epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Вёска Князева

Тут, дзе цяпер вёска Князева, раней толькі сажалка была. Вакол сажалкі раслі дубы, таполі, ясені. А вёрст пятнаццаць адсюль жыў князь.

Аднойчы ўвечары каля сажалкі з’явіліся цыганскія шатры. І пачалі цыганы хадзіць па вёсках: паказвалі фокусы, мянялі коней, цыганкі гадалі на картах. Сярод цыганоў была маладая цыганка. На плячы ў яе сядзела варона. Але ўсе людзі глядзелі не на варону, а на цыганку,— такая яна была прыгожая. Дачуўся князь, што надта харошая цыганка паявілася ў гэтых краях. І ноччу князь тут як тут. Як толькі цыганы заснулі, падкраўся ён да шатра, схапіў цыганку і ўцёк. Спахапіліся цыганы, ды позна.

Любіў гэтую цыганку малады прыгожы цыган. Узяў ён двух цыганоў і неяк на наступную ноч вызваліў сваю цыганку. Пачалі цыганы збіраць свае шатры, ды не паспелі. Нахапіўся князь са сваімі служкамі. Пачаўся бой. Людзей у князя было больш, і яны хутка расправіліся з цыганамі. Забілі і маладога цыгана. Як убачыла цыганка свайго мілага — ужо забітага,— схапіла сякеру, падкралася ззаду да князя і зваліла яго напавал адным ударам. А сама ўскочыла на каня і наўскапыт паімчала ў лес.

У Князеве і цяпер на дрэвах многа варон. Гавораць, што яны развяліся ад той вароны, што сядзела ў цыганкі на плячах. А князя пахавалі. Потым на гэтым месцы пачалі будавацца людзі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан