epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

У ноч на Купалу

...Гадоў сто, а можа, і дзвесце назад у ноч на Купалу ведзьмы і лесуны абралі пад свае скокі самы стары на Лысай Гары ясень. З-пад яго густой кроны разносіліся па наваколлі смех, свіст, нейкая бязладная гаворка. Лысагорцы, пачуўшы вядзьмарскае ўлюлюканне, пахаваліся ў сваіх хацінах. Адзін толькі малады каваль, асілак Янка, не спалохаўся. Ён шпацыраваў са сваёй дзяўчынай Марыйкай і нізвання не зважаў на ўвесь гэты д’ябальскі вэрхал. Але раптам з ніжняй ясеневай галіны працягнулася белая як снег рука, і салодкі голас паклікаў:

— Хадзі, Марыйка, хадзі да нас у карагод!..

Марыйка падала руку і як у пастку трапіла. Пацягнула яе невядомая сіла ўгору, на ясень. Добра яшчэ, што Янка паспеў ухапіцца за яе. Расставіў ногі, упёрся магутнымі плячамі ў дрэва і не пускае. А зверху рагочуць ды прыгаворваюць:

— Позна, Янка, позна. Марыйка сама згадзілася, не твая яна ўжо, а наша. Пусці, пакуль дабром просім...

Раззлаваўся асілак-каваль, мацнейшы ў сем разоў зрабіўся. Паднапяўся ды так ірвануў з учэпістых пальцаў сваю каханую, што разам з ёю сцягнуў з ясеня цэлы тузін звязаных адной вяроўкай ведзьмакоў страшыдлаў. Адразу сціх рогат, пачалі ведзьмакі плакаць-рыдаць, прасіць Янку, каб падсадзіў іх на ясень. Золата, брыльянты абяцалі. Янка загадаў Марыйцы заплюшчыць вочы, а сам ухапіў за чупрыну першага лесуна, пацягнуў увесь іх паганы карагод да гнілой сажалкі, што была каля падножжа Лысай Гары, і спіхнуў у дрыгву. Закіпеў бруд балотны, і ў адно імгненне выпарылася, высахла тая сажалка.

З таго часу на старым лысагорскім ясені, названым у гонар смелага каваля-асілка Янкавым, ніколі больш у ноч на Купалу аніякай нечысці не з’яўляецца. Нават калі дзьме моцны вецер, калі трымцяць, гудзяць усе суседнія дрэвы, Янкаў ясень стаіць і не варухнецца...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан