epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Закляты скарб

Калі тое было? А хто ж яго згадае! Мо яшчэ ў тыя незапомныя часы, калі рака Сакалда тут плыла тым пакручастым старым рэчышчам, што цяпер Зэглерыхай завуць.

Каля лясной рачулкі Ланкі, усё ў адным месцы, кожны год позняй восенню што ні вечар агонь нейкі людзям з’яўляўся. Выкаціцца недзе з гушчавіны на палянку пад старыя дубы і круціцца. То падбяжыць, то падскочыць і аж зіхаціць рознымі колерамі.

Старыя людзі, угледзеўшы гэтае дзіва, меркавалі:

— Няйнакш, у закапаным скарбе золата пераліваецца. Багата яго, пэўна, там, калі агонь такі вялікі ды іскрысты.— Падумаўшы, перасцерагалі маладых: — Няпраўдай гэты скарб закладзены і таму смерці патрабуе.

Доўгі час яўляўся той агонь, але ніхто з тутэйшых не наважыўся шукаць ды адкопваць той скарб.

Аднойчы валэндаўся тут з вёскі да вёскі нейкі чужынец з сабакам. Не столькі людзі валацугам дзіваваліся, колькі тым сабакам. Надта ж ён верны быў свайму гаспадару: даволі крывым вокам на валацугу глянуць, як сабака з зубамі на цябе кідаўся; з найгоршай лясной крэкаці яго выводзіў, нікога да яго не падпускаў, калі той, бывала, п’яны пад плотам валяўся. Пачуўшы згадку пра скарб, пайшоў прыблуда вечарам на Ланку, падпільнаваў агеньчык і да вялікага скарбу дакапаўся.

Адкрывае прыблуда гаршчок, а там паверх золата цыдулка ляжыць: «Мяне ўзяўшы, галавой наложыш». Ён, доўга не думаючы, злапаў свайго сабаку, адсек яму галаву ды паклаў у гаршчок на месца золата, што сабе ў торбу высыпаў. Сам жа, ног пад сабою не чуючы ад радасці, паімчаўся ў карчму, што тады за рэчкаю, на скраю вёскі Сакалды стаяла. Бег жа не дарогаю, а нацянькі каля Здраёў на Зэглерыху, не зважаючы на багну ды дрыгву. Відаць, яму надта спешна да кварты гарэлкі было. Не заўважыў нават, як у адкрытае жарало ўваліўся. Рвануўся ў адзін бок, рвануўся ў другі, а золата ўсё глыбей у твань цягне. Спрабаваў скінуць торбу са скарбам, але багна ўжо па шыю засмактала. Закрычаў ён дзікім голасам: «Ратуйце!», ды замест крыку толькі бурбалкі з жыжы выскачылі і шапка-малахай усплыла.

Толькі праз нейкі час наткнуліся людзі на косці яго засечанага сабакі і картку пад дубам на Ланцы ды згніўшую шапку на жаролах каля Здраёў.

Потым дрыгву асушылі, зааралі ды засеялі травою. Цяпер улетку ды на восень стракацяць там касілкі, а агонь зусім не паказваецца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан