epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Вёска Лышч і прозвішча Прыгодзіч

Некалі, даўным-даўно, гэта былі дзіўныя і страшныя мясціны. Там, дзе цяпер вёска, на дзесяткі вёрст навокал распасціралася глухая непраходная багна. Да самага балота падступалі змрочныя, дрымучыя лясы. Такія густыя, што нават хуткаплынная рака Вісліца выгіналася вужакаю, каб прабіцца да вялікай вады.

Ніколі не чуў тут ніхто чалавечага голасу. Толькі вылі па начах воўчыя зграі, глуха рыпелі пад ветрам выгоністыя старыя сосны, уладарна шумелі дубы.

Ды аднойчы прыйшлі людзі. Не ад лёгкага жыцця прыбіліся яны ў гэты куток. Бунтарныя сэрцы шукалі сабе волі і шчасця.

Далей ісці не было куды — балота. Іржавая бясконцая вада з асакой і лазой. Нехта нявесела прысвіснуў:

- Ну і лыка ж, хлопцы, будзе. Ну і лышча!

Усю ноч над Вісліцай гарэлі вогнішчы. Віліся, як дым, неспакойныя людскія думкі. А раніцой з першымі промнямі сонца застукалі ў дрымучым бары сякеры, ляглі ў вянкі звонкія смалістыя бярвенні.

Вёску назвалі Лышчам. А людзям, што прыйшлі сюды, нацярпеўшыся розных прыгод, далі пасля прозвішча — Прыгодзічы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан