epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Ваўкалакі

Ды вот я, што гаварыць далёка, сустрэўся з адным чалавекам, які ваўкалакам быў. Гэта было гадоў, можа, пяць таму. Іду я лесам да Неўклі Гарадніцкага павета Чарнігаўскай губерні. А насупраць ідзе чалавек, страшны-прастрашны, і вочы яму пакасіла, і выгляд нездаровы. Я пытаю:

— Што гэта ты, чалавеча, такі пакалечаны?

А ён адказвае:

— Так, брат, будзеш пакалечаны, як ваўком колькі год пабегаеш.

— Дык няўжо ты ваўкалакам быў?

— Так быў жа!

— А, брат, раскажы, як гэта было.

Ну, зайшлі мы ў шынок, выпілі па васьмушцы, вот ён мне і расказаў.

— Пасварыўся,— кажа,— я з суседкай. Крыў я гумно сваё і скінуў неяк салому, колькі там снапоў, на яе каноплі. Яна кажа: ты мне паламаў каноплі. А я кажу: хіба ж я хацеў? Хоць, кажу, і на суд падасі, дак і суд нічога мне не зробіць. А яна кажа: «Добра, будзеш ты ведаць суд: я цябе сама рассуджу». Ну, пагаварылі мы так, дый усё. Праз тыдзень паехаў я з кумам у млын. Пабылі ў млыне, едзем назад. І сталі мы коней падпасаваць. І мне стала так на сэрцы моташна, так нудна; і захацелася мне вот абавязкова праз хамут пралезці. Як я пралез, так і стаў ваўком, і пабег. І бегаў, браток ты мой, я тры гады без ваўкоў, адзін, а на чацверты яны ўжо прынялі мяне ў гурт да сябе. І бегаў я з імі разам і асобна. Раз Юры наказаў нам рабога каня з’есці. Дык ён нам пах за сто вёрст. З’елі мы таго каня і цэлы тыдзень есці не хацелі. Другі раз захацелі мы есці, дык ваўкі паслалі мяне ў статак. Я прыбег, парася ўзяў. А пастух кажа: «Эй, ты, што ж ты ўзяў без дазволу?» Дык я стаў і — ні з месца. Павярнуўся, дык кругом яма. Ваўкі крычаць: «Кідай ды ўцякай!» А мне няма куды ўцякаць, І стаю я, пакуль пастух прыйшоў ды сказаў: «Кінь!» Тады я кінуў, а пастух узяў пугу і хвастануў па мне дванаццаць разоў. І так, што на мне шкура аб’ехала воўчая. Я і зрабіўся чалавекам, толькі крыху пакалечаны.

 

 

 

* * *

 

Выпала нейкае свята, вот нашы мужчыны і кажуць:

— Жанкі, о жанкі, чаго сядзіце дома?

— Сягоння ж свята,— кажам мы.

— Святу святая справа. Няхай бы вы схадзілі ў лес да назбіралі хоць якіх казлякоў.

Праўду кажуць, што не так воўк баіцца сабакі, як яго звягу не любіць. Так і мы. Хоць і не баімся мужчын, але што ж з імі рабіць. Абулі мы з Хвядораю лапці, закінулі за плечы кашолкі дый пабеглі ў лог шукаць грыбоў. Лёталі мы, лёталі, абегалі ўвесь лог— няма нічога Хвядора знайшла, можа, якіх з пяток бабак ды сыраежак, а я, апрача лісічак, нічога не знайшла. Падышлі мы да гушчарні дый завярнулі да кругловіны. Мы хацелі ўжо вярнуцца дадому, як вось раптам супыніліся дый стаім бы ўкопаныя: з гушчарні выскачыла цэлая чарада ваўкоў ды так проста на нас і садзіць. Хацелі мы крычаць, але толькі зяхаем — голасу няма. Стаім мы, бы самі сябе аддаём ваўкам у зубы, а тыя цялюх дый пабеглі міма нас проста ў гушчэчу. Спалохаліся мы, аж не палічылі, колькі там было ваўкоў, але, пэўна, з дванаццаць. Ачухаліся гэта мы ды як сунулі дадому, дык толькі пяткі мітусяцца. Але вось развязалася ў мяне абора, дый зачапілася я за патырчаку. Рванулася я дый схапіла Хвядору за плечы. Як грымнуліся мы абедзве з усіх ног дый качаемся па верасе. Хацела я ўстаць, але чую, што нага прывязаная. Тут толькі ўбачыла я, што абора закруцілася. Пакуль я завязвала аборы, Хвядора аглянулася назад дый бачыць, аж збоку ідзе Гараська Каваль. Абрадаваліся мы ды бягом да яго насустрач.

— Родненькі,— кажам,— ратуй. Чуць не загрызлі нас ваўкі.

— Якія там ваўкі? — пытае ён.

Мы ўзахапы пачалі яму расказваць, як на нас набегла цэлая чарада ваўкоў.

Паслухаў ён дый кажа:

— Якія гэта вам ваўкі! Гэта ж ваўкалакі. Яны былі такія ж людзі, як і мы, толькі, мабыць, іх нейкі чараўнік абярнуў у ваўкоў. Ён кажа, што больш за ўсё чараўнікі абарачаюць у ваўкоў людзей на вяселлі.

Мы даўно чулі, што бываюць ваўкалакі, але ніколі самі не бачылі, якія яны. А тут і давялося ўбачыць іх на свае вочы. Вот і пачаў нас Гараська вучыць, каб мы другі раз працягнулі па зямлі пояс: як ваўкалакі пераскочылі б праз яго, то й сталі б зноў людзьмі. Пашкадавалі мы, што дурныя, не ведалі, як памагчы бедным людзям, але па смерці няма пакаяння.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан