epub
 
падключыць
слоўнікі

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка

Пераклаў і падаў выясненні Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ

Пераклад: Рым — 1954

Новы Запавет
  Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка
    Раздзел 1
    Раздзел 2
    Раздзел 3
    Раздзел 4
    Раздзел 5
    Раздзел 6
    Раздзел 7
    Раздзел 8
    Раздзел 9
    Раздзел 10
    Раздзел 11
    Раздзел 12
    Раздзел 13
    Раздзел 14
    Раздзел 15
    Раздзел 16


Пераклаў і падаў выясненні
Кс Др ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ
Рым — 1954
алічбоўваньне і транслітэрацыя: Алесь Аўдзяюк

 

Новы Запавет

Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Марка

 

Раздзел 1

1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.

2 Як напісана ў Ізая прарока (40,3): «Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою.

3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі ягоны».

4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэнне грахоў.

5 І выйходзіла к яму ўся краіна Юдэйская ўсе Ерузалімцы ды былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

6 А быў Ян адзеты ў шарсьцянку вярблюдаву з поясам шкураным у паясьніцы ягонай ды еў шаранчу й лясны мёд.

7 І прадвяшчаў кажучы: Магутнейшы за мяне ідзе за мною якому ня годзен я нахіліўшыся развязаць рэмень абутку яго.

8 Я вас хрысьціў вадою, ён-жа хрысьціціме вас Духам Святым.

9 І сталася, ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў Янам ахрышчаны ў Ярдане.

10 І зараз, выйходзячы з вады, ўбачыў неба расхіленае і Духа, бы голуба, зыходзячага й трываючага на ім.

11 І стаўся голас з неба: Ты Сын мой мілы, ў табе мне даўспадобы.

12 І зараз Дух павёў яго ў пустыню.

13 І прабыў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушаны дзяблам і прабываў з звяратамі, а анелы прыслужвалі яму.

14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію валадарства Божага

15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася гаспадарства Божае, пакутуйце ды верце эванэліі.

16 І прайходзячы каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона й Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі.

17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною, а зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.

18 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

19 А крыху адыйшоўшыся адтуль, убачыў Якуба Зэбэдэевага ды Яна, брата ягонага, парадкуючых невады ў лодцы,

20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з наймітамі, пайшлі за ім.

21 Ды прыходзяць у Кафарнаум; і зараз-жа ў сыботу, ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.

22 І дзівіліся з навукі ягонай, вучыў бо іх як той, што ўладу мае, а не як кніжнікі.

23 А быў у іхняй бажніцы чалавек, маючы духа нячыстага і закрычаў,

24 кажучы: Што табе да нас, Езус Назарэньскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю хто ты, Святы Божы!

25 І прыгразіў яму Езус, гаворачы: Замоўкні й выйдзі з чалавека!

26 І скалатнуўшы яго ды закрычаўшы дзікім голасам, выйшаў з яго дух нячысты.

27 І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін другога, кажучы: Што гэта? Што за навука новая, што ён з уладай навет духам нячыстым загадвае й слухаюць яго?

28 І хутка разыйшлася аб ім слава па ўсёй Галілейскай краіне.

29 І неўзабавак, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя з Якубам і Янам.

30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць яму аб ёй.

31 І падыйшоўшы, падняў яе, ўзяўшы за руку, і воміг пазбылася гарачкі й паслугоўвала ім.

32 Каліж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі к яму ўсіх нядужых ды маючых дз’ябальства,

33 і ўсё места сабралося перад дзвярыма.

34 І аздаравіў многіх, церпячых ад усякіх хваробаў, і выганяў многа дэмонаў, ды не пазваляў ім гаварыць, што яго зналі.

35 А ўстаўшы нараніцы, чуць золак, выйшаў ды пайшоў на адасобненае месца і там маліўся.

36 Паспяшыў і Сымон за ім ды тыя, што былі з ім.

37 І знайшоўшы яго, гавораць яму: Усе цябе шукаюць.

38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі й гарады, каб і там навучаць мне, бо-ж натое я й прыйшоў.

39 І навучаў скроз у іхніх бажніцах ды па ўсёй Галілеі й выганяў дэманаў.

40 І прыйходзе да яго запаветраны, просячы яго і, ўпаўшы на калені, гаворачы яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

41 Езус, зжаліўшыся над ім, працягнуў руку сваю, і дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.

42 І як толькі сказаў, зараз-жа адыйшло ад яго запаветранне і быў ачышчаны.

43 І прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго

44 і сказаў яму: Глядзі, не кажы нікому, але йдзі пакажыся старшаму святару й ахвяруй за сваё ачышчэнне што загадаў Майзей на пасьветчанне ім.

45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, а прабываў вонках на адлюдздзі, адыж сходзіліся к яму зусюль.

 

Раздзел 2

1 А пасьля некулькіх дзён ізноў увайшоў у Кафарнаум, і пайшла чутка, што ён у доме.

2 І зыйшлося многа, так што не хапала месца навет ля дзвярэй, а ён гаварыў ім слова.

3 І прышлі к яму, нясучы спараліжаванага, якога нясло чатырох.

4 Ды ня могучы данясьці да яго дзеля натаўпу, разабралі столь, дзе ён быў, і зрабіўшы атворыну, ўпусьцілі ложа, на якім ляжаў спараліжаваны.

5 Езус, пабачыўшы веру іхнюю, скажаў спараліжаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, сядзячыя й думаючыя ў сэрцах сваіх:

7 Што гэта ён гаворыць? Блюзніць. Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?

8 Езус, пазнаўшы зараз духам сваім, што яны думалі ў сабе, кажа ім: Чаму вы гэтак думаеце ў сэрцах вашых?

9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: “Адпушчаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложа тваё й хадзі”.

10 Але, каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, (сказаў паралітыку);

11 табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё ды йдзі ў дом твой.

12 І той зараз-жа ўстаў і, падняўшы ложа сваё, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе й славілі Бога, кажучы: Ніколі мы нічога такога ня відзелі.

13 І выйшаў зноў пад мора, а ўся грамада зыйходзілася к яму і ён вучыў іх.

14 А прайходзячы, ўгледзеў Левія Альфэевага, сядзячага пры куноймітні й сказаў яму: Ідзі за мною. Той, устаўшы, пайшоў за ім.

15 І сталася, калі сядзелі за сталом у ягоным доме, многа падатчыкаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і яго вучнямі, бо іх шмат было, што хадзілі за ім.

16 А кніжнікі й фарызэі, ўгледзеўшы, што ён есьць з куноймітамі й грэшнікамі, кажуць вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць і п’е з падатчыкамі й грэшнікамі?

17 Езус, пачуўшы гэта, гавора ім: Здаровым ня трэба лекара, толькі хворым; я бо ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшнікаў.

18 А вучні Янавы й фарызэі пасьцілі. Ды прыйшлі й сказалі яму: Чаму вучні Яна й фарызэяў посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?

19 І сказаў ім Езус: Ціж могуць пасьціць вясельныя госьці, пакуль малады з імі? Пакуль яны з сабою маюць сужэнца, ня могуць пасьціць.

20 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх сужэнца і тады будуч пасьціць у гэныя дні.

21 Ніхто ня прышывае латы з сырога сукна да старое адзежыны, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.

22 Ды зноў сталася, калі Ўсеспадар прайходзіў у сыботу праз збожжа й вучні ягоны пачалі зайходзіць ды рваць каласы.

23 Фарызэі-ж вытыкалі яму: Вось што яны робяць у сыботу, чаго ня сьлед рабіць.

24 І сказаў ім: Няўжэ вы ніколі ня чыталі што зрабіў Давід, як быў у патрэбе, калі згаладаў сам і тыя, што з ім былі?

25 Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара, ды еў хлябы ахвярныя, якія гадзілася есьці толькі сьвятаром, а ён даў шчэ й тым, што з ім былі?

26 І гавора ім: Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.

27 Тым-то Сын чалавечы зяўляецца Ўсеспадарам такжа й шабату.

 

Раздзел 3

1 І ўвайшоў зноў у бажніцу, а быў там чалавек, які меў сухую руку.

2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб абвінаваціць яго.

3 І загадаў сухарукаму чалавеку стаць пасярэдзіне.

4 Ды сказаў ім: Ці належыцца ў шабат рабіць добрае, ці благое? Ратаваць жыцьцё, ці загубляць? Яны-ж маўчалі.

5 І зірнуўшы на іх гнеўна, сумуючы над сьляпатою сэрца іхняга, сказаў сухарукаму: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.

6 Фарызэі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі нараду з гэрэдыянамі супроць яго, як-бы яго забіць.

7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў к узмор’ю, а за ім пайшла вялікая грамада з Юдэі й Галілеі,

8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя, што ля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што дзееў, прыйшло к яму.

9 І загадаў вучням сваім нарыхтаваць яму лодку, дзеля натоўпу, каб ня ціснуліся да яго.

10 Многіх бо аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб да яго дакрануцца.

11 А духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы: Ты Сын Божы!

12 І моцна гразіў ім, каб ня выяўлялі яго.

13 А ўзыходзячы на гору, паклікаў да сябе каго сам хацеў і прыйшлі к яму.

14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім, ды, каб іх пасылаць на навучанне.

15 І даў ім уладу аздараўляць немачы ды выганяць дэманаў.

16 І даў Сымону імя Пётр;

17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якубавага, ды даў ім імёны Боанэргэс, гэта значыць: сын грому;

18 І Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матауша, і Тамаша, і Якуба Альфэевага, і Тадэву, і Сымона Кананэйца,

19 і Юдаша Іскарыёта, які і выдаў яго.

20 І прыйшлі ў дом. Ды зноў збегся народ, так што не маглі й перакусіць хлеба.

21 А прачуўшы гэта сваякі, выйшлі, каб узяць яго, казалі бо, што ён ня пры сабе.

22 І кніжнікі, прыйшоўшыя з Ерузаліму, казалі, што ён мае Бэльзэбуба ды што ўладаю князя дэманаўскага выганяе дэманаў.

23 І клікнуўшы іх, гаварыў ім прыповесьцямі: Як-жа можа шатан шатана выганяць?

24 Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць тое гаспадарства.

25 І калі дом раздзеліцца супроць сябе, ня можа ўстаяць той дом.

26 А калі шатан паўстане сам супроць сябе, дык ён падзяліўся й ня зможа ўстаяць, канец яму.

27 Ніхто ня можа, ўвайшоўшы ў дом магута, разграбіць рэчы яго, калі перш магута ня звяжа, і тады аграбіць дом ягоны.

28 Сапраўды кажу вам, усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзнерствы, якімі-б яны блюзнілі,

29 але хто блюзніў-бы проці Духа Святога, ня меціме адпушчэння навекі, а будзе вінаваты граху вечнага.

30 Бо казалі, ён мае духа нячыстага.

31 І прыйшлі матка ягона й браты ды, стоячы на дварэ, паслалі к яму паклікаць яго.

32 А грамада сядзела ля яго. І сказалі яму: Вось маці твая й браты твае на дварэ цябе шукаюць.

33 А ён у адказ гавора ім: Хто-ж мая маці й браты мае?

34 І акінуўшы вокам тых, што кругом яго сядзелі, сказаў: Во матка мая й браты мае.

35 Бо хто-б спаўняў волю Божу, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.

 

Раздзел 4

1 Ды зноў пачаў навучаць ля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на сухазем’і краймора.

2 І шмат навучаў іх у прыповесьцях і гаварыў ім у сваёй навуцы:

3 Слухайце: вось выйшаў сяйбіт сеець.

4 І калі ён сееў, адно ўпала пры дарозе і наляцелі птушкі нябесныя ды здзяўблі яго.

5 А другое ўпала на скалісты грунт, дзе ня мела даволі зямлі й хутка ўзыйшло, зямля бо была няглыбокая;

6 і як паднялося сонца, завяла, й, ня маючы кораня, ссохла.

7 А іншае ўпала ў церні, і ўзбуялі церні ды заглушылі яго й не дало плоду.

8 Іншае-ж упала на добрую землю й дало плод, што ўзыйшоў і вырас – і ўрадзіла адно ўтрыццацера, другое ўсоцера.

9 І напамінаў: Хто мае вушы слухаць, хай слухае.

10 І калі быў сам адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, што з ім былі, аб прыповесці.

11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу валадарства Божага, а для тых, якія ўвонках, усё адбываецца ў прыповесцях,

12 каб «гледзячы глядзелі й ня бачылі, слухаючы чулі й ня цямілі; каб часом не навярнуліся й ня былі ім грахі адпушчаны» (Із. 6, 9-10).

13 І кажа ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа вам зразумець усе іншыя?

14 Той, хто сее, слова сее.

15 А што пры дарозе, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыйходзіць шатан і забірае слова, пасеенае ў сэрцах іхніх.

16 Гэтаксама й тыя з грунтам скалістым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасцю прыймаюць яго,

17 але, ня маючы ў сабе карэння трываюць дачасу, потым, як настане прыгнобленне й прасьлед дзеля слова, хутка горшацца.

18 Й іншыя, дзе сеецца ў цернях, гэта тыя, што слухаюць слова,

19 але жыцьцявыя турботы й мана багацьця ды іншыя пажаданні, ўвайшоўшы, глушаць слова й стаецца бясплодным.

20 А што на добрай зямлі пасеена, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць ды даюць плод адно ўтрыццацера, другое ўшэсьцьдзесяцера, а іншае ўсоцера.

21 І гаварыў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, ці пад ложак? А не натое, каб паставіць яе на ліхтары?

22 Няма бо нічога таёмнага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца сукрыта, але каб адкрылася.

23 Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.

24 І казаў ім: Зважайце, чаго слухаеце. Якою меркаю вы адмераеце, такою і вам будзе адмерана й дададзена.

25 Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто ня мае, ў таго будзе аднята й тое, што мае.

26 І казаў: Гэтак ёсьць з гаспадарствам Божым, як калі-б чалавек укінуў засевак у землю,

27 і спаў-бы ды ўставаў-бы ноччу й днём, а насенне ўсходзіла-б і расло-б, як ён ня ведае.

28 Зямля бо сама з сябе родзіць: спачатку рунь, потым колас, пасьля поўнае зерне ў коласе.

29 А калі збожжа дасьпее, зараз пускае серп, прыйшло бо жніва.

30 І гаварыў: Да чаго ўпадобнім валадарства Божае, ці якою прыповесьцю выкажам яго?

31 Яно, бы зерне гарчычнае, што як сеецца ў землю, дык ёсьць драбнейшае за ўсякае насенне зямное;

32 а калі пасеецца, ўзрастае й робіцца большым за ўсе гародніны й пускае вялікае гальлё, так што ў цяні яго могуць хавацца птушкі нябесныя.

33 І многімі такімі прыповесцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,

34 бяз прыповесьцяў жа не гаварыў да іх; а вучням сваім раз’ясьняў усё асобна.

35 Таго-ж дня, як павячарэла, сказаў ім: Пераплывём на той бок.

36 І, адправіўшы народ, яны ўзялі яго так як быў, у лодцы; й былі з ім другія лодкі.

37 І ўзнялася лютая бура ветру ды гнала хвалі на лодку, так што яна напаўнялася.

38 А ён быў ля карна лодкі, сплючы на ўзгалоў’і. І разбудзілі яго дый кажуць: Вучыцель, няўжэ ня рупіць табе, што мы гінем?

39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру й сказаў мору: Заціхні, пакінь! І заціх вецер ды настала вялікая цішыня.

40 І кажа ім: Чаму вы гэткія палахлівыя? Яшчэ ня маеце веры? І ўзяў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто гэта, што й вецер і мора яму паслушны.

 

Раздзел 5

1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.

2 І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.

3 Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,

4 часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.

5 Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.

6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,

7 і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!

8 Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.

9 Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.

10 І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.

11 А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.

12 І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.

13 Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.

14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;

15 ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.

16 А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.

17 І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.

18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.

19 І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.

20 І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.

21 А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.

22 І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,

23 ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.

24 І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.

25 Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,

26 ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —

27 прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;

28 казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.

29 І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.

30 Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?

31 Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?

32 Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.

33 Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.

34 Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.

35 Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?

36 Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.

37 І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.

38 І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.

39 І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.

40 І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.

41 І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу – ўстань.

42 І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.

43 І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.

 

Раздзел 6

1 І адыйшоўшы адтуль, падаўся ў сваю радзіму, а за ім ішлі ягоныя вучні.

2 І калі настаў шабат, пачаў навучаць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навукі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэта? Ды што гэта за мудрасьць, катора яму дадзена, й гэткія цуды дзеюцца ягонымі рукамі?

3 Або-ж ён не цесляр, сын Марыі, брат Якуба, й Язэпа, й Юды, й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.

4 Езус-жа казаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, апрача ў сваёй бацькаўшчыне, ці ў доме сваім, ці ў радні сваёй.

5 І ня мог тамака здзеець аніводнага цуду, толькі аздаравіў хворых некулькіх, узлажыўшы рукі.

6 І дзівіўся з іхняга недаверства, ды хадзіў па сёлах навакольных, навучаючы.

7 І паклікаў дванаццацёх ды пачаў іх рассылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

8 Ды загадаў ім, каб нічога ня бралі ў дарогу, апрача кія толькі: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,

9 а каб абуўшыся былі ў сандалы, ды каб не адзяваліся ў дзве вопраткі.

10 І казаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся там, дакуль ня выйдзеце стуль.

11 А хто-б вас ня прыняў, ды ня слухаў-бы вас, абтрасеце, выйходзячы адтуль, пыл з ног вашых на пасветчанне ім.

12 І выйшаўшы апавяшчалі, каб каяліся;

13 і шмат дэманаў выганялі, а многіх немачных намашчвалі алеем і адужвалі.

14 І пачуў кароль Гэрад — імя бо яго сталася ведамым — і казаў: Што Ян Хрысьціцель згробуўстаў і дзеля гэтага дзеюцца праз яго цуды.

15 Другія-ж гаварылі: Гэта Гальяш. А іншыя казалі: Гэта прарок, ці адзін з прарокаў.

16 Гэрад, дачуўшыся аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў голаў, ён устаў з умерлых.

17 Гэты бо Гэрад паслаў быў і ўзяў Яна ды звязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрэдыяды, жонкі свайго брата Філіпа, што быў ажаніўся з ёю.

18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонкі твайго брата.

19 Гэрэдыяда-ж рабіла подступы супроць яго й хацела яго забіць, але не магла,

20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, дый шмат рабіў слухаючы яго, а слухаў яго ахвотна.

21 І, як надарыўся прынагодны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і важнейшым Галілейскім.

22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрэдыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду, ды тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, а дам табе.

23 І прысягнуў ёй: Чаго-б ты не зажадала, дам табе, хоць-бы й палавіну майго каралеўства.

24 Яна-ж, выйшаўшы, пытае маці свае: Чаго мне прасіць? Тая кажа: Галаву Яна Хрысьціцеля.

25 І зараз-жа ўвайшоўшы да караля борзда, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты цяпер вось даў мне на тацы галаву Яна Хрысьціцеля.

26 І зажурыўся кароль; адыж дзеля прысягі й дзеля банкетнікаў не хацеў яе засмучаць,

27 і паслаўшы ката, загадаў прынесьці галаву яго на тацы.

28 І сьцяў яго ў вастрозе й прынёс галаву Яго на тацы ды аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваёй матцы.

29 Пачуўшы аб гэтым вучні ягоны, прыйшлі й забралі цела ягона ды палажылі яго ў гробе.

30 І пасходзіліся апосталы да Езуса й расказалі яму ўсё, што рабілі й чаго навучалі.

31 І сказаў ім: Пайдзеце самы на адзіноце ў бязлюднае месца ды супачыньце крыху. Так бо шмат прыходзіла й адыходзіла, што ня мелі часу й перакусіць.

32 Увайшоўшы вось-жа ў лодку, адплылі на бязлюдздзе.

33 Адыж бачылі іх адплываючых і шмат хто пазнаў іх, дык збегліся пехатою туды з усіх местаў, выпераджаючы іх.

34 І выйшаўшы, пабачыў Езус грамаду вялізную, ды зжаліўся над імі, былі бо як авечкі, ня маючыя пастыра. І шмат чаго пачаў іх навучач.

35 А калі была ўжо позная гадзіна, падышлі вучні ягоныя, кажучы: Бязлюдздзе гэтта дый пара ўжо позная,

36 пусьці іх, хай пойдуць у ваколічныя сялібы й вёскі ды купяць сабе еміны з’есьці.

37 Ён-жа ў адказ гавора ім: Вы ім дайце есці. Кажуць яму: Хіба пойдземо й купімо за дзвесьце дэнараў хлеба ды дамо ім есьці.

38 А ён кажа ім: Колькі маеце хлябоў? Ідзеце паглядзеце. Яны, даведаўшыся, кажуць: Пяць, і дзве рыбы.

39 І загадаў ім каб рассадзілі ўсіх на зялёнай траве грамадамі.

40 І паселі радамі па сто й па пяцьдзесят.

41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы ды ўзглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы ды даваў сваім вучням, каб клалі перад імі; і дзве рыбы падзяліў усім.

42 І елі ўсе й наеліся.

43 Ды назбіралі што асталося ад кускоў і ад рыбаў дванаццаць поўных кашоў.

44 А тых, што елі, было пяць тысяць мужчын.

45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсаіды, пакуль ён сам распусьціць гарод.

46 І адправіўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.

47 А як ужо павячарэла, лодка была пасярэдзіне мора, ён-жа сам адзін на сушы.

48 І відзячы іх, як мучыліся пры вёслах (быў бо супраціўны вецер), каля чацьвёртае начное варты прыйшоў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.

49 Яны-ж, убачыўшы яго ступаючага па моры, думалі, гэта здань і закрычалі.

50 Усе бо бачылі яго і стрывожыліся. Дык зараз-жа прагаварыў да іх і сказаў ім: Схамянецеся, гэта я, ня бойцеся.

51 Ды ўвайшоў к ім у лодку і вецер аціх. І шчэ болей дзівіліся ўсабешне,

52 бо не зразумелі аб хлябох, затым, што сэрца іх было закамянелае.

53 І, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэназарэцкую ды прысталі да берагу.

54 Калі-ж выйшлі з лодкі, якбач пазналі яго;

55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ношах тых, што дрэнна меліся, дзе чулі, ён ёсьць.

56 І куды-б ён не ўвайходзіў, у сёлы, ці ў мястэцкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і малілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзеньня ягонага. І хто толькі дакрануўся, аздараўляўся.

 

Раздзел 7

1 І зыйшліся к яму фарызэі ды некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.

2 І калі ўгледзелі, што некаторыя з ягоных вучняў ядуць хлеб абыднымі, гэта знача нямытымі, рукамі, зганілі.

3 Фарызэі бо ды ўсе жыды, пакуль чыста не памыюць рук, не ядуць, прыдзержваючыся ўстановы старшых.

4 І што з рынку, калі не пакропяцца, не ядуць; ды шмат чаго іншага, што ім перададзена трымацца: абмыванне кубкаў і збанкоў, і медзяное пасуды, і ўслонаў.

5 І пыталіся ў яго кніжнікі й фарызэі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але нямытымі рукамі хлеб ядуць?

6 Ён-жа ў адказ гавора ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушніках, Ізай (29,13) як напісана: «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх ад мяне далёка;

7 дарма-ж яны славяць мяне, вучачы навук і прыказанняў людзкіх».

8 Заняхаўшы бо прыказанне Божае, трымаецеся ўстановы людзкое, абмывання збанкоў і кубкаў, ды робіце шмат чаго іншага, гэтаму падобнага.

9 І казаў ім: Добра вы касуеце прыказанне Божае, абы толькі датрымаць установу сваю!

10 Адыж Майзей сказаў: «Паважай бацьку твайго й матку тваю» і «Хто-б зняважыў бацьку або матку, сьмерцю хай умрэ» (Выйсь. 20, 12; 21, 16).

11 А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку ці матцы: «Корбан» (гэта знача Ахвяра) ёсьць тое, што табе, ад мяне належыцца» —

12 і таму дапускаеце нічога ўжо больш не рабіць для бацькі свайго ці маці,

13 касуючы слова Божае сваёю ўстановаю, што вы ўвялі; і шмат гэтаму падобнага вы робіце.

14 Ды паклікаўшы зноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе й зразумейце.

15 Няма звонку чалавека нічога, што-б уваходзячы ў яго, магло яго апаганіць, але што з чалавека выйходзіць, гэна ёсьць, што чалавека апаганьвае.

16 Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.

17 І як увайшоў ад грамады ў дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.

18 І сказаў ім: Няўжо й вы гэткія няцямкія? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?

19 Ня ў сэрца бо ягонае ўваходзіць, а ў жывот ды ў адыход, ачышчаючы ўсякую еміну.

20 Дый сказаў: тое, што выйходзіць з чалавека, гэна яго апаганьвае.

21 З нутра бо, з людзкога сэрца выйходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,

22 зладзействы, прагавітасьць, злоба, здрада, бясстыдзтва, ліхое вока, блюзнерства, надутасьць дурнота.

23 Усё гэта з нутра выйходзіць і робіць чалавека нячыстым.

24 І, ўстаўшы, падаўся ў граніцы Тыру й Сыдону. А ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, адыж ня мог утаіцца.

25 Зараз бо жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ног ягоных,

26 а была яна паганка, родам Сырафэніцыянка, й прасіла яго, каб выгнаў нячыстага з ейнае дачкі.

27 Ён-жа сказаў ёй: Дай перш насыціцца дзецям, не гадзіцца бо аднімаць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам.

28 А яна ў адказ гавора яму: Так, Усеспадару, але-ж і шчанята ядуць пад сталом ад дзяцей крошкі.

29 І сказаў ёй: За гэтае слова ідзі, выйшаў злы дух з дачкі твае.

30 І калі прыйшла дадому, знайшла дзяўчыну на посьцелі, а нячысты выйшаў.

31 І аддаліўшыся йзноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора сярод граніц Дэкаполю.

32 І прывялі к яму глухога й нямога ды прасілі, каб узлажыў на яго руку.

33 І ўзяўшы яго на бок ад народу, ўлажыў пальцы свае ў ягоныя вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага,

34 ды ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, гэта знача: адчыніся.

35 І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і развязалася завязка языка ягонага й загаварыў яксьлед.

36 І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім прыказваў, тым болей расслаўлялі

37 ды тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухім вярнуў слух, і нямым мову.

 

Раздзел 8

1 У тыя дні, як шмат назбіралася народу, ды ня мелі чаго есьці, паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім:

2 Шкада мне грамады, што ўжо вось тры дні пры мне трывае, ня маючы чаго есьці;

3 і калі пушчу іх галодных дамоў, паслабеюць у дарозе, некаторыя бо здалёку папрыходзілі.

4 Й адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх тут хлебам у пустыні?

5 І спытаў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны-ж адказваюць: Сем.

6 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І, ўзяўшы сем хлябоў, ды ўчыніўшы падзяку, ламаў і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і тыя грамадзе раздавалі.

7 І мелі некулькі рыбак, ды іх пабагаславіўшы, загадаў раздаць.

8 І елі і наеліся, і назбіралі астаўшыхся кавалкаў сем кашоў.

9 А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

10 І адразу ўвайшоўшы ў лодку із сваімі вучнямі, лучыў у межы Дальмануцкія.

11 І выйшлі фррызэі ды пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.

12 І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дапамінаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак роду гэтаму.

13 І адправіўшы іх, зноў увайшоў у лодку ды паплыў на другі бераг.

14 А забыліся ўзяць хлеба й ня мелі з сабою ў лодцы, апрача аднаго баханца.

15 І загадваў ім, кажучы: Глядзеце, сьцеражэцеся закісьлі фарызэйскае, й закісьлі Гэрадавай.

16 І разважалі міжсобку, гутарачы: Што хлеба ня маем.

17 Пазнаўшы гэта, Езус ім кажа: Чаго бядуеце, што хлеба ня маеце? Няўжэ яшчэ не разумееце? Няўжэ яшчэ маеце закамянелае сэрца?

18 Маючы вочы ня бачыце, й маючы вушы, ня чуеце? Ды ня помніце,

19 як пяць хлябоў паламаў я на пяць тысяч, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Гавораць яму: Дванаццаць.

20 І як сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі кошыкаў кускоў вы набралі? Кажуць яму: Сем.

21 І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?

22 І прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі к яму сьляпога ды прасілі яго, каб дакрануўся да яго.

23 І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за вёску ды, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўзлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць.

24 А ён гледзячы кажа: Бачу людзей, моў дрэвы хадзячых.

25 Потым ізноў узлажыў рукі на ягоныя вочы і ён пачаў відзець. І аздаравеў так, што бачылі ўсё ясна.

26 І адаслаў яго дадому, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не расказвай.

27 І выйшаў Езус і вучні ягоныя ў сялібы Цэзарэі Філіпавай. А ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?

28 Яны ў адказ яму гаварылі: За Яна Хрысціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.

29 Тады сказаў ім: А вы-ж за каго мяне маеце? У вадказ яму Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус.

30 І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.

31 Ды пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшымі й архісвятарамі й кніжнікамі ды быў забіты й пасьля трох дзён згробуўстаў.

32 І гаварыў гэтыя словы адкрыта. А Пётр, узяўшы яго, пачаў яму дакараць.

33 Ён-жа, абярнуўшыся й паглядзеўшы на вучняў сваіх, зганіў Пятра, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатан ты, бо думаеш не аб тым, што Божае, але што людзкое.

34 І паклікаўшы грамаду разам із сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча йсьці за мною, хай адрачэцца самога сябе, й хай возме крыж свой ды йдзе за мною.

35 Хто бо маніцца ўсьцерагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне й эванэліі, ўхавае яго.

36 Бо якая карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?

37 Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?

38 Бо хто пастыдаўся б мяне і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, пастыдаецца яго й Сын чалавечы, як прыйдзе ў хвале Айца свайго з анеламі сьвятымі.

 

Раздзел 9

1 І казаў ім: Сапраўды гавару вам, што ёсьць некаторыя з тых, тут стаячых, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць валадарства Божага, прыходзячага ў моцы.

2 І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна ды завёў іх адных на высокую гору асобна. І перамяніўся перад імі.

3 І зрабілася адзенне ягона яснае ды вельмі белае, бы сьнег, гэтак і бялільшчык на зямлі ня мог-бы выбяліць.

4 І з’явіўся ім Гальяш з Майзеем ды вялі гутарку з Езусам.

5 І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць! Зрабем тры гасподы: табе адну, і Майзею адну, і Гальяшу адну.

6 Ён бо ня ведаў, што казаць, таму што ўзяў іх страх.

7 І паўстаў воблак, які атуліў іх ды выйшаў голас з воблака: Гэта Сын мой, наймілейшы, яго слухайце.

8 І зараз, кругом разгледзеўшыся, нікога болей ня ўбачылі, апрача толькі Езуса з сабою.

9 А калі зыйходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што відзелі, аж пакуль Сын чалавечы не згробуўстане з умерлых.

10 І затрымалі пры сабе слова, пытаючыся міжсобку, што знача: «Калі ўстане з умерлых»?

11 Ды ў яго пыталіся, кажучы: Дык чаму-ж кніжнікі й фарызэі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

12 Ён-жа ў вадказ ім гавора: Гальяш, прыйшоўшы перш, усё нарыхтуе, як і напісана аб Сыне чалавечым, каб перацерпяў многа ды быў узгарджаны?

13 Адыж кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму што хацелі, так як напісана аб ім.

14 І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялізную грамаду ля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.

15 І адразу ўвесь народ, угледзеўшы Езуса, зумеўся й палахліва падбягаў ды вітаў яго.

16 І спытаўся іх: Аб чым вы спрачаецеся?

17 І ў адказ адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў к табе майго сына, што мае духа нямога,

18 які дзе-б не схапіў яго, б’е аб землю й пеніцца й скрыгоча зубамі ды сохне. Я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, ды не маглі.

19 Ён-жа, адказваючы, гавора ім: О родзе няверлівы, дакуль-жа я буду з вамі! Дакуль цярпеціму вас! Прывядзеце яго мне.

20 І прывялі яго. А калі ўбачыў яго, зараз-жа дух пачаў ім турзаць і ўпаўшы на землю, качаўся, пенячыся.

21 І спытаўся ў ягонага бацькі: Колькі часу, як гэта з ім здарылася? Той адказаў: Змалку,

22 І часта кідаў яго ў вагонь ды воду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.

23 Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць, дык для веручага ўсё магчыма.

24 І адразу загаласіўшы бацька хлопца сказаў із сьлязмі: Веру, памажы, Усеспадару, няверы маёй!

25 Пабачыўшы-ж Езус, што збягаецца народ, прыгразіў нячыстаму, кажучы яму: Глухі й нямы духу, загадваю табе, выйдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!

26 І закрычаўшы ды моцна турзануўшы, вышаў з яго і той стаўся як няжывы, так што многія гаварылі: Памёр.

27 Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28 А калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся яго насамоце: Чаму мы не маглі выгнаць яго?

29 І сказаў ім: Гэты род інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і маліту.

30 А выйшаўшы адтуль, прайходзілі праз Галілею, і ён не хацеў, каб хто ведаў.

31 Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, а забіты на трэці дзень згробуўстане.

32 Але яны не разумелі слова й баяліся ў яго пытацца.

33 І прыйшлі ў Кафарнаум. А як былі ў доме, спытаўся іх: Аб чым вы ў дарозе гутарылі?

34 Яны-ж маўчалі, ў дарозе бо яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы.

35 І сеўшы, паклікаў дванаццацёх ды сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

36 Ды ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:

37 Хто прыйме адно з гэтых дзетак у імя маё, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, не мяне прыняў, але таго, хто паслаў мяне.

38 Адказаў яму Ян, гаворачы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выганяў дзяблаў, ён ня ходзіць за намі й мы яму забаранілі.

39 Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; няма бо нікога, хто-б дзееў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаварыць.

40 Бо хто ня проціў вас, той за вас.

41 І калі-б хто даў напіцца вам кубак вады ў імя маё затое, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць свае нагароды.

42 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, што вераць у мяне, лепш яму было-б каб прывязалі млінавы камень за шыю й кінулі ў мора.

43 І калі рука твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзве рукі йсьці ў пекла, у вагонь няўгасны,

44 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

45 І калі нага твая цябе горшыць, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзве нагі быць укінутым у пекла вагню няўгаснага,

46 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь ня гасьне.

47 Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў валадарства Божае, чымся маючы абедзве вокі быць укінутым у вагністую гэгэнну,

48 дзе чарвяк іх ня ўмірае ды агонь ня гасьне.

49 Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра сольлю будзе пасолена.

50 Добрая рэч соль; адыж калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль ды супакой мейце між сабою.

 

Раздзел 10

1 І, выбраўшыся адтуль, прыйходзіць у межы Юдэі за Ярданам; ды зноў зыйшліся да яго грамады, і ён сваім звычаем навучаў іх.

2 І фарызэі прыступіўшы пыталіся яго, спакушаючы: Ці можна мужу кінуць жонку?

3 Ён-жа ў адказ гавора: Што вам загадаў Майзей?

4 Яны кажуць: Майзей дазволіў напісаць разводны ліст ды пакінуць.

5 Езус на гэта адказвае: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты дазвол;

6 адыж на пачатку тварэння Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быць. 1, 21).

7 “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і матку ды прыгорнецца да жонкі свае;

8 і будуць двое ў адным целе; і так ужэ ня два, але адно цела” (Быць. 2, 24).

9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

10 А дома зноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.

11 І сказаў ім: Хто-б кінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.

12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа ды выйшла за другога, чужаложыць.

13 І прыносілі да яго дзяцей, каб дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на тых, што прыносілі.

14 Убачыўшы гэта Езус, сярдаваў і сказаў ім: Дайце дзеткам прыйсьці ка мне, не забараняйце ім, гэткіх бо ёсьць валадарства Божае.

15 Сапраўды кажу вам: Хтоб ня прыняў Божага валадарства, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.

16 І абыймаючы іх ды ўскладаючы на іх рукі, багаславіў іх.

17 А калі выйшаў у дарогу, нехта прыбегшы ды ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго, Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?

18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш прыказанні: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч фальшыва, ня крыўдзь, паважай бацьку твайго і матку (Выйсь. 20, 12-17).

20 А той у адказ гавора яму: Вучыцелю, гэтага ўсяго пільнаваўся я змалку.

21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, ўпадабаў яго й сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, распрадай усё, што маеш ды раздай убогім, а мецімеш скарб у небе, і прыхгодзь, ідзі за мною.

22 Той-жа захныпіўся на гэтае слова й адышоў засмучаны, бо меў вялікія маемасьці.

23 І глянуўшы навокал, Езус кажа сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў валадарства Божае!

24 Вучні вельмі здзівіліся з гэтых слоў. Але Езус ізноў у адказ гавора ім: Як цяжка тым, дзеткі, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў валадарства Божае.

25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чым багатаму ўвайсьці ў Божае валадарства.

26 Яны шчэ болей дзівіліся. гаворачы між сабою: Дык хто-ж тады можа збавіцца?

27 А Езус, паўзіраўшыся на іх, кажа: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма.

28 І пачаў Пётр гаварыць яму: Вось мы пакінулі ўсё й пашлі за табою.

29 Езус адказвае на гэта: Сапраўды кажу вам: няма такога, хто-б пакінуў дом, або сёстры, або бацьку, або матку, ці дзеці, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,

30 які-б не атрымаў устораз гэтулькі цяпер у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў. і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.

31 А многа першых будуць апошнімі, й апошніх – першымі.

32 І былі яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. Езус ішоў перад імі, а яны зумяваліся ды, йдучы за ім, жахаліся. І, ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім станецца.

33 Што вось увайходзім у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы першасьвятаром. і асудзяць яго на сьмерць, ды выдадуць яго паганам;

34 і будуць здзекавацца над ім, і плявацімуць на яго, й бічавацімуць, ды заб’юць яго, а на трэці дзень згробуўстане.

35 Тады падыйходзяць к яму Якуб і Ян, сыны Зэбэдэевы, кажучы: Вучыцелю, мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім.

36 Ён-жа гавора ім: А што-ж вы хочаце, каб я вам зрабіў?

37 Кажуць: Дай нам, каб сядзець ля цябе аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе тваёй.

38 Езус-жа адказвае ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы зможаце піць кіліх, што я п’ю, або быць хрышчанымі хростам, якім я хрышчуся?

39 Яны гавораць яму: Можам. Езус-жа кажа ім: Кіліх, які п’ю, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрышчуся, будзеце хрышчаны;

40 адыж сядзець праваруч, або леваруч, ня мне даваць вам, але каму прыгатавана.

41 А пачуўшы дзесяцёх, пачалі сярдаваць на Якуба і Яна.

42 Езус-жа, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца валадарамі народаў, пануюць над імі, а іхнія князі маюць над імі ўладу.

43 А між вамі ня гэтак; але хто-б хацеў быць вялікшым, будзе вашым слугою;

44 і хто-б хацеў быць між вамі першым, будзе ўсім слугою.

45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць душу сваю на выкуп за многіх.

46 І прыйшлі ў Ерыхон. А калі ён выйходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні ды вялікая грамада, сядзеў пры дарозе жабруючы сьляпы Бартымей, сын Тымея.

47 Ён, пачуўшы, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычма казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!

48 І многія сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён яшчэ болей крычаў: Сыне Давідавы, зжалься нада мною!

49 І Езус, прыпыніўшыся, загадаў паклікаць яго. Пазвалі сьляпога, кажучы яму: Ня бойся, ўставай, кліча цябе.

50 Ён схапіўся, пакінуўшы сваю вопратку, прыйшоў к яму.

51 І ў адказ яму сказаў Езус: Што хочаш, каб я зрабіў табе? А сьляпы гавора яму: Вучыцель, каб мне відзець.

52 Кажа яму Езус: вера твая цябе аздаравіла. І зараз жа відзеў ды пайшоў за ім дарогаю.

 

Раздзел 11

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму й Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух із сваіх вучняў

2 і сказаў ім: Ідзеце ў сялібу, што перад вамі, і ўваходзячы ў яе, зараз знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім ніхто з людзей яшчэ не сядзеў; адвяжэце яго й прывядзеце.

3 А калі-б хто сказаў: Што робіце? — скажэце, яно патрэбнае ўсегаспадару, і зараз пусьціць яго сюды.

4 І пайшоўшы знайшлі асьля, прывязанае ля варот на скрыжаванні вуліц, і адвязалі яго.

5 А некаторыя із стаячых тамака гавораць ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?

6 Яны адказалі, як ім загадаў быў Езус, і пусьцілі ім.

7 І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзенне, і сеў на яго.

8 Многія-ж слалі свае вопраткі на дарозе, а іншыя зрэзвалі галінкі з дрэваў ды ўсьцілалі ім дарогу.

9 А тыя, што йшлі перад ім ды за ім, выкрыквалі, кажучы: Госанна!

10 Багаслаўлёны, каторы йдзе ў імя Госпадава! Багаслаўлёнае надыходзячае валадарства айца нашага Давіда! Госанна ў вышынях!

11 І ўвайшоўшы ў Ерузалім у сьвятыню ды агледзеўшы ўсё, як ужо добра звечарэла, выйшаў з дванаццацьма ў Бэтанію.

12 А назаўтра, калі выйшлі з Бэтаніі, пачуўся згаладнелым.

13 І ўгледзеўшы здалёк смаковіцу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ёй. А прыйшоўшы к ёй, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо не пара была на смоквы.

14 І адазваўшыся сказаў ёй: Хай ужо болей ніхто з цябе ня есьць плоду навекі! Гэта чулі вучні ягоны.

15 І прыйшлі ў Ерузалім. А калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і купляючых у набожні, й паабарочваў сталы грашаменаў ды столькі тых, што прадавалі галубы;

16 і не дазволіў, каб хто праз набожню насіў якое знадоб’е.

17 Ды навучаў, кажучы ім: Ці-ж не напісана, што «дом мой домам малітвы называцімецца для ўсіх народаў». А вы зрабілі яго прыпынішчам разбойнікаў (Із. 56. 7; Ер. 7. 11).

18 Пачуўшы гэта першасьвятары й кніжнікі, шукалі як-бы загубіць яго, бо баяліся яго таму, што ўвесь народ захапляўся навукай ягонай.

19 І як звечарэла, выйходзіў з гораду.

20 А раніцаю мімайдучы, ўбачылі смакавіцу ссохшую да карэньня.

21 І ўспомніўшы Пётр кажа яму: Раббі, глянь, смаковіца, якую ты пракляў, ссохла.

22 А Езус у адказ гавора яму: Майце веру Божую.

23 Папраўдзе кажу вам, хто-б загадаў гэтай гарэ: “Узніміся й кінься ў мора” ды ня сумняваўся-б у сваім сэрцы, але верыў-бы, што споўніцца сказанае, — будзе яму, што-б не сказаў.

24 Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго толькі просіце молячыся, верце, што атрымаеце, і збудзецца вам.

25 І як станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.

26 Калі-ж вы не даруеце, дык Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не даруе вам грахоў вашых.

27 І прыйходзяць зноў у Ерузалім. А калі хадзіў у сьвятыні, падыйходзілі к яму першасьвятары, кніжнікі, й старшыны,

28 ды казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў уладу гэта рабіць?

29 Езус-жа ў адказ гаварыў ім: Спытаю ў вас і я адно слова, адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

30 Хрост Янавы быў з неба, ці з людзей? Адкажэце мне.

31 Яны-ж мяркавалі ў сабе, думаючы: Калі скажам «з неба»; то ён скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?

32 Калі сказам «з людзей», дык баязно народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён сапраўды быў прарок.

33 І сказалі ў адказ Езусу: Ня ведаем. Тады й Езус у адказ гавора ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

 

Раздзел 12

1 І пачаў гаварыць ім у прыповесцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, абгарадзіў плотам і выкапаў вінатоку ды збудаваў вежу й, аддаўшы яго ў арэнду земляробам, выехаў.

2 І паслаў у свой час слугу к земляробам, каб атрымаць пладоў з вінаградніка.

3 Яны, схапіўшы яго, збілі й адаслалі бяз нічога.

4 І зноў паслаў да іх другога слугу, і таму разбілі голаў ды зняважылі.

5 І яшчэ да іх паслаў іншага слугу, а таго забілі; ды шмат іншых — адных б’ючы, а другіх забіваючы.

6 Меў яшчэ аднаго сына найдаражэйшага, і таго ўканцы паслаў да іх, кажучы: Ўшануюць сына майго.

7 Адыж земляробы сказалі адзін другому: Гэта-ж наследнік, пойдзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.

8 І схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе й выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.

10 І ці вы ня чыталі гэтага пісання: «Той камень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.

11 Ад Усеспадара гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117, 22).

12 І маніліся схапіць яго, ды баяліся грамады, зразумелі бо, што пра іх сказаў гэту прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

13 І пасылаюць к яму некаторых з фарызэеў і гэрэдыянаў, каб падхапіць яго на слове.

14 Тыя прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцелю, мы ведаем, што ты праўдамоўны й не зважаеш на нікога, бо ня ўзіраешся ў твар людзям, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш. Ці гожа даваць падатак цэзару, ці не даваць?

15 Ён-жа, ведаючы іхнюю хітрасьць, сказаў ім: што вы мяне зводзіце? Прынясеце мне паглядзець дэнар.

16 Яны прынясьлі яму. І кажа ім: Чый гэта воблік і напіс? Кажуць яму: Цэзараў.

17 Езус-жа ў адказ ім гавора: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. Й дзівіліся з яго.

18 І прыйшлі да яго садуцэі, якія кажуць, няня згробуўстання. ды пыталіся ў яго. кажучы:

19 Вучыцелю. Майзей напісаў нам, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возме ягону жонку й адродзіць патомства брату свайму.

20 І вось было сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не аставіўшы патомства.

21 І ўзяў яе другі й памёр, дый гэты не аставіў патомства. І трэці гэтаксама.

22 І гэтак бралі яе сямёх, а не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла й жанчына.

23 Дык пры згробуўстанні, калі з мяртвых устануць, каторага з іх яна будзе сужэнкай? Бо сямёх мелі яе за жонку.

24 І ў адказ Езус гавора ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце ні Пісанняў, ні моцы Божай?

25 Бо калі згробуўстануць, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выйходзіць, а будуць як анелы ў небе.

26 А пра ўмерлых, што паўстануць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майзеевай, як Бог ля куста гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Выйсь. 3, 6).

27 Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

28 І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў як яны спрачаліся ды бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся яго: каторае прыказанне з’яўляецца першаважным?

29 Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказанняў ёсьць: “Слухай Ізраэль! Госпад Бог твой ёсьць Бог адзіны”;

30 і «любі Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю, і ўсёю сілаю тваёю» (Паўт. Пр. 6, 45). Гэта вось першаважнае прыказанне.

31 А другое падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога» (Лев. 19, 18). Іншага прыказання, большага за гэта, нямашака.

32 І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог, і няма іншага апрача яго;

33 ды каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга як сябе самога — гэта болей за ўсе жэртвы й ахвяры.

34 Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, гавора яму: Недалёка ты ад валадарства Божага. І ніхто больш ня важыўся пытаць яго.

35 А Езус, адзываючыся ў набожні навучаў, кажучы: Як гэта гавораць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?

36 Калі сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Госпад майму Ўсеспадару: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх» (Пс. 109, 1).

37 Сам-жа Давід заве яго Ўсеспадарам, дык скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.

38 І казаў ім у сваёй навуцы: Сцеражэцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках ды быць вітанымі на рынку,

39 й сядзець на першых лавах у бажніцах ды першыя месцы на вячэрах;

40 якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад пакрывай доўгай малітвы. Тыя дастануць цяжэйшы прысуд.

41 І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.

42 Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, ўкінула два шэлегі, што выносіць грош.

43 І паклікаўшы сваіх вучняў, гавора ім: Сапраўды кажу вам, гэта бедная ўдава палажыла болей за ўсех, што клалі ў скарбону.

44 Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з нястачы свае ўсё, што мела, ўвесь свой пражытак.

 

Раздзел 13

1 І як выйходзіў з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцелю. паглядзі, якія каменні й што за будынкі!

2 Езус ў адказ гавора яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў разбураны.

3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго на адзіне Пётр, і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4 Скажы нам, калі гэта станецца ды які знак будзе, як гэта ўсё пачне здзейсьнівацца?

5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня звёў.

6 Многія бо прыйдуць у імя маё, кажучы, што гэта я, і многіх звядуць.

7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных клічах, ня бойцеся, бо трэба, каб гэта сталася, адыж яшчэ не канец.

8 Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства; ды будуць мясцамі землятрасенні й галады. Гэта пачатак злыбядаў.

9 А вы глядзеце самы сябе. Бо аддавацімуць вас у суды, і біцімуць у бажніцах, ды будзеце станавіцца перад начальнікамі й каралямі дзеля мяне, на пасьветчанне ім.

10 І трэба, каб перш была ў ва ўсіх народаў абвяшчаная эванэлія.

11 Калі-ж вясьцімуць вас, каб выдаць, не клапацецеся наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэну часіну. тое гаварэце. Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Святы.

12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды сьмерць ім зробяць.

13 І будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх дзеля імяні майго. А хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 Калі-ж угледзіце агіду спусташэння, стаячую там, дзе ня сьлед — хто чытае, хай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;

15 а каторы на даху, хай ня зыходзіць у дом ды не ўвайходзіць, каб узяць што з дому свайго;

16 а каторы будзе на полі, хай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.

17 Гора цяжарным і кормячым у гэныя дні!

18 Малецеся-ж, каб ня здарылася (гэта) зімою.

19 Бо тыя дні будуць такім прыгнобленнем, якога ня было ад пачатку стварэння, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.

20 І калі-б Госпад не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх выбраў, скараціў гэныя дні.

21 І тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, вось там — ня верце.

22 Бо паўстануць хвальшывыя хрыстусы й хвальшывыя прарокі ды будуць паказваць знакі й дзівы, каб звясьці, калі магчыма, навет выбраных.

23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам усё наперад.

24 Але ў тыя дні пасьля гэнага прыгноблення сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свае яснасьці,

25 і зоры нябесныя падацімуць, і сілы нябесныя зрушацца.

26 Тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблоках, з вялікай сілай і славай.

27 І тады пашле сваіх анелаў і збярэ сваіх выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

28 А ад смаковіцы вазмеце прыклад: калі ўжо галіна яе зробіцца мяккай і пускае лісьце, пазнаеце, што блізка лета.

29 Гэтак і вы, калі ўгледзіце, што гэта дзеецца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.

30 Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.

31 Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

32 Аб дні-ж тым ніхто ня ведае, ані анелы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

33 Глядзеце, не драмеце й малецеся, бо ня ведаеце, калі час прыдзе.

34 Як чалавек, што ад’яжджаючы аставіў свой дом і даў слугам сваім ўладу ў кожнай справе ды загадаў прыдзверніку, каб быў чуткім.

35 Дык чуткімі будзьце, ня ведаеце бо, калі гаспадар дому прыйдзе: увечар, ці сярод ночы, ці ў пеўні, ці нараніцы:

36 каб прыйшоўшы неўспадзеўкі, не застаў сплючы вас.

37 А што вам кажу, ўсім кажу: Ня сьпеце.

 

Раздзел 14

1 Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.

2 Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.

3 І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.

4 Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?

5 Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.

6 Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.

7 Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мяне не заўсёды маеце.

8 Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.

9 Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.

10 А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.

11 Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.

12 А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Пасху?

13 І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;

14 і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?

15 І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.

16 І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.

17 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.

18 І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.

19 Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?

20 А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.

21 Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.

22 І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.

23 І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.

24 І сказаў ім: Гэта кроў мая новага закону, што за многіх будзе праліта.

25 Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.

26 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.

27 І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13, 7).

28 Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.

29 Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.

30 І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.

31 Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.

32 І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.

33 І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.

34 І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.

35 І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.

36 Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.

37 І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?

38 Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.

39 Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.

40 А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.

41 І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.

42 Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мяне выдасьць.

43 І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.

44 А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.

45 І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.

46 Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.

47 Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.

48 Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мяне?

49 Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.

50 Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.

51 Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,

52 але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.

54 Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.

55 А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.

56 Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.

57 А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:

58 Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.

59 Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.

60 Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?

61 Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?

62 Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.

63 І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?

64 Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.

65 Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.

66 А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,

67 і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.

68 Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.

69 Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.

70 Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.

71 І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.

72 Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.

 

Раздзел 15

1 І зранку зараз першасьвятары і кніжнікі й старшыны з цэлым Сынгэдрынам, зрабіўшы нараду, звязалі Езуса й павялі перадаць Пілату.

2 І спытаўся ў яго Пілат: Ты кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ гавора яму: Ты кажаш.

3 І многа ў чым першасьвятары вінавацілі яго.

4 Пілат-жа йзноў гаворыць яму, пытаючы: Не адказваеш нічога? Бач, колькі цябе вінавацяць!

5 Езус-жа болей нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.

6 А к сьвяту меў звычай выпушчаць аднаго з вязняў, каго-б зажадалі.

7 Быў-жа ў вязніцы нейкі Барабба разам з бунтаўнікамі, што падчас бунту зрабіў забойства.

8 І натаўп збегшыся, пачаў дамагацца, каб зрабіў ім, як заўсёды.

9 Пілат-жа ў адказ сказаў ім: Жадаеце, выпусьціць вам караля Юдэйскага?

10 Ведаў бо, што першасьвятары выдалі яго дзеля завісьці.

11 Адыж першасьвятары падбурылі натаўп, каб лепш пусьціў ім Бараббу.

12 Пілат-жа азваўшыся зноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?

13 А яны зноў закрычалі: Укрыжуй яго!

14 Пілат гавора ім: Што-ж ён зрабіў благое? Яны-ж яшчэ мацней крычалі: Укрыжуй яго!

15 Тады Пілат, манючыся дагадзіць народу, выпусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.

16 І завялі яго ваяры на дворышча суду ды склікалі ўсю роту.

17 Й апранулі яго ў пурпуру ды сплёўшы вянок цернявы, узлажылі на яго.

18 І пачалі вітаць яго: Прывет табе, кароль Юдэйскі!

19 Ды білі яго па галаве трысьцінаю й плявалі на яго, і становячыся на калені, кланяліся яму.

20 А калі наглуміліся з яго, знялі пурпуру ды апранулі ў ягонае адзеньне й павялі, каб укрыжаваць яго.

21 І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Цырэнэйца, што йшоў з вёскі. бацьку Александра й Руфа, каб нёс крыж ягоны.

22 І прывялі яго на Гольготу, што знача: месца Трупнога Чэрапу.

23 І давалі яму піць віно змяшанае з мірраю, адыж ня прыняў.

24 А крыжуючыя яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы варажбу, хто што меў узяць.

25 Была-ж трэцяя гадзіна і ўкрыжавалі яго.

26 І быў напіс віны ягонай напісаны: Кароль Юдэйскі.

27 А з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч.

28 І споўнілася Пісанне, каторае кажа: І да злыдняў залічаны (Із. 53. 12).

29 А праходзячыя міма блюзнілі яму, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: Эй, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш!

30 выратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа!

31 Гэтаксама й першасьвятары з кніжнікамі высьмейваліся, адзін да другога кажучы: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа выратаваць.

32 Хай-жа цяперака Хрыстус, кароль Ізраэльскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі ды ўверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, даракалі яму.

33 А калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.

34 А ў дзявятай гадзіне адазваўся Езус вялікім голасам, кажучы: Элёй, Элёй, лямма сабахтані? што знача: Божа мой, Божа мой, чаму ж Ты мяне пакінуў?

35 А некаторыя з тых, што там стаялі, чуючы гэта, гаварылі: Во Гальяша кліча.

36 Адзін-жа пабегшы й насочыўшы губку воцтам ды насадзіўшы на трысьціну. даваў яму піць, кажучы: Пастойце, паглядзімо, ці прыйдзе Гальяш, каб зняць яго.

37 Езус-жа, усклікнуўшы моцным голасам, сканаў.

38 І заслона святыні раздзерлася надвое ад верху да нізу.

39 А сотнік, што стаяў насупроць, відзячы з якім голасам сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.

40 Былі-ж і жанчыны, здалёк углядаючыся, між якімі была Марыя Магдалена і Марыя, матка Якуба Малодшага й Язэпа, і Салёмэя;

41 што як быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, ды шмат іншых, каторыя былі разам з ім прыйшоўшы ў Ерузалім.

42 І як настаў ужэ вечар (бо быў дзень Прыгатовы (параскева) знача перадсыботнік).

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, што і сам чакаў валадарства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата ды прасіў цела Езусавага.

44 А Пілат здзівіўся, што ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, упэўняўся, ці ўжо памёр.

45 А калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.

46 Язэп-жа, купіўшы палатно (сіндон) ды зняўшы яго, абвіў у палатно ды палажыў яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, прываліўшы камень да ўваходу ў гроб.

47 Марыя-ж Магдалена й Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.

 

Раздзел 16

1 А як мінула сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава і Салёмэя купілі ароматаў, каб пайсьці намасьціць Езуса.

2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу пры ўсходзе сонца.

3 І гутарылі між сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?

4 А глянуўшы, бачаць камень адвалены быў бо ён надта вялізны.

5 І ўвайшоўшы ў гробніцу, ўвідзелі юнака, сядзячага праваруч, адзетага ў белае акрыцьцё, і ўжахнуліся.

6 Ён-жа ім кажа: Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэнскага, Укрыжаванага, ён устаў, няма яго тут. Вось месца, дзе яго былі палажылі.

7 Але йдзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.

8 І яны выйшаўшы, пабеглі ад гробу, напала бо на іх дрыгата й трывога; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 Згробуўстаўшы ж раненька ў першы дзень тыдня, сьпярша зявіўся Марыі Магдалене, з якое выгнаў быў сем дэманаў.

10 Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.

11 А яны, пачуўшы, што жыве ды быў ёю бачаны, не паверылі.

12 Пасьля ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым у сялібу.

13 І тыя, прыйшоўшы, паведамілі другіх; дый ім не паверылі.

14 Урэшце зявіўся самым адзінаццацём, за сталом сядзеўшым, і выгаварваў ім няверлівасьць іх ды закамянеласьць сэрца, што ня верылі бачыўшым яго, згробуўстаўшага.

15 І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэнню.

16 Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлёны; а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.

17 А за тымі, што ўвераць, ісьцімуць гэткія знакі: У імя маё дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыцімуць;

18 змяёў будуць браць і хоць-бы што сьмяротлівае пілі не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць і добра мецімуцца.

19 І так Усеспадар Езус, пасьля таго, як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба й сядзе праваруч Бога.

20 А яны, выйшаўшы, прапаведвалі ўсюды, а Госпад памагаў ім і ўцьвярджаў мову знакамі, йдучымі ўсьлед за імі.



Пераклад: Пётр Татарыновіч
Тэкст падаецца паводле выдання: Sviataja Evanelija i Apostalskija dziei / pieraklaŭ i padaŭ vyjasnienni Piotr Tatarynovič. Rym: Vydaviectva Bielaruskaj Relihijna-Adradzenskaj Časopisi „Znič”, 1954. 636 c.
Крыніца: http://chasaslovec.info
Падрыхтавана: Алесь Аўдзяюк