epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Удзеяна

Ніколі таго не было, як адным летам у нас. Дык вось, слухайце, чуць не кожны тыдзень якое-небудзь няшчасце. Яшчэ з ранняе вясны прапала самая лепшая карова. Казалі, што яна, мабыць, з’ела павука ды аб тры дні і ногі выпруціла. Каля самага Юр’я ваўкі парвалі кабыле сцягно. Яшчэ добра, што зусім не зарэзалі. Потым знікла авечка, там шуляк задраў курыцу. Ды ўсяго і не прыпомніць. Трываў, трываў мой бацька дый пайшоў шукаць людзей, каб яны адрабілі, бо ўсе бачылі, што гэта ўдзеяна на гавяда. Вось, як сягоння памятаю, прыводзіць бацька знахара. Мы былі яшчэ блазнюкі. Бачылі, што з бацькам усунуўся ў двор якісь страшэнны чалавек, дык мы давай таўчы адзін аднаго локцямі ды шаптаць:

— Глядзі, глядзі, гэта ж бацька прывёў знахара.

А той знахар ідзе ды толькі круціць галавою ды пазірае то ў адзін бок, то ў другі. Вось бацька павёў яго ў сенцы, пасадзіў там за стол, паставіў пляшку гарэлкі ды давай частаваць... Жумрыць знахар сала, аж барада трасецца, ды ўсё гамоніць бацьку адно слова: удзеяна, удзеяна. Дзверы адчыненыя, дык свінні лезуць у сенцы, хоць ты што. Адгонім мы свіней — ды зноў у сенцы, каб пачуць, што знахар гаворыць. Пасля загналі свіней у свінушнік дый вароты падперлі калом, як вось знахар вылез на двор дый пачаў усё кругом аглядаць ды абнюхваць. Хадзіў ён і ў хлеў, і ў стайню, лазіў і ў сутачкі, пазіраў і ў калодзеж, і ў гумно, нарэшце залез на вароты ды адтуль і кажа бацьку:

— О, я казаў, што тут удзеяна. Эге ж, удзеяна, ды яшчэ як.

Тут ён аж цмокнуў, бы свіння ў карыце, дый паклікаў бацьку, каб паказаць, што вароты крывёй залітыя. Зірнуў бацька дый кажа, што гэта, можа, шуляк задраў канапляніка ці кот — мыш. Ды куды там, знахар і слухаць не хоча ды ўсё кажа:

— Добры шуляк, добры кот! Гэта ж заліта крывёю на гавяда ды на ўсю тваю худобу. Трэба адрабіць, бо вельмі моцна ўдзеяна.

— Адрабі, адрабі, Піліпка,— кажа бацька.

Паскроб знахар трохі нажом вароты, нарваў нейкага зелля, наклаў у чыгун, наліў вады ды давай варыць ды шаптаць.

Тут мы спалохаліся дый залезлі на палаці. Шаптаў знахар, шаптаў ды гукаў у комін, а потым давай абціраць рукавом з ілба пот:

— Ну, адрабіў! А моцна было тут удзеяна.

Пасля таго толькі вол падвярнуў голаў дый выпруціўся ды здох кормны парсюк, а больш, здаецца, нічога не прапала. Добра адрабіў знахар Піліп.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан