epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Змееў камень

Паміж вёскамі Коўткава, Гогалеўка і Віркава, пры старадарожжы, на Ігры, ёсць Змееў камень з акном і з дзвярыма.

Старыя казалі, што калісьці, даўным-даўно, у гэтым камені змей жыў з адной галавой, у абліччы чалавека, і гаварыў так, як чалавек. Быў ён дужа ўдалы кравец.

Занясуць яму сукно, праз акно пададуць і папросяць:

— Майстрок, пашый, абы надзець.

Дык ён так пашые, што ніхто на свеце лепш за яго не зробіць. Прыйдуць па світку тую, прынясуць грошы, абы колькі там, хоць і троху. Пададуць праз акно, дык ён світку аддасць, а грошы сабе возьме.

А калі-нікалі хто скажа:

— Пашый мне, каб было ў царкву ў чым хадзіць...

Дык ён адзін рукаў ззаду прышые, а другі — на плячах. Так рабіў. Не прасі, каб у царкву схадзіць. Як просяць каля сахі хадзіць, дык адчаканіць, што хоць куды; а калі на святы дзень — зробіць, што ні сабе ні людзям.

У Бузер’і пад Лукомлем кахаў ён адну дзяўчыну. Яна ад яго хавалася, але ён усюды знаходзіў яе. Мусіла яна жыць з ім. Доўга яны жылі, а дзяцей у іх не было.

Бывала, абернецца ён дугой такой над возерам над Лукомльскім ды так і цягне. Як толькі на зямлю апусціцца, адразу прымае чалавечае аблічча — паніч такі, што хоць куды.

Аднойчы пасвіла яго дзяўчына свінні на полі.

Прыляцеў ён да яе на поле, сабраў свіней у кучу і сказаў:

— Пільнуй, каб адкуль хмара не нацягнула.

Лёг і заснуў.

Тым часам з заходняга боку ўзнялася вялізная хмара.

А дзяўчына наўмысна не разбудзіла яго. І датуль не будзіла, пакуль не загрымеў над галавою гром. Як грымнуў гром, так ён і прачнуўся.

Прачнуўся і гаворыць:

— Вось калі ты мяне зжыла са свету.

Ускочыў ён, ляснуў ёй з правага боку па левай шчацэ — так і высмаліў на шчацэ пяць пальцаў. Усё жыццё відаць было, так і памерла з тымі адбіткамі пальцаў. А сам выцягнуўся дугой і паляцеў цераз возера нацянькі да сваёй хаты. Тут пярун і смальнуў па ім.

Смальнуў, а ён ляціць. А калі другі раз стукнуў, то ён упаў у возера.

Але ізноў усхапіўся і паляцеў.

Адзін стары быў у Бузер’і, дык усё гэта дзіва бачыў. Пераляцеў змей цераз возера, а пярун трэці раз смальнуў, ужо ў лесе, і забіў яго. Пасля таго трое сутак дождж ішоў, пакуль не знайшлі змея.

Стары той паказаў.

— Шукайце,— кажа,— там і там, на вашае поле ляцеў.

Знайшлі змея і закапалі. Дождж і сціх. Але праз суткі змей ізноў апынуўся наверсе.

Ізноў паліў дождж. Пачаліся грымоты вялікія. Пярун суцяшаецца: смаліць у яго, нежывога, каб не ажыў.

Хавалі змея гэтак разоў са тры ці з чатыры. Дык усё апыньваўся наверсе.

І як выйдзе, так сажняў на колькі і цягне ўсё ў той бок, дзе яго хата.

Старыя казалі, што каб надвор’е пастаяла, дык ён ажыў бы. Але дажджы ўвесь час ішлі дужа вялікія. Вада так паднялася, што чуць не затапіла ўсё вакол.

Прыснілася тады таму бузерскаму старому, што трэба сабраць усіх малых дзяцей, каб тыя ў прыполах, а жарабяткі ў торбачках на шыях нацягалі пяску і засыпалі змея.

Так і зрабілі. На тым месцы з таго часу курган стаіць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан