ім сесьці за стол ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.

38 І ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю прыйдзе і так знойдзе, шчасьлівыя тыя слугі.

39 А гэта ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у каторы час злодзей прыйдзе, напэўна не дазволіў бы яму ўламацца ў дом свой.

40 Так і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у каторай вы не спадзяецёся.

Верны і няверны слуга

41 Затым спытаўся ў Яго Пётар: "Госпадзе, ці гэта нам гаворыш гэту прыповесьць, ці, можа, усім?"

42 І сказаў Госпад: "Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны загадчык, якога гаспадар паставіў над домам сваім, каб у свой час зааглядаў кожнага мераю хлеба?

43 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, надыйшоўшы, знойдзе так робячым.

44 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёю маёмасьцю.

45 А калі той слуга падумае ў сэрцы сваім: "Гаспадар мой марудзіць з паваротам", ды пачне біць слугі і служанкі, есьці, піць ды напівацца,

46 прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў хвіліну, якой ня ведае, і адлучыць яго, ды дасьць яму ўдзел з нявернымі.

47 Той жа слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.

48 А той, які ня ведаў, і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей будзе вымагацца, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.

Агонь і разьдзяленьне

49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!

50 Я маю быць хростам хрышчаны і так мучуся, пакуль гэта ня споўніцца.

51 Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесьці на зямлю? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

52 Адсюль вось будзе пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двух супраць тром паўстануць.

53 Бацька будзе супраць сына, а сын - супраць бацькі, матка супраць дачкі, а дачка супраць маткі, сьвякруха супраць сынавай сваёй, а сынавая супраць сьвякрухі сваёй.

Знакі часу

54 Далей прамаўляў і да грамадаў: "Калі бачыце хмарку, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: "Будзе навальніца", і так станецца.

55 А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: "Будзе сьпякота", і так станецца.

56 Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаваць, як жа часу гэтага не пазнаецё?

57 Дык чаму самі сябе ня судзіце па справядлівасьці?

58 Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся асвабадзіцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.

59 Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга грошыка".

 

Разьдзел 13
Заклік да навярненьня

1 У гэты самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілейцаў, кроў каторых Пілат зьмяшаў з іхнімі ахвярамі.

2 У адказ сказаў ім Езус: "Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя Галілейцы, што так пацярпелі?

3 Ніякім чынам, кажу вам, але калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

4 Або тыя васемнаццаць, на якіх завалілася вежа у Сілёэ і забіла іх. Ці вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, пражываючыя ў Ерузаліме?

5 Ніякім чынам, кажу вам, але калі не навернецеся, усе вы падобна папрападаеце".

Прыповесьць аб няродлівым дрэве фіговым

6 Затым расказаў ім гэтую прыповесьць: "Нейкі чалавек меў дрэва фіговае, пасаджанае ў сваім вінаградніку. Раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

7 Дык сказаў вінаградару: "Вось ўжо тры гады прыходжу, і шукаю плоду на гэтым дрэве фіговым, і не знаходжу. Выкарчуй яго, бо нашто зямлю займае?"

8 Кажа яму вінаградар: "Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

9 можа стане даваць плод, а калі не, пазней яго выкарчуеш".

Аздараўленьне жанчыны ў суботу

10 Аднойчы ў суботу навучаў Езус у адной сынагозе.

11 І вось адна жанчына, якая ад васемнаццаці гадоў мела духа немачы, і хадзіла сагнутая, і не магла ніяк глянуць уверх.

12 Калі ўбачыў яе Езус, паклікаў да сябе ды сказаў ёй: "Жанчына, асвабоджана - ты ад сваёй нядужасьці".

13 І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпраставалася і славіла Бога.

14 Тады начальнік сынагогі, абураны, што Езус аздараўляў у суботу, казаў да народу: "Ёсьць шэсьць дзён, у каторыя належыцца працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы".

15 А Госпад у адказ сказаў яму: "Крывадушнікі, ці ж кожны з вас не адвязвае вала свайго або асла ад жолабу ды не вядзе напаіць у дзень суботы?

16 А ці ж гэтае дачкі Абрагама, зьвязанай дэманам ад васемнаццаці гадоў, не належалася асвабадзіць ад путаў у суботу?"

17 Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных чынаў Яго.

Прыповесьць аб зярняці гарчыцы і рашчыне

18 Дык далей казаў: "Да чаго падобнае Каралеўства Божае, ды з чым мог бы яго параўнаць?

19 Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе. І вырасла яно, і сталася дрэвам вялізным, і птушкі нябесныя адпачывалі на яго галінах".

20 І зноў гаварыў: "Да чаго параўняю Каралеўства Божае?

21 Яно падобнае да рашчыны, якую ўзяла жанчына і ўмяшала ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсё".

Цесная брама

22 І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, скіраваўшыся ў Ерузалім.

23 Хтосьці сказаў Яму: "Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?" А Ён сказаў ім:

24 "Старайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо кажу вам, многія будуць хацець увайсьці і ня змогуць.

25 Бо калі ўстане гаспадар дому і замкне дзьверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзьверы, кажучы: "Госпадзе, адчыні нам". І Ён у адказ скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы".

26 Тады пачніцё гаварыць: "Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах".

27 Але Ён скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы. Адыйдзіцеся ад Мяне ўсе, каторыя дапускаецеся беззаконьня".

28 Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.

29 Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і засядуць у Каралеўстве Божым.

30 І вось ёсьць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі".

Варожыя намеры Герода

31 У той самы дзень падыйшлі да Яго некалькі фарысэяў і сказалі Яму: "Выходзь і ідзі адсюль, бо Герод хоча Цябе забіць".

32 Ён сказаў ім: "Ідзіце і скажыце гэнаму лісу: "Вось Я выганяю дэманаў і лячу хваробы сёньня і заўтра, а на трэці дзень спынюся.

33 Аднак трэба, каб Я сёньня, і заўтра, і пазаўтра быў у дарозе, бо нельга прароку гінуць па-за Ерузалімам.

Жальба над Ерузалімам

34 Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасыланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад свае крыльлі, але ты не хацеў.

35 Дык застанецца вам дом ваш пусты. Бо кажу вам: Ня ўбачыце Мяне, аж пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада".

 

Разьдзел 14
Новае аздараўленьне ў суботу

1 І сталася, калі Езус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх, запрошаны на пасілак, яны вось за Ім сачылі.

2 І вось нейкі апухлы чалавек прыйшоў да Яго.

3 І адказваючы, спытаўся Езус законаведаў і фарысэяў, кажучы: "Ці належыцца аздараўляць у суботу?"

4 Але яны маўчалі. Тады Езус, дакрануўшыся да хворага, аздаравіў яго і адправіў.

5 І сказаў ім: "Калі каторага з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці ня зараз выцягваюць яго ў дзень суботы".

6 І не маглі яны на гэта ніяк адказаць.

Заахвота да пакоры

7 Аднойчы, прыглядаючыся, як госьці выбіралі першыя месцы, сказаў Езус запрошаным гэтую прыповесьць:

8 "Калі будзеш запрошаны на вясельле, не сядай на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны важнейшы за цябе,

9 бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: "Саступі яму месца". І тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.

10 Дык калі цябе запросяць, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: "Прыяцелю, сядзь вышэй". Тады будзеш мець пашану ў банкетуючых.

11 Бо кожны, хто сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны".

Каго запрашаць на абед

12 Затым гаварыў і да таго, хто Яго запрасіў: "Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі, бо ўжо атрымаў бы ўзнагароду.

13 Але калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых ды сьляпых,

14 і шчасьлівы будзеш, бо запрошаныя ня маюць, чым адплаціцца табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэньні справядлівых".

Прыповесьць пра запрошаных на вясельле

15 Пачуўшы гэта, адзін з гасьцей сказаў Яму: "Багаслаўлены той, хто будзе спажываць хлеб у Каралеўстве Божым!"

16 А (Езус) сказаў яму: "Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасьцей.

17 Ды паслаў свайго слугу ў пару вячэры, каб прыпомніў запрошаным: "Прыходзьце, бо ўжо ўсё прагатавана".

18 І пачалі ўсе ў адзін час адгаворвацца. Першы сказаў яму: "Купіў я палетак і мушу пайсьці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне".

19 А другі сказаў: "Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць. Прашу цябе, прабач мне".

20 Яшчэ іншы сказаў: "Я ажаніўся, і дзеля таго не магу прыйсьці".

21 І, вярнуўшыся, слуга расказаў гэта гаспадару свайму. Тады разгневаны гаспадар сказаў свайму слузе: "Ідзі скора на вуліцы і завулкі горада, і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, храмых і сьляпых".

22 І сказаў слуга: "Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсьць месца".

23 Дык зноў сказаў гаспадар слузе: "Выйдзі на дарогі і заплоцьці і змушай прыходзіць, каб дом мой быў поўным.

24 Кажу вам, што ніводзін з тых людзей запрошаных не пакаштуе маёй вячэры".

Цана вучнёўства

25 І хадзілі за Езусам вялікія грамады, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:

26 "Калі хто прыходзіць да Мяне, і ня мае ў нянавісьці бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і жыцьця свайго, ня можа быць вучнем Маім.

27 І хто не нясе крыжа свайго ды не ідзе за Мной, ня можа быць вучнем Маім.

28 Бо хто з вас, маючы збудаваць вежу, ня сядзе перш і не аблічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?

29 Каб, калі заложыць падмурак і ня зможа закончыць, усе, якія гэтае бачаць, ня сталі сьмяяцца з яго

30 ды каб не гаварылі: "Гэты чалавек пачаў будаваць і ня змог скончыць".

31 Або які кароль, маючы ваяваць супраць другога караля, ня сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяцьцю тысячамі пайсьці супраць тога, які ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?

32 Інакш, калі той яшчэ далёка, высылае пасланьнікаў і просіць аб мір.

33 Так вось кожны з вас, хто ня вырачацца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

34 Соль добрая, але калі зьвятрэе, чым яе пасаліць?

35 Не надасца яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае".

 

Разьдзел 15
Божае прабачэньне
Згубленая авечка

1 Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.

2 І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: "Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі".

3 Сказаў ім тады Езус гэткую прыповесьць:

4 "Ці ёсьць між вамі нехта, хто мае сто авец, і калі б згубіў адну з іх, ці не пакіне дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за тою, што згублена, пакуль яе ня знойдзе?

5 І калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.

6 І, вярнуўшыся дамоў, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Цешцеся разам са мной, бо я адшукаў авечку маю, якая была згубіўшыся".

7 Кажу вам, што большая будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці справядлівых, не патрабуючых навярненьня.

Згубленая драхма

8 Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці ня паліць сьвечкі і ці не мяце падлогі ды не шукае рупліва, аж пакуль ня знойдзе?

9 А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы".

10 Так кажу вам: Будзе радасьць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, каторы навяртаецца.

Прыповесьць пра марнатраўнага сына

11 І казаў далей: "Адзін чалавек меў двух сыноў.

12 І маладзейшы з іх сказаў бацьку: "Айцец, дай мне частку маёмасьці, што мне належыцца". І (бацька) разьдзяліў паміж іх маёмасьць.

13 Небавам маладзейшы сын, забраўшы ўсё сваё, выбраўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасьць, жывучы распусна.

14 І калі змарнаваў усё, настаў вялікі голад у той старане, ды і сам ён пачаў галадаць.

15 Дык пайшоў і прыстаў да аднаго жыхара тае краіны, і той паслаў яго ў сваё паселішча пасьвіць сьвіні.

16 І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі сьвіні, але ніхто яму не даваў.

17 Разважыўшы гэта, сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.

18 Устану і вярнуся да бацькі майго ды скажу яму: "Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,

19 і ўжо ня варты называцца тваім сынам; вазьмі мяне адным з парабкаў сваіх".

20 І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька ягоны ўбачыў яго, і зьлітаваўся, і, пераняўшы яго, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.

21 Сын жа сказаў яму: "Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо ня варты называцца сынам тваім".

22 А бацька загадаў слугам сваім: "Хутка прынясіце найлепшую адзежу і адзеньце яго, і дайце яму такжа персьцень на палец яго і сандалы яму на ногі,

23 і выбярыце кормнае цялё і забіце. Будзем есьці і весяліцца,

24 бо сын мой гэты быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся". І пачалі весяліцца.

25 А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыйшоў пад дом, пачуў музыку і скокі.

26 І паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.

27 А той кажа яму: "Брат твой вярнуўся, дык бацька твой забіў кормнае цялё, бо вярнуўся ён здаровы".

28 Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрашаць.

29 А ён у адказ сказаў бацьку свайму: "Я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі ня даў казьляці, каб я пабаляваў з сябрамі сваімі.

30 А як паявіўся гэты сын твой, што пралайдачыў з распусьніцамі сваю маёмасьць, дык забіў ты яму тлустае цялё".

31 Бацька сказаў яму: "Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё - тваё.

32 Трэба ж аднак радавацца і банкетаваць, бо брат твой быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся".

 

Разьдзел 16
Карыстаньне багацьцем
Прыповесьць пра здагадлівага аканома

1 І далей навучаў вучняў сваіх: "Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зьняславілі таго перад гаспадаром, што ён марнуе яго даброцьці.

2 Дык пазваўшы яго, сказаў яму (гаспадар): "Што я чую пра цябе? Разлічыся з гаспадараваньня твайго, бо ўжо больш ня будзеш гаспадараваць".

3 Падумаў сабе аканом: "Што мне рабіць, калі гаспадар мой адбярэ ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, а жабраваць стыдаюся.

4 Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду ўсунуты ад гаспадараваньня, прынялі мяне ў дамы свае".

5 Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, сказаў перашаму: "Колькі вінаваты ты гаспадару майму?"

6 Той адказаў: "Сто бочак алею". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой, сядзь і хуценька напішы пяцьдзесят".

7 Затым пытае другога: "А ты колькі вінаваты?" Той адказаў: "Сто мер пшаніцы". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой ды напішы восемдзесят".

8 Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што здагадліва зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў родзе сваім, чым сыны сьвятла.

Пра добрае карыстаньне багацьцем

9 І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў мамонай нягоднай, каб, калі яе ня стане, прынялі вас у вечныя сялібы.

10 Хто верны ў малым, і ў вялікім будзе верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны будзе.

11 Дык калі вы не былі вернымі ў нягоднай мамоне, хто вам даверыць сапраўднае (дабро)?

12 І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасьць вашае?

13 Ніводзін слуга ня можа двум панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзіць, а другога будзе любіць, або да аднаго прытуліцца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне".

Фарысэйская сьвятасьць

14 А гэтага ўсяго слухалі фарысэі, якія былі хцівымі, і насьмяхаліся з Яго.

15 Дык (Езус) сказаў ім: "Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што ў людзей высокароднае, тое ў Бога агіднае.

Пачатак Каралеўства Божага

16 Закон і Прарокі былі да Яна. Адгэтуль жа весьціцца Каралеўства Божае, і кожны сілаю ўваходзіць у яго.

17 Лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска ў Законе счэзьне.

Неразарвальнасьць сужэнства

18 Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам узяў, чужаложыць.

Прыповесьць пра багацея і Лазара

19 Жыў адзін багаты чалавек. Ён адзяваўся ў пурпур і вісон ды штодзённа раскошна баляваў.

20 І жыў нейкі жабрак імем Лазар. Ён ляжаў увесь у скулах каля яго брамы

21 і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, спадаючымі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі скулы ягоныя.

22 І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занесьлі яго на ўлоньне Абрагама. Памёр таксама багацей і быў пахаваны.

23 І ў пекле, церпячы мукі, падняў свае вочы і ўбачыў здалёк Абрагама і на ўлоньні яго Лазара.

24 І закрычаў: "Ойча Абрагаме, зжалься нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі".

25 Сказаў яму Абрагам: "Сыне, прыпомні, што ты за жыцьця свайго карыстаўся даброцьцямі тваімі, а Лазар благацьцём. Ён цяпер тут цешыцца, а ты мучышся.

26 Прытым паміж намі і вамі зьзяе прорва, каб тыя, што хочуць ад нас да вас перайсьці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца".

27 Дык кажа: "Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, -

28 бо маю пяць братоў - каб перасьцярог іх, каб і яны не папалі ў гэтае месца мучэньняў".

29 Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і Прарокаў; хай слухаюць іх".

30 Але ён кажа: "Не, ойча Абрагаме, але каб хто з памёршых пайшоў да іх, навернуцца".

31 Але (Абрагам) сказаў яму: "Калі ня слухаюць Майсея і Прарокаў, дык каб і хто з памёршых паўстаў, не павераць".

 

Разьдзел 17
Чатыры папярэджаньні

1 І сказаў Езус вучням сваім: "Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэньні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.

2 Лепш было б яму, каб павесіць яму камень млынавы на шыю ды ўкінуць яго ў мора, чым меў бы ён згоршыць аднаго з малых гэтых.

3 Глядзіце! Калі брат твой саграшыў супраць цябе, упомні яго, і калі навернецца, даруй яму.

4 І калі б сем разоў на дзень саграшыў адносна цябе і сем разоў зьвярнуўся да цябе, кажучы: "Каюся за гэта", даруй яму".

5 І сказалі апосталы Госпаду: "Павяліч нам веру".

6 А Госпад сказаў: "Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчыцы, дык сказалі б гэтаму дрэву: "Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора", і яно паслухала б вас.

7 А хто з вас, маючы слугу аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: "Хадзі, сядзь за стол"?

8 І ці ня скажа: "Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есьці і піць, а потым ты будзеш есьці і піць"?

9 Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадаў? Ня думаю.

10 Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: "Слугі мы не зарадныя; што павінны былі зрабіць, зрабілі".

Езус падыходзіць да Ерузаліма
Аздараўленьне дзесяці пракажаных

11 І сталася, ідучы ў Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.

12 І калі ўваходзіў у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажаных, якія сталі здалёк

13 і крычалі ў голас: "Езусе, Вучыцелю, пашкадуй нас!"

14 Езус, убачыўшы іх, сказаў: "Ідзіце, пакажыцеся вашым сьвятарам". І сталася, што калі яны ішлі, ачысьціліся.

15 Адзін жа з іх, як аглядзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,

16 і ўпаў на твар ля ног Езуса, дзякуючы Яму. А быў ён Самаранін.

17 А Езус сказаў: "Ці ня дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць?

18 Не знайшоўшыся з іх ніхто, хто б вярнуўся і славіў Бога, акрамя гэтага чужынца?"

19 І сказаў яму: "Устань, ідзі, бо вера твая выратавала цябе".

Прыход Каралеўства Божага

20 Запытаны фарысэямі, калі надыйдзе Каралеўства Божае, у адказ сказаў ім: "Каралеўства Божае ня прыйдзе відавочна.

21 І ня скажуць: " Вось тут" або: "Там". Бо Каралеўства Божае ўнутры вас ёсьць".

Дзень Сына Чалавечага

22 І сказаў вучням сваім: "Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і ня ўбачыце.

23 І скажуць вам: "Вось тут" або: "Вось там", але не ідзіце і не шукайце.

24 Бо як маланка зазьзяе пад небам і асьвеціць тое, што пад небам, так і Сын Чалавечы у дзень свой.

25 Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты праз гэта пакаленьне.

26 І як дзеялася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага:

27 елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх.

28 Падобна, як рабілася ў дні Лёта: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будавалі;

29 аж у дзень, калі Лёт выйшаў з Садомы, спаў з неба, як дождж, агонь ды серка і выгубіў усіх.

30 Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб'явіцца.

31 У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не зыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца.

32 Памятайце на жану Лёта.

33 Калі б хто стараўся душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе.

34 Кажу вам: У тую ноч будзе двух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;

35 дзьве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая застанецца;

36 двух будзе на полі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца".

37 Яны запыталіся ў Яго: "Дзе, Госпадзе?" А Ён адказаў ім: "Дзе будзе цела, там зьбяруцца і арлы".

 

Разьдзел 18
Пра несправядлівага суддзю

1 Таксама расказаў ім прыповесьць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не пераставаць,

2 кажучы: у адным горадзе быў адзін суддзя, каторы Бога не баяўся і людзей не сароміўся.

3 Жыла таксама ў гэтым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго з просьбай, кажучы: "Абарані мяне ад майго супраціўніка".

4 А ён не хацеў даўжэйшы час. Потым аднак сказаў сабе: "Хоць я Бога не баюся і з людзьмі не лічуся,

5 аднак дзеля дакучлівасьці гэтае ўдавы абараню яе, каб больш не прыходзіла надакучаць мне".

6 Дык сказаў Госпад: "Паслухайце, што гаворыць несправядлівы суддзя;

7 а ці ж Бог ня возьмецца бараніць выбраньнікаў сваіх, якія днём і ноччу прызываюць Яго, ды ці будзе марудзіць у іх справе?

8 Кажу вам, што скора возьме іх у абарону. Але калі прыйдзе Сын Чалавечы, ці знойдзе веру на зямлі?"

Прыповесьць пра фарысэя і мытніка

9 Некаторым, што надта былі пэўныя, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў гэткую прыповесьць:

10 "Двух людзей увайшло ў сьвятыню памаліцца: адзін - фарысэй, а другі - мытнік.

11 Фарысэй, стоячы, так маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.

12 Пашчу два разы ў тыдні, даю дзесяціну з усяго, што маю".

13 А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі і прасіў: "Божа, будзь міласэрны мне, грэшнаму".

14 Кажу вам: Гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а ня той, бо кожны, хто сам сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае будзе ўзвышаны".

Езус і дзеці

15 Прыносілі да Яго таксама дзяцей, каб дакрануўся да іх. Бачачы гэта, вучні сварыліся на іх.

16 Але Езус, паклікаўшы іх да сябе, сказаў: "Дазваляйце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.

17 Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".

Багаты юнак

18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

19 А Езус яму адказаў: "Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто ня добры, адно Бог.

20 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю".

21 А ён сказаў: "Я гэта ўсё спаўняю ад маленства".

22 Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь і ідзі за Мной".

23 Той жа, пачуўшы гэта, пасмутнеў, бо быў вельмі багаты.

Небясьпека багацьця

24 Езус, бачачы яго сумным, сказаў: "Як цяжка, маючы багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае!

25 Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".

26 Дык спыталіся тыя, што слухалі: "Хто ж можа быць тады збаўлены?"

27 Сказаў Ён ім: "Што немагчыма для людзей, тое магчыма для Бога".

Нагарода за дабраахвотнае ўбоства

28 Сказаў Пётар: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".

29 Сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або бацькоў, або братоў, або дзяцей дзеля Каралеўства Божага,

30 каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў век будучы - жыцьцё вечнае.

Трэцяе прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

31 Узяўшы ж з сабой Дванаццаць, казаў ім: "Вось ідзем у Ерузалім, і зьдзейсьніцца ўсё, што напісана Прарокамі пра Сына Чалавечага:

32 будзе выдадзены паганам і высьмеяны, зьняважаны ды апляваны,

33 і па ўбічаваньні заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне".

34 Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і словы гэтыя былі закрытыя для іх, і не разумелі, што гаварылася.

Аздараўленьне сьляпога з Ерыхону

35 Здарылася, калі падыходзіў да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.

36 Пачуўшы гармідар праходзячага натоўпу, спытаўся, што гэта такое

37 Сказалі яму: "Езус з Назарэту ідзе".

38 Дык пачаў крычаць: "Езусе, Сыне Давідаў, зжалься нада мной!"

39 А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"

40 Езус затрымаўся і загадаў яго прывесьці да сябе. І калі ён падыйшоў, спытаўся ў яго:

41 "Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" А ён сказаў: "Госпадзе, хачу бачыць".

42 Сказаў яму Езус: "Праглянь! Вера твая аздаравіла цябе".

43 І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэта, аддаў хвалу Богу.

 

Разьдзел 19
Мытнік Закхей

1 І прыбыўшы ў Ерыхон, Езус праходзіў праз горад.

2 Там жыў чалавек імем Закхей, начальні мытнікаў і чалавек багаты.

3 Ён шукаў пабачыць Езуса, хто Ён такі, але ня мог дзеля натоўпу, бо быў малога росту.

4 Дык забег наперад, узьлез на дрэва сыкаморы, каб убачыць Яго, бо тамака меў Ён праходзіць.

5 І калі Езус прыбыў на тое месца, глянуўшы ўверх, убачыў яго ды сказаў яму: "Закхей, злазь хутчэй, бо сягоньня мушу пабыць у тваім доме".

6 Дык Закхей зьлез пасьпешна і прыняў Езуса з радасьцю.

7 І ўсе, бачачы гэта, наракалі, кажучы: "Да грэшніка пайшоў у госьці".

8 Закхей жа, стоячы, сказаў Госпаду: "Госпадзе, вось жа палову маёмасьці сваёй раздам убогім, а калі каго скрыўдзіў, аднагараджуся ў чатыры разы".

9 Сказаў яму Езус: "Сягоньня прыйшло ў гэты дом збаўленьне, бо і ён ёсьць сынам Абрагама.

10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшы".

Прыповесьць пра дзесяць мінаў серабра

11 Калі яны гэта слухалі, (Езус) у дабаўку расказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерузаліму, і яны думалі, што ўжо небавам аб'явіцца Каралеўства Божае.

12 Дык расказваў: "Адзін высакародны чалавек выбраўся ў далёкую краіну атрымаць каралеўства і вярнуцца.

13 Дык пазваў дзесяць сваіх слугаў і даў ім дзесяць мін (грошаў) ды сказаў ім: "Гандлюйце, пакуль не вярнуся".

14 А грамадзяне ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланьнікаў, і сказалі: "Ня хочам, каб ён караляваў над намі".

15 Атрымаўшы каралеўства, ён вярнуўся і загадаў паклікаць слугаў сваіх, каторым даручыў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны зарабіў.

16 Дык прыбыў першы і сказаў: "Гаспадару, міна твая прынесла дзесяць мін".

17 Сказаў яму: "Добра, слуга добры; за тое, што ў малым быў ты верны, дам табе ўладу на дзесяцьцю гарадамі".

18 Затым прыбыў другі і сказаў: "Гаспадару, міна твая пяць мін прынесла".

19 Сказаў яму: "І ты будзеш валодаць пяцьцю гарадамі".

20 І трэці прыбыў і сказаў: "Гаспадару, вось твая міна, якую я меў схаваўшы ў хустцы,

21 бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не лажыў, ды жнеш, чаго ня сеяў".

22 Сказаў (гаспадар) яму: "Па словах тваіх суджу цябе, ліхі слуга! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, што бяру, чаго не лажыў, ды жну, чаго ня сеяў.

23 Чаму ж ты грошаў маіх не аддаў у банк, каб па павароце мог я запатрабаваць іх з прыбыткам?"

24 І сказаў да прысутных: "Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін".

25 Дык сказалі яму: "Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!"

26 "Дык кажу вам: Кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а хто ня мае, і тое, што мае, будзе ад яго забрана.

27 А тых непрыяцеляў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі караляваў, прывядзіце сюды ды біце перада мною".

Езус у Ерузаліме
Урачысты ўезд у Ерузалім

28 І гэта сказаўшы, Езус ішоў далей у кірунку Ерузаліма.

29 Падходзячы да Бетфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў сваіх

30 кажучы: "Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

31 Калі б хто вас спытаўся: "Чаму адвязаваеце?", скажаце так: "Госпад яго патрабуе".

32 Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі (асьляня), як сказаў ім Езус.

33 Калі яны адвязвалі асьлянё, уласьнікі яго спыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьляня?"

34 Яны адказалі: "Госпад яго патрабуе".

35 І прывялі яго да Езуса; і, закінуўшы на яго адзеньне сваё, пасадзілі Езуса на асьляня.

36 А калі ехаў Ён, людзі слалі адзеньне сваё на дарозе.

37 І калі збліжаліся да спуску гары Аліўнай, пачалі ўсе грамады вучняў радасна хваліць Бога за ўсе цуды, каторыя бачылі,

38 гамонячы: "Багаслаўлены кароль, каторы прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!"

39 Спасярод натоўпу некаторыя фарысэі сказалі Езусу: "Вучыцель, забарані вучням Тваім".

40 І сказаў Езус: "Кажу вам: Калі яны замоўкнуць, камяні гаманіць будуць".

Плач Езуса над Ерузалімам

41 І калі Езус прыблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў дзеля яго

42 і сказаў: "Калі б ты пазнаў хоць у гэты дзень тое, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.

43 Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сьціснуць цябе зусюль,

44 і паваляць цябе на зямлю і дзеці твае, каторыя ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.

Выгнаньне гандляроў са сьвятыні

45 І, увайшоўшы ў сьвятыню, стаў выкідаць прадаючых у ёй і купляючых,

46 кажучы ім: "Напісана: "Дом Мой ёсьць дом малітвы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

Навучаньне ў сьвятыні

47 Ды штодзень навучаў у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і начальнікі народу шукалі, як бы яго забіць,

48 але не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ слухаў Яго з захапленьнем.

 

Разьдзел 20
Пытаньне пра ўладу

1 І здарылася, калі аднаго дня Езус навучаў народ у сьвятыні ды вясьціў Эвангельле, сабраліся першасьвятары і кніжнікі разам са старшынямі

2 і сказалі Яму: "Скажы нам: Якою ўладаю гэтае робіш, або хто Табе даў такую ўладу?"

3 А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:

4 Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?"

5 А яны разважалі ды гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму ж вы тады ня ўверылі?"

6 А калі скажам: Ад людзей, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян - гэта прарок".

7 І адказалі, што ня ведаюць адкуль.

8 І Езус сказаў ім: "Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю".

Прыповесьць пра ліхіх арандатараў

9 Затым разказаў Езус людзям гэткую прыповесьць: "Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, а сам выехаў на доўгі час.

10 І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму пладоў вінаградніку, але яны, зьбіўшы яго, пусьцілі ні з чым.

11 Дык зноў паслаў другога слугу, але і яго зьбілі, зьняважылі і адаслалі ні з чым.

12 Нарэшце паслаў трэцяга, але і гэтага пакалечылі і выкінулі.

13 Дык сказаў гаспадар вінаградніку: "Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага. Можа яго ўшануюць".

14 Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: Ён (спадкаемца). Заб'ема яго і завалодаем яго спадчынаю!"

15 І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць гаспадар вінаградніку?

16 Прыйдзе і выгубіць гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым". Чуўшыя гэта сказалі яму: "О, каб гэтак не было!"

17 Езус, гледзячы на іх, сказаў ім: "Што значыць тады напісанае: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла"?

18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ".

19 І шукалі першасьвятары і кніжнікі налажыць на Яго рукі ў тую пару, але баяліся народу; бо здагадаліся, што гэту прыповесьць гаварыў пра іх.

Падатак цэзару

20 І сачылі яны за Езусам, і падаслалі шпіёнаў, якія, удаючы справядлівых, мелі падлавіць Яго на слове і выдаць начальнікам і ўладзе намесьніка.

21 І спыталіся Яго, кажучы: "Вучыцель, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не зважаеш на асобу, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш.

22 Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?"

23 Езус, разумеючы іхні подступ, сказаў ім: "Чаму мяне спакушаеце?

24 Пакажыце мне дынар. Чый гэта надпіс і адмалюнак?

25 Адказалі Яму: "Цэзараў". Дык сказаў ім: "Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае - Богу".

26 І не маглі злавіць Яго на слове ў прысутнасьці людзей, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.

Уваскрасеньне целаў

27 Падыйшлі таксама некаторыя з садукеяў, якія адмаўляюць уваскрасеньне, і спыталіся ў Яго,

28 кажучы: "Вучыцель, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр бязьдзетна, хай брат яго возьме жонку яго і хай узьніме патомства брату свайму.

29 Было вось сем братоў: і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетна.

30 Дык узяў яе другі, але і ён памёр бяздзетна.

31 Затым узяў яе трэці, і падобна ўсе яны сем памерлі, не пакінуўшы патомства.

32 Па ўсіх памерла і жанчына.

33 Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёх мелі яе за жонку?"

34 І сказаў ім Езус: "Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць.

35 Тыя ж, што будуць прызнаныя дастойнымі будучага веку і ўваскрасеньня, не жэняцца ды замуж ня выходзяць.

36 Яны ўжо памерці ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сынамі Божымі, калі былі сынамі ўваскрасеньня.

37 А што памёршыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста палаючага, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ізаака, і Богам Якуба.

38 Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць".

39 А некаторыя з кніжнікаў у адказ казалі: "Вучыцель, добра Ты сказаў".

40 І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.

Мэсія - Сын Божы

41 Затым сказаў ім Езус: "Як жа кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда,

42 калі сам Давід у кнізе Псальмаў кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,

43 аж пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх у падножжа ног Тваіх".

44 Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён - сын яго?"

Перасьцярога перад кніжнікамі

45 А калі Яго ўвесь народ з увагай слухаў, сказаў вучням сваім:

46 "Высьцерагайцеся вучоных кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку, і першыя месцы ў сынагозе, і першыя месцы на банкетах,

47 якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Іх чакае цяжкі прысуд".

 

Разьдзел 21
Грош ўдавы

1 Аднойчы Езус, падняўшы вочы свае і бачачы, як багатыя кідалі ахвяры свае ў скарбону,

2 убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,

3 і сказаў: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.

4 Бо ўсе з лішкаў сваіх кідалі ў ахвяру (Богу), а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё, што мела на сваё ўтрыманьне".

Прамова пра разбурэньне Ерузаліму і прыйсьце Хрыста
Зьнішчэньне сьвятыні

5 І калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што прыгожымі каменьнямі і дарамі аздоблена, Езус сказаў:

6 "Надыйдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, каб ня было зруйнавана".

7 Дык спыталіся ў Яго, кажучы: "Вучыцель, калі гэта будзе, і што будзе за знак, калі гэта пачнецца?"

Пачатак мукаў

8 Езус сказаў: "Глядзіце, каб вас не зьвялі. Бо многа прыйдзе ў Маё імя, кажучы: "Гэта Я" або: "Час надыйшоў", ды не ідзіце за імі.

9 А калі пачуеце пра войны і замяшаньні, не палохайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ ня зараз канец".

10 Далей казаў ім: "Паўстане народ на народ і каралеўства на каралеўства,

11 і будуць вялікія землятрусы, і месцамі пошасьці і голад, і панаваць будуць страхі, ды знакі вялікія будуць на небе.

Перасьледаваньне вучняў

12 Але перад тым усім наложаць на вас рукі, будуць перасьледаваць і выдаваць у сынагогі і ў вязьніцы, цягаючы да каралёў і намесьнікаў дзеля імя Майго;

13 а станецца гэта вам дзеля сьведчаньня.

14 Палажыце тады ў сэрцах вашых ня думаць, як маеце адказваць.

15 Бо Я дам вам вымову і мудрасьць, каторай ня змогуць запярэчыць усе супраціўнікі вашыя.

16 А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і заб'юць некаторых з вас,

17 і будуць вас усе ненавідзець дзеля імя Майго.

18 Але нават волас з галавы вашай не прападзе.

19 Цярплівасьцяй вашай здабудзеце душы вашыя.

Знакі блізкага збурэньня Ерузаліма

20 Калі вось убачыце Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне ягонае.

21 Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і каторыя ў горадзе, хай выходзяць (з яго), а тыя, што ў ваколіцы, хай не ўваходзяць у яго.

22 Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.

23 Гора ж цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў над гэтым народам,

24 і будуць падаць ад вострага мяча, і пагоняць іх у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль ня выпаўняцца часы народаў.

Прыйсьце Хрыста

25 І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі прыгнёт народаў ад разрухаў, як зараве і забушуе мора.

26 Людзі будуць пруцянець ад страху і чаканьня тых падзей, якія нахлынуць на ўвесь сьвет, бо магуцьці нябесныя захістаюцца.

27 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай і славай вялікай.

28 А калі гэта дзеяцца пачне, углядайцеся і падымайце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне вашае".

Прыклад дрэва фіговага

29 І сказаў ім прыповесьць: "Паглядзіце на дрэва фіговае ды на ўсе дрэвы.

30 Калі яны ўжо пускаюць лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

31 Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Каралеўства Божае.

32 Сапраўды кажу вам: Не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта споўніцца.

33 Неба і зямля праміне, але словы Мае не прамінуць.

Патрэба чуваньня

34 Сьцеражыцеся, каб часам не абцяжарылі сэрцы вашыя абжорствам і п'янствам, ды клопатамі гэтага жыцьця, і каб дзень гэты не прыйшоў на вас зьнянацку.

35 Бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.

36 Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб былі вартымі ўсьцерагчыся ўсяго гэтага, што мае прыйсьці, ды каб маглі стануць перад Сынам Чалавечым".

Апошнія дні Езуса

37 І навучаў днямі ў сьвятыні, а нанач выходзіў і прабываў на гары, каторую называюць Аліўнай.

38 І ўвесь народ ад раніцы зьбіраўся ў сьвятыню, каб слухаць Яго.

 

Разьдзел 22
Апошняя вячэра
Здрада Юды

1 Надыходзіў жа дзень сьвята Праснакоў, называны Пасхай.

2 І першасьвятары, і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся народу.

3 Шатан жа ўвайшоўшы ў Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з Дванаццаці.

4 І той, пайшоўшы, дамовіўся з першасьвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Езуса.

5 Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.

6 І абяцаў ён ім ды шукаў магчымасьці, каб выдаць Яго ім, калі будзе далёка ад людзей.

Прыгатаваньне Пасхі

7 І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторым належала ахвяраваць Пасху.

8 І (Езус) паслаў Пятра і Яна, кажучы: "Ідзіце і прыгатуйце нам спажываць Пасху".

9 Яны спыталіся: "Дзе хочаш, каб прыгатавалі?"

10 Езус сказаў ім: "Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас нейкі чалавек, каторы будзе несьці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.

11 Ды скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа табе: Дзе месца, дзе Я з вучнямі Маімі мог бы спажываць Пасху?"

12 Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу, засланую (дываном), там прыгатуеце".

13 Пайшоўшы за тым, знайшлі ўсё, як было ім сказана, і прыгатавалі Пасху.

Апошняя Пасха

14 А калі надыйшла пара, (Езус) заняў сваё месца пры стале, і апосталы з Ім.

15 І сказаў ім Езус: "Жаданьнем вялікім жадаў Я спажываць гэту Пасху з вамі перш, чым буду цярпець.

16 Бо кажу вам: Адгэтуль ня буду яе есьці, пакуль ня споўніцца ў Каралеўстве Божым".

17 І, узяўшы келіх і склаўшы падзяку, сказаў: "Бярыце і падзяліце між сабой.

18 Бо кажу вам: Ня буду піць з плоду вінаграда, пакуль ня прыйдзе Каралеўства Божае".

Установа Эўхарыстыі

19 І, узяўшы хлеб і склаўшы падзяку, ламаў яго і даў ім, кажучы: "Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць".

20 Падобна па вячэры Ён узяў келіх, кажучы: "Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, каторая за вас праліваецца.

Прадказаньне здрады

21 Аднак вось рука здрадніка Майго разам з Маёю на стале.

22 Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана, аднак гора таму чалавеку, каторы яго выдае".

23 І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх меўся гэта ўчыніць.

Спрэчка пра пяршынства

24 Узьнялася таксама спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца першым.

25 Сказаў ім Езус: "Каралі народаў валодаюць імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.

26 Але між вас ня так, але хто ў вас большы, хай будзе як найменшы, і правадыр - як слуга.

27 Хто большы: ці той, хто сядзіць пры стале, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць пры стале? Я аднак у вас як той, што паслугуе.

28 Вы ж ёсьць тыя, што вытрывалі пры Мне ў спакушэньнях Маіх.

29 Я вам пераказваю Каралеўства, як Мне пераказаў Айцец Мой,

30 каб вы елі і пілі пры стале Маім у Каралеўстве Маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраэля".

Прадказаньне вырачэньня Пятра

31 І сказаў Госпад: "Сымон, Сымон! Вось жа шатан захацеў вас перасеяць як пшаніцу.

32 Але Я маліўся за цябе, каб не змалела вера твая. І ты, навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх".

33 Той жа сказаў Яму: "Госпадзе, я гатовы з Табой ісьці ў вязніцу і на сьмерць".

34 Але Езус адказаў яму: "Кажу табе, Пётар, не запяе певень сёньня, як тры разы вырачэшся, што ведаеш Мяне".

Момант змаганьня

35 І сказаў ім: "Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і сандалаў, ці ж вам не хапала чаго?" Яны сказалі:

36 "Анічога". Сказаў ім тады: "А цяпер хто мае капшук, хай возьме таксама і торбу, а хто ня мае, хай прадасьць вопратку сваю і купіць меч.

37 Бо кажу вам: што мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: "І ў злачынцы быў залічаны". Бо што адносіцца да Мяне, збываецца".

38 А яны сказалі: "Госпадзе, вось два мячы". Ён сказаў ім: "Хопіць".

Езус у садзе Аліўным
Малітва і агонія

39 І, выйшаўшы, Езус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі вучні Ягоныя.

40 І калі прыбыў на месца, сказаў ім: "Маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".

41 І адыйшоўся ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся

42 ў гэтыя словы: "Ойча, калі хочаш, ухілі ад Мяне гэты келіх, аднак не Мая воля, але Твая хай станецца".

43 І зьявіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.

44 І быў пот Ягоны як кроплі крыві, сьцякаючай на зямлю.

45 І калі падняўся ад маліты і прыйшоў да вучняў, знайшоў іх сьпячых ад смутку.

46 Дык сказаў ім: "Чаму сьпіцё? Падымайцеся і маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".

Арышт Езуса

47 Яшчэ Ён гэта гаварыў, як надыйшла грамада, ды наперадзе яе адзін з Дванаццацёх, каторы называўся Юда. Ён падыйшоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.

48 А Езус сказаў яму: "Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?"

49 А тыя, што пры Ім былі, бачачы, да чаго ідзе, сказалі Яму: "Госпадзе, ці маем ударыць мячом?"

50 Ды адзін з іх ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму правае вуха.

51 А Езус адказаў: "Спыніцеся, хопіць!" і, дакрануўшыся вуха яго, аздаравіў яго.

52 Затым сказаў Езус тым, што прыйшлі па Яго, першасьвятарам, начальнікам сьвятыні і старшыням: "Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі.

53 Калі штодзень прабываў Я з вамі ў сьвятыні, не паднялі вы на Мяне рук. Але цяпер ваш час і ўлада цемры".

Езус перад сваімі суддзямі
Трохкратнае вырачэньне Пятра

54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. Пётар жа ішоў за імі здалёк.

55 А калі распалілі вогнішча на панадворку і заселі вакол агню, быў між імі і Пётар.

56 І нейкая служанка, прыгледзіўшыся яму пры сьвятле ўважна, сказала: "І ён быў з Ім".

57 А ён выракся Яго, кажучы: "Жанчына, я ня ведаю Яго!"

58 А па нейкім часе, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: "І ты з іх". Пётар жа сказаў: "Што ты, чалавеча, не".

59 А калі прайшло каля гадзіны часу, хто іншы настойваў, кажучы: "Сапраўды, і ён быў з Ім, бо і ён Галілеец".

60 Сказаў яму Пётар: "Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш". І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.

61 І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пятра, і Пётар успомніў словы Госпада, як яму прадказаў: "Перш, чым запяе певень, тры разы вырачашся Мяне".

62 І Пётар, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.

Зьдзекі з Езуса

63 А людзі, пільнуючыя Яго, наругаліся з Яго і білі Яго.

64 І, закрыўшы Яму твар, пыталіся Яго, кажучы: "Праракуй, хто ўдарыў Цябе?"

65 Ды многа іншых блюзьнерстваў гаварылі на Яго.

Езус перад Радай

66 А калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, і першасьвятары, і кніжнікі ды прывялі Езуса перад сваю Раду,

67 кажучы: "Калі Ты - Хрыстос, дык скажы нам". А Ён сказаў ім: "Калі скажу вам, ня ўверыце Мне,

68 а калі спытаюся, не адкажаце Мне, ані таксама ня выпусьціце Мяне.

69 Але адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець па правіцы моцы Божай".

70 Дык сказалі яны ўсе: "Дык Ты - Сын Божы?" Ён сказаў: "Вы самі гаворыце, што Я".

71 Дык яны сказалі: "Ці патрэбныя нам яшчэ сьведкі? Усе мы чулі з вуснаў Яго".

 

Разьдзел 23
Езус перад Пілатам

1 І паднялася ўся іх грамада, і завялі Яго да Пілата.

2 І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы знайшлі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Каралём".

3 Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты - кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Ты гэта кажаш".

4 Дык Пілат сказаў першасьвятарам і народу: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку".

5 Але яны настойвалі, кажучы: "Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль".

6 А Пілат, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці гэты чалавек Галілеец,

7 і калі даведаўся, што Ён з-пад улады Герода, адаслаў Яго да Герода, які ў той час прабываў у Ерузаліме.

Езус перад Геродам

8 Герод, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо прагнуў даўно ўбачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які знак, Ім зроблены.

9 Дык пытаўся Яго многімі словамі, але Езус яму нічога не адказаў.

10 А першасьвятары і кніжнікі, стоячы там, усяк Яго вінавацілі.

11 Тады Герод узгардзіў Ім разам з войскам сваім і, на зьдзек адзеўшы Яго ў белую шату, адправіў да Пілата.

12 І сталіся ў той дзень Герод і Пілат сябрамі, бо перад тым былі ворагамі сабе.

Езус другі раз перад Пілатам

13 А Пілат, пазваўшы першасьвятароў, начальнікаў і народ,

14 сказаў ім: "Вы выдалі гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось я, распытваючы ў вашай прысутнасьці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вы вінаваціце Яго.

15 Таксама і Герод, бо адаслаў Яго да нас. І вось не даказана Яму нічога вартага сьмерці.

16 Таму, укараўшы Яго, выпушчу".

Езус адкінуты сваім народам

17 А на сьвята мусіў ім звольніць аднаго вязьня.

18 Дык уся грамада закрычала: "Вазьмі Яго, а выпусьці нам Барабу".

19 А той быў пасаджаны ў вязьніцу за паўстаньне ў горадзе і забойства.

20 Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса,

21 але яны крычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!"

22 Ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, дык пакараю Яго і выпушчу".

23 Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны, і перамог крык іхні.

24 І Пілат прысудзіў споўніць па просьбе іхняй:

25 адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.

У дарозе на Гальготу

26 І калі вялі Яго, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі, усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.

27 Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчыны, каторыя плакалі і галасілі.

28 Езус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.

29 Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, якіх ня ссалі".

30 Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас", і ўзгоркам: "Схавайце нас",

31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?"

32 Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў на пакараньне сьмерцю.

Укрыжаваньне

33 І калі прыбылі на месца, званае Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.

34 Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць". І, дзелячы адзеньне Яго, кідалі жэрабя.

Зьдзекі з укрыжаванага

35 І народ стаяў, прыглядаючыся. Насьмяхаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай і сябе выратуе, калі Ён - Хрыстос, выбраньнік Божы".

36 Таксама і жаўнеры зьдзекаваліся з Езуса, падыходзячы і падаючы Яму воцат,

37 і кажучы: "Калі Ты - кароль Юдэйскі, выратуй самога сябе!"

38 І быў над Ім надпіс: "Гэта кароль Юдэйскі".

Добры разбойнік

39 А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў супраць Яго, кажучы: "Калі Ты - Хрыстос, дык выратуй самога сябе і нас".

40 А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.

41 І мы засуджаны справядліва, бо атрымалі дастойна ўчынкам, а Ён нічога благога не зрабіў".

42 Ды казаў Езусу: "Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Каралеўства".

43 І сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Сёньня будзеш са Мною ў раю".

Сьмерць Езуса

44 І была блізу шостая гадзіна, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны,

45 і сонца зацьмела, і заслона сьвятыні разьдзёрлася пасярэдзіне.

46 І Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю духа Майго". І, сказаўшы гэта, сканаў.

Пасьля сьмерці Езуса

47 Сотнік, бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы".

48 І ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, бачачы, што сталася, вярталіся, б'ючы сябе ў грудзі.

49 А здалёк стаялі ўсе ведаўшыя Яго і жанчыны, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэтае.

Пахаваньне Езуса

50 І вось чалавек, імем Язэп, сябра Рады, чалавек добры і справядлівы, -

51 ён не згаджаўся з Радай і іх учынкамі, - з Арыматэі, горада Юдэйскага, які чакаў Каралеўства Божага,

52 прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса,

53 і, зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны.

54 І быў гэта дзень Прыгатаваньня, і надыходзіла субота.

55 Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі, і бачылі магілу і як улажылі цела Ягонае,

56 і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказаньня.

 

Разьдзел 24
Уваскрасеньне Езуса
Пустая магіла

1 А ў першы дзень тыдня на сьвітаньні пайшлі яны да магілы, нясучы прыгатаваныя духмянасьці.

2 І знайшлі яны камень, адвалены ад магілы,

3 і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Езуса.

4 І калі так былі занепакоены, вось паявіліся пры іх два чалавекі ў бліскучых шатах.

5 І калі яны, стрывожаныя, схілілі твары свае ўніз, сказалі тыя ім: "Чаму шукаеце жывога між памёршымі?

6 Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі.

7 Кажучы: Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшнікаў, і будзе ўкрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэсьне".

8 І яны прыпомнілі гэтыя словы Ягоныя,

9 і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці ды ўсім іншым.

10 Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказвалі пра гэта апосталам.

11 І словы гэтыя здаліся ім недарэчнасьцю, і ня ўверылі ім.

12 Пётар жа падняўся і пабег да магілы, і, нахіліўшыся, убачыў толькі палатно лежачае; і адыйшоў, зьдзіўлены тым, што сталася.

Вучні з Эмаўс

13 І вось тога самага дня двое з іх ішлі ў вёску, што ў шаснаццаці стадыях ад Ерузаліму, званую Эмаўс,

14 і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.

15 І здарылася, што калі яны гутарылі і адзін другога пыталіся, сам Езус, падыйшоўшы, далучыўся да іх;

16 а вочы іхнія былі зацемнены, так што не пазналі Яго.

17 І сказаў ім Езус: "Што за размову вядзіцё між сабою ў дарозе?" І спыніліся сумныя.

18 І ў адказ адзін з іх, імем Кляопа, сказаў Яму: "Ці ж ты - адзін з падарожнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтых днях адбылося?"

19 А Езус спытаўся: "Што менавіта?" Дык расказалі Яму: "Што было з Езусам з Назарэту, каторы быў прарокам, магутным ў чыне і ў слове перад Богам і перад усім народам.

20 І як першасьвятары і начальнікі нашыя выдалі Яго на сьмерць ды ўкрыжавалі.

21 А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля. І цяпер па ўсім гэтым ужо ёсьць трэці дзень, як гэта сталася.

22 Але жанчыны некаторыя, што былі пры магіле на сьвітаньні, зьбянтэжылі нас,

23 і, не знайшоўшы цела Ягонага, прыйшоўшы, казалі, што бачылі анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве.

24 Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і таксама знайшлі, як расказвалі жанчыны, але Яго самога ня бачылі".

25 І сказаў ім Езус: "О, дурныя і няскорыя сэрцам уверыць у-ва ўсё, што казалі прарокі.

26 Ці ня трэба было, каб Хрыстос цярпеў і так увайшоў у хвалу сваю?"

27 І пачаўшы ад Майсея і ўсіх Прарокаў, выясьняў ім, што адносілася да Яго ва ўсіх Пісаньнях.

28 І так падыйшлі да сяла, да каторага ішлі, і Ён хацеў быццам ісьці далей.

29 Але яны прымусілі Яго, кажучы: "Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень зыходзіць". І ўвайшоў Ён, каб застацца з імі.

30 І сталася, калі сеў з імі за стол, узяў хлеб і багаславіў, ламаў і падаваў ім.

31 І адкрыліся вочы іхнія, і пазналі Езуса, але Ён зьнік з іх вачэй.

32 І казалі яны адзін аднаму: "Ці ж сэрцы нашыя не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісаньне?"

33 І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім. І знайшлі там сабраўшыхся Адзінаццаць ды тых, што з імі былі,

34 якія казалі: "Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сымону".

35 А яны расказалі, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба.

Паяўленьне Езуса апосталам

36 А калі яны гэта расказвалі, стануў пасярод іх Езус і сказаў ім: "Супакой вам".

37 А яны, стрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.

38 І сказаў ім Езус: "Чаго стрывожыліся ды такія думкі ўзьнікаюць у вашых сэрцах?

39 Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я сам; дакраніцеся Мяне і глядзіце, бо дух ня мае цела, ані касьцей, што, як бачыце, Я маю".

40 І калі гэта гаварыў, паказаў ім рукі і ногі.

41 А калі яны яшчэ ня верылі і дзівіліся з радасьці, сказаў: "Ці маеце што есьці?"

42 І падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.

43 І, узяўшы, еў у прысутнасьці іхняй.

Апошні наказ

44 І сказаў ім: "Ці ж не такія былі Мае словы, якія гаварыў вам, будучы яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах".

45 Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісаньні.

46 Ды сказаў ім: "Так было напісана і трэба было, каб Хрыстос цярпеў і на трэці дзень уваскрос,

47 і каб у імя Яго было вешчана навярненьне дзеля адпушчэньня грахоў ўсім народам, пачынаючы ад Ерузаліму.

48 І вы - сьведкі гэтага.

49 І Я вось спасылаю вам абяцанае Айцом Маім. Вы ж заставайцеся ў горадзе, аж будзеце апрануты моцай з вышыні".

Ушэсьце Езуса

50 Затым вывеў іх з гораду ў Бэтанію і, падняўшы рукі свае, пабагаславіў іх.

51 І калі багаславіў іх, аддаліўся ад іх і падняўся ў неба.

Заканчэньне

52 І яны пакланіліся Яму і з вялікай радасьцю вярнуліся ў Ерузалім,

53 і прабывалі увесь час у сьвятыні, славячы Бога.

 

 

Эвангельле паводле Яна

 

 

Разьдзел 1
Уступ

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.

2 Яно было на пачатку ў Бога.

3 Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, з таго што сталася.

4 У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.

5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.

6 Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян.

7 Ён прыйшоў на сьведчаньне, каб даць сьведчаньне аб Сьвятле, каб усе верылі праз яго.

8 Ня быў ён Сьвятлом, але каб даць сьведчаньне аб Сьвятле.

9 Было праўдзівае Сьвятло, каторае асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.

10 На сьвеце было, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.

11 Прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі.

12 А каторыя Яго прынялі, дало ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,

13 каторыя не з крыві, ані з жаданьня цела, ані з жаданьня мужа, але з Бога нарадзіліся.

14 І Слова сталася целам і жыло паміж намі, - і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, - поўнае ласкі і праўды.

15 Ян дае сьведчаньне аб Ім і клікае, кажучы: "Гэта Той, пра каторага я казаў: Каторы па мне мае прыйсьці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".

16 І з паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і то ласку за ласкай.

17 Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.

18 Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён заявіў.

Першая Пасха - цуды і знакі
Сьведчаньне Яна Хрысьціцеля

19 І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб у яго спыталіся: "Хто ты?"

20 І прызнаўся, і не запярэчыў; і вызнаў: "Я не Хрыстос".

21 Дык пыталіся ў яго: "Дык што? Ты мо Гальяш?" І сказаў: "Не". "Дык ты прарок?" І адказаў: "Не".

22 Дык спыталіся яны ў яго: "Дык хто ж ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі. Што можаш сказаць сам пра сябе?"

23 Ён сказаў: "Я - голас клікаючага ў пустыні: "Прастуйце дарогу Госпаду", як казаў прарок Ісая".

24 А пасланцы былі з фарысэяў;

25 дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты не Хрыстос, не Гальяш, ані прарок?"

26 Дык у адказ сказаў ім Ян: "Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся Той, каго вы ня ведаеце.

27 Гэта Той, што пасьля мяне прыйдзе, якому я ня варты развязаць рамень сандалаў Яго".

28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.

29 Назаўтра ўбачыў Ян Езуса, прыходзячага да Яго, і сказаў: "Вось Ягнё Божае, Той, хто бярэ на сябе грахі сьвету.

30 Гэта Той, пра якога я гаварыў: Пасьля мяне прыйдзе чалавек, які стаўся перада мной, бо быў раней, чым я.

31 І я, што праўда, ня ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог Ён аб'явіцца Ізраэлю".

32 Ды даў Ян сьведчаньне, кажучы, :"Бачыў я Духа, зыходзячага з неба як галуб, які сеў на Ім.

33 І я Яго ня ведаў, але Той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух зыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, хто хрысьціць Духам Сьвятым".

34 І гэта я сам бачыў і сьведчу, што Ён - Сын Божы".

Пакліканьне першых вучняў

35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні ягоныя.

36 Гледзячы на праходзячага Езуса, Ян сказаў: "Вось Ягнё Божае".

37 Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Езусам.

38 Езус, павярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім, і спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі Яму: "Раббі, - што значыць Вучыцель, - дзе жывеш?"

39 Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі, дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.

40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.

41 Ён, спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў: "Знайшлі мы Мэсію", што значыць - Хрыста.

42 І прывёў яго да Езуса. А Езус, глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Кефас, што значыць Пётар".

43 Назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа. І сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".

44 А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.

45 Філіп жа напаткаў Натанаэля і сказаў яму: "Мы знайшлі Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Язэпа з Назарэту".

46 І сказаў яму Натанаэль: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі".

47 Убачыў Езус, што Натанаэль ідзе да Яго, і сказаў пра яго: "Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма падману".

48 Натанаэль спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне ведаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фіговым дрэвам".

49 Адказаў яму Натанаэль: "Раббі, Ты - Сын Божы, Ты - кароль Ізраэля!"

50 Адказаў яму Езус і сказаў: "Таму, што Я табе сказаў: Я цябе бачыў пад фіговым дрэвам, уверыў ты? Болей за гэта ўбачыш".

51 І дадаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, узыходзячых і зыходзячых да Сына Чалавечага".

 

Разьдзел 2
Цуд у Кане Галілейскай

1 І на трэці дзень спраўлялася вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.

2 Таксама Езус разам з вучнямі Яго быў запрошаны на вясельле.

3 А калі не хапіла віна, сказала Яму Маці: "Віна ня маюць".

4 І сказаў ёй Езус: "Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна".

5 Сказала тады Маці Езуса слугам: "Зрабіце ўсё, што вам загадае".

6 А стаяла там шэсьць каменных глякоў для абрадавага абмываньня па звычаю Юдэяў, і кожны з іх зьмяшчаў па два або па тры вядры.

7 Загадвае ім Езус: "Напоўніце глякі вадой". І напоўнілі іх аж па берагі.

8 Затым сказаў ім Езус: "Зачэрпайце цяпер і занясіце маршалку вясельля". І занесьлі.

9 А калі маршалак пакаштаваў вады, якая замянілася ў віно, - а ня ведаў, адкуль узялося віно, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, - пазваў маршалак вясельля маладога

10 і сказаў яму: "Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты захаваў добрае віно аж да гэтага часу".

11 Такі вось пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў славу сваю. Дык уверылі ў Яго вучні Ягоныя.

12 Затым пайшоў сам і Маці, браты і вучні Яго ў Кафарнаўм. І там прабывалі некалькі дзён.

Ачышчэньне сьвятыні

13 А надыходзіла Пасха Юдэйская, дык Езус пайшоў у Ерузалім.

14 І знайшоў у сьвятыні прадаючых валоў, авец і галубоў і седзячых мяняльнікаў грошаў.

15 І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са сьвятыні, таксама авечак і валоў, і грошы мяняльнікаў рассыпаў і сталы павыварочваў;

16 і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: "Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дому Айца Майго домам гандлю".

17 І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: "Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне".

18 Тады Юдэі, чэпячыся, сказалі Езусу: "Які знак дасі нам у доказ, што гэта робіш?"

19 Езус у адказ гаварыў ім: "Зруйнуйце гэту сьвятыню, і Я ў тры дні адбудую яе".

20 Дык сказалі тады Юдэі: "Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?"

21 Але Езус гаварыў пра сьвятыню цела свайго.

22 Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі сабе, што пра гэта казаў, і ўверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Езус.

23 А калі быў Езус у Ерузаліме ў дзень сьвяточны на Пасху, многія ўверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія чыніў.

24 Але сам Езус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх.

25 Ды ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў аб чалавеку, бо сам ведаў, што ёсьць у чалавеку.

 

Разьдзел 3
Жыцядайная вада
Размова з Мікодымам

1 Між фарысэяў быў чалавек, імем Мікодым, начальнік Юдэйскі.

2 Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з ім".

3 Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Каралеўства Божага".

4 Сказаў яму Мікодым: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?"

5 Адказаў Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і з Духа, ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.

6 Тое, што нарадзілася з цела, ёсьць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсьць дух.

7 Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: Трэба вам нарадзіцца нанова.

8 Дух дзьме, куды хоча, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць. Таксама з кожным, хто з Духа нарадзіўся".

9 Дык спытаўся Мікодым: "Як можа гэта стацца?"

10 Сказаў яму Езус у адказ: "Ты - вучыцель Ізраэля і ня ведаеш гэтага?

11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы кажам тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але сьведчаньня нашага не прыймаеце.

12 Калі казаў вам пра зямныя рэчы, і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра нябесныя?

13 Ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Той, хто зыйшоў з неба, Сын Чалавечы.

14 І як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

15 каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае.

16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.

17 Бо не паслаў Бог Сына свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.

18 Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

19 А суд такі, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.

20 Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не выявіліся яго ўчынкі.

21 А кожны, хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу былі ўчынены".

Паўторнае сьведчаньне Яна Хрысьціцеля

22 Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі сваімі ў зямлю Юдэйскую і там, прабываючы з імі, хрысьціў.

23 І Ян таксама хрысьціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і прыймалі хрост;

24 бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.

25 І ўзьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.

26 Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: "Раббі, вось жа Той, што з табой быў за Ярданам і пра якога ты сьведчыў, вось Ён хрысьціць, ды ўсе ідуць да Яго".

27 А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.

28 Вы самі можаце засьведчыць, што я вам сказаў: Я не Хрыстос, але пасланы перад Ім.

29 Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца з голасу жаніха. І гэтая радасьць мая споўнілася.

30 Ён мае расьці, а я - малець.

31 Хто прыходзіць з высока, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі.

32 Ён сьведчыць аб тым, што чуў і бачыў, і сьведчаньня Яго ніхто ня хоча прыймаць.

33 А хто прыняў Яго сьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог праўдамоўны.

34 Бо Той, каго Бог паслаў, абвяшчаеслова Божае, бо ня мераючы Бог дае Духа.

35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.

36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім".

 

Разьдзел 4
Езус і Самаранка

1 Калі затым Езус даведаўся, што фарысэі чулі, што Езус здабывае больш вучняў ды хрысьціць, чым Ян, -

2 хоць сам Езус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, -

3 дык пакінуў Юдэю і вярнуўся ізноў у Галілею.

4 А выпала Яму ісьці праз Самарыю.

5 Прыбыў затым у Самаранскі горад Сіхар, непадалёк паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну.

6 Ды была там студня Якуба. І Езус, змучаны дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.

7 У той час прыйшла жанчына Самаранка браць ваду. Кажа ёй Езус: "Дай мне напіцца";

8 бо вучні Яго пайшлі ў горад купіць харчоў.

9 Кажа тады Яму жанчына Самаранка: "Як жа Ты, Юдэй, можаш прасіць вады ў мяне, Самаранкі?" Бо Юдэі ня маюць зносінаў з Самаранамі.

10 Адказаў ёй Езус: "Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсьць Той, хто цябе просіць: "Дай мне піць", напэўна прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады".

11 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, ня маеш нават чым набраць вады, а студня глыбокая; адкуль тады возьмеш жывой вады?

12 Ці ж ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў і сыны яго, і статак?"

13 У адказ сказаў ёй Езус: "Кожны, хто п'е гэту ваду, зноў смагнуць будзе,

14 а хто нап'ецца вады, якую Я яму дам, ніколі ня будзе чуць смагі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім жаралом, што бруіцца ў жыцьцё вечнае".

15 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой".

16 Кажа ёй Езус: "Ідзі, пазаві мужа свайго і прывядзі сюды".

17 Адказала жанчына: "Я ня маю мужа". Сказаў ёй Езус: "Добра сказала: "Ня маю мужа",

18 бо мела ты пяць мужоў, а гэты, каторага цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам; гэта ты праўду сказала".

19 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, бачу, што Ты - прарок.

20 Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся Богу, а вы кажаце, што ў Ерузаліме ёсьць месца, дзе належыцца славіць Яго".

21 Сказаў ёй Езус: "Жанчына, павер Мне, што набліжаецца час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме, ня будзеце пакланяцца Айцу.

22 Вы пакланяецеся тому, чаго ня ведаеце, а мы пакланяемся тому, што ведаем, бо з Юдэяў збаўленьне.

23 Але надыходзіць час, ды ўжо надыйшоў, што праўдзівыя спахвальнікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе. Бо і Айцец шукае такіх спахвальнікаў.

24 Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны аддаваць Яму спахвалу ў Духу і ў праўдзе".

25 Кажа Яму жанчына: "Ведаю, што прыйдзе Мэсія, - значыць Хрыстос, - калі Ён прыйдзе, усё нам аб'явіць".

26 Кажа ёй Езус: "Гэта Я, які з табою размаўляю".

27 Небавам прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю. Але ніводзін з іх не спытаўся: "Пра што пытаеш, або пра што з ёй гаворыш?".

28 Жанчына ж пакінула збанок свой і пайшла ў горад, і расказала жыхарам ягоным:

29 "Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі рабіла. Ці гэта не Хрыстос?"

30 Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31 Тым часам вучні прасілі Яго: "Раббі, еш".

32 Але Ён сказаў ім: "Я Маю ежу, пра каторую вы ня ведаеце".

33 Казалі тады вучні між сабой: "Няўжо нехта прынёс Яму есьці?"

34 Сказаў ім Езус: "Мая ежа - спаўняць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыцьць справу Ягоную.

35 Ці ж вы ня кажаце: "Яшчэ чатыры месяцы і пачнецца жніво"? Дык кажу вам: Падыміце вочы вашыя і прыгледзьцеся ваколіцам, як ужо бялеюць на жніво.

36 Той, хто жне, атрымоўвае заплату і сабірае плён на жыцьцё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

37 Тут спраўджваецца слова: Адзін сее, а хто іншы зьбірае.

38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не трудзіліся; іншыя працавалі, а вы карыстаецеся трудом іхнім".

39 І многа Самранаў з горада таго ўверыла ў Яго дзеля словаў жанчыны, якая сьведчыла: "Ён мне сказаў усё, што я толькі рабіла".

40 Дык калі да Яго прыйшлі Самаране, прасілі Яго, каб там пабыў; дык застаўся там два дні.

41 Ды многа болей уверыла ў Яго дзеля словаў Ягоных.

42 Жанчыне ж казалі: "Ужо не дзеля твайго расказу верым, але дзеля таго, што чулі і пераканаліся, што Ён - праўдзівы Збаўца сьвету".

Вяртаньне ў Галілею

43 А па двух днях пайшоў адтуль і направіўся ў Галілею;

44 хоць сам Езус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

45 Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў час сьвятаў, бо і яны былі на сьвяце.

Аздараўленьне сына ўрадоўца

46 Езус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў там нейкі ўрадовец, каторага сын хварэў у Кафарнаўме.

47 Ён, калі пачуў, што Езус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго, які быў пры сьмерці.

48 Сказаў яму Езус: "Калі ня ўбачыце знакаў і цудаў, ня ўверыце".

49 Кажа Яму ўрадовец: "Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ".

50 Кажа яму Езус: "Ідзі, сын твой жывы". Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Езус, і пайшоў.

51 А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі на спатканьне і сказалі яму, што сын яго жыве.

52 Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі: "Учора а сёмай гадзіне спынілася гарачка".

53 Дык даведаўся бацька, што гэта быў час, у які сказаў яму Езус: "Сын твой жыве". Дык уверыў ён ды ўвесь дом ягоны.

54 Гэта ўжо другі знак, які ўчыніў Езус, калі вярнуўся з Юдэі ў Галілею.

 

Разьдзел 5
Другі прыход у Ерузалім
Аздараўленьне храмога пры сажалцы

1 Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і Езус прыйшоў у Ерузалім.

2 А ў Ерузаліме ёсьць ля Авечай брамы сажалка, якая па-гебрайску завецца Бэтсата, якая мае пяць прысенкаў.

3 У іх ляжала шмат хворых, сьляпых, храмых, спараліжаваных, чакаючых узваруху вады.

4 Бо анёл Госпадаў ад часу да часу зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду, і хто першы ўваходзіў у сажалку па ўзварухненьні вады, той здаравеў, якою бы немаччу ні хварэў.

5 А быў там адзін чалавек, што хварэў трыццаць восем гадоў.

6 Калі Езус убачыў яго лежачага ды даведаўся, што ён ужо доўгі час хварэе, спытаўся ў яго: "Ці хочаш быць здаровы?"

7 Хворы адказаў Яму: "Госпадзе, ня маю нікога, хто б мяне ўкінуў у сажалку, калі ўзварухнецца вада. Бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мной уваходзіць".

8 Сказаў яму Езус: "Падыміся, вазьмі ляжак свой, і ідзі".

9 І адразу стаў здаровым той чалавек, і ўзяў ляжак свой і хадзіў. А быў гэта дзень суботні.

10 Дык казалі Юдэі аздароўленаму: "Сёньня субота, не выпадае табе насіць ляжак твой".

11 Адказаў ім: "Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: "Вазьмі ляжак свой ды хадзі".

12 Дык пыталіся яго: "Што гэта за чалавек, каторы табе сказаў: "Вазьмі ляжак твой і хадзі"?.

13 Аздароўлены ж ня ведаў, хто гэта быў, бо Езус адыйшоўся ад людзей, што былі сабраўшыся ў тым месцы.

14 Потым напаткаў яго Езус у сьвятыні і сказаў яму: "Вось ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб ня здарылася табе што горшае".

15 Затым той чалавек пайшоў і сказаў Юдэям, што гэта Езус яго аздаравіў.

16 Таму перасьледавалі Юдэі Езуса, што Ён рабіў такое ў суботу.

17 Але Езус адказаў ім: "Айцец Мой дагэтуль робіць так, і Я так раблю".

18 Дзеля таго тым больш думалі Юдэі, як забіць Езуса, бо ня толькі парушаў суботу, але і Бога называў Айцом сваім, раўнуючыся Богу.

Езус выяўляе сябе

19 Затым у адказ сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын ня можа нічога зрабіць сам ад сябе, але толькі тое, што бачыць, як Айцец робіць. Бо што Ён робіць, тое таксама Сын робіць.

20 Бо Айцец любіць Сына і аб'яўляе Яму усё, што сам робіць, і яшчэ большыя за гэтыя пакажа Яму даконы, каб вы дзівіліся.

21 Бо як Айцец уваскрашае памёршых і ажыўляе, так і Сын, каму хоча, дае жыцьцё.

22 Бо Айцец нікога ня судзіць, але ўвесь суд даручыў Сыну,

23 каб усе славілі Сына, як славяць Айца. Хто ня славіць Сына, ня славіць таксама Айца, які паслаў Яго.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова ды верыць Таму, хто Мяне паслаў, мае жыцьцё вечнае, ды не ідзе на суд, але са сьмерці пераходзіць у жыцьцё.

25 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што надыходзіць час, ды нават ужо надыйшоў, калі памёршыя пачуюць голас Сына Божага, і тыя, што пачуюць, жыць будуць.

26 Бо як Айцец мае жыцьцё сам у сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў сабе самым.

27 Ды даў Яму ўладу судзіць, бо Ён - Сын Чалавечы.

28 Не дзівіцеся таму, бо надходзіць час, у якім усе, што ў магілах, пачуюць голас Яго.

29 І тыя, што добра рабілі, пойдуць на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што блага рабілі - на ўваскрашэньне суду.

Сьведчаньне пра Езуса

30 Сам ад сябе нічога не магу рабіць. Суджу так, як чую, ды суд Мой справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі Таго, хто Мяне паслаў.

31 Калі Я сам сьведчу аб сабе, сьведчаньне Маё непраўдзівае.

32 Ёсьць Той, хто сьведчыць аба Мне, і ведаю, што Яго сьведчаньне, дадзенае пра Мяне слушнае.

33 Вы пасылалі да Яна, і ён сьведчыў праўдзіва.

34 Але Я не прыймаю сьведчаньня ад чалавека, але кажу гэта, каб вы былі збаўлены.

35 Ян быў сьветачам, які гарыць і сьвеціць, але вы толькі хвілінку хацелі пацешыцца сьвятлом яго.

36 Але Я маю сьведчаньне большае, чым Яна. Бо даконы, якія Мне Айцец даручыў выканаць, і гэтыя даконы, каторыя раблю, сьведчаць пра Мяне, што Айцец Мяне паслаў.

37 Ды і сам Айцец, які Мяне паслаў, засьведчыў аба Мне. Але вы голасу Яго ніколі ня чулі і аблічча Яго ня бачылі.

38 І слова Яго ня маеце ў сэрцах вашых, бо ня верыце Таму, каго Ён паслаў.

39 Разгледзьце Пісаньні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць аба Мне.

40 Але да Мяне ня хочаце ісьці, каб атрымаць жыцьцё вечнае.

41 Славы ад людзей не прымаю.

42 Але вас я ведаю, што любові да Бога ў сабе ня маеце.

43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі б хто іншы прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.

44 Як жа можаце верыць вы, каторыя хвалу прыймаеце адны ад другіх, а хвалы, што ад самога Бога, не шукаеце?

45 Ня думайце, што Я вас буду вінаваціць перад Айцом; вінаваціць будзе вас Майсей, у якім вы надзею пакладаеце.

46 Бо каб вы верылі Майсею, дык уверылі б вы і Мне, бо ён пра Мяне пісаў.

47 Але калі вы пісаньням яго ня верыце, дык як жа ўверыце словам Маім?"

 

Разьдзел 6
Хлеб жывы
Цудоўнае памнажэньне хлеба

1 Пасьля Езус пайшоў на другі бок мора Галілейскага або Тыбэрыядзкага.

2 І ішоў за ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, дакананыя над хворымі.

3 Затым Езус узыйшоў на гару і сеў там са сваімі вучнямі.

4 А збліжалася Пасха, сьвяточны дзень Юдэйскі.

5 Калі Езус падняў вочы і ўбачыў вялікі натоўп людзей, які ішоў да Яго, сказаў Філіпу: "Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад'есьці?"

6 А гаварыў, каб выспрабаваць іх, бо сам ведаў, што меў зрабіць.

7 Адказаў яму Філіп: "Дзьвесьце дынараў ня хопіць, каб купіць ім хлеба, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху".

8 Сказаў Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра:

9 "Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў, і дзьве рыбы, але што гэта на такое мноства?"

10 Сказаў ім Езус: "Загадайце людзям сесьці". А было на тым месцы многа травы. І так села мужчын каля пяці тысяч.

11 Тады Езус узяў хлябы, склаў падзяку і раздаў седзячым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.

12 А калі наеліся, загадаў вучням сваім: "Зьбярыце кавалкі, каб не змарнаваліся".

13 Дык сабралі кускі з пяці хлябоў ячменных і налажылі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.

14 Людзі ж тыя, бачачы знак, учынены Езусам, казалі: "Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў сьвет".

15 А Езус, даведаўшыся, што меліся прыйсьці, каб ўзяць Яго і абвясьціць каралём, адыйшоў сам адзін на гару.

Езус ходзіць па моры

16 А калі зьвечарэла, вучні Ягоны спусьціліся да мора

17 і, улезшы ў лодку, паплылі на другі бераг у Кафарнаўм. Ужо сьцямнела, а Езус не вяртаўся да іх.

18 А мора пачало хвалявацца, бо дуў моцны вецер.

19 Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадыяў, убачылі Езуса, ідучага па моры і падыходзячага да лодкі, і спалохаліся.

20 Але Езус сказаў ім: "Гэта Я, ня бойцеся".

21 Дык хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз жа прыплыла да берагу, да якога яны плылі.

Езус - хлеб жыцьця

22 Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна, ды што Езус ня сеў у лодку са сваімі вучнямі, але вучні адплылі самі;

23 іншыя ж лодкі прыплылі з Тыбэрыяды да месца, дзе спажывалі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.

24 Калі затым народ убачыў, што там няма Езуса, ані вучняў Ягоных, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Езуса.

25 І, знайшоўшы Езуса за морам, сказалі Яму: "Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?"

26 У адказ сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але што вы елі хлеб і наеліся.

27 Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая прычыняецца да жыцьця вечнага, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім палажыў пячаць сваю Айцец Бог".

28 Сказалі тады Яму: "Што маем рабіць, каб спаўняць справы Божыя?"

29 А Езус адказаў ім і сказаў: "Гэта справа Божая, каб верылі ў Таго, каго Ён паслаў".

30 Тады сказалі Яму: "Дык што за знак учыніш, каб мы ўбачылі і ўверылі Табе? Што зробіш?

31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: "Хлеб з неба даў ім да яды".

32 Сказаў тады ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам праўдзівы хлеб з неба.

33 Бо хлеб Божы, ёсьць той, які з неба зыйшоў і дае жыцьцё сьвету".

34 Затым сказалі Яму: "Госпадзе, дай нам заўсёды гэтага хлеба".

35 Сказаў ім Езус: "Я - хлеб жыцьця. Хто прыходзіць да Мяне, ня будзе чуць голаду, і хто верыць у Мяне, ніколі смагнуць ня будзе.

36 Казаў жа Я вам, што і бачылі Мяне, і ня верыце.

37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і тога, хто да Мяне прыходзіць, ня выкіну прэч.

38 Бо Я зыйшоў з неба, не каб сваю волю чыніць, але волю Таго, хто Мяне паслаў.

39 А воля Таго, які Мяне паслаў, каб Я нічога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень.

40 Гэта воля Айца Майго, каб кожны, хто глядзіць на Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень".

41 Дык наракалі Юдэі на Езуса, што Ён сказаў: "Я - хлеб, які зыйшоў з неба",

42 ды казалі: "Ці ж гэта ня Езус, сын Язэпа, якога бацьку і маці ведаем? Дык як жа можа Ён казаць: "Зыйшоў з неба"?"

43 У адказ сказаў ім Езус: "Не наракайце між сабой.

44 Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

45 Напісана ў прарокаў: "І будуць усе вучнямі Бога". Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

46 Ня значыць гэта быццам хто Айца бачыў, бо толькі Той, хто ад Бога, Той бачыў Айца.

47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.

48 Я - хлеб жыцьця.

49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і паўміралі.

50 А гэта хлеб, які з неба зыходзіць, каб кожны, хто яго есьці будзе, не памёр.

51 Я - хлеб жывы, які з неба зыйшоў. Хто б еў гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць цела Маё, (якое Я аддам) за жыцьцё сьвету".

52 Дык спрачаліся Юдэі між сабою і казалі: "Як жа Ён можа нам даць цела сваё на яду?"

53 Сказаў затым ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі вы ня будзеце есьці цела Сына Чалавечага ды ня будзеце піць крыві Ягонай, ня будзеце мець жыцьця ў сабе.

54 Хто есьць цела Маё і п'е кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

55 Бо цела Маё сапраўды ёсьць ежа, а кроў Мая сапраўды ёсьць пітво.

56 Хто есьць цела Маё ды п'е кроў Маю, у-ва Мне прабывае, а Я ў ім.

57 Як Мяне паслаў жывы Айцец і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, будзе жыць Мною.

58 Гэта хлеб, які з неба зыйшоў, не такі, які бацькі вашыя елі і паўміралі. Хто есьць гэты хлеб, будзе жыць вечна".

59 Гэта казаў, навучаючы ў сынагозе ў Кафарнаўме.

Згаршэньне некаторых вучняў

60 Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, казалі: "Жорсткае гэта слова. Хто яго слухаць можа?"

61 А Езус, ведаючы, што наракалі на гэта вучні Ягоныя, сказаў ім: "Гэта вас горшыць?

62 А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, узыходзячага туды, дзе перш быў?

63 Дух ёсьць тым, хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія я вам сказаў, ёсьць Духам і жыцьцём.

64 Аднак ёсьць між вамі такія, што ня вераць". Бо ведаў Езус ад пачатку, хто ў гэта ня верыць і хто меў Яго выдаць.

65 І казаў далей: "Дзеля таго і сказаў вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі яму ня дадзена Айцом Маім".

66 Ад той хвіліны многа вучняў Ягоных адыйшло ды ўжо з Ім не хадзілі.

Вызнаньне Пятра

67 Дык спытаўся Езус Дванаццацёх: "Ці і вы маніцеся пакінуць Мяне?"

68 Адказаў тады Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, да каго ж пойдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага.

69 Мы ж уверылі і пераканаліся, што Ты - Хрыстос, Сьвяты Божы".

70 Адказаў ім Езус: "Ці не Дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д'ябал".

71 А гаварыў пра Юду Сымонавага Іскарыёта, ён хоць быў адным з Дванаццаці, але меў Яго выдаць.

 

Разьдзел 7
Жывая вада і сьвятло
Езус у Ерузаліме на Сьвяце Палатак

1 І потым Езус хадзіў па Галілеі, бо не хацеў прабываць у Юдэі, бо Юдэі зьбіраліся забіць Яго.

2 А надыходзіла Юдэйскае сьвята Палатак.

3 Сказалі затым Яму браты Яго: "Адыйдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае аглядалі даконы Твае, якія робіш.

4 Бо ніхто ня робіці чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы сябе сьвету".

5 Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.

6 Кажа ім затым Езус: "Яшчэ не прыйшла Мая пара, а ваш час заўсёды.

7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.

8 Вы ідзіце на гэта сьвята, а Я не пайду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ не надыйшоў".

9 Гэта сказаўшы, застаўся ў Галілеі.

10 Але калі браты Яго адправіліся, і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але быццам употай.

11 А ў час сьвята шукалі Яго Юдэі і казалі: "Дзе Ён?"

12 І гаварылася пра Яго між людзей многа. Адны казалі, што Ён добры, а другія гаварылі, што не, бо зводзіць народ.

13 Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна, бо баяліся Юдэяў.

Навучаньне Езуса ў сьвятыні

14 А калі сьвята ўпалавінілася, Езус увайшоў у сьвятыню і стаў навучаць.

15 А Юдэі дзівіліся і казалі: "Як Ён можа ведаць Пісаньне, бо ж не вучыўся?"

16 Езус казаў ім: "Мая навука не Мая, але Таго, хто Мяне паслаў.

17 Калі хто хоча спаўняць волю Ягоную, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я сам ад сябе гавару.

18 Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй спахвалы шукае, але хто шукае хвалы Таго, хто Яго паслаў, той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконьня.

19 Ці не Майсей даў вам закон, але ніхто з вас не спаўняе закону. Чаму хочаце Мяне забіць?"

20 Адказала грамада, кажучы: "Чарта маеш! Хто хоча Цябе забіць?"

21 У адказ сказаў ім Езус: "Я даканаў адзін чын, а ўсе дзівіцеся.

22 Вось Майсей устанавіў абразаньне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.

23 Калі можна абразаць чалавека ў суботу, не парушаючы Майсеявага закону, дык чаму злуецёся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека вылечыў у суботу?

24 Дык не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце справядлівым судом".

25 Дык некаторыя з жыхароў Ерузаліма казалі: "Ці гэта ня Той, каторага хочуць забіць?

26 Бо вось яўна навучае, і нічога Яму ня кажуць. Ці сапраўды пераканаліся начальнікі, што Ён - Хрыстос?

27 Але аб Ім ведаем, скуль Ён родам, а пра Хрыста, калі паявіцца, ніхто ведаць ня будзе, скуль Ён прыходзіць".

28 А Езус, навучаючы ў сьвятыні, голасна сказаў: "І Мяне ведаеце, і ведаеце скуль Я. І Я сам ад сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, хто Мяне паслаў, а Якога вы ня ведаеце.

29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў".

30 Дык маніліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго пара.

31 А спасярод грамады многа ўверыла ў Яго, і яны казалі: "Ці ж калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў даканае, чым Ён учыніў?"

32 А калі фарысэі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі сьвятары і фарысэі слугаў, каб Яго ўзяць.

33 Сказаў тады Езус: "Кароткі толькі час буду з вамі, і пайду да Таго, хто Мяне паслаў.

34 Будзеце Мяне шукаць і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы туды ня можаце прыйсьці".

35 Дык гаварылі Юдэі між сабой: "Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго ня знойдзем? Ці меўся пайсьці да раскінутых між Грэкаў ды Грэкаў навучаць?

36 Што ж гэта за слова, якое сказаў: "Шукаць Мяне будзеце і ня знойдзеце", ды: "Дзе Я буду, вы туды прыйсьці ня можаце"?"

Крыніца жывой вады

37 А ў апошні вялікі дзень сьвята стаў Езус і казаў уголас: "Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п'е.

38 Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, у таго рэкі жывой вады пацякуць з яго нутра".

39 А так казаў аб Духу, якога мелі атрымаць веручыя ў Яго. Бо Дух ня быў яшчэ на іх, бо Езус ня быў яшчэ праслаўлены.

40 Многія з-паміж людзей, чуючы гэтыя словы, казалі: "Гэта сапраўды прарок".

41 Іншыя ж казалі: "Гэта Хрыстос". А яшчэ іншыя гаварылі: "Ці ж Хрыстос прыйдзе з Галілеі?

42 Ці ж Пісаньне ня кажа, што Хрыстос прыйдзе з роду Давіда, і зь мястэчка Бэтлеем, скуль быў Давід?"

43 З гэтае прычыны дайшло да спрэчкі ў народзе.

44 Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.

45 Прыйшлі затым слугі да сьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі: "Чаму вы Яго не прывялі?"

46 Слугі адказалі: "Ніводзін чалавек так не гаварыў, як Ён".

47 Дык адказалі ім фарысэі: "Ці і вы ім зьведзены?

48 Ці ўверыў у Яго хоць хто з фарысэяў або начальнікаў?

49 А гэта грамада, якая ня ведае закону, праклятая".

50 Сказаў ім Мікодым, той, што прыходзіў да Яго ноччу, а быў адным з іх:

51 "Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не праверыць, што ён робіць?"

52 У адказ яму сказалі: "Ці і ты не з Галілеі? Пашукай і пераканайся, што прарок не зьявіцца з Галілеі".

53 Ды разыйшліся кожны ў свой дом.

 

Разьдзел 8
Хрыстос дароўвае грэшніцы

1 Затым Езус пайшоў на Аліўную гару.

2 А на сьвітаньні вярнуўся зноў у сьвятыню, і ўвесь народ падыйшоў да Яго, і Ён сеў і навучаў іх.

3 Тут прывялі кніжнікі і фарысэі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе на сярэдзіне,

4 ды сказалі Яму: "Вучыцель, гэтую жанчыну злавілі толькі што на чужалостве.

5 Майсей у законе загадаў нам такія каменаваць. Дык Ты што скажаш?"

6 Казалі ж гэта, зводзячы Яго, каб магчы абвінаваціць. А Езус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.

7 Калі аднак не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: "Хто з вас бяз грэху, няхай першы кіне ў яе камень".

8 І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

9 Пачуўшы гэта, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшых, ды застаўся толькі адзін Езус, і жанчына, стоячы на сярэдзіне.

10 Падняўшыся, Езус сказаў ёй: "Жанчына, дзе ж твае вінавацелі? Ніхто цябе не асудзіў?"

11 Адказалі яна: "Ніхто, Госпадзе". Дык Езус сказаў: "І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы".

Сьвятло сьвету

12 Затым зноў навучаў іх Езус і казаў: "Я - сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у поцемках, але будзе мець сьвятло жыцьця".

13 Дык сказалі Яму фарысэі: "Ты сам аб сабе сьведчыш; сьведчаньне Тваё не праўдзівае".

14 У адказ Езус сказаў ім: "Хоць Я сьведчу пра сябе, праўдзівым ёсьць сьведчаньне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, скуль прыходжу або куды іду.

15 Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.

16 А калі суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, які Мяне паслаў.

17 Дый у законе вашым напісана, што сьведчаньне двух людзей ёсьць праўдзівае.

18 Я даю сам аб сабе сьведчаньне, і сьведчыць аба Мне Айцец, які Мяне паслаў".

19 Дык сказалі Яму: "А дзе ж Твой Айцец?" Адказаў Езус: "Вы ані Мяне ня ведаеце, ані Айца Майго. Бо калі б вы Мяне ведалі, зналі б і Айца Майго".

20 Гэтыя словы выказаў Езус, навучаючы ў сьвятыні пры скарбцу. І ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ не надыйшла пара Ягоная.

Спрадвечнае сыноўства Езуса

21 І зноў сказаў ім Езус: "Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памрыцё ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсьці ня можаце".

22 Дык казалі Юдэі: "Ці ж меўся б забіць сам сябе, бо кажа: Куды Я іду, вы ня можаце пайсьці?"

23 Езус сказаў ім: "Вы - ад нізу, а Я - з вышыні, вы - з гэтага сьвету, а Я - не з гэтага сьвету.

24 Дзеля таго Я вам сказаў, што памрыцё ў вашых грахах; бо калі не паверыце, што Я ёсьць, - памрыцё ў грахах вашых".

25 Дык казалі Яму: "Хто Ты?" Сказаў ім Езус: "Адпачатны, і так вам гавару.

26 Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць, але Той, хто Мяне паслаў, годны веры, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю сьвету".

27 Аднак не зразумелі, што гаварыў пра Айца.

28 Сказаў ім тады Езус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсьць, ды што сам ад сябе нічога не раблю, але тое кажу, чаго Мяне навучыў Айцец.

29 Той, хто Мяне паслаў, ёсьць са Мной і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю тое, што Яму падабаецца".

30 Калі Ён гэта казаў, многія ўверылі ў Яго.

Сыны Абрагама і сыны д'ябла

31 Гаварыў затым Езус да Юдэяў, якія Яму ўверылі: "Калі вытрываеце ў слове Маім, станецеся праўдзіва Маімі вучнямі

32 і пазнаеце праўду, а праўда вас асвабодзіць".

33 Адказалі Яму: "Мы - патомства Абрагама, і мы ніколі не былі ў нічыёй няволі; як жа затым кажаш, што будзем свабодныя?"

34 Адказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць, ёсьць нявольнік грэху.

35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна. Сын жа жыве вечна.

36 Таму, калі Сын вас асвабодзіць, сапраўды свабоднымі будзеце.

37 Ведаю, што вы - патомства Абрагама, але хочаце Мяне забіць, таму што словы Мае вам незразумелыя.

38 Я гавару пра тое, што Я бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што вы бачылі ў айца вашага".

39 У адказ сказалі Яму: "Бацькам нашым ёсьць Абрагам". Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сыны Абрагама, спаўнялі б чыны Абрагама.

40 А вы хочаце цяпер Мяне забіць, чалавека, Які вам казаў праўду, якую чуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў!

41 Але вы спаўняеце чыны айца вашага". Сказалі тады Яму: "Мы - ня дзеці, народжаныя ў чужалостве: аднаго маем Айца-Бога".

42 Сказаў ім тады Езус: "Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і іду, і ня сам ад сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.

43 Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы ня можаце слухаць словы Мае.

44 Вы - ад бацькі д'ябла, і жаданьне бацькі вашага выконваць хочаце. Ён - забойца ад пачатку і ў праўдзе ня вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусьню, гаворыць ад сябе, бо ён - хлус і бацька хлусьні.

45 А як Я праўду кажу, ня верыце Мне.

46 Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне ня верыце?

47 Хто з Бога, той словы Божыя слухае, а вы таму ня слухаеце, што вы ня з Бога".

Езус і Абрагам

48 У адказ сказалі Яму Юдэі: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты - Самаранін і дэмана маеш?"

49 Адказаў ім Езус: "Я дэмана ня маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зьневажаеце.

50 Я не шукаю сваёй славы, але ёсьць Той, хто шукае і судзіць.

51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі хто зьберажэ словы Мае, ня ўгледзіць сьмерці вечна".

52 Дык Юдэі сказалі Яму: "Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. І Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто зьберажэ словы Мае, не спазнае сьмерці вечна".

53 Ці Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. За каго Ты ўважаешся?"

54 Адказаў Езус: "Калі Я сам сябе слаўлю, хвала Мая - нішто. Але ёсьць Айцец Мой, каторы Мяне славіць, і аб каторым вы кажаце, што Ён - Бог ваш,

55 але вы не спазналі Яго. Але Я Яго ведаю, і калі б сказаў, што Яго ня ведаю, быў бы падобным вам хлусам. Але ведаю Я Яго і словы Яго берагу.

56 Абрагам, айцец ваш, узрадаваўся, калі ўбачыў дзень Мой, і ўбачыў, і ўсьцешыўся".

57 Сказалі Яму Юдэі: "Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш, і бачыў Абрагама?"

58 Сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым Абрагам быў, Я ёсьць".

59 Дык Юдэі хапілі камяні, каб каменаваць Яго, але Езус скрыўся і выйшаў са сьвятыні.

 

Разьдзел 9
Аздараўленьне сьляпога ад нараджэньня

1 Аднойчы, праходзячы, ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад нараджэньня.

2 Дык спыталіся Яго вучні Ягоныя: "Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"

3 Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы Божыя выявіліся на ім.

4 Я маю выконваць справы Таго, хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы рабіць.

5 Пакуль Я на сьвеце, Я - сьвятло сьвету".

6 Гэта сказаўшы, плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,

7 кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Сілёэ", што значыць Пасланы. Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся бачачы.

8 Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?"

9 Адны казалі, што гэта ён, а іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я".

10 Дык пыталіся тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"

11 І ён казаў: "Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілёэ і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і бачу".

12 Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".

13 Дык завялі таго, што быў сьляпым, да фарысэяў.

14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і вярнуў яму зрок.

15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарысэі, у які спосаб ён стаў бачыць". А ён сказаў ім: "Ён мне памазаў балотам вочы, я абмыўся і бачу".

16 Дык казалі некаторыя з фарысэяў: "Чалавек той, што не беражэ суботы, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія знакі?" Гэтак дайшло да падзелу між імі.

17 Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты скажаш пра Таго, што табе зрок вярнуў?" Ён жа сказаў: "Гэта прарок!"

18 Юдэі аднак не паверылі яму, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.

19 Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён - ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?"

20 Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён - наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,

21 але якім чынам цяпер бачыць - ня ведаем, ня ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе расказвае".

22 Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.

23 Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".

24 Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек - грэшны".

25 Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу".

26 Дык пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"

27 Ён адказаў ім: "Я ўжо казаў вам, а вы ня слухалі, чаму зноў хочаце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"

28 Яны дакаралі яго і казалі: "Гэта ты - Яго вучань, а мы - вучні Майсея.

29 Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты - ня ведаем".

30 А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".

31 Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго спаўняе, таго выслухоўвае.

32 Ад веку ня чута, каб хто народжанаму сьляпым вочы адкрыў.

33 Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".

34 У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго вон.

35 Пачуў Езус, што яго выкінулі вон, і, спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?"

36 Ён у адказ спытаўся: "А хто Ён, Госпадзе, каб я мог у Яго верыць?"

37 Сказаў яму Езус: "Ты ўжо бачыў Яго, і Той, хто з табою гаворыць, гэта Ён".

38 Дык ён сказаў: "Веру, Госпадзе!" І, упаўшы, пакланіўся Яму.

39 І сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі".

40 Пачулі гэта некаторыя з фарысэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"

41 Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак уважаеце, што бачыце, таму грэх трывае ў вас.

 

Разьдзел 10
Добры Пастыр

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік.

2 А хто ўваходзіць праз дзьверы, той пастыр авец.

3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць Яго голасу, і свае авечкі кліча ён па імю ды выводзіць іх.

4 А калі выпусьціць свае авечкі, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас.

5 Але за чужым яны ня пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых ня ведаюць".

6 Такую прыповесьць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі таго, што ім гаварыў.

7 Дык сказаў ім Езус паўторна: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я - дзьверы для авец.

8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, - злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.

9 Я - дзьверы. Калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.

10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.

11 Я - пастыр добры. Добры пастыр жыцьцё аддае за свае авечкі.

12 Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага ваўка, кідае авечкі ды ўцякае, а воўк хапае і разганяе авечкі.

13 Найміт жа ўцякае, бо ён - найміт, і ня рупіцца пра авечкі.

14 Я - добры пастыр і ведаю свае, і яны Мяне ведаюць,

15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыцьцё Маё адддаю за авечкі.

16 Ды і іншыя маю, якія ня з гэтай аўчарні, і тыя мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адно стада і адзін пастыр.

17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыцьцё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.

18 Ніхто Мне яго не адбірае, але Я са сваёй волі аддаю яго. Маю моц ахвяраваць яго і маю моц яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго".

19 Дзеля таго ўзьнікла зноў спрэчка між Юдэямі дзеля гэтых словаў.

20 Затым многія з іх гаварылі: "Чарта мае і шалее! Пашто Яго слухаць?"

21 Іншыя ж казалі: "Гэта ня словы апанаванага ліхім. Ці ж дэман можа сьляпым адкрываць вочы?"

Езус - адно з Айцом

22 Выпала тады ў Ерузаліме ўрачыстасьць Пасьвячэньня Сьвятыні, а была зіма.

23 І хадзіў Езус па сьвятыні ў прысенках Салямона.

24 Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты - Хрыстос, скажы нам яўна".

25 Адказаў ім Езус: "Кажу ж вам, а вы ня верыце. Учынкі Мае, каторыя выконваю ў імя Айца Майго, сьведчаць пра Мяне.

26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец.

27 Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной.

28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не прападуць да веку, і ніхто ня вырве іх з рукі Айца.

29 Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рук Айца Майго.

30 Я і Айцец - адно".

31 Дык Юдэі хапілі каменьні, каб Яго ўкаменаваць.

32 Сказаў ім Езус: "Многа добрых учынкаў выявіў Я вам ад Айца; дык за які з гэтых учынкаў хочаце ўкаменаваць Мяне?"

33 Адказалі Яму Юдэі: "Не камянуем Цябе за добры ўчынак, але за блюзьнерства, за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам".

34 Адказаў ім Езус: "Ці ж у законе вашым не напісана: "Я сказаў: вы - багі"?

35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, а Пісаньне памыліцца ня можа,

36 аб Тым, каго Айцец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце, што блюзьніць, бо сказаў: Я - Сын Божы.

37 Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.

38 Але калі раблю, дык калі вы Мне верыць ня хочаце, верце ўчынкам, каб спазналі і ведалі, што Айцец - у-ва Мне, а Я - у Айцу".

39 Стараліся затым Яго ўзяць, але Езус ухіліўся ад іхніх рук.

Езус ідзе за Ярдан

40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысьціў Ян, ды там прабываў.

41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: "Ян, што праўда, ніводнага знаку не ўчыніў. Але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай".

42 І многія там уверылі ў Яго.

 

Разьдзел 11
Апошняе падарожжа ў Ерузалім
Уваскрашэньне Лазара

1 Быў жа захварэў нейкі Лазар з вёскі Бэтанія, дзе жыла Марыя і яе сястра Марта.

2 Марыя ж была тая, што намасьціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Ягоныя сваімі валасамі, яе вось брат Лазар захварэў.

3 Сёстры паслалі да Яго вестку: "Госпадзе, вось жа той, каго любіш, хворы".

4 Пачуўшы гэта, Езус сказаў: "Хвароба гэта не на сьмерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы".

5 А Езус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.

6 Калі пачуў, што той хворы, замарудзіў тады яшчэ два дні ў тым месцы.

7 Потым сказаў вучням сваім: "Хадземце зноў у Юдэю".

8 Сказалі Яму вучні: "Раббі, толькі што хацелі Цябе ўкаменаваць Юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?"

9 Адказаў Езус: "Ці не дванаццаць гадзін мае дзень? Калі хто ходзіць у дзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету.

10 Але калі ходзіць ноччу, спатыкаецца, бо няма ў ім сьвятла".

11 Сказаў так, а потым гаворыць ім: "Лазар, наш сябар, сьпіць, але Я іду яго абудзіць".

12 Сказалі Яго вучні: "Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы",

13 Езус жа казаў аб сьмерці яго, а яны думалі, што казаў аб заснуцьці.

14 Тады сказаў ім Езус адкрыта: "Лазар памёр.

15 Цешуся ж, што там Мяне не было, каб вы ўверылі. Дык хадземце да яго".

16 А Тамаш, званы Дыдымас, азваўся да таварышаў: "Хадзем і мы разам з ім памерці".

17 Затым прыйшоў Езус і знайшоў Лазара ўжо чатыры дні лежачага ў магіле.

18 А Бетанія знаходзілася блізка Ерузаліму, каля пятнаццаці стадыяў.

19 Да Марыі ж і Марты назьбіралася многа Юдэяў пацяшаць іх па памершым браце.

20 Як толькі пачула Марта, што Езус ідзе, пабегла і пераняла Яго, а Марыя засталася дома.

21 Сказала тады Марта Езусу: "Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

22 Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасьць Табе Бог".

23 Сказаў ёй Езус: "Уваскрэсьне брат твой".

24 Кажа Яму Марта: "Ведаю, што ўваскрэсьне пры ўваскрасеньні ў апошні дзень".

25 Сказаў ёй Езус: "Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе.

26 І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ павек. Верыш у гэта?"

27 Кажа Яму: "Так, Госпадзе; я веру, што Ты - Хрыстос, Сын Божы, які прыйшоў на гэты сьвет".

28 Гэта сказаўшы, яна пайшла і, ціха паклікаўшы сястру сваю, Марыю, сказала: "Вучыцель прыйшоў і кліча цябе".

29 Пачуўшы гэта, яна скора паднялася і пайшла да Яго;

30 бо Езус ня быў яшчэ ўвайшоўшы ў сяло, але затрымаўся на тым месцы, дзе Яго пераняла Марта.

31 А Юдэі, што былі з ёй у доме і пацяшалі яе, убачыўшы, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, бо казалі: "Ідзе да магілы, каб там плакаць".

32 Марыя ж, калі прыйшла да месца, дзе стаяў Езус, убачыўшы Яго, упала Яму да ног ды казала Яму: "Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой".

33 А калі Езус убачыў яе, плачучую, і Юдэяў, што з ёй прыйшлі, плачучых, разжаліўся ў духу і, узрушаны,

34 спытаўся: "Дзе палажылі яго?" Кажуць Яму: "Госпадзе, пайдзі і паглядзі".

35 Езус заплакаў.

36 Дык казалі Юдэі: "Во як яго Ён любіў".

37 А некаторыя з іх казалі: "Ці ня мог Ён, што адкрыў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?"

38 А Езус, разжалены зноў, прыйшоў да магілы. А была гэта пячора і камень быў на ёй паложаны.

39 Сказаў Езус: "Прыміце камень!" Дык сказала Марта, сястра памёршага: "Госпадзе, ужо сьмярдзіць ад яго, бо ўжо чатыры дні ў магіле".

40 Кажа ёй Езус: "Ці ж Я табе не казаў, што калі ўверыш, убачыш хвалу Божую?"

41 Дык прынялі камень. Езус жа, падняўшы вочы свае, сказаў: "Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.

42 Я бо ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але сказаў гэта дзеля народу, які стаіць кругом, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў".

43 Гэта сказаўшы, закрычаў моцным голасам: "Лазар, выйдзі з магілы!"

44 І адразу выйшаў той, што быў памёршы, маючы рукі і ногі зьвязаныя павязкамі, а твар абвязаны хусткай. Сказаў ім Езус: "Развяжыце яго і пусьціце хадзіць".

Нарада сьвятароў

45 Дык многа Юдэяў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты, ды бачылі, што ўчыніў Езус, уверыла ў Яго.

46 Некаторыя ж з іх пайшлі да фарысэяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.

47 Дык сабралі першасьвятары і фарысеі Раду і казалі: "Што нам рабіць? Бо чалавек гэты робіць многа знакаў.

48 Калі так Яго пакінем, дык усе ўвераць у Яго, і прыйдыць Рымляне, і забяруць наш край і народ".

49 Дык адзін з іх, Каяфа, які быў у тым годзе першасьвятаром, сказаў ім: "Вы нічога ня ведаеце,

50 ані ня думаеце, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ, чым увесь народ меў прападаць".

51 А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасьвятар у гэтым годзе праракаваў, што Езус меў памерці за народ.

52 Ды ня толькі за народ, але каб сабраць у адно сыноў Божых, што былі раскіданыя.

53 Ад таго дня думалі толькі як Яго забіць.

Езус у Эфрэме

54 Таму Езус не хадзіў ужо яўна сярод Юдэяў, але адыйшоў у мясцовасьць блізка пустыні, у горад, званы Эфрэм, і там прабываў з вучнямі.

55 А надыходзіла Пасха Юдэйская, і многа людзей з усяго краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысьціцца.

56 Дык шукалі Езуса і казалі адны другім, стоячы ў сьвятыні: "Што думаеце? Ці ня прыйдзе Ён на сьвята?"

57 А першасьвятары і фарысэі загадалі, каб кожны, хто даведаецца пра Яго, дзе Ён прабывае, паведаміў, каб Яго ўзяць.

 

Разьдзел 12
Намашчэньне Езуса ў Бэтаніі

1 А за шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, якога Езус падняў з мёртвых.

2 Дык прыгатавалі Яму там вячэру, у якой Марта паслугавала, а Лазар быў адным з седзячых з Ім пры стале.

3 Марыя ж узяла фунт каштоўнага алею нардовага і намасьціла ногі Яму, і абцёрла сваімі валасамі Ягоныя ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.

4 Сказаў тады адзін з вучняў Яго, Юда Іскарыёт, які меў Яго выдаць:

5 "Чаму гэта не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?"

6 А казаў гэта не таму, што рупіўся пра ўбогіх, але што быў злодзей ды, маючы капшук, насіў тое, што туды клалі.

7 Сказаў яму Езус: "Пакінь яе, бо яна гэта зрабіла на дзень Майго пахаваньня.

8 Убогіх паміж сябе заўсёды маеце, а Мяне - не заўсёды".

9 І шмат хто з-паміж Юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі ня толькі дзеля Езуса, але і каб убачыць Лазара, каторага Ён ўваскрасіў з мёртвых.

10 Дык першасьвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,

11 бо многа Юдэяў адыходзіла ад іх дзеля яго і ўверыла ў Езуса.

Урачысты ўезд Езуса ў Ерузалім

12 А назаўтра вялікая грамада, што была прыйшоўшы на сьвята, калі пачула, што Езус ідзе ў Ерузалім,

13 назьбірала пальмавых галінак і пераняла Езуса, гамонячы: "Гасанна! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада, Кароль Ізраэля".

14 Езус жа знайшоў асьляня і сеў на яго, як напісана:

15 "Ня бойся, дачка Сыёну! Вось жа Кароль твой прыбывае, седзячы на асьляняці".

16 Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але калі Езус ўжо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі сабе, што так было пра Яго напісана і што так Яму было і зроблена.

17 Таксама сьведчылі (пра Яго) і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.

18 Таму вось натоўп людзей выйшаў Яму на спатканьне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.

19 Фарысэі ж казалі паміж сабою: "Бачыце, мы не дамо рады. Увесь сьвет пайшоў за Ім".

Гадзіна Сына Чалавечага

20 Між тымі, што прыбылі на сьвята, каб пакланіцца Богу, былі таксама Грэкі.

21 Яны вось зьвярнуліся да Філіпа, што быў з Бетсаіды Галілейскай і прасілі яго: "Васпане, хочам пабачыць Езуса".

22 Дык пайшоў Філіп і сказаў Андрэю, а Андрэй і Філіп сказалі Езусу.

23 А Езус у адказ сказаў ім: "Прыйшла пара, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.

24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца само; а калі памрэ, дасьць багаты плён.

25 Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто мае ў нянавісьці сваё жыцьцё на гэтым сьвеце, зьберажэ яго на жыцьцё вечнае.

26 Хто б хацеў Мне служыць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і слуга Мой. Калі хто Мне служыць, славіць яго Айцец.

27 Цяпер стрывожылася душа мая. Што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтае гадзіны? Але ж Я прыйшоў дзеля гэтай гадзіны.

28 Ойча, праслаў імя Тваё!" І азваўся голас з неба: "Праславіў і яшчэ праслаўлю!"

29 А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела. А іншыя казалі: "Анёл прамовіў да Яго".

30 У адказ сказаў Езус: "Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.

31 Цяпер суд гэтага сьвету, цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты вон.

32 А Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх пацягну да сябе".

33 А казаў гэта, прадказваючы, якою сьмерцю мае памерці.

34 Адказаў Яму натоўп: "Мы чулі з закону, што Хрыстос трывае вечна, а як жа Ты кажаш, што трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?"

35 Сказаў ім тады Езус: "Яшчэ толькі коратка будзе сьвятло сярод вас. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не агарнула. Бо хто ў цемры ходзіць, ня ведае, куды ідзе.

36 Пакуль маеце сьвятло, верце сьвятлу, каб былі вы сынамі сьвятла". Гэта сказаў Езус і адыйшоў, ды схаваўся ад іх.

Недаверства Юдэяў

37 Ды хоць так многа знакаў даканаў перад імі, ня верылі ў Яго,

38 каб споўніліся словы, якія сказаў Ісая прарок, кажучы: "Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды плячо Госпада каму было аб'яўлена?"

39 Дзеля таго не змаглі ўверыць, бо як далей сказаў Ісая:

40 "Засьляпіў вочы іхнія і закамяніў сэрца іхняе, каб вачыма ня бачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, ды каб Я не аздаравіў іх".

41 Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.

42 Усё ж такі многа з начальнікаў уверыла ў Яго, але са страху перад фарысэямі не прызнаваліся, каб іх ня выключылі з сынагогі;

43 бо хвалу людзей больш узьлюбілі, чым хвалу Божую.

Суд праз Слова

44 А Езус клікаў, кажучы: "Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, хто паслаў Мяне.

45 І хто Мяне бачыць, бачыць Таго, хто паслаў Мяне.

46 Я сьвятлом прыйшоў на сьвет, каб ніхто хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.

47 І хто б слухаў словы Мае, а не зьбярох, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.

48 Хто грэбуе Мною і не прыймае словаў Маіх, той ўжо мае суддзю свайго: Слова, што Я сказаў, асудзіць яго ў апошні дзень.

49 Бо Я не ад самога сябе гаварыў, але Айцец, які Мяне паслаў, Ён Мне загадаў, што маю гаварыць і вясьціць.

50 І Я ведаю, што загад Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Таму, што Я гавару, гавару так, як Мне сказаў Айцец".

 

Разьдзел 13
Апошняя Вячэра
Абмываньне ног Апосталам

1 А перад днём сьвята Пасхі Езус, ведаючы, што надыйшла пара Яго, каб адыйсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, што былі на сьвеце, аж да канца іх узьлюбіў.

2 І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,

3 Езус, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,

4 падняўся ад стала вячэры, і скінуў сваё адзеньне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

5 Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.

6 Гэтак падыходзіць да Сымона Пятра. Дык кажа Яму (Пётар): "Госпадзе, няўжо Ты мне будзеш мыць ногі?"

7 У адказ кажа яму Езус: "Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш".

8 Кажа Яму Пётар: "Ніколі ня будзеш мне мыць ног". Адказаў яму Езус: "Калі Я цябе не абмыю, ня будзеш мець удзелу са Мной".

9 Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву".

10 Кажа яму Езус: "Хто памыты, патрабуе толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты. Вы таксама чыстыя, але ня ўсе".

11 Бо ведаў, хто гэта меў выдаць Яго, таму сказаў: "Ня ўсе вы чыстыя".

12 Калі затым памыў ногі іхнія і апрануў адзеньне сваё, сеў пры стале і сказаў ім: "Ці разумееце, што Я вам зрабіў?

13 Вы Мяне называеце Вучыцелем і Госпадам, і добра кажаце, бо Я ім ёсьць.

14 Дык калі Я, Госпад і Вучыцель, памыў вам ногі, дык і вы павінны адзін другому мыць ногі.

15 Вось жа даў вам прыклад, як Я вам зрабіў, каб так і вы рабілі.

16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Слуга ня большы за гаспадара свайго, ані таксама пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.

17 Калі пра гэта ведаеце, шчасьлівыя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.

18 Не аб усіх вас гавару. Ведаю Я, каго выбраў, але няхай споўніцца Пісаньне: "Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю".

19 Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсьць.

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, хто паслаў Мяне".

Выяўленьне здрадніка

21 Езус, сказаўшы гэта, разжаліўся ў духу і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".

22 Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім Езус гаворыць.

23 А адзін з вучняў, той, якога Езус любіў, супачываў на ўлоньні Езуса.

24 Дык кіўнуў яму Сымон Пётар, каб спытаўся, хто гэта, аб кім Ён гаворыць.

25 І ён, апіраючыся на грудзях Езуса, пытаецца ў Яго: "Госпадзе, а хто гэта?"

26 Адказаў Езус: "Гэта той, каму падам умочаны хлеб". І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.

27 І па зьядзеньні хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык сказаў яму Езус: "Што маеш рабіць, рабі чым хутчэй".

28 З седзячых за сталом ніхто не зразумеў, чаму так яму сказаў.

29 Некаторыя думалі, што як Юда мае купшук, то Езус даў яму даручэньне: "Купі чаго нам трэба на сьвята", або каб што раздаў убогім.

30 Той жа, узяўшы кусок, адразу выйшаў. А была ноч.

Разьвітальная прамова Езуса
Новае прыказаньне

31 А калі выйшаў, Езус сказаў: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.

32 А калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў сабе ды ўславіць небавам.

33 Сыночкі! Нядоўга ўжо буду з вамі. Будзеце Мяне шукаць, але як сказаў Юдэям: Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце, так і вам цяпер кажу.

34 Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узьлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.

35 Па тым пазнаюць усе, што вы - Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога".

Прадказаньне вырачэньня Пятра

36 Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, куды ідзеш?" Адказаў Езус: "Куды Я іду, ты цяпер ня можаш прыйсьці, але потым прыйдзеш за Мною".

37 Кажа Яму Пётар: "Чаму я цяпер не магу пайсьці за Табой? Жыцьцё сваё аддам за Цябе".

38 Адказаў яму Езус: "Жыцьцё ты за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Перш чым певень запяе, тры разы вырачашся Мяне.

 

Разьдзел 14
Дарога да Айца

1 Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце.

2 У доме Айца Майго жытла многа. Калі б было інакш, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца.

3 І калі адыйду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыйму вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.

4 І куды Я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце".

5 Сказаў Яму Тамаш: "Госпадзе, ня ведаем, куды ідзеш, а як жа можам ведаць дарогу?"

6 Кажа яму Езус: "Я - дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.

7 Калі б вы Мяне былі пазнаўшы, то напэўна пазналі б і Айца Майго; але ўжо ведаеце Яго і ўжо бачылі Яго".

8 Кажа Яму Філіп: "Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам".

9 Кажа яму Езус: "Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Філіп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты можаш казаць: "Пакажы нам Айца"?

10 Ня верыце, што Я - у Айцу, а Айцец - у-ва Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад сябе самога кажу: Айцец, які ў-ва Мне, Ён робіць даконы свае.

11 Верце Мне, што Я - у Айцу, а Айцец - у-ва Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце.

12 Сапраўды, сапраўды, кажу вам: Хто верыць у Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, а нават большыя даканае, бо Я іду да Айца.

13 І пра што толькі прасіць будзеце Айца ў імя Маё, споўню гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне.

14 Калі Мяне аб што прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта.

Прадсказаньне Пацяшыцеля

15 Калі Мяне любіце, беражыце прыказаньні Мае.

16 І Я буду прасіць Айца, і іншага Пацяшыцеля дасьць вам, каб заставаўся з вамі навек,

17 Духа праўды, якога сьвет ня можа прыняць, бо Яго ня бачыць і ня ведае. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас прабывае ды ў вас будзе.

18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

19 Яшчэ трохі, і сьвет Мяне ўжо ня ўбачыць. Але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.

20 Вось у той дзень пазнаеце, што Я - ў Айцу Маім, і вы - ў-ва Мне, і Я - ў вас.

21 Хто мае прыказаньні Мае і беражэ іх, той вось Мяне любіць. А хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб'яўлю яму сябе самога".

22 Сказаў Яму Юда, але не Іскарыёт: "Госпадзе, чаму гэта маеш аб'явіцца нам, а ня сьвету?"

23 У адказ сказаў яму Езус: "Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго.

24 Хто Мяне ня любіць, не беражэ слова Майго. А слова, каторае чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.

25 Гэта вам сказаў, між вас прабываючы.

26 А Пацяшыцель, Дух Сьвяты, якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяго навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.

27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае сьвет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае, і няхай не баіцца.

28 Чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец большы, чым Я.

29 І цяпер сказаў Я вам, перш чым станецца тое, каб калі станецца, паверылі.

30 Шмат ужо ня буду вам гаварыць. Надыходзіць вось князь гэтага сьвету, але ён ня мае нічога ў-ва Мне,

31 але каб сьвет пазнаў, што Я люблю Айца ды як Айцец Мне загадаў, так раблю. Падымецеся, хадземце адсюль.

 

Разьдзел 15
Ушчэп вінаградны

1 Я ёсьць праўдзівы вінаградны ушчэп, а Айцец Мой - вінаградар.

2 Усякую галінку, якая ў-ва Мне не прыносіць плоду, Ён адсякае, а тую, што прыносіць плод, ачышчае, каб болей прыносіла плоду.

3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

4 Будзьце ў-ва Мне, і Я - у вас. Як галінка ня можа пладаваць сама з сябе, калі ня будзе на вінаградным ушчэпе, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне.

5 Я - вінаградны ўшчэп, а вы - галіны. Хто прабывае ў-ва Мне, і Я - ў ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы ня можаце нічога зрабіць.

6 Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і падбяруць яе, і кінуць у агонь, і там згарыць.

7 Калі будзеце ў-ва Мне, і словы Мае ў вас, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.

8 У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плоду прынясіцё ды станецеся Маімі вучнямі.

9 Як Мяне ўзьлюбіў Айцец, так і Я ўзьлюбіў вас. Трывайце ў Маёй любові.

10 Калі зьберажэце Мае прыказаньні, вытрываеце ў Маёй любові, як і Я зьбярог прыказаньні Айца Майго і трываю ў Яго любові.

11 Гэта Я вам сказаў, каб радасьць Мая была ў вас, ды каб радасьць ваша была поўнай.

Сяброўства з Езусам

12 Гэта вось Маё прыказаньне, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я узьлюбіў вас.

13 Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх сяброў.

14 Вы - сябры Мае, калі спаўняць будзеце тое, што Я загадваю вам.

15 Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны. А Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, пераказаў вам.

16 Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і давалі плод, ды каб ваш плод трываў, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.

17 Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін другога.

Нянавісьць сьвету

18 Калі вас сьвет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зьневідзеў перш, чым вас.

19 Каб вы былі са сьвету, сьвет любіў бы тое, што яго; але вы не са сьвету, бо Я вас выбраў са сьвету, таму вас сьвет ненавідзіць.

20 Памятайце Мае словы, якія Я вам сказаў: Слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне перасьледавалі, дык і вас перасьледаваць будуць. А калі вы Маё слова зьбераглі, дык і вашае берагчы будуць.

21 А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, хто Мяне паслаў.

22 Калі б Я ня быў прыйшоўшы і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, але цяпер ня маюць апраўданьня з свайго грэху.

23 Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.

24 Калі б, будучы сярод іх, не чыніў даконаў, якіх не чыніў ніхто іншы, ня мелі б грэху, але ж цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Айца Майго.

25 Але, каб споўнілася слова, напісанае ў іхнім Законе: "Зьненавідзелі Мяне без прычыны".

26 А калі прыйдзе Пацяшыцель, якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, каторы ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сьведчыць будзе.

27 І вы (пра Мяне) сьведчыць будзеце, бо вы ад пачатку са Мною.

 

Разьдзел 16
Перасьледаваньні

1 Гэта Я сказаў вам, каб вы ня горшыліся.

2 Выключаць вас з сынагогаў; нават надыходзіць час, што кожны, хто забіваць вас будзе, будзе думаць, што прыслугу Богу робіць.

3 А гэтак з вамі паступаць будуць, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

4 Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыйдзе іхняя пара, успомнілі на тое, што Я вам сказаў. Не гаварыў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.

Суд Духа Сьвятога

5 А цяпер іду да Таго, хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытае Мяне: "Куды ідзеш?"

6 Але, калі Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў вашыя сэрцы.

7 Але Я вам кажу праўду: Лепей для вас, каб Я пакінуў вас, бо калі не пакіну, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас; а калі адыйду, пашлю Яго да вас.

8 І калі Ён прыйдзе, пераканае сьвет у грэху, справядлівасьці і судзе:

9 у грэху, бо ня вераць у Мяне;

10 у справядлівасьці, бо іду да Айца, ды ўжо Мяне ня ўбачыце;

11 а ў судзе, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.

12 Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер ня можаце ўцяміць.

13 Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўды. Бо не ад сябе гаварыць будзе, але што толькі пачуе, тое скажа, ды што мае быць, вам аб'явіць.

14 Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам аб'явіць.

15 Усё, што мае Айцец, ёсьць Маім. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам аб'явіць.

Прадказаньне паўторнага прыйсьця

16 Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, і зноў небавам будзеце Мяне аглядаць, бо іду да Айца".

17 Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: "Што гэта значыць, што Ён нам кажа: "Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, ды зноў небавам, будзеце аглядаць Мяне", і што значыць: "Іду да Айца"?"

18 Дык пыталіся: "Што значыць, што кажа: "Небавам"? Ня ведаем, што гаворыць?"

19 Пазнаў Езус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: "Пытаецеся між сабой, што Я сказаў: "Хутка ня будзеце бачыць Мяне, ды зноў небавам убачыце Мяне"?

20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць, а сьвет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасьць.

21 Жанчына, калі родзіць, боль церпіць, бо надыходзіць яе пара, а калі дзіця народзіць, ня памятае свайго болю з радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.

22 Так і вы, цяпер сумуеце, але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто ўжо не адбярэ.

23 І ў той дзень ні пра што ня будзеце пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасьць вам.

24 Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўнай.

25 Гэта ўсё расказваў вам у прыповесьцях. Прыходзіць пара, што ўжо не ў прыповесьцях расказваць буду, але яўна аб'яўлю вам пра Айца.

26 У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас,

27 бо сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў.

28 Я выйшаў ад Айца і прыйшоў на сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца".

29 Сказалі Яму вучні Ягоныя: "Цяпер вось адкрыта гаворыш ды ніякай прыповесьці не расказваеш.

30 Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не патрабуеш, каб хто Цябе пытаўся. Дзеля таго верым, што Ты ад Бога прыйшоў".

31 Адказаў ім Езус: "Цяпер верыце?

32 Вось жа надыходзіць час, і ўжо надыйшоў, калі расьсеецеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце. Але Я не адзін, бо Айцец са Мной.

33 Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой у-ва Мне; на сьвеце будзеце мець прыгнёт, але спадзявайцеся, Я перамог сьвет".

 

Разьдзел 17
Першасьвятарская малітва
Малітва аб праслаўленьні

1 Так прамаўляў Езус; і падняўшы вочы свае да неба, маліўся: "Ойча, прыйшла пара: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе.

2 Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб усім, каго Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.

3 А гэта жыцьцё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Езуса Хрыста, Якога Ты паслаў.

4 Я праславіў Цябе на зямлі, споўніў даручэньне, якое Мне даў зрабіць;

5 а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе самога тою хвалою, якую Я меў ў Цябе перш, чым паўстаў сьвет.

Малітва за вучняў

6 Я аб'явіў імя Тваё людзям, каторых Ты мне даў са сьвету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны зьбераглі слова Тваё.

7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, ад Цябе паходзіць.

8 Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды пазналі, што Я ад Цябе прыйшоў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.

9 Я за іх прашу, не прашу за сьвет, але за тых, каторых Ты Мне даў, бо яны - Твае.

10 І ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я ў іх праслаўлены.

11 Я ўжо не на сьвеце, але яны яшчэ на сьвеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Сьвяты, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.

12 Калі Я быў з імі, Я бярог іх у імя Тваё, тых, каторых Ты Мне даў, і захаваў ды ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісаньне.

13 А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на сьвеце, каб яны радасьць Маю поўную мелі ў сабе.

14 Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет іх зьненавідзіў, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

15 Не прашу, каб іх узяў са сьвету, але каб іх усьцярог ад зла.

16 Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.

17 Асьвяці іх ў праўдзе; Слова Тваё ёсьць праўда.

18 Як Ты Мяне паслаў на сьвет, і Я іх паслаў на сьвет,

19 і за іх Я пасьвячаю сябе самога, каб і яны былі асьвечаны ў праўдзе.

Малітва за Царкву

20 Я ня толькі за іх прашу, але і за тых, што дзякуючы слову іх увераць у Мяне,

21 каб усе былі адно; як Ты, Ойча, у-ва Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб сьвет уверыў, што Ты Мяне паслаў.

22 І хвалу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно.

23 Я ў іх, і Ты ў-ва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб сьвет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.

24 Ойча, хачу, каб і тыя, каторых Ты Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб аглядалі хвалу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэньнем сьвету.

25 Ойча справядлівы, сьвет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў.

26 І Я аб'явіў ім імя Тваё і аб'яўлю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, ды Я ў іх".

 

Разьдзел 18
Езус перад сваімі суддзямі
Спайманьне Езуса

1 Сказаўшы гэта, Езус з вучнямі сваімі пайшоў за ручай Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі сваімі.

2 Але і Юда, які Яго выдаў, ведаў гэтае месца, бо Езус часта туды хадзіў са сваімі вучнямі.

3 Затым Юда, узяўшы кагорту (жаўнераў) і слугаў ад першасьвятароў і фарысэяў, прыйшоў туды з лятарнямі, сьветачамі і аружжам.

4 А Езус, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"

5 Адказалі Яму: "Езуса з Назарэту". Кажа ім Езус: "Гэта Я ёсьць". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.

6 Калі сказаў ім (Езус): "Гэта Я ёсьць", яны адступіліся назад ды ўпалі на зямлю.

7 Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".

8 Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я ёсьць. Калі Мяне шукаеце, дазвольце ім пайсьці",

9 каб споўнілася слова, якое быў Ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў".

10 Сымон жа Пётар, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхос.

11 Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у похвы. Ці ж Я ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"

Езус у Анны і Каяфы

12 Тады кагорта, і трыбун, ды слугі Юдэйскія ўзялі Езуса і зьвязалі Яго,

13 і прывялі Яго перш да Анны, бо быў цесьцем Каяфы, які быў таго года першасьвятаром.

14 Гэта той Каяфа, які даў параду Юдэям: "Лепш, каб адзін чалавек памёр за народ".

15 А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў з першасьвятаром, і таму ўвайшоў з Езусам на панадворак першасьвятара.

16 Пётар жа застаўся навонкі пры дзьвярах. Выйшаў тады другі вучань, які ведаў першасьвятара, пагаварыў з прыдзьверніцай, ды ўвёў Пятра.

17 Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і ня ты з вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "Не".

18 Там стаялі нявольнікі і слугі, якія распалілі вогнішча, бо было холадна, і грэліся. А разам з імі быў і Пётар, стоячы і грэючыся.

19 Першасьвятар жа пытаўся ў Езуса пра вучняў Ягоных і навуку Яго.

20 Адказаў яму Езус: "Я яўна гаварыў сьвету, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.

21 Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў; вось яны ведаюць, што Я ім казаў".

22 Калі гэта сказаў, дык адзін з слугаў, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш першасьвятару?"

23 Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"

24 Затым адаслаў Яго Анна зьвязанага да першасьвятара Каяфы.

Вырачэньне Пятра

25 А Сымон Пётар стаяў і грэўся. Дык сказалі яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Не!"

26 Дык адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, катораму Пётар адсёк вуха, сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"

27 Ды Пётр зноў запярэчыў; і зараз засьпяваў певень.

Езус перад Пілатам

28 Затым павялі Езуса ад Каяфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. І самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.

29 Выйшаў да іх Пілат і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"

30 Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў злачынцам, ня выдалі б Яго табе".

31 Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго паводле вашага закону". Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",

32 каб споўнілася слова Езуса, сказанае ім, якою сьмерцю меў памерці.

33 Дык увайшоў (Пілат) зноў у прэторыю, і, пазваўшы Езуса, спытаўся ў Яго: "Ты - кароль Юдэйскі?"

34 Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта пра Мяне?"

35 Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ Твой і першасьвятары выдалі мне Цябе. Што Ты нарабіў?"

36 Адказаў Езус: "Маё каралеўства ня з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў Я выдадзены Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не адгэтуль".

37 Сказаў Яму тады Пілат: "Дык Ты - Кароль?" Адказаў Езус: "Ты кажаш, што Я - Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".

38 Кажа Яму Пілат: "Што ёсьць праўда?" І, гэта сказаўшы, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.

39 У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля Юдэйскага?"

40 Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.

 

Разьдзел 19
"Вось Чалавек"!

1 Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго.

2 І жаўнеры, сплёўшы карону з церняў, усклалі на галаву Яму, і пурпуровую шату адзелі на Яго,

3 і падходзілі да Яго, і казалі: "Вітай, Кароль Юдэйскі!" Ды білі Яго па твары.

4 Тым часам Пілат выйшаў зноў навонкі і сказаў ім: "Вось жа выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны".

5 Выйшаў затым Езус у цярнёвай кароне і пурпуровай шаце. І сказаў ім (Пілат): "Вось чалавек!"

6 Дык калі Яго ўбачылі першасьвятары і іх слугі, дык закрычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!" Кажа ім Пілат: "Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо я ў Ім не знаходжу віны".

7 Адказалі яму Юдэі: "Мы маем закон, а па закону павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў сябе Сынам Божым".

8 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,

9 і зноў увёў у прэторыю, і спытаўся Езуса: "Скуль Ты?" Але Езус яму не адказаў.

10 Кажа Яму тады Пілат: "Не гаворыш да Мяне? Ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе ды маю ўладу пусьціць Цябе?"

11 Адказаў Езус: "Ня меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зьверху. Таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх".

12 Адгэтуль Пілат намагаўся пусьціць Яго. Але Юдэі крычалі: "Калі ты Яго выпусьціш, дык ты - непрыяцель цэзараў. Бо кожны, хто робіць сябе каралём, супрацівіцца цэзару".

Прысуд

13 Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Езуса навонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літостратос, а па-гебрайску - Габбата.

14 А быў гэта дзень Прыгатаваньня Пасхі, блізу гадзіна шостая. Сказаў Пілат Юдэям: "Вось Кароль ваш".

15 А яны закрычалі: "Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!" Кажа ім Пілат: "Караля вашага ўкрыжаваць!" Першасьвятары адказалі: "Ня маем караля, толькі цэзара".

16 Дык тады Пілат выдаў ім Езуса на ўкрыжаваньне. І ўзялі Езуса, і павялі.

Укрыжаваньне

17 І, нясучы крыж свой, прыйшоў на тое месца, што завецца Чараповішча, а па-гебрайску - Гальгота,

18 дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і другога, а пасярэдзіне Езуса.

19 Пілат прыгатовіў таксама надпіс і памясьціў над крыжам. А было напісана: "Езус Назарэец, Кароль Юдэйскі".

20 Многа Юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжаваньня было блізка горада; і было напісана па-гебрайску, па-грэцку і па-лацінску.

21 Дык казалі першасьвятары Юдэйскія Пілату: "Ня пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён сам казаў: "Я - Кароль Юдэйскі".

22 Пілат адказаў: "Што напісаў, тое напісаў".

23 Калі Езуса ўкрыжавалі, тады жаўнеры ўзялі адзеньне Яго і падзялілі на чатыры часткі для кожнага па адной, і сукню. А сукня была ня шытая, але ўся тканая зьверху ўніз.

24 Дык казалі яны адзін другому: "Ня будзем разьдзіраць яе, але кіньма жэрабя, чыёй мае быць", каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабой адзеньне Маё, а аб сукню Маю кідалі жэрабя". Так і зрабілі жаўнеры.

Запавет крыжа

25 А пад крыжам Езуса стаяла Маці Ягоная і сястра Маці Яго, Марыя Клеопава, поруч Марыя Магдалена.

26 Калі Езус убачыў Маці і вучня, каторага любіў, побач стаячага, сказаў Маці сваёй: "Жанчына, вось сын Твой!"

27 Затым сказаў вучню: "Вось Маці твая!" Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань да сябе.

Сьмерць Езуса

28 Пасьля таго Езус, ведаючы, што ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, сказаў: "Смагну".

29 А была там пастаўлена судзіна, напоўненая воцатам, дык (жаўнеры) намачылі губку ў воцат, насадзілі на трысьціну і паднялі да вуснаў Яго.

30 Калі Езус дакрануўся воцату, сказаў: "Споўнілася!" і, схіліўшы галаву, аддаў духа.

31 Дык Юдэі, бо быў дзень Прыгатаваньня, каб у суботы целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зьняць іх.

32 Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі побач Езуса ўкрыжаваныя.

33 А калі падыйшлі да Езуса і ўбачылі, што Ён памёршы, не ламалі Яму ног,

34 але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцякла кроў і вада.

35 І той, хто бачыў, сьведчыць, ды праўдзівае яго сьведчаньне, і ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.

36 Гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Косць Яго ня будзеце ламаць".

37 А ў іншым месцы кажа Пісаньне: "Убачаць, каго прабілі".

Пахаваньне Езуса

38 Пасьля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але скрыты дзеля страху перад Юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Езуса. І Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Яго.

39 Прыйшоў таксама і Мікодым, які раней быў прыйшоўшы ноччу да Езуса, і прынёс каля ста фунтаў мяшанкі міры і алёэ.

40 Яны ўзялі цела Езуса і ўкруцілі ў палатно з духмянасьцямі па звычаю хаваньня ў Юдэяў.

41 А на месцы, дзе быў укрыжаваны, знаходзіўся сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ ня быў пахаваны.

42 Там дзеля дня Прыгатаваньня Юдэйскага палажылі цела Езуса ў магілу, бо была блізка.

 

Разьдзел 20
Пасьля ўваскрасеньня
Марыя Магдалена, Пётар і Ян пры магіле

1 А ў першы дзень тыдня нараніцы, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы.

2 Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і другога вучня, каторага любіў Езус, і сказала ім: "Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе Яго падзелі!"

3 Дык выйшлі тады Пётар і той другі вучань ды пайшлі да магілы.

4 І беглі яны абодва разам, але той першы вучань апярэдзіў Пятра і першы дабег да магілы,

5 і, нахіліўшыся, убачыў ляжачае палатно, аднак не ўвайшоў.

6 Прыйшоў затым Сымон Пётар, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў ляжачае палатно

7 і хустку, якая была на Яго галаве, і ляжала ня разам з палатном, але асобна скручаная на адным месцы.

8 Тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыбег да магілы, і ўбачыў, і ўверыў.

9 Бо яны яшчэ не разумелі Пісаньня, што трэба было, каб Ён уваскрос.

10 Затым вучні зноў вярнуліся дамоў.

11 А Марыя стаяла навонкі магілы і плакала. Плачучы, нахілілася і зазірнула ў магілу.

12 І ўгледзіла двух анёлаў у белым седзячых, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было паложана цела Езуса.

13 Пытаюцца яны ў яе: "Жанчына, чаго плачаш?" Кажа ім: "Узялі Госпада майго, і ня ведаю, дзе падзелі?"

14 Гэта сказаўшы, аглянулася за сябе і ўбачыла, што стаіць Езус, а ня ведала, што гэта Езус.

15 Пытаецца ў яе Езус: "Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?" А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: "Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты палажыў Яго, і я вазьму Яго".

16 Кажа ёй Езус: "Марыя". А яна, павярнуўшыся, кажа Яму па-гебрайску: "Раббуні!" што значыць Вучыцель.

17 Кажа ёй Езус: "Не дакранайся Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, Бога Майго і Бога вашага".

18 Дык пайшла Марыя Магдалена і сказала вучням: "Я бачыла Госпада!" і што Ён ёй гэта сказаў.

Зьяўленьне Езуса вучням

19 Вечарам тога дня пасьля суботы, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: "Супакой вам!"

20 Гэта сказаўшы, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.

21 Сказаў ім зноў Езус: "Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас".

22 Гэта сказаўшы, дыхнуў на іх і сказаў ім: "Вазьміце Духа Сьвятога.

23 Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, а каму затрымаеце, на тым застануцца".

Зьяўленьне Езуса Тамашу

24 А Тамаш, адзін з Дванаццаці, званы Дыдымас, ня быў разам з імі, калі прыходзіў Езус.

25 Сказалі яму іншыя вучні: "Мы бачылі Госпада". А ён сказаў ім: "Калі ня ўбачу ранаў ад цьвікоў на руках Ягоных, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў і не ўкладу сваёй рукі ў бок Ягоны, ня ўверу".

26 І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Зьявіўся Езус, калі дзьверы былі замкнёныя, і стаў між іх, і сказаў: "Супакой вам".

27 Потым сказаў Тамашу: "Укладзі палец твой і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды ня будзь недаверкам, але веручым".

28 Адказаў Тамаш Яму: "Госпад мой і Бог мой!"

29 Кажа яму Езус: "Уверыў таму, што Мяне ўбачыў. Шчасьлівыя тыя, што ня бачылі Мяне, а ўверылі".

Мэта Эвангельля

30 Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Езус у прысутнасьці вучняў сваіх, якія не сьпісаны ў гэтай кнізе.

31 Гэтыя ж сьпісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, ды каб праз веру мелі жыцьцё ў імя Яго".

 

Разьдзел 21
Зьяўленьне Езуса вучням каля мора Тыбэрыядзкага

1 Далей аб'явіўся зноў Езус вучням каля мора Тыбэрыядскага. А аб'явіўся ім так:

2 Былі сабраўшыся разам Сымон Пётар і Тамаш, званы Дыдымас, Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэя, і два іншых з вучняў Ягоных.

3 Сказаў ім Сымон Пётар: "Іду лавіць рыбу". Кажуць яму: "І мы пойдзем з табой". Дык пайшлі, селі ў лодку, і ў тую ноч нічога не злавілі.

4 А калі настала раніца, явіўся Езус на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Езус.

5 Сказаў ім затым Езус: "Дзеці, ці маеце што есьці?" Адказалі яму : "Не".

6 Дык сказаў ім: "Закіньце сетку па правы бок лодкі і зловіце". Закінулі тады, і дзеля мноства рыбы ледзь маглі выцягнуць сетку.

7 Тады той вучань, каторага любіў Езус, сказаў Пятру: "Гэта ж Госпад!" Дык Сымон Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, адзеў вопратку, бо быў голы, і кінуўся ў мора.

8 Іншыя ж вучні прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берагу, каля дзьвесьце стадыяў, цягнучы сетку з рыбамі.

9 А калі выйшлі на сухмень, убачылі распаленае вогнішча і лежачую на іх рыбу і хлеб.

10 Кажа ім Езус: "Прынясеце тыя рыбы, што цяпер налавілі".

11 Дык пайшоў Сымон Пётар, выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць было так шмат, сетка не парвалася.

12 Кажа ім Езус: "Хадзіце і ешце". Але ніхто з седзячых не адважыўся спытацца: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад.

13 Езус падыйшоў, узяў хлеб і даў ім, падобна і рыбу.

14 Гэта ўжо трэці раз аб'явіўся Езус вучням сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.

Улада Пятра

15 Дык калі яны наеліся, кажа Езус Сымону Пятру: "Сымон, Ёнаў, ці любіш Мяне больш, чым гэтыя?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".

16 Паўторна пытаецца ў яго: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае".

17 І пытаецца ў яго трэці раз: "Сымон Ёнаў, ці любіш ты Мяне?" Засмуціўся Пётар, што ўжо трэці раз пытаецца ў яго: "Ці любіш ты Мяне?", дык сказаў Езусу: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае.

18 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі ты быў малады, падпаясваўся сам і хадзіў, дзе хацеў, а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, ды хто іншы цябе падпаяша, і павядзе туды, куды ты не захочаш".

19 А гэта сказаў, паказваючы, якою ён сьмерцю праславіць Бога. Ды, гэта сказаўшы, кажа яму: "Ідзі за Мной!"

Лёс улюбленага вучня

20 Пётар, аглянуўшыся, убачыў таго вучня, якога Езус любіў, ідучага за ім, які на вячэры прытуліўшыся быў да грудзей Езуса і пытаўся: "Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдасьць?"

21 Вось, убачыўшы яго, Пётар пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а з гэтым што будзе?"

22 Сказаў яму Езус: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной".

23 Разыйшлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Езус не сказаў: "Не памрэ", а толькі: "Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго!"

Заканчэньне

24 Дык вось той вучань сьведчыць пра гэта ды напісаў гэта, і ведаем, што сьведчаньне яго праўдзівае.

25 Многа яшчэ іншага ўчыніў Езус, але каб усё запісаць, дык, думаю, не зьмясьціў бы ўвесь сьвет кнігаў, каторыя мелі б быць напісаны.

 

 

Дзеяньні апосталаў

 

 

Разьдзел 1
Уступ
Прадмова

1 Перш, Тэафілю, пісаў я аб усім, што Езус рабіў і што навучаў ад пачатку

2 аж да дня, у якім быў узяты ў неба, даўшы даручэньні праз Духа Сьвятога выбраным сабою апосталам.

3 Па сваёй сьмерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жыве, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды навучаючы іх пра Каралеўства Божае.

4 І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліму, але чакаць абяцаньня Айца: "Аб чым вы чулі ад Мяне,

5 што Ян хрысьціў вадою, а вось вы за некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".

Дзень ушэсьця

6 Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраўшыся: "Госпадзе, ці ня ў гэты час адновіш каралеўства Ізраэля?"

7 Ён жа сказаў ім: "Ня ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец сваёй уладаю.

8 Але калі атрымаеце моц зыйшоўшага на вас Духа Сьвятога, тады будзеце Мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па скрай зямлі".

9 І калі гэта сказаў, на вачах іхніх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.

10 Калі яны так углядаліся на Яго, падымаючагася ў неба, вось жа два мужы ў белых шатах станулі каля іх,

11 і сказалі яны: "Мужы Галілейскія, чаго стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго ўзыходзячага ў неба".

Дзеі Царквы ў Ерузаліме
Вучні ў Ерузаліме

12 Тады вярнуліся яны з гары, званай Аліўнай, каторая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.

13 І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў сьвятліцу, дзе і прабывалі, Пётар і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтарамей і Мэтэвуш, Якуб Альфеяў і Сымон Зэлёт ды Юда Якубаў.

14 Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маткаю Езуса, ды братамі Яго.

Выбар Мацея апосталам

15 У тыя дні, стануўшы пасярод братоў, - а там было сабраўшыся каля ста дваццаці чалавек, - Пётар сказаў:

16 "Мужы браты, споўнілася тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давіда пра Юду, каторы быў правадыром тых, што ўзялі Езуса.

17 Ён быў залічаны да нас і меў удзел у гэтым служэньні.

18 Ён вось атрымаў зямлю як заплату за злачынства і, рынуўшыся, разьдзёрся напалам ды вылілася ўсё нутро яго.

19 І даведаліся пра гэта ўсе жыхары Ерузаліма, так што гэтае поле ў іхняй мове было названа Акельдамах, значыць Поле крыві.

20 Бо ў кнізе Псальмаў напісана: "Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве", ды: "Хай урад яго возьме хто іншы".

21 Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль Госпад Езус быў з намі,

22 пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым Ён быў узяты ад нас, быў разам з намі сьведкам ўваскрасеньня Ягонага".

23 І выставілі двух: Язэпа, называнага Барсабай, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея.

24 І ў малітве прасілі: "Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы усіх, пакажы, каторага з гэтых двух выбраў

25 заняць месца паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб заняць належнае сваё месца".

26 І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.

 

Разьдзел 2
Зыход Духа Сьвятога

1 І калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.

2 І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім паасобна языкі як бы агнявыя і паселі на кожнага з іх.

4 І напоўнены былі яны ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.

5 А былі тады ў Ерузаліме пабожныя Юдэі з усіх народаў пад сонцам.

6 І калі ўзьняўся гэты шум, зьбеглася мноства людзей. І кожны быў зьдзіўлены, бо кожны чуў іх прамаўляючых у сваёй мове.

7 Аслупянелі яны і дзівіліся ды казалі: "Ці ж гэтыя усе, што прамаўляюць, не Галілейцы?

8 Дык як жа мы кожны чуем у сваёй мове, у якой мы нарадзіліся.

9 Парты і Мэды, Эляміты і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыму,

11 а таксама Юдэі і празэліты, Крыцяне і Арабы, чуем іх, што яны гавораць пра веліч Божую ў нашых мовах".

12 Зьдзіўляліся вось усе, і, не разумеючы гэтага, пыталіся адзін другога: "Што гэта значыць?"

13 А іншыя насьмяхаліся і казалі: "Хіба яны напіліся маладога віна".

Прамова апостала Пятра ў дзень Пяцідзесятніцы

14 Тады Пётар, стаўшы з Адзінаццацю, падняў голас свой і сказаў ім: "Мужы Юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і выслухайце словы мае!

15 Гэтыя бо людзі ня п'яныя, як вы думаеце, бо (яшчэ) трэцяя гадзіна дня,

16 але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:

17 "І будзе: у апошнія дні, - кажа Бог, - вылью Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашыя і дочкі; вашыя, і юнакі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.

18 І на нявольнікаў Маіх і на нявольніц вылью у тыя дні Духа Майго, і будуць праракаваць.

19 І пакажу цуды на небе, ўгары, ды знакі на зямлі, унізе, кроў і агонь, і стаўбы дыму.

20 Сонца абернецца ў цемру і месяц - у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.

21 І будзе: кожны, хто будзе прызываць імя Госпада, будзе збаўлены".

22 Мужы Ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Езуса,мужа засьведчанага для вас Богам моцамі, цудамі і знакамі, каторыя Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,

23 Яго вось, паводле вызначанага рашэньня і огляда Божага выдадзенага, вы, рукамі беззаконных укрыжаваўшы, забілі.

24 Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы з мукаў сьмерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.

25 Бо Давід кажа пра Яго: "Бачыў я перад сабой Госпада заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.

26 Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё, і ўзвесяліўся язык мой, і цела маё супачываць будзе з надзеяй.

27 Бо не пакінеш душы маёй у пекле, ды не дасі Сьвятому Твайму бачыць зьнішчэньне.

28 Ты даў мне пазнаць дарогі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцяй ад аблічча Твайго".

29 Мужы браты, дазвольце сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сёньняшняга дня.

30 Як прарок ён ведаў, што Бог кляўся і прысягнуў яму, што плод паясьніцы яго засядзе на пасадзе яго,

31 і, прадбачачы, прадказаў уваскрасеньне Хрыста, што Ён не застанецца ў пекле, ды што цела Яго ня ўбачыць зьнішчэньня.

32 Гэтага вось Езуса ўваскрасіў Бог, а мы ўсе - сьведкі гэтага.

33 Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны ды атрымаў ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога і выліў Яго, як вы бачыце гэта самі і чуеце.

34 Бо Давід не ўзыйшоў у неба, аднак кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,

35 пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх у падножжа ног Тваіх".

36 Дык хай цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі, Бог устанавіў Госпадам і Хрыстом".

Першае навяртаньне Юдэяў

37 Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пятра і іншых апосталаў: "Дык што маем мы рабіць, мужы браты?"

38 Пётар сказаў ім: "Пакайцеся, і хай кожны з вас прыйме хрост у імя Езуса Хрыста на адпушчэньне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Сьвятога.

39 Бо вам належыцца абяцанае і дзецям вашым, ды ўсім далёкім, каго пакліча Госпад, Бог наш".

40 І многімі іншымі словамі сьведчыў і напамінаў, кажучы: "Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага".

41 Дык тыя, каторыя прынялі яго словы, былі ахрышчаны. І ў той дзень далучылася каля трох тысячаў душ.

Жыцьцё першае Царквы

42 І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах.

43 І страх ахапіў кожную душу, бо апосталы чынілі многа знакаў і цудаў.

44 Усе тыя, што ўверылі, прабывалі разам ды ўсё мелі супольнае,

45 і прадавалі маёмасьць і ўласнасьць ды дзялілі паміж усіх тых, што мелі патрэбу.

46 І штодзень аднадушна прабывалі ў сьвятыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасьці і прастаце сэрца,

47 славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. Госпад жа штодзень дадаваў тых, што мелі быць збаўлены.

 

Разьдзел 3
Аздараўленьне кульгавага

1 Калі Пётар і Ян уваходзілі ў сьвятыню а гадзіне дзевятай маліцца,

2 уносілі акурат аднаго чалавека, кульгавага ад нараджэньня, якога клалі штодзень ля брамы сьвятыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласьціны ў уваходзячых у сьвятыню.

3 Ён, убачыўшы Пятра і Яна, маючых увайсьці ў сьвятыню, прасіў аб дарэньне.

4 Тады Пётар з Янам, гледзячы на яго, сказалі: "Глянь на нас!"

5 А ён глядзеў на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.

6 Тады Пётар сказаў: "Серабра і золата ня маю, але што маю, тое дам табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!"

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. І зараз акрэплі ногі і стопы ягоныя,

8 і ён ускочыў і стануў на нагах, і хадзіў ды ўвайшоў з імі ў сьвятыню, і хадзіў, і падскокваў, і славіў Бога.

9 І ўвесь народ убачыў яго ходзячага і славячага Бога,

10 і пазнавалі ў ім таго чалавека, што сядзеў ля Прыгожай Брамы сьвятыні і жабраваў. Дык ахапілі іх страх і зьдзіўленьне з прычыны таго, што напаткала яго.

11 А як ён трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прысенак, званы Салямонавым.

Прамова Пятра ў сьвятыні

12 Бачачы гэта, Пётар прамовіў да народу: " Мужы Ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасьцьцю справілі тое, што ён ходзіць?

13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго Езуса, каторага вы выдалі ды адракліся перад Пілатам, калі ён вырашыў асвабадзіць Яго.

14 Вы ж адракліся Сьвятога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,

15 а Спраўцу жыцьця забілі, але Бог падняў Яго з памёршых, і мы - сьведкі гэтага.

16 І дзеля веры ў імя Яго - гэтаму чалавеку, каторага бачыце і ведаеце, імя гэта вярнула сілы, і вера, што праз Яго, дала яму поўнае аздараўленьне перад вамі ўсімі.

17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведаньні, як і начальнікі вашыя.

18 А Бог такім чынам споўніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.

19 Дык пакайцеся і навярніцеся, каб грахі вашыя былі скасаваныя,

20 каб насталі часы астуды ад Госпада і, каб Ён паслаў Таго, якога прадказаў вам, Хрыста Езуса,

21 каторага неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўленьня ўсяго, што спрадвеку прадказваў Бог вуснамі сьвятых сваіх прарокаў.

22 Майсей жа сказаў: "Прарока як я паставіць вам Госпад, Бог ваш, з-паміж братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.

23 І будзе: кожны, хто не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранены з народу".

24 І прадказвалі гэтыя дні такжа ўсе прарокі ад часоў Самуэля і далей яго наступнікі.

25 Вы - сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі сказаў Абрагаму: "У патомстве тваім атрымаюць багаславенства ўсе народы зямлі".

26 Вам у першай чарзе Бог паставіў Слугу свайго ды паслаў Яго, каб багаславіў кожнаму з вас, каб кожны адвярнуўся ад грахоў сваіх".

 

Разьдзел 4
Апосталы Пётар і Ян перад Радай

1 Калі ж яны прамаўлялі да народу, падыйшлі да іх сьвятары і начальнік варты сьвятыні ды садукеі,

2 абураныя, што яны вучаць народ ды што вясьцяць у Езусе ўваскрасеньне памёршых.

3 Дык узлажылі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.

4 А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і лік мужчын быў каля пяці тысяч.

5 На другі дзень у Ерузаліме сабраліся іх начальнікі, старшыні і кніжнікі,

6 і першасьвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар ды колькі іх было са сьвятарскага роду.

7 І паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: "Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?"

8 Тады Пётар, напоўнены Сьвятым Духам, сказаў ім: "Правадыры народу і старшыні!

9 Калі сягоньня дзеля дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены, вы дапытваеце нас,

10 дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Езуса Хрыста Назарэйца, каторага вы ўкрыжавалі і каторага Бог уваскрасіў з памёршых, праз Яго гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.

11 Ён - камень, каторы вы, будаўнікі, адкінулі, а Ён вось стаўся галавою вугла.

12 І няма ў нікім іншым збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у каторым маглі б мы быць збаўлены".

13 Яны вось, бачачы адвагу Пятра і Яна ды даведаўшыся, што яны людзі без навукі і простыя, зьдзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Езусам.

14 Ды бачачы стаячага з імі аздароўленага чалавека, нічога не маглі сказаць насупраць.

15 Дык загадалі ім выйсьці з залі Рады і радзіліся,

16 кажучы: "Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што споўнены імі знак, і мы ня можам запярэчыць.

17 Але каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб не прамаўлялі да нікога ў гэтае імя".

18 І зноў пазвалі іх і забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Езуса.

19 Аднак Пётар і Ян адказалі ім: "Судзіце самі, ці справядліва на віду Бога вас больш слухаць, чым Бога?

20 Бо мы ня можам бо мы не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі".

21 Дык яны панавілі пагрозы і, не знаходзячы за што караць, выпусцілі іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.

22 Бо той чалавек, з якім стаўся знак аздараўленьня, меў болей сарака гадоў.

Малітва Царквы ў перасьледаваньні

23 Асвабоджаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што казалі ім першасьвятары і старшыні.

24 Тыя ж, выслухаўшы (аповед), аднадушна паднялі голас да Бога і маліліся: "Госпадзе, Ты, што стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсьць на іх.

25 Ты праз Духа Сьвятога сказаў вуснамі Давіда, слугі твайго: "Чаго бунтуюцца народы, ды людзі задумалі ліхое?

26 Паўсталі каралі зямлі ды князі зыйшліся ў адно супраць Госпада і супраць памазанца Яго".

27 Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе супраць сьвятога Слугі Твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Герод і Понці Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,

28 каб зьдзейсьніць тое, што рука і рада Твая прызначылі стацца.

29 І цяпер, Госпадзе, зьвярні вочы на пагрозы іхнія ды дай слугам Тваім з усёю адвагай вясьціць слова Тваё,

30 ды працягні руку Тваю, каб аздараўляць, і чыніць знакі і цуды праз імя сьвятога Слугі Твайго Езуса".

31 І калі яны памаліліся, задрыжэла месца, на якім былі яны сабраўшыся, ды ўсе былі напоўнены Духам Сьвятым і вясьцілі Слова Божае адважна.

Любоў у першай Царкве

32 І адзін дух ды адно сэрца ажыўлялі ўсіх веручых; што мелі, ні адзін не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.

33 І апосталы з вялікай сілай сьведчылі пра ўваскарасеньне Госпада Езуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.

34 І не было між іх нікога ў недастатку, бо кожны ўласьнік зямлі або дому прадаваў іх ды прыносіў атрыманыя грошы,

35 ды складаў ля ног апосталаў, і дзялілі іх між тых, што мелі патрэбу.

36 Язэп жа, празваны апосталамі Барнабай, што значыць Сын пацяшэньня, левіт, родам з Кіпру,

37 меўшы палетак зямлі, прадаў яго і прынёс грошы, і паклаў ля ног апосталаў.

 

Разьдзел 5
Ананія і Сафіра

1 А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў палетак

2 ды, зь ведама жонкі, адлажыў сабе частку атрыманых грошаў, а рэшту прынёс і палажыў ля ног апосталаў.

3 Пётар жа сказаў: "Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца падмануць Духа Сьвятога, затрымоўваючы частку атрыманых за поле грошаў?

4 Ці ж ты ня мог палетак пакінуць для сябе, а прадаўшы, ці ня мог грошы сабе затрымаць? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў ня людзям, але Богу!"

5 Выслухаўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў мёртвы. І ўсіх, што чулі, ахапіў страх вялікі.

6 А некалькі юнакоў усталі, закруцілі палатном цела і вынесьлі ды пахавалі.

7 Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, ня ведаючы, што сталася.

8 Запытаўся ў яе Пётар: "Скажы мне, ці за столькі прадалі вы палетак?" А яна адказала: "Так, за столькі".

9 Пётар жа сказаў ёй: "Навошта вы змовіліся, каб спакушаць Духа Госпадавага? Вось стаяць у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынясуць яны таксама і цябе".

10 І яна заразжа ўпала да ног яго і сканала. Калі юнакі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай, дык занесьлі і пахавалі яе каля мужа.

11 Дык ахапіў вялікі страх усю царкву ды ўсіх, што аб гэтым пачулі.

Цуды апосталаў і ўзрастаньне Царквы

12 Рукамі ж апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і зьбіраліся ўсе аднадушна ў прысенку Салямонавым.

13 І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.

14 І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, веручых у Госпада,

15 дык людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб хоць цень праходзячага Пятра ўпаў на каторага з іх.

16 Таксама з суседніх гарадоў зьбягалася ў Ерузалім многа народу, дастаўляючы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.

Рада супраць апосталаў

17 Тады першасьвятар і ўсе, што былі з ім, тагачасная герэзія, садукейская, заварушыліся, палаючы зайздрасьцю,

18 і ўзлажылі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх у грамадзкую вязьніцу.

19 А ноччу анёл Госпадаў адчыніў дзьверы вязьніцы, вывеў іх і сказаў:

20 "Ідзіце і вясьціце ў сьвятыні народу ўсе словы жыцьця гэтага".

21 Пачуўшы гэта, яны на сьвітаньні пайшлі ў сьвятыню і навучалі. Тым часам першасьвятар і тыя, што былі з ім, склікалі Раду ды ўсіх старшынь сыноў Ізраэля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.

22 Але слугі, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы. А вярнуўшыся, паведамілі,

23 кажучы: "Знайшлі мы вязьніцу старана замкнёную ды вартаўнікоў, стоячых перад дзьвярыма. Адчыніўшы ж, у сярэдзіне не знайшлі мы анікога".

24 Калі начальнік варты сьвятыні і першасьвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што з імі сталася.

25 У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў: "Гэтыя людзі, каторых вы замкнулі ў вязьніцы, стаяць ў сьвятыні і навучаюць народ".

26 Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не пабіў іх каменьнямі.

27 І, прывёўшы іх, паставілі перад Радай. Тады першасьвятар спытаўся ў іх,

28 кажучы: "Мы вось строга забаранілі вам, каб вы не навучалі ў гэта імя, а вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзьвесьці на нас кроў гэтага Чалавека".

29 У адказ Пётар і апосталы сказалі: "Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.

30 Бог нашых бацькоў уваскрасіў Езуса, каторага вы забілі, прыбіўшы да дрэва.

31 Бог узвысіў Яго правіцай сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навярненьне ды адпушчэньне грахоў.

32 І мы вось - сьведкі гэтых падзей, як і Дух Сьвяты, каторага Бог даў паслухмяным Яму".

Парада Гамаліеля

33 Чуючы гэтыя словы, тыя закіпелі страшнаю злосьцю і хацелі іх забіць.

34 Тады ўстаў у Радзе адзін фарысэй імем Гамаліель, законавед, паважаны ўсім народам, і загадаў на нейкі час вывесьці апосталаў,

35 і прамовіў: "Мужы Ізраэльцы! Добра абдумайце, як зрабіць з гэтымі людзьмі.

36 Вось недаўна выступіў Тэўда, уважаючыся за нейкага (незвычайнага), і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў. І быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расьсеяліся, і сьлед іх счэз.

37 Потым у дні перапісу выступіў Юда Галілеец, і пацягнуў за сабой людзей. І ён згінуў сам, і ўсе яго прыхільнікі расьсеяліся.

38 І цяпер кажу вам: Пакіньце гэтых людзей (у супакоі) і адпусьціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасьць ад людзей паходзіць, прападзе па сабе,

39 а калі ад Бога, дык вы ня зможаце іх зьнішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам". Паслухалі яго,

40 і паклікалі апосталаў, і, убічаваўшы іх, забаранілі прамаўляць у імя Езуса, і адпусьцілі.

41 І яны выходзілі ад аблічча Рады, цешачыся, што дзеля імя Езуса цярпелі зьнявагу,

42 і, не перастаючы, штодзень у сьвятыні і па дамах навучалі і вясьцілі добрую вестку аб Езусе Хрысьце.

 

Разьдзел 6
Пачатак місійнай дзейнасьці Царквы
Выбар дыяканаў

1 У тыя дні, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Геленісты наракаць на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні іхнія удовы былі крыўджаны.

2 Тады Дванаццаць, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі ім: "Не выпадае нам пакінуць Слова Божае і заняцца абслугай сталоў.

3 Таму вось, браты, нагледзьце з-паміж сябе сем мужоў, маючых добрае сьведчаньне і поўных Духа і мудрасьці, якім мы даручым гэтую работу.

4 А мы ўсьцяж будзем на малітве і паслузе слова".

5 І спадабалася гэтае слова ўсім сабраўшымся, і выбралі Сьцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіппа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая, Антыяхійца, прзэліта,

6 і паставілі іх перад апосталамі, каторыя, молячыся, усклалі на іх рукі.

7 І Слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая грамада сьвятароў уверыла.

Дзейнасьць Сьцяпана

8 Сьцяпан жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.

9 Тады падняліся некаторыя з сынагогі, званай Лібэртынскай і з Цырэнэйскай ды з Александрыйскай, ды тыя, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, і спрачаліся са Сьцяпанам.

10 І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасьці і Духа, у якім ён прамаўляў.

11 Тады падбілі яны людзей, каторыя казалі: "Мы чулі, як ён казаў блюзьнерствы на Майсея і Бога".

12 І ўзбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў. Яны, зьбегшыся, схапілі яго і завялі ў Раду.

13 І паставілі там фальшывых сьведкаў, каторыя сьведчылі: "Гэты чалавек не перастае гаварыць супраць гэтага сьвятога месца ды супраць закону.

14 Бо мы чулі, як ён казаў, што Езус Назарэец зруйнуе гэтае месца і пазьмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей".

15 І ўсе, што засядалі ў Радзе, прыглядаліся яму пільна і бачылі твар ягоны, як воблік анёла.

 

Разьдзел 7
Прамова Сьцяпана: часы патрыярхаў

1 А першасьвятар спытаўся ў яго: "Ці гэта праўда?"

2 Ён жа адказаў: "Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог Славы аб'явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ жыў у Мэсапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.

3 І сказаў яму тады: "Выйдзі з зямлі тваёй і ад радні тваёй, і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу".

4 Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і абжыўся ў Харане. І адтуль, па сьмерці яго бацькі, перасяліў яго (Бог) у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,

5 і ня даў яму на ўласнасьць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе на ўласнасьць яму і патомству яго па ім, хоць ня меў тады яшчэ сына.

6 Сказаў Бог так: "Патомкі твае будуць перасяленцамі ў чужой зямлі і праз чатырыста гадоў будуць зьняволены і крыўджаны.

7 І народ, у каторага будуць яны нявольнікамі, Я сам асуджу, - кажа Бог, - і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым вось месцы".

8 Ды даў яму запавет абразаньня. І так нарадзіўся яму Ізаак, каторага абрэзаў у восьмы дзень, а Ізааку - Якуб, а Якубу - дванаццаць патрыярхаў.

9 І гэтыя патрыярхі праз зайздрасьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім,

10 і асвабадзіў яго ад усякіх бедаў, і даў яму ласку і мудрасьць у вачах фараона, караля Эгіпту, які прызначыў яго начальнікам над Эгіптам ды над усім сваім домам.

11 І ўвесь Эгіпет і Ханаан наведаў голад і вялікае гора, і бацькі нашыя ня мелі чаго есьці.

12 Калі Якуб даведаўся, што ў Эгіпце ёсьць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,

13 а за другім разам Язэп даўся пазнаць сваім братам, фараон жа даведаўся пра род Язэпа.

14 Дык паслаў Язэп па Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню ў ліку сямідзесяці пяці душ,

15 і Якуб прыйшоў ў Эгіпт, і памёр ён сам, і бацькі нашыя,

16 і перанесьлі іх у Сыхем ды палажылі ў магіле, каторую Абрагам купіў за серабро ад сыноў Гемора ў Сыхеме.

Дзеі Майсея

17 А, як прыбліжаўся час зьдзяйсьненьня абяцаньня, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Эгіпце,

18 аж запанаваў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня ведаў Язэпа.

19 Ён пачаў падступна дзейнічаць супраць народу нашага, і прымушаў бацькоў нашых выкідваць дзяцей сваіх, каб не жылі.

20 Тады вось нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.

21 А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як сына.

22 І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасьці Эгіпецкай, ды быў магутны ў словах і чынах сваіх.

23 А калі мінула яму сорак гадоў, надумаў ён адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.

24 І там, убачыўшы аднаго крыўджаўнага зямляка, стануў у яго абарону і памсціўся за крыўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.

25 Ён думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім выбаўленьне, але яны не зразумелі.

26 Калі на другі дзень паявіўся ён між іх, калі яны біліся між сабой, ды стараўся іх пагадзіць, кажучы: "Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін другога?"

27 Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго і сказаў: "Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?

28 Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў Эгіпцяніна?"

29 Дзеля гэтых словаў Майсей уцёк ды жыў як чужынец у зямлі Мадыян, дзе нарадзіліся яму два сыны.

Палымеючы куст

30 Праз сарак гадоў явіўся яму на пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агня ў кусьце.

31 Майсей жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. А калі падыйшоў бліжэй, каб прыгледзецца, пачуўся голас Госпада:

32 "Я - Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, Ізаака і Якуба". Стрывожыўся Майсей і не адважыўся глядзець.

33 І сказаў яму Госпад: "Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая.

34 Я глядзеў і ўбачыў прыгнёт народу Майго ў Эгіпце ды чуў стогны яго, ды зыйшоў, каб асвабадзіць яго. Дык цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Эгіпет".

Майсей - прарок і правадыр

35 Таго вось Майсея, якога яны адракліся, кажучы: "Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёй?", яго вось Бог паслаў як правадыра і выбаўцу рукою анёла, каторы явіўся яму ў кусьце.

36 Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай і на Чырвоным моры ды на пустыні на працягу сарака гадоў.

37 Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраэля: "Прарока як я паставіць вам Бог з-паміж братоў вашых".

38 Ён гэта ў дзень сабраньня ў пустыні быў пасярэднікам між анёлам, каторы гаварыў яму на гары Сынай, і бацькамі нашымі. Ён жа атрымаў словы жыцьця, каб пераказаць іх нам.

39 Але не хацелі яго слухаць бацькі нашыя ды адапхнулі яго і зьвярнулі сэрцы свае да Эгіпту,

40 кажучы Аарону: "Зрабі нам багоў, каторыя будуць ісьці перад намі, бо ня ведаем, што сталася з тым Майсеем, каторы вывеў нас з зямлі Эгіпецкай".

41 І зрабілі сабе цялё ў тыя дні ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з працы рук сваіх.

42 Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, што служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: "Доме Ізраэля! Ці прыносілі вы Мне ахвяры і дары на працягу сарака гадоў у пустыні?

43 І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэфана, выбражэньні, каторыя зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілён".

Знак скініі

44 Нашыя бацькі мелі ў пустыні Палатку Сьведчаньня; Той бо, Хто гаварыў з Майсеем, загадаў збудаваць яе па ўзору, які (Майсей) бачыў.

45 І ўзялі яе нашыя бацькі і з Ёзуэ і ўнесьлі ў зямлю паганаў, каторых Бог выгнаў перад бацькамі нашымі аж да часоў Давіда,

46 які знайшоў ласку ў Бога і прасіў пабудаваць жытло для Бога Якуба.

47 А Салямон пабудаваў Яму дом.

48 Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людзкіх, як кажа прарок:

49 "Неба - пасад Мой, а зямля - падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, - кажа Госпад, - або якое месца для супачынку Майго?

50 Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?"

Цяперашнія часы

51 Людзі з цьвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушыма! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы!

52 Каторага з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя? Пазабівалі вы і тых, каторыя прадказвалі прыход Справядлівага, якога вы выдалі і замардавалі.

53 Вы, што атрымалі закон за пасярэдніцтвам анёлаў, але не бераглі яго".

Мучаніцтва Сьцяпана

54 Пачуўшы гэта, іхнія сэрцы закіпелі гневам, і яны скрыгаталі зубамі на яго.

55 А ён, напоўнены Духам Сьвятым, глянуў у неба і ўбачыў хвалу Божую і Езуса, стоячага праваруч Айца,

56 і кажа: "Бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, стоячага па правіцы Бога".

57 Яны ж паднялі вялікі крык, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,

58 і выцягнулі яго за горад, і ўкаменавалі. І сьведкі паклалі сваё адзеньне ля ног юнака, званага Саўлам.

59 І каменавалі Сьцяпана, а ён маліўся: "Госпадзе Езусе, прыймі духа майго!"

60 А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: "Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага". І па гэтых словах сканаў.

 

Разьдзел 8
Перасьлед Ерузалімскае царквы

1 А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэньнем апосталаў, расьсеяліся па Юдэі і Самарыі.

2 А багабойныя людзі пахавалі Сьцяпана і зрабілі вялікае галашэньне па ім.

3 Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы і арыштоўваючы мужчын і жанчын, і аддаючы іх у вязьніцу.

Дзейнасьць Філіпа ў Самарыі

4 А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі, абвяшчаючы слова (Божае).

5 Філіп так прыбыў у горад Самарыйскі і вясьціў ім Хрыста.

6 І грамады аднадушна слухалі, што казаў Філіп, бо ня толькі чулі словы, але і бачылі знакі, якія ён рабіў.

7 З многіх вось апанаваных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спараліжаваных і кульгавых было аздароўлена.

8 І вялікая радасьць сталася ў тым горадзе.

9 А ў горадзе быў адзін чалавек, імем Сымон, каторы раней займаўся чарадзействам і зьдзіўляў народ Самарыі, хвалячыся, што ён нехта вялікі.

10 І паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, і казалі: "Ён - моц Божая, што завецца Вялікая".

11 І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.

12 Але калі ўверылі Філіпу, які абвяшчаў Каралеўства Божае і імя Езуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прыймалі хрост.

13 Тады і Сымон сам уверыў і па атрыманьні хросту далучыўся да Філіпа. І дзівіўся ён надта, бачачы чыненыя цуды і знакі вялікія.

Пётар і Ян у Самарыі

14 Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі туды Пятра і Яна.

15 Яны прыбылі і маліліся за Самаран, каб атрымалі Духа Сьвятога,

16 бо яшчэ ніхто з іх ня быў атрымаўшы, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Езуса.

17 Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Сьвятога.

18 Калі Сымон убачыў, што апосталы ўскладаньнем рук удзяляюць Духа Сьвятога, прынёс ім грошы,

19 просячы: "Дайце і мне гэту ўладу, каб калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Сьвятога".

20 Пётар жа сказаў яму: "Хай серабро тваё ідзе на гібель разам з табой, бо ты маніўся за грошы набыць дар Божы!

21 Ня маеш ты часткі і долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё крывадушнае перад Богам.

22 Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасьць і малі Бога, можа Ён даруе табе ліхі твой намер.

23 Я бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах сапсуцьця".

24 І Сымон адказаў: "Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога таго, што вы казалі".

25 І апосталы, даўшы сьведчаньне (аб Хрысьце) і абвясьціўшы Слова Божае, вярталіся ў Ерузалім, эвангелізуючы ў многіх вёсках Самаранскіх.

Філіп навяртае ўрадоўца каралевы Этыёпіі

26 І анёл Госпадаў сказаў Філіпу: "Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, каторая ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна цалкам пустая".

27 Ён падняўся і пайшоў. Акурат тады пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім муж Этыёпскі, эўнух, урадовец Кандакі, каралевы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў.

28 Ён вось вяртаўся ў сваім возе, чытаючы прарока Ісаю.

29 Дык Дух кажа Філіпу: "Падыйдзі і далучыся да гэтага возу".

30 Калі Філіп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, дык запытаўся ў яго: "Ці разумееш, што чытаеш?"

31 Той адказаў: "Як магу разумець, калі ніхто мне ня выясьніў?" І запрасіў Філіпа ўзьлезьці ў воз і сесьці побач.

32 А месца Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: "Як авечка на зарэз ведзена ды як ягня безгалосае перад тым, хто яго стрыжэ, так Ён не адкрыў вуснаў сваіх.

33 У паніжэньні Яго адмовілі Яму справядлівасьць. Пра род Ягоны хто раскажа? Бо з зямлі ўзята жыцьцё Яго".

34 Эўнух папытаўся ў Філіпа: "Прашу цябе, выясьні, пра каго тут кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго другога?"

35 Тады Філіп, адчыніўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісаньня гэтага, абвяшчаў яму Езуса.

36 І калі ехалі па дарозе, пад'ехалі да вады. Дык кажа эўнух: "Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?"

37 Дык сказаў Філіп: "Калі верыш усім сэрцам, дык можна". І, адказваючы, сказаў (эўнух): "Веру, што Езус Хрыстос ёсьць Сын Божы".

38 І казаў затрымацца, і яны абодва, Філіп і эўнух, увайшлі ў ваду, і (Філіп) ахрысьціў яго.

39 А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Філіпа, і эўнух ня бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.

40 А Філіп апынуўся ў Азоце, і, праходзячы праз ўсе гарады, эвангелізаваў, аж пакуль да Цэзарэі.

 

Разьдзел 9
Навярненьне Саўла

1 Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасьвятара

2 і прасіў у яго лістоў да сынагогаў у Дамашку, каб, калі там знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, вязьніць і дастаўляць у Ерузалім.

3 І ў дарозе, калі ўжо набліжаўся да Дамашку, раптам агарнула яго сьвятло з неба,

4 і, падаючы на зямлю, пачуў голас, кажучы яму: "Саўл, Саўл, чаму Мяне перасьледуеш?"

5 Ён спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Пачуў голас: "Я - Езус, каторага ты перасьледуеш!

6 Але ўстань і ідзі ў горад, і там скажуць табе, што маеш рабіць".

7 Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога ня бачылі.

8 Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыў вочы, але нічога ня бачыў. Дык завялі яго ў Дамашак, трымаючы за руку.

9 І тры дні ня бачыў, ня еў і ня піў.

10 У Дамашку пражываў адзін вучань, імем Ананія, і сказаў яму Госпад у зьяве: "Ананія!" Ён адказаў: "Вось я, Госпадзе".

11 Госпад кажа яму далей: "Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарсу. Ён вось моліцца,

12 ды ў зьяве ўбачыў чалавека, імем Ананія, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён зноў бачыў".

13 Ананія адказаў: "Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў сьвятым Тваім ў Ерузаліме.

14 І тут ён мае ўладу ад першасьвятароў вязьніць усіх прызываючых імя Тваё".

15 Але Госпад сказаў яму: "Ідзі, бо выбраў Я гэтага чалавека як пасудзіну, каб занесьці імя Маё паганам, каралям і сынам Ізраэля.

16 І Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго".

17 І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом ды, усклаўшы рукі на яго, казаў: "Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Езус, каторы аб'явіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, каб ты бачыў ды быў напоўнены Духам Сьвятым".

18 І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён праглянуў. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,

19 і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён быў з вучнямі ў Дамашку.

Першыя крокі Саўла пасьля навярненьня

20 І зараз жа стаў абвяшчаць у сынагогах Езуса, што Ён - Сын Божы.

21 І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня той самы, што ў Ерузаліме перасьледаваў тых, каторыя прызывалі гэтае імя, і ці не па тое прыбыў сюды, каб, увязьніўшы іх, весьці да першасьвятара?"

22 А Саўл тым адважней выступаў, даводзячы, што гэта Хрыстос, чым бянтэжыў Юдэяў, пражываючых у Дамашку.

23 Па нейкім часе Юдэі змовіліся забіць яго,

24 але Саўл даведаўся пра іх намеры. А яны днём і ноччу пільнавалі брамаў, каб яго забіць.

25 І вучні ноччу спусьцілі яго ў кашы праз мур ды выправілі.

26 Калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён вучань.

27 Толькі Барнаба ўзяў яго і прывёў да апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе Саўл убачыў Госпада, і што (Госпад) сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамашку ў імя Езуса.

28 Дзякуючы таму прабываў з імі ў Ерузаліме, сьмела навучаючы ў імя Госпада.

29 Гутарыў таксама і спрачаўся з Геленістамі. Яны ж цікавалі, каб яго забіць.

30 Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю, а адтуль выправілі ў Тарс.

31 Тым часам Царква цешылася супакоем ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і ў пацяшэньні Духа Сьвятога памнажалася.

Цуды Пятра

32 Здарылася, што Пётар, наведваючы ўсіх, дабраўся і да сьвятых, каторыя пражывалі ў Ліддзе.

33 Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спараліжаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.

34 Сказаў яму Пётар: "Энэй, Езус Хрыстос цябе аздараўляе. Падыміся і засьцялі сабе". І ён адразу ўстаў.

35 І бачылі яго ўсе жыхары Лідды і Сарону, і навярнуліся да Госпада.

36 А пражывала ў Ёппе адна вучаніца, імем Табіта, значыць Доркас (Сарна). Яна была поўная добрых учынкаў і дарэньняў, якія рабіла.

37 Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла. Яе памылі ды палажылі ў сьвятліцы.

38 А як Лідда ёсьць недалёка ад Ёппы, дык вучні, даведаўшыся, што там знаходзіцца Пётар, паслалі да яго двух пасланцоў з просьбаю: "Прыйдзі да нас, не марудзь!"

39 І Пётар, устаўшы, пайшоў з імі; і калі прыйшлі, завялі яго ў сьвятліцу і акружылі яго там удовы, паказваючы яму з плачам вопраткі і адзеньне, якія зрабіла Доркас, калі яшчэ жыла з імі.

40 І, выправіўшы ўсіх, Пётр упаў на калені ды маліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: "Табіта, устань!" І яна адчыніла вочы свае ды, убачыўшы Пятра, села.

41 Пётар жа падаў ёй руку ды падняў яе, затым пазваў сьвятых і ўдоў, і паказаў яе ім жывую.

42 І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй Ёппе, і многія ўверылі ў Госпада.

43 І яшчэ многа дзён пражываў Пётар у Ёппе ў нейкага гарбара Сымона.

 

Разьдзел 10
Пакліканьне сотніка Карнэля

1 А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек на імя Карнэль, сотнік кагорты, званай Італійскай,

2 пабожны і багабаязны з усім домам сваім. Багата ён даваў міласьціну людзям ды заўсёды маліўся да Бога.

3 Каля дзевятае гадзіны дня ён у зьяве выразна ўбачыў анёла Божага, уваходзячага да яго і кажучага яму: "Карнэль!"

4 Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам сказаў: "Што, гаспадару?" Анёл сказаў Яму: "Малітвы твае і міласьціны твае падняліся на памяць перад абліччам Бога.

5 Дык зараз жа пашлі людзей у Ёппу і прывядзі нейкага Сымона, званага Пятром.

6 Ён гасьціць у нейкага гарбара Сымона, якога дом каля мора".

7 Калі зыйшоў анёл, каторы з ім гутарыў, Карнэль паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і багабойнага ваяку, з тых, што былі яму падначалены,

8 ды, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёппу.

9 На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётар узыйшоў на дах памаліцца, а была меней болей шостая гадзіна.

10 І пачуў ён голад, і захацелася яму есьці; пакуль жа гатавалі, найшло на яго захапленьне,

11 і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую рэч спускаючыся, падобную да вялікага абруса, за чатыры канцы спусканага на зямлю.

12 Былі на ім усякія чацьвераногія, і паўзуны зямныя, і нябесныя птушкі.

13 І азваўся голас да яго: "Устань, Пётар, забівай і еш!"

14 А Пётар сказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі ня еў нічога паганага і нячыстага".

15 І голас паўторна азваўся да яго: "Што Бог ачысьціў, не называй таго нячыстым".

16 І паўтарылася гэта тры разы. І зараз жа той прадмет быў узяты ў неба.

17 І калі Пётар разважаў, што можа азначаць зьява, якую бачыў, перад брамай затрымаліся пасланьнікі Карнэля і пыталіся пра дом Сымона.

18 Яны пыталіся ў голас, ці тут гасьціць Сымон, называны Пятром.

19 А Пятру, разважаючаму пра зьяву, сказаў Дух: "Вось гэтыя тры мужчыны пытаюцца пра цябе.

20 Дык устань, зыйдзі на ніз ды ідзі да іх, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў".

21 Дык зыйшоў Пётар да тых людзей і сказаў: "Гэта я той, каторага шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыбылі?"

22 Яны адказалі: "Сотнік Карнэль, чалавек справядлівы і багабойны, аб чым можа засьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў ад анёла сьвятога даручэньне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш".

23 Тады Пётр запрасіў іх у дом і пачаставаў. А на другі дзень у таварыстве некаторых братоў з Ёппы разам з імі выбраўся ў дарогу.

24 На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю. Карнэль жа чакаў на іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.

25 І калі Пётар уваходзіў, Карнэль выйшаў яму на сустрач, упаў яму да ног і пакланіўся.

26 Пётар жа падняў яго, кажучы: "Устань, бо і я такі самы чалавек".

27 І, гутарачы з ім, увайшоў у дом і знайшоў там шмат сабраўшыхся,

28 і сказаў ім: "Ведаеце, што Юдэю нельга спатыкацца або гасьціць з чужынцамі. Але Бог мне аб'явіў, што ніводнага чалавека нельга лічыць паганым і нячыстым.

29 Таму вось, запрошаны, я, не сумняваючыся, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта мяне запрасілі?"

30 І Карнэль адказаў: "Чатыры дні таму а дзевятай гадзіне маліўся я ў сваім доме, і явіўся перада мною муж у бліскучай шаце,

31 і сказаў: "Карнэль, твая малітва выслухана, і Бог успомніў на твае міласьціны.

32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, званага Пятром. Ён гасьціць у доме Сымона гарбара каля мора".

33 Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад Богам, каб паслухаць усяго, што табе Госпад даручыў".

34 Тады Пётар, адкрыўшы вусны, сказаў: "Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,

35 але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і спаганяе справядлівасьць.

36 Паслаў Ён сваё Слова сынам Ізраэля, абшчаючы ім мір праз Езуса Хрыста. Ён - Госпад усіх.

37 Вы ведаеце, што адбывалася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, па хросьце, які прапаведываў Ян;

38 пра Езуса з Назарэту, каторага Бог намасьціў Духам Сьвятым і магутнасьцю, што хадзіў Ён, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманам, бо Бог быў з Ім.

39 І мы - сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме. Яго вось забілі, павесіўшы на дрэве.

40 Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб'яўляцца,

41 ды не ўсяму народу, але сьведкам, выбраным наперад Богам, нам, каторыя з Ім елі і пілі па ўваскрасеньні Ягоным.

42 І Ён нам загадаў вясьціць і сьведчыць народу, што Ён устаноўлены Богам суддзёю жывых і памёршых.

43 І ўсе прарокі сьведчаць гэта, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Яго".

44 І калі Пётар яшчэ гаварыў гэта, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, каторыя слухалі слова.

45 Дык веручыя з абрэзаных, прыйшоўшыя з Пятром, былі надта зьдзіўлены, што дар Духа Сьвятога вылітыы быў таксама на паганаў,

46 бо чулі іх гаворачымі (чужымі) мовамі і славячымі Бога. Тады вось азваўся Пётар:

47 "Хто можа забараніць хрысьціць тых, што атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?"

48 І загадаў іх хрысьціць у імя Езуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца ў іх некалікі дзён.

 

Разьдзел 11
Пётар тлумачыць справу Карнэля

1 Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, даведаліся, што і пагане прынялі слова Божае.

2 Дзеля таго, калі Пётар прыбыў у Ерузалім, веручыя з абрэзаных дакаралі яго:

3 кажучы: "Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі".

4 Тады Пётар пачаў выясьняць па парадку, кажучы:

5 "Калі я быў у горадзе Ёппе і маліўся, у захапленьні ўбачыў зьяву, як нейкі прадмет, падобны на вялікі абрус, за чатыры канцы спускаўся з неба, аж спусьціўся каля мяне.

6 І, прыглядаючыся да яго пільна, заўважыў на ім чацьвераногіх зямлі, зьвяроў і паўзуноў ды птушкі нябесныя.

7 Ды пачуў я голас, кажучы мне: "Устань, Пётар, забівай і еш!"

8 Я адказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі штосьці паганага або нячыстага ня браў я ў свае вусны".

9 Але голас з неба азваўся паўторна: "Што Бог ачысьціў, ты не называй нячыстым!"

10 І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.

11 І зараз жа перад домам, у якім мы прабывалі, паявіліся трох мужчын, пасланыя з Цэзарэі да мяне.

12 І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсьць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.

13 Ён вось нам расказаў, як убачыў анёла, які зьявіўся ў яго доме, і сказаў: "Пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, званага Пятром.

14 Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой".

15 Калі ж я пачаў навучаць, Дух Сьвяты зыйшоў на іх, як і на нас на пачатку.

16 І прыпомніў я тады словы, сказаныя Госпадам: "Ян хрысьціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".

17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, каторыя ўверылі ў Госпада Езуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу".

18 Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога, і казалі: "Дык і паганам даў Бог ласку навяртаньня дзеля жыцьця".

Пачаткі хрысьціянства ў Антыёхіі

19 А тыя, што былі расьсеяны дзеля перасьледваньня, узьнікішага з прычыны Сьцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпру, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адно толькі Юдэям.

20 З іх жа некаторыя былі Кіпрыйцы і Цырэнэйцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і Грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Езуса.

21 І рука Госпадава была з імі, і многія ўверылі і навярнуліся да Госпада.

22 І вестка пра гэта дайшла да вушэй царквы ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

23 Калі ён прыбыў і ўбачыў ласку Божую, усьцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпадзе.

24 А быў ён чалавек добры і поўны Духа Сьвятога ды веры. І вялікая грамада прыхінулася да Госпада.

25 Пасьля ён направіўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.

26 І калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію, ды цэлы год працавалі разам у царкве, навучаючы вялікую грамаду людзей. І ў Антыёхіі першы раз вучняў назвалі хрысьціянамі.

27 У той вось час з Ерузаліму ў Антыёхію прыбылі прарокі.

28 І вось адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, прадказваў праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за Кляўдыя.

29 Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасьці мае ўспамагчы братоў, пражываючых у Юдэі.

30 Так яны і зрабілі, пасылаючы (дапамогу старшым) праз Барнабу і Саўла.

 

Разьдзел 12
Перасьледваньне Царквы за Герода Агрыпу
Арышт Пятра

1 У гэтым часе Герод пачаў перасьледаваць некаторых з царквы

2 А Якуба, брата Яна, забіў мячом.

3 І калі заўважыў, што гэта спадабалася Юдэям, увязьніў апрача таго і Пятра. А былі гэта дні Праснакоў.

4 Калі яго схапіў, укінуў у вязьніцу ды аддаў пільнаваць чатыром вартаўнікам, манючыся па сьвяце Пасхі вывесьці яго народу.

Цудоўнае асвабаджэньне

5 І быў Пётар вартаваны ў вастрозе. А царква безупынна малілася за яго да Бога.

6 У ноч, па каторай Герод меўся вывесьці яго, Пётар, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі вастрог.

7 І вось паявіўся анёл Госпадаў, і сьвятло зазьзяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок, абудзіў Пятра і сказаў: "Устань хутчэй"! І апалі ланцугі з рук ягоных.

8 І сказаў яму анёл: "Падперажыся ды абуй сандалы твае!" І ён так зрабіў. Далей казаў яму: "Надзень вопратку тваю ды хадзі за мной".

9 І, выйшаўшы, ішоў за ім, але ня ведаў, ці гэта праўда, што анёл робіць, ці можа бачыць прывід.

10 Мінулі першую і другую варту ды дайшлі да жалезнай брамы, каторая вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшлі тады і прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл пакінуў яго.

11 Тады Пётар ачухаўся і сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго ды вырваў мяне з рукі Герода і ад усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі."

12 Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маткі Яна, званага Маркам, дзе былі сабраўшыся многія на малітве.

13 І калі пастукаў у дзьверы, прыбегла дзяўчына на імя Рода, паслухаць, хто там.

14 І, пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла дзьвераў, але пабегла паведаміць, што Пётар стаіць перад дзьвярыма.

15 А яны сказалі ёй: "Дурніца"! Яна ж даказвала, што гэта так. Яны сказалі: "Гэта хіба анёл ягоны".

16 А Пётар стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта зьдзівіліся.

17 Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з вастрога, і сказаў: "Паведаміце пра гэта Якубу і братам". І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

Сьмерць Герода Агрыпы

18 Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узьнікла немалая трывога дзеля зьнікненьня Пятра.

19 Герод загадаў шукаць яго, а, не знайшоўшы, праслухаў вартаўнікоў і загадаў іх пакараць сьмерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.

20 А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыру і Сідону. Але яны аднадушна прыбылі да яго, і, перацягнуўшы на свой бок Бласта, палацовага каралеўскага, прасілі аб мір, бо іх край жывіўся з каралеўскага.

21 У вызначаны ж дзень кароль Герод, адзеўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.

22 А народ крычаў: "Гэта голас бога, а не чалавека!"

23 І як бач ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.

24 Слова ж Госпадава расло і памнажалася.

25 А Барнаба і Саўл, споўнішы сваё даручэньне, вярнуліся з Ерузаліму, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.

 

Разьдзел 13
Дзейнасьць Барнабы і Паўла
Пакліканьне Барнабы і Паўла

1 У Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сымон, званы Нігер, Люцыян Цырэнэец і Манаэн, каторы гадаваўся разам з Геродам тэтрархам, ды Саўл.

2 І калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і пасьцілі, сказаў ім Дух Сьвяты: "Вылучыце мне Барнабу і Саўла на дзейнасьць, на якую Я іх паклікаў.

3 Тады з постам і малітваю ўсклалі на іx рукі і адпусьцілі.

Барнаба і Павал на Кіпры

4 І яны, ведзеныя Духам Сьвятым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль - на Кіпр.

5 І калі прыбылі ў Саляміну, вясьцілі слова Божае у сынагогах Юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.

6 І, ідучы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага Юдэйскага прарока, на імя Барезус.

7 Ён быў пры праконсуле Сяргею Паўле, чалавеку разважным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.

8 Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя ягонае, і імкнуўся праконсула адвярнуць ад веры.

9 Тады Саўл, каторы такжа завецца Паўлам, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеў на яго пільна і сказаў:

10 "О ты, сыне д'ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасьці, вораг усякай справядлівасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простых дарог Госпадавых?

11 Вось жа цяпер дакране цябе рука Госпадава; і будзеш сьляпы, і нейкі час ня будзеш бачыць сонца". І зараз жа найшла на яго цемра і сьлепата, і ён хадзіў кругом, шукаючы, каб хто яго вёў за руку.

12 Бачачы, што здарылася, праконсул уверыў, зьдзіўлены навукай Госпадавай.

Дзейнасьць у Антыёхіі Пісідзкай сярод Юдэяў і паганаў

13 Адплыўшы з Пафы, Паўла і яго таварышы прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адыйшоўшы ад іх.

14 Яны ж прайшлі Пэргэ і дайшлі да Антыёхіі Пісідзкай; і ў суботу ўвайшлі ў сынагогу, і там паселі.

15 Па прачытаньні Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі па іх і сказалі: "Калі маеце мужы, браты, нейкае слова заахвоты для народу, прамоўце!"

16 Тады падняўся Павал, і, даўшы знак рукою маўчаць, прамовіў: "Слухайце, мужы Ізраэльскія ды тыя, што баіцёся Бога!

17 Бог гэтага народу Ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі зямлі Эгіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.

18 І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іхнія абычаі ў пустыні.

19 Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім

20 меней болей праз чатырыста пяцьдзесят гадоў. Потым даваў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.

21 І калі пазьней прасілі караля, даў ім Бог Саўла, сына Ціса, з пакаленьня Бэн'яміна на сорак гадоў.

22 А калі яго адкінуў, паставіў ім каралём Давіда, пра якога даў сьведчаньне, кажучы: "Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, каторы ва ўсім споўніць волю Маю".

23 З яго патомства, паводле абяцаньня, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Езуса,

24 перад прыходам якога Ян прапаведываў хрост навяртаньня ўсяму народу Ізраэля.

25 А пад канец свайго шляху Ян казаў: "Я ня той, за каго вы мяне ўважаеце. Але пасьля мяне прыйдзе Той, катораму я ня варты разьвязаць сандалаў на нагах".

26 Мужы браты, сыны роду Абрагама, і тыя з-паміж вас, што баяцца Бога! Нам паслана слова збаўленьня гэтага.

27 Жыxары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, споўнілі прадказаньні Прарокаў, чытаныя кожную суботу,

28 і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай сьмерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.

29 А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зьнялі Яго з крыжа і палажылі ў магілу.

30 Але Бог уваскрасіў Яго з памёршых,

31 і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, якія цяпер сьведчаць аб Ім перад народам.

32 І мы абвяшчаем вам добрую вестку, што абяцаньне, дадзенае бацькам

33 Бог споўніў адносна нас, іх дзяцей, уваскрашаючы Езуса, як напісана ў другім Псальме: "Ты - Сын Мой. Я сёньня нарадзіў Цябе".

34 А што Яго ўваскрасіў з памёршых і што Ён ня мае спарахнець, так сказаў: "Дам вам сьвятасьці Давіда напэўна".

35 І ў іншым месцы кажа: "Не дасі сьвятому Твайму бачыць зьнішчэньне".

36 Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленьню, заснуў з волі Божай і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў спарахненьне.

37 Але Той, каго Бог уваскрасіў, ня бачыў зьнішчэньня.

38 Мужы браты, хай будзе вам ведама, што абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў праз Яго; ад усіх грахоў, ад якіх не маглі быць апраўданы ў Законе Майсея,

39 у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.

40 Дык глядзіце, каб ня споўніліся на вас словы Прарокаў:

41 "Глядзіце вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся ды адыйдзіцеся, бо ў дні вашыя спаўняецца дакон, катораму вы б ня ўверылі, калі б вам хтосьці аб ім гаварыў".

42 Калі ж яны выходзілі, прасілі іх, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.

43 А як разыйшлася сынагога, многа Юдэяў і пабожных празэлітаў праводзілі Паўла і Барнабу, каторыя заахвочвалі іх да трываньня ў ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божае.

45 Калі ж Юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасьць, і, блюзьнячы, пярэчылі таму, што навучаў Павал.

46 Тады Павал і Барнаба сказалі адважна: "Перш вам належалася вясьціць слова Божае, але калі вы яго адкідваеце ды самі сябе ўважаеце за нягодных жыцьця вечнага, ды мы зьвернемся да паганаў.

47 Бо гэтак загадаў нам Госпад: "Устанавіў Я цябе сьвятлом для паганаў, каб быў ты збаўленьнем аж па скрай зямлі".

48 Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцьця вечнага, уверылі.

49 І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.

50 Тым часам Юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчынаў ды знаных грамадзянаў і ўчынілі перасьледаваньне Паўла і Барнабы, ды выкінулі іх са сваіх межаў.

51 А яны, абтросшы на іх пыл ад ног сваіх, направіліся ў Іконію.

52 Вучні ж былі поўныя радасьці і Духа Сьвятога.

 

Разьдзел 14
Эвангелізацыя Іконіі

1 Падобна ў Іконіі ўвайшлі яны ў Юдэйскую сынагогу і навучалі так, што многа Юдэяў і Грэкаў уверыла.

2 Але тыя Юдэі, што ня ўверылі, падбуралі і пад'юджвалі паганаў супраць братоў.

3 Аднак Павал і Барнаба прабылі там доўгі час і навучалі адважна ў Госпадзе, каторы сьведчыў слову ласкі сваёй цудамі і знакамі, якія чыніў іхнімі рукамі.

4 Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з Юдэямі, а другія - з апосталамі.

5 Калі аднак апосталы даведаліся, што пагане і Юдэі сумесна з начальнікамі сваімі маняцца зьняважыць іх і ўкаменаваць,

6 уцяклі ў гарады Лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іхнія ваколіцы,

7 і там эвангелізавалі.

Аздараўленьне ў Лістры

8 У Лістры жыў адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэньня, які ніколі не хадзіў.

9 Ён слухаў, што казаў Павал. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, патрэбную для аздараўленьня,

10 сказаў моцным голасам: "Стань проста на ногі твае!" І той падскочыў і стаў хадзіць.

11 І грамады, бачачы, што ўчыніў Павал, пачалі моцна крычаць па-лікаонску: "Багі сталіся падобнымі да людзей і зыйшлі да нас!"

12 І назвалі Барнабу Зэўсам, а Паўла - Мэркурам, бо ён быў правадыром у слове.

13 А сьвятар Зэўса, каторы меў сьвятыню перад горадам, прывёў прад браму валы ды прынёс вянкі, і хацеў разам з народам скласьці ахвяру.

14 Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Павал, разьдзёрлі адзеньне ды кінуліся ў народ, крычучы:

15 "Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі сьмяротныя, падобныя да вас. Эвангелізуем вас, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога жывога, каторы стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх знаходзіцца.

16 Дапусьціў Ён у даўнейшых часах, каб народ кожны хадзіў сваімі дарогамі,

17 але не пераставаў сьведчыць ад сабе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба, урадлівыя леты, кормячы вас ды сэрцы вашыя напаўняючы радасьцю".

18 І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

19 Тым часам падыйшлі Юдэі з Антыёхіі і Іконіі, і падбурылі грамады, і ўкаменавалі Паўла ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20 Але калі сабраліся вакол яго вучні, падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень разам з Барнабай направіўся ў Дэрбу.

Вяртаньне ў Антыёхію

21 І ў гэтым горадзе вясьцілі Эвангельле, і здабылі многа вучняў, а пасьля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

22 умацоўваючы душы вучняў, заахвочваючы іх да трываньня ў веры, бо каб ўвайсьці ў Каралеўства Божае, трэба прайсьці праз многа мукаў.

23 Потым з малітвай і постам для кожнае царквы прызначылі старшых ды даручылі іх Госпаду, у каторага ўверылі.

24 І прайшлі праз Пісідыю ў Памфілію,

25 і вясьцілі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

26 І адкуль паплылі ў Антыёхію, адтуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27 Вярнуўшыся, склікалі царкву і расказалі, што ўчыніў Бог з імі, ды як адкрыў Ён дзьверы веры паганам.

28 І шмат часу былі яны сярод вучняў.

 

Разьдзел 15
Сабор Ерузалімскі
Спрэчка пра абразаньне

1 Некаторыя, паходзячыя з Юдэі, навучалі братоў: "Калі ня будзеце абрэзаныя па звычаю Майсея, ня можаце быць збаўлены".

2 Дзеля таго ўзьнікла шмат немалых спрэчак і звадак паміж імі ды Паўлам і Барнабай, так што вырашылі, каб Павал і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старшых.

3 Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навярненьне паганў, чым выклікалі ў братоў вялікую радасьць.

4 Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя царквою і апосталамі ды старшымі, і расказалі ім, як Бог дзейнічаў праз іх.

5 Але некаторыя навернутыя з герэзіі фарысэйскай супрацівіліся і сказалі: "Трэба абрэзаць іх і загадаць берагчы закон Майсея!"

6 Дык сабраліся апосталы і старшыя разгледзець гэтую справу.

Прамова Пятра

7 Калі па гэтым узьнікла вялікая спрэчка, тады ўстаў Пётар і сказаў ім: "Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўных дзён выбраў з нас, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Эвангельля ды ўверылі.

8 І Бог, што ведае сэрцы, засьведчыў гэта, даючы ім Духа Сьвятога, як і нам,

9 і не зрабіў ніякай розьніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іхнія верай.

10 Дык чаму цяпер спакушаеце Бога, ускладаючы на вучняў ярмо, каторага ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць?

11 Мы аднак верым, што праз ласку Госпада Езуса будзем збаўлены, як і яны".

12 І замоўкла ўся грамада, і слухалі аповед Барнабы і Паўла пра многасьць цудаў і знакаў, учыненых Богам праз іх сярод паганаў.

Прамова Якуба

13 І калі яны перасталі расказваць, адказваючы, Якуб сказаў: "Мужы браты, паслухайце мяне.

14 Сымон расказаў, як Бог сам выбраў сабе з-паміж паганаў народ для імя свайго,

15 і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

16 "Потым вярнуся і адбудую ўпаўшую палатку Давіда, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

17 каб рэшта людзей шукала Госпада, ды ўсе народы, над каторымі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, каторы робіць

18 прадказаныя спрадвеку падзеі".

19 Таму лічу, што ня трэба непакоіць тых, каторыя з паганаў навярнуліся да Бога,

20 але напісаць ім, каб сьцерагліся ежы, ахвяраванай балванам, распусты, і ўсяго задушанага, і крыві.

21 Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленьняў мае такіх, што ў паасобных гарадах абвяшчаюць яго ў сынагогах, у кожную суботу чытаючы яго".

Пастанова апосталаў

22 Тады апосталы і старшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў першых з-паміж братоў, Юду, званага Барсабай, і Сілу, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабай і Паўлам,

23 паслаўшы праз іх ліст: "Апосталы, і старшыя, і браты, тым, што жывуць у Антыёхіі, Сырыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітаньне!

24 Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэньня занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашыя.

25 Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабай і Паўлам,

26 людзьмі, каторыя для імя Госпада нашага Езуса Хрыста аддалі жыцьцё сваё.

27 Дык пасылаем Юду і Сілу, каторыя перакажуць словамі тое самае.

28 Бо Дуxу Сьвятому і нам надумалася справядлівым не накладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

29 паўстрымацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце".

30 Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію, і, сабраўшы народ, аддалі яму ліст.

31 Калі яго прачыталі, усьцешыліся з яго пацяшаючага зьместу.

32 А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

33 Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаньнем міру да тых, каторыя іх паслалі.

34 Але Сіла вырашыў застацца тамака.

35 А Павал і Барнаба жылі ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі іншымі слова Госпадава.

Другое місійнае падарожжа Паўла.
Спрэчка пра Марка

36 Па нейкім часе Павал сказаў Барнабе: "Вернемся і наведаем братоў ва усіх гарадах, у якіх мы вясьцілі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца".

37 Барнаба хацеў ўзяць з сабой Яна, званага Маркам,

38 але Павал судзіў, што за тое, што ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не хацеў працаваць з імі, не належыцца браць яго.

39 І дайшло да сваркі, так што разьдзяліліся, і Барнаба ўзяў Марка, і паплыў на Кіпр,

40 Павал жа выбраў Сілу і пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.

41 І праxодзіў праз Сырыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.

 

Разьдзел 16
Выбраньне Цімафея

1 І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І быў там адзін вучань імем Цімафей, сын веручай жанчыны і бацькі Грэка.

2 Браты з Лістры і Іконіі добра аб ім сьведчылі.

3 Яго Павал захацеў узяць у дарогу з сабой і абрэзаў яго дзеля Юдэяў, пражываючых у тых мясцовасьцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.

4 Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя апосталамі і старшымі ў Ерузаліме пастановы.

5 І цэрквы ўмацоўваліся вераю і штодзень расьлі лікам.

Праз Малую Азіію

6 Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галятыйскую, бо Дух Сьвяты забараніў ім вясьціць слова ў Азіі.

7 Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, прабавалі ісьці ў Бітынію, і Дух Езуса не дазволіў ім.

8 Перайшоўшы Мізію, яны направіліся ў Трааду.

9 І тут ноччу Павал меў зьяву: нейкі Македонец, стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: "Прыйдзі ў Македонію, дапамажы нам".

10 Як пабачыў ён зьяву, мы, не марудзячы, вырашылі направіцца ў Македонію, у перакананьні, што Бог паклікаў нас эвангелізаваць іх.

Дарога ў Македонію

11 Выплыўшы з Трады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень - у Нэапаль;

12 а адтуль - у Філіпы, галоўны горад той часткі Македоніі, каторы ёсьць (рымскай) калёніяй. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.

13 А ў суботу выйшлі мы за браму да ракі, дзе спадзяваліся знайсьці месца малітвы, і, сеўшы, гутарылі з сабраўшыміся жанчынамі.

14 І слухала адна багабойная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца на словы Паўла.

15 І калі была ахрышчана разам з домам сваім, прасіла нас: "Калі маеце мяне за верную Госпаду, увайдзіце ў дом мой і пражывайце", і змусіла нас.

Асвабаджэньне апнаванай ліхім і ўвязьненьне Паўла

16 І сталася, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа, каторы варажыў, і прыносіла яна многа даходу сваім панам.

17 Яна вось, бягучы за Паўлам і за намі, крычала: "Гэтыя людзі - слугі Бога Узвышняга, яны вясьцяць вам дарогу збаўленьня".

18 І рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, маючы досыць гэтага, павярнуўся і сказаў духу: "Загадваю табе у імя Езуса Хрыста, выйдзі з яе!", і ў той момант ён выйшаў.

19 Калі яе паны ўбачылі, што надзея даходу зьнікла, дык схапілі Паўла і Сілу, і завалаклі на рынак да начальнікаў,

20 і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: "Гэтыя людзі, будучы Юдэямі, уводзяць у замяшаньне наш народ

21 і абвяшчаюць звычаі, каторыя нам, Рымлянам, ня сьлед прыймаць ды выконваць".

22 І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў зьдзерці з іх адзеньне і хвастаць розгамі.

23 І, зьбіўшы іх моцна, укінулі ў вастрог, загадваючы варце пільна іх вартаваць.

24 Атрымаўшы такі загад, вартавы пасадзіў іх ў унутраную вязьніцу і ногі іх замкнуў у калоду.

Цудоўнае асвабаджэньне з вастрога

25 Апоўначы Павал і Сіла маліліся і сьпявалі Богу гімны, і іншыя вязьні слухалі іх.

26 Раптам сталася вялікае трасеньне, аж захісталіся падмуркі вастрога, і адкрыліся ўсе дзьверы ды з усіх апалі путы.

27 Калі вартавы прачнуўся і ўбачыў дзьверы вастрога адчыненыя, схапіў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.

28 Тады Павал закрычаў на ўвесь голас: "Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут".

29 Тады ён, запатрабаваўшы сьвятла, ускочыў у вязьніцу ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўла і Сілы.

30 І вывеўшы іх навонкі, спытаўся: "Гаспадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?"

31 Адказалі яму: "Увер у Госпада Езуса, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой".

32 І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.

33 І ў тую самую пару ночы ўзяў іх, абмыў раны і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.

34 Увёу іх таксама ў свой дом, запрасіў да стала ды з усім домам вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.

35 І калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктораў загадаць: "Звольніце гэтых людзей".

36 Вартавы вастрога пераказаў Паўлу гэты загад: "Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супако".

37 Але Павал сказаў ім: "Перад народам без суду бічавалі нас, Рымскіх грамадзянаў, і пасадзілі ў вастрог, а цяпер цішком выпускаюць нас? О не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас".

38 Лікторы перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэтыя Рымляне,

39 і прыйшлі, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.

40 Яны ж, выйшаўшы з вязьніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, пацешылі іх і выправіліся ў дарогу.

 

Разьдзел 17
У Тэсалёніцы

1 Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыбылі ў Тэсалёніку, дзе Юдэі мелі сынагогу.

2 Па звычаю сваім Павал наведаў іх і праз тры суботы выясьніў ім Пісаньне,

3 даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з памёршых ды што: "Езус, якога я вам абвяшчаю, і ёсьць гэты Хрыстос".

4 І некаторыя з іх ды вялікая колькасць веручых Грэкаў, і нямала высокародных жанчын уверылі і далучыліся да Паўла і Сілы.

5 Тады завідныя Юдэі, узяўшы з рынку нягодных людзей, сабралі натоўп, і збунтавалі горад, і знайшлі дом Язона, ды шукалі іх, каб паказаць народу.

6 І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў перад палітархаў, крычучы: "Гэтыя людзі, каторыя бунтуюць увесь сьвет, прыйшлі таксама сюды,

7 і Язон іх прыняў. Яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, заяўляючы, што ёсьць іншы кароль - Езус".

8 Такім чынам узбурылі яны грамады і палітархаў, каторыя гэта слухалі;

9 і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.

У Бэрэі

10 Зараз жа ў начы браты выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў Юдэйскую сынагогу.

11 Гэтыя былі больш шляхетныя, чым у Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасьцю ды штодзень разьбіралі Пісаньне, ці так гэта ёсьць.

12 І многа з іх уверыла, а таксама высокародныя жанчыны Грэцкія ды ня мала мужчынаў.

13 Калі Юдэі з Тэсалёнікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Павал вясьціць слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы грамады і выклікаючы забурэньне.

14 Тады браты безадкладна выправілі Паўла, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.

Павал у Атэнах. Прамова ў Арэапагу

16 Чакаючы на іх у Атэнах, Павал абураўся ў духу, бачучы горад, аддадзены балванахвальству.

17 Таксама гутарыў у сынагозе з Юдэямі і з багабойнымі ды што дзень на плошчы з тымі, з каторымі сустракаўся.

18 Некаторыя з філёзафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: "Што хоча сказаць гэты баўбатун?" Іншыя ж: "Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў", бо абвяшчаў ім Езуса і ўваскрасеньне.

19 І узялі яго, і завялі ў Арэапаг, і запыталі: "Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэньне ты прапаведуеш ?

20 Бо нейкія нячутыя рэчы ўкладаеш ты ў нашыя вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць".

21 Усе ж Атэнцы і пражываючыя там прыхадні нічым іншым не займаюцца, як толькі каб гаварыць або слухаць нешта новае.

22 Дык Павал, стаўшы сярод Арэапагу, сказаў: "Мужы Атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.

23 Праxодзячы вось ды аглядаючы вашыя сьвятыні, напаткаў аўтар, на каторым было напісана: "Невядомаму Богу". Дык Таго, каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

24 Бог, каторы стварыў сьвет ды ўсё, што на ім, Госпад неба і зямлі, не пражывае ў сьвятынях, рукой людзей пабудаваных,

25 ды не патрабуе паслугі рук людзкіх, як быццам Яму чаго не стае, бо Ён сам дае ўсім жыцьцё і дыханьне, ды ўсё іншае.

26 Ён з аднаго чалавека вывеў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім вобліку зямлі, вызначаючы час і межы іхняга пражываньня,

27 каб шукалі Бога, можа, часам дакрануцца Яго і знойдуць Яго, бо Ён, па праўдзе, недалёка ад кожнага з нас.

28 Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: "Мы бо і род Ягоны".

29 Дык, будучы з роду Божага, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменя, разьбы мастака, або да твору розуму чалавечага.

30 І вось, зважаючы на часы няведаньня, Бог цяпер кліча ўсюды ўсіх людзей да навярненьня,

31 таму што вызначыў дзень, у каторы будзе судзіць сьвет справядліва і праз аднаго чалавека, каторага на гэта прызначыў, і даўшы усім пэўнасьць, уваскрашаючы Яго з памёршых".

32 Пачуўшы пра ўваскрасеньне мёртвых, адны насьміхаліся, а іншыя казалі: "Паслухаем цябе пра гэта іншым разам".

33 І гэтак Павал пакінуў іх.

34 Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыяніс Арэапагіта ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.

 

Разьдзел 18
Пачаткі царквы ў Карыньце

1 Пасьля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.

2 Тут напаткаў ён нейкага Юдэя, імем Аквіля, родам з Понту, каторы з жонкаю Прысцыляй прыбыў нядаўна з Італіі, бо Кляўды выселіў з Рыму ўсіх Юдэяў, і прыйшоў да іх.

3 Ведаў вось ён тое самае рамясло, таму абжыўся ў іх і працаваў; і майстравалі палаткі.

4 І ў кожную суботу гутарыў у сынагозе ды пераконваў Юдэяў ды Грэкаў.

5 Па вяртаньні Сілы і Цімафея з Македоніі Павал выключна пасьвяціўся слову, сьведчачы Юдэям, што Езус ёсьць Хрыстос.

6 А калі працівіліся і блюзьнілі, атрос сваё адзеньне ды сказаў ім: "Кроў вашая на вашу галаву! Я не вінаваты. Ад гэтае хвіліны пайду да паганаў".

7 І перайшоў адтуль, і пасяліўся ў доме аднаго багабойнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сынагогай.

8 Начальнік жа сынагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада. І многа Карыньцянаў, слухаючы, уверыла і прыняло хрост.

9 Ноччу Госпад прагаварыў да Паўла ў зьяве: "Ня бойся, але гавары і не маўчы,

10 бо Я з табою і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа маю ў гэтым горадзе народу".

11 Дык застаўся і вясьціў ім слова Божае год ды шэсьць месяцаў.

Павал на судзе Галіёна

12 А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго на суд,

13 кажучы: "Ён нагаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону".

14 Калі ўжо Павал меў адчыніць вусны, Галіён сказаў Юдэям: "Калі б быў які праступак або злачынства, о Юдэі, дык я заняўся б вамі.

15 Але калі вы спрачаецеся пра словы і назовы ды пра ваш закон, дык самі разьбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў такіх справах".

16 Затым выгнаў іх з суда.

17 А ўсе (Грэкі) схапілі начальніка сынагогі Састэна і білі яго перад судом, але Галіён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Праз Эфэз і Ерузалім у Антыёхію

18 А Павал, яшчэ даўжэйшы час прабыўшы ў Карыньце, разьвітаўся з братамі ды разам з Прысцыляй і Аквілям паплыў у Сырыю. А ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў шлюбаваньне.

19 І дабраліся ў Эфэз, і там ён іx пакінуў, а сам пайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.

20 Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,

21 але разьвітваючыся з імі, сказаў: "Вярнуся да вас, калі Бог захоча", і паплыў з Эфэзу.

22 Прыбыўшы ў Цэзарэю, зьлез на бераг, прывітаўся з царквою і направіўся ў Антыёхію.

Трэцяе місійнае падарожжа Паўла

23 3абавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, падарожнічаючы праз Галятыю і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.

Дзейнасьць Апалёса

24 Адзін жа Юдэй, імем Апалёс, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісаньні, прыбыў у Эфэз.

25 Ведаў ён дарогу Госпадаву і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Езуса, ведаючы толькі Янаў хрост.

26 Ён пачаў адважна вучыць у сынагогах. Калі пачулі яго Прысцыля і Аквіля, забралі з сабой ды выясьнілі яму дакладней дарогу Божую.

27 А калі задумаў ён ісьці ў Ахаю, то браты напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,

28 бо адкрыта адкідаў цьверджаньні Юдэяў, даводзячы публічна з Пісаньня, што Езус ёсьць Хрыстос.

 

Разьдзел 19
Дзейнасьць Паўла ў Эфэзе

1 І сталася, калі Апалёс прабываў у Карыньце, Павал, прайшоўшы вышэйшыя ваколіцы, прыйшоў у Эфэз ды напаткаў нейкіх вучняў,

2 і спытаў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі прынялі веру?" А яны яму: "Мы нават ня чулі, што ёсьць Дух Сьвяты".

3 "Дык які вы хрост прынялі?" - спытаўся, а яны адказалі: "Хрост Янаў".

4 Тады Павал сказаў: "Ян хрысьціў хростам навяртаньня, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, хто прыйдзе па ім, значыць у Езуса".

5 Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Езуса.

6 І калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты зыйшоў на іх, і гаварылі мовамі і праракавалі.

7 Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчынаў.

8 Затым увайшоў у сынагогу і адважна навучаў, і праз тры месяцы гутарыў і пераконваў пра Каралеўства Божае.

9 Калі аднак некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад грамадамі, дык адлучыўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тыранаса.

10 Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі мелі магчымасьць слухаць слова Госпадава.

11 І Бог чыніў такжа цуды праз рукі Паўла,

12 так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі.

13 Дык некаторыя падарожныя эгзарцысты Юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Езуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: "Заклінаю вас праз Езуса, каторага вясьціць Павал".

14 Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасьвятара Юдэйскага.

15 А ліхі дух адказаў ім: "Езуса ведаю і Паўла ведаю, а вы што за такія?"

16 І кінуўся на іх чалавек, апанаваны ліхім духам, паваліў усіх ды пабіў так, што голыя і пакалечаны ўцяклі з таго дому.

17 І даведаліся пра гэта ўсе Юдэі і Грэкі, пражываючыя ў Эфэзе, ды страх ахапіў ўсіх, і славілі імя Госпада Езуса.

18 І многа веручых прыходзіла, вызнаваючы і выяўляючы ўчынкі свае.

19 Многа такжа з тых, каторыя займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і аблічылі цану іх у пяцьдзесят тысяч сярэбранікаў.

20 Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.

Намеры Паўла спынены забурэньнем Дэмэтра

21 Споўніўшы ўсё гэта, Павал намераваўся ў Духу прайсьці праз Македонію і Ахаю ды ісьці ў Ерузалім, кажучы: "Наведаўшы гэтыя краіны, напраўлюся і Рым паглядзець".

22 Дык выслаў у Македонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.

23 У той час сталася немалое забурэньне з прычыны дарогі (Госпадавай).

24 Адзін сераброўнік, імем Дэмэтар, які вырабляў серабраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў добра зарабляць рамесьнікам,

25 сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамясла і сказаў: "Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла нам дабрабыт.

26 Але бачыце і чуеце, што ня толькі у Эфэзе, але блізу ва ўсёй Азіі гэты Павал пераканаў ды зьвёў шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, што зроблены рукамі.

27 Дык пагражае небясьпека, што ня толькі нашае рамясло ўпадзе, але і сьвятыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы".

28 Калі гэта пачулі, дужа ўзлаваліся і пачалі крычаць: "Вялікая Артэміда Эфэская!"

29 І замяшаньне ахапіла увесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, таварышаў Паўла, кінуліся аднадушна ў тэатар.

30 Калі ж Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пусьцілі яго.

31 Таксама некаторыя прыхільныя яму начальнікі паслалі да яго з просьбай, каб ён не ішоў у тэатар.

32 А там адны крычалі адно, а іншыя - другое, сабраньне бо было бурлівае, і многія ня ведалі, чаго сабраліся.

33 З натоўпу быў выведзены Александар, якога выпіхалі Юдэі. Александар даў знак рукою, і хацеў апраўдацца перад народам.

34 Калі ж даведаліся, што ён - Юдэй, то закрычалі ўсе ў адзін голас і каля двух гадзін крычалі: "Вялікая Артэміда Эфэская!"

35 І калі (гарадзкі) пісар супакоіў грамады, сказаў: "Эфэсцы! Ці ёсьць чалавек, каторы ня ведае, што горад Эфэз славіць вялікую Артэміду і што фігура яе Зэўсам спушчана?

36 Гэтаму нельга запярэчыць, таму павінны вы супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.

37 Прывялі вы гэтых людзей, каторыя ані не зьневажалі, ані не блюзьнілі на багіню нашу.

38 А калі Дэмэтар і яго рамесьнікі маюць супраць некага справу, дык на рынку праводзяцца суды, і ёсьць праконсулы; хай адны другіх вінавацяць.

39 А калі чаго іншага дамагаецеся, вырашаеца гэта законна на скліканым сходзе.

40 Пагражае бо нам абвінавачаньне адносна сягоньняшняга забурэньня, бо няма ніякае прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча". І па гэтых словах распусьціў сабраньне.

 

Разьдзел 20
Падарожжа Паўла ў Македонію і Грэцыю

1 Калі забурэньне сьціхла, Павал паклікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, разьвітаўся і рушыў у дарогу ў Македонію.

2 Калі ж прайшоў тыя мясьціны і падбадзёрыў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.

3 І прабыў там тры месяцы, ды калі сабраўся плысьці ў Сырыю, Юдэі зрабілі супраць яго змову, дык рашыўся вяртацца праз Македонію.

4 Праводзілі яго Сопатэр Піраў з Бэрэі, і з Тэсалёнікі Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азіі - Тыхік і Трафім.

5 Яны пайшлі наперад ды чакалі на нас у Траадзе,

6 а мы паплылі з Філіпаў па сьвяце Праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.

Цуд у Траадзе

7 У першы дзень па субоце, калі сабраліся мы на ламаньне хлеба, Павал, каторы назаўтра меў выбрацца у дарогу, гаварыў да іх ды зацягнуў сваё слова да поўначы.

8 І многа сьветачаў гарэла ў сьвятліцы, дзе былі мы сабраўшыся.

9 А адзін юнак, на імя Эўтых, сядзеў на вакне і заснуў, бо Павал доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверху ўніз, і паднялі яго мёртвага.

10 Тады Павал зыйшоў на ніз, прыпаў да яго, і абняў яго, і сказаў: "Не трывожцеся, бо душа ягоная ў ім".

11 І, узыйшоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да сьвітаньня, а потым выбраўся ў дарогу.

12 А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасьць.

Дарога ў Мілет

13 Мы ж, сеўшы ў карабель, паплылі ў Асос, адкуль мелі ўзяць Паўла, бо ён так загадаў, хочучы ісьці пехатой.

14 Калі пераняў нас у Асосе, узялі мы яго і адправіліся у Мітылену,

15 і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос, і на другі дзень дабраліся да Мілету,

16 бо Павал вырашыў абмінуць Эфэз, каб не марудзіць у Азіі, бо сьпяшаўся па магчымасьці сьвяткаваць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.

Разьвітаньне з Эфэсцамі

17 З Мілету паслаўшы ў Эфэз, склікаў ён старшых царквы.

18 А калі яны сабраліся да яго, сказаў ім: "Вы ведаеце, якім я быў між вас ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,

19 як служыў я Госпаду з усёю пакораю, у сьлязах і ў выпрабаваньнях, каторыя напаткаў з прычыны подступаў Юдэйскіх;

20 як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,

21 заклікаючы як Юдэяў, так і Грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Езусу.

22 І цяпер, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што мяне там напаткае.

23 Адно толькі запэўнівае мяне Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах, што чакаюць мяне путы і гора.

24 Але я ня дбаю лішне пра сваё жыцьцё, абы завяршыў бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Езуса: сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божай.

25 І цяпер вось ведаю, што ўжо больш ня ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з каторымі я спатыкаўся, прапаведаючы Каралеўства (Божае).

26 Дзеля таго запэўніваю вас сягоньня, што я чысты ад крыві ўсіх,

27 бо я не ўхіляўся баязьліва вясьціць вам усю волю Божую.

28 Зьвяртайце ўвагу на саміх сябе і на ўвесь статак, над каторым паставіў вас Дух Сьвяты біскупамі, каб пасьвілі вы царкву Бога, каторую Ён здабыў сваёю Крывёй.

29 Ведаю, што па маім адыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, каторыя не пашкадуюць стада,

30 ды спаміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць навучаць наадварот, каб пацягнуць за сабой вучняў.

31 Таму чувайце, памятаючы, што я праз тры гады днём і ноччу не пераставаў са сьлязьмі ўпамінаць кожнага з вас.

32 І цяпер даручаю вас Богу ды слову ласкі Ягонай, каторае мае моц збудаваць вас ды даць спадчыну з усімі сьвятымі.

33 Не квапіўся я на нічыё серабро, ані на золата, ані на адзеньне.

34 Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на патрэбы мае ды маіх таварышаў.

35 Ва ўсім паказваў я вам, што так працуючы, трэба ўспамагаць кволых, памятаючы на словы Госпада Езуса, які казаў: "Лепш даваць, чым браць".

36 Па гэтых словах упаў на калені ды маліўся разам з усімі.

37 Тады ўсе пачалі ў голас плакаць і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,

38 сумуючы дзеля словаў яго, што больш ня ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.

 

Разьдзел 21
Увязьненьне Паўла
Падарожжа ў Ерузалім.

1 Расстаўшыся з імі, мы паплылі напрасткі ды прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Радос, а адтуль - у Патары.

2 І, знайшоўшы карабель, каторы меў плысьці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.

3 Убачыўшы Кіпр, пакінулі яго зьлева, плывучы ў напрамку Сырыі, і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць ладункі.

4 І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён, тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.

5 Як прайшлі тыя дні, мы выйшлі ў дарогу, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзьбярэжжы ўпалі мы на калені і маліліся,

6 а затым разьвіталіся; і мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.

7 Скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.

8 На другі дзень, пусьціўшыся ў дарогу, прыбылі мы ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом эвангелісты Філіпа, аднаго з сямёх, ды ў яго затрымаліся.

9 А меў ён чатыры дачкі дзяўчаты, якія праракавалі.

10 Калі мы там прабылі некалькі дзён, прыйшоў з Юдэі нейкі прарок імем Агаб.

11 І калі ён адведаў нас, узяў пояс Паўла, зьвязаў сабе рукі і ногі ды сказаў: "Гэта кажа Дух Сьвяты: Так Юдэі ў Ерузаліме зьвяжуць чалавека, катораму належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў".

12 Калі мы гэта пачулі, разам з тамашнімі братамі упрашалі яго, каб не ішоў у Ерузалім.

13 Тады Павал адказаў: "Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы ня толькі ў вязніцу, але і на сьмерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Езуса".

14 І ня здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: "Хай станецца воля Госпада!"

15 Пасьля, прыгатаваўшыся, выправіліся ў Ерузалім,

16 і праводзілі нас некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпру, аднаго з першых вучняў, у каторага знайшлі мы гасьціну.

Павал у Ерузаліме

17 І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.

18 А на другі дзень Павал разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старшыя.

19 Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што даканаў Бог сярод паганаў праз ягоную паслугу.

20 Чуючы гэта, яны славілі Бога, але прытым казалі яму: "Бачыш, брат, колькі тысяч Юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.

21 Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх Юдэяў, жывучых між паганаў, адварочваеш ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.

22 Дык што гэта? Напэўна даведаюцца, што ты прыбыў.

23 Дык зрабі, як мы табе раім: маем тут чатырох мужчын, каторыя злажылі шлюбаваньне.

24 Вазьмі іх з сабой, і ачысьціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе пераканаюцца, што тое, што пра цябе даведаліся - няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.

25 А адносна паганаў, каторыя ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб ня елі яды, ахвяраванай ідалам, і ўстрымаліся ад крыві і ад таго, што задушана, ды ад распусты".

26 Тады Павал ўзяў з сабой тых мужчынаў, і на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэньню, і ўвайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.

Арыштаваньне Паўла ў сьвятыні

27 Калі тых сем дзён даходзіла да канца, Юдэі з Азіі, убачыўшы Паўла ў сьвятыні, падбурылі ўвесь натоўп ды кінуліся на яго,

28 падняўшы крык: "Ізраэльцы! На помач! Гэта той чалавек, каторы ўсюды ўсіх вучыць супраць народу і закону, і супраць гэтага месца, а прытым Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае сьвятое месца".

29 Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфэзу ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў сьвятыню.

30 Дык узварухнуўся ўвесь горад, і зьбегся народ, і схапілі Паўла ды выцягнулі яго па-за сьвятыню, і зараз жа зачынілі брамы.

31 Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,

32 дык ён неаднакладна ўзяў жаўнераў ды сотнікаў і зыйшоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўла.

33 Тады трыбун, падыйшоўшы, узяў яго і загадаў яго зьвязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.

34 А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, ня могучы нічога даведацца яснага з прычыны гармідару, казаў завесьці яго ў крэпасьць.

35 Калі ж прыйшлі да сходаў, дзеля пханіны людзей жаўнеры мусілі несьці яго,

36 бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: "Сьмерць яму!"

37 І калі мелі яго ўвесьці ў крэпасьць, спытаў Павал у трыбуна: "Ці можна мне штосьці сказаць табе?" Ён спытаў: "Ты ўмееш па-грэцку?

38 Ці ты не Эгіпцянін, каторы нядаўна падбурыў ды вывеў у пустыню чатыры тысячы мечаносцаў?"

39 Адказаў Павал: "Я - Юдэй з Тарсу, што ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога гораду; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народу".

40 Калі той дазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і калі настала цішыня, ён прамоў па-гебрайску ў гэтыя словы:

 

Разьдзел 22
Прамова Паўла да Юдэяў

1 "Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданьне".

2 Пачуўшы, што ён гаворыць на гэбрайскаи мове, яны тым больш сьціхлі. Ён жа казаў:

3 "Я - Юдэй, народжаны ў Тарсе, што ў Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліеля атрымаў руплівае ўзгадаваньне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры слуга Бога, як і вы ўсе сягоньня.

4 Перасьледаваў я гэты шлях аж да кары сьмерці, бяручы ў путы і кідаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын,

5 што могуць засьведчыць першасьвятар і Рада. Ад іх атрымаў лісты я да братоў і направіўся ў Дамашак з мэтаю арыштоўваць тых, што былі там, ды дастаўляць у Ерузалім для пакараньня.

6 І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамашку, каля поўдня раптам агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.

7 І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: "Саўл, Саўл, чаму ты перасьледуеш Мяне?"

8 Я спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Ён сказаў мне: "Я - Езус з Назарэту, каторага ты перасьледуеш".

9 Тыя, ж што былі са мною, бачылі, праўда, сьвятло, але голасу Яго ня чулі, які гаварыў са мной.

10 Дык я спытаў: "Што маю рабіць, Госпадзе?" Госпад жа сказаў мне: "Устань і ідзі ў Дамашак, ды там скажуць табе ўсё, што маеш рабіць".

11 І як я асьлеп ад яркасьці таго сьвятла, дык ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамашак.

12 І нейкі Ананія, чалавек пабожны, жывучы паводле закону, пра што сьведчаць усе жывучыя там Юдэі,

13 прыбыў да мяне і, падыйшоўшы, сказаў: "Саўле, браце, праглянь!" І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.

14 А ён кажа: "Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,

15 бо будзеш сьведчыць аб ім усім людзям, што ты бачыў і чуў.

16 Дык не марудзь. Прыймі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Ягонае".

17 А калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, апынуўся ў захапленьні

18 і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: "Пасьпяшайся і выйдзі з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго сьведчаньня пра Мяне".

19 Я ж сказаў: "Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што вераць у Цябе, замыкаў у вязьніцах і бічаваў у сынагогах;

20 а калі пралівана была кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся на гэта ды пільнаваў адзеньня забойцаў ягоных".

21 Ён жа сказаў мне: "Ідзі, бо я цябе пашлю далёка да паганаў".

Павал выяўляе Рымскае грамадзянства

22 І слуxалі яны яго да гэтых словаў і тады закрычалі: "Прымі з зямлі такога, бо яму нельга жыць!"

23 А калі яны крычалі, і махалі адзеньнем, і кідалі пясок у паветра,

24 трыбун загадаў завесьці яго ў крэпасьць ды бічаваньнем змусіць яго прызнацца, каб даведацца прычыну, дзеля якой так крычаць на яго.

25 І калі яго вязалі рамнямі, Павал зьвярнуўся да стаячага побач сотніка, кажучы: "Ці маеце права без суду бічаваць грамадзяніна Рымскага?"

26 Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і сказаў яму: "Што робіш? Гэты ж чалавек - Рымлянін".

27 Трыбун падыйшоў і спытаўся ў яго: "Скажы, ці ты - Рымлянін?" А Павал сказаў: "Так".

28 Трыбун адказаў: "Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства". А Павал сказаў: "Я маю яго ад нараджэньня".

29 Адразу таму адыйшлі ад яго тыя, што меліся выпытваць яго. А трыбун, даведаўшыся, што Павал ёсьць Рымлянін, спалохаўся, што загадаў яго зьвязаць.

Павал перад Радай

30 На другі дзень трыбун, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго Юдэі, зьняў з яго рамяні, ды загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсёй Радзе, і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.

 

Разьдзел 23

1 Павал жа, гледзячы адважна на Раду, прамовіў: "Мужы браты! Да сёньняшняга дня я жыў на віду Бога з чыстым сумленьнем".

2 Тады першасьвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.

3 Тады Павал сказаў яму: "Хай ўдарыць цябе Бог, сьцяна пабеленая: То ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону".

4 А каторыя пры ім стаялі, сказалі: "Першасьвятару Божаму ты дакараеш?"

5 Сказаў Павал: "Ня ведаў, браты, што гэта першасьвятар. Бо напісана: "Начальніку народу твайго не дакарай".

6 І Павал, ведаючы, што адна частка садукеяў, а другая - з фарысэяў складаецца, закрычаў перад Радай: "Я - фарысэй, мужы браты, і сын фарысэяў! Стаю перад судом за тое, што спадзяюся ўваскрасеньня памёршых".

7 Калі гэта сказаў, узьнялася звадка паміж фарысэямі і садукеямі, ды дайшло да разьдзяленьня паміж сабраўшыхся.

8 Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа, а фарысэі прызнаюць адно і другое.

9 І зрабіўся вялікі гармідар, і ўскочылі некаторыя з кніжнікаў спаміж фарысэяў, і зацята крычалі: "Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго дух або анёл".

10 І калі дайшло да вялікага замяшаньня, трыбун, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам зыйсьці, і ўзяць яго спасярод іх, і завесьці ў крэпасьць.

11 У наступную ноч аб'явіўся яму Госпад і сказаў: "Адвагі! Трэба бо, каб ты і ў Рыме сьведчыў пра Мяне, так як (сьведчыў) у Ерузаліме".

Змова Юдэяў супраць Паўла

12 А як настаў дзень, сабралася зборышча Юдэяў, каторыя пакляліся ня есьці, і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла.

13 Такую змову зрабіла болей за сорак чалавек, што гэтак запрысягліся.

14 Яны пайшлі да першасьвятароў і старшыняў і сказалі: "Мы прысяглі нічога ня браць у вусны, пакуль не заб'ём Паўла.

15 Цяпер вы, разам з Радай, пераканайце трыбуна, каб прывесьці яго да вас пад выглядам падрабязнейшага абсьледаваньня яго справы, а мы гатовыя забіць яго перш, чым дойдзе".

16 Калі пра змову пачуў сын сястры Паўла, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасьць, і расказаў пра гэта Паўлу.

17 Павал жа пазваў аднаго з сотнікаў і сказаў: "Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць".

18 Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і сказаў: "Вязень Павал пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака. Ён мае нешта табе сказаць".

19 Трыбун узяў яго за руку і, адвёўшы на бок, запытаўся: "Што маеш мне сказаць?"

20 Ён адказаў: "Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўла ў Раду пад выглядам падрабязьнейшага абсьледаваньня яго справы.

21 Ты, аднак, ня вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны запрысягліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго, і ўжо прыгатаваныя, чакаючы на твой дазвол".

22 Дык трыбун адпусьціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў, што пра гэта яго паведаміў.

23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, загадаў: "Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў і семдзесят коньнікаў, ды дзьвесьце дзіднікаў, каб у тры гадзіны ночы ішлі ў Цэзарэю.

24 Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўла на яе, здаровага даставілі намесьніку Фэліксу".

25 Напісаў прытым ліст такога зьместу:

26 "Кляўды Лізі высокадастойнаму намесьніку Фэліксу прывітаньне.

27 Гэтага чалавека схапілі Юдэі і хацелі забіць. Я ж, пасьпяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён - Рымлянін.

28 Хочучы пазнаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, даставіў яго ў іх Раду,

29 і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, а не ў злачынстве, або ў чым вартым сьмерці або вастрогу.

30 Калі ж мне паведамілі аб змове на гэтага чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы вінавацеляў, каб падалі абвінавачваньне на яго перад табой".

31 Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўла і ноччу павялі яго ў Антыпатрыду.

32 Назаўтра, пакінуўшы коньнікаў з ім, каб праводзілі яго, самі вярнуліся ў крэпасьць.

33 Тыя ж прыбылі ў Цэзарэю, і аддалі ліст намесьніку, ды паставілі Паўла перад ім.

34 А ён, прачытаўшы ліст, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,

35 сказаў: "Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае вінавацелі". І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Герода.

 

Разьдзел 24
Павал перад судом Фэлікса

1 Па пяці днях прыбыў першасьвятар Ананія з некалькімі старшынямі і з нейкім рытарам Тэртулам, і ўручылі намесьніку абвінавачваньне супраць Паўла.

2 І калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць: "Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакою, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народу,

3 найдастойнейшы Фэлікс! І мы ўсюды ды заўсёды прыймаем гэта з вялікай удзячнасьцю.

4 А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна хоць хвіліну паслухаў.

5 Мы знайшлі, што гэты чалавек - правадыр сэкты Назарэйцаў, сее заразу і выклікае бунты сярод Юдэяў ва ўсім сьвеце,

6 які нават адважыўся спаганіць сьвятыню, дык мы яго ўзялі і хацелі судзіць па нашых законах.

7 Але прыбег трыбун Лізі і з вялікім гвалтам вырваў яго з рук нашых, і загадаў абвініцелям ягоным ісьці да цябе.

8 Дык выслухаўшы яго, ты сам зможаш даведацца пра ўсё, у чым мы яго вінавацім".

9 І Юдэі падцьвердзілі, што справа гэтак маецца.

10 Калі намесьнік даў знак Паўлу гаварыць, ён сказаў: "Ведаю, што ты ад многіх гадоў яўляешся суддзёю гэтага народу, таму сьмела выступлю ў сваёй абароне.

11 Можаш пераканацца, што я ня больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім пакланіцца Богу.

12 І ані ў сьвятыні, ані ў сынагозе, ані ў горадзе ня бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падымаў бунт.

13 Яны ня могуць давесьці табе тога, у чым цяпер вінавацяць.

14 Да таго вось прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў маіх, веручы ва ўсё, што напісана ў Законе ды ў Прарокаў,

15 маючы таксама ў Богу надзею, якую і яны маюць, што будзе ўваскрасеньне справядлівых і несправядлівых.

16 Таму і сам стараюся заўсёды мець чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.

17 Па многіх гадах явіўся я з міласьцінамі ды ахвярамі для майго народу,

18 і на гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні без натоўпу ды без заварухі

19 некаторыя Юдэі з Азіі. Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць перад табой, калі маюць нешта супраць мяне.

20 А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ў-ва мне на судзе ў Радзе.

21 Xіба толькі дзеля таго, што, стоячы між іх, закрычаў у голас: Судзіце мяне сёньня дзеля веры ў уваскрасеньне памёршых".

22 Фэлікс, добра разьбіраючыся, што гэта за дарога, адлажыў іх справу, кажучы: "Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лізі".

23 І загадаў сотніку пільнаваць яго і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з прыяцеляў яго служыць яму.

Вастрог у Цэзарэі

24 Па некалькі днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзіляй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла, ды слухаў яго аб веры ў Езуса Хрыста.

25 Але калі Павал стаў гаварыць пра справядлівасьць і пра ўстрыманасьць, ды пра будучы суд, Фэлікс, напалоханы, сказаў: "Цяпер даволі, можаш ісьці; калі буду мець час, паклічу цябе зноў".

26 Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўла грошы, дык таму часта пасылаў па яго і гутарыў з ім.

27 Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцы Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўла ў вязьніцы, хочучы аказаць ласку Юдэям.

 

Разьдзел 25
Перад судом Фэста

1 Па прыбыцьці ў правінцыю Фэст па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.

2 Там да яго зьвярнуліся першасьвятары і выдатнейшыя з Юдэяў са скаргаю супраць Паўла,

3 ды прасілі ласкі ў яго прыслаць Паўла ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.

4 Але Фэст адказаў, што Павал знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выедзе:

5 "Дык хай хто з вас можа, -сказаў, - пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі гэты чалавек дапусьціўся злачынства".

6 І, прабыўшы сярод іх ня больш васьмі ці дзесяці дзён, направіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесьці Паўла.

7 І калі ён прыйшоў, абступілі яго Юдэі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, і прадстаўлялі супраць яго многа цяжкіх закідаў, каторых не маглі даказаць.

8 Павал жа бараніўся: "Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара".

9 А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, запрапанаваў Паўлу: "Хочаш ісьці ў Ерузалім і там у гэтых справах быць мною суджаным?"

10 Павал адказаў: "Стаю перад судом цэзара, ды перад ім трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.

11 Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці вартае сьмерці, не адмаўляўюся памерці. Але калі не зрабіў нічога такога, за што мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім выдаць. Адклікаюся да цэзара!"

12 Тады Фэст, параіўшыся са сваёй радай, адказаў: "Адклікаешся да цэзара, дык пойдзеш да цэзара".

Перад Геродам Агрыпай

13 Па некалькі днях кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.

14 Калі там прабылі многа дзён, Фэст расказаў справу Паўла каралю, кажучы: "Фэлікс пакінуў у вязьніцы аднаго чалавека.

15 Калі я быў у Ерузаліме, першасьвятары і старшыні Юдэйскія выставілі супраць яго абвіненьне, дамагаючыся яго асуджэньня на сьмерць.

16 Я ім адказаў, што Рымляне ня маюць звычаю прысуджаць каго-колечы на сьмерць, калі абвінавачаны ня стане перад вінавацелямі ды ня будзе мець магчамасьці бараніцца адносна закідаў.

17 І калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, сеўшы ў судзе, загадаў прывесьці гэтага чалавека.

18 І вінавацелі не прадставілі супраць яго ніякага абвінавачаньня ў злачынстве, якога я чакаў.

19 Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Езуса, пра каторага Павал даказвае, што Ён жыве.

20 Ня знаючыся на гэтай справе, я запытаўся, ці хацеў бы ён пайсьці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых справах.

21 Калі ж Павал запатрабаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, загадаў яго пільнаваць, пакуль не адашлю яго да цэзара".

22 Агрыпа сказаў Фэсту: "І я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека".

23 "Заўтра, - адказаў, - пачуеш яго". На другі дзень, калі Агрыпа і Бэрэніка з вялікаю пышнасьцю прыбылі і ўвайшлі ў залю разам з трыбунамі ды паважнейшымі людзьмі горада, па загаду Фэста ўведзены быў Павал.

24 І сказаў Фэст: "Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя! Бачыце гэтага чалавека, дзеля якога прыходзіла многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тутака, гамонячы, што яму не належыцца больш жыць.

25 Але я пераканаўся, што ён не дапусьціўся нічога вартага кары сьмерці. А калі ён адклікаўся да Аўгуста, вырашыў яго паслухаць.

26 Дык ня маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.

27 Бо здаецца мне неразумным пасылаць вязьня, не падаўшы абвінавачаньня".

 

Разьдзел 26
Прамова Паўла перад каралём Агрыпай

1 Агрыпа сказаў Паўлу: "Дазваляецца табе гаварыць у тваёй абароне". Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў апраўдывацца:

2 "Кароль Агрыпа! Лічу я сябе шчасьлівым, што магу сягоньня выступаць у абароне сваёй перад табой супраць усяго, у чым вінавацяць мяне Юдэі.

3 Тым болыш, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя справы. Таму прашу цярпліва мяне выслухаць.

4 Жыцьцё маё ад маладосьці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе Юдэі.

5 Яны ведаюць мяне ад даўна і, каб хацелі, маглі б засьведчыць, што я як фарысэй жыў паводле (прынцыпаў) найдасканалейшае сэкты нашай рэлігіі.

6 І цяпер стаю перад судом ды суджаны за тое, што здавераны ў абяцаньні, дадзеным Богам бацькам нашым,

7 каторага спаўненьня спадзяюцца дванаццаць пакаленьняў нашых, служачы заўсёды, днём і ноччу. Дзеля гэтае надзеі, валадару, і вінавацяць мяне Юдэі.

8 Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памёршых?

9 Калісьці і мне самому здавалася, што мушу выступаць усякімі спосабамі супраць імя Езуса з Назарэту.

10 Я гэтак і рабіў у Ерузаліме; і, узяўшы ўпаважненьне ад першасьвятароў, кідаў у вязьніцы многіх сьвятых, і даваў голас мой, калі іх забівалі.

11 І часта ва ўсіх сынагогах карамі прымушаў іх да блюзьнерства, і перасьледаваў іх бяз меры нават па іншых гарадах.

12 І так ехаў я ў Дамашак з уладаю і з даручэньнем ад першасьвятароў,

13 і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о валадару, сьвятло з неба, ярчэйшае за сонца, каторае агарнула мяне і маіх таварышаў падарожжа.

14 І калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, каторы гаварыў да мяне па-гебрайску: "Саўл, Саўл, чаму Мяне перасьледуеш? Трудна табе ўпірацца проці ражна!"

15 Я запытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" А Госпад адказаў: "Я - Езус, каторага ты перасьледуеш.

16 Але падніміся і стань на ногі, бо аб'явіўся Я табе таму, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што пабачыў, ды таго, што табе аб'яўлю,

17 і абараню цябе ад народу Юдэйскага і ад паганаў, да каторых цябе пасылаю,

18 каб адкрыў ты ім вочы, каб адвярнуліся ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў, удзел са сьвятымі праз веру ў Мяне".

19 Дзеля таго, валадару, ня мог я працівіцца зьяве з неба,

20 але перш тым, што ў Дамашку, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам вясьціў, каб пакутавалі ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртаньня.

21 Дзеля гэтае прычыны схапілі мяне Юдэі ў сьвятыні ды хацелі забіць.

22 Але з помаччу Божай жыву да сёньня і далей сьведчу малым і вялікім, не навучаючы больш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей,

23 што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым з уваскрасеньня мёртвых, ды што будзе вясьціць сьвятло для народу і для паганаў".

24 А калі ён так выступаў у абароне, Фэст закрычаў у голас: "Паўле, ты губляеш розум. Вялікая навука давяла цябе да шалу".

25 На гэта Павал: "Дастойны Фэст, я не шалею, ды словы, што гавару, праўдзівыя і прадуманыя!

26 Ведае пра гэта кароль, да каторага гавару сьмела. Я перакананы, што яму ўсе гэтыя справы вядомыя. Не адбывалася ж гэта ўсё ў якім заканурку.

27 Ці верыш, кароль Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш".

28 На гэта Агрыпа сказаў Паўлу: "Мала не хапае, каб ты пераканаў мяне ды зрабіў з мяне хрысьціяніна".

29 А Павал: "Дай Бог, каб скарэй, ці пазней, ня толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сягоньня слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў".

30 І ўстаў кароль, і намесьнік, і Бэрэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,

31 і, выходзячы, казалі адны другім: "Гэты чалавек не зрабіў нічога, каб караць сьмерцю або вязьніцаю".

32 А Агрыпа сказаў Фэсту: "Можна было б асвабадзіць яго, калі б ён не адклікаўся да цэзара".

 

Разьдзел 27
Вязень Павал вырушае ў Рым

1 Калі было вырашана плысьці нам у Італію, аддалі Паўла і разам з ім іншых вязьняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.

2 Селі мы на Гадрамітыйскі карабель, каторы меў плысьці каля ўзьбярэжжаў Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, Македонец з Тэсалёнікі.

3 На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлі, які па-людзку абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсьці да сяброў ды заагледзіцца ў дарогу.

4 Адсюль паплылі мы ўздоўж Кіпру, таму што былі супраціўныя вятры,

5 і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі ў Міру, што ў Ліцыі.

6 І там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і памясьціў нас на ім.

7 І многа дзён, плывучы памалу, заледзь апынуліся насупраць Кніду з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыту каля Сальмону.

8 І, плывучы з трудом уздоўж яго берагоў, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Лясэя.

Бура разьбівае карабель

9 Калі ж прайшло многа часу і плаваньне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Павал перасьцерагаў іх,

10 кажучы ім: "Людзі, я прадбачу, што плаваньне становіцца небясьпечным ды згубным ня толькі для ладунку і карабля, але і для нашага жыцьця".

11 Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым словам Паўла.

12 А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасьць вырашыла адплысьці адтуль, спадзяючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.

13 І калі падуў паўдзённы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыту.

14 Але небавам наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілён.

15 Калі карабель быў падхоплены, і ня мог плысьці супраць ветру, мы здаўшы карабель на вецер, і хвалі панесьлі нас.

16 Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Каўда, з трудом утрымалі мы ратунковую лодку.

17 Калі яна была ўцягнута, маракі забясьпечылі карабель, абцягваючы яго вяроўкамі. І, баючыся, каб не папасьці на мялізну, спусьцілі ветразь і здаліся на хвалі.

18 А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць ладунак,

19 а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.

20 Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, зьнікла ўжо ўсякая надзея нашага выратаваньня.

21 І калі яны ўжо есьці не хацелі, сказаў ім Павал, стаўшы між іх: "Трэба было слухаць мяне і не адплываць ад Крыту, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.

22 І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас ня згіне, апрача толькі карабля.

23 У гэту ноч аб'явіўся мне анёл Бога, катораму належу ды катораму служу,

24 і сказаў: "Ня бойся, Паўле; трэба табе стануць перад цэзарам, і вось Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою".

25 Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.

26 Мы мусім даплысьці да нейкага вострава".

27 А ў чатырнаццатую ноч, калі нас кідала па Адрыятыку, здавалася маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай сухмені.

28 Дык спусьцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажаняў, і, крыху адплыўшы, спусьцілі і знайшлі пятнаццаць сажаняў.

29 Баючыся, каб не папасьці на скалістыя месцы, кінулі з карна чатыры якары ды чакалі сьвітаньня.

30 Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусьцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,

31 Павал сказаў сотніку і жаўнерам: "Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце выратавацца".

32 Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.

33 Калі пачынала днець, Павал заахвочваў усіх пасіліцца: "Сёньня ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, ня еўшы і ня маючы нічога ў вуснах.

34 Дык прашу вас, пасіліцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратаваньня, ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе".

35 Па гэтых словах узяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ўсіх і, паламаўшы, пачаў есьці.

36 Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.

37 А было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць чалавек.

38 І калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.

Высадка на Мальце

39 Калі разьвіднела, не пазналі зямлі, убачылі аднак нейкую затоку з плоскім берагам, да каторай хацелі давесьці карабель.

40 І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, разьвязаўшы стырно, паставілі пад вецер ды скіраваліся да берага.

41 Папаліся аднак на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля быў увязшы і быў нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.

42 Жаўнеры ж былі дагаварыўшыся пазабіваць вязьняў, каб хто, даплыўшы да берагу, ня ўцёк.

43 Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўла, забараніў ім. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,

44 а рэшта, хто на дошках або на частках карабля. І так выбраліся на зямлю ўсе.

 

Разьдзел 28
Зімоўка на Мальце

1 Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Мэліта.

2 Тутэйшыя ж выявілі нам немалую людзкасьць; распалілі агонь дзеля таго, што падаў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.

3 Калі Павал назьбіраў бярэмя ламачча і клаў на агонь, тады гадзіна, вылязшы ад гарычыні, прычапілася да ягонай рукі.

4 Калі тутэйшыя ўбачылі гада, зьвісаўшага з ягонай рукі, гаварылі паміж сабой: "Гэты чалавек хіба забойца, бо хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць".

5 А ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.

6 Яны думалі, што ён пачне пухнуць, і раптам упадзе, і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога ня робіцца, зьмяніўшы думкі, гаварылі, што ён - бог.

7 Каля таго месца - маёнтак князя таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас і тры дні ўгашчаў.

8 Бацька ж яго ляжаў хворы на трасца і крываўку. Павал пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.

9 Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя на востраве ды былі аздароўлены.

10 Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, заагледзілі нас ва ўсё, што нам было патрэбнае.

Павал ідзе ў Рым

11 Па трох месяцах на Александрыйскім караблі пад знакам Дыяскураў, каторы зімаваў на востраве, мы адплылі.

12 Прыплыўшы ў Сыракузы, прабылі мы там тры дні.

13 Адтуль, плывучы ўздоўж узьбярэжжа, прыбылі мы ў Рэгію, і па адным дні, калі падуў паўдзённы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Пэтэолі.

14 Тамака спаткалі братоў і па іх просьбе забавілі сем дзён. Наастатак прыбылі мы ў Рым.

15 Тамтэйшыя браты, даведаўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіявае плошчы і Трох Гасьцініц. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.

16 Калі ж прыбылі мы ў Рым, дазволена Паўлу было жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.

Спатканьне з Юдэямі ў Рыме

17 Па трох днях запрасіў Павал да сябе выдатнейшых з Юдэяў. І калі яны сабраліся, прамовіў да іх: "Мужы браты! Не зрабіў я нічога благога ані супраць народу, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліму ў рукі Рымлянаў,

18 якія па допыце хацелі мяне выпусьціць, бо не было ў мяне нічога вартага кары сьмерці.

19 Калі, аднак, Юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў адклікацца на цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свайго народу.

20 Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзяваньня Ізраэля нашу гэтыя путы".

21 А яны сказалі яму: "Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога не гаварыў аб табе благога.

22 Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай сэкце, што ўсюды працівяцца ёй".

23 І, назначыўшы яму дзень, вельмі многа прыйшло да яго на кватэру. І ён ім сьведчыў пра Каралеўства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх што да Езуса на падставе Майсеявага Закону і Прарокаў.

24 І адны верылі таму, што гаварыў, а другія ня верылі.

25 І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адыйсьці. Тады Павал сказаў ім адно слова: "Добра Дух Сьвяты сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю:

26 "Ідзі да народа гэтага і скажы ім: Слухам будзеце слухаць, і не зразумееце, і гледзячы глядзець будзеце, і ня ўбачыце.

27 Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушамі слаба чуюць ды вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў".

28 Дык ведайце, што гэта збаўленьне Божае пасланае паганам, і яны будуць слухаць".

29 І як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, зацята спрачаючыся між сабою.

Заканчэньне

30 Ён жа два круглых гады пражываў у сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, хто да яго прыходзіў,

31 абвяшчаючы Каралеўства Божае і вучачы пра Госпада Езуса Хрыста з усёй адвагай без перашкодаў.

 

 

Ліст Рымлянам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, слуга Езуса Хрыста, пакліканьнем апостал, прызначаны дзеля вяшчэньня Эвангельля Божага,

2 якое ўжо раней прадказаў Бог праз сваіх прарокаў у сьвятых Пісаньнях,

3 пра Сына свайго, каторы целам нарадзіўся з насеньня Давіда

4 і ўстаноўлены Сынам Божым у моцы, Духам сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Госпада нашага.

5 Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства, каб для (спахвалы) імя Яго здабываць дзеля послуху веры ўсе народы,

6 да якіх належыце і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.

7 Усім, што ў Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста!

Малітва падзякі і жаданьне прыбыць у Рым

8 Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім сьвеце.

9 Сьведка мне Бог, катораму служу духам маім, вешчучы Эвангельле Сына Яго, што заўсёды ўспамінаю вас,

10 у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасьце выбрацца ў дарогу адведаць вас.

11 Прагну бо бачыць вас, каб падзяліцца з вамі якім дарам духовым і падмацаваць вас,

12 гэта значыць пацешыцца супольна з вамі вашаю і маёю вераю.

13 Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што я часта зьбіраўся наведаць вас, але меў перашкоды аж дасюль, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.

14 Я даўжнік Грэкам і барбарам, як мудрых, так і невучоных.

15 Дык, на колькі ад мяне залежыць, я гатовы эвангелізаваць і вас, каторыя ў Рыме.

Патрэба апраўданьня паганам і Юдэям
Тэма лісту

16 Я бо не саромлюся Эвангельля, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму веручаму, перш Юдэю, затым Грэку.

17 У ім бо выяўляецца справядлівасьць Божая, каторая з веры (узьнікае) і да веры (вядзе), як напісана: "Справядлівы з веры жыць будзе".

Пагане патрабуюць апраўданьня

18 Бо гнеў Божы аб'яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасьць і несправядлівасьць людзей, што несправядлівасьцяй праўду заціскаюць,

19 бо што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна (дадзена), бо Бог ім гэта аб'явіў.

20 Бо ад стварэньня сьвету нябачная Яго (істота), і спрадвечная Яго магутнасьць, і боства выяўляюцца розуму праз Яго творы, так што ня могуць апраўдацца ад віны.

21 Бо калі Бога пазналі, ня славілі Яго як Бога і ня дзякавалі, але пустацелі ў думках сваіх, і прыцьмілася сэрца іхняе неразумнае.

22 Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі

23 і хвалу незьнішчальнага Бога замянілі на падобнасьць вобразу зьнішчальнага чалавека і птушак, чацьвяраногіх ды гадаў.

24 Дзеля таго аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці, каб між сабою паганілі целы свае.

25 Праўду Божую бо замянілі на фальш і пакланяліся і служылі стварэньню змест Творцы, які багаслаўлены на векі. Амэн.

26 Таму аддаў іх Бог на агідныя жарсьці. Жанчыны іхнія замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.

27 Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажаданьнем адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы на сабе належную адплату за сваю распусту.

28 А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,

29 напоўненыя ўсякаю нягоднасьцяй, ліхотай, хцівасьцяй, непрыстойнасьцяй, поўныя зайздрасьці, забойства, звадкі, ашуканства, злосьці, абмоўнікі,

30 зьвяглівыя паклёпнікі, ненавісьнікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

31 неразумныя, вераломныя, бязьлітасныя ды неміласэрныя.

32 Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя сьмерці, але ня толькі самі так робяць, але і спрыяюць так робячым.

 

Разьдзел 2
Юдэі патрабуюць апраўданьня

1 Таму няма выбачэньня табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, што асуджаеш.

2 Ведаем бо, што Бог справядліва асудзіць тых, каторыя дапускаюцца такіх чынаў.

3 Ці думаеш, чалавеча, каторы асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ўцячэш ад суду Божага?

4 Ці пагарджаеш багацьцем дабраты, цярплівасьці і вялікадушнасьці Бога, не разумеючы, што дабрата Божая прынукае цябе да пакаяньня?

5 Дзеля закамянеласьці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў (Божы) на дзень гневу і аб'явы справядлівага суду Бога,

6 які аддасьць кожнаму паводле яго ўчынкаў:

7 тым, што праз стойкасьць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасьці - жыцьцё вечнае;

8 а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісьці ня хочуць, але аддаюцца беззаконьню - гнеў і лютасьць.

9 Сум і прыгнёт (зваліцца) на кожнага чалавека, каторы дапускаецца зла, перш на Юдэя, а потым Грэка.

10 Хвала, і пашана, і супакой усякаму, чынячаму дабро, найперш Юдэю, а потым Грэку.

11 Бо Бог не зважае на асобу.

12 Бо тыя, што, ня маючы закону, саграшылі, без закону і пагінуць, а тыя, што, маючы закон, саграшылі, законам будуць асуджаны.

13 Бо ня тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выпаўняюць закон, будуць апраўданы.

14 Калі бо пагане, ня маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што загадвае закон, дык ня маючы закону, яны самі сабе закон.

15 Паказваюць яны, што зьмест закону напісаны ў іхніх сэрцах, пра гэта сьведчыць іх сумленьне і думкі, каторыя то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна другую,

16 у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Езуса Хрыста таемныя (ўчынкі) людзей паводле майго Эвангельля.

17 Калі ты завешся Юдэем, і пакладаешся на закон, і ганарышся Богам,

18 ды, павучаны законам, ведаеш волю Яго, і разумееш, што лепшае,

19 і перакананы, што ты - павадыр сьляпых, сьвятло для тых, што ў цемры,

20 выхавацель неразумных, настаўнік маладых, маючы ў законе поўнае веданьне і праўду.

21 Дык як жа ты вучыш другіх, а сябе самога ня вучыш? Вучыш, што нельга красьці, а крадзеш?

22 Вучыш, што нельга чужаложыць, а чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, а абкрадваеш сьвятыню?

23 Ганарышся законам, а парушаючы закон, Бога зьневажаеш?

24 Як напісана: "Дзеля вас між паганаў зьневажаецца імя Божае".

Ці важнае абразаньне?

25 Абразаньне тады карыснае, калі спаўняеш закон. Калі ж парушаеш закон, будучы абрэзаным, дык становішся як неабрэзаны.

26 А калі неабрэзаны спаўняе пастановы закону, дык ці ж яго неабразаньне не палічыцца яму за абразаньне?

27 Дык вось той, хто папрыродзе неабрэзаны, але спаўняе закон, будзе судзіць цябе, які парушаеш закон, маючы літару (закону) і абразаньне.

28 Бо ня той Юдэй, хто такі па выглядзе, ды ня тое абразанне, якое відаць на целе,

29 але той, хто ўнутры Юдэй, і абразаньне сэрца ў духу, а не паводле літары. Вось такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.

 

Разьдзел 3
Перавага Юдэяў

1 У чым жа перавага Юдэяў? Або якая карысьць з абразаньня?

2 Вялікая ў-ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана Слова Божае.

3 Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх недаверства зьнявечыць вернасьць Божую?

4 Ніякім чынам! Бо Бог ёсьць верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: "Каб Ты апраўдаўся ў словах Тваіх ды перамог, калі судзіць Цябе будуць".

5 Калі ж нашая несправядлівасьць увыразьняе Божую справядлівасьць, дык што можам сказаць? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? - Кажу па-чалавечаму.

6 Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць сьвет?

7 Бо калі праз маю хлусьню праўда Божая тым больш выяўляецца на хвалу Ягоную, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

8 Дык як некаторыя нас ачарняюць і кажуць, што мы так вучым: "Чынема зло, каб выйшла дабро"? Справядлівая кара такім.

Усе людзі - грэшнікі

9 Дык што? Ці мы маем перавагу? Ніякім чынам! Ужо раней мы даказалі, што і Юдэі, і Грэкі - усе пад уладай грэху,

10 як напісана: "Нікога няма справядлівага,

11 ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога,

12 усе зыйшлі з дарогі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

13 Горла іх - магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іхніх - яд зьмяіны,

14 вусны іхнія поўныя праклёнаў і горычы;

15 ногі іхнія скорыя да праліцьця крыві,

16 зьнішчэньне ды няшчасьце на іхніх дарогах,

17 яны не спазналі шляху супакою.

18 Няма страху Божага перад вачыма іхнімі".

19 А мы ведаем, што ўсё, што кажа закон, гаворыць да тых, што пад законам, каб замкнуць усім вусны ды каб увесь сьвет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;

20 бо ўчынкамі закону ніводзін чалавек ня зможа перад Ім апраўдацца; бо праз закон пазнаецца грэх.

Вера - крыніца апраўданьня
Апраўданьне для кожнага праз Езуса Хрыста

21 Але цяпер выявілася справядлівасьць Божая незалежна ад закону, аб якой сьведчаць Закон і Прарокі,

22 справядлівасьць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, што (у Яго) вераць. Бо няма розьніцы,

23 таму што ўсе саграшылі і пазбаўлены хвалы Божай,

24 апраўданьне ж атрымоўліваюць дарма праз ласку Ягоную, праз адкупленьне, якое ў Езусе Хрысьце;

25 Яго вось устанавіў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Ягонай крыві для выяўленьня справядлівасьці сваёй адносна грахоў раней учыненых,

26 у час цярплівасьці Божай, для выяўленьня справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён сам аказаўся справядлівым і апраўдываючым таго, хто верыць у Езуса.

27 Дзе ж тады прычына для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці законам учынкаў? Не, але законам веры.

28 Мы бо перакананыя, што чалавек атрымоўвае апраўданьне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.

29 Ці ж Бог ёсьць Богам толькі Юдэяў? Ці не паганаў таксама? Ведама, і паганаў,

30 адзін бо ёсьць Бог, каторы абрэзанага апраўдывае з веры, а неабрэзанага - праз веру.

31 Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але падцьвярджаем закон.

 

Разьдзел 4
Прыклад Абрагама

1 Дык што, скажам, здабыў наш прабацька Абрагам паводле цела?

2 Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, мае спахвалу, але ня перад Богам.

3 Бо што кажа Пісаньне? "Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму гэта за справядлівасць".

4 Вось жа таму, хто робіць, плаціцца ня з ласкі, але з належнасьці.

5 Таму аднак, хто ня робіць, але верыць у Таго, хто апраўдывае грэшніка, яго вера лічыцца за справядлівасьць.

6 Так і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог без учынкаў прызнае справядлівасьць:

7 "Шчасьлівыя тыя, каторым адпушчаны беззаконьні ды каторых грахі закрытыя.

8 Шчасьлівы чалавек, катораму Госпад не палічыць грэху".

Апраўданьне перад абразаньнем

9 Дык ці гэта шчаснасьць датычыцца абрэзаных, ці таксама і неабрэзаных? Мы кажам, што Абрагаму вера была залічана за справядлівасьць.

10 Калі была яму залічана: ці калі быў абрэзаны, ці да абразаньня? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні;

11 і ён атрымаў знак абразаньня, як пячаць апраўданьня, атрыманага з веры, якую меў яшчэ тады, калі ня быў абрэзаны. Такім чынам ён - бацька усіх тых, каторыя, ня маючы абразаньня, вераць, каб і ім было гэта залічана на апраўданьне,

12 і таксама бацька тых абрэзаных, каторыя ня толькі з абразаньня, але і ідуць слядамі тае веры, якую бацька наш Абрагам меў перад абразаньнем.

Апраўданьне незалежна ад закону

13 Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам ягоным абяцаньне, што ён стане спадкаемцам сьвету, але справядлівасьцяй веры.

14 Калі бо спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая, і абяцаньне бяз вартасьці.

15 Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і праступку.

16 Таму гэта (спадкаемства) з веры, каб сапраўды было з ласкі, каб абяцаньне было запэўнена ўсяму насеньню, ня толькі тым, што з закону, але і ўсім, каторыя з веры Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас, -

17 як напісана: "Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў", - перад Богам, якому ён уверыў як Таму, хто ажыўляе памёршых, ды тое, што не існуе, называе існуючым.

Узор веры для хрысьціянаў

18 (Абрагам) насуперак надзеі ўверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: "Такім будзе патомства тваё".

19 І не захістаўся ў веры, хоць бачыў, што цела яго ўжо амярцьвела, а было яму каля ста гадоў, ды нутро Сары замершае.

20 І ў абяцаньні Божым не сумняваўся ані трохі, але умацаваўся вераю, аддаўшы хвалу Богу,

21 і быў ўпэўнены, што (Бог) мае моц і зьдзейсьніць абяцанае.

22 Таму гэта залічана было яму за справядлівасьць.

23 А гэта напісана ня толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,

24 але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веручым у Таго, хто ўваскрасіў Езуса, Госпада нашага, з памёршых,

25 які быў выдадзены за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.

 

Разьдзел 5
Наступствы апраўданьня
Мір з Богам

1 Дык, апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Езуса Хрыста,

2 праз Якога вераю маем доступ да ласкі, у якой трываем ды ганарымся надзеяй хвалы Божай.

3 Ды ня толькі гэтым, але ганарымся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт выклікае цярплівасьць,

4 а цярплівасьць - досьвед, а досьвед - надзею.

5 А надзея асароміць ня можа, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, каторы нам дадзены.

6 Хрыстос бо памёр за бязбожнікаў у прадбачаны час, калі мы былі яшчэ слабымі.

7 Бо і за справядлівага наўрад ці хто памрэ; хіба за дабрадзея можа быць хто і памёр.

8 Бог жа паказвае нам сваю любоў тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.

9 Дык тым больш цяпер, апраўданыя крывёй Ягонаю, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.

10 Бо калі, мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Ягонага, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленьне праз жыцьцё Ягонае.

11 І ня толькі гэта, але ганарымся Богам праз Госпада нашага Езуса Хрыста, праз якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.

Адам і Хрыстос

12 Дзеля таго, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, гэтак і сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі саграшылі.

13 Бо і да закону быў грэх на сьвеце, але дзеля адсутнасьці закону грэх не лічыўся грэхам.

14 Аднак, пачынаючы ад Адама да Майсея сьмерць панавала нават над тымі, што не саграшылі на пабенства грэху Адама, каторы ёсьць абраз будучага.

15 Але ня так справа з дарам (ласкі), як з правіненьнем. Калі бо правіненьне аднаго выклікала сьмерць на ўсіх, то шмат шчадрэй сплыла на іх усіх ласка і дар Божы, спагадна ўдзеляны адным чалавекам, Езусам Хрыстом.

16 І ня так справа з дарам, як з правіненьнем аднаго. Калі бо адзін грэх толькі выклікае асуджэньне, то ласка дае апраўданьне многіх грахоў.

17 Калі вось праз правіненьне аднаго сьмерць запанавала з-за аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасьць ласкі і дар справядлівасьці, панаваць будуць у жыцьці праз Аднаго, Езуса Хрыста.

18 Дык як правіненьне аднаго выклікала асуджэньне на ўсіх людзей, так справядлівасьць Аднаго выклікала ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.

19 І як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасьць Аднаго многія стануцца справядлівымі.

20 Закон жа паявіўся па тое, каб памножыўся праступак. А дзе памножыўся грэх, там церазьмерна памножылася ласка,

21 каб як грэх панаваў на сьмерць, так і ласка праз справядлівасьць панавала на жыцьцё вечнае праз Езуса Хрыста, Госпада нашага.

 

Разьдзел 6
Асвабаджэньне ад грэху
Хрост - гэта сьмерць грэху

1 Дык што скажам? Ці будзем трываць у грэху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!

2 Бо калі мы памерлі для грэху, дык як жа можам жыць у ім далей?

3 Ці ж вы ня ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, ахрышчаныя ў сьмерць Ягоную?

4 Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў сьмерць, каб як Хрыстос быў уваскрошаны з памёршых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыцьцём.

5 Бо калі мы аб'яднаны з Ім падобнасьцю Яго сьмерці, дык павінны быць аб'яднаны падобнасьцю ўваскрасеньня.

6 Ведаем гэта, што для зьнішчэньня грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны па тое, каб мы больш не заставаліся ў няволі грэху.

7 Хто бо памёр, асвабадзіўся ад грэху.

8 Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім жыць будзем,

9 ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з памёршых, ужо болей не памірае, сьмерць над Ім ня мае ўлады.

10 Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для грэху, а што жыве, то жыве для Бога.

11 Так і вы лічыце сябе памёршымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Езусе.

12 Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым сьмяротным целе, каб вам служыць пажаданьням яго.

13 Не аддавайце грэху члены вашыя на зброю несправядлівасьці ў службе грэху, але аддавайце сябе Богу як вось тыя, што са сьмерці перайшлі да жыцьця, ды члены вашы аддавайце на зброю справядлівасьці ў службе Божай.

14 Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

Хрысьціянін - слуга справядлівасьці

15 Дык што ж? Будзем грашыць, бо жывём не пад законам, але пад ласкай? Ніякім чынам!

16 Ці ж ня ведаеце, што каму аддаеце сябе на службу, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці грэху на сьмерць, ці паслухмянасьці на справядлівасьць.

17 Дзякуй Богу, што вы, будучы нявольнікамі граха, паддаліся (шчыра) сэрцам той форме навукі, якой вы аддалі сябе.

18 Асвабоджаныя ж ад грэху, вы сталіся слугамі справядлівасьці.

19 Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасьці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасьці і нягоднасьці на беззаконьне, так аддавайце цяпер члены вашыя на службу справядлівасьці на ўсьвячэньне.

Плод гэху і плод справядлівасьці

20 Калі вы былі нявольнікамі грэху, тады былі вы свабоднымі ад (службы) справядлівасьці.

21 Які ж вы мелі плод тады з тых учынкаў, каторых цяпер сароміцеся? Бо канец іх - сьмерць!

22 Цяпер жа, асвабадзіўшыся ад грэху ды стаўшыся слугамі Бога, маеце плод ваш на сьвятасьць, а на канец - жыцьцё вечнае!

23 Бо заплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым.

 

Разьдзел 7
Асвабаджэньне ад Закону
Прыклад сужэнства

1 Ці ж вы ня ведаеце, браты, - гавару бо ведаючым закон, - што дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам.

2 Падобна і замужняя жанчына зьвязана законам з мужам. А калі муж памрэ, яна асвабаджаецца ад закона, які зьвязваў яе з мужам.

3 Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога. Калі ж памрэ муж, яна асвабаджаецца ад закону, і ня будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.

4 Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстовае, каб належаць другому, уваскросшаму з памёршых, каб прыносіць плод Богу.

5 Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон (выкліканыя) дзейнічалі грэшныя жарсьці, каб мы прыносілі плод сьмерці.

6 Цяпер жа, памёршы для закону, якім былі зьвязаны, мы асвабадзіліся ад яго, каб служыць Богу ў абнаўленьні Духа, а не па старой літары.

Закон і грэх

7 Дык што скажам? Няўжо закон - грэх? Ніякім чынам! Але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажаданьняў, калі б закон не казаў: "Не пажадай".

8 Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказаньня, выклікаў у мяне ўсякія пажаданьні, бо каб не было закону, - грэх быў бы мёртвы.

9 Калісьці я жыў без закону, але калі прыйшло прыказаньне, аджыў і грэх,

10 а я памёр; і я знайшоў, што прыказаньне, каторае было на жыцьцё, прывяло мяне на сьмерць.

11 Бо грэх, які ўзяўся з нагоды прыказаньня, зьвёў мяне ды спрычыніў сьмерць.

12 Вось жа закон сам па сабе сьвяты, і прыказаньне сьвятое, і справядлівае, і добрае.

13 Дык што, добрае сталася для мяне прычынай сьмерці? Ніякім чынам! Але грэх выявіў сваю грэшнасьць тым, што спрычыніў мне сьмерць праз добрае, каб грэх стаўся цераз меру грэшным праз прыказаньне.

Схільнасьць сапсутай прыроды

14 Ведаем бо, што закон духоўны, а я - цялесны, падлеглы грэху.

15 Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.

16 А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон - добры.

17 Тады ўжо не я раблю, але грэх, што жыве ў-ва мне.

18 Я бо ведаю, што ў-ва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае, бо жаданьне рабіць дабро ёсьць у-ва мне, але зрабіць дабро, таго не знаходжу.

19 Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.

20 А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, што не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ў-ва мне жыве.

21 Дык вось знаходжу ў сабе закон, што, калі хачу рабіць дабро, накідваецца на мяне зло.

22 Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,

23 але ў членах маіх адчуваю іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды бярэ мяне ў няволю закону грэху, каторы ёсьць ў членах маіх.

24 Нешчасьлівы я чалавек! Хто асвабадзіць мяне ад гэтага цела сьмерці!

25 Дзякуй Богу праз Езуса Хрыста, Госпада нашага! Дык вось я розумам служу закону Божаму, а целам - закону грэху.

 

Разьдзел 8
Надпрыроднае хрысьціянскае жыцьцё
Жыцьцё ў Духу

1 Дык вось цяпер тым, што ў Хрысьце Езусе, няма ніякага асуджэньня.

2 Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Езусе асвабадзіў цябе з-пад закону грэху і сьмерці.

3 Бо што было немагчымым для закону дзеля кволасьці цела, тое Бог даканаў, пасылаючы Сына свайго ў падобнасьці грэшнага цела ды дзеля грэху, і асудзіў грэх у целе,

4 каб апраўданьне закону споўнілася ў нас, што жывем не паводле цела, але паводле Духа.

5 Бо тыя, што жывуць паводле цела, імкнуцца да таго, што хоча цела, а тыя, што жывуць паводле Духа, да таго імкнуцца, чаго хоча Дух.

6 Бо імкненьні цела ёсьць сьмерць, а імкненьні Духа - жыцьцё ды супакой.

7 Бо імкненьні цела варожыя Богу, бо не скараюцца закону Божаму і ня могуць.

8 І тыя, што жывуць паводле цела, ня могуць падабацца Богу.

9 Вы аднак не жывіцё паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух прабывае ў вас. А калі хто ня мае Духа Хрыстовага, той Яму не належыць.

10 А калі Хрыстос прабывае ў вас, то хоць цела сьмяротнае дзеля грэху, але дух жывы дзеля справядлівасьці.

11 А калі ў нас жыве Дух Тога, хто ўваскрасіў Езуса з памёршых, дык Той, хто ўваскрасіў Хрыста з памёршых, уваскрасіць і сьмяротныя целы вашыя праз прабываючага ў вас Духа свайго.

12 Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.

13 Бо калі будзеце жыць паводле цела, памрыцё, а калі духам утаймуеце ўчынкі цела, будзеце жыць.

Сыноўства Божае

14 Бо ўсе тыя, каторых вядзе Дух Божы, ёсьць сыны Божыя.

15 Вы ж не атрымалі духа няволі, каб зноў жыць у страху, але атрымалі вы Духа ўсынаўленьня, у якім клічам: "Абба, Ойча!"

16 Той сам Дух сьведчыць духу нашаму, што мы - сыны Божыя.

17 А калі сыны, дык і спадкаемцы; спадкаемцы Бога, суспадчыньнікі Хрыста, калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.

Прызначэньне да хвалы

18 Бо ўважаю, што цяперашніх цярпеньняў нельга параўнаць з будучай хвалой, якая аб'явіцца ў нас.

19 Стварэньне бо прагна чакае аб'яўленьня сыноў Божых.

20 Бо стварэньне паддалося марнасьці не самахоць, але па волі Таго, хто паддаў, з надзеяй,

21 што і стварэньне таксама будзе асвабоджана з няволі сапсуцьця, каб удзельнічаць у свабодзе ды хвале дзяцей Божых.

22 Ведаем бо, што ўсё стварэньне дагэтуль стогне і мучыцца.

23 Ды ня толькі стварэньне, але і мы самі, маючыя пачатак Духа, і мы ўнутры ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.

24 Бо мы ўжо збаўленыя надзеяй. Аднак надзея бачаная - гэта не надзея. Бо калі хто бачыць, дык пашто яму спадзявацца?

25 Калі аднак ня бачым, тады спадзяёмся ды з цярплівасьцю чакаем.

26 Падобна і Дух успамагае нашу кволасьць. Бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але сам Дух заступаецца за нас у невыслоўных просьбах.

27 Той жа, хто пранікае сэрца, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за сьвятых па волі Божай.

28 Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога, ды каторыя пакліканыя па Яго пастанове.

29 Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.

30 Тых жа, каторых прызначыў, тых і паклікаў, а каторых паклікаў, тых і апраўдаў, а каторых апраўдаў, тых і ўславіў.

Гімн Божае любові

31 Дык што на гэта скажам? Калі Бог з намі, дык хто супраць нас?

32 Той, хто не пашкадаваў Сына свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?

33 Хто будзе вінаваціць выбраньнікаў Божых? Бог, каторы апраўдвае?

34 Хто Той, што іх будзе асуджаць? Хрыстос Езус, што (за нас) памёр і ўваскрос, і сядзіць па правіцы Бога ды каторы заступаецца за нас?

35 Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Ці гора, ці прыгнёт, ці пераследаваньне, ці голад, ці нястача, ці небясьпека, ці меч?

36 Як напісана: "Дзеля Цябе нас забіваюць увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз".

37 Але ва ўсім гэтым атрымоўваем перамогу праз Таго, хто палюбіў нас.

38 Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані вярхоўнасьці, ані справы цяперашнія, ані будучыя, ані магуцьці,

39 ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэньне ня зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым.

 

Разьдзел 9
Ізраэль і апраўданьне з веры
Павал плача над няверствам Ізраэля

1 Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць аб гэтым маё сумленьне ў Духу Сьвятым,

2 што адчуваю вялікі смутак і няспынны боль у сэрцы маім.

3 Я бо гатовы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,

4 якія ёсьць Ізраэльцы, маючыя ўсынаўленьне і хвалу, і запавет, і законы, і служэньне (Богу) ды абяцаньні,

5 да якіх належаць бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, які ёсьць па-над усімі, Бог багаслаўлены ў вякі вечныя. Амэн.

Дзеці абяцаньня

6 Гэта ня значыць, што Слова Божае ня зьдзейсьнілася. Бо ня ўсе, што з Ізраэля - Ізраэльцы.

7 Ды ня ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: "Ад Ізаака будзе названа тваё патомства".

8 Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсьць сынамі Божымі, але сыны абяцаньня лічацца патомствам;

9 слова ж абяцаньня такое: "Прыйду ў той самы час, і Сара будзе мець сына".

10 Ды ня толькі яна, але і Рэбэка пачала за адзін раз (блізьняты) ад бацькі нашага Ізаака.

11 Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчыніўшы: ані дабра, ані зла, каб зьдзейсьніўся Божы намер выбраньня,

12 не дзеля ўчынкаў, але з волі Клікаючага: "Старэйшы будзе служыць малодшаму",

13 як напісана: "Якуба ўзьлюбіў, а Эзава зьненавідзеў".

14 Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!

15 Ён бо кажа Майсею: "Я пашкадую таго, каго захачу пашкадаваць, ды буду міласьцівы таму, каму захачу быць міласьцівым".

16 Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.

17 Бо ў Пісаньні кажа (Бог) фараону: "Дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць на табе магутнасьць сваю, ды каб слаўлена было імя Маё па ўсёй зямлі".

18 Дык, каго хоча, шкадуе, і каго хоча, робіць жорсткім.

19 Дык можа скажаш мне: "Чаму тады вінаваціць? Хто бо зможа супрацівіцца волі Ягонай?"

20 Чалавеча! Хто ты такі, каб мог спрачацца з Богам? Ці ж можа посуд гліняны пытацца ў таго, хто яго зьляпіў: "Чаму ты мяне такім зьляпіў?"

21 Ці ж ганчар ня мае ўлады, каб з таго самога месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага ўжытку, а другую - для простага ўжытку?

22 Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў свой або выявіць магутнасьць сваю, з вялікім цярпеньнем ашчаджаў начыньні гневу, прызначаныя на загубу,

23 ды, каб выявіць багацьце хвалы сваёй над начыньнямі міласэрдзя, каторыя наперад прыгатаваў на хвалу,

24 адносна нас, каторых паклікаў ня толькі з-пасярод Юдэяў, але таксама з-паміж паганаў?

25 Як кажа пра гэта ў Осіі: "Ня Мой народ назаву Маім народам, а Нялюбую - Любай".

26 І на тым месцы, дзе ім было сказана: "Вы - ня Мой народ, там называны будуць сынамі Бога жывога".

27 А Ісая вясьціў пра Ізраэля: "Хоць бы лік сыноў Ізраэля быў як пясок, (толькі) Астача будзе збаўлена.

28 Бо Госпад зьдзейсьніць на зямлі сваё слова рашуча ды без адкладу".

29 І як таксама прадказаў Ісая: "Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам патомства, сталі бы мы як Садома ды былі б падобнымі да Гаморы".

Ізраэль і Эвангельле

30 Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не спаганялі справядлівасьці, атрымалі справядлівасьць, але справядлівасьць з веры.

31 А Ізраэль, спаганяючы закон справядлівасьці, да закону не дайшоў.

32 Чаму? Бо спаганяў справядлівасьць ня з веры, але з ўчынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,

33 як напісана: "Вось жа кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу згаршэньня. Хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

 

Разьдзел 10

1 Браты! Жаданьне сэрца майго ды гарачае маленьне да Бога за іхняе збаўленьне.

2 Сьведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.

3 Бо, не разумеючы справядлівасьць Божую, яны спрабавалі ўстанавіць сваю справядлівасьць і таму не спаганялі справядлівасьці Божай.

4 Бо канец закону - Хрыстос, для апраўданьня кожнага, хто верыць.

Справядлівасьць з Закону і справядлівасьць з веры

5 Майсей вось піша аб справядлівасьці, якая з закону: "Хто яе споўніў, атрымае праз яе жыцьцё".

6 А справядлівасьць з веры так кажа: "Не кажы ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе ў неба?", гэта значыць Хрыста зьвесці на зямлю,

7 або: "Хто спусьціцца ў бездань?", гэта значыць Хрыста вывесьці з умёршых.

8 Але што кажа? "Блізка цябе слова, яно ў вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім", гэта значыць слова веры, каторае абвяшчаем.

9 Дык калі вуснамі тваімі вызнаеш: "Езус - Госпадам", і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з памёршых, будзеш збаўлены.

10 Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасьці, а вызнаецца вуснамі дзеля збаўленьня.

11 Пісаньне бо кажа: "Усякі, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

12 Няма бо розьніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, шчодры для ўсіх, хто Яго прызывае.

13 Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

Юдэі адкінулі апраўданьне з веры

14 Як жа могуць прызываць Таго, у каго ня ўверылі? Або як увераць у Таго, аб кім ня чулі? Як жа мелі чуць, калі ім ніхто не вясьціў?

15 Як жа маглі ім вясьціць, калі б не былі пасланыя? Як напісана: "Як прыгожыя ногі тых, каторыя вясьцяць добрую вестку!"

16 Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Ісая вось кажа: "Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас?"

17 Таму вера - ад слуханьня, а слуханьне - праз слова Хрыстовае.

18 Дык пытаю: Ці яны ня чулі? Але ж: "Па ўсёй зямлі загучэў голас іхні, і словы іхнія аж на край сьвету".

19 Зноўся пытаю: Ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: "Узбуджу ў вас зайздрасьць праз таго, хто ня ёсьць народам, узбуджу ў вас гнеў праз народ неразумны".

20 А Ісая адважыўся сказаць: "Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне. Яўна аб'явіўся Я тым, каторыя пра Мяне не пыталіся".

21 Да Ізраэля ж так кажа: "Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпорыстага".

 

Разьдзел 11
Адкід Ізраэля частковы і часовы

1 Дык пытаюся: Няўжо адкінуў Бог народ свой! Ніякім чынам! Бо і я Ізраэлец з насеньня Абрагама, з пакаленьня Бэн'яміна.

2 Не адкінуў Бог народу свайго, які раней выбраў. Ці ня ведаеце, што Пісаньне кажа аб Гальяшу, як ён скардзіцца Богу на Ізраэля:

3 "Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, аўтары Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і маю душу шукаюць".

4 Ды як гучаў яму адказ Божы? "Пакінуў Я сабе сем тысяч мужоў, каторыя не ўкленчылі перад Баалам".

5 Так вось і ў наш час захавалася Астача, выбраная ласкай.

6 А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш вось ласка не была б ужо ласкай.

7 Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не атрымаў, дасягнулі толькі выбраныя, а іншыя асьлеплі,

8 як напісана: "Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, каб ня бачылі, і вушы, каб ня чулі, аж па сёньняшні дзень".

9 І Давід кажа: "Хай стол іх станецца ім сілом, і пасткаю, і спакусаю ды адплатаю ім.

10 Хай вочы іх зацьмяцца, каб ня бачылі, а хрыбет іх хай сагнецца назаўсёды.

Прычыны часовага адкіду

11 Дык пытаю: Ці ж бы яны спатыкнуліся, каб упасьці? Ніякім чынам! Але іхні ўпадак стаўся для паганаў збаўленьнем, каб прынукнуць іх да руплівасьці.

12 Калі іх упадак стаўся багацьцем для сьвету, і паніжэньне іх - узбагачэньнем паганам, дык тым больш іх поўня.

13 Вам жа, паганам, кажу: Пакуль застаюся апосталам паганаў, ганаруся сваёй паслугай,

14 у той надзеі, што можа выклічу руплівасьць сваіх сваякоў паводле цела і хоць некаторых прывяду да збаўленьня.

15 Бо калі іх адкід прынёс сьвету прымірэньне, то чым жа будзе іх прыняцьцё, калі не жыцьцё памёршых.

16 Бо калі рашчына сьвятая, дык і цеста, і калі корань сьвяты, то і галіны.

17 Калі ж некаторыя галіны былі адламаныя, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ды разам (з іншымі галінамі) з тым самым коранем злучаны, роўна з іншымі карыстаўся аліўнымі сокамі,

18 дык не ганарыся адносна тых галінаў, бо калі будзеш вывышацца, то ведай, што не ты ажыўляеш корань, але ён цябе.

19 Можа скажаш: "Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены".

20 Слушна; адламалі іх дзеля недаверства, а ты трымаешся верай. Таму не вывышайся, але сьцеражыся.

21 Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.

22 Дык уважай на дабрату ды суровасьць Божую: на суровасьць адносна тых, што ўпалі, і дабрату Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у гэтай дабраце, бо інакш і ты будзеш адкінуты.

23 Але і яны, калі ня будуць трываць у недаверстве, будуць ушчэплены, бо Бог мае моц ізноў іх ушчапіць.

24 Бо калі быў ты адсечаны ад прырднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыродзе ўшчэплены ў добрую аліўку, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены ў сваю аліўку тыя, каторыя да яе з прыроды належаць.

Поўнае навярненьне Юдэяў

25 Не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае таямніцы, каб вы не лічылі сябе залішне мудрымі, бо сьляпата дакранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе поўня паганаў.

26 І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: "Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель, Ён адверне бязбожнасьць ад Якуба.

27 Ды гэта будзе Мой запавет з імі, калі здыму з іх грахі іхнія".

28 Паводле Эвангельля яны - ворагі для вас, а паводле выбранства - умілаваныя дзеля бацькоў.

29 Бо дары і пакліканьне Божае нязьменныя.

30 Як і вы калісьці ня верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрдзя дзеля іх няверства,

31 так і яны цяпер сталіся непаслухмянымі дзеля аказанага вам міласэрдзя, каб і самі маглі атрымаць міласэрдзе.

32 Бо замкнуў Бог ўсіх у непаслухмянасьць, каб усім аказаць сваё міласэрдзе.

33 О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як недасьледныя суды Ягоныя і не прасочаны шляхі Ягоныя!

34 Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Ягоным?

35 Або хто першы адарыў Яго, каб Ён меў каму аднагарадзіцца?

36 Бо ўсё ад Яго, праз Яго і ў Яго. Яму хвала ў вякі! Амэн.

 

Разьдзел 12
Абавязкі хрысьціянаў
Служэньне Богу

1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу на разумнае служэньне вашае.

2 І не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераменяйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу ды дасканалае.

Адносіны да братоў

3 Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб ня думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але кожны хай думае аб сабе цьвяроза, паводле дадзенай Богам кожнаму меры веры.

4 Як бо ў адным целе маем многа членаў, а ўсе члены ня тую самую работу спаўняюць,

5 падобна і ўсе мы супольна творым адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін для другога - члены.

6 А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: ці дар прароцтва згодна з верай,

7 ці дар службы для паслугаваньня, ці дар навукі для вучэньня,

8 ці дар заахвоты для заахвочваньня; хто ўспамагае, дык у прастаце сэрца, хто старшынствуе, дык рупліва, хто міласэрны, дык з ахвотаю.

9 Любоў хай будзе без крывадушнасьці. Адварочвайцеся ад зла, спагяняйце дабро;

10 шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, шануйце адзін аднаго, упераджаючы;

11 у рупнусьці не лянуйцеся, духам палайце, Госпаду служыце,

12 у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,

13 бярыце ўдзел у патрэбах сьвятых, спаганяйце гасьціннасьць.

Любоў да ворагаў

14 Багаслаўце перасьледвальнікаў сваіх; багаслаўце, а не кляніце!

15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.

16 Жывіце між сабой аднадумна, ня думайце зашмат аб сабе, але саступайце ў пакоры. Не ўважайце сябе за вельмі разумных.

17 Не адгаджайце злом за зло. Дбайце пра тое, што добрае на віду ўсіх людзей.

18 На колькі магчыма ды колькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

19 Ня помсьціце, умілаваныя, самі за сябе, але пакінце гэта Таму, аб кім напісана: "Да Мяне належыць помста, Я аднагараджуся", - кажа Госпад.

20 Але калі б быў галодны непрыяцель твой, накармі яго; калі б быў засьмягшы, напаі яго. Так вось робячы, вугольле гарачае насыпаеш яму на галаву.

21 Ня дайся перамагчы злу, але зло перамагай дабром.

 

Разьдзел 13
Паслухмянасьць уладам

1 Хай кожны чалавек будзе паслухмяны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Каторыя ж ёсьць, Богам устаноўлены.

2 Дык хто працівіцца ўладзе, пастанове Бога працівіцца. А каторыя працівяцца Богу, на сябе асуджэньне ўзводзяць.

3 Бо начальнікі страшныя не дабро чынячым, але зло. Ня хочаш баяцца ўлады? Дык паступай добра і будзеш мець пахвалу ад яе.

4 Яна вось ёсьць слугой Божай для твайго дабра. Калі ж зло робіш, бойся, бо яна не надарма меч носіць, бо ёсьць Божай уладай, спаганяючай гнеў на тым, хто робіць зло.

5 Дзеля таго трэба слухаць ня толькі дзеля гневу, але і дзеля сумленьня.

6 Дзеля таго і падаткі плаціце, бо яны з волі Бога спаўняюць сваю ўладу.

7 Аддавайце ўсім належнае: каму падатак - падатак, каму мыта - мыта, каму страх - страх, каму пашану - пашану.

Хрысьціянін - дзіцё сьвятла

8 Нікому ня будзьце нічога вінаватыя, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць бліжняга, спаўняе закон.

9 Бо прыказаньні: Не чужалож, Не забівай, Не крадзі, Не пажадай ды ўсе іншыя зьмяшчаюцца ў гэтым вось слове: Любі бліжняга свайго як сябе самога.

10 Любоў ня робіць крыўду бліжняму, таму любоў ёсьць дасканалым выпаўненьнем закону.

11 І зразумейце, які цяпер час; што надыйшла для вас пара зо-сну падняцца. Цяпер бо збаўленьне бліжэй нам, чым калі мы ўверылі.

12 Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкіньма ўчынкі цемры і адзеньмася ў зброю сьвятла.

13 Жыйма прыстойна, як у ясны дзень: не ў баляваньнях і п'янствах, не ў распусьце і нячыстасьці, не ў звадцы ды зайздрасьці,

14 але адзеньцеся ў Госпада Езуса Хрыста ды не дагаджайце целу ў пажаданьнях.

 

Разьдзел 14
Узаемная спагадлівасьць

1 Слабога ў веры прыймайце, ня спрачаючыся пра погляды.

2 Бо адзін верыць, што яму ўсё можна есьці, а слабы есьць гародніну.

3 Той, хто есьць (усё), хай ня грэбуе тым, каторы ня (усё) есьць; і той, хто ня есьць, хай не асуджае таго, хто есьць, бо Бог яго спагадна прыняў.

4 Хто ты такі, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Госпад мае моц утрымаць яго (на нагах).

5 Адзін адрозьнівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваёй думцы.

6 Хто захоўвае некаторыя дні, захоўвае іх дзеля Госпада, і хто есьць (усё), есьць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто ня есьць (ўсё), ня есьць дзеля Госпада, і дзякуе Богу.

7 Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.

8 Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму вось ці ў жыцьці, ці і ў сьмерці, належым да Госпада.

9 На тое бо Хрыстос памёр і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памёршымі.

10 Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Божым.

11 Напісана ж: "На Маё жыцьцё, - кажа Госпад, - перада Мною сагнецца кожнае калена, ды кожны язык будзе вызнаваць Бога".

12 Так вось кожны з нас за сябе самога здасьць справаздачу Богу.

Пазьбягаць згаршэньня

13 Дык перастаньма судзіць адзін аднаго, а лепш думай, каб не даваць брату магчамасьці да ўпадку або згаршэньня.

14 Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Езусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.

15 Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю таго, за каго памер Хрыстос!

16 Дык хай ня будзе зьняважана дабро вашае!

17 Бо Каралеўства Божае - гэта ня ежа або піцьцё, але справядлівасьць, супакой ды радасьць у Духу Сьвятым.

18 Хто бо гэтак служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.

19 Дык дбайма пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудаваньня.

20 Таму не руйнуй закону Божага дзеля ежы! Па праўдзе, кожная рэч чыстая, сталася б аднак благой таму чалавеку, каторы есьць, горшучы другіх.

21 Добра ня есьці мяса, ня піць віна ды не рабіць таго, што магло б згоршыць брата твайго.

22 Сваю веру захавай у сабе і мей перад Богам. Шчасьлівы той, хто не сумняваецца ў тым, што пастанаўляе.

23 А хто сумняваецца, той, калі есьць, сябе асуджае, што (робіць) не па веры. А ўсё, што (робіцца) не па веры, ёсьць грэх.

 

Разьдзел 15
Хрыстос - прыклад хрысьціянскага жыцьця

1 Мы, дужэйшыя (верай), павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.

2 Хай кожны з нас рупіцца дагаджаць бліжняму на дабро і на збудаваньне.

3 Так і Хрыстос ня жыў для сваёй выгоды, але як напісана: "Зьнявагі Цябе зьневажаючых зваліліся на Мяне".

4 Бо усё, што было калісьці напісана, у павучэньне нам напісана, каб мы праз цярплівасьць і пацяшэньне з Пісаньня мелі надзею.

5 А Бог, каторы дае цярплівасьць і пацеху, хай дасьць вам быць між сабой аднае думкі на ўзор Езуса Хрыста,

6 каб вы аднадушна у адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Езуса Хрыста.

7 Дзеля таго прыймайце адзін другога, як і Хрыстос прыняў вас у хвалу Божую.

8 Кажу бо вам, што Хрыстос стаўся слугою абразаньня дзеля (аказаньня) праўды Бога ды каб падцьвердзіць абяцаньні, дадзеныя бацькам,

9 ды каб пагане славілі Бога за (аказанае) міласэрдзе, як напісана: "Дзеля таго будуць славіць Цябе, між паганамі і сьпяваць на славу імя Твайго".

10 І далей сказана: "Весяліцеся, пагане, з народам Яго!"

11 І зноў: "Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы".

12 А Ісая вось што кажа: "Будзе корань Есэя і Той, хто паўстане, валадарыць над паганамі. У Ім пагане будуць мець надзею".

13 А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасьцю і супакоем у веры, каб праз моц Духа Сьвятога вы сталіся багатымі надзеяй.

Заканчэньне
Прычыны напісаньня ліста

14 Браты, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, багатыя ўсякай ведай, так што можаце адзін другога напамінаць.

15 Я можа вам сьмела пісаў у лісьце, як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,

16 каб быў я слугой Хрыста Езуса для паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб сталіся яны ахвярай, мілай Богу, асьвечанай Духам Сьвятым.

17 Магу пахваліцца ў Хрысьце Езусе (працай) для Бога.

18 Ня маю адвагі, аднак, гаварыць больш таго, што ўчыніў Хрыстос праз мяне, каб давесьці паганаў да паслухмянасьці веры словам і чынам,

19 моцай знакаў і цудаў ды магутнасьцяй Духа Сьвятога, так што ад Ерузаліму і ваколіц аж да Ілірыка вясьціў я Эвангельле Хрыстовае.

20 Прытым я стараўся вясьціць Эвангельле там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым фундаманце,

21 як напісана: "Тыя, каторым аб Ім не было вешчана, убачаць, і тыя, што ня чулі, даведаюцца".

Місійныя пляны апостала

22 Дзеля гэтага меў я многа перашкодаў і ня мог прыбыць да вас.

23 Цяпер, не знаходзячы месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,

24 як толькі пайду ў Гішпанію, спадзяюся пабачыць вас, і вы правядзіцё мяне туды, калі крыху пацешуся вамі.

25 Цяпер жа я сабраўся ў Ерузалім паслужыць сьвятым.

26 Бо Македонія і Ахая вырашылі зрабіць складку для бедных сьвятых, што ў Ерузаліме.

27 Спадабалася бо ім, і яны - даўжнікі іхнія. Бо калі пагане атрымалі ўдзел у іхніх (даброцьцях) духовых, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.

28 Калі гэтую справу збуду і даручу ім пад пячаткай плод гэты, праз вашыя мясьціны рушу ў Гішпанію.

29 А ведаю я, што прыходзячы да вас, прыйду з багатым багаславенствам Хрыстовым.

30 Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, каб успамаглі мяне вашымі малітвамі да Бога за мяне,

31 каб усьцярогся ад рук няверучых у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай сьвятым,

32 каб з волі Божай у радасьці прыбыўшы да вас, набраў сілы з вамі.

33 Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амэн.

 

Разьдзел 16
Даручэньне дыяконьніцы Фэбы

1 Даручаю вам Фэбу, сястру нашую, дыяконьніцу царквы ў Кенхрах,

2 каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыцца сьвятых прыймаць, і дапамаглі ёй ва ўсіх справах, дзе ваша помач патрэбна, бо яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітаньні Паўла хрысьціянам у Рыме

3 Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Езусе,

4 каторыя для захаваньня майго жыцьця падставілі свае галовы, каторым ня толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

5 а таксама і царкву, што ў іх доме. Прывітайце мне мілага Эпэнэта, каторы першы хрысьціянін у Азіі.

6 Прывітайце Марыю, каторая многа папрацавала для вас.

7 Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, праслаўленых сярод апосталаў, каторыя перш за мяне ўверылі ў Хрыста.

8 Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.

9 Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысьце Урбана ды мілага мне Стахія.

10 Прывітайце выпрабаванага ў Хрысьце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабуля.

11 Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, належачых да Госпада.

12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце мілую Пэрсыду, каторая многа папрацавала для Госпада.

13 Прывітайце выбраньніка ў Госпадзе Руфа і матку яго і маю.

14 Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гермэса, Патроба, Гермаса ды братоў, што разам з імі.

15 Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпія ды ўсіх сьвятых, што разам з імі.

16 Прывітайце ўзаемна адны другіх сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.

Перасьцярога

17 Прашу вас яшчэ, браты, сьцеражыцеся тых, што пашыраюць нязгоду і згаршэньні супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

18 Такія людзі ня служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і патураючымі зводзяць сэрцы нявінных.

19 Бо ваша паслухмянасьць (веры) вядома усім людзям. Дык радуюся з вас, але прагну, каб вы былі мудрэйшымі на добрае ды простымі на благое.

20 Бог жа супакою небавам скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з вамі!

Прывітаньні ад супрацоўнікаў Паўла

21 Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Люцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.

22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які пісаў гэты ліст.

23 Вітае вас Гай, каторы ёсьць гасьцінным для мяне і для ўсяе царквы.

24 Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

Гімн праслаўлення

25 Таму ж, каторы мае моц умацаваць вас паводле Эвангельля ды майго вяшчэньня Езуса Хрыста, згодна з аб'яўленай таямніцай, даўнейшым вякам схаванай,

26 а цяпер аб'яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай, ўсім народам для паслухмянасьці іх веры,

27 Богу, каторы адзін ёсьць мудры, праз Езуса Хрыста хай будзе хвала ў вякі вечныя. Амэн.

 

 

Першы ліст Карынцянам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньні

1 Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, ды брат Састэн,

2 Божай царкве ў Карыньце, тым, што былі асьвечаны ў Езусе Хрысьце ды пакліканы да сьвятасьці разам з усімі, каторыя на кожным месцы прызываюць імя Госпада нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага (Госпада):

3 Ласка вам і супакой ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка

4 Дзякую заўсёды за вас Богу майму за ласку, дадзенаю вам у Хрысьце Езусе,

5 бо ў Ім вы ўсім сталіся багатымі, усякім словам і веданьнем,

6 бо сьведчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас,

7 так што ня маеце нястачы ласкі ў чаканьні аб'яўленьня Госпада нашага Езуса Хрыста

8 які ўмацуе вас да канца, каб былі без заганы ў дзень Госпада нашага Езуса Хрыста.

9 Верны Бог, якім вы пакліканы да супольнасьці з Сынам Ягоным Езусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Супраць падзелу сярод хрысьціян у Карыньце
Хрыстос непадзельны

10 Браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі аднаго розуму і аднае думкі.

11 Бо людзі злое расказалі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вас спрэчкі.

12 Маю на думцы, што кожны ў вас кажа: "Я - Паўлавы", "Я Апалёсавы", Я Кэфаса", "А я -Хрыстовы".

13 Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Павал быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўла вы ахрышчаны?

14 Дзякую Богу, што апрача Крыспа і Гая я нікога з вас не ахрысьціў,

15 дык ніхто ня можа казаць, што ў імя маё быў ён ахрышчаны.

16 Праўда, ахрысьціў я таксама дом Сьцяпана. А больш ня памятаю, ці ахрысьціў яшчэ каго.

Праўдзівая мудрасьць вядзе да адзінства

17 Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысьціць, але эвангелізаваць; ня ў мудрасьці слова, каб ня зьменшыць важнасьці крыжа Хрыстовага.

18 Бо слова крыжа для тых, што ідуць на загубу, ёсьць глупства, а тым, што ідуць на збаўленьне - сіла Божая.

19 Бо напісана: "Загублю мудрасьць мудрых, і кемлівасьць разумны зьнішчу".

20 Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць гэтага сьвету ў дурасьць?

21 Калі жа сьвет сваёю мудрасьцю не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык спадабалася Богу праз дурасьць вяшчэньня (слова) збавіць веручых.

22 Бо Юдэі дамагаюцца знакаў, а Грэкі шукаюць мудрасьці;

23 а мы вясьцім Хрыста ўкрыжаванага, які для Юдэяў згаршэньнем, а для паганаў - дурасьць,

24 для тых жа, што пакліканы, ці з-пасярод Юдэяў, ці спасярод Грэкаў - Хрыстос, магутнасьць Божая ды мудрасьць Божая.

25 Бо тое, што дурасьць у Бога, перавышае мудрасьцю людзей, а што кволае ў Бога - перавышае моцаю людзей.

26 Дык вы, браты, паглядзіце, хто вы такія, пакліканыя? Па-людзку гледзячы, няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных.

27 Але Бог выбраў, дурное ў вачах сьвету, каб засароміць мудрых, і кволае, каб засароміць магутных,

28 і (выбраў Бог) тое, што паганае ў вачах сьвету, і пагарджанае ды ня маючае значэньня выбраў Бог, каб скасаваць тое, што нечым ёсьць,

29 каб ніхто не вывышаўся перад Богам.

30 Дзякуючы Яму і вы ёсьць у Хрысьце Езусе, каторы з волі Божай стаўся для нас мудрасьцю, справядлівасьцю, пасьвячэньнем і адкупленьнем,

31 каб было як напісана: "Хто хваліцца, хай у Госпадзе хваліцца".

 

Разьдзел 2
Павал - апостал мудрасьці крыжа

1 І я, калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў не каб захапляць вас словам ці мудрасьцю, але вясьціць вам таямніцы Божыя.

2 Бо ня думаў я вас вучыць чаго іншага, як адно (толькі) Езуса Хрыста ды ўкрыжаванага.

3 І явіўся я ў вас у немачы, са страхам і з дрыжаньнем вялікім,

4 і слова маё, і навучаньне маё не вызначалася пераканаўчасьцю і мудрасьцю, словаў але выяўленьнем Духа і моцы,

5 каб вера ваша не абапіралася на мудрасьць людзей, але на магутнасьць Божую.

6 Мы ж вясьцім мудрасьць сярод, разумеючых , але мудрасьць ня гэтага веку, не валадароў гэтага веку, каторыя счазаюць,

7 але гаворым мудрасьць Божую, у таямніцы схаваную, каторую Бог прызначыў перад вякамі на хвалу нашую,

8 каторай ніводзін з валадароў гэтага веку не пазнаў, бо калі б пазналі, ніколі не ўкрыжавалі б Госпада хвалы.

9 Але як напісана: "Чаго вока не аглядала, ані вуха ня чула, ані сэрца чалавечае не прадчувала, тое Бог прыгатаваў тым, каторыя любяць Яго".

10 Нам жа аб'явіў Бог праз Духа. Дух бо ўсё пранікае, нават глыбіні Божыя.

11 Хто вось з-паміж людзей ведае, што ў чалавеку, калі ня дух, які ў чалавеку? Таксама і таго што Божае, ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.

12 А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа Бога, для веданьня таго, што нам Богам надаравана.

13 Таму і вясьцім гэта не вучонымі словамі чалавечай мудрасьці, але словамі, якіх навучыў Дух, духовымі словамі, выясьняючы духовыя справы.

14 Душэўны ж чалавек не прыймае таго, што ёсьць ад Духа Божага, бо дурасьцю яму здаецца гэта, і ня можа гэтага ўцяміць, бо гэта толькі духам разважаецца.

15 Духовы ж (чалавек) судзіць усё, а ён нікім не разуметы.

16 Хто ж можа пазнаць розум Госпадаў, ды хто Яго можа павучаць? Мы ж маем розум Хрыстовы.

 

Разьдзел 3
Нясьпеласьць веры ў Карыньцянаў

1 І я ня мог да вас, браты, прамаўляць як да духовых, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысьце.

2 Паіў я вас малаком, а ня ежай (звычайнай), бо былі вы кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ нядужыя,

3 дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасьць і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці ня робіце як звычайна людзі?

4 Калі бо адзін кажа: "Я - Паўлаў", а другі: "Я - Апалёсаў", - дык ці ж вы не па-чалавечаму робіце?

5 Хто Апалёс? Або хто Павал? Слугі, праз якіх вы ўверылі, ды кожны такі, як яму Госпадам дадзена.

6 Я садзіў, Апалёс паліваў, але Бог расьціў.

7 Ня важны той, хто садзіць і хто палівае, але той важны, хто дае расьці - Бог!

8 Хто садзіць ды хто палівае, ёсьць адно. Кожны атрымае сваю заплату паводле працы сваёй.

9 Мы бо - супрацоўнікі Божыя, а вы - Божая ніва і будоўля Божая.

Адказнасьць настаўнікаў

10 Дадзенай мне Богам ласкай я, як спрактыкаваны будаўнічы, палажыў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.

11 Бо ніхто ня можа палажыць іншага падмурку апрача таго, які паложаны, які ёсьць Езус Хрыстос.

12 А ці хто на гэтым фундаманце будуе з золата, ці з серабра, ці з дарагіх каменьняў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы,

13 работа кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і дакон кожнага будзе выспрабаваны агнём.

14 Той, чыя праца выстаіць, атрымае заплату,

15 а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, што праўда, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.

16 Ці ж вы ня ведаеце, што вы - сьвятыня Божая, ды што Дух Божы прабывае ў вас?

17 Калі хто спаганіць сьвятыню Бога, таго зьнішчыць Бог, бо сьвятыня Божая - сьвятая, гэта ж ёсьць вы.

Практычныя высновы

18 Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры на гэтым сьвеце, дык хай станецца дурным, каб здабыць мудрасьць.

19 Бо мудрасьць гэтага сьвету ёсьць глупаства перад Богам, бо напісана: "Ён зловіць мудрых у іхняй хітрасьці",

20 або ізноў: "Госпад ведае думкі мудрых, што яны пустыя".

21 Дык хай ніхто не хваліцца дзеля людзей! Усё бо вашае,

22 ці гэта Павал, ці Апалёс, ці Кефас, ці гэты сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці што цяперашняе, ці што будучае - усё бо вашае,

23 а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы.

 

Разьдзел 4
Адказнасьць апосталаў

1 Хай уважаюць нас людзі за слугаў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.

2 Ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.

3 Мяне мала турбуе, што вы ці суд людзкі вырашыць аба мне. Але і я сам сябе не суджу.

4 Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад - Той, хто судзіць мяне.

5 Дык не судзіце заўчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад, каторы асьвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6 Гэта вось, браты, аднёс я да сябе і да Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не выносіцца вышэй таго, што напісана; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасьці не падымаўся адзін над другім.

7 Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?

8 Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо каралюеце. О каб вы на самай справе каралявалі, ды каб і мы з вамі разам маглі караляваць!

9 Вось я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на сьмерць асуджаных. Сталіся мы відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.

10 Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысьце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.

11 Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем, у нагаце ходзім, бітыя і выгнаныя,

12 і працуем, робячы рукамі нашымі; праклінаныя, мы багаславім; перасьледаваныя, церпім;

13 зьневажаныя, з любоўю адказваем; мы сталіся быццам сьмецьце гэтага сьвету, агідай для ўсіх аж дасюль.

Напамінаньні і перасьцярогі

14 Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзеткам, даць напамін.

15 Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але ня шмат бацькоў, бо я ў Хрысьце Езусе праз Эвангельле нарадзіў вас.

16 Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.

17 Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсьць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае ў Хрысьце ды тое, аб чым я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.

18 Некаторыя заганарыліся, быццам я ня маю намеру наведаць вас.

19 Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю ня словы ганарыстых, але чыны,

20 бо Каралеўства Божае не ў словах, але ў чыне.

21 Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасьці?

 

Разьдзел 5
Тры галоўныя злачынствы Карыньцянаў
Крывазьмяшаньне

1 Ходзяць чуткі аб распуснасьці ў вас, ды аб такой распусьце, якая не спатыкаецца і ў паганаў, а менавіта, каб хто жыў з жонкай свайго бацькі.

2 А вы заганарыліся, замест таго, каб з вялікім смуткам дамагацца выгнаць са свайго асяроддзя таго, хто дапусьціўся такога злачынства.

3 Я, хоць не прысутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзіў, як прысутны, таго, хто гэтак робіць,

4 сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Езуса і з духам маім, моцай Госпада нашага Езуса,

5 аддаць такога шатану на загубу цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада.

6 Дык ня маеце чым хваліцца. Ці ня ведаеце, што крошка кісьлі ўсё цеста квасіць?

7 Дык ачысьціце старую кісьлю, каб сталіся новай рашчынай, бо вы прэсныя. Бо вось Пасха нашая, Хрыстос, ахвяраваны за нас!

8 Дык сьвяткуйма сьвяты не са старой кісьляй і не з кісьляй сапсуцьця і беззаконьня, але з праснакамі чыстасьці і праўды.

9 У лісце пісаў я вам, каб вы ня мелі зносінаў з распусьнікамі.

10 Зразумела, не з усімі распусьнікамі гэтага сьвету, хціўцамі, рабаўнікамі, ідалапаклоньнікамі, бо давялося б хіба вам зыйсці з гэтага сьвету.

11 Але я пісаў вам, каб вы ня мелі лучнасьці з тым, хто называецца братам, а ў сапраўднасьці ёсьць распусьнікам, або хціўцам, або ідалапаклоньнікам, або зламоўным, або п'яніцай, або рабаўніком; з такімі нават ня ешце разам.

12 Бо як жа мне судзіць тых, што навонкі? Ці ж ня тых, што пасярод вас, судзіце вы?

13 Тых жа, што навонкі, судзіць Бог. Дык выкіньце ліхоцьце спаміж сябе!

 

Разьдзел 6
Суды між хрысьціянамі

1 Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменьне з другім, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад сьвятымі?

2 Няўжо вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? І калі вамі будзе суджаны сьвет, дык ці ня можаце вы судзіць меншыя (справы)?

3 Ці ня ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей справы жыцьцёвыя?

4 А вы, судзячыся ў жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судьдзямі ня маючых пашаны ў царкве.

5 На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, каторы мог бы рассудзіць братоў сваіх?

6 А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад няверучымі?

7 Ужо і тое для вас прыніжэньне, што судзіцеся паміж сабой. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму ня лепш панесьці шкоду?

8 Але вы самі дапускаецеся несправядлівасьці і крыўдзіце нават братоў.

9 Ці ня ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Каралеўства Божага ў спадчыну? Дык не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані мужчыны, жывучыя з сабой,

10 ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Каралеўства Божага.

11 І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.

Распуста

12 "Усё мне можна!" Але ня ўсё карысна. "Усё мне можна!" Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.

13 "Ежа - для жывата, і жывот - для ежы". Але Бог зьнішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад - для цела.

14 Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама сваёю магунасьцю ўваскрасіць з памёршых.

15 Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусьніцы? Ніколі!

16 Або ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцай, творыць з ёй адно цела? "Будуць вось яны, - як сказана, - двое адным целам".

17 Той жа, хто лучыцца з Госпадам, ёсьць адным Духам ( з Ім).

18 Сьцеражыцеся распусты! Кожны бо грэх, дапушчаны чалавекам, ёсьць па-за целам. Хто ж грашыць распустай, супраць свайго ўласнага цела грашыць.

19 Ці ж ня ведаеце, што цела вашае ёсьць сьвятыня Духа Сьвятога, каторы ў вас і каторага маеце ад Бога, ды што ўжо не належыце да саміх сябе?

20 Вы ж здабытыя за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым!

 

Разьдзел 7
Пытаньне сужэнства і дзявоцтва
Сужэнства

1 Адносна тога, што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца жанчыны.

2 Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.

3 Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.

4 Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але муж. Падобна і муж ня мае ўлады над сваім целам, але жонка.

5 Не ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысьвяціць сябе малітве, і потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрыманасьць вашую.

6 Кажу гэта як параду, а не як загад.

7 Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой дар ад Бога: адзін так, другі інакш.

8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: Добра ім заставацца так, як я.

9 Калі б не маглі паўстрымацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.

10 Тым жа, што жывуць у сужэнстве, загадваю ня я, але Госпад, каб жонка не адлучалася ад мужа.

11 Калі б, аднак, разлучыліся б, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.

12 Іншым жа кажу я, а ня Госпад: Калі хто з братоў мае жонку няверучую, і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.

13 Таксама і жонка, маючая ня веручага мужа, калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.

14 Бо няверучы муж асьвячаецца ў жонцы, а няверучая жонка асьвячаецца ў веручым мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нячыстымі, а цяпер - сьвятыя.

15 А калі няверучы хоча адыйсьці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не зьвязаны. Да згоды паклікаў нас Госпад.

16 Скуль, дарэчы, можаш ведаць, жана, ці ня збавіш свайго мужа? Або скуль ведаеш, муж, ці ня збавіш сваю жонку?

Розныя пакліканьні

17 Зрэшты, хай кожны жыве так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.

18 Калі хто пакліканы як абразаны, хай не хавае абразаньня! А калі хто пакліканы (да веры) як неабразаны, хай не прыймае абразаньня.

19 Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але (важна) выпаўненьне прыказаньняў Божых.

20 Дык хай кожны застаецца ў такім стане, у якім быў пакліканы.

21 Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, скарыстай з гэтага!

22 Бо хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсьць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, стаецца нявольнікам Хрыстовым.

23 Вялікаю цаною вы здабытыя! Дык ня будзьце нявольнікамі людзей.

24 Браты, хай кожны трывае перад Богам у такім стане, у якім быў пакліканы.

Дзявоцтва

25 Што да дзявоцтва, загаду Госпада ня маю, але даю параду як той, хто з ласкі Божай дастойны веры.

26 Дзеля надыходзячых патрэбаў за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.

27 Калі ты жанаты, ня думай разводзіцца! Калі свабодны, не шукай жонкі.

28 Калі ж ажэнішся, не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія аднак будуць мець клопаты з целам, а я хацеў бы вас ад яго ўхаваць.

29 Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонкі, жылі як нямаючыя;

30 і тыя, што плачуць, быццам ня плакалі, і тыя, што цешацца, як бы ня цешыліся, і тыя, што купляюць, быццам не набывалі,

31 і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як бы не карысталіся. Бо праходзіць вобраз гэтага сьвету.

32 Хацеў бы, каб вы былі бяз клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра справы Госпада, як падабацца Госпаду.

33 А хто жанаты, клапоціцца пра справы сьвету, як падабацца жонцы,

34 і таму разгублены. Падобна жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра справы Госпадавы, каб была сьвятой і целам, і духам; а якая замужам, клапоціцца пра сьвецкія справы, як падабацца мужу.

35 Кажу гэта на вашу карысьць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і безперапынна стаялі пры Госпадзе.

36 Калі хто, аднак, лічыць за няслаўнае адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацьвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзіць замуж.

37 А калі хто не з прымусу, але з вольнай волі наважыўся ў сваім сэрцы захаваць у чыстасьці сваю дзяўчыну, добра робіць.

38 Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.

39 Жонка зьвязана (законам), пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ, можа выйсьці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.

40 Шчасьлівейшая аднак будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.

 

Разьдзел 8
Пытаньне свабоды хрысьціянаў
Спажываньне мяса, ахвяраванага ідалам

1 Што да ідалам складаных ахвяр (з мяса), мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне надзімае, а любоў будуе.

2 Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён ня ведае, як трэба ведаць.

3 А калі хто любіць Бога, той ведамы Яму.

4 Адносна спажываньня ідалам ахвяраванага (мяса) мы ведаем добра, што няма на сьвеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача адзінага Бога.

5 А хоць і ёсьць у небе ці на зямлі так званыя багі, бо шмат такіх багоў і паноў

6 але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад якога ўсё (мае пачатак), ды дзеля каторага мы (існуем), поруч адзін Госпад, Езус Хрыстос, праз якога ўсё (сталася) і праз каторага мы (жывём).

7 Але ня ўсе маюць такое веданьне: некаторыя дасюль, прывыкшы да ідалаў, ядуць мяса як ахвяраванае ідалам, і так сваё кволае сумленьне паганяць.

8 А ежа не збліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ямо, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

9 Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася згаршэньнем для слабых (вераю).

10 Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданьне пры ідалавым стале, ці ж сумленьне слабавернага чалавека не заахвоціцца таксама есьці ідалам ахвяраванае (мяса)?

11 Такім чынам тваё веданьне спрычыніла б загубу брату, за каторага памёр Хрыстос!

12 А так грэшачы супраць братоў і б'ючы па сумленьні іх нядужым, грашыцё супраць Хрыста.

13 Дык калі яда горшыць брата майго, ніколі ня буду есьці мяса, каб ня горшыць брата майго.

 

Разьдзел 9
Прыклад любові апостала

1 Ці я не свабодны? Ці я не апостал? Ці ж я ня бачыў Езуса, Госпада нашага? Ці ж не вы - дакон мой у Госпадзе?

2 Калі іншым я не апостал, вам я апостал; бо вы - пячатка майго апасталаванья ў Госпадзе.

3 Вось жа мая абарона перад тымі, што мяне асуджаюць.

4 Ці ж мы ня маем улады есьці і піць ?

5 Або ня маем улады браць з сабою жанчыну, сястру, падобна як гэта робяць іншыя апосталы, і браты Госпадавы, і Кефас!

6 Ці толькі мне аднаму і Барнабе нельга не працаваць?

7 Хто ж служыць у войску за свае ўласныя грошы? А бо хто садзіць вінаграднік і не есьць яго пладоў? Або хто пасе стада ды не карыстаецца малаком стада?

8 Ці толькі па-чалавечаму кажу я гэта? Ці ж не гаворыць пра гэта і Закон?

9 Вось жа ў Законе Майсея напісана: "Не завязвай пыску малоцячаму валу". Ці пра валы толькі рупіцца Бог?

10 Ці гэта не сказаў перад усім адносна нас? Так, дзеля нас напісана, што араты павінен з надзеяй араць, і малацьбіт малаціць з надзеяй атрымаць умалот.

11 Калі мы пасеялі ў вас духовае, што за дзіва, што маем удзел у жніве цялеснага?

12 Калі ж іншыя маюць удзел ва ўладзе над вамі, дык чаму тым больш ня мы? Аднак мы не карыстаемся гэтай уладай, але зносім усё, каб не прычыніць шкоды Эвангельлю Хрыстоваму.

13 Ці ж ня ведаеце, што тыя, што займаюцца паслугай пры сьвятыні, харчуюцца са сьвятыні, а тыя, што паслугуюць пры аўтары, бяруць долю з аўтара?

14 Так і Госпад загадаў, каб тыя, што вясьцяць Эвангельле, з Эвангельля жылі.

15 Але я не карыстаўся гэтым правам, а напісаў гэтае не таму, каб мець нейкую карысьць для сябе. Бо мне лепш было памерці, чым дазволіць, каб хто пазбавіў мяне гэтай славы.

16 Бо калі я эвангелізую, няма мне славы; бо гэты абавязак ляжыць на мне. Бо гора мне, калі я не эвангелізую.

17 Калі я гэта раблю са сваёй волі, маю заплату; а калі я гэта раблю не па сваёй волі, дык спаўняю толькі даручаную мне паслугу.

18 Дык якая мне ўзнагарода? Вось вяшчу Эвангельле без ніякай заплаты, не карыстаюся ўладаю, якую дае мне Эвангельле.

19 Бо будучы вольным ад усіх, стаўся я нявольнікам усім, каб тым больш іх здабыць.

20 Юдэям быў я як Юдэй, каб прыцягнуць Юдэяў; тым, што трымаюцца закону, стаўся слугою закону, хоць сам ня ёсьць пад законам, каб прыцягнуць спаганяючых закон;

21 тым, што ня маюць закону, быў як без закону, хоць сам не бяз Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што ня маюць закону.

22 Для кволых стаўся я кволым, каб пацягнуць кволых; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць.

23 Усё гэта раблю я дзеля Эвангельля, каб быць ўдзельнікам яго.

24 Няўжо вы ня ведаеце, што бегаючыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак адзін атрымоўвае нагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць.

25 Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, усяго сабе адмаўляе; яны - каб атрымаць вянец зьнішчальны, а мы - незнішчальны.

26 Дык я бягу, не як насьлепа, б'юся ня так, як бы паветра б'ючы

27 але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы другіх, сам ня стаўся няздатным.

 

Разьдзел 10
Прыклад з дзеяў Ізраэля

1 Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што нашыя бацькі ўсе былі пад воблакам, і ўсе перайшлі праз мора,

2 ды ўсе былі ахрышчаны ў (імя) Майсея ў воблаку і ў моры,

3 усе таксама спажывалі тую самую духовую страву

4 і пілі таксама духовае пітво. Пілі вось з духовай скалы, што ішла з імі, а тая скала - Хрыстос.

5 Але ня многіх з іх ўпадабаў сабе Бог, таму ляглі яны ў пустыні.

6 А гэтыя падзеі - прыклад нам, каб не былі мы ахвотныя да зла, як яны ахвотныя былі.

7 Ня будзьце таксама ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: "Засеў народ есьці, і піць, і весяліцца".

8 І не рабіма распусты, як яны распуставалі некаторыя, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

9 І не спакушайма Хрыста, як яны спакушалі ды пагінулі ад зьмеяў.

10 І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад нішчыцеля.

11 Ды ўсё гэта адбылося з імі як прадказаньне будучага і запісана на павучэньне для нас, пражываючых пры канцы вякоў.

12 Хай той, каму, здаецца, што стаіць, глядзіць, каб ня ўпаў.

13 Вас наведала спакуса, звычайная людзям. Верны ж Бог, які не дапусьціць вас спакушаць больш, чым можаце вытрымаць, але са спакусай дае сілу яе пераадолець, каб маглі выстаяць.

Практычныя высновы

14 Дзеля гэтага, мае найдаражэйшыя, сьцеражыцеся пакланяцца ідалам.

15 Кажу гэта як людзям разумным. Вы судзіце самі тое, што гавару:

16 Келіх багаславенства, каторы багаславім, ці ня ёсьць удзелам у Крыві Хрыстовай? А хлеб, каторы ломім ці ня ёсьць удзелам у Целе Хрыстовым?

17 Калі адзін хлеб, таму мы, многія, творым адно цела, бо ўсе мы дзелімся тым самым хлебам.

18 Прыгледзьцеся Ізраэлю паводле цела: ці тыя, што ядуць ахвяры (з аўтара), ня ёсьць удзельнікамі аўтара?

19 Што хачу сказаць? Ці ахвяра, складзеная ідалам, ёсьць нечым (важным)? Або сам ідал ёсьць чымсьці (важным)?

20 Не! Бо тое, што пагане складаюць у ахвяру, дэманам складаюць у ахвяру, а ня Богу. А я не хацеў бы, каб вы мелі нешта супольнае з дэманамі.

21 Ня можаце піць з келіха Госпада ды з келіха дэманаў; ня можаце быць удзельнікамі Госпадавага стала і стала дэманаў.

22 Ці ж нам гнявіць Госпада? Ці ж мы дужэйшыя за Яго?

23 "Усё можна!" Але ня ўсё карысна. "Усё можна!" Але ня ўсё будуе.

24 Хай ніхто ня гоніцца за сваёй карысьцю, але за карысьцю бліжняга.

25 Дык усё, што на рынку прадаюць, ешце, не сумняваючыся дзеля (супакою) сумленьня,

26 бо Госпадава зямля і ўсё, што яе напаўняе.

27 Калі вас запросіць хтосьці з няверучых, і захочаце пайсьці, дык ешце ўсё, што вам пададуць, не сумняваючыся, што да сумленьня.

28 Але калі б хто сказаў: "Гэта было ахвяравана ідалам", - ня ешце з увагі на таго, хто вас перасьцярог, ды з увагі на сумленьне.

29 Маю на ўвазе не тваё сумленьне, але бліжняга. Чаму ж чужое сумленьне мела б судзіць маю свабоду?

30 Калі я ем што з падзякаю, то чаму мяне ачарняюць за тое, за што я дзякую.

31 Дзеля таго ці вы ясьцё, ці вы піцё, ці што іншае робіце, усё на хвалу Божую рабіце!

32 Ня будзьце прычынай згаршэньня ані для Юдэяў, ані для Грэкаў, ані для Царквы Божае.

33 Гэтак і я стараюся ўсім у-ва ўсім падабацца, не шукаючы сваёй карысьці, але што карыснае многім, каб яны былі збаўлены.

 

Разьдзел 11
Парадак на літургічных сабраньнях
Жанчына ў царкве

1 Будзьце пераймальнікамі маімі, як я - Хрыста.

2 Хвалю вас, браты, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся ўсяго, што я вам перадаў.

3 Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны - Хрыстос, а кожнае жонкі галава - муж, а галава Хрыста - Бог.

4 Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой, ганьбіць сваю галаву.

5 Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з ненакрытай галавой, ганьбіць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна аголена.

6 Дык калі якая жанчына не накрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганьбіць жанчыну тое, што пастрыжана або паголена, дык хай накрывае галаву.

7 Мужчыну не належыцца накрываць галавы, бо ён - вобраз і хвала Бога, а жанчына - хвала мужчыны.

8 Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны.

9 і не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.

10 Таму жанчына мусіць мець на галаве знак падданасьці дзеля анёлаў.

11 Зрэшты, у Госпада ані мужчына без жанчыны, ані жанчына без мужчыны.

12 Бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына (родзіцца) з жанчыны, а ўсе - ад Бога!

13 Рассудзіце самі: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з ненакрытай галавой?

14 Сама прырода вучыць нас, што ганьба для мужчыны насіць доўгія валасы,

15 і наадварот, для жанчыны гэта - гонар. Бо валасы дадзены ёй на пакрыцьцё.

16 А калі хто аб гэтым хоча спрачацца, хай ведае, што ані мы ня маем такога звычаю, ані цэрквы Божыя.

Эўхарыстычная вячэра

17 Робячы вам гэтыя заўвагі, не магу вас пахваліць за тое, што зьбіраецеся не на лепшае, але на горшае.

18 Перад усім чую, што, калі зыходзіцеся разам як супольнасьць, бываюць у вас спрэчкі, і гэтаму я крыху веру.

19 Бо мусяць быць сярод вас і герэзіі, каб выявіліся выпрабаваныя людзі.

20 Дык калі вы зьбіраецеся разам, няма ў вас спажываньня Вячэры Госпадавай.

21 Кожны бо з вас сьпяшаецца першым зьесьці сваю вячэру, ды бывае, што адзін галодны, а ў той час другі ўпіваецца.

22 Ці ня маеце дамоў, каб там есьці і піць? Ці мо хочаце ганьбіць царкву Божую, ды засароміць тых, што нічога ня маюць? Што вам магу сказаць? Можа буду вас хваліць? Дык не! За гэта вас не пахвалю!

23 Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў вам, што Госпад Езус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб

24 і склаўшы падзяку, паламаў і сказаў: "Гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас даецца. Рабіце гэта ў Маю памяць!"

25 Падобным спосабам па вячэры Ён узяў келіх і сказаў: "Гэты келіх ёсьць Новым Запаветам у Крыві Маёй. Рабіце гэта, колькі разоў будзеце піць, у Маю памяць".

26 Бо колькі разоў будзеце есьці гэты хлеб і піць гэты келіх, будзеце абвяшчаць сьмерць Госпада, пакуль ня прыйдзе.

27 Дзеля таго, хто нягодна есьць хлеб ды п'е з келіха, той вінаваты што да Цела і Крыві Госпадавай.

28 Дык хай выспрабуе чалавек сябе самога, і тады хай есьць хлеб той ды п'е з келіха таго.

29 Бо хто есьць і п'е нягодна, не зважаючы на Цела (Госпадава), прысуд сабе есьць і п'е.

30 Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае.

31 А калі мы самі сябе асудзім, дык ня будзем суджаны.

32 Калі нас Госпад судзіць, то і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім сьветам.

33 Таму, браты мае, калі зьбіраецеся есьці Вячэру, пачакайце адзін на другога.

34 Калі хто галодны, хай есьць дома, каб вам не зьбірацца на асуджэньне. Іншыя справы наладжу, як прыйду.

 

Разьдзел 12
Дары Духа Сьвятога

1 Не хачу, браты, каб вы ня ведалі пра духоўныя (дары).

2 Калі вы былі яшчэ паганамі, ведаеце, хадзілі вы да нямых балваноў, быццам вялі вас.

3 Заручаю вас, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа: "Анатэма, хай будзе Езус пракляты!" Ды ніхто ня можа сказаць: "Езус ёсьць Госпад", як толькі ў Духу Сьвятым.

4 Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.

5 І розныя ёсьць паслугаваньні, але той самы Госпад.

6 І розная таксама дзейнасьць, але той самы Бог, каторы ўсё ў-ва ўсіх робіць.

7 Кожнаму даецца аб'яўленьне Духа для агульнага дабра.

8 Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому даецца тым самым Духам слова веданьня,

9 яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму - дар аздараўляньня тым самым Духам,

10 іншаму зноў даецца дар чыніць цуды, іншаму - праракаваньня, іншаму - распазнаваньне духаў, іншаму - розныя мовы, іншаму - тлумачэньне моваў.

11 Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі.

Шмат членаў, адно цела

12 Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.

13 Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

14 А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.

15 Калі б нага сказала: "Я не належу да цела, таму што я - не рука", дык няўжо яна таму і не належыць да цела?

16 Або калі вуха скажа: "Я не належу да цела, бо я ня вока?", дык няўжо яно і не належыць да цела?

17 Калі б ўсё цела было вокам, дзе ж быў бы слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе тады нюх?

18 Але Бог разьмясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Яму спадабалася.

19 А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж тады цела?

20 Вось цяпер членаў многа, а цела - адно.

21 Ня можа вока сказаць руцэ: "Ты мне непатрэбная!" або галава нагам: "Вы мне не патрэбныя".

22 Наадварот, члены цела, каторыя падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,

23 ды каторыя нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, ахоўваем з тым большай стараннасьцю,

24 а нашыя прыстойныя часткі цела не патрабуюць таго. Так Бог уфармаваў наша цела, што даў больш пашаны тым членам, каторым не хапала,

25 каб не было ў целе разьдзяленьня, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.

26 Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе іншыя члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.

27 Вы - Цела Хрыстовае, а паасобна - члены.

28 І адных Бог устнавіў у Царкве найперш апосталамі, далей прарокамі, трэціх - настаўнікамі, пасьля тых, што маюць моц чыненьня цудаў, потым дар лячэньня, дар успамогі, дар гаспадараваньня, дар усялякіх моваў.

29 А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?

30 Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

31 Дабівайцеся харызматаў большых, а я вам пакажу шлях дасканалейшы.

 

Разьдзел 13
Гімн любові

1 Калі б я гаварыў мовамі людзей або анёлаў, а любові ня меў бы, я быў бы як медзь зьвінячая, або цымбалы гудзячыя.

2 І калі б я меў дар праракаваньня ды зьведаў усе тайны і ўсякую веду, і меў усю веру, што і горы пераносіў, але любові ня меў бы, я быў бы нішто.

3 І калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасьць і цела сваё аддаў на спаленьне, але любові ня меў бы, ніякай мне з гэтага карысьці.

4 Любоў цярплівая, любоў ласкавая, не зайздросная, не ганарыстая, не пыхлівая,

5 не амбітная, не шукае свайго, не гняўлівая, не памятае зла,

6 ня цешыцца з несправядлівасьці, але радуецца з праўды,

7 усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

8 Любоў ніколі не зьнікае. А вось прароцтвы, счэзнуць, і мовы змоўкнуць, і веда занепадзе.

9 Бо мы часткова пазнаём і часткова праракуем.

10 Калі ж надыйдзе дасканалае, саступіць тое, што частковае.

11 Калі я быў дзіцём, гаварыў па-дзіцячаму, разумеў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, а як стаў мужам, вызбыўся таго, што дзіцячае.

12 Цяпер мы бачым быццам праз (мутнае) шкло, невыразна, а тады (убачым) тварам у твар. Цяпер пазнаю часткова, а тады пазнаю поўнасьцю, як я сам пазнаны.

13 Дык цяпер бытуюць вера, надзея і любоў; а з гэтых трох найважнейшая - любоў.

 

Разьдзел 14
Як карыстацца харызматамі

1 Спаганяйце любоў, рупцеся пра духовыя (дары), асабліва пра дар праракаваньня.

2 Бо хто гаворыць мовамі, ня людзям гаворыць, але Богу. Ніхто бо яго не разумее, а ён пад дзеяньнем Духа расказвае тайны.

3 Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаваньне, або для заахвоты, або для пацяшэньня.

4 Хто гаворыць мовамі, самога сябе будуе, а хто праракуе, супольнасьць будуе.

5 Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Важней бо праракаваць, чым гаварыць мовамі, хіба што тлумачыў бы, каб супольнасьць атрымала збудаваньне.

6 Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў да вас і гаварыў мовамі, ці гэта вам дамагло б, хіба што буду гаварыць да вас, аб'яўляючы штосьці, або навучаючы, або праракуючы, або цікавячы вас навукай.

7 Падобна бывае з бяздушнымі інструмэнтамі, каторыя гучаць, ці то жалейка, ці то гусьлі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозьніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусьляў?

8 Калі гэтак сурма (баявая) падасьць невыразны гук, дык хто будзе шыкавацца да бою?

9 Так ёсьць і з вамі, калі будзеце гаварыць языком, але невыразна вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Такая гаворка на вецер!

10 Колькі розных моваў на сьвеце? Але кожная не бяз голасу.

11 Калі я, аднак, ня буду разумець, што словы значаць, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.

12 Таксама і вы, калі дбала шукаеце дароў Духа, дык узбагачайцеся імі для пабудовы супольнасьці.

13 Дык калі хто карыстаецца з дару моваў, хай моліцца, каб тлумачыць (мовы).

14 Калі бо я малюся дзякуючы дару моваў, дух мой моліцца, але розум ня мае карысьці.

15 Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду сьпяваць духам, буду такжа спяваць розумам.

16 Дарэчы, калі ты будзеш багаславіць у духу, як жа на тваё багаславеньне скажа: "Амэн!" хтосьці просты, каторы не разумее, што ты гаворыш?

17 Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы ня мае карысьці.

18 Дзякую Богу, што я больш з вас усіх гавару мовамі.

19 Усё ж такі на сабраньні ахватней скажу пяць словаў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч словаў у мовах.

20 Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам, але будзьце нямоўлямі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.

21 У законе напісана: "Буду прамаўляць да гэтага народу чужымі мовамі і іншымі вуснамі, але яны і тады не паслухаюць Мяне", - кажа Госпад.

22 Дык вось дар моваў ёсьць знакам не для веручых, але для няверучых; прароцтва ж не для няверучых, але для веручых.

23 Дык калі зьбярэцца ўся супольнасьць, ды ўсе пачнуць карыстацца дарам моваў, а ў той час увойдуць простыя людзі поруч няверучыя, ці ж ня скажуць, што вы звар'яцелі?

24 А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісь няверучы або просты чалавек, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,

25 тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: "Сапраўды, Бог з вамі!"

26 Дык што ж, браты? Калі зьбіраецеся разам, кожны з вас мае або дар сьпяваньня гімнаў, або дар навучання, або дар аб'яўленьня будучага, або дар моваў, або выясненьня: усё гэта хай будзе на пабудову супольнасьці.

27 Калі хто мае дар моваў, дык хай гавораць па чарзе двух, найбольш трох, а адзін хай тлумачыць.

28 А калі б не было перакладчыка, дык хай маўчыць на сабраньні, але сам сабе гаворыць і Богу.

29 Прарокі хай прамаўляюць па двух або па трох, іншыя ж хай гэта разважаюць.

30 Калі ж каму іншаму з седзячых будзе дадзена аб'яўленьне, дык хай першы замоўкне.

31 Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін па другім, каб усе былі навучаны і ўсе былі пацешаны.

32 І духі прарочыя паслухмяныя прарокам.

33 Бо Бог ня ёсьць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца на ўсіх сабраньнях у сьвятых,

34 жанчыны на сабраньнях павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорныя, як і закон загадвае.

35 Калі хочуць чагосьці навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчыне прамаўляць на сабраньні.

36 Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?

37 Калі каму здаецца, што ён прарок або што мае духовыя дары, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсьць загад Госпадаў.

38 А калі б хто гэтага не прызнаў, ён сам ня будзе прызнаны.

39 Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракаваньня ды не забараняйце карыстацца з дару моваў.

40 Ды хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.

 

Разьдзел 15
Эвангельле Уваскрасеньня
Сапраўднасьць уваскрасеньня Хрыста

1 Прыгадваю вам, браты, Эвангельле, якое я вам раней вясьціў і якое вы прынялі ды ў каторым трываеце,

2 і праз якое здабудзеце збаўленьне, калі яго захаваеце такім, якім я вясьціў вам, інакш уверылі вы надарма.

3 Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашыя грахі паводле Пісаньня,

4 і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісаньня,

5 і што зьявіўся Кефасу, і затым Дванаццаці,

6 што пасьля зьявіўся больш чым пяці стам братам адначасна; большасьць з іх жыве дасюль, некаторыя паўміралі;

7 пасьля паказаўся Якубу, пазьней усім апосталам,

8 а пры канцы, ужо па ўсіх, як неданоску, паказаўся таксама мне.

9 Бо я найменшы з усіх апосталаў і няварты называцца апосталам, бо я перасьледаваў Царкву Божую.

10 Але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, ды дадзеная мне ласка Ягоная не была дарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, не я, што праўда, але ласка Божая са мною.

11 Дык ці я, ці яны, мы так навучаем, і вы так паверылі.

Уваскрасеньне ўсіх веручых на ўзор Хрыста

12 Калі аб Хрысьце гаворыцца, што Ён уваскрос з памёршых, дык чаму некаторыя з-паміж вас кажуць, што няма ўвасрасеньня мёртвых?

13 Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос.

14 А калі Хрыстос не ўваскрос, дык дарэмнае навучаньне нашае, ды дарэмная таксама вера вашая.

15 А мы аказаліся б фальшывымі сьведкамі Бога, бо мы сьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога не ўваскрашаў, калі памёршыя не ўваскрасаюць.

16 Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос.

17 А калі Хрыстос не ўваскрос, пустая вера вашая, і вы дасюль застаецёся ў грахах сваіх.

18 Дык затым і тыя, што памерлі ў Хрысьце, пайшлі на загубу.

19 Калі ў гэтым жыцьці мы спадзяемся толькі на Хрыста, дык мы найнешчасьлівейшыя з усіх людзей.

20 Але цяпер Хрыстос уваскрос першы спасярод памёршых.

21 Бо як праз чалавека прыйшла сьмерць, так праз чалавека і ўваскрасеньне з мёртвых;

22 бо як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.

23 Але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстос, затым тыя, што належаць да Хрыста, у час прыйсьця Ягонага;

24 наастатак прыйдзе канец, калі перадасьць Ён караляваньне Богу і Айцу, ды калі пераможа ўсякае начальства, усякую ўладу ды моц.

25 Бо Яму належыцца валадарыць, аж пакуль не паложыць пад ногі свае ўсіх ворагаў.

26 Апошні вораг будзе зьнішчаны - сьмерць.

27 Усё бо Ён кінуў пад ногі свае. Калі сказана: "Усё паддана (Яму)", значыць гэта, што ўсё, апрача Таго, хто Яму ўсё падуладніў.

28 А калі ўжо ўсё будзе Яму падуладна, тады і сам Сын пакарыцца Таму, хто Яму падуладніў усё, каб Бог быў усім у-ва ўсіх.

29 Бо што робяць тыя, што прыймаюць хрост за памёршых? Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык нашто прыймаюць хрост за іх?

30 Дык пашто і мы ставім сябе што хвіліну на небясьпеку?

31 Заручаю вас праз гонар, які я маю ў вас у Езусе Хрысьце, Госпадзе нашым, што я кожны дзень паміраю.

32 Калі я толькі як чалавек у Эфэзе змагаўся з дзікімі зьвярамі, што мне з таго? Калі памёршыя не ўваскрасаюць, дык будзем есьці і піць, бо заўтра памром.

33 Не падманывайце сябе! "Дзеля ліхіх гутарак псуюцца добрыя звычаі".

34 Ацьверазіцеся як сьлед і перастаньце грашыць! Бо ёсьць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. На сорам вам кажу гэта.

Пра целы па ўваскрасеньні

35 Спытае нехта: "А як памёршыя ўваскрасаюць? У якім целе прыйдуць?"

36 О, неразумны! Дык жа тое, што сееш, не аджыве, калі перш не памрэ.

37 Тое, што сееш, ня ёсьць адразу целам, якім становіцца потым, але звычайным зернем, скажам, пшанічным або якім другім.

38 Але Бог дае яму такое цела, якое захацеў; і кожнаму насеньню сваё.

39 Ня ўсе целы аднолькавыя, але іншыя целы ў людзей, іншыя целы ў жывёлаў, а яшчэ іншыя ў птушак, ды іншыя ў рыбаў.

40 Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, іншая зямных.

41 Іншы бляск сонца, а іншы месяца ды зорак. Адна зорка ад другой розьніцца яркасьцю.

42 Падобная і з уваскрасеньнем памёршых: сеецца на зьнішчэньне, а паўстае ў незьнішчальнасьці;

43 сеецца ў паніжэньні, а паўстае ў хвале; сеецца ў кволасьці, а паўстае ў моцы;

44 сеецца цела душэўнае, а паўстае цела духоўнае. Калі ёсьць цела душэўнае, дык ёсьць і (цела) духоўнае.

45 Так вось і напісана: "Стаўся першы чалавек. Адам жывою душою", а апошні Адам стаўся Духам жыватворчым.

46 Аднак перш было ня тое, што духовае, але тое, што душэўнае; духовае ж было потым.

47 Першы чалавек з зямлі, зямны, другі чалавек - з неба.

48 Які той зямны, такія і зямныя; які Той нябесны, такія і нябесныя,

49 і як насілі мы вобраз зямнога (чалавека), так будзем насіць вобраз нябеснага.

50 Кажу вам, браты, што цела і кроў ня могуць атрымаць Каралеўства Божага, ды тое, што зьнішчальнае, ня можа мець спадчыны ў незьнішчальным.

51 Вось аб'яўляю вам тайну: Ня ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,

52 адразу, імгненна, на гук апошняй трубы; бо затрубіць (труба), і паўстануць памёршыя незьнішчальнымі і мы будзем пераменены.

53 Бо трэба, каб тое, што зьнішчальнае, прыадзелася ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае - у несьмяротнасьць.

Радасьць дзеля перамогі над сьмерцю

54 А калі ўжо тое, што зьнішчальнае, адзенецца ў незнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае прыадзенецца ў несьмяротнасьць, тады збудуцца напісаныя словы: "Праглынена сьмерць перамогаю.

55 Сьмерць, дзе твая перамога? Сьмерць, дзе тваё джала?"

56 Джала сьмерці - грэх, а сіла грэху - закон.

57 Богу ж падзяка за тое, што даў нам перамогу праз Госпада нашага Езуса Хрыста.

58 Дзеля таго, браты мае ўмілаваныя, будзьце стойкімі і непахіснымі, заўсёды рупліва занятыя справай Госпада, помнячы, што праца вашая ня будзе дарэмнай Бога.

 

Разьдзел 16
Даручэньні, прывітаньні і пажаданьні

1 Адносна складак, што зьбіраюцца на сьвятых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галятыі.

2 Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе і зьберажэ, што ўважае за карыснае, каб не зьбіраць тады як я прыбуду.

3 Калі ж я паяўлюся, дык праз тых, каторых прызнаеце вы за дастойных, пашлю дар ваш з лістамі ў Ерузалім,

4 а калі б аказалася патрэбным і мне пайсьці, дык яны пойдуць разам са мною.

5 Я прыйду да вас, калі буду варочацца з Македоніі, бо праз Македонію толькі праходам прайду.

6 У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды выбяруся ісьці.

7 Не хачу вас мімаходам пабачыць. Маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Бог дазволіць.

8 А ў Эфэзе прабуду да Пяцідзесятніцы,

9 бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа праціўнікаў.

10 Калі б паявіўся ў вас Цімафей, дык глядзіце, каб быў бяз страху ў вас, бо ён робіць справы Госпада, як і я.

11 Дык хай ніхто ня гардзіць ім. Прывядзіце яго спакойна да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.

12 Што да брата Апалёса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, але ён ня меў цяпер ахвоты прыйсьці, але прыйдзе, калі будзе мець магчамасьць.

13 Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.

14 Хай усё ў вас дзеецца ў любові.

15 Прашу вас, браты: вы ведаеце сям'ю Сьцяпанаву, што яны ёсьць першакамі ў Ахаі і пасьвяціліся на паслугу сьвятым,

16 каб вы былі паслухмяныя такім і ўсім, хто дапамагае нам і працуе.

17 Цешуся ж прысутнасьцю Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасьць,

18 бо падбадзёрылі яны майго і вашага духа. Дык шануйце такіх.

19 Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіля і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.

20 Вітаюць вас усе браты. Паздароўкайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам.

21 Прывітаньне маёю рукою, Паўлавай.

22 Калі хто ня любіць Госпада, хай будзе пракляты! Мараната!

23 Хай ласка Госпада Езуса будзе з вамі.

24 Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Езусе.

 

 

Другі ліст Карынцянам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста, і Цімафей, брат, царкве Божай ў Карыньце з усімі сьвятымі, што ў-ва ўсёй Ахаі:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка Богу

3 Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрдзя і Бог усякае пацехі,

4 які пацяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі пацяшаць тых, каторыя ў якой-колечы бядзе, пацехаю, якую атрымоўваем ад Бога.

5 Бо як у нас памнажаюцца цярпеньні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваюцца пацяшэньні нашыя.

6 І калі мы пераносім гора, дык для пацяшэньня і для збаўленьня вашага; а калі мы цешымся, дык для вашага пацяшэньня, якое робіць, што і вы стойка пераносіце гэтыя самыя мучэньні, каторыя і мы перажываем.

7 І што да вас надзея нашая вялікая, бо ведаем, што вы ёсьць як супольнікамі мукаў, так і (супольнікамі) пацяшэньня.

8 Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі, якое гора сталася нам у Азіі, як нас страшна прыціснула па-над сілы, што не хацелася жыць.

9 Але мы самі ў сабе адчувалі прысуд сьмерці, каб не пакладацца на саміх сябе, але на Бога, каторы ўваскрашае памёршых.

10 Ён і выбавіў нас ад раптоўнае небясьпекі сьмерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць ,

11 за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за дар, атрыманы дзеля (просьбаў) многіх, многія падзяку складалі за нас.

Зьмена праграмы падарожжа Паўла

12 Бо пахвала для нас - гэта сьведчаньне сумленьня нашага, што ў прастаце сэрца ды ў шчырасьці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі мы на сьвеце, асабліва ў вас.

13 Ня пішам бо вам нічога, як толькі тое, што вы - чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце нас разумець.

14 Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы будзем пахвалою вашаю, так як вы - нашаю ў дзень Госпада нашага Езуса.

15 І з такой пэўнасьцю я ўжо раней рыхтаваўся прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

16 і ад вас направіцца ў Македонію, а з Македоніі зноў наведаць вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

17 Калі я ўсё гэта плянаваў, ці рабіў гэта лёгкадумна? Ці рашаючыся на гэта, вырашаў па цялеснаму, каб было ў мяне адначасна: "так, так" і "не, не"?

18 Верны Бог, што слова нашае да вас не было: "так" і "не"!

19 Бо Сын Божы Езус Хрыстос, пра якога мы вам вясьцілі, - я, і Сільван, і Цімафей, - ня быў: "так" і "не", але ў Ім было "так".

20 Колькі бо абяцаньняў Божых, усе яны ў Ім "так". Таму таксама праз Яго кажацца "Амэн" Богу на хвалу праз нас.

21 А Той, хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысьце, ды хто нас намасьціў, ёсьць Бог,

22 які і палажыў на нас пячатку сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

23 Дык прызываю на сьведку Бога ў душы маёй, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт

24 не дзеля таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасьці, бо ў веры вы моцныя.

 

Разьдзел 2

1 Я пастанавіў сабе, каб не ісьці да вас зноў у смутку,

2 бо калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі ня той, хто быў мною засмучаны?

3 І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належалася б радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасьць таксама вашая (радасьць).

4 Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са сьлязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я да вас.

5 Калі хто стаўся прычынай смутку, то не мяне (толькі) засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.

6 Такому хопіць кары, вызначанай большасьцю,

7 так што лепш выпадае такому дараваць ды пацешыць, каб церазмерная згрызота яго не ахапіла.

8 Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.

9 Бо з гэтаю мэтаю я пісаў, каб вас выпрабаваць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10 Каму вы дароўваеце, таму і я; бо і я, калі каму прабачыў, дык прабачыў дзеля вас ад імя Хрыста,

11 каб ня зьвёў нас шатан, бо подступы яго добра нам вядомыя.

12 Калі я прыбыў у Трааду вясьціць Эвангельле Хрыстовае, і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,

13 дух мой ня меў супакою, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я разьвітаўся з імі і падаўся ў Македонію.

Абарона апостальскай улады
Годнасьць апостальскага пакліканьня

14 Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысьце заўсёды, ды праз нас усюды выяўляе пах пазнаньня свайго.

15 Мы вось мілы Богу пах Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўленьня, і сярод тых, што ідуць на загубу:

16 для адных - пах труючы на сьмерць, а для другіх -пах жыцятворны на жыцьцё. І хто здатны на гэта?

17 Мы бо не фальшуем Слова Божага як многія, але вясьцім шчырым сэрцам, як ад Бога на віду Бога ў Хрысьце.

 

Разьдзел 3

1 Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, паручаючых лістоў да вас або ад вас?

2 Вы ёсьць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.

3 Вы сабою паказваеце праз паслугу нашу, што вы - ліст Хрыстовы, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў.

4 Такую пэўнасьць маем у Богу праз Хрыста.

5 Не ўважаем, што мы аб сабе нешта здольныя прыдумаць, як ад сябе, але гэта наша здольнасьць ад Бога

6 Які і ўчыніў нас здольнымі быць слугамі Новага Запавету, ня літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.

7 Калі служэньне сьмерці, высечанае літарамі на каменьні, было так слаўным, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля хвалы твару ягонага, якая прамінае,

8 дык ці ня многа больш павінна быць слаўным служэньне Духа?

9 Калі бо служэньне асуджэньня ёсьць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэньне справядлівасьці.

10 Гэтак тое, што часткова было слаўным, ня мае больш славы па прычыне перавышаючай яе славы.

11 Калі бо тое прамінаючае было слаўным, то тым больш будзе слаўным тое, што трывае.

12 Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікім даверам,

13 а не як Майсей, каторы закрываў сабе твар, каб сыны Ізраэля не глядзелі на прамінаючую яснасьць.

14 Але атупелі іх розумы, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязьнятай, бо толькі ў Хрысьце яна адсланяецца.

15 Дык па сёньняшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іхніх сэрцах.

16 А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае.

17 Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода.

18 Мы ж усе з адкрытым воблікам аглядаем хвалу Госпадаву, быццам у люстры, і перамяняемся ў Ягоны вобраз з яснасьці ў яснасьць за справаю Госпадавага Духа.

 

Разьдзел 4
На службе ўсёй праўдзе

1 Дзеля таго, маючы з міласэрдзя Божага гэтае паслугаваньне, ня падаем духам.

2 Наадварот, мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, ня кідаемся ў хітрыкі, ды не фальшуем Слова Божага, але адкрытым вяшчэньнем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленьню кожнага чалавека.

3 Калі нашае Эвангельле закрытае, дык закрытае для тых, што ідуць на загубу,

4 няверучым, каторым баговішча гэтага сьвету засьляпіў розум, каб ня зьзяла для іх сьвятло Эвангельля славы Хрыста, каторы ёсьць вобразам нябачнага Бога.

5 Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса, Госпада; а мы - вашыя слугі праз Езуса.

6 Бо Бог, каторы загадаў: "Хай з цемры засьвеціць сьвятло", - сам асьвяціў нашыя сэрцы, каб асьвяціць нас пазнаньнем хвалы Божай у вобліку Езуса Хрыста.

Беды і надзеі апостальскага жыцьця

7 Але мы гэты скарб носім у гліняных пасудзінах, каб было відаць, што гэтая вялізарная моц ад Бога, а не ад нас паходзіць.

8 Мы зусюль уцісканыя, але не прыдушаны; жывём у праблемах, але ня ў роспачы;

9 церпім перасьледваньні, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем;

10 заўсёды носім у целе нашым кананьне Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў целе нашым.

11 Бо мы, каторыя жывём, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў нашым сьмяротным целе.

12 Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё - у вас.

13 А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: "Я ўверыў, і таму прамовіў", і мы верым, і таму гаворым,

14 ведаючы, што Той, хто ўваскрасіў Госпада Езуса, таксама і нас уваскрасіць з Езусам ды паставіць разам з вамі.

15 Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасьць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць на хвалу Богу.

16 Таму мы і не губляем надзеі, бо хоць наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, то аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.

17 Бо малое цяперашняе цярпеньне рыхтуе нам невымоўную і вечную хвалу ў будучым веку.

18 Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо відомыя рэчы -часовыя, а нябачныя - вечныя.

 

Разьдзел 5
На віду апошніх справаў

1 Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зьнішчэе, то маем ад Бога дом не рукамі зроблены, вечны ў небе.

2 Таму мы і ўздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае нябеснае прыстанішча,

3 калі толькі будзем адзетыя, а не без адзеньня.

4 Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца ў новае адзеньне, каб тое, што сьмяротнае, ахоплена было жыцьцём.

5 На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

6 Дзеля таго мы заўсёды ў добрым настроі, хоць ведаем, што пакуль жывём ў целе, мы далёкія ад Госпада.

7 Тут бо жывём вераю, а не агляданьнем.

8 Мы, аднак, жывём надзеяй ды маем добрую волю лепш пакінуць цела і стануць у прысутнасьці Госпада.

9 І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

10 Усе бо мы мусім стануць перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму заплату за добрыя, ці ліхія ўчынкі, дакананыя ў целе.

Апостальская дзейнасьць

11 Дык ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам усё ў нас адкрыта. Спадзяюся, што і для сумленьняў вашых мы адкрытыя.

12 Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць, але каб даць вам магчымасьць пахваліцца намі, каб маглі вы што сказаць людзям, што хваляцца абліччам, а ня тым, што ў сэрцы.

13 Бо калі мы не ў сабе, дык для Бога; а калі ў цьвярозым розуме, дык дзеля вас.

14 Бо любоў Хрыста прынукае нас, разважаючых, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

15 І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, хто за іх памёр і ўваскрос.

16 Таму і мы ад гэтага часу ня ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста ведалі паводле цела, дык ужо цяпер ня ведаем (Яго ў такі спосаб).

17 Бо хто ў Хрысце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася усё новае.

18 Усё ж ад Бога, які пагадзіў нас з сабою праз Хрыста, і даў нам служэньне паяднаньня,

19 бо вось Бог у Хрысьце пагадзіў сьвет з сабою, не ўлічваючы ім злачанстваў іхніх, ды даручыў нам слова прымірэньня.

20 Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім: Пагадзіцеся з Богам!

21 Бо Ён Таго, хто ня ведаў грэху, учыніў занас грэхам, каб мы ў Ім сталіся справядлівасьцю Божай.

 

Разьдзел 6

1 Мы, як супрацоўнікі (Божыя), перасьцерагаем вас, каб вы не марнавалі ласкі Божай,

2 бо Ён кажа: "У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог цябе". Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня!

3 Не даючы нікому магчымасьці горшыцца, каб не глуміліся з служэньня (нашага),

4 мы ў-ва ўсім выяўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, ва ўцісках,

5 пад ударамі, у вязьніцах, у бунтах, у трудах, у недаспаньнях, у пастах,

6 у чыстасьці, у мудрасьці, у вялікадушшы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,

7 у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,

8 у пашане і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе; нібы ашуканцы, але праўдамоўныя,

9 быццам няведамыя, а ўсё ж добра вядомыя,быццам уміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,

10 як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маюць, а ўсім валодаючыя.

Перасьцярогі і высновы

11 Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карыньцяне, нашае сэрца расшырылася.

12 Вам ня цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

13 Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, як да сваіх дзяцей гавару: адкрыйцеся і вы.

14 Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?

15 Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веручага з няверучым?

16 Або якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсьць сьвятыня Бога жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

17 Таму выйдзіце з-паміж іх і адлучыцеся ад іх, - кажа Госпад, - і не дакранайцеся да нічога нячыстага, і Я вас прыйму,

18 і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, - кажа Госпад Усемагутны."

 

Разьдзел 7

1 Дык маючы такія абяцаньні, умілаваныя, ачысьцьма сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы сьвятасьці.

2 Прыйміце нас! Мы нікога ня скрыўдзілі, нікога не зьвялі, нікога не падманулі.

3 Кажу гэта не каб вас асудзіць; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.

4 Вялікае спадзяваньне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я перапоўнены пацехаю і радасьцю ў кожным нашым уціску.

5 Бо калі мы прыбылі ў Македонію, нашае цела ня мела супакою, але зусюль нам дакучалі: звонку - напасьці, унутры - страхі.

6 Але Бог, Пацяшыцель пакорных, пацешыў нас прыбыцьцём Ціта.

7 І пацешыў ня толькі прыбыцьцём яго, але і як расказваў нам, якую пацеху адчуў у вас, аб вашых сьлёзах, аб вашай тузе, аб вашых клопатах пра мяне, з чаго радаваўся я тым болей.

8 Хоць можа я вас і засмуціў сваім лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бачачы, што гэты ліст на нейкі час засмуціў вас,

9 аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуцілася на наварачэньне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб ня мелі ад нас ніякай шкоды.

10 Бо смутак дзеля Бога праз пакаяньне вядзе да збаўленьня, а смутак гэтага сьвету вядзе да сьмерці.

11 Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас руплівасьць, абарону, абурэньне, боязь, тугу, клопат ды адплату. Ва ўсім гэтым паказаліся вы невінаватымі ў гэтай справе.

12 Затым, калі я вам гэта напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб казаць вам перад Богам руплівасьць вашую.

13 Дзеля гэтага мы адчулі радасьць. А наша радасьць умацавалася тым больш радасьцю, якую спазнаў Ціт, усімі вамі падтрыманы на духу.

14 І я не асаромеўся тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і праўдзівай ёсьць наша пахвала перад Цітам.

15 І сэрца ягонае яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу паслухмянасьць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і дрыжаньнем.

16 Дык я цешуся, што ва ўсім магу на вас пакладацца.

 

Разьдзел 8
Аб міласьціне ўбогім з Ерузаліма
Шчодрасьць для ўбогіх

1 Паведамляем вам, браты, пра тую ласку, якую Бог даў цэрквам Македонскім,

2 як у цяжкім выпрабаваньні прыгнёту захавалі вялікую радасьць і як скрайняя беднасьць іхняя выявілася багацьцем прастаты.

3 Яны, сьведчу, па магчымасьці ды па-над магчамасьць дабраахвотна

4 дужа прасілі нас дазволіць ім супрацоўнічаць з намі ў дапамозе сьвятым.

5 І яны па-над наша спадзяваньне ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

6 Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб як ён гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.

7 І як вы ва ўсім былі шчодрымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасьці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтым былі шчодрымі.

8 Кажу гэта не як загад, але хочучы выпрабаваць на ўзор іншых руплівасьць і вашае любові.

9 Вы бо ведаеце ласку Госпада нашага Езуса Хрыста, каторы, будучы багатым, дзеля нас стаўся бедным, каб сваёю беднасьцю нас узбагаціць.

10 І я вам даю гэту параду, бо гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі ня толькі рабіць, але і хацець.

11 Давядзіце цяпер гэту справу да канца, каб, чым ахвотна хацелі падзяліцца, тое споўнілі паводле магчымасьці.

12 Калі бо ёсьць ахвота, яна выяўляецца не па тым, чаго хто ня мае, але па тым, хто што мае.

13 Бо не вымагаецца, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.

14 Хай цяпер ваша лішніца (дапоўніць) іхнюю нястачу, каб таксама іхняя лішніца дапоўніла вашую нястачу, каб так была роўнасьць,

15 як напісана: "Хто сабраў многа, ня меў лішніцы, а хто мала - ня меў нястачы".

Пасланцы Паўла

16 Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасьць пра вас.

17 Ён ня толькі выслухаў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

18 Разам з ім паслалі мы брата, каторы славіцца за абвяшчэньне Эвангельля па ўсіх цэрквах,

19 і ня толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа ў гэтай ласцы, якою мы служым на хвалу нашага Госпада адпаведна нашым намаганьням,

20 высьцерагаючыся, каб нам хто не дакараў дзеля такога мноства ахвяраў, даручаных нашаму распараджэньню.

21 Бо мы дбаем аб дабро ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.

22 І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасьць якога шмат у чым выпрабавалі, і каторы цяпер яшчэ больш стараны дзеля вялікага спадзяваньня на вас.

23 Што да Ціта, дык ён - мой таварыш і трудзіцца разам са мною дзеля вас, а браты нашыя - пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

24 Дык пакажыце ім сваю любоў, каб мы не надарма хваліліся вамі перад цэрквамі.

 

Разьдзел 9

1 Аб паслузе, якая робіцца для сьвятых, няма мне патрэбы пісаць вам,

2 бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод Македонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага году, і так ваша руплівасьць заахвоціла многіх.

3 Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая спахвала вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі.

4 Бо каб прыбылі са мною Македонцы, ды каб засталі вас непрыгатаванымі, засаромілі б нас - каб не сказаць і вас, - з гэтае прычыны.

5 Дык вось палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся падрыхтаваць абяцаны дар як шчодрае багаславенства, а не як вымушаны датак.

Дабраахвотнага даўцу любіць Бог

6 Бо так ёсьць: хто скупа сее, той скупа і жне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе.

7 Таму хай кожны дае, як пастанавіла сэрца ягонае, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасьцю дае, любіць Бог.

8 Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы дастатак, ды каб вам заставалася яшчэ на добрыя ўчынкі,

9 як напісана: "Раздаў, даў убогім, справядлівасьць ягоная будзе трываць вечна".

10 А Той, хто дае насеньне сейбіту, дасьць і хлеб да яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць плён справядлівасьці вашай,

11 каб вы былі багатыя ўсім, поўныя прастаты, якая прынукае нас да дзякаваньня Богу.

12 Бо гэта нашая паслуга ня толькі дапаможа сьвятым у бядзе, але яшчэ заахвоціць іх да многіх падзякаў Богу.

13 Дык дасьведчыўшы такое служэньне, будуць яны хваліць Бога за тое, што вы паслухмяныя вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыста, ды за шчырую лучнасьць з імі і з усімі,

14 і ў сваіх маленьнях за вас будуць выяўляць прыхільнасьць вам дзеля шчодрай у вас ласкі Бога.

15 Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Ягоны!

 

Разьдзел 10
Абарона Паўла перад закідамі
Аб слабасьці апостала

1 Дарэчы, я сам, Павал, перасьцерагаю вас праз ціхасьць і ласкавасьць Хрыстову, што вось я між вас быў уважаны вамі за пакорнага, а цяпер, далёкі ад вас, - за залішне суровага да вас.

2 Дык вось малю вас, каб, як прыбуду, ня змушаны быў ужыць строгасьці, з якою манюся паставіцца да тых, каторыя ўважаюць, што ходзім мы паводле цела.

3 Бо хоць мы ходзім у целе, не ваюем паводле цела.

4 Наша вось зброя баявая не цялесная, але мае моц Божую для нішчэньня крэпасьцяў; ёю руйнуем замыслы

5 і ўсякую пыху, выступаючую супраць пазнаньня Бога, ды ўсякі розум бяром у палон Хрысту,

6 і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасьць кожнага, калі паслухмянасьць вашая станецца дасканалай.

7 Гляньце праўдзе ў вочы! Калі хто ўважае, што ён Хрыстовы, дык хай разважыць тое, што і мы, таксама як ён, Хрыстовыя.

8 Бо не было б мне сорамна, калі б я захацеў хваліцца тою ўладаю, каторую нам даў Госпад на будаваньне вас, а не на нішчэньне.

9 Але, не хацеў бы, каб выглядала, што я вас палохаю лістамі.

10 Некаторыя кажуць: "Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела просты і слова звычайнае".

11 Хто так думае, хай ведае, што якія мы здалёк і ў словах лістоў, такімі ж будзем і між вамі ў дзейнасьці.

Супраць асуджэньня апостала за амбіцыі

12 Мы бо ня маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе меркай сваёй асобы, раўняючы сябе з сабой, і гэтак не выказваюць вялікага розуму.

13 Ня будзем мы хваліцца па-над меру, але будзем ацэньваць сябе ў межах, вызначаных нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.

14 Бо не пераходзім належнай меры, як тыя, што да вас яшчэ не дайшлі, мы бодайшлі да вас Эвангельлем Хрыста.

15 Ня хвалімся бяз меры чужою працаю. Спадзяемся аднак, што з узрастаньнем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,

16 каб і далей у краях па-за вамі эвангелізаваць, ня хвалячыся тым, што было ўжо зроблена іншымі.

17 Хто хваліцца, хай у Госпадзе хваліцца.

18 Бо ня той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.

 

Разьдзел 11
Апостал хваліцца сваім жыцьцём і дзейнасьцю

1 О, каб вы маглі сьцярпець крыху маю неразумнасьць! Але ж вы і церпіце мяне!

2 Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасьцю, бо заручыў я вас з адным мужам ды маю завесьці вас да Хрыста, як чыстую дзявіцу.

3 Але баюся, каб як зьмей зьвёў Эву сваёю хітрасьцю, гэтак і вашыя думкі не спаганіліся і не адвярнуліся ад прастаты і чыстасьці, якая ў Хрысьце.

4 Калі б хто прыйшоў і стаў вясьціць другога Езуса, каторага мы вам не вясьцілі, або калі б вы атрымалі іншага Духа, каторага вы не прынялі, або іншае Эвангельле, каторае не атрымалі, вы б гэта цярпліва зносілі.

5 Але я думаю, што і я ня менш зрабіў, чым вялікія апосталы.

6 І хоць я дурны ў слове, але ня ў ведзе. І гэта мы вам паказалі многімі спосабамі.

7 Ці ж я саграшыў, паніжаючы сябе і павышаючы вас, вешчучы дарма вам Эвангельле Божае?

8 Абіраў я іншыя цэрквы, бяручы на пражытак дзеля служэньня вам.

9 І калі прабываў у вас і апынуўся ў недастатку, нікому ня быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, прыбыўшыя з Македоніі; і нічым не абцяжарваў вас і далей ня буду вас абцяжарваць.

10 Як Хрыстовая праўда прабывае ў-ва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў земляхАхаі.

11 Чаму? Ці можа таму, што вас не люблю? Бог гэта ведае!

12 Што вось раблю, тое і далей буду рабіць, каб ня мелі магчымасьці да спахвалы тыя, што яе шукаюць; каб былі і мы ў тым, з чаго яны хваляцца.

13 Бо тыя фальшывыя апосталы - гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі апосталамі.

14 Ды ня дзіва, бо нават сам шатан перамяніўся ў анёла сьвятла.

15 Таму нічога незвычайнага, што і ягоныя слугі прыкідваюцца слугамі справядлівасьці, але канец іхні будзе паводле іх учынкаў.

16 І зноў паўтараю: не лічыце мяне за неразумнага! А калі ўжо лічыце, дык паслухайце мяне, як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.

17 Што скажу, тое скажу не па волі Госпада, але як бы ў неразумнасьці ў гэтай форме пахвалы.

18 Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.

19 Ахвотна бо вы церпіце неразумных, самі будучы разумнымі.

20 Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб'ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі выносіцца, калі хто б'е вас па твары.

21 Кажу гэта на сорам, як быццам мы бясьсільныя былі, калі нехта мае ў гэтым адвагу, кажу ў неразумнасьці, дык і я адважуся.

22 Яны Гебраі? Дык і я! Яны Ізраэльцы? Дык і я! Яны насеньне Абрагама? Дык і я!

23 Слугі Хрыста? Здурэўшы кажу, дык і я куды больш! Болей у працы, болей у вязьніцы, бязьмерна ў пабоях, часта ў небясьпецы сьмерці.

24 Праз Юдэяў пяць разоў быў біты па сорак удараў без аднаго,

25 тры разы білі палкамі, раз каменавалі, тры разы быў разьбіты карабель на моры, ноч і дзень быў у глыбінях мора.

26 Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках ад фальшывых братоў,

27 у працы і зьнямозе, у частым чуваньні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і нагасьці,

28 не гаворачы ўжо аб сваім штодзённым клопаце пра ўсе цэрквы.

29 Хто зьнемагаецца, каб я не зьнемагаўся? Хто горшыцца, каб я не адчуваў гэтага?

30 Калі належыцца хваліцца, буду і я хваліцца з сваіх немачаў.

31 Бог і Айцец Госпада Езуса, які багаслаўлены навекі, ведае, што я не хлушу.

32 У Дамашку намесьнік караля Арэты загадаў пільнаваць горад Дамашчанаў, хочучы мяне схапіць

33 і ў кашы спусьцілі мяне праз мур, і так я уцёк з рук ягоных.

 

Разьдзел 12

1 Калі выпадае хваліцца, хоць ня варта, перайду да зьяваў і аб'яваў Госпадавых.

2 Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год таму (ці ў целе - ня ведаю, ці па-за целам - ня ведаю, Бог ведае), падхоплены быў у трэцяе неба.

3 І ведаю, што той чалавек - ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае -

4 быў узяты ў рай і чуў таемныя словы, каторых нельга чалавеку сказаць.

5 Гэтым магу хваліцца, але сабою ня буду хваліцца, хіба сваімі слабасьцямі.

6 Калі і захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу толькі праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым у-ва мне бачыць або ад мяне чуе.

7 І каб я занадта не выносіўся дзеля велічы аб'яваў, дадзены мне бадыль для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.

8 Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб (ён) адыйшоў ад мяне,

9 але Госпад сказаў мне: "Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц у слабасьці дасканаліцца." Таму найахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова.

10 Таму падабаюцца мне і мае слабасьці, зьнявагі, нястачы, пераследаваньні і прыгнёты дзеля Хрыста, бо калі я слабы, тады раблюся дужы.

11 Я стаўся неразумным, а вы мяне да гэтага давялі! Гэта вы мусіце мяне хваліць, бо нічым я ня меншы ад вялікіх апосталаў, хоць я нічога ня варты.

12 Знакі майго апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасьці, а такжа ў знаках, і цудах, і моцах.

13 Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэту крыўду!

14 Ужо трэці раз зьбіраюся да вас прыбыць і ня буду вас абцяжарваць, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці бацькам павінны сабіраць маёмасьць, але бацькі дзецям.

15 Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Дык ці чым больш вас люблю, тым буду менш люблены?

16 Хай будзе і так, я не абцяжарваў вас, але, можа, будучы хітрым, подступам вас здабыў.

17 Дык ці праз тых, каго пасылаў да вас, падмануў я вас?

18 Прасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас падмануў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых сьлядах?

Заклік да навярненьня

19 Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся. На віду Бога ў Хрысьце кажам, а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаваньне вашае.

20 Бо баюся, прыйшоўшы да вас, знайду вас такімі, якімі не хацеў бы вас знайсьці, ды ці і вы ня знойдзеце мяне такім, якога вы сабе ня хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасьці, гневу, сварак, ачарненьняў, абмовы, пыхлівасьці, звадкі,

21 каб, калі прыйду да вас зноў, не ўпакорыў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, каторыя дапусьціліся перад тым грахоў і не навярнуліся з нячыстасьці, распусты ды разбэшчанасьці, якіх дапусьціліся.

 

Разьдзел 13

1 Вось я ўжо трэці раз выбіраюся да вас. На вуснах двух або трох сьведкаў грунтуецца ўсякае слова.

2 Казаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней грашылі, ды ўсім іншым, што калі зноў прыбуду, не пашкадую анікога,

3 бо вы шукаеце доказаў на тое, ці Хрыстос гаворыць у-ва мне, які не слабы што да вас, а ў вас паказвае моц сваю.

4 Хоць Ён быў укрыжаваны ў кволасьці, аднак жыве з магутнасьці Божай. І мы таксама бясьсільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім праз моц Божую ў вас.

5 Самі сябе прасачыце, ці трымаецеся веры; самі сябе выспрабуйце. Ці ня ведаеце аб саміх сабе, што Езус Хрыстос у вас прабывае? Хіба толькі вы адкінутыя?

6 Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не адкінутыя.

7 Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, а мы выдаваліся быццам бы адкінутыя.

8 Бо ня можам нічога рабіць супраць праўды, але ўсё для праўды.

9 Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; пры тым і молімся аб вашу дасканаласьць.

10 Таму вось адсутны я так пішу, каб прысутны ў вас ня мусіў паступаць строга, па ўладзе, якую даў мне Госпад на будаваньне, а не на руйнаваньне.

Апошнія даручэньні, прывітаньні і пажаданьні

11 Урэшце, браты, радуйцеся, імкніцеся да дасканаласьці, пацяшайце адзін другога, будзьце аднае думкі, жывіце згодна, і Бог любові і супакою будзе з вамі.

12 Прывітайце адзін аднаго ўзаемна сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усе сьвятыя.

13 Ласка Госпада Езуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасьць Духа Сьвятога хай будзе з усімі вамі.

 

 

Ліст Галятам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, апостал не з улады людзей і не праз чалавека, але праз Езуса Хрыста і Бога Айца, які ўваскрасіў Яго з памёршых,

2 і ўсе браты, прабываючыя са мною, цэрквам Галятыі:

3 Ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Езуса Хрыста,

4 каторы аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхоцьцяў цяперашняга сьвету па волі Бога і Айца нашага,

5 якому хвала на вякі вечныя. Амэн.

Праўдзівасьць Паўлавага Эвангельля
Расчараваньне Галятамі

6 Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, каторы паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага эвангельля,

7 якое і ня ёсьць іншае, але напэўна знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае.

8 Але калі б нават мы або анёл з неба абвяшчаў вам нешта іншае, чым тое, што мы абвяшчалі вам, хай будзе анатэма!

9 Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: Калі б хто абвяшчаў вам звыш таго, што атрымалі вы ад нас, хай будзе анатэма!

10 Людзям я павінен дагаджаць ці Богу? Ці я шукаю людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, ня быў бы слугою Хрыстовым!

Павал пакліканы на апостала Хрыстом

11 Запэўніваю вас, браты, што Эвангельле, якое абвяшчаў я вам, ня ёсьць з волі чалавека,

12 бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся, але праз аб'яўленьне Езуса Хрыста.

13 Чулі вы пэўна аб паводзінах маіх калісьці ў Юдэйстве, як жудасна перасьледаваў я Царкву Божую і зьнішчаў яе,

14 і вылучаўся ў Юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, будучы найбольш руплівым аб бацькоўскія традыцыі свае.

15 Калі ж спадабалася Богу, які выбраў мяне яшчэ ва ўлоньні маці маёй і паклікаў ласкай сваёй,

16 каб аб'явіць мне Сына свайго і каб я абвяшчаў Яго паганскім народам, ня даў я супачынку целу і крыві

17 і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але накіраваўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамашак.

18 Толькі пасьля трох гадоў накіраваўся я ў Ерузалім убачыць Кефаса і прабываў ў яго пятнаццаць дзён.

19 З іншых апосталаў ня бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага.

20 А ў тым, што пішу вам, дык вось перад Богам, што не хлушу.

21 Потым пайшоў я ў ваколіцы Сырыі і Цыліцыі.

22 З твару ня быў я знаны цэрквамі Юдэі, якія былі ў Хрысьце,

23 а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці перасьледаваў іх, цяпер навучае веры, якую раней нішчыў,

24 і з маёй прычыны славілі Бога.

 

Разьдзел 2
Павал прызнаны праз апосталаў

1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою Ціта.

2 Накіраваўся ж я туды згодна з аб'яўленьнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Эвангельле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бягу, або бег.

3 Але і Ціт, які быў са мной, які быў Грэк, ня быў змушаны да абразаньня.

4 Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся, каб падгледзець свабоду нашую, якую маем у Езусе Хрысьце, каб піхнуць нас зноў у няволю,

5 мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.

6 Тыя ж, што выдаюць сябе за некага, - якімі раней не былі, мяне не цікавіць;. Бог не ўзіраецца на важнасьць асобы, - дык тыя, што лічацца выдатнейшымі, мне не пярэчылі.

7 Нават наадварот, калі пераканаліся, што мне даручана абвяшчаць Эвангельле неабразаным, як Пятру - абразаным, -

8 бо Той, што дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве між абразанымі, Той самы дзейнічаў і праз мяне між паганамі, -

9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэта ласка, дык Якуб, Кефас і Ян, якія здаюцца быць шульямі, падалі мне і Барнабе руку лучнасьці, каб мы ішлі да паганаў, а яны пойдуць да абразаных,

10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней.

Пётар і Павал у Антыёхіі

11 Калі ж пасьля таго Кефас прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён на гэта заслужыў.

12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, сядаў разам з паганамі за стол, калі ж тыя надыйшлі, стаў пазьбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абразанымі.

13 За гэтай яго крывадушнасьцю пайшлі і другія Юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэту няшчырасьць.

14 Калі ж я спасьцярог, што ня ходзяць проста, не паводле праўды Эвангельля, сказаў аб гэтым публічна Пятру: "Калі ты, будучы Юдэям, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?"

Асновы Эвангельля Паўла

15 Мы па прыродзе Юдэі, а не з паганаў грэшнікаў,

16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца ня праз выпаўненьне закону, а праз веру ў Езуса Хрыста, і мы паверылі ў Езуса Хрыста, каб апраўдацца верай, а не выпаўненьнем закону, бо выпаўненьнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.

17 Калі ж мы, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстос - слуга граху? Аніколі.

18 Калі бо я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю праступнікам.

19 Я вось праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:

20 дык жыву ўжо ня я, але жыве ў-ва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву верай у Сына Божага, які ўзьлюбіў мяне і аддаў на сьмерць самога сябе за мяне.

21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон было апраўданьне, дык не патрэбна была б сьмерць Хрыстова.

 

Разьдзел 3
Паўлава навука аб апраўданьні
Апраўданьне не праз закон, а праз веру

1 О, неразумныя Галяты! Хто вас зачараваў ня слухацца праўды, вас, перад вачыма якіх апісаны быў Езус Хрыстос, укрыжаваны?

2 Гэтага аднаго хачу ад вас даведацца: Ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханьне?

3 Няўжо вы такія неразумныя, што пачаўшы Духам, канчаеце целам?

4 Столькі вы нацярпеліся, і надарма? Калі б толькі бяз выніку!

5 Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, з выпаўненьня закону (творыць) гэта ці ад слуханьня веры?

6 Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасьць.

7 Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсьць сынамі Абрагама.

8 Таму прадбачыла Пісаньне, што будзе Бог апраўдваць народы верай, і прадвесьціла Абрагаму: "У табе будуць багаслаўлены ўсе народы".

9 Дык багаслаўлены будуць з верным Абрагамам усе веручыя.

Закон - крыніца праклёну

10 Бо тыя, што абапіраюцца на выпаўненьне закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: " Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў Законе, каб рабіць гэтае".

11 А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы верай жыць будзе.

12 Закон не абапіраецца на веру, але хто будзе спаўняць яго, той ім жыць будзе.

13 Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: "Пракляты кожны, хто завіс на дрэве",

14 каб багаславенства Абрагама праз Хрыста Езуса перайшло і на паганаў, каб абяцаньне Духа атрымалі мы праз веру.

Вышэйшасьць абяцаньня

15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае (да яго).

16 Вось жа Абрагаму дадзены былі абяцаньні і насеньню ягонаму. Не сказана: "I насеньням", быццам многім, але як аднаму: "I насеньню твайму", якім ёсьць Хрыстос.

17 Гэта вось кажу: Запавету, Богам зацьверджанага, закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, і не адкідае, каб зьнішчыць абяцаньне.

18 Бо каб спадчына абапіралася на закон, то не была б абяцаньнем. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцаньне.

19 Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль ня зьявіцца патомак, якому дадзена абяцаньне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасярэдніка.

20 Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.

21 Ці ж закон працівіцца абяцаньням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы даць жыцьцё, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасьць.

22 Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб моцай веры ў Езуса Хрыста абяцаньне было дадзена веручым.

Вышэйшасьць веры над законам

23 Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, чакаючы той веры, якая павінна была быць нам аб'яўлена.

24 Дык закон быў нашым настаўнікам у Хрысьце, каб моцаю веры былі мы апраўданы.

25 Дык калі прыйшла ў нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.

26 Усе бо вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Езуса.

27 Бо тыя, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.

28 Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны, бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысьце Езусе.

29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы - патомства Абрагама, спадкаемцы паводле абяцаньня.

 

Разьдзел 4

1 Кажу вам: Пакуль спадкаемца малалетні, ён нічым ня розьніцца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім,

2 але знаходзіцца да вызначанага часу пад апякунамі і аканомамі.

3 Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, служылі стыхіям сьвету.

4 А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог свайго Сына, народжанага жанчынай, народжанага пад законам,

5 каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленьне.

6 А дзеля таго, што вы - сыны, спаслаў Бог Духа Сына свайго ў сэрцы вашыя, які кліча: "Абба, Ойча!"

7 Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца з волі Божай.

Заклік не зыходзць з дарогі веры

8 Але тады, калі ня ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасьці ня ёсьць багамі.

9 Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да ліхіх і бясьсільных стыхіяў, якім зноў хочаце служыць?

10 Вы глядзіцё на дні, месяцы, часы і гады!

11 Баюся за вас, што надарма працаваў у вас.

12 Браты, прашу вас, будзьце такія, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне ня скрыўдзілі.

13 Вы ж ведаеце, як з прычыны хваробы цела першы раз абвяшчаў вам Эвангельле,

14 і, не зважаючы на маю кволасьць, якая была для вас спакусаю, вы не пагрэбавалі мною і не адапхнулі, але прынялі мяне як пасланца Божага, як Хрыста Езуса.

15 Дзе ж тады тое шчасьце вашае? Сьведчу вам, што калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне.

16 Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду?

17 Клапоцяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся.

18 Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас,

19 дзеткі мае, якіх зноў раджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос.

20 Хацеў бы я быць у вас у гэты момант ды зьмяніць голас мой, бо сам ня ведаю, што з вамі рабіць.

Сара і Агар

21 Скажыце мне вы, што хочаце жыць пад законам, ці ж вы ня слухаеце закону?

22 Напісана ёсьць, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай.

23 Але той, што з нявольніцы, з волі цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, - праз абяцаньне.

24 Гэта як алегорыя сказана. Бо гэта два Запаветы; адзін, што на гары Сінай, што нявольнікаў родзіць, гэта Агар.

25 Бо Агар - гэта гара Сінай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, і зьняволена з сынамі сваімі.

26 Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны і ёсьць маткай нашай.

27 Напісана бо: "Узьвесяліся, няплодная, якая не раджаеш, гамані і крычы, якая ня мучаешся, бо ў кінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа".

28 Мы ж, браты, паводле Iзаака дзеці абяцаньня.

29 Але як і тады той, што з волі цела нарадзіўся, перасьледваў таго, які паводле духа, так і цяпер.

30 А што кажа Пісаньне? "Выгані нявольніцу і яе сына, бо ня будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай".

31 Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.

 

Разьдзел 5
Дарэмнасьць абразаньня

1 Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстос; дык стойце (у свабодзе) і не жадайце зноў папасьці пад ярмо няволі.

2 Вось я, Павал, кажу вам, што калі вы дасьцеся абрэзацца, нічога вам Хрыстос не дапаможа.

3 Яшчэ сьведчу, што кожны чалавек абразаны павінен выпаўняць усё, загаданае законам.

4 Вы, што шукаеце ў законе апраўданьня, ад Хрыста адпадаеце і губляеце ласку Ягоную.

5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўданьня.

6 Бо ў Езусе Хрысьце ані абразаньне, ані неабразаньне ня маюць значэньня, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў.

7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?

8 Перакананьне гэта не ад Таго, які вас кліча.

9 Трохі кісьлі ўсё цеста квасіць.

10 Я пэўны ў вас у Госпадзе, што ня будзеце думаць інакш; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэньне, хто б ён ня быў.

11 Калі ж я, браты, і далей абвяшчаю абразаньне, дык чаму мяне перасьледуюць? Тады зьнікла б згаршэньне крыжа.

12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!

Сапраўдная хрысьціянская свабода
Любоў і свабода

13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі не да свабоды патураць целу, але любоўю духа ўспамагаць адзін другога.

14 Увесь бо закон у адным слове спаўняецца: "Любі бліжняга свайго як самога сябе".

15 Калі ж адзін другога будзеце кусаць і губіць, глядзіце, каб гэтак усе не папрападалі.

Змаганьне між духам і целам

16 Кажу вам: кіруйцеся Духам, ды не падпадзіце пад уладу цела.

17 Цела бо цягне супраць духа, а дух - супраць цела; яны працівяцца адно аднаму, каб ня тое, што хочаце, вы рабілі.

18 Калі будзеце кіравацца Духам, вы не падлягаеце закону.

19 Ведамыя ж учынкі цела, вось яны: распуста, нячыстасьць, разбэшчанасьць,

20 ідалапаклонства, чараваньне, варожасьць, сварлівасьць, зайздрасьць, звадкі, нязгода, герэзіі,

21 забойствы, п'янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, каторыя такіх грахоў дапускаюцца, Каралеўства Божага не атрымаюць.

22 Плод жа Духа - любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вернасьць,

23 сьціпласьць, стрыманасьць. Супраць такіх няма закону.

24 Тыя ж, што належаць Хрысту, укрыжавалі сваё цела з пажаданьнямі і схільнасьцямі.

25 Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім.

26 Не шукайма пустой славы, дражнячы адзін другога і зайздросьцячы адзін другому.

 

Разьдзел 6
Розныя напамінаньні

1 Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, людзі духоўныя, павучыце такога ў духу ласкавасьці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім ня ўпасьці.

2 Насеце цяжары адзін аднаго і гэтым выпаўняйце закон Хрыстовы.

3 Бо калі хто думае, што ён лепшы, а ня ёсьць такім, той самога сябе ашуквае.

4 Хай кожны праверыць сваю дзейнасьць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў другім.

5 Кожны бо панясе свой ўласны цяжар.

6 Хай жа навучаны дзеліцца ўсякім даброцьцем з тым, які яго навучае.

7 Не памыляйцеся: з Бога не пасьмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне.

8 Хто сее ў цела сваё, з цела і пажне зьнішчэньне; а хто сее ў духа, з духа пажне жыцьцё вечнае.

9 Не спыняймася рабіць дабро, у свой бо час і жаць будзем, калі не прыстанем.

10 Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш блізкім па веры.

Заканчэньне

11 Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.

12 Каторыя хочуць падабацца вам целам, тыя змушаюць вас абразацца, каб толькі ўсьцерагчыся пакутаваньня за крыж Хрыстовы.

13 А тыя, што абразаюцца, самі не выпаўняюць закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаньнем цела вашага.

14 А я не шукаю славы, хіба толькі ў крыжы Госпада нашага Езуса Хрыста, праз які для мяне сьвет укрыжаваны, і я для сьвету.

15 Для Езуса Хрыста ня мае значэньня ні абразаньне, ані неабразаньне, але новае стварэньне.

16 I хто будзе трымацца гэтае пастановы, таму супакой і міласэрдзе, і Iзраэлю Божаму.

17 Урэшце, няхай ніхто мне ня робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.

18 Хай ласка Госпада нашага Езуса Хрыста прабывае ў душах вашых, браты. Амэн.

 

 

Ліст Эфэсцам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, апостал Езуса Хрыста з волі Божай, сьвятым, якія ў Эфэзе, і верным у Хрысьце Езусе:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада нашага Езуса Хрыста.

Таямніца збаўленьня і Царквы
Божы плян збаўленьня

3 Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які багаславіў нас з неба ўсякім багаславенствам духоўным у Хрысьце,

4 які выбраў нас у Ім перад заснаваньнем сьвету, каб мы сталі сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові,

5 які прызначыў нас на ўсынаўленьне сабе праз Езуса Хрыста з ласкавасьці волі сваёй,

6 на хвалу велічы ласкі сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным (Сыне),

7 у якім маем адкупленьне праз кроў Ягоную, адпушчэньне грахоў паводле багацьця ласкі Яго,

8 якую выліў Ён на нас шчодра ў-ва ўсякай мудрасьці і ўмеласьці,

9 каб выявіць нам таямніцу сваёй волі паводле свайго ўпадабаньня, што Ён раней заплянаваў у Ім (Хрысьце),

10 каб у поўні часу ўсё, што на небе і на зямлі, аб'яднаць пад галавою Хрыстом.

11 У Ім таксама і мы сталі ўдзельнікамі, прызначанымі рашэньнем Яго, які спраўляе ўсё паводле пастановы волі сваёй,

12 каб былі мы на славу велічы Ягонай, тыя, якія ўжо раней пакладалі надзею ў Хрысьце.

13 У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Эвангельле збаўленьня вашага, і ў Яго ўверыўшы, запячатаны абяцаным Духам Сьвятым,

14 які ёсьць зарука спадчыны нашае для адкупленьня ўласнасьці і на славу Ягонай велічы.

Падзяка і малітва за верных

15 Дзеля таго і я, чуючы пра вашую веру ў Госпада Езуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,

16 не спыняюся дзякаваць Богу за вас, памятаю пра вас у малітвах маіх,

17 каб Бог Госпада нашага Езуса Хрыста, Айцец хвалы, даў вам Духа мудрасьці і аб'яўленьня, каб пазнаць Яго добра,

18 каб Ён прасьвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, якая ёсьць надзея Ягонага пакліканьня ды якія багацьці славы спадчыны Ягонай для сьвятых,

19 і якая велічэзная сіла магутнасьці Ягонай у нас, веручых, праз дзеяньне магутнай сілы Яго,

20 якую выявіў Ён у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з памёршых і пасадзіўшы праваруч сябе ў небе

21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і панаваньне, і над усякае імя, якое называецца ня толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;

22 і ўсё палажыў пад ногі Яму, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,

23 якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, які ўсё ўсім напаўняе.

 

Разьдзел 2
Пакліканьне да жыцьця ў Хрысьце

1 І вы былі памёршымі праз праступкі і грахі вашы,

2 у якіх калісьці хадзілі звычаем гэтага сьвету, па волі князя, які валодае паветрам, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.

3 Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажаданьнях цела нашага, выпаўняючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя.

4 Але Бог, багаты міласэрдзем, праз бязьмежную любоў сваю, якою ўзьлюбіў нас,

5 і хоць былі мы памёршымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, - ласкаю вы збаўлены, -

6 і ўваскрасіў разам з Ім, і пасадзіў у небе ў Хрысьце Езусе,

7 каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацьці ласкі сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Езусе.

8 Ласкаю бо вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар;

9 не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.

10 Бо мы - Ягонае стварэньне, створанае ў Хрысьце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выпаўнялі.

Злучэньне паганаў і Юдэяў у адну сьвятыню

11 Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабразаньнем тыя, што называюцца абразаньнем, якое зробленае рукою на целе,

12 у той час былі без Хрыста, выключанымі ад супольнасьці з Ізраэлем і ад удзелу ў абяцаньнях запавету, ня маючы надзеі і бяз Бога ў сьвеце.

13 Цяпер жа ў Хрысьце Езусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыстову.

14 Бо Ён - супакой наш, які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў мур разьдзяляючы, сваім целам зьнішчыўшы варожасьць,

15 скасаваў закон прыказаньняў з яго пастановамі, каб з двух у сабе стварыць аднаго новага чалавека, творачы мір,

16 і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, самім сабою касуючы варожасьць.

17 І, прыйшоўшы, Ён абвяшчаў мір вам, якія былі далёка, ды мір тым, што былі блізка.

18 Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.

19 Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне сьвятых і члены сям'і Божай,

20 угрунтаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым камнем ёсьць сам Хрыстос Езус,

21 на якім уся пабудова зладжана расьце ў сьвятую сьвятыню ў Госпадзе,

22 у якую і вы разам будуецеся, творачы Скінію Божую ў Духу.

 

Разьдзел 3
Павал абвяшчае таямніцы Хрыстовыя паганам

1 Дзеля таго я, Павал, стаўся вязьнем Хрыстовым для вас, паганаў.

2 Хіба чулі вы аб распарадкаваньні ласкі Божае, што дадзена мне адносна вас,

3 што праз аб'яўленьне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў.

4 Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай.

5 Не была яна абвешчана сынам чалавечым у папярэдніх пакаленьнях, як цяпер аб'яўлена сьвятым апосталам Ягоным і прарокам у Духу,

6 што пагане маюць быць спадкаемцамі (той самай спадчыны), і членамі (тога самага цела), і ўдзельнікамі абяцаньняў у Хрысьце Езусе праз Эвангельле,

7 слугой якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяньнем магутнасьці.

8 Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацьці Хрыстовым

9 і выясьніць усім, як павінна зьдзейсьніцца гэта таямніца, скрытая ад вякоў у Богу, які ўсё стварыў,

10 каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасьць Божая

11 паводле адвечнага рашэньня, што пастанавіў Ён у Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым,

12 у якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.

13 Таму вось прашу вас, ня падайце духам дзеля турботаў маіх пра вас, якія на хвалу вашу.

Малітва пра моц веры

14 З гэтай прычыны схіляю калені мае перад Айцом,

15 ад якога паходзіць усякае айцоўства на небе і на зямлі,

16 каб даў вам паводле багацьця хвалы сваёй умацавацца сілай Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку,

17 каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, умацаваныя і спасіленыя любоўю,

18 разам з усімі сьвятымі маглі зразумець, якая ёсьць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня,

19 а таксама пазнаць любоў Хрыстову, перавышаючую ўсю веду, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Божаю.

Праслаўленьне

20 А Таму, які можа многа больш зрабіць, чым мы просім або разумеем, магутнасьцю, якая дзейнічае ў нас,

21 Яму хвала ў Царкве і ў Хрысьце Езусе праз усе пакаленьні на вякі вечныя. Амэн.

 

Разьдзел 4
Жыць паводле пакліканьня
Заклік да адзінства

1 Умольваю вас я, вязень Госпадаў, каб вы хадзілі дастойна пакліканьня, якім пакліканы,

2 з усёю пакорлівасьцю і лагоднасьцю, з доўгацярплівасьцю і любоўю адны адных пераносячы,

3 рупліва зьберагаючы адзінства духа ў супакоі.

4 Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы да адной надзеі пакліканьня вашага.

5 Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.

6 Адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.

Разнастайнасьць дароў Хрыстовых у адным целе

7 Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.

8 Таму вось кажа (Пісаньне): "Узыходзячы на вышыню, павёў палон у няволю і даў людзям дары".

9 Што ж значыць "узыходзячы", як ня тое, што перш зыйшоў у глыбейшыя нетры зямлі?

10 Хто зыйшоў, Той самы і ўзыйшоў вышэй усяго неба, каб усё напоўніць.

11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і вучыцелямі

12 на ўдасканаленьне сьвятых, на патрэбы служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,

13 аж пакуль ня дойдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры веку поўні Хрыстовай,

14 каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і дурманячых ашуканстваў.

15 Трымаючыся праўды, ува ўсім узрастаем у любові ў Таго, хто ёсьць Галавой, Хрыста,

16 з якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі, мацаванымі праз дзейнасьць у сваю меру паасобнага члена расьце, і будуецца ў любові.

Новае жыцьцё ў Хрысьце

17 Вось аб гэтым кажу і сьведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як пагане, што ходзяць ў марнасьці розуму свайго,

18 маючы цьмяныя думкі, аддаленыя ад жыцьця Божага дзеля няведаньня, трываючага ў іх праз асьляпленьне іхняга сэрца,

19 якія сталіся нячулымі і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.

20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,

21 калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім вучыліся, таму што праўда ў Езусе.

22 Дык пакіньце жыць паводле абычаю старога чалавека, прападаючага ў манлівых пажаданьнях,

23 а аднавіцеся духам розуму вашага

24 і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасьці і сьвятасьці праўды.

Правілы хрысьціянскага жыцьця

25 Дзеля таго, адкінуўшы падман, кажыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы члены адзін аднаму.

26 Гневаючыся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;

27 і не давайце месца д'яблу.

28 Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, робячы рукамі сваімі карыснае, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы патрабуючага.

29 Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаваньне веры, каб была мілай слухаючым.

30 І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, якім вы запячатаны на дзень адкупленьня.

31 Хай счэзне у вас усякая прыкрасьць, гнеў, і злосьць, і звадка, і ачарненьне, і ўсякая злоснасьць.

32 Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысьце.

 

Разьдзел 5

1 Дык будзьце насьлядоўнікамі Бога, як дзеці найдаражэйшыя,

2 і жывіце ў любові, як і Хрыстос узьлюбіў нас і выдаў самога сябе за нас як дар і ахвяру Богу на пах прыемны.

3 Распуста ж і усякая нячыстасьць або сквапнасьць хай і не ўпамінаюцца ў вас, як належыць сьвятым,

4 або разбэшчанасьць ці ліхая гаворка, ці насьмешка неадпаведная, але толькі падзяка.

5 Вось гэта ведайце і будзьце перакананымі, што ні адзін распусьнік або нячысты ці сквапны, што значыць служыцель ідалам, ня мае ўдзелу ў Каралеўстве Хрыстовым і Божым.

6 Хай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі; бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўленьня.

7 Дык ня станьцеся ўдзельнікамі іх лёсу.

8 Былі бо вы калісьці цемраю, а цяпер вы - сьвятло ў Госпадзе, дык як сыны сьвятла і жывіце.

9 Плод жа сьвятла выяўляецца ва ўсякай дабраце, і справядлівасьці, і праўдзе.

10 Глядзіце, што падабаецца Богу,

11 і не прыймайце ўдзелу ў бясплодных справах цемры, але выкрывайце іх.

12 Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі, хаваючыся.

13 Усё, што ганіцца, становіцца яўным у сьвятле,

14 бо ўсё, што выкрываецца, ёсьць сьвятло. Таму ў сказана: "Устань, каторы сьпіш, і паўстань з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос".

15 Дык глядзіце, браты, асьцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,

16 выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.

17 Дзеля таго ня будзьце неразважлівымі, але разумеючымі, што ёсьць воля Госпада.

18 Ня піце лішне віна, у якім прычына распусты, але напаўняйцеся Духам,

19 гаворачы між сабою псальмы, і гімны, і песьні духоўныя; сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.

20 Дзякуючы заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста,

21 падпарадкоўвайцеся адны адным у страху Хрыстовым.

Хрысьціянская сям'я

22 Жанчыны хай слухаюць мужоў сваіх, як Госпада,

23 бо муж - галава жанчыны, як Хрыстос - галава Царквы, свайго Цела, якога Ён Збаўца.

24 Але, як Царква пакараецца Хрысту, так і жонкі мужам сваім у-ва ўсім.

25 Мужы, любіце жонкі свае, як і Хрыстос любіць Царкву, і самога сябе выдаў за яе,

26 каб асьвяціць яе, ачышчаючы купальняй воднаю ў слове,

27 каб паставіць самому сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна сьвятая і беззаганная.

28 Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.

29 Ніхто бо ніколі ня меў у нянавісьці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстос Царкве,

30 бо мы - члены Цела Яго.

31 Дзеля таго пакіне чалавек бацьку і матку і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.

32 Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысьце і Царкве.

33 Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа свайго.

 

Разьдзел 6
Дзеці і бацькі

1 Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.

2 Паважай бацьку твайго і маці тваю; гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:

3 каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.

4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым.

Нявольнікі і паны

5 Нявольнікі, са страхам і дрыжаньнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,

6 не для вока служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовыя, выпаўняючыя волю Божую ад душы,

7 з добрай воляй паслугуючы, як Госпаду, а ня людзям,

8 ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.

9 І вы, гаспадары, падобна рабіце ім, зьмяншаючы пагрозы, ведаючы, што і іхні і ваш Госпад ёсьць ў небе, і што Ён не ўзіраецца на асобу.

Духовае змаганьне

10 Наастатак, браты, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў сіле моцы Ягонай.

11 Апранецеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д'ябла.

12 Бо нашае ваяваньне ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць ўладаў, супраць уладальнікаў гэтага сьвету цемры, супраць духаў злосьці нябесных.

13 Дзеля таго вазьміце зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі ўстаяць і ва ўсім застацца дасканалымі.

14 Дык стойце, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасьці,

15 і абуўшы ногі ў гатоўнасьць абвяшчаць Эвангельле супакою;

16 на ўсякую нагоду вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе агністыя стрэлы ліхога;

17 і вазьміце шалом збаўленьня разам з мячом Духа, якім ёсьць Слова Божае,

18 усьцяж молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, і чуваючы з вытрываласьцю і просьбаю за ўсіх сьвятых

19 і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адчыненьне вуснаў маіх, каб адважна выяўляў таямніцы Эвангельля,

20 якога я пасланец у путах, каб меў адвагу так, як мне належыцца, гаварыць.

Заканчэньне

21 Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта раскажа вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе,

22 якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён пацешыў сэрцы вашыя.

23 Супакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыста.

24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Езуса Хрыста ў незьнішчальнасьці.

 

 

Ліст Філіпянам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Езусе, пражываючым у Філіпах разам з біскупамі і дыяканамі:

2 Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Падзяка і малітва

3 Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,

4 заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасьцю молячыся,

5 дзеля вашага ўдзелу ў Эвангельлі Хрыстовым ад першага дня аж да цяпер,

6 маючы давер, што Той, які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Езуса;

7 як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ў умацаваньні Эвангельля, бо ўсе вы супольнікі ласкі маёй.

8 Сьведка мне Бог, як сумую па вас усіх сэрцам Езуса Хрыста.

9 І аб тым малюся, каб любоў вашая ўсё больш і больш паглыблялася ў веданьні і усякім адчуваньні,

10 каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстовы,

11 поўныя пладоў справядлівасьці праз Езуса Хрыста на хвалу і славу Бога.

Справы апостала і становішча Эвангельля
Посьпехі Паўла

12 Хачу, браты, каб вы ведалі, што тое, што (сталася) са мною, выйшла больш на дабро Эвангельля,

13 бо путы мае праславіліся ў Хрысьце ў-ва ўсёй прэторыі і ў-ва ўсіх іншых,

14 і многія з братоў у Госпадзе, асьмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бяз страху абвяшчаць (Божае) Слова.

15 Адны, праўда, з зайздрасьці і пярэчлівасьці вясьцяць Хрыста, іншыя ж - з добрай волі.

16 Тыя, што з любові, ведаючы, што я дзеля абароны Эвагельля пастаўлены,

17 тыя ж, што з зайздрасьці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.

18 Дык што? Такім спосабам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,

19 ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленьне праз вашыя малітвы і за дапамогай Духа Езуса Хрыста,

20 як чакаю і спадзяюся, што ні ў чым не асаромлюся, але з ўсёй упэўненасьцю, як заўсёды, гэтак і цяпер, уславіцца Хрыстос у целе маім ці жыцьцём, ці сьмерцю.

21 Бо для мяне жыцьцё - гэта Хрыстос, і сьмерць-здабытак.

22 Але калі жыцьцё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасьці, дык што выбраць, сам ня ведаю.

23 Цягне мяне адно і другое: жадаю адыйсьці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,

24 але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

25 І гэта напэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі на карысьць вашую і на радасьць веры,

26 каб радасьць вашая расла ў Езусе Хрысьце праз мяне, праз маё вяртаньне да вас.

Заахвочваньне да адзінства, вернасьці і пакоры

27 Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці далёкі пачую пра вас, што вы стаіцё ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Эвангельля

28 і ні ў чым не палохаецеся праціўнікаў, што ім стане прычынай загубы, вам жа - збаўленьня, і гэта ад Бога.

29 Вам бо дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,

30 такое самае змаганьне маючы, якое бачылі ў-ва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

 

Разьдзел 2

1 І калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць духа, калі ёсьць спачуваньне і міласэрдзе,

2 напоўніце мяне радасьцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, аднадушныя і аднадумныя,

3 нічога (ня робячы) праз перакорлівасьць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прыймаючы,

4 не аб сабе толькі клапоцячыся, але і аб іншых.

Хрыстос - прыклад пакоры

5 Няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Езусе:

6 які, маючы пастаць Божую, не лічыў сваім здабыткам роўнасьць з Богам,

7 але панізіў самога сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасьць людзей; і па зьнешнасьці прызнаваны за чалавека,

8 упакорыў самога сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і то сьмерці крыжовай.

9 Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое па-над усякае імя,

10 каб на імя Езуса сукланілася ўсякае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,

11 і каб ўсякі язык вызнаваў, што Езус Хрыстос ёсьць Госпад на хвалу Бога Айца.

Заахвочваньне да працы на збаўленьне

12 Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, ня толькі ў маёй прысутнасьці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і дрыжаньнем клапаціцеся пра сваё збаўленьне.

13 Бог бо ёсьць у вас прычынай і хацець, і дзейнічаць з ласкавасьці сваёй.

14 Усё рабіце без нараканьня і хістаньня,

15 каб вы былі без заганы і простымі, дзецьмі Божымі без віны між народу сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога сьвеціце, як сьветачы ў сьвеце,

16 трымаючыся Слова жыцьця на славу маю ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.

17 Але калі я і мушу праліць кроў маю на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасьцю з вамі ўсімі.

18 З гэтага і вы цешцеся і дзяліцеся радасьцю са мною.

Пра Цімафея і Эпафрадыта

19 Маю надзею ў Госпадзе Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся пра вас.

20 Нікога бо ня маю так аднадумнага, хто б так шчыра рупіўся пра вас.

21 Усе бо шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.

22 Спрактыкаванасьць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне дапамагаў у Эвангельлі.

23 Такога вось спадзяюся паслаць да вас, і хутка, як толькі ўбачу, што будзе ў мяне.

24 Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

25 Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змаганьня майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,

26 бо ён тужыў па вас усіх і сумаваў, што вы чулі пра яго хваробу.

27 Бо расхварэўся ён тут аж да сьмерці, але Бог пашкадаваў яго, і ня толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я ня меў бяды на бядзе.

28 Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся, і каб я не сумаваў.

29 Прыміце ж яго радасна ў Госпадзе і мейце яго ў пашане,

30 бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў сьмерці, ня дбаючы пра жыцьцё сваё, каб выканаць тое, чым вы не маглі паслужыць мне.

 

Разьдзел 3
Да хрысьціянскай дасканаласьці
Перасьцярога адносна юдаізму

1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне ня цяжка, вам жа яно патрэбнае.

2 Высьцерагайцеся сабак, высьцерагайцеся ліхіх работнікаў, высьцерагайцеся абразаньня!

3 Бо мы ёсьць абразаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Езусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею,

4 хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я:

5 абрэзаны ў восьмы дзень, родам Ізраэлец з пакаленьня Бен'яміна, Гебрай з Гебраяў, фарысэй паводле закону,

6 праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, адносна справядлівасьці паводле закону-беззаганны.

Хрыстос - найбольшая вартасьць

7 Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за страту.

8 Ды ўсё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Езуса Хрыста, Госпада майго, дзеля якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста здабыць

9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасьць, якая з закону, але тую, якая (паўстае) з веры ў Хрыста, справядлівасьць ад Бога ў веры,.

10 каб пазнаць Яго і магутнасьць уваскрасеньня Ягонага, і супольнасьць мукаў Ягоных, каб упадобніцца сьмерці Ягонай,

11 каб такім чынам дасягнуць уваскрасеньня, з памёршых.

12 Не (кажу) так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб як здабыць (яго), як здабыў мяне Хрыстос Езус.

13 Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі вось, забываючыся пра тое, што ёсьць за мною, імкнучыся да таго, што прада мною,

14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды, вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Езусе.

15 Дык, калі хто з нас (чуецца) дасканалым, гэтак думайма; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць;

16 але чаго дасягнулі, у тым і хадзіце.

Ворагі крыжа Хрыстовага

17 Браты, будзьце пасьлядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так паступаюць, як маеце прыклад у нас.

18 Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і плачучы паўтараю паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага,

19 якіх канец - загуба, якіх бог - жывот, слава якіх - у ганьбе іхняй, якія думаюць аб зямным.

20 Нашае ж бытаваньне - у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада нашага Езуса Хрыста,

21 які пераменіць целы прыніжэньня нашага на падабенства цела славы сваёй, якою ўсё падчыніць сабе можа.

 

Разьдзел 4
Парады апостала

1 Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, умілаваныя.

2 Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтак сама думаць у Госпадзе.

3 Таксама і цябе прашу, блізкі супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Эвангельля разам з Клемансам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцьця.

4 Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: Радуйцеся!

5 Ціхасьць вашая хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.

6 Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю выяўляйце жаданьні вашыя Богу.

7 І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменьне, хай сьцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Езусе.

8 Урэшце, браты, што толькі ёсьць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якое што добрае, ці што пахвальнае, - пра тое думайце.

9 І тое рабіце, чаго вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што бачылі; і Бог супакою будзе з вамі.

Падзяка за клопат

10 Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы урэшце парупіліся шчыра пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.

11 Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся жыць так, як здарыцца.

12 Умею і ў прыніжэньні (жыць), умею і ў дастатку: усяго і ў-ва ўсім навучыўся: і мець дастатак і нястачу, і наесьціся, і галадаць.

13 Усё магу ў Тым, які ўзмацняе мяне.

14 Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бяду маю.

15 Вы ж, Філіпяне, ведаеце, што на пачатку (абвяшчэньня) Эвангельля, калі я пакінуў Македонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу у даваньні і прыйманьні;

16 вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.

17 Не шукаю я дарункаў, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашую карысьць..

18 Хапае мне ўсяго, і нават лішне забясьпечаны, атрымаўшы ад вас праз Эпафрадыта тое, што вы прыслалі, салодкі пах, ахвяру прыемную, мілую Богу.

19 Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданьне паводле багацьця свайго ў хвале, у Хрысьце Езусе.

20 Богу ж і Айцу нашаму хвала на вякі вечныя. Амэн.

Заканчэньне

21 Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Езусе. Вітаюць вас браты, якія тут са мною.

22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.

23 Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.

 

 

Ліст Каласянам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і Цімафей, брат,

2 сьвятым і веручым братам у Хрысьце Езусе, пражываючым у Калосах: Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.

Падзяка Богу

3 Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас

4 і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Езуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх сьвятых,

5 дзеля надзеі, што запэўнена вам у небе, аб якой чулі вы ў слове праўды Эвангельля,

6 якая дайшла да вас, як і разыйшлася па ўсім сьвеце і дае плады, і расьце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,

7 як вас навучыў Эпафрас, супрацоўнік наш найдаражэйшы, верны для вас слуга Езуса Хрыста,

8 які таксама апавясьціў нас пра вашую любоў у Духу.

Малітва Паўла

9 Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць (Бога), каб вы напоўніліся пазнаньнем волі Ягонай у-ва ўсякай мудрасьці і духовым разуменьні,

10 і каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім Яму падабаючыся, прыносячы плод у кожным добрым дзеяньні і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога,

11 дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасьці славы Ягонай у-ва ўсякай цярплівасьці і велікадушнасьці,

12 з радасьцю дзякуючы Айцу, які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе сьвятых у сьвятле,

13 які вырваў нас з улады цемры і перанёс нас у каралеўства Сына ўмілаванага свайго,

14 у якім атрымалі мы адкупленьне і адпушчэньне грахоў.

Вышэйшасьць Хрыста
Асоба і дакон Хрыста

15 Ён (Хрыстос) ёсьць вобраз нябачнага Бога, Пяршак усяго стварэньня,

16 бо ў Ім заснована ўсё, што ёсьць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валаданьні, ці начальствы, ці улады. Усё праз Яго і ў Ім створана,

17 і Ён ёсьць перад усімі, і ўсё ў Ім існуе.

18 І Ён - Галава цела Царквы; Ён - пачатак, пяршак з мёртвых, каб у-ва ўсім Ён быў першым,

19 бо спадабалася (Богу), каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

20 каб праз Яго ўсё пагадзіць з сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсьць, робячы мір кроўю крыжа Ягонага.

21 І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі дзеля схільнасьці да ліхіх учынкаў,

22 цяпер пагадзіў у целе сьмерцю цела свайго, каб бачыць вас перад сабою сьвятымі, беззаганнымі і бездакорнымі,

23 калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму сьвету, якога я, Павал, стаўся слугою.

Служэньне апостала Паўла

24 Цяпер радуюся я з пакутваньняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае Хрыстовым мукам, у сваім целе за Цела Ягонае, якім ёсьць Царква,

25 каторай я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,

26 тайну, схаваную ад вякоў і пакаленьняў, а цяпер выяўленую Ягоным сьвятым,

27 якім захацеў Бог выявіць багацьці хвалы гэтае тайны сярод паганаў, каторая (тайна гэтая) ёсьць Хрыстос між вамі як надзея хвалы.

28 Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага, і вучачы кожнага чалавека ў-ва ўсякай мудрасьці, каб зрабіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце.

29 Дзеля гэтага я і труджуся, ваюючы пры Яго дапамозе, якою Ён ў-ва мне дзейнічае магутна.

 

Разьдзел 2
Клопаты апостала пра веру Каласянаў

1 Хачу вось, каб вы ведалі, якую руплівасьць я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Ляодыцэі, і дзеля тых, што ня бачылі мяне асабіста,

2 каб парадаваліся сэрцы іхнія, навучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэньня розуму, дзеля пазнаньня тайны Бога - Хрыста,

3 у якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваны.

4 Гэта вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступнымі словамі.

5 Бо хаця я далёка целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.

Трымайцеся праўдзівага Хрыста

6 Дык як вы прынялі Езуса Хрыста, Госпада, у Ім і жывіце,

7 укарэненыя і ўбудаваныя ў Яго, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаныя, поўныя ўдзячнасьці Яму.

8 Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто сваёй філязофіяй і пустым ашуканствам паводле звычаю людзей, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.

9 У Ім бо прабывае ўся паўната Боства цялесна,

10 і вы напоўнены ў Ім, які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.

11 У Ім вы атрымалі і абразаньне не рукой зробленае праз абрэзку часткі цела, але абразаньне Хрыстовае,

12 пахаваныя з Ім у хросьце, з Ім і ўваскрэсьлі праз веру ў моц Бога, які ўваскрасіў Яго з памёршых.

13 І вас, мёртвых праз грахі і неабразаньне цела вашага, ажывіў вас з Ім, дараваўшы нам усе грахі,

14 скасаваўшы напісанае рукою асуджаючае нас, што было супраць нас, і узяў Яго з-паміж нас і прыбіў да крыжа;

15 раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх адважна на відовішча, трыюмфуючы над імі ў Ім.

Супраць фальшывай аскезы

16 Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня сьвяточнага, ці маладзіка, ці суботы,

17 каторае ёсьць ценем будучага, цела ж - Хрыстовае.

18 Ніхто хай не пазбавіць вас нагароды, маючы ўпадабаньне ў прыніжэньні сябе і кульце анёлаў, зьвяртаючы ўвагу на тое, што бачыў, марна пышаючыся розумам цела свайго

19 і не трымаючыся галавы, ад каторай усё цела, саставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце узрастаньнем Божым.

20 Дык калі вы памярлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў сьвеце, падчыняецеся вы пастановам:

21 "Не чапай, не каштуй, не дакранайся"?

22 Гэта ўсё праз само карыстаньне вынішчаецца, згодна з прыказаньнямі і навукамі чалавечымі.

23 Гэта мае толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, у пакорлівасьці, у мардаваньні цела, у непашане да таго, што насычае цела.

 

Разьдзел 3
Новае жыцьцё ў Хрысьце
Хрыстос - прынцып новага жыцьця

1 Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсьць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога,

2 пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.

3 Бо вы - памёршыя, і жыцьцё ваша пахаванае з Хрыстом у Богу!

4 Калі аб'явіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы аб'явіцеся з Ім у хвале.

5 Дык мярцьвіце тады члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, любежнасьць, юр, ліхія пажаданьні і сквапнасьць, якая ёсьць ідалапаклонства,

6 праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства,

7 сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі былі між імі.

8 Але цяпер адкіньце ўсё гэта: гнеў, мсьцівасьць, злосьць, блюзьнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых.

9 Не хлусіце адзін аднаму, скінуўшы з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі

10 і прыадзеўшыся ў новага, які ўсьцяж аднаўляецца ў пазнаньні па ўзору Таго, які яго стварыў,

11 дзе ўжо няма Грэка і Юдэя абразанага ці неабразанага, барбара, Скіта, вольнага і нявольніка, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.

12 Дык адзеньцеся як выбраньнікі Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, у сэрца спагаднае, ласкавасьць, пакорлівасьць, сьціпласьць, цярплівасьць,

13 церпячы адны адных і прабачаючы адны адным, калі хто да каго мае жаль; як і Госпад дараваў вам, так і вы.

14 А па-над усё мейце любоў, якая ёсьць вузлом дасканаласьці.

15 А супакой Хрыстовы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.

16 Хай шчодра прабывае ў вас Слова Божае, каб з усёю мудрасьцю адны адных навучалі і напаміналі ды каб у ласцы ў сэрцах вашых сьпявалі вы Богу псальмы, гімны і песьні духоўныя.

17 І ўсё, што робіце словам ці дзеяньнем, усё (рабіце) ў імя Госпада Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Прынцыпы сямейнага жыцьця

18 Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе.

19 Мужы, любіце жонак вашых і ня будзьце для іх прыкрымі.

20 Дзеці, слухайце бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.

21 Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не адчувалі крыўды.

22 Нявольнікі, слухайцеся ў-ва ўсім гаспадароў цялесных, не для вока служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.

23 Усё, што ня робіце, ад душы рабіце, як Богу, а ня людзям,

24 ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.

25 Хто крыўдзіць, атрымае тое, на што заслужыў, бо (ў Бога) няма ўзіраньня на асобу.

 

Разьдзел 4

1 Гаспадары, аддавайце нявольнікам тое, што ім справядліва і па праву належыцца, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.

Пра малітву і паводзіны

2 Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю,

3 молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстовую, дзеля якой я стаўся вязьнем,

4 каб выявіць яе належна моваю.

5 Адносна тых, што вонках, паступайце мудра, выкарыстоўваючы час.

6 Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, што каму адказаць.

Тыхік і Анісім

7 Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны слуга, і супрацоўнік у Госпадзе,

8 якога я паслаў да вас, каб ён даведаўся, як вашы справы, і пацешыў сэрцы вашыя,

9 разам з Анісімам, умілаваным і верным братам, каторы з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам.

Заключныя вітаньні

10 Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, - адносна якога вы ўжо атрымалі даручэньні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, -

11 і Езус, называны Юстам, які з абразаных; толькі яны адны - памагатары мае (у працы) для Каралеўства Божага; яны былі мне пацехаю.

12 Вітае вас Эпафрас, што з вашых, слуга Хрыста Езуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб сталіся вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай.

13 Сьведчу вам адносна яго, што шмат ён папрацаваў для вас і для тых, якія ў Ляодыцэі і Гераполісе.

14 Вітае вас Лукаш, лекар найдаражэйшы, і Дэмас.

15 Прывітайце братоў, якія ёсьць у Ляодыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме.

16 І калі гэта пісьмо прачытаеце, зрабіце, каб і ў царкве Ляодыцэйскай было яно прачытана, а тое, што з Ляодыцэі, прачытайце і вы.

17 І скажыце Архіпу: "Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада".

18 Прывітаньне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка (хай будзе) з вамі.

 

 

Першы ліст Тэсалонцам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне і падзяка за веру Тэсалонцаў

1 Павал, і Сільван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Езусе Хрысьце: Ласка вам і супакой.

2 Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, памятаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых.

3 помнячы на дзейнасьць веры вашай, на працу любові і трываласьць надзеі ў Госпадзе нашым Езусе Хрысьце перад Богам і Айцом нашым,

4 ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае,

5 бо эвангелізацыя нашая не была адно толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Сьвятым ды ў намаганьнях многіх, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.

6 І вы сталіся пасьлядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасьцю Духа Сьвятога,

7 і так вы сталіся ўзорам усім верным у Македоніі і Ахаі.

8 Бо ад вас разыйшлося слова Божае ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера ваша ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.

9 Бо самі людзі гавораць пра нас, якое прыняцьцё мелі мы ў вас, ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму

10 і чакаць Сына Ягонага з неба, якога Ён падняў з памёршых, Езуса, каторы ўхаваў нас ад будучага гневу (Божага).

 

Разьдзел 2
Дзейнасьць Паўла ў Тэсалоніцы

1 Самі ж ведаеце, браты, прыбыцьцё нашае да вас, што не бясплодным было,

2 але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зьняваг у Філіпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, абвяшчаючы вам Эвангельле Божае ў многіх турботах.

3 Бо навучаньне наша не вынікае з памылкі, ані з нячыстасьці, ані з якога подступу,

4 але як выпрабаваныя Богам, каб было даверана нам Эвангельле, так і гаворым, каб не людзям падабацца, але Богу, які ведае сэрцы нашыя.

5 Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове лісьлівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сьведка,

6 не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, і ані ў другіх.

7 Хоць маглі быць у паважаньні як апосталы Хрыстовыя, але сталіся мы малымі між вас; і як маці спагадная дзецям сваім,

8 так і мы, спагадныя вам, хацелі шчыра перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, сталіся бо вы нам вельмі дарагімі.

9 Вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; днём і ноччу робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Эвангельле Божае.

10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята, справядліва і без нараканьня былі мы з вамі, якія ўверылі.

11 Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,

12 просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, які паклікаў вас да Каралеўства свайго і хвалы.

13 Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсьць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веручых.

14 Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі ў Хрысьце Езусе, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад Юдэяў,

15 якія і Госпада Езуса забілі і прарокаў, і нас перасьледавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца,

16 забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя не былі збаўлены; і гэтак дапаўняюць усё мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.

Клопат і радасьць апостала дзеля любові і трываласьці верных

17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым мацней сьпяшаемся пабачыць вас з вялікім прагненьнем.

18 Вось жа хацелі мы пайсьці да вас, асабліва я, Павал, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.

19 Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасьцю, або вянком славы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Езусам у прыход Ягоны?

20 Бо вы - наша слава і радасьць.

 

Разьдзел 3
Місія Цімафея

1 Дзеля таго, што не маглі мы далей вытрымаць, дык захацелі мы самі застацца ў Атэнах

2 і паслалі да вас Цімафей, брата нашага і супрацоўніка Божага ў Эвангельлі Хрыстовым, для замацаваньня вашага і ажыўленьня веры вашай,

3 каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах; самі ж бо ведаеце, што мы на гэта прызначаны.

4 Бо ж і ў вас будучы, мы прадказвалі вам, што будзем цярпець прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце.

5 Таму вось і я, ня могучы далей стрымацца, паслаў даведацца пра веру вашу, ці ня зводзіць вас звадыяш і ці не дарэмнай была праца нашая.

6 Цяпер жа, пасьля прыбыцьця да нас ад вас Цімафея і весткі пра веру і любоў вашу, і што памятаеце пра нас, жадаючы ўсьцяж нас наведаць, як і мы вас,

7 пацешыліся гэтым, браты, што да вас ва ўсякім горы і прыгнёце нашым дзеля веры вашай,

8 бо мы цяпер жывём, калі вы стаіцё ў Госпадзе.

9 Якую ж падзяку можам даць Богу за вас, поўныя радасьці, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым,

10 днём і ноччу гарача молімся, каб паглядзець на вас і дапоўніць тое, чаго не хапае веры вашай.

Малітва пра ўзаемную любоў

11 Хай жа сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Езус выпрастуе дарогу нашу да вас.

12 А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць узаемнай любоўю і (любоўю) да ўсіх, як і мы (маем) да вас.

13 Хай Ён узмоцніць сэрцы вашы, каб без заганы ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым чакалі прыходу Госпада нашага Езуса Хрыста з усімі Яго сьвятымі. Амэн.

 

Разьдзел 4
Заахвочваньне да сьвятасьці

1 Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Езусе, каб як вы навучыліся ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі (ласкай).

2 Ведаеце, пэўна, якія я вам даў прыказаньні ад Госпада Езуса.

3 Бо воляй Божай ёсьць сьвятасьць ваша,

4 каб высьцерагаліся распусты, каб кожны з вас трымаў сваё начыньне ў сьвятасьці і ў пашане,

5 а не ў пажадлівасьці юрлівай, як пагане, якія ня ведаюць Бога;

6 каб ніхто не вывышаўся і ня крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсьць мсьціўцам за ўсё гэта, як мы вам ўжо казалі і сьведчылі.

7 Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.

8 Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, які даў вам Духа свайго Сьвятога.

9 Адносна любові братняй ня маем патрэбы вам пісаць; самі бо вы навучаныя Богам адзін другога любіць.

10 Так вы і паступайце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Македоніі. Просім жа вас, браты, каб яшчэ больш багацелі (ласкай)

11 і старана намагаліся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыцьцё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,

12 ды каб дастойна адносіліся вы да тых, каторыя жывуць вонкі, і каб ні ў чым ня мелі нястачы.

Аб другім прыходзе Хрыста

13 Ня хочам, браты, каб вы ня ведалі што да памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія ня маюць надзеі.

14 Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос з памёршых, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Езусе, прывядзе з Ім.

15 Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінутыя да прыходу Госпада, не папярэдзім тых, што паўміралі.

16 Бо сам Госпад на загад і на голас арханёла ды на (гук) трубы Божай зыйдзе з неба, і памёршыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі.

17 Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем паднятыя ў паветра на аблоках на спатканьне Хрыста, ды так заўсёды будзем з Госпадам.

18 Вось так адны адных пацяшайце гэтымі словамі.

 

Разьдзел 5
Неспадзяванае надыйсьцё апошняга дня

1 Пра час і пару (канца сьвету), браты, няма патрэбы вам пісаць,

2 бо самі добра ведаеце, што дзень Госпадаў прыйдзе, як злодзей ў ночы

3 Калі бо скажуць: "Супакой і бясьпека", тады раптам прыйдзе на іх загуба, як боль (радзінаў) на цяжарную, і не ўцякуць.

4 Вы ж, браты, ня ў цемры, каб дзень той захапіў вас, як злодзей,

5 усе бо вы - сыны сьвятла і дзеці дня. Мы не належым ані ночы, ані цемры.

6 Дык ня будзем спаць, як іншыя, але чувайма і будзьма цьвярозымі.

7 Тыя бо, што сьпяць, ноччу сьпяць, і тыя, што п'юць, ноччу п'яныя.

8 Мы ж, якія належым дню, будзьма цьвярозымі, адзетыя ў панцыр веры і любові, і (маючы) шалом надзеі збаўленьня.

9 Бо не прызначыў нас Бог на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Езуса Хрыста,

10 памёршага за нас, каб мы, ці чуваем, ці сьпім, жылі з Ім заўсёды.

11 Таму пацяшайце адзін аднаго і падтрымоўвайцеся ўзаемна, як вы і робіце.

Розныя напаміны

12 Просім вас, браты, каб паважалі тых, якія працуюць у вас і кіруюць вамі ў Госпадзе ды навучаюць вас,

13 каб больш любілі іх дзеля працы іхняй. Жывіце ў згодзе між сабою.

14 Просім вас, браты: спыняйце свавольных, пацяшайце маладушных, апякуйцеся хворымі, будзьце цярплівымі да ўсіх.

15 Глядзіце, каб нікому ліхам за ліха не адгаджацца, але рабіць заўсёды адзін аднаму і ўсім тое, што добрае.

16 Заўжды радуйцеся,

17 усьцяж маліцеся,

18 за ўсё дзякуйце; такая бо ёсьць воля Божая ў Езусе Хрысьце для вас.

19 Духа не гасіце,

20 прароцтвамі не пагарджайце,

21 усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

22 Высьцерагайцеся усякага роду зла.

Заканчэньне

23 Хай жа сам Бог супакою ўсьвячае вас у-ва ўсім, каб дух ваш і душа, і цела захаваліся безаганнымі на прыход Госпада нашага Езуса Хрыста.

24 Верны Той, каторы паклікаў вас, які і даканае (гэта).

25 Браты, маліцеся за нас.

26 Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым.

27 Прысягаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім братам.

28 Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста (хай будзе) з вамі.

 

 

Другі ліст Тэсалонцам

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, і Сільван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Езусе Хрысьце:

2 Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыстуса.

Падзяка за веру Тэсалонцаў

3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як бо і належыцца, бо вера ваша вельмі ўзрастае, ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,

4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасьці і веры ва ўсіх перасьледваньнях вашых і напасьцях, якія пераносіце,

5 на доказ справядлівага суда Божага, каб аказаліся вартымі Каралеўства Божага, дзеля якога і церпіце.

6 Бо справядліва ёсьць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, (даць) супачынак з намі ў час аб'яўленьня з неба Госпада нашага Езуса з анёламі магутнасьці Ягонай,

8 у полымі агню, несучы адплату тым, што ня ведаюць Бога і ня слухаюць Эвангельля Госпада нашага Езуса.

9 Яны атрымаюць кару, будуць пазбаўлены аблічча Божага і хвалы моцы Ягонай,

10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў сваіх сьвятых ды ў той дзень задзівіць ўсіх, якія паверылі, а вы паверылі нашаму сьведчаньню.

11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі пакліканьня і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданьні добрага і ўчынках веры,

12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Езуса Хрыста, і вы - у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Езуса Хрыста.

 

Разьдзел 2
Аб другім прыходзе Хрыста

1 Просім вось вас, браты, праз прыйсьце Госпада нашага Езуса Хрыста і нашае спатканьне з Ім,

2 каб вы не хісталіся пасьпешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то празслова, ці то праз ліст, нібы праз нас пасланы, што быццам надыходзіць дзень Госпадаў.

3 Няхай ніхто вас ня зводзіць, бо дзень гэты ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе перш адпад ад Бога ды пакуль не паявіцца чалавек бязбожны, сын загубы,

4 які будзе працівіцца і вывышацца па-над усё, што называецца Богам і сьвятыняй, так што ў сьвятыні Божай засядзе, выдаючы сябе за Бога.

5 Ці ж не памятае, што калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?

6 І цяпер ведаеце, што яго трымае ад зьяўленьня ў свой час.

7 Таямніца бязбожнасьці ўжо дзейнічае; хай толькі той, хто яго трымае, саступіць месца.

8 Тады і аб'явіцца той бязбожнік, якога Госпад Езус заб'е духам вуснаў сваіх і зьнішчыць яго зьяўленьнем прыходу свайго

9 і прыход якога дзейнасьцю шатана будзе з усёю сілаю, знакамі, і цудамі,

10 і з усякімі нягоднымі ашуканствамі для тых, якім ісьці на згубу, бо яны не прынялі любові і праўды, каб збавіцца.

11 І дзеля таго спасылае ім Бог дзеяньні подступу, каб верылі падману,

12 каб былі асуджаны ўсе, што ня ўверылі праўдзе, а ўзьлюбілі беззаконьне.

Трымайцеся ласкі.

13 Нам жа належыцца заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ў праўду, Бог вас выбраў на збаўленьне,

14 да якога паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне хвалы Госпада нашага Езуса Хрыста.

15 Дык вось, браты, стойце моцна і трымайцеся традыцыі, якой навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы.

16 Хай жа сам Госпад наш Езус Хрыстос і Бог, Айцец наш, які ўзьлюбіў нас і даў вечнае пацяшэньне і добрую надзею з ласкі сваёй,

17 пацешыць сэрцы вашы і ўзмоцніць ў-ва ўсякай добрай дзейнасьці і слове.

 

Разьдзел 3
Маліцеся за нас

1 Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

2 і каб мы ўсьцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо ня ўсе маюць веру.

3 Верны Госпад, які ўмацуе вас і ўхавае ад ліхога.

4 Маем пэўнасьць у Госпадзе, што да вас, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.

5 Хай жа Госпад пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасьці Хрыстовай.

Абавязак працы

6 Паведамляем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Езуса Хрыста, каб высьцерагаліся ўсякага брата, які ходзіць ня ў лад і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас.

7 Самі бо ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна,

8 ды дарма нічыйго хлеба ня елі, але днём і ноччу працуючы, нікому з вас не былі цяжарам.

9 Не дзеля таго, што ня мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для перайманьня.

10 Бо, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць.

11 Чуем бо мы, што ёсьць некаторыя паміж вамі, што нягожа паступаюць, нічога ня робяць, а толькі бадзяюцца.

12 Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Езусе Хрысьце, каб, спакойна працуючы, свой уласны хлеб елі.

13 Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро.

14 Калі хто часам не паслухае словаў лісту нашага, такога прыкмецьце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.

15 Але не ўважайце яго за ворага, але напамінайце як брата.

Багаславенства

16 Хай жа сам Госпад супакою дасьць вам супакой заўсёды на ўсякім месцы. Госпад (хай будзе) з усімі вамі.

17 Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у кожным лісьце; так Я пішу:

18 Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.

 

 

Першы ліст Цімафею

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, апостал Езуса Хрыста па загаду Бога, Збаўцы нашага, і Езуса Хрыста, нашай надзеі,

2 Цімафею, умілаванаму сыну ў веры: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага.

Перасьцярога ад фальшывых настаўнікаў

3 Я, ідучы ў Македонію, прасіў цябе застацца ў Эфэзе, каб загадаў некаторым не крывіць навукі,

4 а таксама займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць збаўленьню Божаму праз веру.

5 Канец жа загаду ёсьць - любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і праўдзівай веры,

6 адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя папаліся ў пустаслоўе,

7 хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сьцьвярджаюць.

8 Ведаем, што закон добры, калі ім хто разумна карыстаецца,

9 ведаючы, што закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацькабойцаў і маткабойцаў, людзябойцаў,

10 для распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,

11 паводле Эвангельля хвалы багаславёнага Бога, якое мне даручана.

Падзяка за ласку Божую

12 Дзякую Таму, хто мяне ўзмацняе, Госпаду нашаму Езусу Хрысту, бо Ён палічыў мяне верным, даручаючы служэньне мне,

13 які раней блюзьніў, перасьледаваў і ачарняў; але атрымаў міласэрдзе, бо дзейнічаў па несьвядомасьці і з няверства.

14 Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра на мяне з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысьце.

15 Вернае слова і вартае ўсякага прыняцьця: Хрыстос Езус прыйшоў на сьвет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я - першы,

16 але атрымаў міласэрдзе дзеля таго каб у-ва мне першым выявіў Езус Хрыстос сваю бязьмежную цярплівасьць на паказ тым, што павераць Яму на жыцьцё вечнае.

17 Валадару ж бесьсьмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму Богу паклон і слава на вякі вечныя. Амэн.

Паўтарэньне загаду

18 Гэты загад даю табе, сын мой Цімафеі, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры змагар,

19 маючы веру і чыстае сумленьне, якое ўтраціўшы, некаторыя адбіліся,

20 з якіх Гіменэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб адвыклі блюзьніць.

 

Разьдзел 2
Малітва за ўсіх людзей

1 Дык прашу найперш, каб заносілі просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей,

2 за каралёў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весьці жыцьцё спакойнае з усёю пабожнасьцю і прыстойнасьцю.

3 Гэта добра і міла Збаўцы нашаму Богу,

4 які хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды.

5 Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі - чалавек Хрыстос Езус,

6 які самога сябе выдаў дзеля адкупленьня ўсіх, як сьведчаньне ў свой час,

7 у якім і я прызначаны вястуном і апосталам, і, праўду кажу, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.

Мужчына і жанчына на малітве

8 Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі бяз гневу і спрэчак.

9 Падобна і жанчыны няхай апранаюцца сьціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценьнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,

10 але, як належыцца жанчынам, лепш пабожнасьцю і добрымі ўчынкамі.

11 Жанчына няхай вучыцца ў ціхасьці, поўная пакорлівасьці.

12 Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасьці.

13 Бо Адам быў першым створаны, а потым Эва.

14 І не Адам даўся зьвесьціся, а жанчына была ашукана і спракудзілася.

15 Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і сьвятасьці са сьціпласьцю.

 

Разьдзел 3
Аб біскупах

1 Вернае слова: Калі хто біскупства жадае, добрай справы хоча.

2 Біскупу належыцца быць беззаганным, мужу аднае жонкі, цьвярозым, разумным, чэсным, гасьцінным, здольным вучыць;

3 не п'яніцаю, не задзіраю, але далікатным, не сварлівым, не сквапным (на грошы),

4 добрым гаспадаром уласнага дому, трымаючым у паслухмянасьці дзяцей з усякай пашанай;

5 бо калі хто ня можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай?

6 (Трэба, каб быў) не з нованаверненых, каб не ўзьбіўся ў пыху і не папаў на суд разам з д'яблам.

7 Яму належыць мець добрае сьведчаньне ад акружаючых, каб ня быў у пагарджэньні і ня трапіў у пастку д'ябла.

Аб дыяканах

8 Таксама і дыяканы павінны быць паважныя, не двухязычныя, не зашмат віна ўжываючыя, ня сквапныя да нажывы,

9 маючыя таямніцу веры ў чыстым сумленьні.

10 І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, ня маючы ніякага за сабой праступку, хай служаць.

11 Падобна і жанчыны (павінны быць) паважныя, не абмоўныя, цьвярозыя, верныя ва ўсім.

12 Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра выхоўваюць дзяцей сваіх і кіруюць сваімі дамамі.

13 Тыя, што добра выпаўняюць служэньне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасьць у веры, якая ёсьць у Езусе Хрысьце.

Таямніца Царквы і Хрыста

14 Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.

15 Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.

16 Ды, ясная рэч, вялікая таямніца пабожнасьці: Ён (Хрыстос) аб'явіўся ў целе, засьведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў хвале.

 

Разьдзел 4
Перасьцярога перад фальшывай навукай

1 Дух вось адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук дэманавых,

2 (праз) крывадушна падманваючых і з заплямленым сумленьнем,

3 забараняючых жаніцца, (загадваючых) устрымлівацца ад страваў, якія стварыў Бог для ежы веручым і тым, якія пазналі праўду, каб дзякавалі Богу.

4 Бо ўсё, што стварыў Бог, ёсьць добрым, і нічога ня трэба адкідаць, калі з падзякаю прыймаецца;

5 усьвячаеца бо яно праз Слова Божае і малітву.

6 Выясьняючы гэта братам, будзеш добрым слугою Езуса Хрыста, спасілены словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.

7 Недарэчных і бабскіх казак высьцерагайся, і нахіляй сябе да пабожнасьці.

8 Бо фізічная муштра ня вельмі карысная, пабожнасьць жа да ўсяго прыдатная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага.

9 Праўдзівае гэта слова і вартае ўсякай увагі.

10 Бо дзеля гэтага мы працуем і пакутуем, бо спадзяемся на Бога жывога, які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу веручых.

11 Загадвай гэта і вучы.

Добры прыклад

12 Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосьцю, але будзь прыкладам веручым у слове, у паводзінах, у любові, у веры, у чыстасьці.

13 Пакуль прыбуду, займіся чытаньнем, пацяшаньнем і навукаю.

14 Не занядбоўвай ласкі, якая прабывае ў табе, якая дадзена табе праз прароцтва з узлажэньнем рук старшых.

15 Аб гэтым думай і (у гэта) заглыбляйся, каб посьпех твой усім быў бачны.

16 Глядзі сябе і навукі, трымайся іх. Так бо паступаючы і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе.

 

Разьдзел 5
Агульныя парады

1 На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку; маладых, як братоў;

2 старэйшага ўзросту жанчын, як матак, а маладых, як сёстраў з усёй чыстасьцю.

Адносна ўдоваў

3 Удоваў шануй, якія сапраўды ўдовы.

4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта ёсьць мілым Богу.

5 Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, мае надзею на Бога, і не перастае ўпрошваць Бога і маліцца днём і ноччу.

6 Удава, якая распусна жыве, тая памёршая.

7 І гэта загадвай ім, каб яны былі беззаганнымі.

8 Калі ж хто не апякуецца сваімі, тым больш хатнімі, той адрокся веры і горшы за няверучага.

9 Выбіраць трэба ўдаву ня менш шасьцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,

10 выпрабаваную ў добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, што яна гасьцінная, што сьвятым ногі абмывала, што пакутуючых у горы пацяшала, што рупілася пра добрыя справы.

11 А маладых удоваў абмінай, бо іх пачуцьцёвасьць адводзіць ад Хрыста, дык яны гоняцца выйсьці замуж.

12 Яны падлягаюць асуджэньню, бо страцілі першую веру.

13 Высьцерагайся таксама гультаяк, што цягаюцца па хатах; такія ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і лапочуць, што не належыцца.

14 Дык лічу, што лепш, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі падставаў да ачарненьня.

15 Бо ўжо некаторыя пайшлі за шатанам.

16 Калі ж які верны ці верная мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае царквы, каб яна магла ўспамагаць тым, якія сапраўды ўдовы.

Аб старшых

17 Старшыя, якія добра кіруюць, вартыя падвойнага гонару, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.

18 Вось жа кажа Пісаньне: "Не завязвай морды валу, які малоціць", і: "Работнік варты заплаты сваёй".

19 Не прыймай абвінавачваньняў на старшых, хіба ў прысутнасьці ня менш двух сьведкаў.

20 Грэшніка павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.

21 Заклінаю цябе перад Богам і Езусам Хрыстом і выбранымі анёламі захаваць гэта без перадузятасьці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.

22 Не ўскладай ні на кога пасьпешліва рук, каб ня стаць табе супольнікам чужых грахоў.

23 З гэтай пары ня пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на твой страўнік, дзеля частых яго захворваньняў.

24 Грахі некаторых людзей вядомыя перад судом, іншых жа толькі пасьля раскрываюцца.

25 Падобна і добрыя ўчынкі бываюць яўнымі, а калі яны скрытыя, дык усё роўна схавацца ня змогуць.

 

Разьдзел 6
Нявольнікі і паны

1 Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх паноў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зьневажаліся.

2 Якія маюць паноў веручых, няхай імі не пагарджаюць, хоць яны і браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веручыя і ўмілаваныя, і спрыяюць ім. Вучы гэтаму і заклікай.

Фальшывыя настаўнікі

3 Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых словаў Госпада нашага Езуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасьцю,

4 той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасьць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісьць, звадкі, блюзьнерствы, ліхія падазрэньні,

5 пустыя спрэчкі між людзьмі папсаванага розуму, пазбаўленых праўды і думаючых, што пабожнасьць служыць для ўзбагачэньня.

6 Але вялікім набыткам ёсьць пабожнасьць і заспакаеньнем немалым.

7 Нічога бо мы не прынесьлі на гэты сьвет, і нічога, як вядома, ня вынесем.

8 Маючы ж ежу і ў-ва што апрануцца, будзьма гэтым задаволены.

9 А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў (д'ябальскую) пятлю ды ў многія некарысныя, а то і шкодныя пажаданьні, якія топяць людзей у бездані загубы.

10 Корань бо ўсякіх няшчасьцяў ёсьць сквапнасьць, за якой гонячыся, некаторыя адпалі ад веры і мучацца вялікімі пакутамі.

Заахвочваньне да вернай службы

11 А ты, чалавек Божы, высьцерагайся гэтага. Шукай справядлівасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, лагоднасьці.

12 Змагайся добрым змаганьнем веры, здабудзь жыцьцё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сьведчаньне перад шматлікімі сьведкамі.

13 Загадваю табе перад Богам, які ажыўляе ўсё, і Езусам Хрыстом, які даў добрае сьведчаньне і вызнаньне перад Понціем Пілатам,

14 каб ты спаўняў прыказаньне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Езуса Хрыста,

15 якое выявіць у свой час багаслаўлены і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад валодаючых,

16 які сам адзін мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці недаступнай, якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа; Яму чэсьць і панаваньне вечнае. Амэн.

Як карыстацца багацьцем

17 Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе ня думалі і не пакладалі надзеі ў няпэўным багацьці, але спадзяваліся на Бога, які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцьця,

18 каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся з іншымі,

19 зьбіралі сабе добры грунт на будучае, каб атрымаць жыцьцё вечнае.

Заканчэньне

20 О, Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цьверджаньняў фальшывай навукі,

21 прыхільнікі якой страцілі веру. Ласка з вамі.

 

 

Другі ліст Цімафею

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, апостал Хрыста Езуса з волі Бога, паводле абяцаньня жыцьця, якое ёсьць у Езусе Хрысьце,

2 Цімафею, найдаражэйшаму сыну: Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, Госпада нашага.

Падзяка Богу за веру Цімафея

3 Дзякую Богу, якому служу з чыстым сумленьнем, як і мае продкі, што ў маіх малітвах днём і ноччу без перапынку маю ў памяці цябе,

4 і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае сьлёзы, каб напоўніцца радасьцю,

5 і прыпамінаю веру тваю не фальшывую, якая раней жыла ў тваёй бабулі Ляідзе і тваёй маці Эўніцы, ды я перакананы, што жыве і ў табе.

Аб мужнасьці ў абвяшчаньні Эвангельля

6 Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб ажывіў ты дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх.

7 Бо ня даў нам Бог Духа страху, але сілы, любові і мудрасьці.

8 Дык не саромейся тады сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але працуй са мною дзеля Эвангельля моцай Бога,

9 які асвабадзіў нас і паклікаў сьвятым пакліканьнем не дзеля нашых заслугаў, але паводле пастановы сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысьце Езусе спрадвеку,

10 а цяпер аб'явілася праз зьяўленьне Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і несьмяротнасьць праз Эвангельле,

11 для якога я пастаўлены вестуном, і апосталам, і вучыцелем.

12 З гэтай прычыны пераношу цярпеньні, але не саромеюся, бо ведаю, каму паверыў, і маю пэўнасьць, што Ён мае моц дапамагчы мне захаваць перададзенае мне на той дзень.

Сьцеражы давераны скарб

13 За аснову вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Езусе.

14 Беражы добры скарб праз Духа Сьвятога, які прабывае ў нас.

15 Ці ведаеш тое, што ўсе, пражываючыя ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?

16 Хай будзе міласэрным Госпад для дома Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданаў маіх,

17 але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.

18 Хай атрымае ён у Бога міласэрдзе ў гэты дзень. А колькі ён служыў мне ў Эфэзе, ты лепей ведаеш.

 

Разьдзел 2
Добры жаўнер Хрыста

1 Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсьць у Хрысьце Езусе,

2 і што чуў ты ад мяне пры многіх сьведках, гэта перадай верным людзям, якія здольныя і другіх навучыць.

3 Перанось цяжкасьці як добры жаўнер Езуса Хрыста.

4 Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы веку (гэтага), каб падабацца таму, хто яго выбраў.

5 Бо і той, хто змагаецца, ня стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.

6 Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.

7 Зразумей, што гавару; няхай дасьць табе Госпад у-ва ўсім розум.

8 Памятай пра Госпада Езуса Хрыста з насеньня Давіда, які ўваскрос з памёршых паводле Эвангельля майго,

9 дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга зьвязаць.

10 Вось я ўсё раблю дзеля выбраных, каб яны атрымалі збаўленьне, якое ў Езусе Хрысьце, у хвале вечнай.

11 Вернае слова: калі мы (з Ім) памерлі, дык (з Ім) жыць будзем;

12 калі церпім, дык (з Ім) караляваць будзем, калі вырачамся (Яго), дык і Ён нас вырачацца;

13 калі мы зьняверымся, дык Ён верным застаецца, бо сам сябе вырачыся ня можа.

Змаганньне з герэзіямі

14 Гэтае нагадвай, сьведчачы перад Богам, каб не спрачаліся пра словы, бо гэта нічога ня дасьць, хіба толькі сапсуе слухачоў.

15 Пільна рупся быць годным перад Богам, працаўніком беззаганным, прымаючым з павагай словы праўды.

16 Пустой жа гаворкі высьцерагайся, у многіх бо гэта прычынілася да бязбожнасьці,

17 і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; такія вось Гімэнэй і Філет,

18 якія разьмінуліся з праўдай, сьцьвярджаючы, што ўваскрашэньне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.

19 Але моцны фундамант Божы стаіць, маючы такую пячатку: Пазнаў Госпад, хто ёсьць Ягоны, і: Хай аддаліцца ад няправасьці кожны, хто называе імя Госпада.

20 У вялікім жа доме маюцца ня толькі залатыя і серабраныя начыньні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя - у пашане, другія - у ганьбе.

21 Дык вось, калі хто ачысьціў сябе ад усякіх (няправасьцяў), той будзе пасудзінай пачэснай, усьвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.

Рысы слугі Божага

22 Высьцерагайся пажаданьняў юнацкіх, а трымайся справядлівасьці веры, любові і міру з тымі, што чыстым сэрцам прызываюць Госпада.

23 Ухіляйся дурных і бязглуздых пытаньняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.

24 Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, навучаючым, стрыманым,

25 ласкава выпраўляючым тых, што працівяцца праўдзе, можа дасьць ім Бог ласку навярненьня дзеля пазнаньня праўды,

26 каб вырваліся з петляў д'ябла, якімі аблытана іх воля.

 

Разьдзел 3
Цяжкімі будуць апошнія часы

1 Гэта ведай, што ў апошнія дні настануць небясьпечныя часы.

2 Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нягодныя,

3 бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, неапанаваныя, жорсткія, непрыхільныя,

4 здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,

5 маючыя выгляд пабожнасьці, моцы ж Яго выракшыся. Такіх высьцерагайся,

6 бо між імі ёсьць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, абцяжараных рознымі грахамі, кіраваных рознымі пажаданьнямі,

7 што заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разуменьня праўды.

8 Як Яньні і Ямбар працівіліся Майсею, так і яны працівяцца праўдзе, людзі папсаваага розуму, нявыпрабаваныя ў веры.

9 Але яны далёка ня зойдуць. Бязглуздасьць бо іх выявіцца ўсім так, як і тых стала вядомай.

Трывай ў пакліканьні

10 А ты пайшоў сьледам маёй навукі, настаўленьня, намераў, веры, вялікадушнасьці, любові, цярплівасьці,

11 перасьледаваньняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя перасьледаваньні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад.

12 Ды ўсе, каторыя захочуць жыць пабожна ў Хрысьце Езусе, перасьледаваны будуць.

13 Ліхія ж людзі і ашуканцы тым больш будуць гразнуць у зьле, псуючыся самі і другіх спакушаючы.

14 Ты ж трывай у тым, чаго навучыўся і што даручана табе, ведаеш бо, ад каго навучыўся,

15 бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Сьвятое, якое можа цябе навучыць на збаўленьне праз веру ў Хрыста Езуса.

16 Усё Пісаньне натхнёна Богам і карыснае для навучаньня, дакору, выпраўляньня і ўзгадаваньня ў справядлівасьці,

17 каб дасканальным быў чалавек Божы, навучаны ўсякаму добраму дзеяньню.

 

Разьдзел 4
Змагацца з усякім злом

1 Сьведчу перад Богам і Хрыстом Езусам, які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Ягоны і каралеўства Ягонае:

2 Абвяшчай слова, настойвай у час ці ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасьцю і навукай.

3 Надыйдзе бо час, калі здаровай навукі ня сьцерпяць, але па волі сваіх хаценьняў падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам іхнім,

4 і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.

5 Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу эвангеліста, службу тваю выпаўняй.

Апостал прадбачыць сьмерць і ўзнагароду

6 Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу набліжаецца.

7 Змагаўся я ў добрым змаганьні, бег закончыў, веру захаваў.

8 На заканчэньне рыхтуецца мне вянок справядлівасьці, які мне дасьць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды ня толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Ягоны.

Апошнія даручэньні і весткі

9 Пасьпяшайся прыйсьці да мяне чым хутчэй,

10 бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты сьвет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс - у Галятыю, Ціт - у Дальмацыю.

11 Адзін Лукаш застаўся са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.

12 Тыхіка паслаў я ў Эфэз.

13 Як будзеш ісьці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.

14 Каваль Аляксандар шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасьць яму Госпад паводле дзейнасьці ягонай.

15 Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.

16 Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта ня будзе ім палічана.

17 Госпад жа быў са мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне маё працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазьбегнуў ільвінае пашчы.

18 І вызваліць мяне Госпад ад усякіх ліхіх дзеяньняў, і захавае для свайго нябеснага Каралеўства. Яму хвала на вякі вечныя. Амэн.

Заканчэньне

19 Прывітай Прыску і Аквілю, і разам дом Анэсіфора.

20 Эраст застаўся ў Карыньце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.

21 Пасьпяшайся перад зімой прыйсьці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.

22 Госпад (хай будзе) з тваім духам. Ласка з вамі.

 

 

Ліст Ціту

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, слуга Божы і апостал Езуса Хрыста паводле веры выбраньнікаў Божых і пазнаньню праўды, вядучай да пабожнасьці,

2 у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, які не падманвае,

3 і аб'явіў у свой час сваё Слова, даручаючы мне вясьціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага,

4 Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: Ласка і супакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.

Аб начальніках царквы

5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старшых, як я табе загадаў:

6 калі хто без наганы, муж аднае жонкі, мае веручыя дзеці, не вінавачаныя ў распусьце або непаслухмянасьці.

7 Належыцца бо, каб біскуп быў беззаганы як распарадзіцель Божы, ня горды, не гняўлівы, ня п'яніца, не авантурнік, ня сквапны да нажывы,

8 але гасьцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, сьвяты, стараны,

9 які трымаецца праўдзівае навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі і нават тых, якія выступаюць супраць.

Супраць фальшывых настаўнікаў

10 Бо ёсьць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абразаных,

11 каторым трэба зачыняць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысьці.

12 Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: "Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя зьвяры, гультайскія жываты".

13 Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,

14 не зьвяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказваньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленьне.

16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасьцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасьці няздатныя.

 

Разьдзел 2
Парады для ўсякіх станаў

1 Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.

2 Старыя павінны быць людзьмі цьвярозымі, сьціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўныя любові і цярплівасьці.

3 Падобна і старыя жанчыны павінны адзявацца як дастойна сьвятых, высьцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,

4 каб разумнаму навучалі маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,

5 былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зьневажалася імі Слова Божае.

6 Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.

7 У-ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы - непарушнасьць, паважнасьць,

8 у здаровым слове - беззаганнасьць, каб той, хто працівіцца, асароміўся, ня могучы нічога благога пра нас сказаць.

9 Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, у-ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,

10 не ашукваць, але ў-ва ўсім добрую волю аказваць, каб у-ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, аздаблялі.

11 Зьявілася бо ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,

12 якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці і пажаданьняў сьвету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым сьвеце,

13 чакаючы шчасьлівай надзеі і прыйсьця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста,

14 які ахвяраваў самога сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысьціць сабе народ, выбраны на ўласнасьць, рупны пра добрыя ўчынкі.

15 Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Няхай ніхто табою не пагарджае.

 

Разьдзел 3
Абавязкі хрысьціянаў

1 Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выпаўняць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,

2 нікога не абмаўляць, ня быць сварлівымі, але памяркоўнымі, выяўляць да ўсіх людзей ласкавасьць.

3 Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажаданьням і ўсякім прыхацям, кіраваліся злосьцю і зайздрасьцю, былі ненавісьнікамі, ненавідзячымі адны другіх.

4 Калі ж зьявілася спагаднасьць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,

5 дык не дзеля ўчынкаў справядлівасьці, якія мы даканалі, але праз міласэрдзе сваё Ён збавіў нас купальняй адраджэньня і аднаўленьня Духам Сьвятым,

6 якога выліў на нас багата праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага,

7 каб мы, апраўданыя ласкай Ягонаю, сталіся спадкаемцамі надзеі жыцьця вечнага.

Парады для Ціта

8 Вернае слова, і хачу, каб ты сьцьвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта давесьці. Гэта добра і карысна людзям.

9 Дурных жа пытаньняў, радаводаў, спрэчак і змаганьняў наконт закону пазьбягай, бо яны некарысныя і пустыя.

10 Герэтыка пасьля першай і другой перасьцярогі абмінай,

11 ведаючы, што такі распусьціўся і грашыць, сам сябе асуджаючы.

12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікаполь, бо там вырашыў я зімаваць.

13 Зэна, законаведа, і Апалёса старана забясьпеч, каб усяго ім хапала.

14 Хай навучацца і нашыя быць першымі добрымі дзеяньнямі ў пільных патрэбах, каб не былі яны бясплоднымі.

Заканчэньне

15 Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі!

 

 

Ліст Філімону

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Павал, вязень Хрыста Езуса, і Цімафей, брат, умілаванаму Філімону, супрацоўніку нашаму,

2 і Апфіі, сястры, і Архіпу, таварышу нашаму ў змаганьні, і царкве, якая ў тваім доме знаходзіцца:

3 Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Езуса Хрыста.

Удзячнасьць Філімону

4 Дзякую я заўсёды Богу майму, колькі разоў успамінаю цябе ў сваіх малітвах,

5 чуючы аб любові тваёй і веры, якую маеш да Госпада Езуса і да ўсіх сьвятых,

6 каб супольнасьць веры тваёй сталася бачнай у пазнаньні ўсякіх даброцьцяў, якія маем у Езусе Хрысьце.

7 Бо вялікую радасьць меў я, браце, і пацеху з любові тваёй, бо сэрцы сьвятых супакоіліся праз цябе.

Просьба аб прабачэньні для Анісіма

8 Хоць я і маю вялікую адвагу ў Хрысьце загадаць табе, што да справы належыць,

9 усё ж такі дзеля любові лепш папрашу цябе, я, Павал, стары чалавек, а цяпер і вязень Езуса Хрыста.

10 Прашу цябе за майго сына, якога нарадзіў я ў кайданах, Анісіма,

11 які калісьці быў табе некарысны, а цяпер і мне, і табе карысны,

12 якога я табе вяртаю. Дык ты прыймі яго, як маё сэрца.

13 Хацеў я яго пры сабе затрымаць, каб мне за цябе паслужыў, калі я ў кайданах дзеля Эвангельля.

14 Але без парады з табою не хацеў зрабіць, каб часам вымушаным не было дабрадзейства тваё, але з добрае волі.

15 Можа быць, што ён адлучыўся ад цябе толькі на кароткі час, каб ты ўзяў яго навек, ужо не як нявольніка,

16 але вышэй за нявольніка, як брата найдаражэйшага, асабліва для мне, але тым больш табе, і адносна цела, і ў Госпадзе.

17 Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне.

18 Калі ж ён у чым пакрыўдзіў цябе, або што вінен, гэта на мяне залічы.

19 Я, Павал, напісаў уласнаю рукою, што я сплачу табе; каб пры тым не казаць табе, што і ты сам вінаваты мне.

20 Так яно, браце! Хачу я табою паслужыцца ў Госпадзе. Падтрымай маё сэрца ў Хрысьце.

Просьбы і прывітаньні

21 Спадзяючыся на тваю паслухмянасьць, напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш.

22 Адначасова прашу, прыгатуй мне кватэру, бо спадзяюся, дзякуючы вашым малітвам, што буду вернены вам.

23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Езусе,

24 Марк, Арыстарх, Дэмас і Лукаш, памочнікі мае.

25 Ласка Госпада Езуса Хрыста з духам вашым.

 

 

Ліст Гэбраям

 

 

Разьдзел 1
Уступ

1 Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.

2 У апошнія ж гэтыя дні, прамовіў Ён да нас праз Сына, якога паставіў спадкаемцам усяго, праз якога стварыў і вякі.

3 Ён - водбліск славы і адбітак Ягонай істоты, які трымае ўсё словам магутнасьці сваёй і, зьдзейсьніўшы ачышчэньне грахоў, сядзіць праваруч велічы на вышынях,

4 на столькі вышэйшы за анёлаў, на колькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.

Правышэйшасьць Новага Запавету
Вышэйшасьць Хрыста ад анёлаў.

5 Каму бо з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Ты - Сын Мой, Я Цябе сягоньня спарадзіў"? Або зноў: "Я буду Яму Бацькам, а Ён будзе Мне Сынам"?

6 А калі зноў уводзіць Першароднага ў сьвет, кажа: "І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы".

7 А да анёлаў вось што кажа: "Ён творыць анёламі сваімі духаў і слугамі сваімі полымя агню".

8 А да Сына: "Трон Твой, Божа, на вякі вечныя, скіпер справядлівасьці - скіпер валадарства Твайго.

9 Узьлюбіў Ты справядлівасьць і зьненавідзеў беззаконьне, таму намасьціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за супольнікаў Тваіх".

10 І яшчэ: "Ты, Госпадзе, на пачатку заснаваў зямлю, і неба - тварэньне рук тваіх.

11 Яны прападуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка састарэюць,

12 і як адзеньне зьменіш іх, і зьменяцца, а Ты той самы трываеш, і гады Твае ня спыняцца".

13 Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: "Сядзь праваруч Мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх ля падножжа ног Тваіх"?

14 Ці ж ня ўсе яны ёсьць паслугуючымі духамі, пасланымі на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленьне?

 

Разьдзел 2
Вернасьць Хрыстоваму аб'яўленьню

1 Таму неабходна нам пільна сачыць за тым, што чулі, каб часам не зыйсьці з дарогі.

2 Бо калі праз анёлаў абвешчанае слова мела такую моц, што ўсякі праступак і непаслухмянасьць атрымоўвалі справядлівую кару,

3 то якім чынам мы зможам ад яе ўхіліцца, калі мы занядбалі так вялікую (ласку) збаўленьня? Яно спачатку было абвешчана Госпадам, а ў нас умацавана было чуўшымі ад Яго

4 за падцьвярджэньнем Божым знакамі, і цудамі, і ўсякімі магутнасьцямі, і дарамі Духа Сьвятога, раздаванымі паводле Яго волі.

Хрыстос - Валадар мэсіянскага каралеўства.

5 Не анёлам бо падуладніў Бог будучы сьвет, пра які мы гаворым.

6 Засьведчыў жа хтосьці ў адным месцы, кажучы: "Хто такі чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?

7 Мала панізіў Ты яго ад анёлаў, хвалою і пашанаю ўкаранаваў Яго,

8 і ўсё паклаў Ты пад ногі яго". Калі ж усё паддаў Ягонай ўладзе, то нічога не засталося непадуладным Яму. Цяпер жа бачым, што яшчэ ня ўсё падчынена Яму.

9 Вось у Тым, які быў мала паніжаны ад анёлаў, бачым Езуса, замучанага сьмерцю, укаранаванага славай і пашанай, каб ласка Божая для ўсіх была выслужана сьмерцю.

10 Належылася бо, каб Той, для якога ўсё і праз якога ўсё было створана, Таго, каторы шмат сыноў прывёў у славу, Правадыра збаўленьня іхняга, удасканаліў праз цярпеньне.

11 Бо хто ўсьвячае і тыя, якія ўсьвячаюцца, ад Аднаго ўсе. Дзеля таго Ён не саромеецца называць іх братамі,

12 кажучы: "Абвяшчу імя Тваё Маім братам, пасярод сабраньня буду славіць Цябе".

13 І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". Ды яшчэ: ;Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог".

14 Дык калі дзеці сталіся ўдзельнікамі ў целе і крыві, і Ён таксама стаўся ўдзельнікам у іх (целе і крыві), каб сьмерцю зьнішчыць таго, які мае ўладу сьмерці, гэта значыць д'ябла,

15 і каб вызваліць тых, што праз страх сьмерці на ўсё жыцьцё былі адданыя ў няволю.

16 Бо не анёлаў Ён прыймае, але патомства Абрагама прыймае.

17 Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім упадобніцца да братоў, каб стацца міласэрным і верным Першасьвятаром у Бога, каб ачысьціць грахі народу,

18 бо таму, што Ён сам быў спакушаны і цярпеў, можа тым, якія спакушаныя, дапамагчы.

 

Разьдзел 3
Вышэйшасьць Хрыста ад Майсея

1 Дык, вось браты сьвятыя, удзельнікі нябеснага пакліканьня, пазнайце Апостала і Першасьвятара вызнаньня нашага, Езуса,

2 бо Ён верны Таму, хто Яго стварыў, як і Майсей у-ва ўсім доме Яго.

3 Бо Ён прызнаны дастойным славы большае за Майсея, як большую славу мае ў параўнаньні з домам той, хто яго збудаваў.

4 Кожны дом, вядома, некім пабудаваны, а вось Той, хто ўсё стварыў, ёсьць Бог.

5 І Майсей, вядома, верны быў у-ва ўсім доме Яго, як слуга, на сьведчаньне таго, што павінна было быць сказаным.

6 Хрыстос жа - як Сын у доме сваім. Дом жа гэты - мы, калі захаваем непахісны давер і слаўную надзею аж да канца.

Не сумнявайцеся ў абяцаньні

7 Таму вось што кажа Дух Сьвяты: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны,

8 не рабеце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня, як у дзень спакушэньня на пустыні,

9 дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, і выпрабоўвалі, хоць і бачылі даконы Мае праз сорак гадоў.

10 Таму вось разгневаўся Я на гэта пакаленьне і сказаў: заўсёды блукаюцца яны сэрцам; не пазналі яны вось шляхоў Маіх.

11 Дык пакляўся Я ў гневе Маім: Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".

12 Глядзіце, браты, каб не было між вас прыпадкам ліхога сэрца няверучага, што адступіцца ад Бога жывога,

13 але заахвочвайце самі сябе што дня, пакуль трывае гэтае "сёньня", каб не зацьвярдзеў хто з вас праз падман грэху.

14 Бо супольнікамі Хрыста сталіся мы, калі толькі пачатае жыцьцё аж да канца захаваем,

15 Бо кажа: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цьвёрдымі сэрцаў вашых, як у час узбунтаваньня".

16 Бо некаторыя, слухаючы, абураліся, але ня ўсе, што выйшлі з Эгіпту з Майсеем.

17 На каго ж гневаўся Ён праз сорак гадоў? Ці не на тых, што саграшылі, чые косьці параскіданы па пустыні?

18 А каму ж гэта пакляўся, што ня ўвойдуць ў супачынак Ягоны, калі ня тым, што не паверылі?

19 І бачым, што не змаглі ўвайсьці праз недаверства.

 

Разьдзел 4
Супачынак Бога

1 Высьцерагаймася тады таго, каб, калі яшчэ трывае абяцаньне ўвайсьці ў Ягоны супачынак, не падумаў хто з вас часам, што яго пазбаўлены.

2 Бо і нам абвешчана добрая вестка таксама як і тым, але не дало карысьці ім чутае слова, бо не спалучана было яно з вераю тых, якія гэта слова чулі.

3 Бо мы, паверыўшыя, уваходзім у супачынак, бо Ён сказаў: "Як пакляўся Я ў гневе Маім: Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой", хоць даконы Ягоныя былі скончаныя ад заснаваньня сьвету.

4 Бо Ён сказаў у адным месцы пра сёмы дзень так: "І супачыў Бог у сёмы дзень ад усіх дзеяньняў сваіх".

5 І вось яшчэ зноў: "Ня ўвойдуць яны ў супачынак Мой".

6 Дык вось застаецца, што ўвойдуць у супачынак некаторыя, а тыя, якім было раней абвешчана, не ўвайшлі з прычыны непаслухмянства свайго.

7 Дык зноў вызначае Ён нейкі дзень, "Сёньня", кажучы праз Давіда па некаторым часе, як і перад гэтым было сказана: "Сёньня, калі пачуеце голас Ягоны, не рабіце цьвёрдымі сэрцаў вашых".

8 Калі б Ёзуэ ўвёў іх у супачынак, ніколі б не гаварыў (Бог) пра іншы дзень пасьля гэтага.

9 Дык пакідаецца адпачынак (суботы) для народу Божага.

10 Бо хто ўвайшоў у супачынак Ягоны, таксама супачне ад працы сваёй, як і Бог ад сваёй.

11 Дык стараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто-небудзь не папаўся ў той самы прыклад непаслухмянасьці.

12 Бо жывое Слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага мяча двусечнага, і пранікае ажно да разьдзяленьня душы і духа, саставаў і шпіку, і судзіць думкі і намеры сэрца.

13 Ніводнае тварэньне перад ім не схаваецца, усё вачам Яго абнажона і адкрыта, Яму належыцца ад нас разрахунак.

Вышэйшасьць сьвятарства Хрыста
Хрыстос - сапраўдны Першасьвятар

14 Маючы вось Першасьвятара вялікага, прайшоўшага праз неба, Езуса, Сына Божага, трымаймася моцна вызнаньня.

15 Бо маем мы не такога Першасьвятара, які б ня мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобна нам, спакушанага ў-ва ўсім, апроч грэху.

16 Хадзем жа тады з даверам да Ягонага трону ласкі атрымаць міласэрдзе і знайсьці ласку патрэбнай дапамогі.

 

Разьдзел 5

1 Бо ўсякі першасьвятар з людзей бярэцца і для людзей стаўляецца ў тых справах, якія адносяцца да Бога, каб складаў дары і ахвяры за грахі,

2 каб мог спачуваць тым, што ня ведаюць, або заблукалі, бо ён і сам адчувае кволасьць,

3 і таму павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.

4 Ніхто сам сабе ня возьме гэтай дастойнасьці, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон.

5 Так і Хрыстос ня сам сябе ўславіў дастойнасьцю стацца Першасьвятаром, але Той, які сказаў Яму: "Ты - Сын Мой, Я сёньня спарадзіў Цябе",

6 як падобна ў іншым месцы Ён кажа: "Ты - сьвятар навекі на ўзор Мэльхісэдэха".

7 Ён у дні (жыцьця) цела свайго моцным голасам і са сьлязьмі прыносіў малітвы і просьбы свае Таму, каторы мог захаваць Яго ад сьмерці, і выслуханы быў дзеля сваёй богаадданасьці.

8 І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасьці,

9 і выканаўшы (усё), стаўся ўсім слухаючым Яго прычынай збаўленьня вечнага,

10 названы Богам Першасьвятаром на ўзор Мэльхісэдэха.

Трымайцеся Езуса Хрыста

11 Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выясьніць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць.

12 Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам словаў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цяжкая страва.

13 Кожны з вас хто корміцца малаком, нясьведамы слова справядлівасьці, бо ён - дзіцятка.

14 Для дарослых жа цяжкая страва, бо яны праз ужываньне маюць розум, каб разабрацца што добрае, а што благое.

 

Разьдзел 6

1 Дзеля таго, мінуўшы пачаткі слова Хрыстовага, уздымемся да справаў больш дасканалых, не бяручыся зноў закладваць падмуркі адносна пакуты за мёртвыя ўчынкі і адносна веры ў Бога,

2 навукі аб хросьце, а таксама ўскладаньня рук, уваскрасеньня мёртвых і вечнага суду.

3 І гэта зробім, калі Бог дазволіць.

4 Немагчыма бо ёсьць, каб тыя, што ўжо раз былі асьвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога,

5 якія добра пакаштавалі Божае Слова і магутнасьць будучага веку,

6 ды адпалі, маглі быць адноўленыя да пакуты. Крыжуюць вось яны зноў у саміх сабе Сына Божага і зьневажаюць Яго.

7 Бо зямля, поеная частым дажджом і родзячая расьліны на карысьць тым, якія яе абрабляюць, атрымлівае багаславенства ад Бога.

8 А калі родзіць церні і пустазельле, дык яна - непрыдатная і на праклён, і канец яе - спаленьне.

9 Спадзяемся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і бліжэйшыя збаўленьня, хоць мы і гаворым гэтак.

10 Бог бо справядлівы і не забудзецца ўчынкаў вашых і любові, якую выказалі вы дзеля імя Ягонага, паслугаваўшы і паслугуючы сьвятым.

11 Жадаем вам, каб кожны з вас выявіў руплівасьць у дасканаленьні надзеі аж да канца,

12 каб ня сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі пасьлядоўнікамі тых, якія вераю і цярплівасьцю бяруць у спадчыну абяцаньне.

13 Бо Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб мог на яго прысягнуць, пакляўся самім сабою,

14 кажучы: "Багаслаўляючы, багаслаўляю цябе і, памнажаючы, памножу цябе".

15 І так (Абрагам), доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.

16 Людзі бо на вышэйшага ад сябе запрысягаюцца, і кожная спрэчка паміж імі канчаецца прысягаю на завярэньне.

17 Дзеля таго і Бог, хочучы спадкаемцам абяцаньня падкрэсьліць непарушнасьць свайго намеру, скарыстаўся прысягай,

18 каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную пацеху, мы, што хістаючыся, хапаем дадзеную нам надзею,

19 якую маем як якар душы, бясьпечны і пэўны, які пранікае аж за заслону,

20 куды за нас як папярэднік увайшоў Езус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасьвятаром навек.

 

Разьдзел 7
Езус - Першасьвятар на ўзор Мэльхісэдэха

1 Гэты вось Мэльхісэдэх, кароль Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, выйшаў на спатканьне Абрагама, які вяртаўся пасьля разгрому каралёў, і багаславіў яго.

2 Яму таксама даў Абрагам дзесяціну з усяго (здабытку). Імя яго абазначае, па-першае кароль справядлівасьці, а потым і кароль Салему, што значыць: кароль Супакою.

3 Бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, без пачатку дзён і ня маючы канца жыцьця, ён упадобніўся Сыну Божаму і застаецца сьвятаром навекі.

4 Дык бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Абрагам даў дзесяціну з усяго здабытку.

5 Дык і тыя з сыноў Левія, што атрымоўваюць сьвятарства, маюць права браць дзесяціны з народу паводле закону, значыць ад братоў сваіх, хоць і яны выводзяцца з паясьніцы Абрагама.

6 Той жа не залічаўся да іх роду, узяў аднак дзесяціну ад Абрагама і таго, які меў абяцаньне, пабагаславіў.

7 Без ніякай супярэчнасьці той, хто меншы, багаславіцца старэйшым.

8 І тут людзі сьмяротныя бяруць дзесяціны, а там той, хто мае сьведчаньне, што жыве.

9 І калі можна так сказаць, таксама і Леві, які бярэ дзесяціны, аддаў дзесяціну ў асобе Абрагама,

10 бо ён яшчэ быў у паясьніцы бацькі, калі Мэльхісэдэх выйшаў яму насустрач.

11 Калі б дасканаласьць дасягальнай была праз сьвятарства левітаў, народ бо атрымаў закон, які абапіраецца на ім, то пашто было ўстанаўляць яшчэ іншага сьвятара на ўзор Мэльхісэдэха, а не на ўзор Аарона?

12 Бо са зьменай сьвятарства павінен зьмяніцца і закон.

13 Той, пра якога тут гаворыцца, паходзіць з іншага пакаленьня, з якога ніхто не служыў пры аўтары.

14 Ведама ж, што з Юды паходзіць наш Госпад, а Маісей нічога не казаў аб сьвятарах з гэтага пакаленьня.

15 Дык гэта яшчэ больш выразным становіцца, калі на ўзор Мэльхісэдэха выступае іншы сьвятар,

16 каторы не паводле закону цела стаўся такім, але паводле моцы нязьменнага жыцьця.

17 Бо вось прыводзіцца сьведчаньне аб ім: "Ты - сьвятар навекі на ўзор Мэльхісэдэха".

18 Такім чынам касуецца папярэдні закон дзеля яго кволасьці і некарыснасьці.

19 Нічога бо не давёў той закон да дасканаласьці, але быў аднак уступам лепшай надзеі, праз якую набліжаемся да Бога.

20 Тым больш, што сталася гэта ня без прысягі, бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі,

21 а гэты - з прысягаю Таго, які сказаў Яму: "Запрысяг Госпад і не пашкадуе: Ты - сьвятар навекі".

22 Вось чаму Езус стаў Паручыцелем лепшага запавету.

23 І тых многа ставалася сьвятарамі, таму што сьмерць спыняла іх існаваньне;

24 Гэты праз тое, што трывае вечна, мае сьвятарства непераходзячае.

25 Дзеля таго і збаўляць можа Ён назаўсёды прыступаючых праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб за нас заступацца.

26 Такога вось належылася мець нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, аддзеленага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над неба,

27 які не павінен, як іншыя першасьвятары, складаць штодзень ахвяры перш за свае грахі, а пасьля - за грахі народу, бо гэта Ён зрабіў раз на заўсёды, складаючы (у ахвяру) самога сябе.

28 Закон бо стаўляе першасьвятарамі людзей кволых, слова ж прысягі, дадзенай пасьля закону, паставіла Сына, дасканалага на-векі.

 

Разьдзел 8
Вышэйшасьць ахвяры Хрыста
Стары і Новы Запавет

1 З разважаных намі справаў галоўная тая, што мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона Велічы ў небе,

2 служыцеля сьвятыні і праўдзівае палаткі, пастаўленай Госпадам, а не чалавекам.

3 Кожны сьвятар стаўляецца складаць дары і ахвяры, таму трэба, каб і гэты меў нешта для ахвяры.

4 Калі б Ён заставаўся на зямлі, то ня быў бы сьвятаром, таму што ёсьць тут такія сьвятары, што складаюць дары паводле закону.

5 Яны служаць вобразу і цені (рэчаіснасьцяў) нябесных, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: "Глядзі вось, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары".

6 Цяпер вось Ён атрымаў лепшае служэньне на столькі, на колькі стаўся пасярэднікам лепшага запавету, які абапіраецца на лепшых абяцаньнях.

7 Бо калі б той першы (запавет) быў без заганы, то ня трэба было б шукаць на яго месца другога.

8 Бо ганячы іх, кажа: "Вось жа настануць дні, - кажа Госпад, - і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,

9 не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай, бо яны ня вытрывалі ў Маім запавеце, і Я пакінуў іх, - кажа Госпад.

10 Вось жа запавет, які Я дам дом у Ізраэля ў тыя дні, - кажа Госпад, - Дам закон Мой у іх думкі ды ў сэрцы іхнія ўпішу яго, і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.

11 І ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго, ані брата свайго, кажучы: "Пазнай Госпада!" Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найбольшага з іх.

12 Бо міласэрным буду да іх беззаконьняў і ня ўспомню больш пра іхнія грахі".

13 Кажучы пра "новы", першы прызнаў старым. А тое, што старое і здаўніваецца, тое блізкае зьніштажэньня.

 

Разьдзел 9
Вынікі ахвяры Хрыстовай

1 Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэньня і зямную сьвятыню.

2 Была гэта палатка пастаўленая, у першай частцы якой, называнай (месцам) Сьвятым знаходзіўся сьвечнік, стол і хлябы пакладныя.

3 А за другой заслонай знаходзілася другая палатка, якая звалася "Сьвятое з сьвятых",

4 у якой быў залаты кадзільнік і каўчэг запавету, абложаны з кожнага боку золатам, у якім была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расьцвіў, ды табліцы запавету,

5 а зьверху над каўчэгам былі херубіны славы, ацяняючыя перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.

6 Так вось было ўсё паложана, і да перашай часткі скініі заўсёды ўваходзяць сьвятары, адпраўляючы служэньне сьвятое.

7 Да другой жа часткі скініі толькі раз у год адзін першасьвятар уваходзіў, ды не без крыві, якую складаў у ахвяры за свае грахі і за грахі свайго народу.

8 Гэтым паказвае Дух Сьвяты, што яшчэ не адкрыта дарога да Сьвятога (месца), пакуль стаіць ранейшая палатка.

9 Гэта сымбаль цяперашняга часу, у якім складаныя дары і ахвяры ня могуць зрабіць дасканалым сумленьне таго, які служыць,

10 і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усялякіх абмываньняў паводле зьнешніх пастановаў, пастаўленых да часу выпраўленьня.

11 Але Хрыстос, зьявіўшыся як Першасьвятар будучых даброцьцяў, праз вышэйшую і дасканалейшую, і не рукой, значыць, не на гэтым сьвеце, пастаўленую скінію,

12 і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і на заўсёды ў (месца) Сьвятое, здабыўшы вечнае адкупленьне.

13 Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усьвячае нячыстых, даючы ачышчэньне цела,

14 дык тым больш кроў Хрыста, які ахвяраваў самога сябе Богу праз Духа Сьвятога, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому.

15 Вось таму Ён ёсьць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз сьмерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага.

16 Бо там, дзе ёсьць запавет, там павінна прыйсьці сьмерць таго, хто гэты запавет састаўляе.

17 Запавет толькі пасьля сьмерці набірае правамоцнасьць, іначай ён ня мае вартасьці, пакуль жыве той, хто яго саставіў.

18 Таму і першы запавет быў зацьверджаны не без крыві.

19 Калі ўжо Маісей абвясьціў усяму народу ўсе прыказаньні закону, узяў (ён) кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам, і пакрапіў як саму кнігу, так і ўвесь народ,

20 кажучы: "Гэта кроў запавету, які Бог вам загадаў".

21 Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і скінію, і ўсе начыньні, прызначаныя для служэньня.

22 І амаль усё па закону крывёй ачышчаецца, і без праліцьця крыві няма адпушчэньня.

23 З гэтага вынікае, што вобразы рэчаў нябесных у такі спосаб былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяраў.

24 Хрыстос жа ўвайшоў не ў сьвятыню, пастаўленую рукамі людзей, будучай адбіткам праўдзівай, але ў самае неба, каб адтуль заступацца за нас у прысутнасьці Бога,

25 ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца як першасьвятар, які што год уваходзіць у Сьвятое з Сьвятых з чужой крывёю,

26 інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснаваньня сьвету. А вось Ён раз аб'явіўся ў гэты час перад канцом сьвету дзеля зьнішчэньня грахоў праз ахвяраваньне самога сябе.

27 І як ўстаноўлена людзям раз памерці, а пасьля - суд,

28 так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля зьнішчэньня грахоў многіх, а другі раз зьявіцца бяз грэху дзеля збаўленьня тых, якія Яго чакаюць.

 

Разьдзел 10
Скасаваньне ахвяраў Старога Запавету

1 Закон, маючы цень будучых даброцьцяў, а не саму рэчаіснасьць, аднымі і тымі самымі ахвярамі, што год усьцяж складанымі, ніколі ня можа ўдасканаліць тых, каторыя прыступаюцца (з імі).

2 Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, ня мелі б ужо сьвядомасьці грэху.

3 Аднак прыпамінаньне грэху што год усё ж застаецца.

4 Немагчыма бо крывёй валоў і казлоў ачысьціцца ад грахоў.

5 Таму, прыходзячы на сьвет, кажа (Хрыстос): "Ахвяры і дару не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.

6 Цэлапаленьні і ахвяры за грэх не падабаюцца Табе.

7 Тады сказаў Я: Вось іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю".

8 Сказаўшы раней: "Ахвяраў і дароў, цэлапаленьняў і ахвяраў за грэх не захацеў Ты, і не падабаюцца яны Табе", хоць і складаюцца паводле закону,

9 потым сказаў: "Вось іду, каб выканаць, Божа, волю Тваю". Касуе першае і ўстанаўляе другое.

10 На моцы той волі асьвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Езуса Хрыста.

11 І кожны сьвятар штодзень служыць і часта ахвяроўвае тыя самыя ахвяры, якія ніяк ня могуць ачысьціць ад грахоў.

12 Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,

13 чакаючы, аж пакуль у канцы ворагі Ягоныя будуць паложаны да падножжа ног Ягоных.

14 Вось Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на вякі тых, якія асьвечаны.

15 Сьведчыць нам аб гэтым і Дух Сьвяты, бо сказана:

16 "Такі вось запавет, які заключу з імі ў гэтых днях, - кажа Госпад, - даючы законы Мае ў іхнія сэрцы, і ў розумы іхнія ўпішу іх,

17 ды грахоў і беззаконіяў іхніх ужо ўспамінаць ня буду".

18 А дзе адпушчэньне (грахоў), там ужо больш ня трэба ахвяры за грэх.

Заахвочваньне трываць у веры
Вернасьць новаму аб'яўленьню

19 Дык маючы тады, браты, пэўнасьць ўвайсьці ў (месца) Сьвятое праз кроў Езуса,

20 які даў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела сваё,

21 і маючы вялікага Першасьвятара над домам Божым,

22 прыступайма са шчырым сэрцам, у поўні веры, ачысьціўшы сэрцы ад усякай сьвядомасьці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.

23 Трымаймася непарушна надзеі, якую вызнаем, бо верны ёсьць Той, які нам даў абяцаньне;

24 і зважайма адзін на аднаго, ажыўляючы любоў і ахвоту да добрых учынкаў.

25 Не прапускайма нашых супольных сабраньняў, як сталася звычкай некаторых, але пацяшаймася, і тым больш, чым больш бачым надыходзячы дзень.

26 Калі бо мы дабраахвотна грашым, маючы пазнаньне праўды, дык няма ўжо ахвяры за грэх,

27 але толькі нейкае страшнае чаканьне суду і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.

28 Хто не падпарадкоўваецца Закону Майсея, таго без ніякага міласэрдзя караюць сьмерцю пры двух або трох сьведках.

29 Падумайце самі, як шмат страшнейшых караў варты той, які Сына Божага патаптаў ці кроў запавету, якой быў асьвечаны, за звычайную лічыў, або Духа ласкі зьняважыў?

30 Мы бо ведаем Таго, хто сказаў: "Мне помста, і Я дам адплату", або зноў: "Сам Госпад будзе судзіць свой народ".

31 Страшна папасьці ў рукі Бога жывога.

32 Прыпомніце мінулыя дні, у якіх вы, прасьвечаныя, перанесьлі вялікі навал пакутаў,

33 іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зьняваг і цярпеньняў, або іншы раз быўшы сучасьнікамі падобнае перажываючых.

34 Бо пакутвалі вы разам з увязьненымі, і з радасьцю прынялі вы рабунак вашай маёмасьці, ведаючы, што маеце багацьце лепшае, трывалае.

35 Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое дасьць вялікую ўзнагароду.

36 Мейце цярплівасьць, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцаньня.

37 Яшчэ вось крыху, крыху, і прыйдзе Той, які павінен прыйсьці, і не замарудзіць.

38 Бо справядлівы верай жыве; калі б хто хістаўся, не спадабаўся б душы Маёй.

39 Мы ж не зьяўляемся адступнікамі на сваю загубу, але веручымі на збаўленьне душы.

 

Разьдзел 11
Героі веры

1 Вера - гэта зарука чаканага і пэўнасьць у рэчах, якіх ня бачым.

2 Дзякуючы веры продкі атрымалі сьведчаньне.

3 Вераю пазнаём, што Словам Божым наладжаны вякі, каб з нябачных паўсталі рэчы, якія мы бачым.

4 Праз веру Абель прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён справядлівы. Бог бо засьведчыў пра яго дары, і хоць ён памёр, верай дагэтуль гаворыць.

5 Вераю Генох перанесены быў, каб ня бачыў сьмерці, і не знайшлі яго, бо забраў яго Бог; бо перад узяцьцем меў сьведчаньне, што ён мілы Богу.

6 А бяз веры немагчыма падабацца (Богу). Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае нагароду.

7 Вераю атрымаў Ной аб'яўленьне аб тым, чаго яшчэ ня бачана, і з боязьні пабудаваў каўчэг на выратаваньне сям'і сваёй. Вераю асудзіў ён сьвет і праз веру стаўся ўдзельнікам справядлівасьці, якая верай здабываецца.

8 Вераю пакліканы Абрагам паслухаўся пайсьці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, ня ведаючы, куды ідзе.

9 Вераю асеў ён у Зямлі Абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцаньня.

10 Спадзяваўся бо на горад, які мае моцныя фундаманты, будаўнічы якога і творца - Бог.

11 Вераю тая самая Сара, бясплодная, ня гледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацьце патомка, бо паверыла, што верны Той, які даў абяцаньне.

12 Дзеля таго і ад аднаго кволага чалавека, і амярцьвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.

13 Усе тыя памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы тое абяцанае, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госьці.

14 Бо каторыя так кажуць, паказваюць, што шукаюць праўдзівай бацькаўшчыны.

15 Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б магчымасьць у яе вярнуцца.

16 Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.

17 Вераю ахвяраваў Абрагам Ізаака, выстаўлены на спробу, і то адзінага сына склаў у ахвяру, хаця ён і атрымаў абяцаньне,

18 і яму было сказана: "Ад Ізаака будзе названа тваё патомства".

19 Верыў жа ён, што і памёршага можа Бог уваскрасіць; дзеля таго дастаў яго (назад) як сымбаль.

20 Вераю ў будучае пабагаславіў Ізаак Якуба і Эзава.

21 Вераю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.

22 Вераю Язэп, паміраючы, успомніў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэньне адносна сваіх касьцей.

23 Вераю Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэньня, бо бачылі, што прыгожае ёсьць дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.

24 Вырасшы, Маісей вераю запярэчыў, што ён - сын дачкі фараона,

25 лепш выбіраючы перасьледаваньне разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху.

26 Лічыў бо за большае багацьце зьнявагі Хрыстовыя, чым скарбы Эгіпецкія, бо памятаў аб узнагародзе.

27 Вераю пакінуў ён Эгіпет, не збаяўшыся злосьці фараонскае; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.

28 Вераю справіў Пасху і апырскваньне крывёй, каб не крануўся іх той, які пазабіваў усё першароднае.

29 Вераю перайшлі яны Чырвонае Мора, як быццам па сухой зямлі, калі ж спрабавалі гэта зрабіць Эгіпцяне, патапіліся.

30 Вераю паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.

31 Вераю блудніца Рагаб не прапала разам з няверучымі, бо гасьцінна прыняла выведчыкаў.

32 Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Ефтэ, Давіда, Самуэля і прарокаў,

33 якія вераю перамагалі каралеўствы, аказвалі справядлівасьць, атрымоўвалі абяцаньні, закрывалі ляпы львам,

34 тушылі полымя агню, усьцерагаліся сьмерці ад мяча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў.

35 (Праз іх) жонкі атрымлівалі сваіх памёршых уваскросшымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы асвабаджэньня, каб атрымаць лепшае ўваскрасеньне;

36 іншыя ж нацярпеліся зьдзекаў і біцьця і ды яшчэ кайданаў ды вастрогаў,

37 каменавалі іх і рэзалі, гінулі яны ад мяча, туляліся ў авечых і казьліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.

38 Не варты быў іх сьвет, блукаліся па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.

39 І ўсе гэтыя, атрымаўшы сьведчаньне праз веру, не атрымалі абяцаньня,

40 дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.

 

Разьдзел 12
Хрыстос - прыклад вытрываласьці

1 Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і блутаючы нас грэх, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганьні,

2 гледзячы на пачынальніка і ажывіцеля, крыніцу і завяршыцеля веры, Езуса, які замест радасьці, што была перад Ім, перанёс крыж, ня гледзячы на ганьбу (яго), і сеў праваруч трону Божага.

3 Разважце тады пра Яго, які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную нянавісьць адносна сябе, каб і вы не аслабелі, калі вам сілы душы ня стане.

4 Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,

5 і забыліся аб перасьцярозе, якую вам, як дзецям, напамінае, кажучы: "Сыне мой, ня грэбуй карай Госпада, ня падай духам, калі Ён цябе выпрабоўвае;

6 каго бо Госпад любіць, таго і карае, ды б'е кожнага сына, якога прыймае".

7 Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж бо гэта быў сын, каб яго бацька не навучаў?

8 Але калі вы будзеце без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.

9 Адсюль, калі мы бацькоў цела нашага мелі, якія нас вучылі, і шанавалі іх, дык ці ня шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць.

10 І тыя навучалі нас, як самі бачылі, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас удзельнікамі сваёй сьвятасьці.

11 Усякае пакараньне цяпер падаецца ня радасьцю, а сумам, але пасьля павучаным дасьць добры плод справядлівасьці.

12 Дзеля таго выпрастуйце апушчаныя рукі і самлелыя калені

13 і простыя рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы ня зьбіўся з дарогі, а лепш паздаравеў.

Вернасьць абяцаньню і ласцы Божай

14 Будзьце ў згодзе з усімі і ўсьвячайцеся, без гэтага бо ніхто ня ўбачыць Бога.

15 Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не заглушыў яе, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,

16 каб ня стаў хто распусьнікам або легкадумным, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго перашародзтва.

17 Бо ведаеце, што пасьля, жадаючы атрымаць багаславенства, быў адхілены, бо не знайшоў месца навярненьня, хоць і шукаў яго са сьлязамі.

Абавязкі хрысьціянаў

18 Бо вы не прыступіліся да гары дакранальнай і палаючага агню, і шалеючага ветру ды туману і буры

19 і гуку трубы і гоману словаў, ад якога чуўшыя, прасіліся, каб не гаварылася да іх слова.

20 Бо ня вытрымалі таго, што ім загадана было: "Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменаваная".

21 І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: "Перапалоханы я і дрыжу".

22 Але вы прыступіліся да гары Сыёну і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліму і безьлічы анёлаў, да зграмаджэньня

23 і да царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласьці,

24 і да Пасярэдніка Новага Запавету, Езуса, да крыві акрапленьня што мацней, чым кроў Абля прамаўляе.

25 Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, хто гаворыць. Калі бо тыя не пазбегнулі кары, адвярнуўшыся ад Таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, які да нас з неба гаворыць.

26 Голас Ягоны страсянуў тады зямлёю, а цяпер прыракае, кажучы: "Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлёю, але і небам".

27 Што кажа "яшчэ раз", дык абвяшчае зьмяненьне зьменных рэчаў, каб засталіся толькі тыя, што не зьмяняюцца.

28 Дык вось, каб атрымаць каралеўства непарушнае, стараймася жыць у ласцы, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму са страхам і пашанаю.

29 Бо Бог наш - гэта агонь паглынаючы.

 

Разьдзел 13

1 Няхай трывае між вамі братняя любоў.

2 Не забывайцеся пра гасьціннасьць, бо дзякуючы ёй некаторыя, ня ведаючы, анёлам аказалі гасьціннасьць.

3 Памятайце пра вязьняў, як быццам і вы разам з імі былі зьняволенымі, і пра знаходзячыхся ў бедах, бо і вы самі маеце цела.

4 Няхай у ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыцьцё беззаганнае, бо распусьнікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.

5 Жывіце без сквапнасьці (на грошы); будзьце задаволенымі тым, што маеце. Ён бо сказаў: "Не адхінуся ад цябе і ня кіну цябе".

6 Дык трэба, каб з даверам казалі: "Госпад - Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?"

7 Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Слова Божае і, сочачы за ходам іхняга жыцьця, будзьце іхнімі пераймальнікамі ў веры.

8 Езус Хрыстос той самы ўчора, сёньня і на векі.

9 Не дайцеся зьвесці рознымі чужымі вучэньнямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а ня ежаю, якая не дапамагла тым, што ганяюцца за ёю.

10 Маем аўтар, з якога ня маюць права есьці тыя, што паслугоўваюць у скініі.

11 Целы бо тых жывёлін, кроў якіх за грахі прыносіцца першасьвятаром у (месца) Сьвятое, паляцца за табарам.

12 Таму і Езус, каб усьвяціць народ сваёй крывёй, быў замучаны за брамаю (гораду).

13 Дык выйдзьма і мы да Яго з табару, пераносячы разам з Ім зьдзекі,

14 бо ня маем тут трывалага гораду, але шукаем будучага.

15 Дык праз Яго заўсёды складайма ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, праслаўляючых Ягонае імя.

16 Не забудзьцеся пра дабрадзейнасьць і супольнасць, такія бо ахвяры мілыя Богу.

17 Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, а бо яны чуваюць над душамі вашымі, за якія павінны разрахавацца (перад Богам). Дык няхай яны гэта з радасьцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысьць вам.

Заключныя напаміны і багаславенства

18 Маліцеся за нас, бо ўпэўненыя мы ў тым, што маем чыстае сумленьне, жадаючы добра ў-ва ўсім паступаць.

19 Асабліва прашу вас прычыніцца да таго, каб чым хутчэй мог я вярнуцца да вас.

20 Бог жа супакою, які падняў з памёршых вялікага Пастыра авечак ў крыві вечнага Запавету, Госпада нашага Езуса,

21 хай пакіруе вас да ўсякага дабра, каб спаўнялі вы Яго волю, выковаючы ў нас усё, што Яму падабаецца, праз Езуса Хрыста, якому хвала на вякі вечныя. Амэн.

22 Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвоты, бо толькі трохі напісаў я вам.

23 Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.

24 Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх сьвятых. Перасылаюць вам паклон браты з Італіі.

25 Ласка з вамі ўсімі.

 

 

Ліст сьв. ап. Якуба

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Якуб, слуга Бога і Госпада Езуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленьняў, што ў расьцярушаньні.

Цярплівасьць у выпрабаваньнях і спакусах

2 Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасьць, калі вас трывожаць розныя спакусы.

3 Ведайце, што выпрабаваньне веры вашай выклікае цярплівасьць.

4 Цярплівасьць жа вядзе да чыну дасканалага, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.

5 Калі ж каму не хапае мудрасьці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра без дакораў, і дасьць яму.

6 Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.

7 Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,

8 бо ён - чалавек двудушны ды нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.

9 Хай пакорны брат ганарыцца са свайго падвышэньня,

10 а багаты - са свайго паніжэньня, бо праміне, як краска палявая.

11 Бо ўзыйшло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды завяла разам краска, і счэз прыгожы выгляд. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.

12 Шчасьлівы чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаваньні атрымае вянок жыцьця, абяцаны Богам тым, што любяць Яго.

13 Хай ніхто спакушаны ня кажа, што Бог яго спакушае, бо Бог не дазнае спакусы зла, ды нікога не спакушае.

14 Зводзіць кожнага сваё пажаданьне ды яго прывабнасьць.

15 А пажаданьне, пачаўшы, спрычыняе грэх, а дапушчаны грэх спрычыняе сьмерць.

16 Не дапушчайцеся грэху, браты мае найдаражэйшыя!

17 Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з гары ад Айца сьвятла зыходзіць, у каторага няма перамены ані ценю зьменнасьці.

18 Нарадзіў нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Ягоных тварэньняў.

Слуханьне і выкананьне Слова Божага

19 Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі слухаць, а павольны да гутаркі ды няскоры да злосьці.

20 Бо злосьць чалавека не спрычыняецца да справядлівасьці Божай.

21 Дык адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосьць, і з пакораю прыймайце засеянае ў вас слова, каторае можа збавіць душы вашыя.

22 Будзьце выканаўцамі слова, а ня толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.

23 Бо калі хто толькі слухае слова, а не спаўняе яго, ён падобны да чалавека, які аглядае ўласны воблік свой у люстэрку;

24 бо ён паглядзеў на сябе, адыйшоўся і зараз забыўся, якім ён быў.

25 Хто ж спазнае дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не забываючым слухачом, але выканаўцам чыну, і шчасьлівы будзе ў сваёй дзейнасьці.

26 Калі хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.

27 Пабожнасьць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца сіротамі і ўдовамі, памагаючы ў іхніх бедах ды беззаганным усьцерагчыся ад гэтага сьвету.

 

Разьдзел 2
Вера не аглядаецца на асобу

1 Браты мае! У веры вашай у Госпада нашага Езуса Хрыста праслаўленага не аглядайцеся на асобу.

2 Бо калі б на вашае сабраньне прыйшоў чалавек з залатым пярсьцёнкам, багата адзеты, ды прыйшоў таксама чалавек бедны ў брудным адзеньні,

3 дык ці вы не зьвярнулі б ўвагі на таго, пышна адзетага, і ці не сказалі б: "Сядзь тут на выгодным месцы", а беднаму пэўна сказалі б: "Ты пастой там, або сядзь каля маіх ног".

4 Дык ці вы ня судзіце ў сабе і ці ня робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?

5 Паслухайце, браты мае ўмілаваныяя! Ці ня выбраў Бог бедных гэтага сьвету на багатых вераю і на спадкаемцаў Каралеўства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?

6 Вы ж зьняважылі беднага. Ці не багатыя зьдзекуюцца над вамі, і ці не яны цягаюць вас па судах?

7 Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?

8 Дык калі выпаўняеце каралеўскі закон паводле Пісаньня: "Любі бліжняга свайго як самога сябе," - добра робіце.

9 Калі ж аглядаецеся на асобы, дапускаецеся грэху і будзеце асуджаныя законам як злачынцы.

Закон свабоды

10 Хоць бы хто споўніў увесь закон, а парушыў толькі адно прыказаньне, становіцца ў-ва ўсім вінаватым.

11 Бо Той, хто сказаў: "Не чужалож", сказаў таксама: "Не забівай". Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.

12 Гаварыце і рабіце так, як людзі, каторыя будуць суджаны па закону свабоды.

13 Таму, хто не аказаў міласэрдзя, будзе суд без міласэрдзя, бо міласэрдзе вышэй суду.

Вера без учынкаў мёртвая

14 Што за карысьць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў ня меў бы? Ці такая вера збавіць яго?

15 Калі брат або сястра ня маюць у што адзецца ды ня маюць на штодзень хлеба,

16 а нехта з вас скажа ім: "Ідзеце ў супакоі, грэйцеся і ешце", ды ня дасьць ім таго, што неабходнае целу, што за карысьць?

17 Так і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.

18 Можа скажа хто: "Ты маеш веру, а я - учынкі". Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе маю веру са сваіх учынкаў.

19 Ты верыш, што адзін ёсьць Бог? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!

20 Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў бясплодная?

21 Ці ж не з учынкаў апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі склаў у ахвяру на аўтары сына свайго Ізаака?

22 Бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі, ды вера праз учынкі сталася дасканалай.

23 І збылося Пісаньне, дзе сказана: "Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за заслугу", і таму названы ён сябрам Божым.

24 Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, але не сама вера.

25 Падобна і распусьніца Рагаб ці не з учынкаў была апраўдана, прыймаючы пасланцаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?

26 Як бо цела бяз духа мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.

 

Разьдзел 3
Грахі языка

1 Хай з вас многія ня квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, бо тым цяжэйшы, ведайце, атрымаем прысуд.

2 Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама авалодаць усім целам сваім.

3 Калі акелзаваем коні, каб слухаліся нас, то кіруем усім іхнім целам.

4 Вось і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды корнік захоча.

5 Так і язык, хоць малая частка цела, вялікую ролю мае. Вось малы агеньчык вялікі лес падпальвае.

6 І язык - гэта агонь, прычына ўсякай злачыннасьці. Язык так зьмешчаны паміж усіх нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае ўсё кругом.

7 Усе вось гатункі зьвяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлінаў утаймоўваюцца; і сапраўды ўтаймаваныя чалавекам.

8 Языка ж ніводзін чалавек ня можа ўтаймаваць; гэта - разбураючае зло, поўнае сьмяротнай атруты.

9 Ім багаславім Госпада і Айца, ды ім жа праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае.

10 З тых самых вуснаў выходзіць багаславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!

11 Ці ж з таго самага жарала можа выцякаць вада салодкая і горкая?

12 Ці ж можа, браты мае, дрэва фіговае радзіць аліўкі, або вінаградны ўшчэп - фігі? Ня можа салоная крыніца даваць салодкую ваду.

Сапраўдная мудрасьць

13 Хто з-паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа гэта на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасьцю.

14 Калі ж у сэрцах вашых адчуваеце горкую зайздрасьць і калатлівасьць, дык не хваліцеся і не хлусіце насупраць праўдзе.

15 Гэта мудрасьць не з гары зыходзячая, але зямная, жывёльная, шатанская.

16 Дзе бо зайздрасьць і звадкі, там бязладьдзе ды ўсякая злачыннасьць.

17 А мудрасьць, што з гары, перад усім чыстая, пасьля мірная, сьціплая, уступлівая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.

18 Плод жа справядлівасьці ў супакоі сеецца тымі, што робяць мір.

 

Разьдзел 4
Хцівасьць і пыха

1 З чаго ўзьнікаюць войны ды скуль звадкі паміж вамі? Ня скуль інакш, як з пажаданьняў вашых, што ўздымаюцца ў членах вашых.

2 Жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце здабыць; вадзіцеся ды б'іцёся. Ня маеце, бо ня просіце,

3 просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, імкнучыся толькі задаволіць свае пажаданьні.

4 Чужаложнікі, ці вы ня ведаеце, што сяброўства з гэтым сьветам ёсьць варожасьць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага сьвету, той робіцца непрыяцелем Бога.

5 Можа ўважаеце, што дарма Пісаньне кажа: "Зайздросна любіць Дух, які пражывае ў нас"?

6 Дык большую дае ласку паводле таго, як сказана: "Бог працівіцца пыхлівым, а пакорным ласку дае".

7 Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д'яблу, і ён уцячэ ад вас.

8 Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, усьвяціце сэрцы, крывадушнікі.

9 Кайцеся, плачце і сумуйце: хай сьмех ваш абернецца ў жалобу, а радасьць - у жаль.

10 Спакарыцеся перад Госпадам, і Ён падыме вас.

Грахі супраць любові бліжняга

11 Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той парушае закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выпаўніцель закону, але суддзя.

12 Адзін жа Законадаўца і Суддзя, які можа збавіць або загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?

Няпэўнасьць чалавечых намераў

13 Вы, што кажаце цяпер: "Сёньня або заўтра пойдзем у той ці іншы горад і пражывём там год, зоймемся гандлем ды заробім",

14 ці вы ведаеце, што будзе заўтра з жыцьцём вашым? Вы бо пара, што на хвіліну зьяўляецца, а потым прападае.

15 Таму кажыце: "Калі Госпад захоча, буду жыць і рабіць тое ці іншае".

16 Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасьці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.

17 Таму той, хто можа рабіць дабро, і ня робіць, грашыць.

 

Разьдзел 5
Гора багацеям

1 Дык жа цяпер, багацеі, плачце і галасіце ў горы, якое надыходзіць на вас.

2 Багацьці вашы збутвелі, адзеньні вашыя моль стачыла,

3 золата вашае і серабро паржавела, ды іржа іхняя будзе сьведчаньнем супраць вас і як агонь, будзе нішчыць целы вашыя. Узбагаціліся вы на апошнія дні.

4 Вось жа галосіць заробак работнікаў, што жалі палі вашыя, каторы вы затрымалі і лямант жанцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.

5 Балявалі вы на зямлі ды жылі ў распусьце, напасьвілі сэрцы вашыя на дзень забойства.

6 Засудзілі і забілі вы Справядлівага; Ён не працівіўся вам.

Розныя заахвоты і перасьцярогі

7 Дык будзьце цярплівымі, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як зямляроб, спадзяючыся дарагога плёну зямлі, цярпліва чакае, пакуль ня зыйдзе раньні і позьні дождж,

8 гэтак і вы будзьце цярплівымі і ўмацоўвайце сэрцы вашыя, бо набліжаецца прыход Госпадаў.

9 Не наракайце, браты, адзін на другога, каб не былі асуджаны, бо ўжо ля дзьвярэй стаіць Судьдзя.

10 За прыклад, браты, вазьміце стойкасьць і цярплівасьць прарокаў, каторыя прамаўлялі ў імя Госпада.

11 Вось жа называем шчасьлівымі тых, што вытрывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Гіёба ды бачылі канец яго ад Госпада, бо Госпад вельмі літасьцівы і міласэрны.

12 Перад усім, браты мае, не прысягайце ані на неба, ані на зямлю, ані якой іншай прысягай, але няхай будзе ў вас: "так" - "так", і "не" - "не", каб не папасьці пад суд.

Моц малітвы

13 Смуткуе хто з вас? Хай моліцца. Радуецца хто? Хай псальмы сьпявае.

14 Хварэе хто з вас? Хай пакліча старшых Царквы, ды хай яны моляцца за яго, намашчаючы яго алеем у імя Госпада.

15 І малітва з верай збавіць хворага, і Госпад падыме яго; і калі б меў грахі, будуць яму адпушчаны.

16 Дык прызнавайцеся адны другім у грахах ды маліцеся адны за другіх, каб атрымалі здароўе. Бо вялікую сілу мае стойкая малітва справядлівага.

17 Гальяш быў чалавекам падобным да нас, але малітваю маліўся, каб не было дажджу, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.

18 Затым зноў маліўся, і неба дало дождж, і зямля выдала свой плён.

19 Браты мае! Калі б хто з вас адыйшоў ад праўды, а хто другі яго навярнуў,

20 хай ведае той, хто навярнуў грэшніка з блуднай дарогі ягонай, што збавіць душу ягоную ад сьмерці ды закрые многа грахоў.

 

 

Першы ліст сьв. ап. Пятра

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Пётар, апостал Езуса Хрыста, выбраным перасяленцам, расьсеяным у Понце, у Галятыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі,

2 якія выбраны оглядам Бога Айца, асьвечаныя Духам, каб былі паслухмянымі і пакропленымі крывёй Езуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны.

Надзея і яе падставы

3 Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста, які ў вялікім міласэрдзі сваім праз уваскрасеньне з памёршых Езуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі;

4 да спадчыны незьнішчальнай, і без заганы, і нявянучай, захаванай у небе вам,

5 якія моцай Божай праз веру ўхаваныя дзеля збаўленьня, маючага аб'явіцца ў апошні час.

6 З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце перажыць крыху смутку дзеля шматлікіх выпрабаваньняў,

7 каб выспрабаваная вашая вера выявілася шмат даражэйшай ад зьнішчальнага хоць выпрабаванага ў агні золата, на славу, пахвалу і чэсьць пры аб'яўленьні Езуса Хрыста.

8 Яго, хоць ня бачылі, вы любіце, і хоць цяпер ня бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,

9 дасягаючы нарэшце вераю вашаю збаўленьне душаў.

10 Гэтага збаўленьня шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку,

11 дасьледваючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстовы, у іх прабываючы, які прадказваў цярпеньні Хрыста і будучую хвалу.

12 Ім (прарокам) было аб'яўлена, што яны не сабе, а вам прыслужыліся тымі весткамі, якія вам цяпер абвясьцілі вястуны Эвангельля моцай спасланага ім з неба Духа Сьвятога, у што заглянуць прагнуць і анёлы.

Пакліканьне да сьвятасьці

13 Таму, падперазаўшы паясьніцы вашага розуму, цьвярозыя, мейце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб'яўленьні Езуса Хрыста.

14 Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданьнямі, калі вы былі яшчэ несьвядомымі,

15 але ва ўсіх паводзінах будзьце вы таксама сьвятымі на ўзор Сьвятога, які вас паклікаў,

16 бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо Я - Сьвяты".

17 І калі Айцом завіцё Таго, хто ня гледзячы на асобу судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час жыцьця вашага,

18 ведаючы, што адкуплены вы ад сапсутага жыцьця вашага, перададзенага вам бацькамі, ня марным серабром або золатам,

19 але найдаражэйшай крывёй Хрыста, як Ягняці беззаганнага і без спракуды,

20 які быў прызначаны перад стварэньнем сьвету, але аб'явіўся ў апошнія часы дзеля вас,

21 якія праз Яго ўверылі ў Бога, каторы ўваскрасіў Яго з памёршых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея былі скіраваныя да Бога.

22 Ачысьціўшы душы вашыя паслухмянасьцю праўдзе дзеля здабыцьця шчырай братняе любові, шчыра адны другіх любіце,

23 як адроджаныя не з марнеючага насеньня, але з незьнішчальнага праз Слова Божае, жывое і трывалае.

24 Бо кожнае цела - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы" засохла трава, і краска апала".

25 Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова абвешчана вам як добрая вестка.

 

Разьдзел 2
Жывыя камяні і народ сьвяты

1 Дык адкінуўшы ўсякае зло і ўсякую падступнасьць, і крывадушнасьць, зайздрасьць ды ўсякае ачарненьне,

2 як нованароджаныя дзеці запрагніце духовага і непадробленага малака, каб ад яго ўзрасьці да збаўленьня,

3 бо вы пакаштавалі, які салодкі Госпад.

4 Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам і каштоўнага,

5 і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духовы, у сьвятарства сьвятое, каб складаць духовыя ахвяры, мілыя Богу праз Езуса Хрыста.

6 Дзеля гэтага сказана ў Пісаньні: "Вось Я кладу на Сыёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

7 Дык Ён для вас, веручых, - гонар, а для няверучых: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, які стаўся галавою вугла",

8 ды "каменем спаткненьня і каменем згаршэньня"; аб яго спатыкаюцца няверучыя Слову, на што і пакіненыя.

9 Але вы - выбранае племя, каралеўскае сьвятарства, сьвяты народ, люд набыты (на ўласнасьць Богу), каб абвяшчалі магутнасьць Таго, хто паклікаў вас з цемры ў чароўнае сьвятло сваё;

10 вас, якія калісьці былі не народ, а цяпер народ Божы, якія не даступіўшыя былі міласэрдзя, а цяпер тыя, што міласэрдзя даступіліся.

Хрысьціяне і пагане

11 Умілаваныя, прашу вас, як прыбыльцоў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданьняў, каторыя ваююць супраць душы.

12 Паводзіны вашыя сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што адносяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашыя добрыя ўчынкі, хвалілі Бога ў дзень адведзінаў.

Адносіны да ўладаў

13 Падпарадкоўвайцеся кожнай людзкой уладзе дзеля Госпада: ці гэта каралю, маючаму ўладу,

14 ці то намесьнікам праз яго пасланым дзеля пакараньня злачынцаў або пахвалы тых, што дабро чыняць.

15 Бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей.

16 Як людзі свабодныя рабіце, ды не як тыя, для якіх свабода ёсьць апраўданьнем зла, але як слугі Божыя.

17 Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, караля шануйце!

Цяжар службы

18 Нявольнікі! З усім страхам падчыняйцеся гаспадарам сваім, і ня толькі добрым і спагадным, але таксама і строгім.

19 Гэта бо ласка, калі хто ў імя Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва.

20 Марная слава, калі вас за грахі б'юць па твары. Але калі церпіце, робячы дабро, дык гэта ласка ў Бога.

21 Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб ішлі вы Яго сьлядамі.

22 Ён не дапусціўся грэху, і ў Яго вуснах ня знойдзена подступу.

23 Ён, зьняважаны, не зьневажаў, церпячы, не пагражаў, але ўсё перадаў справядліваму Суддзі.

24 Ён сам у сваім целе занёс нашыя грахі на дрэва, каб мы перасталі быць удзельнікамі грахоў, а жылі для справядлівасьці; Ягонай Крывёю вы аздароўлены.

25 Бо блукалі вы як блудныя авечкі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Настаўніка душаў вашых.

 

Разьдзел 3
Сужэнства

1 Таксама і вы, жонкі, падчыняйцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх ня слухаюць Слова, праз самыя паводзіны жонак прыхіліліся да веры бяз слова,

2 аглядаючы вашае чыстае, поўнае страху жыцьцё.

3 Хай вас упрыгожвае ня вонкавае заплятаньне валасоў, ані залатыя пярсьцёнкі, ані стройныя сукні,

4 але схаваны ў сэрцы чалавек у непахіснай спакойнасьці і спагадлівасьці духа, што вельмі цэнна ў вачах Божых.

5 Так калісьці сьвятыя жоны, паклаўшы надзею ў Богу, аздаблялі сябе і былі падданым сваім мужам,

6 як Сара была паслухмянай Абрагаму, завучы яго сваім гаспадаром. І вы - яе дочкі, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага страху.

7 Такжа і вы, мужы, у супольным жыцьці лічыцеся разумна са слабейшай жаночай прыродай, паважаючы жоны, бо вы супольна спадкаемцы ласкі жыцьця, каб не стаўляць перашкодаў малітвам вашым.

Адносіны да бліжніх

8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняе любові, міласэрныя, пакорныя,

9 не адгаджайце злом за зло, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, багаслаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб успадкаемілі багаславеньне.

10 "Бо хто хоча любіць жыцьцё ды аглядаць шчасьлівыя дні, хай стрымлівае язык ад зла, і вусны, каб не гаварылі падступна.

11 Няхай адступіцца ад зла, і робіць дабро, хай спаганяе супакой, ды ідзе за ім.

12 Бо вочы Госпадавы на справядлівых, і вушы Ягоныя на просьбы іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць зло".

Цярпеньне дзеля справядлівасьці

13 Хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?

14 А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасьці, вы шчасьлівыя. Не палохайцеся іхніх пагрозаў ды не трывожцеся,

15 Госпада Хрыста мейце ў сэрцах (як Сьвятога) і будзьце заўсёды гатовыя да абароны адносна кожнага, хто патрабуе ад вас адказу аб прабываючай у вас надзеі.

16 У спагаднасьці і страху (Божым) беражыце чыстае сумленьне, каб тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысьце, былі асаромленыя, што вас несправядліва ачарнялі.

17 Бо такая воля Божая, што лепш цярпець, дабро робячы, чым чынячы зло.

18 Хрыстос таксама раз памёр за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб вас давесьці да Бога, забіты целам, але пакліканы Духам да жыцьця.

19 У Ім пайшоў вясьціць (збаўленьне) нават духам, замкнутым у вязьніцы,

20 якія калісьці пры будове каўчэга, у якім ледзь восем асоб уратаваліся ад вады, былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасьцю за дзён Ноя.

21 Цяпер таксама па гэтым узоры збаўляе вас вада праз хрост, не праз абмыцьцё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб чыстае сумленьне, праз ўваскрасеньне Езуса Хрыста,

22 які узыйшоў у неба і сядзіць па правіцы Бога, падчыніўшы сабе анёлаў, і ўлады, і магуцьці.

 

Разьдзел 4
Вырачэньне грахоў

1 Дык калі Хрыстос цярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самою думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,

2 каб астатак жыцьця ў целе пражыць не для пажаданьняў людзкіх, але для волі Божай.

3 Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы жылі вы па звычаю паганаў, у разбэшчанасьці, пажаданьнях, у злоўжаваньні віном, абжарстве, п'янстве і агідным ідалахвальстве.

4 Дзеля таго яны дзівяцца, што вы ня топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.

5 Яны здадуць справаздачу Таму, хто мае прыйсьці судзіць жывых і памёршых.

6 Таму было вешчана Эвангельле нават памёршым, каб яны, хоць суджаныя целам як людзі, жылі Духам па-Божаму.

7 Усім ужо блізкі канец. Дык будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах.

8 Перад усім мейце нязьменную любоў між сабою, бо любоў закрывае многа грахоў.

9 Будзьце адны другім без нараканьня гасьціннымі.

10 Служыце адны другім тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Божай.

11 Калі хто прамаўляе, хай (гаворыць) як словы Божыя; калі хто паслугуе, хай (паслугуе) моцай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Езуса Хрыста, якому хвала і панаваньне ў вякі вечныя. Амэн.

Цярпеньне для Хрыста

12 Дарагія! Не дзівецеся, што паліць вас агонь, які дзеля выпрабаваньня вас пасланы, хоць бы што нечаканае вас напаткала,

13 але на колькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеньнях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб'яўленьні хвалы Ягонай цешыліся вы з радасьцю.

14 Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух хвалы, (Дух) Божы на вас супачывае.

15 Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або пасягаючы на чужое.

16 Калі ж (церпіць) як хрысьціянін, хай не саромеецца, але хай хваліць Бога за гэтае імя.

17 Бо час, каб суд распачаўся ад дому Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што ня слухаюць Божага Эвангельля?

18 "І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбогі і грэшнік, дзе апынецца?"

19 Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцу, робячы дабро.

 

Разьдзел 5
Заахвота для пастыраў

1 Старшыняў сярод вас прашу я, таксама старшыня і сьведка Хрыстовых цярпеньняў, ды ўдзельнік тае хвалы, якая мае аб'явіцца:

2 Пасеце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але са сваёй волі, як хоча Бог, не дзеля нягодных нажыткаў, але з ахвотаю,

3 і не пануючы над выбранымі, але даючы прыклад стаду.

4 І калі аб'явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце нявянучы вянок хвалы.

5 Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна апранецеся ў пакору, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.

Апошнія перасьцярогі

6 Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у (свой) час.

7 Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

8 Будзьце цьвярозымі, чувайце! Бо праціўнік ваш, д'ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

9 Супраціўцеся яму, дужыя вераю, ведаючы, што гэтыя самыя мукі церпяць вашыя браты ў сьвеце.

10 А Бог усякае ласкі, Той, хто вас паклікаў да вечнае хвалы сваёй у Хрысьце Езусе, калі крыху пацярпіце, сам вас удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

11 Яму панаваньне ў вякі вечныя. Амэн.

Прывітаньні

12 Каротка я вам напісаў праз Сільвана, вернага брата, як думаю, перасьцерагаючы ды сьцьвярджаючы, што такая вось праўдзівая ласка Божая, якой трымаецеся.

13 Вітае вас тая (царква), што ў Бабілёне, разам з вамі выбраная, а такжа Марк, мой сын.

14 Павітайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысьце.

 

 

Другі ліст сьв. ап. Пятра

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Сымон Пётар, слуга і апостал Езуса Хрыста, тым, што дзякуючы справядлівасьці Бога нашага і Збаўцы Езуса Хрыста атрымалі дастойную веру, як і наша:

2 Ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнаньне Бога і Езуса, Госпада нашага.

Разьвіцьцё хрысьціянскага жыцьця

3 Яго Божая моц надзяліла нас усім, што патрэбнае да жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, хто паклікаў нас сваёю хвалой і дасканаласьцю.

4 Поруч з імі падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцаньні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усьцярогшыся сапсуцьця, якое пашыраецца па сьвеце праз пажаданьні.

5 Таму старайцеся з усіх сіл, каб сваёю вераю выхаваць цноту, а праз цноту - веданьне,

6 а праз веданьне - паўстрыманасьць, а праз паўстрыманасьць - цярплівасьць, а праз цярплівасьць - пабожнасьць,

7 а праз пабожнасьць - браталюбства, а праз браталюбства - любоў.

8 Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, дык вы не будзеце бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Езуса Хрыста.

9 А ў каго гэтага няма, той сьляпы і недавіда, забыўся аб ачышчэньні ад даўнейшых сваіх грахоў.

10 Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканьне і выбраньне. Гэтак бо робячы, ня будзеце кульгаць.

11 Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае каралеўства Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста.

Падставы веры

12 Таму я буду вам заўсёды прыпамінаць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў гэтай праўдзе.

13 Я лічу сваім абавязкам, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы, вам гэта прыпамінаць,

14 бо прадчуваю, што хутка пакіну гэту палатку маю, як Госпад наш Езус Хрыстос выявіў мне.

15 Буду старацца, каб вы мелі магчымасьць і па маім адыходзе аб гэтым памятаць.

16 Мы бо вясьцілі вам моц і прыход Госпада нашага Езуса Хрыста не ідучы за прыдуманымі казкамі, але як сьведкі, бачыўшыя Ягоную веліч.

17 Атрымаў бо Ён ад Бога Айца чэсьць і хвалу, калі вось такі голас прагучаў да Яго ад велічнай славы: "Гэта Сын Мой умілаваны, у якім маю ўпадабаньне".

18 І мы чулі, як гэты голас чуўся з неба, калі мы з Ім разам былі на сьвятой гары.

19 Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як сьветача, які сьвеціць у цёмным месцы аж пакуль разаднее, і зорка раньняя ўзыйдзе ў сэрцах вашых.

20 Гэта перад усім мейце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісаньня нельга выясьняць самавольна.

21 Бо не па волі людзкай было калісьці абвешчана прароцтва, але казалі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Сьвятым.

 

Разьдзел 2
Фальшывыя настаўнікі

1 Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, каторыя ўцягваюць у згубныя сэкты і, адцураўшыся Таго, хто іх адкупіў, Валадара, рыхтуюць сабе скорую загубу.

2 І многія пойдуць сьлядамі іхняй распусты, і дарога праўды імі зьняважана будзе.

3 І яны ў сваёй хцівасьці будуць лавіць вас лісьлівымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і загуба іх не абміне.

4 Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, зьвязаўшы путамі пякельнае цемры, аддаў захаваць на суд;

5 і калі (Бог) не пашкадаваў перашага сьвету, а ўхаваў толькі васьмёх з Ноем, вястуном праўды, наводзячы патоп на бязбожны сьвет;

6 таксама гарады Садому і Гамору, абвярнуўшы ў попел, асудзіў на загубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,

7 і выратаваў справядлівага Лёта, мучанага распуснымі паводзінамі нягоднікаў,

8 бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу мучыў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў.

9 Дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэньня, а несправядлівых захаваць на пакараньне ў дзень суду,

10 а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што адважваюцца блявузгаць на хвалу (нябесную),

11 у той час як анёлы, большыя іх сілай і моцай, не адважваюцца перад Госпадам даваць ім асуджэньня.

12 Яны як неразумныя жывёлы, прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, лаюць тое, што не разумеюць, ды ў сапсуцьці знаходзяць сваім пагінуць,

13 атрымаюць кару як заплату за несправядлівасьць. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сарамотнікі і агіднікі шукаюць асалоды ў сваіх брудных раскошах, банкетуючы з вамі.

14 Вочы іхнія поўныя чужалоства і няспыннага грэху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасьцю, яны - сыны праклёну;

15 зыйшоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама, сына Басора, які ўзьлюбіў плату за несправядлівасьць,

16 але быў пакараны за сваё злачынства: пад'ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала дурасьць прарока.

17 Яны - крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.

18 Узьнёсла і пуста гаворачы, зводзяць пажаданьнямі цялеснымі і распустай тых, што ледзь толькі ўцяклі ад пражываючых у аблудзе,

19 абяцаюць ім свабоду, а самі - нявольнікі сапсуцьця; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.

20 Бо калі хто ўцёк ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста, а потым зноў захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.

21 Лепш было б ім дарогі справядлівасьці ня ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім сьвятога прыказаньня.

22 Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: "Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіньня памытая - у сваё балота".

 

Разьдзел 3
Дзень Госпадаў

1 Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць,

2 каб вы памяталі словы, якія ўжо даўно былі сказаныя сьвятымі прарокамі поруч прыказаньні Госпада і Збаўцы, перададзеныя вам апосталамі.

3 Перад усім ведайце, што ў апошнія дні паявяцца паклёпнікі з кпінамі, каторыя будуць хадзіць паводле сваіх пажаданьняў

4 і будуць пытацца: "Дзе ж абяцаньне Ягонага прыходу? Вось з тога часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку сьвету".

5 Бо ня ведаюць яны, што думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,

6 ды што праз яе той сьвет загінуў, затоплены вадою.

7 А цяперашнія неба і зямлю тое самае слова захавала для агню, на дзень суду і загубы бязбогіх людзей.

8 Няхай для вас, дарагія, ня будзе тайнай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў - як адзін дзень.

9 Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы для вас, ня хочучы нічыёй загубы, але хочучы ўсіх давесьці да навярненьня.

10 Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба з шумам вялікім праміне, стыхіі ў агні растопяцца, а зямля і ўсе творы на ёй згараць.

Заахвота да сьвятасьці

11 Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці,

12 калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымеючы, счэзнуць, і стыхіі ў агні рассыпяцца.

13 Аднак, паводле абяцаньня мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасьць.

14 Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб (Ён) застаў вас у супакоі.

15 І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павал у сваёй мудрасьці напісаў вам,

16 і ва ўсіх лістах аб гэтым гаворыць, у якіх ёсьць некаторыя справы цяжкія для разуменьня, якія людзі недавучаныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісаньні, на сваю загубу.

Заканчэньне

17 Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб ня ўблытацца ў аблуду, і не адпасьці ад свайго умацаваньня.

18 Дык узрастайце ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасьці. Амэн.

 

 

Першы ліст сьв. ап. Яна

 

 

Разьдзел 1
Уступ

1 Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядали ды чаго дакраналіся нашыя рукі аб Слове жыцьця, -

2 бо жыцьцё аб'явілася, і мы бачылі, і сьведчым, і вясьцім вам жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і было аб'яўлена нам,-

3 вясьцім вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі супольнасьць з намі. А мець з намі супольнасьць, значыць мець яе з Айцом і Сынам Яго Езусам Хрыстом.

4 І гэта пішам, каб наша радасьць была поўнаю.

Бог ёсьць сьвятло

5 Такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры.

6 Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, а ходзім у цемры, мы хлусім і разьмінаемся з праўдай.

7 Калі ж мы ходзім у сьвятле, так як Ён у сьвятле, тады маем супольншкамі адны з другімі, і кроў Езуса, Сына Яго, ачышчае нас ад усякага грэху.

Вызнаньне грахоў

8 Калі мы кажам, што ня маем грэху, дык падманаваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

9 Калі вызнаём свае грахі, дык Ён - верны і справядлівы, каб адпусьціць нам грахі ды ачысьціць нас ад усякае несправядлівасьці.

10 Калі мы кажам, што не грашым, дык мы робім Яго ашуканцам, і слова Ягонага няма ў нас.

 

Разьдзел 2

1 Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі хто і саграшыў, маем заступніка перад Айцом - Езуса Хрыста, справядлівага.

2 Ён ёсьць ахвяра перамольная за грахі нашыя, ды ня толькі за грахі нашыя, але таксама за грахі ўсяго сьвету.

Патрэба захоўваць прыказаньні

3 І па тым пазнаем, што Яго ведаем, калі спаўняем Ягоныя прыказаньні.

4 Хто кажа: "Ведаю Яго", і не беражэ Яго прыказаньняў, той брахун, і ў ім няма праўды.

5 А хто беражэ Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога завяршылася. Па гэтым вось пазнаем, што мы ў Ім.

6 Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў.

7 Дарагія! Не пішу новае прыказаньне, але прыказаньне старадаўняе, каторае вы мелі ад пачатку: тое даўняе прыказаньне ёсьць слова, якое вы чулі.

8 Але і новае прыказаньне пішу вам, праўдзівае, якое ў Ім і ў нас, бо цемра прамінае, і праўдзівае сьвятло сьвеціць ужо.

9 Хто кажа, што жыве ў сьвятле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры.

10 Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле ды ня можа спатыкнуцца.

11 А хто брата свайго ненавідзіць, той жыве ў цемры і ходзіць у цемры, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла вочы ягоныя.

Патрэба берагчыся сьвету

12 Пішу вам, дзеткі: Адпушчаны вам грахі ў імя Яго.

13 Пішу вам, бацькі: Вы пазналі Таго, хто ад пачатку. Пішу вам, юнакі: Вы перамаглі ліхога.

14 Напісаў вам, дзеткі: Вы ведаеце Айца. Напісаў вам, бацькі: Пазналі вы Таго, хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: Вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога.

15 Не любіце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Бо калі хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца.

16 Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаданьне цела, прагавітасьць вачэй ды пыхлівасьць жыцьця, - не ад Айца, але ад сьвету.

17 І сьвет мінае, і пажаданьні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна.

Беражыцеся антыхрыста

18 Дзеткі, ужо апошняя гадзіна; і, як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час паявілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаем, што ўжо апошняя гадзіна.

19 Выйшлі яны з нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што ня ўсе яны з нас.

20 Але вы атрымалі намашчэньне ад Сьвятога, і вы ўсе гэта ведаеце.

21 Я вам напісаў не як няведаючым праўды, але як ведаючым яе, бо ніякая хлусьня ня можа ўзьнікнуць з праўды.

22 Хто ж тады брахун, калі ня той, хто пярэчыць, што Езус ёсьць Хрыстос? Той ёсьць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына.

23 Кожны, хто не прызнае Сына, ня мае таксама і Айца; а хто прызнае Сына, той мае і Айца.

24 Вы вось зьберажыце ў сабе тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што чулі вы ад пачатку, захаваеце, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу.

25 І абяцаньне, якое Ён нам даў, ёсьць жыцьцё вечнае.

26 Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.

27 І намашчэньне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і ня трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Ягонае намашчэньне вучыць вас усяго, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім.

28 Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мелі ў Ім надзею, ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі сораму.

Жыць як дзеці Божыя

29 Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто спаганяе справядлівасьць, з Яго нарадзіўся.

 

Разьдзел 3

1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы імі ёсьць! Сьвет таму ня ведае нас, што не пазнаў Яго.

2 Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ ня выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што калі выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсьць.

3 І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе, як Ён чысты.

Сьцерагчыся грахоў

4 Кожны, хто грашыць, дапускаецца беззаконьня, бо грэх ёсьць беззаконьне.

5 І ведаеце, што Ён аб'явіўся на тое, каб зьняць грахі, і ў Ім няма грэху.

6 Кожны, хто трывае у Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, ня бачыў Яго, і не пазнаў Яго.

7 Дзеткі! Хай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць справядлівасьць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.

8 Хто грашыць, той ад д'ябла, бо д'ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб'явіўся Сын Божы, каб зьнішчыць даконы д'ябла.

9 Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо трывае ў ім насеньне Яго; такі ня можа грашыць, бо ён нарадзіўся ад Бога.

Жыць у любові

10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д'ябла: кожны, хто не спаганяе справядлівасьці, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.

11 Бо такое ёсьць абвяшчэньне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін другога.

12 Не як Каін, які ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго - справядлівыя.

13 Не дзівіцеся, браты, калі сьвет ненавідзіць вас.

14 Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, той трывае ў сьмерці.

15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца ня мае ў сабе жыцьця вечнага.

16 З гэтага пазналі мы любоў, што Ён аддаў жыцьцё сваё за нас; і мы павінны аддаваць жыцьцё за братоў.

17 Калі хто мае маёмасьць гэтага сьвету і бачыць, што брат ягоны жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё перад ім, дык як можа быць у ім любоў Божая?

18 Дзеткі, будзем любіць ня словам ці языком, але чынам і праўдай.

19 Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад Ім сэрцы нашыя,

20 бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог вялікшы ад нашага сэрца і ведае ўсё.

21 Умілаваныя, калі сэрца не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,

22 і пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо спаўняем прыказаньні Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.

23 А прыказаньне Ягонае такое: каб мы верылі ў імя Ягонага Сына Езуса Хрыста і любілі адзін другога, як Ён нам загадаў.

24 І хто спаўняе прыказаньні Ягоныя, той трывае у Богу, а Бог - у ім, і тое, што Ён прабывае ў нас, пазнаем па Духу, якога Ён нам даў.

 

Разьдзел 4
Сьцерагчыся антыхрыста і сьвету

1 Дарагія! Ня кожнаму духу верце, але выспрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо паявілася на сьвеце многа фальшывых прарокаў.

2 Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,

3 а кожны дух, каторы не вызнае Езуса, ня ёсьць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць, і ўжо цяпер ёсьць у сьвеце.

4 Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо вялікшы Той, хто ў вас, ад таго, хто ў сьвеце.

5 Яны - ад сьвету, таму гавораць так, як сьвет, і сьвет іх слухае.

6 Мы - ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той ня слухае нас. Такім чынам пазнаём духа праўды і духа падману.

Бог ёсьць любоў

7 Дарагія, будзем любіць адзін другога, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.

8 А хто ня любіць, ня ведае Бога, бо Бог ёсьцьлюбоў.

9 У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына свайго Адзінароднага на сьвет, каб мы жылі праз Яго.

10 Любоў у тым, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён сам узьлюбіў нас ды паслаў Сына свайго як ахвяру перамольную за нашыя грахі.

11 Дарагія, калі Бог нас так узьлюбіў, дык і мы мусім любіць адзін другога.

12 Бога ня бачыў ніхто ніколі. Калі любім адзін другога, дык Бог прабывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.

13 Што мы прабываем у Ім, а Ён - у нас, пазнаём па тым, што даў нам Духа свайго.

14 Мы вось бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.

15 Хто вызнае, што Езус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён - у Богу.

16 І мы, што ўверылі, пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу прабывае, і Бог у ім.

17 Дзеля таго любоў дасканаліцца у нас, каб мы мелі адвагу на дзень суду, бо які Ён, такія і мы на гэтым сьвеце.

18 У любові няма страху, бо дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару. Хто баіцца, той не дасканалы ў любові.

Крыніца любові

19 Мы любім (Бога), бо Бог першы палюбіў нас.

20 Калі хто кажа: "Я люблю Бога" і ненавідзіць брата свайго, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, каторага бачыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?

21 І маем такое прыказаньне ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.

 

Разьдзел 5

1 Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, які нарадзіў, любіць і Таго, хто з Яго нарадзіўся.

2 З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і спаўняем Яго прыказаньні,

3 бо любоў да Бога ў тым, каб спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія.

Крыніца веры і жыцьця

4 Кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае сьвет; і гэтая перамога, што перамагае сьвет, ёсьць вера нашая.

5 А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус ёсьць Сын Божы!

6 Езус Хрыстос ёсьць Тым, хто перайшоў праз ваду і кроў. Ня толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І Дух дае сьведчаньне, бо Дух ёсьць праўда.

7 Бо трох даюць сьведчаньне:

8 Дух, вада і кроў, і гэтых трох ёсьць адно.

9 Калі мы прыймаем сьведчаньне людзей, дык сьведчаньне Божае ёсьць большае, бо гэта сьведчаньне Бога, якім Ён сьведчыць аб Сыне сваім.

10 Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо ня ўверыў сьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне сваім.

11 А сьведчаньне такое, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.

12 Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае таксама і жыцьця.

13 Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.

Вартасьць і пасьпяховасьць малітвы

14 І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён выслухоўвае нас.

15 І калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашыя просьбы, дык ведаем, што атрымаем тое, пра што Яго прасілі.

16 Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца грэху не на сьмерць, хай моліцца і верне Бог яму жыцьцё, таму, каторага грэх не на сьмерць. Ёсьць такі грэх, што на сьмерць; не кажу, каб за такога маліцца.

17 Кожнае беззаконьне ёсьць грэх, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.

18 Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але Той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца яго.

19 Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.

20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў Тым, хто праўдзівы, у Сыне Яго Езусе Хрысьце. Ён ёсьць праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае.

21 Дзеткі, сьцеражыцеся ідалаў!

 

 

Другі ліст сьв. ап. Яна

 

 

Разьдзел 1
Уступнае прывітаньне

1 Старшы - выбранай пані і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і ня толькі я сам, але ўсе, што пазналі праўду,

2 дзеля праўды, што прабывае ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасьці.

3 Ласка, міласэрдзе і супакой ад Бога Айца і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.

Братняя любоў

4 Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца.

5 І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго.

6 І тое ёсьць любоў, каб мы жылі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта тое прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім хадзіць.

Перасьцярога перад фальшывымі вучыцелямі

7 Бо паявілася на сьвеце многа звадыяшаў, якія не вызнаюць, што Езус Хрыстос прыйшоў у целе (чалавечым); гэткі ёсьць звадыяш і антыхрыст.

8 Глядзіце самі на сябе, каб ня страцілі вы таго, што запрацавалі, але каб атрымалі заплату поўнасьцю.

9 Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, ня мае Бога; а хто трымаецца гэтай навукі, той мае і Айца, і Сына.

10 Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтае навукі, не прыймайце яго ў дом і не вітайце яго.

11 Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынстваў.

Заканчэньне і вітаньні

12 Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і асабіста з вамі пагавару, каб радасьць наша была поўнаю.

13 Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай.

 

 

Трэці ліст сьв. ап. Яна

 

 

Разьдзел 1
Уступныя прывітаньні

1 Старшы - дарагому Гаю, каторага люблю ў праўдзе.

2 Умілаваны, прагну табе ва ўсім пасьпяховасьці і здароўя так, як шчасьліва чуецца душа твая.

Пахвала Гая

3 Вельмі ўзрадаваўся я з прыбыцьця братоў, якія засьведчылі праўду тваю ды што ты жывеш справядліва.

4 Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.

5 Ты, умілаваны, вернае робіш, калі дапамагаеш братам, а асабліва падарожным,

6 якія засьведчылі тваю любоў перад царквою. Ты добра зробіш, заагледзеўшы іх на дарогу па-Божаму.

7 Бо выбраліся яны ў дарогу ў імя Яго, не прыймаючы нічога ад паганаў.

8 Таму мусім гасьцінна прыймаць такіх людзей для супольнай працы з імі для праўды.

Нагана для Дыятрэфа

9 Я напісаў крыху царкве, але Дыятрэф, каторы хоча быць кіраўніком іхнім, не прыймае нас.

10 Таму вось, калі прыбуду пасваруся за яго паводзіны ды за злосныя словы супраць нас. А прытым, як бы яму яшчэ гэтага не хапала, і сам не прыймае братоў, ды хочучых гэта зрабіць выганяе з царквы.

11 Улюблены, не ідзі за ліхім, але рабі дабро. Хто добрае робіць, ёсьць ад Бога, а хто робіць благое, той ня бачыў Бога.

Пахвала Дэмэтра

12 Пра Дэмэтра ўсе добра сьведчаць, і нават сама праўда. Такое самае сьведчаньне даём і мы, і ведаем, што сьведчаньне нашае праўдзівае.

Заканчэньне і вітаньні

13 Шмат я меў бы табе напісаць, але не хачу пяром і атрамантам.

14 Спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым вуснамі ў вусны.

15 Супакой табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна.

 

 

Ліст сьв. ап. Юды

 

 

Разьдзел 1
Прывітаньне

1 Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, тым, што пакліканы, умілаваным у Богу Айцу і захаваным для Езуса Хрыста:

2 Хай памножыцца вам міласэрдзе, і супакой, і любоў.

Прычына ліста

3 Умілаваныя, я вельмі хацеў вам напісаць пра супольнае наша збаўленьне і палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць да барацьбы за веру, раз і назаўсёды дадзеную сьвятым.

4 Улезьлі бо да вас нейкія людзі, якія здаўна запісаныя на асуджэньне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага замяняюць на распусту, і выракаюцца адзінага Валадара і Госпада нашага Езуса Хрыста.

Перасьцярогі

5 Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё гэта ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Эгіпецкай, а пасьля выгубіў тых, што ня верылі.

6 Анёлаў жа, што не зьбераглі сваёй дастойнасьці, але пакінулі сваё жыльлё, зьвязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.

7 Таксама Садома, і Гамора, і суседнія гарады ў падобны спосаб, як яны аддаліся распусьце і пажаданьню чужога цела, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.

8 Падобна і тыя летуценьнікі паганяць цела, зьневажаюць валаданьне (Госпада) ды блюзьняць супраць хвалы (нябеснай).

9 Калі арханёл Міхал спрачаўся з д'яблам пра цела Майсея, не адважыўся кінуць зьняважлівага асуджэньня, але сказаў: "Хай Госпад цябе пакарае".

10 Яны ж блязгуваюць на тое, чаго ня ведаюць, а што ў натуральны спосаб пазнаюць, як неразумныя жывёліны, тым сябе зьнішчаюць.

11 Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна і паддаліся ашуканству, як Балаам, за заплату, і ў буньце Карэя папрападалі.

12 Яны - небясьпека на вашых агапах банкетуючы ў вас бяз страху і пасьвячы саміх сябе; воблакі без вады, ветрам ганяныя, дрэвы асеньнія бясплодныя, два разы мёртвыя, выкарчаваны,

13 узбураныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, заблуканыя зоркі, для каторых непраніклівая цемрадзь навек прызначана.

14 Вось жа пра іх праракаваў Генох, сёмы па Адаме, кажучы: "Вось ідзе Госпад з мірыядамі сваіх сьвятых,

15 каб учыніць суд над усімі ды пакараць усіх бязбожнікаў за ўсе іхнія бязбожныя ўчынкі, у якіх выявілася іхняя бязбогасьць, і за ўсе блявузгі супраць Яго, якія казалі бязбожныя грэшнікі".

16 Яны наракаюць і жаляцца на свой лёс ды патураюць сваім пажаданьням, і вусны іх гавораць узьнёсла, і дзеля карысьці патураюць людзям.

Напамін

17 Вы ж, дарагія, мейце ў памяці словы, сказаныя апосталамі Госпада нашага Езуса Хрыста,

18 калі яны казалі вам: "У апошні час паявяцца насьмешнікі, каторыя будуць хадзіць паводле бязбожных пажаданьняў сваіх".

19 Гэта тыя, што саміх сябе аддзяляюць, душэўныя, ня маючыя Духа.

20 Вы ж, умілаваныя, грунтуючыся на найсьвяцейшай веры вашай, маліцеся ў Духу Сьвятым,

21 ды ў любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрдзя Госпада нашага Езуса Хрыста на жыцьцё вечнае.

22 Да тых, што сумняваюцца, будзьце міласэрнымі,

23 іх ратуйце, вырываючы з агню, іншых шкадуйце з боязьзю, брыдзячыся нават адзеньнем іхнім, якое целам спаганена.

Багаславенства

24 А таму, хто можа ўсьцерагчы вас бяз грэху і паставіць беззаганнымі і ў радасьці на віду сваёй хвалы,

25 адзінаму Богу, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, Госпада нашага, - хвала, веліч, магутнасьць ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і ў вякі вечныя. Амэн.

 

 

Адкрыцьцё сьв. ап. Яна

 

 

Разьдзел 1
Пралог

1 Адкрыцьцё Езуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб выявіў слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы анёла, паведаміў за дапамогаю знакаў слузе свайму Яну,

2 які сьведчыць аб Слове Божым, і аб Езусе Хрысьце, і аб усім, што бачыў.

3 Шчасьлівы той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды захавае тое, што ў іх напісана; час бо блізкі.

Лісты сямі цэрквам у Азіі
Прывітаньне

4 Ян сямі цэрквам у Азіі: Ласка вам і супакой ад Таго, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,

5 і ад Езуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага з памёршых і Валадара каралёў зямных. Яму, які ўзьлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,

6 і зрабіў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу і Айцу свайму, Яму хвала і валаданьне на вякі вечныя. Амэн.

7 Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.

8 Я -Альфа і Амега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, Усемагутны.

Уступная зьява

9 Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у каралеўстве і вытрымаласьці ў Хрысьце Езусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.

10 Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,

11 які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфэз, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды,і ў Філядэльфію, і ў Ляодыцэю".

12 Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,

13 і паміж сьвечнікаў залатых кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую шату і падперазанага пад грудзі залатым паясом;

14 галава ж Ягоная і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам сьнег, і вочы Яго як полымя агню,

15 і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Ягоны падобны на гук бурных водаў,

16 і Ён трымаў у правай руцэ сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двусечны востры, і твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.

17 І, убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я - Першы, і Апошні, і Жывы;

18 і Я быў памёршым, і вось жывы на вякі вечныя, і маю ключы сьмерці і пекла.

19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.

20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвечнікаў залатых вось якая: сем зорак - гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў - гэта сем цэркваў.

 

Разьдзел 2
Ліст царкве ў Эфэзе

1 Анёлу царквы, што ў Эфэзе, напішы: Вось што кажа Той, які трымае сем зорак у сваёй правай руцэ, які ходзіць пасярод сямі залатых сьвечнікаў:

2 Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і што выставіў ты на спробу тых, якія хочуць называцца апосталамі, а імі ня ёсьць, і прызнаў ты іх ашуканцамі.

3 І маеш ты вытрымаласьць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знеахвоціўся.

4 Але маю Я супраць цябе тое, што адступіўся ты ад сваёй першай любові.

5 Памятай тады, адкуль упаў, і навярніся, і вярніся да першых учынкаў. Інакш бо прыйду да цябе і прыму твой сьвечнік, калі не навернешся.

6 Але маеш тое за заслугу, што ненавідзіш Мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.

7 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Пераможцу дам Я спажываць (плод) з дрэва жыцьця, якое ў раі Божым.

Ліст царкве ў Сьмірне

8 І анёлу царквы, што ў Сьмірне, напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, каторы быў памёршы і жыве:

9 Ведаю прыгнёт твой і беднасьць тваю, але ты багаты; і зьневажаньні тых, якія называюць сябе Юдэямі, а імі ня ёсьць, бо яны-сынагога шатана.

10 Нічога ня бойся з таго, што трэба табе перанесьці. Вось жа пашле некаторых з вас д'ябал у вязьніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора праз дзесяць дзён. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.

11 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Хто пераможа, другой сьмерці не сустрэне.

Ліст царкве ў Пэргаме

12 І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: Гэта кажа Той, хто мае меч двусечны востры:

13 Ведаю, што жывеш, дзе трон шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сьведка Антыпас.

14 Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака, каб спакушаў сыноў Ізраэлевых есьці ахвяры ідалам і займацца распустай.

15 І ты маеш такіх, што трымаюцца навукі Мікалаітаў.

16 Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з адступнікамі мячом вуснаў Маіх.

17 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: Пераможцу дам Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога ня ведае ніхто, толькі той, хто атрымае яго.

Ліст царкве ў Тыятыры

18 І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: Гэта вось кажа Сын Божы, які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.

19 Спазнаў Я учынкі твае, і веру, і любоў тваю, і служэньне, і цярплівасьць тваю, і дзеяньні твае апошнія больш шматлікія, чым раней.

20 Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць слугаў Маіх, каб распутнічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў.

21 І даў Я ёй час навярнуцца, але яна ня хоча за сваю распусту пакаяцца.

22 Вось жа кіну яе на ложак (хворасьці), і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за праступкі свае.

23 І дзяцей яе пакараю сьмерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я - Той, каторы пранікае ныркі і сэрцы, і дам кожнаму паводле учынкаў ягоных.

24 Вам жа кажу ды іншым, што ёсьць у Тыятыры, каторыя не прызнаюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздоньняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасьці,

25 апроч той, якую маеце; трымайцеся, пакуль да вас прыйду.

26 А хто пераможа і захавае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,

27 і валодаць будзе над імі кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд ганчарскі,

28 як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раньнюю зорку.

29 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

 

Разьдзел 3
Ліст царкве ў Сардах

1 І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: Гэта вось кажа Той, які мае сем духаў Божых і сем зорак: Ведаю учынкі твае, што маеш імя, што быццам жывеш, ды ёсьць мёртвы.

2 Чувай і ўзмацняй рэшту, якія меліся загінуць, не знаходжу бо учынкаў тваіх споўненымі перад Богам Маім.

3 Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі ня будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і ня будзеш ведаць гадзіны, ў якую прыйду да цябе.

4 Ды вось маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія ня плямілі вопраткаў сваіх, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо ёсьць дастойныя.

5 Хто пераможа, апранецца гэтак у вопратку белую, і ня выкрасьлю імя яго з кнігі жыцьця, і выяўлю імя ягонае перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Ягоных.

6 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

Ліст царкве ў Філядэльфіі

7 І анёлу царквы, што ў Філядэльфіі, напішы: Гэта кажа Сьвяты і Праўдзівы, які мае ключ Давідаў, які, калі адчыніць, то ніхто не замкне, калі замкне, ніхто не адчыніць.

8 Ведаю учынкі твае. Вось адчыніў перад табою дзьверы, якія ніхто ня можа зачыніць, бо ты хоць маеш трохі моцы, але захаваў слова Маё і ня выракся імя Майго.

9 Вось дам табе з сынагогі шатана, з тых, якія сябе лічаць за Юдэяў, а імі ня ёсьць, але падманваюць, вось зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я узьлюбіў цябе.

10 Бо ўхаваў ты слова цярплівасьці Маёй, і Я цябе ўсьцерагу ў гадзіну спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет зводзіць жыхароў на зямлі.

11 Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў кароны тваёй.

12 Хто пераможа, таго пастаўлю калёнаю ў сьвятыні Бога Майго, і больш з яе ня выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.

13 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

Ліст царкве ў Ляодыцэі

14 І анёлу царквы, што ў Ляодыцэі, напішы: Гэта кажа Амэн, Сьведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэньня Божага.

15 Ведаю учынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!

16 Але за тое, што ты цёплы, а не халодны ані гарачы, Я выкіну цябе з вуснаў Маіх.

17 Бо кажаш ты: "Багаты я і забясьпечаны, і нічога мне ня трэба", і ня ведаеш ты, што ты бедны, і найнешчасьлівейшы, і ўбогі, і сьляпы, і голы.

18 Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забясьпечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасьць нагаты тваёй, і масьцю памаж вочы свае, каб бачыў.

19 Бо Я на тых, каторых люблю, сваруся і караю іх. Дык пільнуйся і навярніся

20 Вось стаю ў дзьвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзьверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.

21 Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім троне, як Я перамог і засеў з Айцом Маім на Яго троне.

22 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам".

 

Разьдзел 4
Лёс усяго чалавецтва
Бог дае Ягняці кнігу запячатаную

1 Пасьля гэтага ўбачыў я: і вось дзьверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам голасам трубы, размаўляючай са мною і кажучай: "Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасьля".

2 І адразу быў я ў захапленьні духам: і вось трон стаяў у небе, а на троне Нехта сядзеў.

3 І Той, хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з ясьпіса і сардына, і вясёлка вакол трону была падобная з выгляду на шмарагд.

4 І вакол трона - дваццаць чатыры троны, і на тронах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іхніх - залатыя кароны.

5 І ад трону выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем сьветачаў палаючых гараць перад тронам, якія ёсьць сем духаў Божых.

6 І перад тронам зьзяла нібы шклянае мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне трону і навокал трону - чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.

7 І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да быка, і трэцяя жывёла мела твар быццам чалавечы, і чацьвёртая жывёла мела падабенства да арла лятаючага.

8 І чатыры жывёлы мелі па шэсьць крылаў і навакол, і ўсярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ноччу яны ўскліквалі: "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, які быў, і які ёсьць, і які прыходзіць".

9 І калі аддавалі тыя жывёліны чэсьць, і хвалу, і падзяку Седзячаму на троне, Жывучаму на вякі вечныя,

10 падалі перад Седзячым на троне дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Жывучаму на вякі вечныя, і клалі кароны свае перад тронам, кажучы:

11 "Дастойны Госпад Бог наш прыймаць хвалу, і чэсьць, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тавёй існавала і было створана".

 

Разьдзел 5

1 І ўбачыў я ў правай руцэ Седзячага на троне кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.

2 І ўбачыў магутнага анёла, абвяшчаючага гучным голасам: "Хто дастойны адкрыць кнігу і зьняць яе пячаткі?"

3 І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі адкрыць кнігу, і глянуць на яе.

4 І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.

5 І адзін са старых сказаў мне: "Ня плач, вось перамог Леў з пакаленьня Юды, корань Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак".

6 І ўбачыў я між тронам і чатырма жывёламі, пасярод старых Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

7 І пайшло, і ўзяло з правай рукі Седзячага на троне кнігу.

8 І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гарфу і залатыя чашы, поўныя пахнідлаў, якія ёсьць малітвы сьвятых,

9 і сьпявалі новую песьню, кажучы: "Дастойны Ты ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Тваёй з усякага пакаленьня, і мовы, і народу, і паганаў,

10 і ўчыніў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі".

11 І калі так глядзеў, пачуў вакол трону, і жывёлаў, і старых голас безьлічы анёлаў, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,

12 кажучых гучным голасам: "Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць моц, і багацьце, і мудрасьць, і сілу, і чэсьць, і хвалу, і багаславенства".

13 Тады пачуў я, як засьпявала ўсё стварэньне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсьць: "Седзячаму на троне і Ягняці хай будзе багаслаўленьне, і хвала, і валаданьне на вякі вечныя".

14 І чатыры жывёлы казалі: "Амэн". І дваццаць чатыры старыя падалі на твар свой і кланяліся Жывучаму на вякі вечныя.

 

Разьдзел 6
Ягня адкрывае шэсьць пячатак

1 Пасьля убачыў я, як Ягня зламала першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з жывёлаў сказала быццам гукам грымоты: "Прыйдзі і паглядзі!"

2 І убачыў я: і вось белы конь, і на ім коньнік, трымаючы лук, і дадзена яму карона, і выйшаў ён як пераможца, каб далей перамагаць.

3 І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"

4 І выйшаў тады іншы конь, рыжы; і седзячаму на ім дадзена (ўлада), каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.

5 І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!" І убачыў я: і вось конь вараны; і седзячы на ім трымаў вагу ў руцэ сваёй.

6 І пачуў я быццам голас, з-паміж тых чатырох жывёлаў, гаворачы: "Мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; і не кранай віна і алівы".

7 І калі адкрыў Ён чацьвёртую пячатку, пачуў я голас чацьвёртай жывёлы, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"

8 І убачыў я: і вось конь сівы, і коньніку, які сядзеў на ім, было імя Сьмерць, і Пекла ішло сьледам за ім, і дадзена яму ўлада на чацьвёртай частцы зямлі забіваць мячом, голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямлі.

9 І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад аўтаром душы тых, якія былі пазабіваныя за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.

10 І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: "Госпадзе, Сьвяты і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?"

11 І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб пачакалі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік супрацоўнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.

12 І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц быццам заліўся крывёю,

13 і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фіговае дрэва скідае свае недасьпелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,

14 і неба зьнікла, як быццам зьвілося ў скрутак, і ўсе горы і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.

15 І каралі зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і ўсе нявольнікі і вольныя пахаваліся ў пячорах і горных скалах,

16 і казалі горам і скалам: "Спадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, які сядзіць на троне і ад гневу Ягняці,

17 бо надыйшоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа вытрымаць?"

 

Разьдзел 7
Пазначаньне выбраньнікаў Божых

1 Пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, стаячых на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры ветры зямлі, каб вецер ня дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.

2 І угледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, каторым даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,

3 кажучы: "Ня шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль ня выцісьнем пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх".

4 І пачуў я лік тых, якія атрымалі пячатку: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленьняў сыноў Ізраэля:

5 з пакаленьня Юды дванаццаць тысяч пазначаных, з пакаленьня Рубэна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Гада дванаццаць тысяч,

6 з пакаленьня Асэра дванаццаць тысяч, з пакаленьня Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакаленьня Манасэса дванаццаць тысяч,

7 з пакаленьня Сымона дванаццаць тысяч, з пакаленьня Левія дванаццаць тысяч, з пакаленьня Ісахара дванаццаць тысяч,

8 з пакаленьня Забулёна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Язэпа дванаццаць тысяч, з пакаленьня Бэньяміна дванаццаць тысяч.

Выбраньнікі Божыя

9 Пасьля ўбачыў я вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто ня змог, з усіх плямёнаў і пакаленьняў, народаў і моваў. І стаялі яны перад тронам і перад Ягнём, адзетыя ў белыя вопраткі, і пальмы трымалі ў руках сваіх.

10 І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: "Збаўленьне ад Бога нашага, які сядзіць на троне, і ад Ягняці!"

11 І ўсе анёлы стаялі вакол трону, і старых, і чатырох жывёлаў, і ўпалі перад тронам на твар свой і аддалі пашану Богу,

12 кажучы: "Амэн! Багаслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вякі вечныя. Амэн".

13 І адзін са старых запытаўся ў мяне: "Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і скуль яны прыйшлі?"

14 А я сказаў Яму: "Гаспадару мой, ты гэта ведаеш". І ён сказаў мне: "Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у крыві Ягняці.

15 Таму стаяць перад тронам Божым і служаць Яму днём і ноччу ў сьвятыні Ягонай, і Той, што сядзіць на троне, будзе жыць ў іх.

16 Ні смагі, ні голаду больш ня будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая сьпякота,

17 бо Ягня, які знаходзіцца пасярод трону, пасьвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы вады жыцьця, і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх".

 

Разьдзел 8
Сем трубаў

1 І калі Ягня зьняло сёмую пячаць, настала ў небе маўчаньне каля паўгадзіны.

2 І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем трубаў.

3 І прыйшоў іншы анёл і стаў перад аўтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзены былі яму кадзілы, каб з малітвамі ўсіх сьвятых палажыў іх на залатым аўтары, які знаходзіўся перад (Божым) тронам.

4 І падняўся дым пахкіх кадзілаў разам з малітвамі сьвятых з рукі анёла да Бога.

5 І узяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з аўтара, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты і галасы, і былі маланкі і страшныя землятрусы.

Чатыры першыя трубы

6 І сем анёлаў з сямю трубамі нарыхтаваліся, каб трубіць.

7 І першы (анёл) затрубіў. І стаўся град і агонь, зьмяшаны з кроўю, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэваў спалымнела, і ўся трава згарэла.

8 І другі анёл затрубіў. І тады быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася кроўю,

9 і трэцяя частка марскіх істот прапала, і трэцяя частка караблёў загінула.

10 І затрубіў трэці анёл. І зьляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.

11 І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў сталася горкай, як палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.

12 І чацьвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, а дзень роўна з ночай страцілі трэцюю частку сваёй яснасьці.

13 Потым глянуў я і пачуў голас аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ускрыкваючы: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад трубных галасоў трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць".

 

Разьдзел 9
Труба пятая

1 І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад студні бяздоньня.

2 І адкрыла яна студню бяздоньня, і падняўся з бездані дым, як з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з той прорвы.

3 І з дыму тога выйшла шаранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

4 І сказана ёй ня шкодзіць траве зямлі, ані ніякай зеляніне, ані ніякім дрэвам, толькі людзям, якія ня маюць пячаткі Божай на чолах сваіх.

5 І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэньне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.

6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ сьмерць ад іх.

7 І шаранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і па галавах яна мела быццам залатыя кароны, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

8 і валасы мела падобныя да валасоў жанчынаў, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

9 і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясьніцаў, запрэжаных коньмі, якія гоняць у бой.

10 І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы ў сваіх хвастах, і мела ўладу яна шкодзіць людзям праз пяць месяцаў.

11 Маюць яны над сабой анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

12 Так прайшло першае гора, а вось два іншыя горы наступаюць.

Шостая труба

13 І шосты анёл затрубіў. І пачуў я голас, выходзячы з чатырох рагоў залатога аўтара, які быў перад Богам,

14 які сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: "Асвабадзі чатырох анёлаў, зьвязаных над вялікай ракой Эўфрат".

15 Тады былі вызвалены з путаў чатыры анёлы, якія былі прыгатаваныя на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

16 І лік коннага войска быў мірыяды мірыядаў; і пачуў я гэту лічбу.

17 І так бачыў я ў зьяве коней і коньнікаў на іх, маючых панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серкавыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іхніх шугаў агонь, дым і серка.

18 Ад гэтых трох бедстваў: агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, прапала трэцяя частка ўсіх людзей.

19 Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

20 І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся з учынкаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і залатым балванам, і серабраным, і сьпіжовым, і каменным, і драўляным, якія ня могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

21 і не пакаяліся ў забойствах сваіх, не адмовіліся ад чараваньняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.

 

Разьдзел 10
Анёл з адкрытаю кнігай

1 Пасьля ўбачыў я іншага магутнага анёла, зыходзячага з неба, заслоненага воблакам, і над галавой у яго вясёлка, і твар ягоны быццам сонца, і ногі яго як слупы вогненыя,

2 і меў ён у руцэ сваёй адкрытую кнігу. І паставіў ён ногі свае: правую - на мора, а левую - на зямлю,

3 і гаманіў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І на ягоны крык азваўся голас сямі грымотаў.

4 І калі прагучалі гэтыя сем грымотаў, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, кажучы мне: "Палажы пячатку на тое, што абвяшчала сем грымотаў, і не пішы таго".

5 І анёл, якога я бачыў стаячага на моры і на зямлі, падняў руку сваю ў неба

6 і прысягнуў на Жывучага на вякі вечныя, каторы стварыў неба і ўсё, што на ім ёсьць, і зямлю, і тое, што на ёй ёсьць, і мора, і што ў ім ёсьць: "Часу ўжо больш ня будзе!

7 Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як абвяшчалі слугі Яго прарокі".

8 І пачуў я зноў голас з неба, кажучы мне: "Ідзі і вазьмі адкрытую кнігу, якую трымае ў руцэ анёл, стоячы на моры і на зямлі".

9 І пайшоў я да анёла, кажучы яму, каб ён даў мне кнігу. І ён сказаў мне: "Бяры кнігу і зьеш яе; і нутро тваё перапоўніць яна горыччу, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд".

10 І ўзяў я кнігу з рукі анёла і зьеў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.

11 І сказаў ён мне: "Ты павінен зноў вясьціць прароцтвы пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх каралёў".

 

Разьдзел 11
Два сьведкі

1 І дадзена была мне трысьціна, падобная на жазло, і сказана мне: "Падыміся і памерай сьвятыню Божую, і аўтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.

2 А панадворак вонкі сьвятыні абміні і ня мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад сьвяты праз сорак два месяцы.

3 І Я дам уладу Маім двум сьведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дьвесьце шэсьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу".

4 Яны - дзве аліўкі і два сьвечнікі, перад Госпадам зямлі стоячыя.

5 І калі хто захоча ім шкодзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іх і зьнішчыць іхніх ворагаў; калі ж хто захоча скрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.

6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў час іхняга праракаваньня, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю усякія бедствы, якія толькі захочуць.

7 І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, паўстане зьвер з бяздоньня і пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб'е іх.

8 І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духова завецца Садома і Эгіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.

9 І многія з народаў, і пакаленьняў, і моваў, і плямёнаў будуць аглядаць трупы іхнія праз тры дні і паўдня, а целаў іхніх не дазволяць палажыць у магілу.

10 І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны другім, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.

11 І пасьля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцьця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.

12 І пачулі яны з неба магутны голас, гаворачы ім: "Падыміцеся сюды". І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.

13 І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада завалілася, і загінула ад землятрусу сем тысяч асоб, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі хвалу Богу на небе.

14 Гора другое мінула; вось трэцяе прыйдзе незадоўга.

Труба сёмая

15 І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: "Сталася каралеўства гэтага сьвету (каралеўствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе Ён валадарыць на вякі вечныя".

16 І дваццаць чатыры старыя, седзячыя перад Богам на сваіх тронах, упалі на твар свой і пакланіліся Богу,

17 усклікаючы: "Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, які ёсьць, які быў і які ўзяў сілу сваю магутную і запанаваў.

18 І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і пара судзіць памёршых і даць узнагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і разам з імі тым, што шануюць імя Тваё, малым і вялікім, і час загубы для тых, што пракудзілі зямлю".

19 І адчынілася Божая сьвятыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў сьвятыні Ягонай, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.

 

Разьдзел 12
Лёс Царквы
Жанчына і дракон

1 знак вялікі паявіўся на небе: жанчына, адзетая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,

2 і была яна цяжарная, і крычала ад болю і мукаў раджаньня.

3 І паказаўся іншы знак на небе: вось дракон вялізны, рыжы, з сямю галовамі і з дзесяцьцю рагамі, і на галовах яго сем дыядэмаў,

4 і хвост яго сьцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стануў перад жанчынаю, якая павінна радзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.

5 І нарадзіла сына хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жалезным кіем. І узяты быў яе сын да Бога і да Ягонага трону.

6 І жанчына ўцякла на пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шэсьцьдзесят дзён.

7 I пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон ваяваў са сваімі анёламі,

8 і не асілілі, і не маглі яны ўжо далей прабываць у небе.

9 I скінуты быў дракон той магутны, зьмей старадаўні, які завецца д'ябал і шатан, спакушальнік сусьвету, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.

10 I пачуў я голас магутны на небе, кажучы: "Цяпер настала збаўленьне і моц, і каралеўства Бога нашага і улада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ноччу.

11 I тыя перамаглі яго дзякуючы крыві Ягняці і словам свайго сьведчаньня, і не шкадавалі душаў сваіх ажно да сьмерці.

12 Дзеля таго цешцеся, неба і жыхары ягоныя. Гора зямлі і мору, бо зыйшоў д'ябал да вас, поўны вялікай злосьці, ведаючы, што мае мала часу!"

13 А калі дракон спасьцярог, што скінуты ён на зямлю, пачаў перасьледаваць жанчыну, нарадзіўшую сына.

14 I былі дадзены жанчыне два крыла вялікага арла, каб ляцела на пустыню на сваё месца, дзе будзе карміцца далёка ад зьмея праз пару і поры ды паўпары.

15 I пусьціў тады зьмей з ляпы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сьцягнуць.

16 І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусьціў дракон са сваёй ляпы.

17 I ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштаю яе патомства, якая трымалася загадаў Божых і мела сьведчаньне Езуса.

18 I стануў я на пяску марскім.

 

Разьдзел 13
Зьвер з мора

1 I ўбачыў я зьвера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, і на галовах яго надпісы блюзьнерскія.

2 І зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзьведзя, а ляпа ў яго як у льва. I даў яму дракон сілу сваю, і трон свой, і вялікую ўладу.

3 I адна з яго галоваў быццам сьмяротна ранена, і тая яе сьмяротная рана была залечана. I дзівілася ўся зямля з гэтага зьвера,

4 і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зьверу, і кланяліся зьверу, кажучы: "Хто ж зраўняецца са зьверам і хто зможа супраць яго ваяваць?"

5 I дадзены былі яму вусны, нахабна гаворачыя блюзьнерствы, і дадзена была яму усякая улада дзейнічаць праз сорак два месяцы.

6 I адчыніў ён ляпу ў блюзьнерствах на Бога, зьневажаючы імя Ягонае, і сялібу Яго, і тых, што жывуць у небе.

7 I пры тым дадзена было зьверу ваяваць супраць сьвятых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленьнем, народам, моваю, і пляменьнем.

8 I кланяцца будуць яму усе, што абжываюць зямлю, каторых імёны ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця Ягняці, які быў забіты.

9 Хто мае вуха, хай слухае:

10 "Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павіны мячом быць забіты, належыцца таму прапасьці ад мяча. Тут вось (выявіцца) цярплівасьць і вера сьвятых".

Зьвер з зямлі

11 I ўбачыў я іншага зьвера, што падымаўся з зямлі, і меў ён два рогі, падобныя да ягнячых, і гаварыў як дракон.

12 І зьдзяйсьняе ён поўную ўладу першага зьвера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зьверу, якога сьмяротная рана была залечана.

13 І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь скідае з неба на зямлю ў прысутнасьці людзей.

14 І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, кажучы жыхарам, каб рабілі абразы зьвера, што меў рану ад мяча, але быў вылечаны.

15 I дадзена было яму ўдыхнуць жыцьцё ў абраз зьвера, каб гаварыў той абраз зьвера і каб таго, хто не пакланяўся абразу зьвера, забівана.

16 I робіць, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць знак на правай руцэ або на сваім чале,

17 і ніхто ня зможа купляць або прадаваць, хто ня будзе мець знаку, або імя зьвера, або лічбы яго.

18 Тут трэба мудрасьць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць.

 

Разьдзел 14
Ягня і выбраньнікі Яго

1 I глянуў я: і вось Ягня стаіць на гары Сыён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх выцісьненае імя Яго і імя Айца Ягонага.

2 I пачуў я голас з неба, быццам многіх водаў і быццам рэха магутных грымотаў, і голас, каторы чуў я, гучаў як голас гусьляроў, граючых на гусьлях сваіх.

3 І яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам, і перад чатырма жывёламі, і перад старымі. І ніхто ня мог сьпяваць гэтай песьні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

4 Гэта тыя, што ня спляміліся з жанчынамі і ёсьць нявінныя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з-паміж людзей як першынцы Богу і Ягняці,

5 і ў вуснах іх ня знойдзена хлусьні; без заганы яны.

Абвяшчэньне суду

6 I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Эвангельле, каб абвяшчаць пражываючым на зямлі, усякаму пакаленьню, і племю, і мове, і народу,

7 усклікваючы гучным голасам: "Бойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо надыходзіць час суду Ягонага, і пакланіцеся Творцу неба і зямлі, мора і крыніцаў водных".

8 I іншы анёл ляцеў за ім, кажучы: "Упаў, упаў Бабілён той вялікі, які паіў усе народы вогненным віном распусты сваёй".

9 I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: "Калі хто паклоніцца зьверу і абразу яго і атрымае знак на чале сваім або на руцэ,

10 той будзе піць віно гневу Божага, якое без дамешку вады налітае ў келіх гневу Ягонага. Агнём і серкай будзе мучаны той на віду ў анёлаў сьвятых і Ягняці.

11 І дым мучэньня іх будзе ўзнімацца на вякі вечныя. Ані днём, ані ноччу ня будуць мець супакою тыя, якія пакланяюцца зьверу і абразу яго і якія носяць знак імя ягонага.

12 Тут вось цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і веру Езуса.

13 I пачуў я голас з неба, кажучы мне: "Напішы: шчасьлівыя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, - кажа Дух, - яны супачынуць ад працаў сваіх, бо ўчынкі іх ідуць за імі". Жніво і збор вінаграду

14 I глянуў я, і ўбачыў воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залатую карону, а ў руцэ трымаў востры серп.

15 I іншы анёл выйшаў са сьвятыні, усклікваючы гучным голасам да Седзячага на воблаку: "Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час жніва, бо дасьпела жніво зямлі".

16 І Той, што сядзеў на воблаку, пусьціў серп свой на зямлю, і зжата была зямля.

17 I выйшаў іншы анёл са сьвятыні, якая ёсьць у небе, трымаючы таксама серп востры.

18 I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад аўтара і загаманіў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: "Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо дасьпелі ягады ягоныя".

19 I кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.

20 I выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсьцьсот стадыяў.

 

Разьдзел 15
Гімн Майсея і Ягняці

1 I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі карамі, бо на іх спыніцца гнеў Божы.

2 I ўбачыў я нібы шклянае мора, зьмяшанае з агнём, і тых, што перамаглі зьвера, і абраз яго, і лічбу імя ягонага, як стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.

3 І сьпявалі яны песьню Майсея, слугі Божага, і песьню Ягняці, кажучы: "Вялікія і цудоўныя дзеяньні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!

4 Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін Сьвяты, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!"

Сем чашаў гневу Божага, вылітых на зямлю

5 І потым бачыў я, як адчынілася на небе сьвятыня скініі сьведчаньня

6 выйшлі сем анёлаў, маючыя сем плягаў, апранутыя ў чыстае палатно зьзяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.

7 I адна з чатырох жывёлаў дала сямі анёлам сем залатых чашаў, поўных гневу Бога, які жыве на вякі вечныя.

8 І напоўнілася сьвятыня дымам хвалы Божай і магутнасьці Яго, і ніхто ня мог увайсьці ў сьвятыню, пакуль ня споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.

 

Разьдзел 16

1 I пачуў я магутны голас са сьвятыні, загадваючы сямі анёлам: "Iдзіце і выліце сем чашаў гневу Божага на зямлю".

2 I пайшоў першы, і выліў сваю чашу на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія насілі кляймо зьвера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.

3 І другі (анёл) выліў сваю чашу ў мора; і сталася мора як кроў памёршага, і ўсё жывое пагінула ў моры.

4 І трэці (анёл) выліў сваю чашу на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.

5 I пачуў я, як казаў анёл водаў: "Справядлівы Ты, які ёсьць, які быў, Сьвяты, што такі прысуд выдаў,

6 бо яны пралівалі кроў сьвятых прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны гэтага".

7 I пачуў я голас іншы з аўтара, які казаў: "Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны".

8 І чацьвёрты (анёл) выліў сваю чашу на сонца; і дадзена яму моц нішчыць людзей сьпякотаю і агнём.

9 І пякліся людзі ад вялікага жару, і зьневажалі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, і не аддалі Яму хвалы.

10 І пяты (анёл) выліў сваю чашу на трон зьвера; і тады цемрай ахуталася яго каралеўства, і кусалі сабе (людзі) языкі ад болю,

11 і блюзьнілі на Бога нябёсаў з прычыны болю і скулаў, але ня каяліся за учынкі свае.

12 І шосты (анёл) выліў чашу сваю на раку, што завецца Эўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым падрыхтаваць дарогу каралям з усходу сонца.

13 І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з ляпы дракона, з ляпы зьвера і з вуснаў фальшывага прарока.

14 Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.

15 Вось іду як злодзей. Шчасьлівы той, хто чувае і сьцеражэ адзежу сваю, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.

16 І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон.

17 І сёмы (анёл) выліў сваю чашу ў паветра; і пачуўся магутны голас са сьвятыні ад трону: "Споўнілася!"

18 І сталіся маланкі, і грымоты, і галасы, і пачалося страшнае трасеньне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі.

19 І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі зьнішчаны. І ўспомніў Бог пра вялікі Бабілён, і даў яму піць келіх віна лютага гневу свайго.

20 І кожны востраў зьнік, і ўсе горы пазьнікалі.

21 І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зьневажалі Бога за пакараньне градам, бо вельмі вялікі быў той град.

 

Разьдзел 17
Суд Божы над Бабілёнам
Вялікая распусьніца

1 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў, прамовіў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе зьнішчэньне вялікай распусьніцы, што сядзіць над водамі многімі,

2 з якой распусьнічалі многія каралі зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасьці яе".

3 І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зьверы, поўным імёнаў блюзьнерскіх, маючым сем галоваў і дзесяць рагоў.

4 Жанчына ж была ўбраная ў чырвань і парфіру, і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чашу, поўную брыдоты і нячыстасьці сваёй распусты,

5 і на сваім чале мела напісанае тайнае імя: "Вялікі Бабілён, маці распусты і агіды зямлі".

6 І бачыў я гэту жанчыну п'яную крывёй сьвятых і крывёй мучанікаў Езусавых. І, убачыўшы яе, вельмі зьдзівіўся.

7 І анёл сказаў мне: "Чаго дзівішся? Я табе выяўлю таямніцу жанчыны і зьвера, каторы яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.

8 Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоньня і пойдзе на загубу. На від зьвера, каторы быў і якога ўжо няма, і які зноў паявіцца, задзівяца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця.

9 Вось тут (трэба) розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў - гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем каралёў.

10 Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не зьявіўся, і калі зьявіцца, дасца яму кароткі час прабыць.

11 І зьвер, каторы быў якога ўжо няма, ёсьць са свайго боку восьмы і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.

12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць каралеўскую ўладу на коратка пасьля зьвера.

13 У іх адзін намер, і моц, і ўладу сваю аддадуць зьверу.

14 Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён - Госпад валодаючых і Валадар каралёў; і разам з Ім атрымаюць перамогу і тыя, што пакліканыя, і выбраныя, і верныя.

15 І сказаў ён мне: "Вада, што ты бачыў, на якой сядзіць распусніца - гэта народы і грамады, і плямёны, і мовы.

16 Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у зьвера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісьці распусьніцу, і зьнішчаць яе, і абяруць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе агнём.

17 Бог бо ўлажыў ім у сэрцы іхнія, каб выканалі яны прысуд Ягоны і каб аддалі каралеўства сваё зьверу, аж пакуль ня споўніцца Слова Божае.

18 І жанчына, якую ты бачыў, - гэта вялікі горад, які меў панаваньне над каралямі зямлі".

 

Разьдзел 18
Прадказаньне зьнішчэньня Бабілёна

1 Пасьля гэтага бачыў я іншага анёла, які зыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасьці яго.

2 І загаварыў ён магутным голасам: "Упаў, упаў Бабілён, вялікая (распусьніца), і стаўся паселішчам дэманаў і сховішчам усякіх духаў нячыстых, і схованкай усякага нячыстага зьвера і птушкі.

3 Бо ўсе народы пілі віно гневу распусты яе, і ўсе каралі зямлі з ёю чужаложылі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацьця".

Заклік выйсьці з Бабілёну

4 І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: "Выйдзі з яе, народ Мой, каб ня стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб разам не пацярпеў плягаў яе.

5 Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Госпад яе нягоднасьць.

6 Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чашу, з якой яна вас паіла, наліце ўдвая.

7 Колькі выносілася яна і раскашавалася, столькі дайце ёй і гарчыні, і суму, бо думала ў сваім сэрцы: "Сяджу, як каралева, і не ўдава я, і не пабачу суму".

8 Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, і гора, і сьмерць, і сум, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, які судзіць яе будзе.

Плач дзеля зьнішчэньня Бабілёну

9 І плакаць будуць і галасіць дзеля яе каралі зямлі, якія з ёй распусьнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,

10 і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэньняў будуць казаць: "Гора, гора, вялікі той горад, Бабілён, горад магутны, у адну хвіліну прыйшоў суд на цябе".

11 І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо ня купіць,

12 тавараў залатых і серабраных, і з дарагіх каменьняў, і пэрлаў, і вісону, і пурпуры, і ядвабу, і кармазыну, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косьці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

13 і цынамону, і духмянасьцяў, і пахаў, і масьці, і кадзілаў, і віна, і алівы, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душаў людзкіх.

14 І плады, што радавалі сэрца тваё, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае зьнікла перад табою, і больш ужо яго не знайсьці.

15 Гандляры гэтых тавараў, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк дзеля яе мук, плачучы і лямантуючы,

16 і кажучы: "Гора, гора табе, вялікі горад, апранены ў вісон і пурпур, і кармазын, і багаты золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі,

17 бо ў адну хвіліну пагінулі такія багацьці!" І ўсе стырнікі, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стоячы,

18 уздыхалі і, гледзячы на пажар, казалі: "Дзе ж падобны да гэтага горад так вялікі?"

19 І пасыпалі попелам галовы сабе і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: "Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант усё прапала!

20 Цешцеся з яго нядолі, неба і сьвятыя, і апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім".

21 Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: "З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілён так вялікі, і больш не паўстане.

22 І голасу граючых на гусьлях, і сьпевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і ня знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і ня будзе чутна голасу жорнаў,

23 і не зазіхаціць у табе больш сьвятло лямпы, і голасу жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі сьвету, бо ўсе народы былі затрутыя тваімі чарамі,

24 і (знойдзена) ў табе кроў прарокаў і сьвятых ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі".

 

Разьдзел 19
Радасьць у небе

1 Пасьля гэтага чуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, усклікваючых: "Альлелюя! Збаўленьне, і хвала, і магутнасьць Богу нашаму,

2 бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя. Ён бо асудзіў распусьніцу вялікую, якая паганіла зямлю сваёй распустаю, і помсьціў кроў слугаў сваіх, якою пляміла яна рукі свае".

3 І зноў усклікнулі: "Альлелюя! І дым з яе будзе падымацца на вякі вечныя".

4 І ўпалі на твар дваццаць чатыры старыя і чатыры жывёлы, і аддалі паклон Богу, седзячаму на троне, і ўсклікнулі: "Амэн. Алелюя".

5 І голас, зыходзячы ад трону, сказаў: "Слаўце Бога нашага, усе слугі Ягоныя, каторыя Яго баіцёся, малыя і вялікія".

6 І пачуў я голас незлічонае грамады, як шум многіх водаў і як гук вялікіх грымотаў, кажучы: "Альлелюя, узяў бо ўладу Госпад, Бог наш Усемагутны.

7 Радуймася і цешмася, і аддайма хвалу Яму, бо надыйшоў час вясельля Ягняці, і жонка Яго прыгатавана.

8 І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа ёсьць справядлівасьць сьвятых".

9 І сказаў (анёл) мне: "Напішы: Шчасьлівыя, пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці". І дадаў мне: "Гэта сапраўды словы Божыя".

10 І я ўпаў яму да ног, каб пакланіцца яму. А ён сказаў мне: "Глядзі, не рабі гэтага! Бо я суслужнік твой і братоў тваіх, маючых сьведчаньне Езуса. Богу пакланіся. Бо сьведчаньне Езуса ёсьць дух прароцтва".

Зьнішчэньне ворагаў
Перамога Слова

11 І ўбачыў я адкрытае неба; і вось белы конь; і на ім сядзеў коньнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.

12 Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэмаў, імя Яго напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго самога,

13 і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго Слова Божае.

14 І войска нябеснае, адзетае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.

15 І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе валадарыць над імі жалезным кіем і сам стопча ступу віна яраснага гневу Бога Усемагутнага.

16 І мае на вопратцы і на сьцягне сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.

17 І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы, і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба: "Хадзіце і сабярыцеся на вялікую вячэру Божую,

18 каб паесьці целы каралёў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і коньнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх".

19 І пабачыў я таксама зьвера і каралёў зямлі поруч войска іхняе, падрыхтаваных да бою з Тым, што сядзеў на кані, і з войскам Ягоным.

20 І схоплены быў зьвер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі кляймо зьвера і што пакланіліся перад яго абразом. Абодва яны былі жыўцом кінуты ў возера агністае, палаючае серкай.

21 А іншыя пагінулі ад мяча Седзячага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.

 

Разьдзел 20
Тысячагадовае каралеўства

1 І ўбачыў я анёла, зыходзячага з неба і маючага ў руцэ ключ ад бездані і вялікі ланцуг.

2 І схапіў ён дракона, зьмея старадаўняга, які ёсьць д'ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,

3 і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і палажыў пячатку зьверу, каб ня зводзіў больш людзей, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасьля ён мае быць звольнены на кароткі час.

4 І ўбачыў я троны, і паселі на іх тыя, якім дадзена судзіць, і бачыў я душы сьцятых за сьведчаньне аб Езусе і за Слова Божае, і ўсіх тых, якія не пакланяліся зьверу і абразам яго, якія ня мелі кляйма на чале ці руцэ. І жылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.

5 Рэшта памёршых не ажыла, пакуль ня скончылася тысяча год. Гэта ёсьць першае ўваскрасеньне.

6 Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел у першым уваскрасеньні! Над ім другая сьмерць ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

Апошняя бітва

7 І калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязьніцы і выйдзе з яе,

8 і будзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.

9 І яны выйшлі на прастор зямлі і акружылі табар сьвятых і іх умілаваны горад. Але зьляцеў з неба агонь і зьнішчыў іх.

10 І д'ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і зьвер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ноччу на вякі вечныя.

Суд над народамі

11 І ўбачыў я трон вялікі зьзяючы і Седзячага на ім, перад абліччам якога зьніклі зямля і неба, і няма ім месца.

12 І ўбачыў я памёршых, вялікіх і малых, стаячых перад тронам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцьця. І быў суд над памёршымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.

13 І аддала мора памёршых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі сьмерць і пекла сваіх памёршых, якія ў іх прабывалі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.

14 І сьмерць і пекла былі ўкінуты ў возера агністае. Гэта другая сьмерць - возера агністае.

15 І хто ня быў упісаны ў кнігу жыцьця, той быў укінуты ў возера агністае.

 

Разьдзел 21
Новы Ерузалім
Новае неба і новая зямля

1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зьніклі, і мора ўжо няма.

2 І ўбачыў я сьвяты горад, новы Ерузалім, зыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.

3 І пачуў я голас магутны, кажучы: "Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і сам Бог з імі будзе іх Богам,

4 і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх, і сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галошаньня, ані болю больш ня будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула".

5 І сказаў Той, які сядзеў на троне: "Вось Я раблю ўсё новае". І дадаў: "Напішы, бо словы гэтыя верныя і праўдзівыя".

6 І сказаў мне: "Сталася! Я - Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы вады жыцьця.

7 Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.

8 Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распусьнікаў, чараўнікоў, ідалахвальцаў і ўсіх хлусьлівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсьць другая сьмерць".

Апісаньне гораду

9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: "Хадзі, пакажу табе нявесту Ягняці".

10 І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне сьвяты горад Ерузалім, зыходзячы з неба ад Бога

11 і маючы хвалу Божую. Бляск яго быў падобны на бляск каштоўных каменьняў, быццам ясьпіса ці крышталю.

12 І меў ён вялікі і высокі мур з дванаццацю брамамі, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсьць (імёнамі) дванаццаці пакаленьняў сыноў Ізраэля.

13 Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду таксама тры брамы.

14 І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.

15 І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысьціну, каб зьмераць горад, брамы ягоныя і мур.

16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; і даўжыня яго, вышыня і шырыня - аднолькавыя.

17 І зьмераў мур яго на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, такая ж і анельская.

18 І мур яго быў збудаваны з ясьпісу, а сам горад быў з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага.

19 Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагім каменьнем. Падмурак першы - яспісам, другі - сапфірам, трэці - хадьцэдонам, чацьвёрты - шмарагдам,

20 пяты - сардоніксам, шосты - сардынам, сёмы - хрызалітам, восьмы - бэрылем, дзевяты - тапазам, дзесяты - хрызапразам, адзінаццаты - гіяцынтам, дванаццаты - аметыстам.

21 І дванаццаць брамаў - дванаццаць пэрлаў; кожная брама была з адной пэрлы. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

22 І сьвятыні я ў ім ня ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго сьвятыняй, і Ягня.

23 І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асьвятлялі яго, яснасьць бо Божая асьвятляе яго, і Ягня ёсьць сьвятлом ягоным.

24 І будуць хадзіць народы ў сьвятле ягоным, і каралі зямныя прынясуць у яго хвалу сваю хвалу.

25 І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы няма ўжо там.

26 І ўнясуць у яго хвалу і багацьце народаў.

27 І нішто нячыстае ня ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцьця Ягняці.

 

Разьдзел 22

1 І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як быццам крышталь, выцякаючую з трону Бога і Ягняці.

2 На сярэдзіне вуліцы горада і паабапал ракі было дрэва жыцьця, родзячае дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісьце дрэва - для лячэньня народаў.

3 І ня будзе ўжо нічога праклятага. І трон Бога і Ягняці ў ім будзе, і слугі Ягоныя Яму служыць будуць,

4 і будуць аглядаць аблічча Ягонае, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.

5 І ночы ўжо ня будзе, і ня трэба будзе ўжо сьвятла лямпы, ані сьвятла сонца, бо Госпад Бог асьвеціць іх, і будуць яны валадарыць на вякі вечныя.

Заканчэньне

6 І сказаў мне: "Словы гэтыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў свайго анёла, каб паведаміць слугам сваім, што павінна стацца незадоўга.

7 Вось, прыходжу скора. Шчасьлівы, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі".

8 І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І калі гэта пачуў і ўгледзеў, упаў да ног анёла, каторы мне гэтыя справы выявіў, каб пакланіцца яму.

9 І ён сказаў мне: "Глядзі, не рабі гэтага! Бо я толькі суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся".

10 І сказаў мне: "Не запячатвай прарочых словаў гэтае кнігі, бо час ужо блізкі.

11 Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто ў нячыстасьці, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ справядлівее, і сьвяты няхай яшчэ больш усьвячаецца.

12 Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

13 Я - Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.

14 Шчасьлівыя, што мыюць вопраткі свае, каб мець уладу над дрэвам жыцьця і ўвайсьці ў горад праз брамы.

15 За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распусьнікі, забойцы, ідалахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.

16 Я, Езус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сьведчаньне ў цэрквах. Я - корань і род Давідаў, ясьнеючая ранішняя зорка".

17 І Дух, і нявеста клічуць: "Прыйдзі!" І хто чуе, няхай паўторыць: "Прыйдзі!" І хто сьмягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцьця дарма.

18 Вось сьведчу кожнаму, хто слухае прарочыя словы гэтае кнігі: Калі хто да іх дадасьць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,

19 і калі хто адыме ад словаў прарочых гэтай кнігі, таму Бог адыме долю ягоную з дрэва жыцьця і з гораду сьвятога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.

20 Той, хто гэта сьведчыць, кажа: "Так, прыйду неўзабаве!" "Амэн. Прыйдзі, Госпадзе Езусе!"

21 Ласка Госпада Езуса з усімі вамі.



Пераклад: Уладзіслаў Чарняўскі
Тэкст падаецца паводле выдання: Новы Запавет/ пер. Ул. Чарняўскага гал. рэд. В. Нікіцін, адк. рэд. А. Бокун. - Менск, 1999. - 464 с.
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Антоні Бокун