epub
 
падключыць
слоўнікі

Святое Евангелле паводле Лукі

Раздзел 1
Раздзел 2
Раздзел 3
Раздзел 4
Раздзел 5
Раздзел 6
Раздзел 7
Раздзел 8
Раздзел 9
Раздзел 10
Раздзел 11
Раздзел 12
Раздзел 13
Раздзел 14
Раздзел 15
Раздзел 16
Раздзел 17
Раздзел 18
Раздзел 19
Раздзел 20
Раздзел 21
Раздзел 22
Раздзел 23
Раздзел 24


Раздзел 1

1Паколькі ўжо многія ўзялі́ся склада́ць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбылі́ся,

2як перадалі́ нам тыя, што ад пачатку былі́ відаво́чцамі і служы́целямі Слова,

3прыйшло на думку і мне, дакладна дасле́даваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Фео́філе,

4каб ты спазна́ў цвёрдую аснову таго вучэ́ння, у якім быў наста́ўлены.

5Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар і́мем Заха́рыя, з Аві́евай чаргі́; і жонка яго з роду Ааро́навага, імя́ ёй Елісавета.

6Былі́ яны абое праведныя перад Богам, жывучы́ паводле ўсіх за́паведзяў і ўстанаўле́нняў Гасподніх беззага́нна.

7І не ме́лі яны дзіця́ці, бо Елісавета была́ няплодная, і абое былі́ ўжо на схі́ле гадоў сваіх.

8І ста́лася: калі ў парадку сваёй чаргі́ ён служыў перад Богам,

9вы́пала яму, паводле звы́чаю святарскага, кадзі́ць, увайшоўшы ў храм Гасподні,

10а ўсё мноства людзей малілася зво́нку ў час каджэ́ння;

11і явіўся яму Ангел Гасподні, сто́ячы справа ад кадзі́льнага ахвя́рніка;

12і суме́ўся Заха́рыя, убачыўшы, і страх напаў на яго.

13Але Ангел сказаў яму: не бойся, Заха́рыя, бо пачу́та малітва твая, і жонка твая Елісавета наро́дзіць табе сына, і назавеш яго і́мем Іаан,

14і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэ́нню яго ўзрадуюцца;

15бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна́ і сі́керу; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;

16і многіх з сыноў Ізра́ілевых зве́рне да Госпада Бога іх;

17і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі́, каб вярну́ць сэ́рцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтава́ць Госпаду народ гатовы.

18І сказаў Заха́рыя Ангелу: па чым я пазна́ю гэта? бо я стары́, і жонка мая́ на схі́ле гадоў сваіх.

19І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыі́л, што стаю перад Богам і пасла́ны гаварыць з табой і дабраве́сціць табе гэта;

20і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збу́дзецца гэта, за тое, што ты не паверыў сло́вам маім, якія здзе́йсняцца ў свой час.

21І чакаў народ Заха́рыю і здзіўляўся, што ён мару́дзіць у храме.

22Ён жа, вы́йшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзе́нне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямы́м.

23І ста́лася: калі скончыліся дні служэ́ння яго, пайшоў ён у дом свой.

24Пасля гэтых дзён зачала́ Елісавета, жонка яго, і таі́лася пяць месяцаў, і гаварыла:

25так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спагля́нуў, каб зняць з мяне́ га́ньбу сярод людзе́й.

26А ў шосты месяц пасла́ны быў Ангел Гаўрыі́л ад Бога ў горад Галіле́йскі пад назвай Назарэ́т

27да Дзевы, зару́чанай з мужам, імя́ якому Іосіф, з дому Даві́давага; а імя́ Дзевы — Марыя.

28І, увайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын.

29Яна ж, убачыўшы яго, збянтэ́жылася ад слова яго і разважа́ла, што́ ж гэта за віта́нне.

30І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога.

31І вось, зачне́ш ва ўло́нні, і наро́дзіш Сы́на, і дасі́ Яму імя́: Іісус.

32Ён будзе вялікі, і Сы́нам Усявышняга будзе назва́ны, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;

33і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца.

34І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?

35Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе́ на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне́ Цябе; таму і Святое, што наро́дзіцца, Сы́нам Божым будзе назва́на;

36і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала́ сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;

37бо не застане́цца бяссі́льным у Бога ніводнае слова.

38Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел.

39І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспе́шнасцю ў горны край, у горад Іу́даў;

40і ўвайшла ў дом Заха́рыі, і павіта́ла Елісавету.

41І ста́лася: калі пачула Елісавета віта́нне Марыіна, устрапяну́лася дзіця́тка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым,

42і ўсклі́кнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод уло́ння Твайго!

43І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

44Бо, калі голас віта́ння Твайго дайшоў да вушэ́й маіх, устрапяну́лася дзіця́тка радасна ва ўлонні маім.

45І блажэнная Тая, што паверыла, бо збу́дзецца ска́занае Ёй ад Госпада.

46І сказала Марыя: веліча́е душа Мая Госпада,

47і ўзра́даваўся дух Мой у Богу, Спасіцелі Маім,

48што спагля́нуў Ён на пако́ру Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэ́ннай усе ро́ды;

49бо ўчыні́ў Мне вялікае Моцны, і святое імя́ Яго;

50і міласэрнасць Яго ў ро́ды ро́даў да тых, што баяцца Яго;

51Ён праяві́ў сілу рукою Сваёю; рассе́яў ганарлі́вых ду́мкамі сэ́рца іх;

52скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пако́рлівых;

53галодных здаво́ліў дабром, а багатых адпусціў ні з чым;

54прыхіну́ў Ізра́іля, слугу́ Свайго, па́мятаючы пра міласць, —

55як гаварыў бацька́м нашым, — да Аўраама і се́мені яго давеку.

56Прабыла́ ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

57А Елісавеце настаў час радзі́ць, і яна нарадзі́ла сы́на.

58І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю.

59І ста́лася: у восьмы дзень прыйшлі абрэ́заць дзіця́, і хацелі назваць яго і́мем ба́цькі яго, Заха́рыем.

60І, адказваючы, маці яго сказала: не, а назва́ны будзе Іаанам.

61І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым і́мем.

62І зна́камі пыталіся ў ба́цькі яго, я́к бы ён хацеў, каб назва́лі яго.

63І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя́ яму. І здзівіліся ўсе.

64І адразу адкры́ліся ву́сны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўля́ючы Бога.

65І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным кра́і Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.

66І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэ́рцы сваім, ка́жучы: што́ будзе з дзіця́ці гэтага? І рука Гасподняя была́ з ім.

67І Заха́рыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, ка́жучы:

68благаславёны Гасподзь Бог Ізра́ілеў, што наведаў народ Свой і вы́купіў яго;

69І ўзняў нам рог спасення ў доме Давіда, слугі́ Свайго,

70як сказаў ву́снамі святых Сваіх прарокаў адве́ку,

71што ўрату́е нас ад ворагаў нашых і ад рукі́ ўсіх, хто ненавідзіць нас;

72каб зрабіць міласць бацька́м нашым і ўспомніць запаве́т Свой святы́,

73кля́тву, якой кля́ўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,

74вы́зваленым ад рукі́ ворагаў нашых, без бо́язі

75служы́ць Яму ў свя́тасці і пра́веднасці перад Ім ва ўсе дні жыцця́ нашага.

76І ты, дзіця́, прарокам Усявышняга будзеш назва́на, бо ты будзеш ісці перад аблі́ччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхі́ Яму,

77даць народу Яго спазна́ць спасе́нне ў адпушчэ́нні грахоў,

78па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наве́даў нас Усход з вышыні́,

79каб асвятлі́ць тых, што сядзяць у це́мры і це́ні смерці, скірава́ць ногі нашы на шлях міру.

80Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было́ ў пусты́нях да дня з‘яўле́ння свайго Ізра́ілю.

 

Раздзел 2

1І ста́лася ў тыя дні: выйшаў указ ад ке́сара Аўгуста зрабіць пе́рапіс па ўсёй зямлі.

2Гэта быў першы пе́рапіс, калі Сі́рыяй пра́віў Квіры́ній.

3І ўсе ішлі запі́свацца, кожны ў свой горад.

4Пайшоў таксама і Іосіф з Галіле́і, з горада Назарэ́та, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

5запісацца з Марыяй, заручо́най з ім Жонкай, Якая была цяжа́рная.

6І ста́лася: калі яны былі́ там, споўніліся дні, каб радзі́ць Ёй;

7і нарадзі́ла Сына Свайго Першынца, і спавіла́ Яго, і пакла́ла Яго ў я́слях, бо не было ім ме́сца ў гасці́ніцы.

8У той краіне былі́ пастухі, што пільнава́лі і не́слі начную ва́рту каля статку свайго.

9І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподняя азары́ла іх; і напоўніліся страхам вялікім.

10І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшча́ю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу:

11нарадзі́ўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь;

12і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця́тка спаві́тае, што ляжы́ць у я́слях.

13І раптам з’явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваля́ючы Госпада і прамаўля́ючы:

14слава ў вы́шніх Богу і на зямлі мір, у лю́дзях добрая воля.

15І ста́лася: калі адышлі́ ад іх Ангелы на неба, людзі-пастухі казалі адзін аднаму: по́йдзем у Віфлеем і паглядзі́м тое, што адбыло́ся, пра што Гасподзь абвясці́ў нам.

16І, спяша́ючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіця́тка, што ляжала ў я́слях.

17Убачыўшы ж, абвясці́лі тое, што было́ ска́зана ім пра гэтае Дзіця́.

18І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што́ казалі ім пастухі.

19А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, склада́ючы ў сэрцы Сваім.

20І вярнуліся пастухі, сла́вячы і хва́лячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было ска́зана ім.

21І калі спо́ўнілася восем дзён, каб абрэ́заць Дзіця́, далі́ імя́ Яму Іісус, назва́нае Ангелам перш, чым Ён зача́ты быў ва ўлонні.

22І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага, прыне́слі Яго ў Іерусалім, каб прадста́віць Яго Госпаду, —

23як напі́сана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрыва́е ўлонне, было́ пасвячо́на Госпаду, —

24і каб прыне́сці ахвяру паводле ска́занага ў законе Гасподнім: па́ру го́рліц або дваіх птушаня́т галубі́ных.

25І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя́ якому Сімяо́н. І чалавек гэты, праведны і богабая́зны, чакаў суцяшэ́ння Ізра́іля, і Дух Святы быў на ім.

26І было́ яму прадве́шчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.

27І прыйшоў ён па натхне́нню Духа ў храм. І калі бацькі́ прыне́слі Дзіця́ Іісуса, каб вы́канаць над Ім устано́ўленае па закону,

28ён узяў Яго на ру́кі, благаславі́ў Бога і сказаў:

29цяпер адпуска́еш раба́ Твайго, Уладыка, паводле сло́ва Твайго, з мірам;

30бо бачылі вочы мае́ спасе́нне Тваё,

31якое Ты ўгатава́ў перад аблі́ччам усіх народаў,

32святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізра́іля.

33Іосіф жа і Маці Яго здзіўля́ліся ска́занаму пра Яго.

34І благаславі́ў іх Сімяо́н і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжы́ць для падзе́ння і паўстання многіх у Ізра́ілі і на знаме́нне супярэ́чання, —

35і Табе Самой душу́ пратне́ меч, — каб адкрыліся по́мыслы многіх сэ́рцаў.

36І была́ Анна прарочыца, дачка Фану́ілава, з калена Асі́равага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражы́ўшы з мужам сем год ад дзяво́цтва свайго,

37удава́ гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, паста́мі і малітвамі слу́жачы Богу дзень і ноч.

38І яна ў той самы час, падышоўшы, сла́віла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўле́ння ў Іерусаліме.

39І калі вы́каналі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галіле́ю, у горад свой Назарэ́т.

40Дзіця́ ж расло́ і ўмацо́ўвалася духам, напаўня́ючыся мудрасцю, і благадаць Божая была́ на Ім.

41І хадзілі бацькі́ Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.

42І калі Яму было́ дванаццаць гадоў, узышлі́ яны ў Іерусалім, паводле звы́чаю свя́та,

43і правялі́ тыя дні; і калі вярта́ліся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго;

44думаючы, што Ён разам са спадаро́жнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваяко́ў і знаёмых;

45і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шука́ючы Яго.

46І ста́лася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;

47і дзіві́ліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.

48І, убачыўшы Яго, яны вельмі здзіві́ліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця́! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, паку́туючы, шукалі Цябе.

49І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба́ вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што нале́жыць Айцу Майму?

50Але яны не зразуме́лі сло́ва, якое Ён казаў ім.

51І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмя́ны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэ́рцы Сваім.

52А Іісус узраста́ў у мудрасці і гада́х, і ў любві ў Бога і ў людзей.

 

Раздзел 3

1У пятнаццаты ж год праўле́ння ке́сара Тыве́рыя, калі Понцій Пілат быў праві́целем у Іудзеі, Ірад быў тэтра́рхам у Галіле́і, а Філіп, брат яго, тэтра́рхам у Ітурэ́і і Трахані́цкай зямлі, а Ліса́ній тэтра́рхам у Авіліне́і,

2пры першасвятарах Анне і Каіа́фе, было́ слова Божае да Іаана, сына Заха́рыі, у пусты́ні.

3І прайшоў ён усё навако́лле Іарданскае, прапаве́дуючы хрышчэ́нне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў,

4як напі́сана ў кнізе слоў Іса́іі прарока: “голас таго, хто клі́ча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабі́це сце́жкі Яму;

5кожны дол няхай напо́ўніцца, і кожная гара́ і ўзгорак няхай пані́зяцца, і крывое няхай вы́прастаецца, і няроўныя дарогі стануць гла́дкімі,

6і ўбачыць кожная плоць спасе́нне Божае”.

7І вось сказаў народу, які прыходзіў хрысці́цца ад яго: адро́ддзе яхі́дніна! хто намо́віў вас уцяка́ць ад будучага гневу?

8Прынясі́це ж годныя плады́ пакая́ння і не думайце гаварыць самі сабе: “айцец ў нас Аўраам”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.

9Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжы́ць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага плоду, ссяка́юць і кі́даюць у агонь.

10І пытаўся ў яго народ, ка́жучы: што ж рабіць нам?

11Ён жа гаворыць ім у адказ: хто ма́е дзве кашу́лі, няхай дасць таму, хто не ма́е, і хто ма́е ежу, няхай зробіць гэтаксама.

12Прыйшлі і мы́тнікі хрысці́цца ад яго і сказалі яму: настаўнік! што нам рабіць?

13А ён сказаў ім: нічога больш за вы́значанае вам не спаганя́йце.

14Пыталіся ў яго таксама і воіны, гаво́рачы: а нам што рабіць? І сказаў ім: не чыні́це крыўды нікому, не даносьце і задавальня́йцеся пла́тай сваёй.

15Калі ж народ быў у чака́нні і ўсе разважа́лі ў сэ́рцах сваіх пра Іаана, ці не Хрыстос ён, —

16адказаў Іаан усім, гаворачы: я вадою хрышчу́ вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абутку Яго; Ён будзе хрысці́ць вас Духам Святым і агнём.

17Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ́ пшаніцу ў жы́тніцу Сваю, а мякі́ну спа́ліць агнём непага́сным.

18І многа ў чым іншым настаўля́ючы, дабраве́сціў ён народу.

19А Ірад тэтра́рх, выкрыва́ны ім за Ірадыя́ду, жонку Філіпа, брата свайго, і за ўсё ліхое, што зрабіў Ірад,

20дада́ў да ўсяго яшчэ і тое, што зачыні́ў Іаана ў цямні́цы.

21І ста́лася: калі хрысці́ўся ўвесь народ, і Іісус, ахрысці́ўшыся, маліўся, раскры́лася неба,

22і сышоў на Яго Дух Святы́ ў цяле́сным вы́глядзе, як голуб, і голас быў з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой Узлю́блены, Цябе Я ўпадаба́ў.

23А Сам Іісус меў гадоў трыццаць, калі распачына́ў, і быў, як думалі, Сын Іо́сіфаў, Ілі́еў,

24Матфа́таў, Леві́еў, Мелхі́еў, Іана́еў, Іо́сіфаў,

25Матафі́еў, Амо́саў, Нау́маў, Еслі́маў, Нагге́еў,

26Маа́фаў, Матафі́еў, Семеі́еў, Іо́сіфаў, Іу́даў,

27Іаана́наў, Рыса́еў, Зарава́велеў, Салафіі́леў, Ніры́еў,

28Мелхі́еў, Аддзі́еў, Каса́маў, Елмада́маў, І́раў,

29Іасі́еў, Еліезе́раў, Іары́маў, Матфа́таў, Леві́еў,

30Сімяо́наў, Іу́даў, Іосіфаў, Іана́наў, Еліакі́маў,

31Мелеа́еў, Маіна́наў, Маттафа́еў, Нафа́наў, Даві́даў,

32Іесе́еў, Аві́даў, Вао́заў, Салмо́наў, Наасо́наў,

33Амінада́ваў, Ара́маў, Есро́маў, Фарэ́саў, Іу́даў,

34Іа́каваў, Ісаа́каў, Аўраа́маў, Фа́раў, Нахо́раў,

35Серу́хаў, Рага́ваў, Фале́каў, Еве́раў, Са́лаў,

36Каіна́наў, Арфакса́даў, Сі́маў, Но́еў, Ла́мехаў,

37Мафуса́лаў, Ено́хаў, Іарэ́даў, Малелеі́лаў, Каіна́наў,

38Ено́саў, Сі́фаў, Ада́маў, Божы.

 

Раздзел 4

1Іісус жа, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Іардана; і паве́дзены быў Духам у пусты́ню,

2дзе сорак дзён спакуша́ў Яго дыявал; і не еў нічога ў тыя дні; а як скончыліся яны, урэ́шце адчуў голад.

3І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы, скажы ка́меню гэтаму, каб стаў хле́бам.

4І сказаў Іісус яму ў адказ: напі́сана, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым”.

5І, узвёўшы Яго на высокую гару́, паказаў Яму дыявал усе царствы све́ту ў імгне́нне часу,

6і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўла́ду гэтую і славу іх, бо мне яна перада́дзена, і я, каму хачу, даю́ яе;

7і вось, калі Ты пакло́нішся перада мною, будзе ўсё Тваё.

8І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзі́ ад Мяне, сатана; бо напі́сана: “Госпаду Богу твайму пакланя́йся і Яму аднаму служы́”.

9І павёў Яго ў Іерусалім, і паставіў Яго на крыле́ храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;

10бо напі́сана: “Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе ахава́ць Цябе;

11і на рука́х панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю”.

12І ў адказ Іісус сказаў яму: ска́зана: “не спакуша́й Госпада Бога твайго”.

13І, скончыўшы ўсё спакушэ́нне, дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.

14І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею; і вестка пра Яго разышла́ся па ўсім навако́ллі.

15І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсімі быў сла́ўлены.

16І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадава́ны, і ўвайшоў, па звы́чаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць.

17І падалі́ Яму кнігу Іса́іі прарока; і, разгарну́ўшы кнігу, Ён знайшоў ме́сца, дзе было напі́сана:

18“Дух Гасподні на Мне, бо Ён пама́заў Мяне дабраве́сціць убогім, паслаў Мяне ацалі́ць скру́шаных у сэрцы, абвясці́ць палонным вызвале́нне і сляпым віду́шчасць, адпусці́ць прыгне́чаных на волю,

19абвясці́ць год Гасподні спрыя́льны”.

20І, згарну́ўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі зве́рнуты да Яго.

21І Ён пачаў гаварыць ім: сёння спо́ўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.

22І ўсе засве́дчылі Яму гэта, і дзіві́ліся сло́вам благадаці, якія выхо́дзілі з вуснаў Яго, і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?

23Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе: “ле́кару! ацалі́ само́га сябе”; тое, што, як мы чулі, адбыло́ся ў Капернау́ме, зрабі і тут, на ба́цькаўшчыне Тваёй.

24І сказаў: праўду кажу вам, што ніякага прарока не прымаюць на ба́цькаўшчыне яго.

25Па праўдзе кажу вам: многа было́ ўдоў у Ізраілі ў дні Іліі́, калі зачы́нена было неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;

26і ні адной з іх не быў пасла́ны Ілія́, толькі ў Сарэ́пту Сідо́нскую, да жанчыны-ўдавы́;

27і шмат было пракажо́ных у Ізра́ілі пры Елісе́і прароку, і ніводзін з іх не быў ачы́шчаны, акрамя Неема́на Сірыяні́на.

28І напоўніліся я́расцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;

29і, падняўшыся, вы́гналі Яго прэч з горада, і павялі Яго на верх гары́, на якой горад іх быў пабудаваны, каб скі́нуць Яго;

30Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.

31І спусціўся ў Капернау́м, горад Галілейскі; і вучыў іх па суботах.

32І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго, бо з ула́даю было́ слова Яго.

33І быў у сінагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і закрычаў моцным голасам,

34ка́жучы: пакінь; што Табе да нас, Іісусе Назарані́не? Ты прыйшоў загубі́ць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.

35Але Іісус забарані́ў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэ́дзіну, выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.

36І жах ахапі́ў усіх, і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што́ гэта за слова, што Ён з ула́даю і сілаю зага́двае духам нячыстым, і яны выхо́дзяць?

37І разне́слася по́галаска пра Яго па ўсіх навако́льных мясці́нах.

38Вы́йшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сі́мана; а це́шча Сі́манава была́ ахо́плена моцнай гара́чкай; і прасілі Яго за яе.

39І, стаўшы над ёю, Ён забарані́ў гара́чцы; і пакінула яе; і адразу ўстаўшы, яна прыслу́жвала ім.

40А як захо́дзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыво́дзілі іх да Яго; Ён жа, усклада́ючы ру́кі на кожнага з іх, ацаля́ў іх.

41Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараня́ючы, не дазваля́ў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

42А як настаў дзень, Ён, вы́йшаўшы, адправіўся ў пустэ́льнае ме́сца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затры́млівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.

43Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам павінен дабраве́сціць Я Царства Божае, бо на тое Я пасла́ны.

44І прапаве́даваў у сінагогах Галілейскіх.

 

Раздзел 5

1І ста́лася: калі народ ці́снуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэ́цкага;

2убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамыва́лі мярэ́жы.

3Увайшоўшы ў адну з лодак, якая нале́жала Сі́ману, Ён прасіў яго адплыць крыху́ ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.

4А калі скончыў гаварыць, сказаў Сі́ману: адплыві на глыбіню́, і закіньце мярэ́жы вашы для лову.

5І сказаў Сі́ман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэ́жу.

6І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэ́жа іх прарыва́лася.

7І далі́ знак супо́льнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы́ ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абе́дзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.

8Убачыўшы ж гэта, Сі́ман Пётр прыпа́ў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.

9Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, вы́цягнутай імі;

10а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзе́евых, што былі́ тава́рышамі Сі́мана. І сказаў Сі́ману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.

11І, вы́цягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.

12І ста́лася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у прака́зе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, мо́лячы Яго і ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.

13І, працягну́ўшы руку́, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу прака́за сышла з яго.

14І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі ахвяру за ачышчэ́нне тваё, як загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.

15Але ўсё болей разыхо́дзіліся чу́ткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаля́цца ў Яго ад не́мачаў сваіх.

16Ён жа адыходзіў у пустэ́льныя месцы і маліўся.

17І ста́лася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучы́целі, якія прыйшлі з усіх вёсак галіле́йскіх і іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была́, каб ацаля́ць іх;

18вось людзі прыне́слі на пасцелі чалавека, які быў спаралізава́ны, і спрабава́лі ўне́сці яго і пакла́сці перад Іісусам;

19і, не знайшо́ўшы як пране́сці яго з-за натоўпу, яны, падня́ўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэ́дзіну перад Іісусам.

20І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.

21І пачалі́ разважа́ць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што блюзне́рыць? Хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога:

22Іісус жа, зразумеўшы по́мыслы іх, сказаў ім у адказ: што́ разважа́еце ў сэ́рцах вашых?

23Што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі твае” ці сказаць: “устань і хадзі”?

24Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўладу на зямлі адпуска́ць грахі, — Ён сказаў спаралізава́наму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.

25І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, сла́вячы Бога.

26І жах ахапіў усіх, і сла́вілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзі́ўнае бачылі мы сёння.

27І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мы́тніка і́мем Леві́й, які сядзеў на мы́тні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.

28І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.

29І зрабіў Леві́й для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было́ там мноства мы́тнікаў і іншых, якія з імі ўзляжа́лі.

30І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, ка́жучы: навошта вы з мы́тнікамі і грэшнікамі ясце́ і п‘яце́?

31І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кары, а хворыя;

32Я прыйшоў заклі́каць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

33Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы по́сцяць часта і малітвы дзе́юць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае яду́ць і п‘юць?

34Ён жа сказаў ім: хіба́ можаце вы прымусіць пасці́ць сыноў харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх?

35Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, тады будуць пасці́ць у тыя дні.

36Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзе́жыны новай не наклада́е на адзе́жыну стару́ю; інакш і новую разарве́, і да старо́й не пады́дзе латка ад новай.

37І ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхі́ стары́я; інакш прарве маладое віно мяхі, і само вы́цеча, і мяхі́ прападу́ць;

38а віно маладое ў мяхі́ новыя ўліва́ць трэба: і зберага́ецца тое і другое.

39І ніхто, піўшы старо́е, не захоча адразу маладога, бо кажа: старо́е лепшае.

 

Раздзел 6

1І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, прахо́дзіць пасе́вамі, і вучні Яго зрыва́лі каласы і елі, расціра́ючы рука́мі.

2Некато́рыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазво́лена рабіць па суботах?

3І сказаў ім Іісус у адказ: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былі́ з ім?

4як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы́ выстаўле́ння, якіх не дазво́лена было́ есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былі́.

5І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспада́р і суботы.

6Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучы́ць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была́ сухая.

7Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацалі́ць Ён у суботу, каб знайсці абвінава́чанне су́праць Яго.

8Але Ён ведаў по́мыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку́: падыміся і стань пасярэ́дзіне. І той, падняўшыся, стаў.

9Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што́ дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу́ ўратава́ць ці загубі́ць? Яны ж маўчалі.

10І, паглядзе́ўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягні́ руку́ тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.

11Яны ж перапоўніліся шале́нствам і гаварылі між сабою, што́ ім рабіць з Іісусам.

12І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.

13А калі настаў дзень, паклі́каў вучняў Сваіх і вы́браў з іх двана́ццаць, якіх і назваў Апосталамі:

14Сі́мана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламе́я,

15Матфея і Фаму́, Іакава Алфе́евага і Сі́мана, называнага Зіло́там,

16Іуду Іа́кавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прада́жнікам.

17І, спусці́ўшыся з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэ́жжа Ты́рскага і Сідонскага,

18што прыйшлі паслухаць Яго і ацалі́цца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што паку́тавалі ад духаў нячыстых; і ацаля́ліся.

19І ўсе людзі імкну́ліся дакрану́цца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаля́ла ўсіх.

20І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэ́нныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.

21Блажэ́нныя галодныя цяпер, бо насы́ціцеся. Блажэ́нныя, хто плача цяпер, бо засмеяце́ся.

22Блажэ́нныя вы, калі ўзненаві́дзяць вас людзі і калі адлу́чаць вас, і зга́ньбяць, і вы́кінуць імя́ ваша як зло, за Сына Чалавечага.

23Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялі́цеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі́ іх.

24Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атры́мліваеце ўце́ху вашу.

25Гора вам, перасы́чаныя цяпер, бо голад зазна́еце. Гора вам, хто смяе́цца цяпер, бо засмутку́еце і запла́чаце.

26Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі́ іх.

27А вам, хто слухае, кажу: любі́це ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненаві́дзяць вас,

28благаслаўля́йце тых, што пракліна́юць вас, і малі́цеся за тых, што кры́ўдзяць вас.

29Таму, хто б’е цябе па шчацэ́, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджа́й узяць і сарочку.

30Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.

31І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.

32А калі вы лю́біце тых, што лю́бяць вас, якая вам за гэта падзяка́ бо і грэшнікі лю́бяць тых, хто іх лю́біць.

33І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі тое самае робяць.

34І калі пазыча́еце тым, ад каго спадзеяце́ся атрымаць назад, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі пазыча́юць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж.

35Але вы любі́це ворагаў вашых, і дабро рабі́це, і пазыча́йце, ні на што не спадзеючы́ся; і будзе ўзнагаро́да ваша вялікай, і будзеце сына́мі Усявы́шняга; бо Ён добры і да няўдзя́чных і злых.

36Дык вось, будзьце міласэ́рныя, як і Айцец ваш міласэ́рны.

37Не судзі́це, і вас не будуць судзі́ць; і не асуджа́йце, і не будзеце асу́джаны; прабача́йце, і вам праба́чаць;

38давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, шчы́льна накла́дзеную, утрэ́сеную, перапо́ўненую дадуць вам у прыпо́л; бо якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.

39Сказаў ім таксама прытчу: хіба́ можа сляпы сляпога вадзі́ць? ці не абодва ў яму ўпаду́ць?

40Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удаскана́ліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.

41Што ж ты глядзіш на парушы́нку ў воку брата твайго, а бервяна́ ў сваім воку не заўважа́еш?

42Альбо, як можаш казаць брату твайму: бра́це, дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго, — калі сам бервяна́ ў воку тваім не бачыш. Крываду́шнік, вы́мі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з вока брата твайго.

43Бо няма добрага дрэва, якое б радзі́ла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзі́ла добры плод.

44Бо ўсякае дрэва па сваім пло́дзе пазнае́цца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярно́ўніку не здымаюць вінаграду.

45Добры чалавек з добрай ска́рбніцы сэ́рца свайго выно́сіць добрае, а ліхі́ чалавек з ліхо́й ска́рбніцы сэрца свайго выно́сіць ліхо́е; бо ад перапо́ўненасці сэ́рца гавораць ву́сны яго.

46Што́ ж клі́чаце Мяне: “Госпадзі, Госпадзі!”, а не робіце таго, што Я кажу?

47Кожны, хто прыхо́дзіць да Мяне і слухае словы Мае́ і выко́нвае іх, пакажу вам, да каго падо́бны.

48Ён падо́бны да чалавека, які, буду́ючы дом, капа́ў і паглы́біўся і закла́ў падму́рак на ка́мені; калі ж зда́рылася разво́ддзе, нахлы́нула рака́ на дом той і не змагла́ пахісну́ць яго, бо ён быў закла́дзены на ка́мені.

49А хто пачуў і не вы́канаў, той падо́бны да чалавека, які збудава́ў дом на зямлі без падму́рка; калі ж нахлы́нула на яго рака́, адразу ён абвалі́ўся і было разбурэ́нне дома таго вялікае.

 

Раздзел 7

1Калі ж Ён скончыў усе сло́вы Свае да народу, які слухаў, то ўвайшоў у Капернау́м.

2У аднаго сотніка раб, якім ён даражы́ў, быў хворы пры смерці.

3Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын іудзейскіх, про́сячы Яго, каб прыйшоў ацалі́ць раба яго.

4І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён ва́рты, каб Ты зрабіў для яго гэта,

5бо ён лю́біць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.

6Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не ва́рты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;

7таму і сябе само́га я не палічыў годным, каб прыйсці́ да Цябе; але скажы слова, і вы́здаравее слуга мой.

8Бо і я, чалавек, падпарадкава́ны ўла́дзе, але, ма́ючы паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: “ідзі”, і ідзе; і другому: “прыйдзі́”, і прыходзіць; і рабу майму: “зрабі гэта”, і робіць.

9Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярну́ўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такой веры.

10І, вярнуўшыся ў дом, пасла́ныя знайшлі хворага раба здаровым.

11І ста́лася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наі́н; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.

12Калі ж Ён наблізіўся да гарадской бра́мы, якраз выно́сілі паме́рлага, адзінага сы́на ў маці сваёй, а яна была́ ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.

13Убачыўшы яе, Гасподзь злі́таваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.

14І, падышоўшы, дакрану́ўся да насілак; тыя, што не́слі, спыні́ліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.

15І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.

16І ахапі́ў усіх страх, і сла́вілі Бога, ка́жучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.

17І гэтае слова пра Яго разышло́ся па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.

18І паве́дамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.

19І, паклі́каўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?

20Прыйшо́ўшы да Яго, гэтыя мужы́ сказалі: Іаан Хрысці́цель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?

21А ў гэты час Ён многіх ацалі́ў ад хвароб і не́мачаў і злых духаў і многім сляпым падарава́ў зрок.

22І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзі́це, паве́даміце Іаану, што́ вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца віду́шчымі, кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца, глухія чу́юць, мёртвыя ўваскраса́юць, убогія дабраве́сцяць;

23і блажэ́нны, хто не ўсумні́цца ўва Мне.

24А калі адышлі пасланцы́ Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? трысці́ну, ве́трам калыха́ную?

25Што́ ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве́, тыя ў царскіх палацах.

26Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.

27Гэта той, пра каго напі́сана: “вось, Я пасыла́ю Ангела Майго перад аблі́ччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

28Бо кажу вам: з наро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іаана Хрысці́целя; але меншы ў Царстве Божым бо́льшы за яго.

29І ўвесь народ, што слухаў, і мы́тнікі прызна́лі правату́ Бога, хрысці́ўшыся хрышчэ́ннем Іаанавым;

30а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысці́ўшыся ад яго.

31І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?

32Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і акліка́юць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жало́бнае, а вы не плакалі.

33Бо прыйшоў Іаан Хрысці́цель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы ка́жаце: у ім дэман.

34Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы ка́жаце: вось чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам.

35І апраўда́на мудрасць усімі дзе́цьмі яе.

36Нехта з фарысеяў прасіў Яго пае́сці ра́зам з ім, і Ён, увайшо́ўшы ў дом фарысея, узлёг.

37І вось, жанчына з таго горада, якая была́ грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён узляжы́ць у доме фарысея, прыне́сла алеба́стравую пасу́дзіну мі́ра

38і, стаўшы ззаду каля́ ног Яго, пла́чучы, пачала́ абліва́ць слязьмі́ но́гі Яго і валаса́мі галавы сваёй выціра́ла, і цалава́ла но́гі Яго, і ма́зала мі́рам.

39Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.

40І, адка́зваючы, Іісус сказаў яму: Сі́мане! Я ма́ю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.

41Іісус сказаў: у аднаго пазыкада́ўцы было́ два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;

42але, паколькі яны не ме́лі чым заплаці́ць, ён дарава́ў або́двум. Каторы з іх, скажы, больш узлю́біць яго?

43І сказаў Сі́ман у адказ: думаю, той, якому больш дарава́ў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзі́ў.

44І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сі́ману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады́ Мне на но́гі не даў; а яна сляза́мі абліла́ Мне но́гі і валаса́мі галавы́ сваёй вы́церла.

45Ты цалава́ння мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не перастава́ла цалава́ць Мне но́гі.

46Ты галавы́ Маёй алеем не памазаў, яна ж мі́рам пама́зала Мне но́гі.

47А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбі́ла многа; а каму ма́ла адпуска́ецца, той ма́ла лю́біць.

48І ёй сказаў: адпуска́юцца табе грахі.

49І пачалі́ тыя, што ўзляжа́лі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?

50Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мі́рам.

 

Раздзел 8

1І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,

2і некато́рыя жанчыны, што былі́ ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалі́наю, з якой выйшла сем дэманаў,

3Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.

4Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:

5выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблі́ яго;

6а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла ві́льгаці;

7а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;

8а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзі́ла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклі́каў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

9Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла прытча гэтая?

10Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у прытчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.

11Вось што значыць прытча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;

12і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслі́ся;

13а якое на ка́мень ўпа́ла — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;

14а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;

15а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплі́васці. Сказаўшы гэта, Іісус заклі́каў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

16Ніхто, запалі́ўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.

17Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.

18Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, ні́бы ма́е.

19І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступі́цца да Яго з-за натоўпу.

20І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.

21Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая? і браты Мае? — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.

22І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылі́.

23Калі ж плылі́, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былі́ яны ў небяспе́цы.

24І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забарані́ў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала ці́ша.

25Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзіві́ліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?

26І прыплылі́ ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галілеі.

27Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магі́льных пячорах.

28Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.

29Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглі́; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.

30І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.

32Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.

33І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.

34Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясці́лі ў горадзе і ў вёсках.

35І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзі́ць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.

36А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.

37І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысці́ ад іх, бо стра́хам вялікім былі́ яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.

38А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:

39вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.

40І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41І вось прыйшоў чалавек, і́мем Іаі́р, які быў старэйшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,

42бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.

43І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў, і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,

44падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спыні́лася кровацячэ́нне ў яе.

45І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?

46Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.

47Жанчына, убачыўшы, што не ўтаі́лася, дрыжучы́, падышла і, упаўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалі́лася адразу.

48Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.

49Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.

50Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.

51І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іакава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.

52Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.

53І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.

54Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.

55І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.

56І моцна ўра́зіліся бацькі́ яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.

 

Раздзел 9

1Склі́каўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаля́ць ад хвароб;

2і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаля́ць хворых.

3І сказаў ім: нічога не бяры́це ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хле́ба, ні срэ́бра, і не ма́йце па дзве во́праткі;

4і ў які дом уво́йдзеце, там застава́йцеся і адтуль выпраўля́йцеся дале́й;

5а калі хто не пры́ме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасі́це пыл з ног вашых у све́дчанне на іх.

6І, пайшоўшы, яны праходзілі па се́лішчах, дабраве́сцячы і ацаля́ючы ўсюды.

7І пачуў Ірад тэтра́рх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмява́ў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых,

8а некаторыя, што Іса́ія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.

9І сказаў Ірад: Іаану я адсе́к галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкну́ўся ўбачыць Яго.

10І, вярну́ўшыся, апосталы расказа́лі Яму, што́ зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэ́льнае ме́сца каля горада, які называ́ўся Віфсаі́да.

11Але людзі, даве́даўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыня́ўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэ́бу ў ацале́нні, ацаля́ў.

12Дзень жа пачаў хілі́цца да вечара. І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навако́льныя се́лішчы і вёскі і знайшлі прыту́лак і ежу, бо мы тут у пустэ́льным ме́сцы.

13Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя́ пяці хлябо́ў і дзвюх ры́бін, хіба́ што пайсці нам купі́ць ежы для ўсіх гэтых людзей.

14Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзі́це іх групамі па пяцьдзесят.

15І зрабілі так, і рассадзі́лі ўсіх.

16Ён жа, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславі́ў іх і пераламі́ў, і даваў вучням, каб разне́слі народу.

17І елі, і насы́ціліся ўсе; і сабра́на было ў іх рэ́шты кава́лкаў дванаццаць кашоў.

18І ста́лася: калі Ён маліўся ў адзіно́це, з Ім былі́ вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прыма́е народ?

19Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысці́целя, іншыя ж за Ілію́, а іншыя кажуць, што нехта са старажы́тных прарокаў уваскрэ́с.

20Ён жа сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.

21Але Ён, забараня́ючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,

22сказаўшы, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, і быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

23А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой штодня́ і ідзе ўслед за Мною.

24Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той урату́е яе.

25Бо якую карысць ма́е чалавек, здабы́ўшы ўвесь свет, а сябе загубі́ўшы ці сабе пашко́дзіўшы?

26Бо хто пасаро́меецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.

27Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.

28І ста́лася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.

29І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбра́нне Яго стала белым і зіхатлі́вым.

30І вось, два мужы́ размаўлялі з Ім, гэта былі́ Маісей і Ілія́;

31яві́ўшыся ў сла́ве, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзе́йсніць у Іерусаліме.

32А Пятра і тых, што былі́ з ім, змары́ў сон; прабудзі́ўшыся ж, яны ўбачылі сла́ву Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім.

33І ста́лася: калі яны адыхо́дзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры́: адзін Табе, і адзін Маісею, і адзін Іліі́, — не ве́даючы, што́ кажа.

34Калі ж ён гаварыў гэта, узні́кла во́блака і ахіну́ла іх; і яны спало́халіся, калі ўвайшлі́ ў во́блака.

35І быў з во́блака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слу́хайце.

36І калі быў голас гэты, апыну́ўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказа́лі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.

37І ста́лася на другі дзень: калі яны сышлі́ з гары́, сустрэла Яго мноства народу.

38І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскры́кнуў, гаворачы: Настаўнік! малю́ Цябе, узгля́нь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне;

39і вось, дух хапа́е яго, і ён раптам ускры́квае, і ку́рчыць яго, так што ён пену пуска́е; і ледзь адступа́е ад яго, зму́чыўшы яго;

40я прасіў вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, і яны не змаглі́.

41Іісус жа сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сы́на свайго.

42І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і ску́рчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацалі́ў хло́пца, і аддаў яго ба́цьку яго.

43І ўсе дзіві́ліся ве́лічы Божай. Калі ўсе здзіўля́ліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44укладзі́це вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя.

45Яны ж не разумелі сло́ва гэтага, і было́ яно скры́та ад іх, так што яны не спасці́глі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.

46І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх бо́льшы?

47Іісус жа, ба́чачы по́мысел сэ́рца іх, узяў дзіця́, паставіў яго каля Сябе

48і сказаў ім: хто пры́ме гэтае дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е; а хто пры́ме Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.

49Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто і́мем Тваім выганяў дэманаў, і забарані́лі яму, бо ён не сле́дуе за Табою з намі.

50І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.

51І ста́лася: калі набліжа́ліся дні ўзя́цця Яго на неба, Ён цвёрда вы́рашыў ісці ў Іерусалім;

52і паслаў вестуно́ў перад аблі́ччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў пасе́лішча самара́нскае, каб падрыхтава́ць для Яго;

53але там не прынялі́ Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім.

54Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і зні́шчыў іх, як і Ілія́ зрабіў?

55Але Ён, абярнуўшыся, забарані́ў ім, ка́жучы: не ведаеце, якога вы духа;

56бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубі́ць ду́шы чалавечыя, але ўратава́ць. І пайшлі ў другое пасе́лішча.

57І ста́лася: калі яны былі́ ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б ты не ішоў, Госпадзі!

58І сказаў яму Іісус: лі́сы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не ма́е дзе галаву́ прытулі́ць.

59Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахава́ць бацьку майго.

60Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх паме́рлых; а ты ідзі абвяшча́й Царства Божае.

61І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развіта́цца з тымі, хто ў доме маім.

62Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе́ руку́ сваю на плуг і азіра́ецца назад, не прыда́тны для Царства Божага.

 

Раздзел 10

1Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблі́ччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,

2і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малі́це Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.

3Ідзі́це! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.

4Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.

5Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;

6і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;

7і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пі́це, што ў іх ёсць; бо працаўні́к ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дому ў дом.

8І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;

9і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблі́зілася да вас Царства Божае.

10А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:

11і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблі́зілася да вас Царства Божае;

12кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.

13Го́ра табе, Харазі́не! го́ра табе, Віфсаі́да! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не яві́ліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасяні́цы і по́пеле, пака́яліся;

14але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.

15І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.

16Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.

17Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.

18Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;

19вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;

20аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запі́саны на нябёсах.

21У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаі́ў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.

22І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына, і каму Сын хоча адкры́ць.

23І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;

24бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.

25І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

26Ён жа сказаў яму: у законе што́ напі́сана? я́к чытаеш?

27Той жа сказаў у адказ: “узлюбі́ Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім”, і “бліжняга твайго, як само́га сябе”.

28Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабі́ гэта, і будзеш жыць.

29Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?

30На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакі́нуўшы ледзь жывога.

31Выпадкова адзін свята́р ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.

32Таксама і леві́т, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.

33А нейкі Самарані́н, што быў ў дарозе, натра́піў на яго і, ўбачыўшы яго, зжа́ліўся,

34і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзі́ўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;

35а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасці́ніцы, і сказаў яму: паклапаці́ся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.

36Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блі́жнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?

37Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.

38І ста́лася: калі яны былі́ ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, і́мем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;

39і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.

40Марфа ж клапаці́лася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакі́нула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.

41Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,

42а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.

 

Раздзел 11

1І ста́лася: калі Ён маліўся ў адным ме́сцы, і як пераста́ў, нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! навучы́ нас маліцца, як і Іаан навучы́ў вучняў сваіх.

2Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Ойча наш, Які ў нябёсах! няха́й свяці́цца імя́ Тваё; няха́й пры́йдзе Царства Тваё; няха́й будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі;

3хлеб наш надзённы дава́й нам кожны дзень;

4і дару́й нам грахі нашы, бо і мы дару́ем кожнаму даўжніку́ нашаму; і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога.

5І сказаў ім: хтосьці з вас, ма́ючы ся́бра, пры́йдзе да яго апо́ўначы і скажа яму: дру́жа! пазы́ч мне тры хлябы́,

6бо ся́бар мой прыйшоў да мяне з дарогі, і не ма́ю чаго даць яму;

7а той знутры́ скажа ў адказ: не турбу́й мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае́ пры мне ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе.

8Кажу вам: калі ён не ўста́не і не дасць дзе́ля таго, што ён ся́бар яго, то з-за неадсту́пнасці яго ўста́не і дасць яму, колькі трэ́ба.

9І Я вам кажу: прасі́це, і да́дзена будзе вам; шука́йце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам;

10бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.

11Хіба́ каторы бацька з вас, калі сын папро́сіць у яго хле́ба, пада́сць яму ка́мень? або папро́сіць рыбы, хіба́ заме́ст ры́біны пада́сць яму змяю?

12або, калі папросіць яйка, хіба́ падасць яму скарпіёна?

13Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхі́мі, уме́еце дары́ добрыя дава́ць дзе́цям вашым, тым бо́лей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто про́сіць у Яго.

14І выганя́ў Ён дэмана, які быў нямы́; і ста́лася: калі дэман выйшаў, нямы́ загаварыў, і здзіві́ліся людзі.

15Некато́рыя ж з іх казалі: сілаю веельзеву́ла, кня́зя дэманскага, Ён выганя́е дэманаў.

16А іншыя, спакуша́ючы, патрабава́лі ад Яго знаме́ння з неба.

17Ён жа, ве́даючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, само́е ў сабе раздзе́ленае, запусце́е, і дом на дом па́дае;

18калі ж і сатана сам у сабе раздзе́ліцца, то як устаі́ць царства яго? а вы ка́жаце, што Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў;

19і калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.

20Калі ж Я пярсто́м Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.

21Калі ду́жы, узбро́іўшыся, ахо́ўвае свой двор, то ў бяспе́цы маёмасць яго;

22калі ж дужэ́йшы за яго, напа́ўшы, перамо́жа яго, то забярэ́ ўсю зброю яго, на якую той спадзява́ўся, і здабы́тае ў яго разда́сць.

23Хто не са Мною, той су́праць Мяне, і хто не збіра́е са Мною, той раскіда́е.

24Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясці́нах, шука́ючы спакою, і, не знахо́дзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я вы́йшаў;

25і, прыйшоўшы, застае́ яго падме́ценым і прыбра́ным;

26тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, увайшоўшы, яны жыву́ць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.

27І ста́лася: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвы́сіўшы голас, сказала Яму: блажэ́ннае ўлонне, якое насіла Цябе, і гру́дзі, якія Ты ссаў.

28А Ён сказаў: тым больш блажэ́нныя тыя, што слу́хаюць слова Божае і выко́нваюць яго.

29Калі ж стала збірацца ўсё больш народу, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі́, ён шукае знаме́ння, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іо́ны прарока;

30бо як Іо́на быў знаме́ннем для Ніневі́цянаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.

31Царыца Поўдня ўстане на судзе́ з людзьмі́ роду гэтага і асу́дзіць іх, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслу́хаць му́драсці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.

32Людзі Ніневі́йскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іо́наву; і вось, тут бо́льшае за Іо́ну.

33Ніхто, запалі́ўшы све́чку, не ставіць яе ў патае́мным ме́сцы, ні пад пасу́дзінай, а на падсве́чніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.

34Свяці́льнік це́лу ёсць вока; калі вока тваё здаровае, то і ўсё це́ла тваё светлае; калі ж няго́днае, то і це́ла тваё цёмнае;

35дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было́ це́мрай.

36Калі ж усё це́ла тваё светлае, і не ма́е ніводнай цёмнай часткі, то будзе яно светлае ўсё так, як бы свяці́льнік ззя́ннем асвятля́ў цябе.

37Калі Ён сказаў гэта, прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабе́даў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.

38Фарысей жа, уба́чыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.

39А Гасподзь сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, зво́нку ча́шу і блю́да ачышча́еце, а нутро́ ваша поўнае хці́васці і злобы.

40Неразу́мныя! ці ж не Той, Хто ствары́ў во́нкавае, ствары́ў і ўну́транае?

41Аднак падава́йце мі́ласціну з таго, што ўнутры́; тады ўсё для вас чы́стае будзе.

42Але гора вам, фарысеям, што даяце́ дзесяці́ну з мя́ты і ру́ты, і ўсяля́кай агаро́дніны, ды не дба́еце пра суд і любоў Божую; гэта трэба было́ рабіць, і таго не пакіда́ць.

43Гора вам, фарысеям, што лю́біце напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і каб віта́лі вас на пло́шчах.

44Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што вы — як магі́лы непрыкме́тныя, і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.

45У адказ нехта з законнікаў кажа Яму: Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажа́еш.

46А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора, што абцяжа́рваеце людзей цяжа́рамі невыно́снымі, а самі ніводным пальцам сваім не дакрана́ецеся да цяжа́раў тых.

47Гора вам, што буду́еце грабні́цы прарокам, а бацькі́ вашы забілі іх;

48значыць, вы све́дчыце пра ўчы́нкі бацькоў вашых і згаджа́ецеся з імі: бо яны забілі іх, а вы буду́еце ім грабні́цы.

49Таму і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і некато́рых з іх заб’юць, а некато́рых будуць гнаць,

50каб была́ спагна́ная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралі́тая ад стварэ́ння свету,

51ад крыві́ Авеля да крыві́ Заха́рыі, які загінуў паміж ахвя́рнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагна́ная з роду гэтага.

52Гора вам, законнікам, што вы ўзялі́ ключ пазна́ння: самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашко́дзілі.

53Калі ж Ён гаварыў ім гэта, кніжнікі і фарысеі пачалі́ жорстка напада́ць на Яго і дапы́твацца ў Яго пра многае,

54падсцерага́ючы Яго і стара́ючыся падлаві́ць на не́чым з ву́снаў Яго, каб абвінава́ціць Яго.

 

Раздзел 12

1Тым часам, калі сабра́ліся многія тысячы людзей, так што ці́снулі адзін аднаго́, Ён пачаў гаварыць найпе́рш вучням Сваім: сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай, гэта значыць крываду́шнасці.

2Няма нічога схава́нага, што не адкры́ецца, і тае́мнага, што не ста́не вядо́мым;

3таму ўсё, што казалі вы ў це́мры, пры святле пачу́та будзе; і што́ вы прамо́вілі на вуха ў пакоі, будзе абве́шчана на да́хах.

4Кажу ж вам, сябра́м Маім: не бойцеся тых, што забіва́юць це́ла і пасля́ гэтага нічога больш не могуць зрабіць;

5але ўкажу́ вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, ма́е ўладу ўкі́нуць у гее́ну; так, кажу вам, яго бойцеся.

6Ці не пяць вераб’ёў прадаю́цца за два аса́рыі́ і ніводзін з іх не забы́ты перад Богам.

7А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палі́чаны. Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.

8Гавару ж вам: кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмі́, таго і Сын Чалавечы вы́знае перад Ангеламі Божымі;

9а хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмі́, той адры́нуты будзе перад Ангеламі Божымі.

10І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, дарава́на будзе; а хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, таму не будзе дарава́на.

11Калі ж прывяду́ць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, я́к ці што́ адказа́ць, альбо што́ гаварыць;

12бо Святы Дух наву́чыць вас у тую гадзі́ну, што́ трэба каза́ць.

13І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён раздзялі́ў са мною спа́дчыну.

14Ён жа сказаў яму: чалавеча, хто Мяне паставіў судзі́ць або дзялі́ць вас?

15І сказаў ім: глядзі́це, захо́ўвайце сябе ад хці́васці, бо нічыё жыццё не зале́жыць ад празме́рнай яго маёмасці.

16І расказаў ім прытчу, гаворачы: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзі́ла зямля;

17і ён разважа́ў, сам сабе ка́жучы: што́ мне рабіць? не ма́ю куды сабраць свой ураджай.

18І сказаў: вось што зраблю: разбяру́ сві́рны мае́ і бо́льшыя збудую, і збяру́ туды ўсе плады́ свае і ўсё дабро сваё;

19і скажу душы́ сваёй: душа́! маеш многа дабра́, на многія гады́ скла́дзенага — адпачыва́й, еж, пі, весяліся.

20А Бог сказаў яму: неразу́мны! у гэтую ноч душу́ тваю забяру́ць ад цябе; а тое, што ты назапа́сіў, каму даста́нецца?

21Так бывае з тым, хто збірае ска́рбы для сябе, а не ў Бога багаце́е.

22І сказаў вучням Сваім: дзе́ля таго кажу вам: не турбу́йцеся для душы́ вашай, што будзеце есці, ні для це́ла, у што апра́нецеся;

23душа́ больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне.

24Паглядзі́це на воранаў: яны не сеюць, не жнуць, няма ў іх ні камо́ры, ні жы́тніцы, і Бог корміць іх. Наколькі ж вы ле́пшыя за птушак!

25І хто з вас, турбу́ючыся, можа падо́ўжыць свой век хоць на адзін локаць?

26Дык вось, калі і найме́ншага не мо́жаце, чаго пра іншае турбу́ецеся?

27Паглядзі́це на ліле́і, як яны расту́ць: не працу́юць, не праду́ць; але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй так не апрана́ўся, як кожная з іх.

28Калі ж траву, якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкі́нутая, Бог убірае так, то тым болей вас, малаве́ры!

29І вы не шука́йце, што́ вам есці, ці што́ піць, і не клапаці́цеся,

30бо ўсяго гэтага шука́юць народы свету; Айцец жа ваш ведае, што вы ма́еце патрэ́бу ў гэтым;

31шукайце толькі Царства Божага, і гэта ўсё дада́сца вам.

32Не бойся, мало́е ста́да! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.

33Прадайце маёмасць вашую і разда́йце як мі́ласціну. Рыхту́йце сабе мяхі́, якія не зно́шваюцца, скарб невычэ́рпны на нябёсах, куды злодзей не набліжа́ецца і дзе моль не знішча́е;

34бо дзе скарб ваш, там і сэ́рца ваша будзе.

35Няхай будуць паясні́цы вашыя падпераза́нымі і свяці́льнікі запа́ленымі;

36а вы — падобнымі да людзей, што чакаюць гаспадара́ свайго, калі ён ве́рнецца з вяселля, каб, як пры́йдзе і пасту́кае, адразу адчыні́ць яму.

37Блажэ́нныя рабы́ тыя, якіх, прыйшо́ўшы, гаспадар заста́не нядрэ́мнымі; праўду кажу вам: падперажэ́цца ён і паса́дзіць іх за стол, і, падышо́ўшы, будзе прыслу́жваць ім.

38І калі пры́йдзе ў другую ва́рту, і калі ў трэцюю ва́рту пры́йдзе, і заста́не іх такімі, то блажэ́нныя рабы́ тыя.

39Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў, у які час пры́йдзе зло́дзей, то не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой;

40будзьце ж і вы гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.

41Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі! нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?

42А Гасподзь сказаў: хто ж ёсць верны домаўпра́ўнік і му́дры, якога паставіць гаспадар над слу́гамі сваімі, каб даваў ім у свой час ме́ру хле́ба?

43Блажэ́нны раб той, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так;

44праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

45Калі ж скажа раб той у сэ́рцы сваім: “не хутка гаспадар мой пры́йдзе”, і пачне́ біць слуг і служанак, есці і піць, і напіва́цца, —

46пры́йдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзі́ну, якой ён не ведае, і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з няве́рнымі.

47Той раб, які ведаў волю гаспадара́ свайго і не падрыхтава́ўся і не зрабіў па волі яго, будзе бі́ты многа;

48а той, які не ведаў, але зрабіў нешта ва́ртае пакара́ння, будзе бі́ты ма́ла. З кожнага, каму да́дзена многа, многа будзе спагна́на з яго, і каму дару́чана многае, бо́льшага будуць патрабава́ць ад яго.

49Агонь прыйшоў Я зве́сці на зямлю́, і як хачу Я, каб ён ужо загарэ́ўся!

50Хрышчэ́ннем ма́ю Я быць ахры́шчаны, і як Я тамлю́ся, пакуль гэта не здзе́йсніцца!

51Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі́ не, кажу вам, а хутчэй раздзяле́нне;

52бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзе́леныя: трое су́праць двух і двое су́праць трох;

53раздзе́ляцца: бацька су́праць сы́на, і сын су́праць ба́цькі; маці су́праць дачкі́, і дачка́ су́праць маці; свякроў су́праць нявесткі сваёй, і нявестка су́праць свекрыві́ сваёй.

54Гаварыў Ён і народу: калі вы бачыце, што хмара падыма́ецца з за́хаду, адразу ка́жаце: “будзе дождж”, і бывае так;

55і калі дзьме паўднёвы вецер, ка́жаце: “будзе спёка”, і бывае.

56Крываду́шнікі! аблі́чча зямлі́ і неба распазнава́ць уме́еце, як жа часу гэтага не распазнаяце́?

57Чаму ж вы і самі па сабе не су́дзіце, што́ правільнае?

58Бо калі ты ідзеш з праці́ўнікам сваім да нача́льніка, то па дарозе пастарайся пазба́віцца ад яго, каб ён не пацягну́ў цябе да суддзі́, а суддзя́ не аддаў цябе пры́ставу, а пры́стаў не кінуў цябе ў цямні́цу;

59кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасі́ і апошняга гро́ша.

 

Раздзел 13

1І ў гэты самы час прыйшлі некато́рыя і паве́дамілі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат змяша́ў з ахвя́рамі іх.

2І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце, што гэтыя Галіле́яне былі́ грэшныя больш за ўсіх Галіле́ян, калі яны так пацярпе́лі?

3Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загі́неце.

4Або тыя васемнаццаць, на якіх упа́ла ве́жа Сілаа́мская і пабіла іх, думаеце, што яны былі́ вінава́тыя больш за ўсіх людзей, якія жывуць у Іерусаліме?

5Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загінеце.

6І казаў такую прытчу: нехта меў у вінагра́дніку сваім паса́джаную смако́ўніцу; і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;

7і сказаў вінагра́дару: вось ужо трэці год я прыхо́джу шукаць пло́ду на гэтай смако́ўніцы і не знахо́джу; ссячы́ яе, нашто яна і зямлю́ марну́е?

8Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапа́ю яе і абкладу́ гноем,

9і можа, яна дасць плод; калі ж не, то нале́та ссячэ́ш яе.

10І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;

11і вось, была́ там жанчына, што васемнаццаць гадоў ме́ла духа не́мачы; і была́ яна ску́рчаная і не магла вы́прастацца зусім.

12Уба́чыўшы яе, Іісус падазва́ў і сказаў ёй: жанчына! ты вы́звалена ад не́мачы тваёй.

13І ўскла́ў на яе ру́кі; і адразу яна вы́прасталася, і сла́віла Бога.

14А старэйшына сінагогі, абу́рыўшыся, што Іісус ацалі́ў у суботу, сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія нале́жыць працаваць; у тыя і прыходзьце ацаля́цца, а не ў дзень суботні.

15Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крываду́шнік! ці ж не адвя́звае кожны з вас у суботу свайго вала́ або асла́ ад я́сляў і не вядзе паі́ць?

16А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звяза́ў сатана, ці не трэба было́ вы́зваліць ад пу́таў гэтых у дзень суботні?

17І калі гаварыў ён гэта, засаромеліся ўсе праці́ўнікі Яго, і ўвесь народ радаваўся усім сла́ўным учы́нкам Яго.

18Ён жа казаў: да чаго падо́бна Царства Божае, і з чым параўна́ю яго?

19яно падо́бна да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзі́ў у са́дзе сваім; і яно вы́расла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя сялі́ліся ў го́ллі яго.

20Яшчэ сказаў: з чым параўна́ю Царства Божае?

21яно падо́бна да заква́скі, якую жанчына, узя́ўшы, пакла́ла ў тры ме́ры мукі́, пакуль не ўкі́сла ўсё.

22І прахо́дзіў Ён па гарадах і вёсках, навуча́ючы і трыма́ючы шлях у Іерусалім.

23І сказаў Яму нехта: Госпадзі, ці ма́ла ёсць тых, якія спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:

24намага́йцеся ўвайсці́ праз ву́зкія вароты; бо многія, кажу вам, будуць імкну́цца ўвайсці́, і не змогуць.

25Калі ўста́не гаспадар до́ма і зачы́ніць дзверы, то вы, сто́ячы знадво́рку, пачняце́ сту́каць у дзверы і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.

26Тады пачняце́ каза́ць: мы елі перад Табою і пілі́, і на вуліцах нашых вучыў Ты.

27А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы; адыдзі́це ад Мяне ўсе, хто чы́ніць няпраўду.

28Там будзе плач і скры́гат зубоў, калі ўбачыце Аўраа́ма, і Ісаа́ка, і Іа́кава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе вы́гнанымі вон.

29І пры́йдуць з усхо́ду і за́хаду, і з по́ўначы і по́ўдня, і ўзля́гуць у Царстве Божым.

30І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.

31У той дзень падышлі́ некато́рыя з фарысеяў і казалі Яму: вы́йдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць.

32І сказаў ім: ідзіце, скажы́це гэтаму лі́су: вось, Я выганяю дэманаў і ацале́нні твару́ сёння і заўтра, а на трэці дзень ско́нчу;

33аднак нале́жыць Мне сёння і заўтра, і ў насту́пны дзень хадзі́ць, бо не можа ста́цца, каб прарок загі́нуў па-за Іерусалімам.

34Іерусаліме, Іерусаліме, які забіва́еш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захаце́лі!

35Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты́. І кажу вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не пры́йдзе час, калі скажаце: “благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!”

 

Раздзел 14

1І ста́лася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хле́ба, і яны сачы́лі за Ім;

2і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім.

3І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, ка́жучы: ці дазваля́ецца ў суботу ацаля́ць?

4Яны ж прамаўча́лі. І, дакрану́ўшыся, Ён ацалі́ў яго і адпусціў.

5А звярну́ўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе́ ў калодзеж, ці не адразу той вы́цягне яго ў дзень суботні?

6І яны не змаглі адказа́ць Яму на гэта.

7Казаў жа запро́шаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіра́юць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:

8калі ты будзеш паклі́каны кім-небудзь на вяселле, не ўзляга́й на першае месца, каб не аказаўся хто пачэ́снейшы за цябе запро́шаны ім,

9і той, хто паклі́каў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: “дай яму месца”, і тады з со́рамам пачне́ш займа́ць апошняе месца.

10Але калі будзеш паклі́каны, прыйшоўшы, узляга́й на апошняе месца, каб той, хто паклі́каў цябе, падышоўшы, сказаў табе: “дру́жа, перайдзі́ вышэ́й”, тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжы́ць з табою;

11бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прыні́жаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе узвы́шаны.

12Казаў жа і таму, хто Яго запрасі́ў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзе́ля таго, каб і яны цябе таксама паклі́калі і была́ табе адпла́та.

13Але калі робіш гасці́ну, кліч убо́гіх, кале́к, кульга́вых, сляпы́х,

14і блажэнны будзеш, бо яны не ма́юць, чым адплаці́ць табе, адпла́чана ж табе будзе пры ўваскрасе́нні праведных.

15Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжа́лі з Ім, сказаў Яму: блажэ́нны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!

16Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклі́каў многіх;

17і паслаў раба́ свайго ў час вячэры сказаць паклі́каным: прыхо́дзьце, бо ўжо гатова ўсё.

18І пачалі́ ўсе, як адзін, прасіць прабачэ́ння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзе́ць яго; прашу цябе, праба́ч мне.

19І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабо́ўваць іх; прашу цябе, праба́ч мне.

20І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці́.

21І, прыйшоўшы, раб той паве́даміў гаспадару́ свайму гэта. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: вы́йдзі хутчэй на вуліцы і заву́лкі горада і прывядзі́ сюды і ўбо́гіх, і кале́к, і сляпы́х, і кульга́вых.

22І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць.

23І сказаў гаспадар рабу: вы́йдзі да дарог і за́гарадзяў і ўгавары́ прыйсці́, каб напо́ўніўся дом мой.

24Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей паклі́каных не пакашту́е маёй вячэ́ры, бо многа паклі́каных, але мала вы́браных.

25Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярну́ўшыся, сказаў ім:

26калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненаві́дзіць ба́цьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім ву́чнем;

27і хто не нясе́ крыжа́ свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім ву́чнем.

28Бо хто з вас, жада́ючы пабудава́ць ве́жу, перш не сядзе і не палі́чыць выда́ткі, ці ма́е ён патрэ́бнае для завяршэ́ння,

29каб, калі пакладзе́ падму́рак і не здо́лее дако́нчыць, усе, хто паба́чыць, не пачалі́ смяя́цца з яго,

30ка́жучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здо́леў дако́нчыць?

31Або які цар, ідучы́, каб з другім царом уступі́ць у вайну, не сядзе перш пара́іцца, ці зможа ён з дзесяццю́ ты́сячамі сустрэ́ць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю́ тысячамі?

32Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ пасо́льства да яго прасі́ць міру.

33Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэ́цца ад усяго, што ма́е, не можа быць Маім вучнем.

34Добрая рэч — соль, але калі соль стра́ціць сілу, чым папра́віць яе?

35Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыда́тная: вон выкіда́юць яе. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

 

Раздзел 15

1Набліжа́ліся да Яго ўсе мы́тнікі і грэшнікі, каб слу́хаць Яго.

2І нарака́лі фарысеі і кніжнікі, ка́жучы: Ён прыма́е грэшнікаў і есць з імі.

3А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:

4хто з вас, ма́ючы сто авечак і згубі́ўшы адну з іх, не пакіда́е дзевяно́ста дзевяці́ ў пусты́ні і не ідзе па тую, што згубі́лася, пакуль не зно́йдзе яе?

5І, знайшо́ўшы, усклада́е на пле́чы свае, ра́дуючыся;

6і, прыйшо́ўшы дадому, скліка́е сябро́ў і суседзяў, ка́жучы ім: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згу́бленую авечку.

7Кажу вам, што гэтак бо́льшая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які ка́ецца, чым за дзевяноста дзевяць пра́веднікаў, якія не ма́юць патрэ́бы ў пакая́нні.

8Альбо якая жанчына, ма́ючы дзесяць дра́хмаў, калі згу́біць адну дра́хму, не запа́львае свяці́льнік і не мяце́ ха́ту, і не шука́е стара́нна, пакуль не зно́йдзе?

9І, знайшо́ўшы, скліка́е сябро́вак і сусе́дак, ка́жучы: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшла згу́бленую дра́хму.

10Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які ка́ецца.

11І Ён сказаў: у аднаго чалавека было́ два сыны́;

12і сказаў мало́дшы з іх бацьку: бацька, дай мне нале́жную частку маёмасці. І той падзялі́ў ім маёмасць.

13І праз некалькі дзён, сабра́ўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краі́ну і там растра́ціў маёмасць сваю, жывучы́ распу́сна.

14Калі ж ён патра́ціў усё, настаў голад вялікі ў той краі́не, і ён пачаў цярпе́ць няста́чу;

15і, пайшоўшы, прыста́ў да аднаго з жыхароў той краі́ны, а той паслаў яго на свае палі́ па́свіць свіне́й;

16і ён жада́ў напоўніць жывот свой ражка́мі , якія елі сві́нні, але ніхто не даваў яму.

17І, прыйшо́ўшы да розуму, сказаў: колькі на́ймітаў у ба́цькі майго ма́юць хле́ба ўдо́сталь, а я з голаду гі́ну;

18устану, пайду да ба́цькі майго і скажу яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою,

19і ўжо не ва́рты называ́цца сы́нам тваім; прымі́ мяне як аднаго з на́ймітаў тваіх.

20І, устаўшы, пайшоў да ба́цькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжа́ліўся; і, пабе́гшы, кінуўся на шы́ю яму і пацалава́ў яго.

21Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою і ўжо не ва́рты называцца сы́нам тваім.

22А бацька сказаў рабам сваім: прынясі́це найлепшае адзе́нне і апрані́це яго, і дайце пе́рсцень на руку́ яго і абу́так на но́гі;

23і прывядзі́це ўко́рмленае цяля́ і зарэ́жце, будзем есці і весяліцца,

24бо сын мой гэты быў мёртвы і ажы́ў, прапада́ў і знайшоўся. І пачалі́ весяліцца.

25А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вярта́ючыся, наблі́зіўся да дому, пачуў му́зыку і танцы,

26і, паклі́каўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?

27Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэ́заў уко́рмленае цяля́, бо здаровым яго спатка́ў.

28І ён разгневаўся і не хацеў увайсці́. Бацька ж яго вы́йшаў і прасіў яго.

29А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу́ табе і ніколі загаду твайго не пераступі́ў, а ты мне ніколі не даў казляня́ці, каб я з сябра́мі сваімі павесялі́ўся;

30а калі прыйшоў гэты сын твой, што прае́ў тваю маёмасць з блудні́цамі, ты закалоў яму ўко́рмленае цяля́.

31Ён жа сказаў яму: дзіця́, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;

32а ўзвесялі́цца і ўзра́давацца трэ́ба было́, што гэты брат твой мёртвы быў і ажы́ў, прапада́ў і знайшо́ўся.

 

Раздзел 16

1Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпра́ўніка, які быў абвінава́чаны перад ім, што растра́чвае маёмасць яго;

2і, паклі́каўшы яго, сказаў яму: што́ гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўле́нне домам, бо ты не можаш больш упраўля́ць.

3Сказаў жа домаўпра́ўнік сам сабе: што́ мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўле́нне домам? капа́ць не зду́жаю, жабра́ваць саро́меюся;

4ведаю, што́ зрабіць, каб мяне, калі адста́ўлены буду ад упраўле́ння, прынялі́ ў свае дамы́.

5І, паклі́каўшы асобна кожнага з даўжніко́ў гаспадара́ свайго, казаў першаму: колькі ты ві́нен гаспадару́ майму?

6Той жа сказаў: сто мер але́ю. І сказаў яму: вазьмі сваю распі́ску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.

7Потым сказаў другому: а ты колькі ві́нен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят.

8І пахваліў гаспадар няпра́веднага домаўпра́ўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны́ веку гэтага разумне́йшыя за сыноў святла ў родзе сваім.

9І Я вам кажу: здабыва́йце сабе сябро́ў багаццем няпра́ведным, каб яны, калі збядне́еце, прынялі́ вас у вечныя сялі́бы.

10Верны ў найме́ншым і ў многім верны, а няпра́ведны ў найме́ншым і ў многім няпра́ведны.

11Таму калі ў няпра́ведным багацці вы не былі́ верныя, хто вам даве́рыць сапра́ўднае?

12І калі ў чужы́м вы не былі́ верныя, хто вам дасць ваша?

13Ніякі раб не можа служы́ць двум гаспадара́м, бо ці аднаго будзе ненаві́дзець, а другога любі́ць, ці аднаго будзе трымацца, а другі́м пагарджа́ць. Не мо́жаце Богу служы́ць і мамо́не.

14Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былі́ срэбралюбі́вымі, і насміхаліся з Яго.

15І Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе пра́веднымі перад людзьмі́, але Бог ведае сэ́рцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзо́та перад Богам.

16Закон і прарокі — да Іаана; з таго часу Царства Божае дабраве́сціцца, і кожны з намага́ннямі ўваходзіць у яго.

17Ды лягчэй небу і зямлі прайсці́, чым адной ры́сцы ў законе прапа́сці.

18Кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзе́йнічае, і хто бярэ разве́дзеную з мужам, той пралюбадзе́йнічае.

19Адзін чалавек быў багаты і апрана́ўся ў парфі́ру і вісо́н, і кожны дзень раско́шна банкетава́ў.

20І быў адзін убо́гі, і́мем Ла́зар, які ляжаў перад варотамі яго, пакры́ты я́звамі,

21і хацеў насы́ціцца крошкамі, што па́далі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыхо́дзячы, ліза́лі я́звы яго.

22І ста́лася, што памёр убо́гі і адне́сены быў Ангеламі на ло́на Аўраа́мава; памёр і багаты, і пахава́лі яго;

23і ў пе́кле, бу́дучы ў му́ках, узня́ў вочы свае і ўба́чыў здалёк Аўраа́ма і Ла́зара на ло́не яго;

24і, ўсклі́кнуўшы, сказаў: ойча Аўраа́ме, змі́луйся нада мною і пашлі́ Ла́зара, каб ён абмакну́ў канец пальца свайго ў ваду́ і астудзі́ў язык мой, бо я паку́тую ў полымі гэтым.

25Аўраа́м жа сказаў: дзіця́! успомні, што ты атрыма́ў добрае сваё ў жыцці́ сваім, а Ла́зар гэтак жа ліхо́е; цяпер жа ён тут суцяша́ецца, а ты паку́туеш;

26і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі про́рва вялікая ўстано́ўлена, каб тыя, што хо́чуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не перахо́дзілі.

27Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлі́ яго ў дом ба́цькі майго,

28бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засве́дчыць ім, каб і яны не прыйшлі́ ў гэтае месца мучэ́ння.

29Кажа яму Аўраа́м: яны маюць Маісе́я і прарокаў; няхай слу́хаюць іх.

30А той сказаў: не, ойча Аўраа́ме, але калі хто з мёртвых пры́йдзе да іх, пака́юцца.

31Ён жа сказаў яму: калі Маісе́я і прарокаў не слу́хаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэ́с, не паве́раць.

 

Раздзел 17

1Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчы́ма, каб не прыйшлі́ спаку́сы, але гора таму, праз каго яны прыхо́дзяць;

2лепш было б яму́, калі б жаро́н млынавы́ павесілі на шы́ю яму́ ды ўкі́нулі ў мора, чым каб ён спакусі́ў аднаго з малы́х гэтых.

3Будзьце ўва́жлівымі да сябе. Калі саграшы́ць су́праць цябе брат твой, вы́гавары яму, і калі пака́ецца, дару́й яму;

4і калі сем разоў на дзень саграшы́ць су́праць цябе, і сем разоў на дзень зве́рнецца, ка́жучы: ка́юся, — дару́й яму.

5І сказалі Апосталы Госпаду: прымно́ж нам веру.

6Гасподзь жа сказаў: калі б вы ме́лі веру з гарчы́чнае зе́рне і сказалі шаўко́ўніцы гэтай: вы́рвіся з ко́ранем і перасадзі́ся ў мора, — і яна паслу́халася б вас.

7Хто з вас, ма́ючы раба́, які арэ́ ці пасе́, пасля вярта́ння яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?

8А хіба́ не скажа яму: прыгату́й мне павячэ́раць і, падпераза́ўшыся, служы́ мне, паку́ль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?

9Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў зага́данае? Не думаю.

10Так і вы, калі зробіце ўсё зага́данае вам, кажыце: мы нічога не ва́ртыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.

11І ста́лася: ідучы́ ў Іерусалім, Ён прахо́дзіў паміж Самары́яй і Галіле́яй.

12І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;

13і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.

14І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачы́сціліся.

15Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,

16і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самарані́н.

17І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?

18хіба́ не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?

19І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.

20А як спыталіся фарысеі, калі пры́йдзе Царства Божае, Ён, адка́зваючы ім, сказаў: не пры́йдзе Царства Божае прыкме́тна,

21і не скажуць: “вось, яно тут”, ці: “вось, там”. Бо вось, Царства Божае ўнутры́ вас.

22Сказаў жа вучням Сваім: пры́йдуць дні, калі пажада́еце ўба́чыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;

23і скажуць вам: “вось, тут”, ці: “вось, там”, — не выходзьце і не ганяйцеся;

24бо як маланка, блі́скаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.

25Але перш нале́жыць Яму многа адпаку́таваць і быць адры́нутым родам гэтым.

26І як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сы́на Чалавечага:

27елі, пілі́, жаніліся, выхо́дзілі за́муж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вы́нішчыў усіх.

28Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілі́, купля́лі, прадава́лі, садзі́лі, будава́лі;

29а ў той дзень, калі вы́йшаў Лот з Садо́ма, пралілі́ся дажджом з неба агонь і се́ра і вы́нішчылі ўсіх;

30так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы я́віцца.

31У той дзень хто будзе на да́ху, а рэ́чы яго ў доме, няхай не сыхо́дзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вярта́ецца назад.

32Па́мятайце пра жонку Лотаву.

33Хто будзе старацца ўратава́ць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто загу́біць яе, той ажы́віць яе.

34Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакі́нуты;

35будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзя́та, а другая пакі́нута;

36двое будуць на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакі́нуты.

37І ў адказ сказалі яму: дзе, Госпадзі́ Ён жа сказаў ім: дзе це́ла, там збяру́цца і арлы.

 

Раздзел 18

1Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не па́даць духам,

2ка́жучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя́, які Бога не баяўся і людзей не саро́меўся.

3І была́ ў тым горадзе адна ўдава́; і яна прыхо́дзіла да яго і казала: абарані́ мяне ад праці́ўніка майго.

4А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саро́меюся,

5але паколькі ро́біць мне кло́пат гэтая ўдава́, абараню́ яе, каб яна не прыхо́дзіла бяско́нца і не дакуча́ла мне.

6І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаво́рыць суддзя́ няпра́ведны?

7А хіба́ Бог не ста́не на абарону абра́ннікаў Сваіх, якія клі́чуць Яго дзень і ноч, і будзе мару́дзіць у дачыне́нні да іх?

8Кажу вам, што Ён хутка ста́не на абаро́ну іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшо́ўшы, ці зно́йдзе веру на зямли?

9Сказаў жа і да некато́рых, што былі́ ўпэ́ўнены ў сабе, бы́ццам яны пра́веднікі, а іншых прыніжа́лі, такую прытчу:

10два чалавекі ўвайшлі ў храм памалі́цца: адзін фарысей, а другі мы́тнік.

11Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікі́, няпра́ведныя, распу́снікі, або як гэты мы́тнік:

12пашчу́ два разы на тыдзень, даю́ дзесяці́ну з усяго, што набыва́ю.

13Мы́тнік жа, сто́ячы во́ддаль, не смеў і вачэй узня́ць да неба, а біў сябе ў грудзі, ка́жучы: Божа! будзь мі́ласцівы да мяне, грэшнага.

14Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўда́ны, чым той: бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прыні́жаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.

15Прыно́сілі да Яго і малы́х дзяцей, каб Ён дакрану́ўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забараня́лі ім.

16Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусці́це дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім, бо такім нале́жыць Царства Божае;

17праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.

18І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, ка́жучы: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

19Сказаў жа яму Іісус: чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто не добры, толькі адзін Бог;

20ведаеш за́паведзі: “не пралюбадзе́йнічай, не забіва́й, не крадзь, не све́дчы лжы́ва, шануй бацьку твайго і маці тваю”.

21Ён жа сказаў: усё гэта захава́ў я з юна́цтва майго.

22Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапа́е: усё, што маеш, прада́й і разда́й убогім, і будзеш мець скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.

23Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуці́ўся, таму што быў вельмі багаты.

24Убачыўшы, што той моцна засмуці́ўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто ма́е багацце, увайсці́ ў Царства Божае!

25Бо лягчэ́й вярблюду прайсці́ праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсці́ ў Царства Божае.

26І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа спасці́ся?

27Ён жа сказаў: немагчы́мае лю́дзям магчы́ма Богу.

28І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакі́нулі і пайшлі ўслед за Табою.

29Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакі́нуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,

30і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця́ вечнага.

31І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і збу́дзецца ўсё напі́санае прарокамі пра Сына Чалавечага:

32бо Ён вы́дадзены будзе язычнікам і абсмяя́ны, і знява́жаны, і аплява́ны,

33і пасля бічава́ння заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

34Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было́ слова гэтае скры́та ад іх, і яны не ўсведамля́лі ска́занага.

35І ста́лася: калі Ён набліжа́ўся да Іерыхо́на, нейкі сляпы́ сядзеў пры дарозе, жабру́ючы;

36і пачуўшы, што міма прахо́дзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?

37Паве́дамілі яму, што Іісус Назарані́н прахо́дзіць.

38І закрычаў ён, ка́жучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памі́луй мяне!

39І тыя, што ішлі спе́раду, патрабава́лі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацне́й крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!

40Спыні́ўшыся, Іісус загадаў прыве́сці яго да Сябе. Калі ж той наблі́зіўся да Яго, спытаў яго,

41ка́жучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.

42Іісус сказаў яму: стань віду́шчым! вера твая ўратава́ла цябе.

43І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, сла́вячы Бога. І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узне́слі хвалу́ Богу.

 

Раздзел 19

1І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.

2І вось чалавек, зва́ны і́мем Закхе́й, які быў начальнік мы́тнікаў і быў багаты,

3імкну́ўся ўба́чыць Іісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы́ ростам;

4і, забе́гшы наперад, узлез на смако́ўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там прахо́дзіць.

5І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзе́ўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім нале́жыць Мне быць.

6І той паспе́шна злез і прыня́ў Яго з радасцю.

7І ўсе, уба́чыўшы гэта, нарака́лі, ка́жучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.

8Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш.

9Сказаў яму Іісус: сёння наста́ла спасе́нне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў;

10бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсці́ і спасці́ тое, што загі́нула.

11Калі ж яны слухалі гэта, Ён дада́ў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае ма́е яві́цца.

12Дык сказаў Ён: нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краі́ну, каб атрыма́ць сабе царства і вярну́цца;

13і, паклі́каўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін і сказаў ім: укладзі́це ў справу, пакуль я вярну́ся.

14Але яго грамадзя́не ненаві́дзелі яго і пасла́лі ўслед за ім пасольства, ка́жучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.

15І ста́лася: калі ён вярнуўся, атрыма́ўшы царства, то сказаў паклі́каць тых рабоў, якім даў срэ́бра, каб даведацца, хто што набы́ў.

16І прыйшоў першы, ка́жучы: гаспадар, мі́на твая прыне́сла дзесяць мін.

17І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найме́ншым ты быў верны, будзь уладаро́м над дзесяццю́ гарадамі.

18І прыйшоў другі, ка́жучы: гаспадар, міна твая прыне́сла пяць мін.

19Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю́ гарадамі.

20І яшчэ адзін прыйшоў, ка́жучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схава́ную ў ху́стцы,

21таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жне́ш, чаго не сеяў.

22А той кажа яму: ву́снамі тваімі буду судзі́ць цябе, ліхі́ раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;

23чаму ж ты не аддаў маё срэ́бра ў абаро́т, каб я, прыйшо́ўшы, атрымаў яго з прыбы́ткам?

24І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто ма́е дзесяць мін.

25І сказалі яму: гаспадар, ён жа ма́е дзесяць мін.

26Кажу вам, што кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е ён;

27а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзі́це сюды і пазабіва́йце перада мною.

28І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў дале́й, узыхо́дзячы ў Іерусалім.

29І ста́лася: калі Ён наблізіўся да Віфагі́і і Віфа́ніі, да гары, што заве́цца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх,

30сказаўшы: ідзіце ў се́лішча, што насу́праць; увайшо́ўшы ў яго, зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніколі ніхто з людзей не сяда́ў; адвяжы́це яго і прывядзі́це;

31і калі хто спытае ў вас: “навошта адвя́зваеце?”, скажы́це яму так: “яно патрэбна Госпаду”.

32Пасла́ныя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.

33Калі ж яны адвя́звалі асляня́, гаспадары́ яго сказалі ім: нашто вы адвя́зваеце асляня́?

34Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.

35І прывялі́ яго да Іісуса, і, накі́нуўшы во́пратку сваю на асляня́, пасадзі́лі на яго Іісуса.

36І калі Ён ехаў, людзі пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу.

37А калі Ён набліжа́ўся ўжо да спу́ску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, ра́дуючыся, пачало́ моцным го́ласам хвалі́ць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны,

38ка́жучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя́ Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вы́шніх!

39І некато́рыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забарані́ ву́чням Сваім.

40А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змо́ўкнуць, то камяні́ закрыча́ць.

41І, калі Ён наблі́зіўся, то, уба́чыўшы горад, заплакаў па ім,

42ка́жучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразуме́ў, што́ трэба для міру твайго! але цяпер гэта скры́та ад вачэй тваіх;

43бо пры́йдуць на цябе дні, і ўзвяду́ць ворагі твае вакол цябе вал, і акру́жаць цябе, і сці́снуць цябе адусю́ль,

44і зні́шчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакі́нуць ка́меня на ка́мені ў табе за тое, што не разуме́ў ты ча́су наве́дання цябе.

45І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганя́ць тых, што прадава́лі ў ім і купля́лі,

46ка́жучы ім: напі́сана: “дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

47І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары́ і кніжнікі шука́лі, як загубі́ць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе,

48і не знахо́дзілі, што зрабі́ць з Ім, бо ўвесь народ, слу́хаючы, абступа́ў Яго.

 

Раздзел 20

1І ста́лася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабраве́сціў, прыйшлі першасвятары́ і кніжнікі са старэйшынамі

2і сказалі Яму, гаво́рачы: скажы нам, якою ўла́даю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўла́ду гэтую?

3І, адка́зваючы, Ён сказаў ім: спыта́ю ў вас і Я адну рэч, і скажы́це Мне:

4хрышчэ́нне Іаанава з неба было́ ці ад людзей?

5Яны ж разважа́лі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, то скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”

6А калі ж скажам: “ад людзей”, то ўвесь народ каме́ннем паб’е нас, бо ён перакана́ны, што Іаан — гэта прарок.

7І адказалі, што не ведаюць, адкуль.

8Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

9І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзі́ў вінаград і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся на доўгі час;

10і ў пэўную пару́ паслаў да вінагра́дараў раба́, каб далі́ яму пладо́ў з вінагра́дніка; але вінагра́дары, набі́ўшы яго, адасла́лі ні з чым.

11І паслаў яшчэ другога раба́; але яны і таго, набі́ўшы і знява́жыўшы, адасла́лі ні з чым.

12І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, пара́ніўшы, прагна́лі.

13Тады сказаў гаспадар вінагра́дніка: што́ мне рабіць? пашлю́ сы́на майго ўзлю́бленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаро́меюцца.

14Але, убачыўшы яго, вінагра́дары разважа́лі між сабою, ка́жучы: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.

15І, вы́веўшы яго вон з вінагра́дніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінагра́дніка?

16Пры́йдзе і зні́шчыць вінагра́дараў гэтых, і адда́сць вінагра́днік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!

17Ён жа, паглядзе́ўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напі́санае: “камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́”?

18Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца, а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.

19І наме́рыліся першасвятары́ і кніжнікі накла́сці на Яго ру́кі ў тую ж гадзі́ну, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

20І, пасачы́ўшы за Ім, падасла́лі выве́днікаў, якія, прыня́ўшы вы́гляд праведных, злаві́лі б Яго на слове, каб вы́даць Яго начальству і ўла́дзе праві́целя.

21І яны спыталі ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзі́ш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;

22дазволена нам даваць пада́так ке́сару ці не?

23Ён жа, зразуме́ўшы кава́рства іх, сказаў ім: што́ вы Мяне спакуша́еце?

24пакажы́це Мне дына́рый: чыю выя́ву і на́дпіс ён ма́е? Яны сказалі ў адказ: ке́сара.

25Ён сказаў ім: вось і аддава́йце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

26І не змаглі́ яны злаві́ць Яго на слове перад народам, і, здзіві́ўшыся адказу Яго, замоўклі.

27Тады падышлі́ да Яго некато́рыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго,

28ка́жучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзе́тным, то няхай брат яго во́зьме жонку і адро́дзіць се́мя брату свайму”;

29было сем братоў; і першы, узя́ўшы жонку, памёр бяздзе́тны;

30і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзе́тны;

31і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і паме́рлі,

32пасля ж усіх паме́рла і жонка;

33дык вось, ва ўваскрасе́нні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.

34І сказаў ім Іісус у адказ: сыны́ веку гэтага жэ́няцца і выходзяць замуж,

35а спадо́бленыя дасягну́ць таго веку і ўваскрасе́ння з мёртвых не жэ́няцца і замуж не выходзяць;

36і паме́рці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны́ Божыя яны, бу́дучы сына́мі ўваскрасе́ння.

37А што мёртвыя ўваскрэ́снуць, і Маісей паказаў у апо́ведзе пра купіну́, называючы Госпада Богам Аўраа́ма і Богам Ісаа́ка, і Богам Іакава.

38Ён жа Бог не мёртвых, а жывы́х, бо ў Яго ўсе жывы́я.

39У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

40І ўжо больш не асме́льваліся пыта́цца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:

41я́к гэта гаво́раць, што Хрыстос — сын Давідаў?

42А сам Давід гаво́рыць у кнізе псалмоў: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі правару́ч Мяне,

43пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх”.

44Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?

45І калі слу́хаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

46сцеражы́цеся кніжнікаў, якім падаба́ецца хадзіць у доўгіх убо́рах і якія лю́бяць віта́нні на плошчах і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах, і ўзляжа́ць напе́радзе на гасці́нах,

47і якія праяда́юць дамы́ ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.

 

Раздзел 21

1Глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары́ свае ў ска́рбніцу;

2убачыў таксама і адну бедную ўдаву́, якая пакла́ла туды дзве ле́пты,

3і сказаў: праўду кажу вам, што ўдава́ гэтая бедная больш за ўсіх пакла́ла;

4бо ўсе гэтыя ад даста́тку свайго пакла́лі ў дар Богу, а яна з няста́чы сваёй увесь пражы́так, які ме́ла, пакла́ла.

5І калі некато́рыя гаварылі пра храм, што ён каштоўнымі камяня́мі і дару́нкамі ўпрыго́жаны, Ён сказаў:

6пры́йдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застане́цца ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.

7І спыталіся ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якое знаме́нне, калі паві́нна гэта збы́цца?

8Ён жа сказаў: сцеражы́цеся, каб не ўвялі вас у зман; бо многія пры́йдуць пад і́мем Маім, ка́жучы, што гэта Я. І гэты час наблі́зіўся; не ідзіце за імі.

9Калі ж пачуеце пра войны і сму́ты, не жаха́йцеся, бо гэта паві́нна быць спача́тку; але не адразу канец.

10Тады сказаў ім: паўста́не народ на народ і царства на царства,

11і будуць вялікія землятру́сы ме́сцамі, і голад, і мор, будуць і жахі, і знаме́нні вялікія з неба.

12Але перад гэтым усім пакладу́ць на вас ру́кі свае і будуць гнаць, аддаючы́ ў сінагогі і ў цямніцы, і павядуць да цароў і да праві́целяў за імя́ Маё;

13будзе ж гэта вам дзе́ля све́дчання.

14Так што пакладзі́це ў сэ́рцах сваіх не абду́мваць за́гадзя, што адка́зваць,

15бо Я дам вам ву́сны і мудрасць, якой не змогуць супрацьстая́ць або пярэ́чыць усе праці́ўнікі вашы.

16Вы́дадзены ж будзеце і бацька́мі, і брата́мі, і сваяка́мі, і сябра́мі; і заб’юць некаторых з вас;

17і будзеце зненаві́джаныя ўсімі за імя́ Маё;

18але і волас з галавы вашай не прападзе́;

19цярпе́ннем вашым здабу́дзьце ду́шы вашы.

20Калі ж уба́чыце акру́жаны войскам Іерусалім, тады ведайце, што наблі́зілася спусташэ́нне яго;

21тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы, а хто ў горадзе, няхай выхо́дзяць, а хто ў вако́ліцах, няхай не ўвахо́дзяць у яго,

22таму што гэта дні пакара́ння, каб спо́ўнілася ўсё напі́санае.

23Гора ж цяжа́рным і тым, што ко́рмяць грудзьмі́, у тыя дні, бо вялікае бе́дства будзе на зямлі і гнеў на народ гэты;

24і ўпаду́ць ад вастрыя́ мяча́, і будуць адве́дзены ў пало́н ва ўсе народы, і Іерусалім будзе патапта́ны язычнікамі, пакуль не ско́нчацца часы́ язычнікаў.

25І будуць знаме́нні на сонцы, і месяцы, і зорках, а на зямлі туга́ народаў у ро́спачы ад шуму марскога і хвалява́ння;

26і людзі будуць мярцве́ць ад страху і чака́ння таго, што надыхо́дзіць на сусвет, бо сілы нябесныя зру́шацца,

27і тады ўба́чаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на во́блаку з сілаю і славаю вялікаю.

28Калі ж пачне гэта збыва́цца, то вы́прастайцеся і ўзнімі́це гало́вы вашы, таму што набліжа́ецца адкупле́нне ваша.

29І сказаў ім прытчу: паглядзі́це на смако́ўніцу і на ўсе дрэвы:

30калі яны ўжо распуска́юцца, вы, ба́чачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета.

31Так і вы, калі ўба́чыце, што гэта збыва́ецца, ве́дайце, што блізка Царства Божае.

32Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе;

33неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.

34Сцеражы́цеся, каб сэ́рцы вашы не абцяжа́рваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі, і каб не прыйшоў да вас неспадзява́на дзень той;

35бо ён, як па́стка, пры́йдзе на ўсіх, што жывуць на аблі́ччы ўсёй зямлі;

36дык будзьце пі́льныя і ўвесь час маліцеся, каб спадо́біліся вы пазбе́гнуць усяго гэтага, што ма́е адбы́цца, і стаць перад Сы́нам Чалавечым.

37Удзень Ён вучыў у храме, а ночы, выхо́дзячы, право́дзіў на гары́, называ́най Елеонскаю.

38І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.

 

Раздзел 22

1Набліжа́лася свята праснако́ў, што называецца Пасхаю;

2і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як забіць Яго, бо яны баяліся народу.

3Увайшоў жа сатана ў Іуду, зва́нага Іскарыётам, аднаго з ліку двана́ццаці,

4і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятара́мі і начальнікамі, як ён ім вы́дасць Яго.

5І яны ўзра́даваліся і пагадзі́ліся даць яму срэ́бранікаў;

6і ён абяцаў і шукаў наго́ды вы́даць Яго ім не пры народзе.

7Надышо́ў жа дзень праснако́ў, у які нале́жала прыно́сіць пасхальную ахвя́ру;

8і паслаў Ён Пятра і Іаана, сказаўшы: пайдзі́це, прыгату́йце нам есці пасху.

9Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі?

10Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўвахо́дзіць у горад, то сустрэ́нецца вам чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён уво́йдзе,

11і скажы́це гаспадару́ дома: “Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?”

12І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усла́ны; там прыгату́йце.

13Яны пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.

14І, калі надышо́ў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім,

15і сказаў ім: вельмі жада́ў Я гэтую пасху есці з вамі, перш чым му́кі прыму́,

16бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, пакуль не здзе́йсніцца яна ў Царстве Божым.

17І, узяўшы чашу, узнёс падзя́ку і сказаў: прымі́це яе і падзялі́це між сабою,

18бо кажу вам, што не буду піць ад пло́ду вінагра́днага, пакуль не пры́йдзе Царства Божае.

19І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламі́ў і даў ім, ка́жучы: гэта це́ла Маё, якое за вас аддае́цца; рабіце гэта на ўспамі́н пра Мяне.

20Таксама і ча́шу пасля вячэ́ры, ка́жучы: гэтая чаша — новы запаве́т у Маёй крыві́, якая за вас праліва́ецца.

21Але вось рука таго, хто выдае́ Мяне, са Мною за сталом;

22і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вы́значана, але го́ра таму чалавеку, які Яго выдае́.

23І яны пачалі́ пыта́цца адзін у аднаго, хто б гэта з іх быў, што зро́біць такое?

24Была́ ж і спрэ́чка паміж імі, хто з іх павінен лічы́цца бо́льшым.

25А Ён сказаў ім: цары́ народаў пану́юць над імі, і ўладары́ іх дабрадзе́ямі называ́юцца;

26вы ж не так: але бо́льшы сярод вас, няхай будзе як ме́ншы, а начальнік — як слуга́.

27Бо хто бо́льшы: той, хто ўзляжы́ць, ці той, хто прыслу́жвае?е́ хіба́ не той, хто ўзляжы́ць? А Я пасярод вас як той, хто прыслу́жвае.

28Вы ж ператрыва́лі са Мною ў выпрабава́ннях Маіх,

29і Я завяшча́ю вам, як завяшча́ў Мне Айцец Мой, Царства,

30каб вы елі і пілі́ за трапе́заю Маёю ў Царстве Маім, і будзеце сядзе́ць на прастолах і судзі́ць дванаццаць кале́н Ізра́ілевых.

31І сказаў Гасподзь: Сі́мане! Сі́мане! вось, сатана прасіў, каб прасе́яць вас, як пшаніцу;

32але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая; і ты не́калі, вярну́ўшыся, умацу́й братоў тваіх.

33Ён жа сказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатовы і ў цямні́цу, і на смерць ісці.

34А Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не прапяе́ сёння певень, як ты тройчы адрачэ́шся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.

35І сказаў ім: калі Я пасыла́ў вас без мяшка, і без торбы, і без абу́тку, ці ме́лі вы ў чым няста́чу? Яны ж адказалі: ні ў чым.

36Сказаў жа ім: але цяпер хто ма́е мяшок, няхай возьме яго, гэтакса́ма і торбу; а хто не ма́е, няхай прада́сць во́пратку сваю і ку́піць меч;

37бо кажу вам, што павінна яшчэ спо́ўніцца на Мне гэта напі́санае: “і да злачы́нцаў залі́чаны”. Бо тое, што пра Мяне, набліжа́ецца да канца.

38Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы. Ён сказаў ім: даво́лі.

39І, вы́йшаўшы, пайшоў, як звыча́йна, на гару́ Елеонскую; і следам за Ім пайшлі вучні Яго.

40Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: малі́цеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.

41І Сам адступіў ад іх на адле́гласць кі́нутага ка́меня, і, стаўшы на кале́ні, маліўся,

42ка́жучы: Ойча! калі хочаш, пранясі́ ча́шу гэтую міма Мяне! аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.

43Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацо́ўваў Яго.

44І Ён, перажыва́ючы ўну́траную барацьбу́, стара́нней маліўся; і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві́, што па́далі на зямлю́.

45І, уста́ўшы з малітвы і прыйшо́ўшы да вучняў, Ён знайшо́ў, што яны спяць ад сму́тку,

46і сказаў ім: што́ спіце́? уста́ньце і маліцеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.

47Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп, і той, каго зва́лі Іуда, адзін з двана́ццаці, ішоў папе́радзе, і ён наблі́зіўся да Іісуса, каб пацалава́ць Яго. Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.

48Іісус жа сказаў яму: Іуда! пацалу́нкам Сына Чалавечага выдае́ш?

49Тыя, што былі з Ім, ба́чачы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзі! ці не ўда́рыць нам мячом?

50І адзін з іх ударыў першасвятаро́вага раба і адсе́к яму правае ву́ха.

51На гэта Іісус сказаў: пакі́ньце, хопіць. І, дакрану́ўшыся да вуха яго, ацалі́ў яго.

52Сказаў жа Іісус першасвятара́м, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам, якія сабра́ліся су́праць Яго: бы́ццам на разбойніка вы́йшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?

53штодня́ бываў Я з вамі ў храме, і вы не паднялі́ рук на Мяне; але гэта — ваша гадзі́на і ўла́да це́мры.

54І, узя́ўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара́. Пётр жа ішоў следам воддаль.

55Калі ж яны раскла́лі агонь пасярод двара́ і селі разам, сядзеў і Пётр паміж імі.

56І адна служа́нка, уба́чыўшы яго, што сядзеў пры агні, і, прыгле́дзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.

57Але ён адро́кся ад Яго, ка́жучы: жанчы́на, я не ведаю Яго.

58І неўзаба́ве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: чалавеча, не.

59І, як прайшло́ каля адной гадзі́ны, нехта іншы настойваў, ка́жучы: сапраўды́ і гэты з Ім быў, бо ён галіле́янін.

60Але Пётр сказаў: чалаве́ча, я не ведаю, што́ ты гаворыш. І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.

61І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзе́ў на Пятра; і ўспо́мніў Пётр сло́ва Гасподняе, як Ён сказаў яму: перш чым заспява́е певень, адрачэ́шся ад Мяне тройчы.

62І, вы́йшаўшы вон, горка заплакаў.

63А людзі, якія трыма́лі Іісуса, насміха́ліся з Яго і бі́лі;

64і, накры́ўшы Яго, бі́лі Яго па тва́ры і пыта́ліся ў Яго, ка́жучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?

65І многа іншых блюзне́рстваў гаварылі су́праць Яго.

66І калі настаў дзень, сабра́ліся старэйшыны народа, і першасвятары́, і кніжнікі, і прывялі Яго ў сінедрыён свой

67і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паве́рыце;

68а калі і спыта́юся ў вас, не адка́жаце Мне і не адпу́сціце;

69адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець правару́ч сілы Божай.

70І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.

71Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэ́ба све́дчанне? мы ж самі чулі з ву́снаў Яго!

 

Раздзел 23

1І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,

2і пачалі́ абвінава́чваць Яго, гаворачы: мы вы́явілі, што Ён падбухто́рвае народ наш і забараня́е даваць пада́так ке́сару, называ́ючы Сябе Хрыстом Царом.

3Пілат запытаў Яго, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.

4І Пілат сказаў першасвятара́м і народу: я не знахо́джу нія́кай віны́ ў Гэтым Чалавеку.

5Але яны настойвалі, ка́жучы, што Ён бунту́е народ, навуча́ючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасю́ль.

6Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба́ Гэты Чалавек Галіле́янін?

7І, даве́даўшыся, што Ён з улада́нняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.

8Ірад жа, уба́чыўшы Іісуса, вельмі ўзра́даваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзява́ўся ўбачыць нейкае знаме́нне, Ім здзе́йсненае;

9і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.

10І стаялі першасвятары́ і кніжнікі, і заця́та абвінава́чвалі Яго.

11А Ірад са сваімі воінамі, знява́жыўшы Яго і наглумі́ўшыся, апрану́ў Яго ў светлую адзе́жу і адасла́ў Яго да Пілата.

12І зрабіліся пры́яцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; ране́й жа мелі варо́жасць адзін да аднаго́.

13Пілат жа, склі́каўшы першасвятаро́ў, і начальнікаў, і народ,

14сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібы́та бухто́рыць народ; і вось я перад вамі рассле́даваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінава́чваеце;

15і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго , і вось нічога ва́ртага смерці не зро́блена Ім;

16таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.

17А яму трэба было́ дзе́ля свя́та адпусці́ць ім аднаго вя́зня.

18Але яны закрычалі ўсе разам, ка́жучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вара́вву.

19А той быў за нейкі бунт, учы́нены ў горадзе, і забойства паса́джаны ў цямні́цу.

20І зноў Пілат узвы́сіў голас, хочучы адпусці́ць Іісуса.

21Але яны крычалі, ка́жучы: распні́, распні́ Яго!

22І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчыні́ў Ён? нічога ва́ртага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.

23Яны ж настойвалі з моцнымі кры́камі, патрабу́ючы, каб Ён быў распя́ты; і перамаглі́ крыкі іх і першасвятаро́ў.

24І Пілат вырашыў, каб было́ паводле патрабава́ння іх,

25і адпусці́ў паса́джанага за бунт і забойства ў цямні́цу, якога яны прасі́лі, а Іісуса аддаў на іх волю.

26І калі павялі́ Яго, то, забра́ўшы нейкага Сі́мана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, ускла́лі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.

27І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыда́лі і галасі́лі па Ім.

28Абярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе́ і дзе́цях вашых;

29бо вось надыхо́дзяць дні, у якія скажуць: “блажэ́нныя няпло́дныя, і ўло́нні, якія не раджа́лі, і гру́дзі, якія не кармі́лі”;

30тады пачну́ць гаварыць гара́м: “упадзі́це на нас”, і ўзгоркам: “пакры́йце нас”;

31бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што́ будзе?

32Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачы́нцаў, каб пакара́ць смерцю.

33І калі прыйшлі на месца, зва́нае Ло́бным, там распя́лі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.

34Іісус жа казаў: Ойча! дару́й ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзе́лячы адзе́жу Яго, кі́далі жэ́рабя.

35І стаялі людзі і глядзелі. Насміха́ліся з імі разам і начальнікі, ка́жучы: іншых ратава́ў, няхай урату́е Само́га Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.

36Глуміліся з Яго і воіны, падыхо́дзячы і падно́сячы Яму воцат,

37і ка́жучы: калі Ты Цар Іудзейскі, то ўратуй Самога Сябе.

38Быў жа і надпіс напі́саны над Ім літарамі грэчаскімі, і рымскімі, і яўрэйскімі: гэта Цар Іудзейскі.

39І адзін з павешаных злачынцаў блюзне́рыў на Яго, ка́жучы: калі Ты Хрыстос, то ўрату́й Сябе і нас.

40Другі ж у адказ, суніма́ючы яго, казаў: хіба́ ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асу́джаны?

41Але мы — справядліва, бо нале́жнае за ўчы́нкі нашы атры́мліваем, а Ён нічога дрэ́ннага не зрабіў.

42І сказаў Іісусу: памяні́ мяне, Госпадзі, калі пры́йдзеш у Царства Тваё.

43І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у ра́і.

44Было́ ж каля шостай гадзі́ны, і цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзі́ны дзевятай;

45і паме́ркла сонца, і заве́са ў храме разадра́лася напала́м.

46І, ускры́кнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у ру́кі Твае аддаю́ дух Мой! І, сказаўшы гэта, вы́пусціў дух.

47Сотнік жа, убачыўшы, што адбыло́ся, прасла́віў Бога, ка́жучы: сапраўды́, Чалавек Гэты быў пра́ведны.

48І ўсе людзі, якія сабра́ліся на гэтае відо́вішча, убачыўшы, што адбыло́ся, вярта́ліся, б’ючы́ сябе ў гру́дзі.

49Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі во́ддаль і глядзелі на гэта.

50І вось муж па і́мені Іосіф, саве́тнік, чалавек добры і пра́ведны,

51які не далучы́ўся да рашэння і спра́вы іх, з Арымафе́і, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;

52прыйшоўшы да Пілата, ён папрасіў це́ла Іісусава;

53і, зняўшы Яго, абгарну́ў плашчані́цаю і паклаў Яго ў магілу, вы́сечаную у скале́, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.

54А дзень той быў пятніца, і настава́ла субота.

55І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, ба́чылі магілу і як было пакла́дзена це́ла Яго;

56вярнуўшыся, яны падрыхтава́лі духмя́насці і мі́ра; у суботу ж адпачыва́лі, паво́дле за́паведзі.

 

Раздзел 24

1А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлі́ да магілы, і іншыя з імі;

2але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы,

3і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса.

4І ста́лася: калі яны былі́ ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні.

5Калі ж яны спалохаліся і схілі́лі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых?

6Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,

7ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць.

8І ўспомнілі яны словы Яго,

9і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым.

10Былі́ ж гэта Магдалі́на Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.

11І здалі́ся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім.

12Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілі́ўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся.

13І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях у шасці́дзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с;

14і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.

15І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблі́зіўшыся, пайшоў з імі,

16але вочы іх былі́ стры́маны, так што яны не пазналі Яго.

17Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя?

18У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзі́ны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дни?

19І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назарані́нам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,

20і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго;

21а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто паві́нен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася;

22але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы

23і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́;

24і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.

25І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!

26ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?

27І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго.

28І наблі́зіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й;

29а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

30І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславі́ў і, пераламі́ўшы, даваў ім.

31І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх.

32І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне?

33І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлі́ сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былі́ з імі,

34якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і яві́ўся Сі́ману.

35А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.

36Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам.

37Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа;

38а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы?

39паглядзі́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакрані́цеся да Мяне і паглядзі́це: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю.

40І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі.

41Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?

42Яны ж падалі́ Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах.

43І, узяўшы, Ён перад імі з’еў

44і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напі́санае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне.

45Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў

46і сказаў ім: так напі́сана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень,

47і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма;

48вы ж све́дкі гэтага;

49і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышыні́.

50І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславі́ў іх.

51І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба.

52І яны паклані́ліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,

53і былі́ заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.



Пераклад: Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы (МП)
Тэкст падаецца паводле выдання: sppsobor.by
Крыніца: sppsobor.by