Уладзімір Дзянісаў

Праблемы выяўлення, вывучэння і ўліку помнікаў


Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Таварыства аховы помнікаў заўсёды было выяўленне новых помнікаў гісторыі і культуры, іх даследаванне і распрацоўка прапаноў па іх ахове. Яшчэ ў 1970-я гады архітэктурнай і гістарычнай секцыямі Менскага гарадскога савета Таварыства было распачата даследаванне гістарычнай забудовы цэнтральнай часткі Менска. У тыя часы сярод кіраўніцтва горада пераважала думка, што ў Менску няма помнікаў вартых захавання. Яскравым сведчаннем гэтага было знішчэнне аднаго з самых старажытных раёнаў горада - Нямігі. Па тэрыторыі Менскага замчышча, якое з'яўлялася запаведнікам агульнасаюзнага значэння, была пракладзена Паркавая магістраль. Паводле распрацаванага і зацверджанага генеральнага плана і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра Менска цалкам павінны былі быць знішчаны Верхні горад і Траецкае прадмесце. Таму членамі нашых архітэктурнай і гістарычнай секцый аператыўна было праведзена дэталёвае абследаванне цэнтральнай часткі Менска, складзена апісанне кожнага будынка, праведзена фотафіксацыя. У архівах і музеях вяліся пошукі дакументаў, якія давалі магчымасць пацвердзіць архітэктурную і гістарычную каштоўнасць асобных будынкаў. У выніку была складзена вялікая карта-схема, на якую ўпершыню нанесены ўсе помнікі гісторыі і культуры гістарычнага цэнтра Менска, што захаваліся на той час. Матэрыялы атрымалі высокую ацэнку грамадскасці і паслужылі асновай для распрацоўкі спецыялістамі-рэстаўратарамі праекта ахоўнай зоны Верхняга горада Менска, якая была афіцыйна зацверджана Менгарвыканкамам у 1979 г. Сёння гэта адзіны нарматыўны дакумент, які вызначае рэжым аховы і выкарыстання тэрыторыі Верхняга горада. Адначасова былі зацверджаны ахоўныя зоны такіх помнікаў архітэктуры, як касцёл святога Роха, касцёл святых Сымона і Алены, Кальварыйская брама, царква святой Марыі Магдалены ды інш.
У 1980-я гады з ініцыятывы Таварыства ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» былі ўключаны матэрыялы па шматлікіх помніках горада Менска. Дарэчы, «Збор помнікаў...» пастановай Урада БССР быў прызнаны афіцыйным дакументам у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Адначасова Таварыства разам са спецыялістамі-рэстаўратарамі падрыхтавала прапановы па ўдасканаленні Дзяржаўнага спіса помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР рэспубліканскага значэння, які быў зацверджаны Ўрадам краіны ў 1988 г. У гэты ж час праводзілася пашпартызацыя помнікаў, што знаходзіліся пад дзяржаўнай аховай, а таксама аб'ектаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. На пачатку 1990-х гадоў стала зразумела, што ў афіцыйныя спісы помнікаў гісторыі і культуры трапіла толькі невялікая частка тых помнікаў, якія былі зафіксаваны ў «Зборы помнікаў...» і выяўлены Таварыствам у працэсе даследавання гісторыка-культурнай спадчыны Менска.
Таму ў гэты ж час былі падрыхтаваны новыя спісы помнікаў гісторыі і культуры разам з Упраўленнем культуры Менгарвыканкама. У 1990 г. рашэннем Менгарвыканкама зацверджаны новыя спісы помнікаў археалогіі, гісторыі і мастацтва, а ў 1992 г. - Спіс помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры. Цяпер на тэрыторыі горада налічваецца 118 помнікаў гісторыі, 6 - археалігіі, 31 нерухомы помнік мастацтва, 259 - горадабудаўніцтва і архітэктуры. Да 1992 г. справай выяўлення, вывучэння, пашпартызацыі і распрацоўкай прапаноў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны займаўся шэраг дзяржаўных і грамадскіх устаноў - Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзяржаўныя музеі, якія праводзілі пашпартызацыю помнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама Таварыства аховы помнікаў. Пасля зацвярджэння новага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (артыкул 20) пытанні аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці былі цалкам перададзены ў кампетэнцыю Дзяржаўнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Яна ж атрымала права зацвярджаць праекты ахоўных зонаў помнікаў гісторыі і культуры. Здавалася б, працэс прыняцця пад ахову помнікаў гісторыі і культуры павінен быў стаць менш складаным, бо раней для гэтага была патрэбна спецыяльная пастанова Савета Міністраў альбо, у лепшым выпадку, рашэнне Менгарвыканкама. Але за апошнія пяць гадоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей горада Менска быў уключаны ўсяго адзіны помнік архітэктуры - будынак па вуліцы Замкавай, 28. Каштоўнаць аб'екта вельмі сумніўная, таму што гэты навабуд узведзены на месцы гаспадарчых пабудоў. Аднак гаспадар гэтага будынка атрымаў нават падатковыя льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Прапановы ж грамадскасці і спецыялістаў аб унясенні ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей новых помнікаў гісторыі і культуры ігнаруюцца. Так, у 1992 г. быў распрацаваны праект зонаў аховы гістарычнага цэнтра горада Менска, але да сённяшняга дня ён не зацверджаны Дзяржінспекцыяй па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, яму толькі нададзены рэкамендацыйны характар. Як выконваюцца рэкамендацыі, у першую чаргу Камітэтам па архітэктуры Менгарвыканкама, можна заўважыць па фактах знішчэння альбо перабудовы цэлага шэрага гістарычных будынкаў, якія паводле праекта прапанаваліся пад дзяржаўную ахову.
У апошні час Таварыства аховы помнікаў неаднаразова ставіла пытанне перад Камітэтам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (так зараз называецца ДзІнАС) аб уключэнні ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей новых помнікаў гісторыі і культуры. У 1996 г. была зроблена прапанова аб прыняцці пад ахову комплексу будынкаў па вуліцы Камуністычнай, №49-51. Каштоўнасць гэтага комплексу пацвержана адпаведным заключэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Нягледзячы на гэта прапанова Таварыства была адхілена.
Аналагічная сітуацыя склалася вакол комплексу гістарычнай драўлянай забудовы па вуліцах Калектарнай і Рымарскай.Было адпаведнае заключэнне Акадэміі навук Беларусі, больш таго - быў распрацаваны праект ахоўнай зоны гэтага комплексу і праведзена пашпартызацыя яго будынкаў. Таварыства не атрымала адказу на свае прапановы, а комплекс гістарычных будынкаў быў цалкам знішчаны. Відаць, гэта адбылося таму, што тэрыторыя, дзе знаходзіліся будынкі, спатрэбілася пад будаўніцтва аб'ектаў вельмі ўплывовай фірмы. У 1996 г. Таварыства паставіла пытанне перад ДзІнАС і Менгарвыканкамам аб неабходнасці аховы тэрыторыі былых вайсковых могілак часоў Першай сусветнай вайны, якія знаходзіліся ў раёне былога Старажоўскага рынка. Пытанне аб ахове гэтага помніка было ўзнята грамадскасцю і на старонках перыядычнага друку. Адначасова ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі былі знойдзены цікавыя матэрыялы па гісторыі помніка. У першую чаргу гэта «Дело Минской городской управы об устройстве в городе Минске Братского кладбища для погребения воинов, павших жертвами Великой Европейской Войны» за 1914-1915 гады[1].
Першым дакументам у гэтай справе з'яўляецца ліст Аляксандраўскага камітэта аб параненых, накіраваны Менскаму гарадскому галаве 26 верасня 1914 г. У ім ідзе гаворка пра тое, што ў тых умовах да аднаго з галоўных накірункаў дзейнасці камітэта «...относится почитание памяти убитых воинов. Предложено во всех приходских церквах сооружать доски с начертанием имен павших воинов; кроме того, на родине убитых, на более видных местах ставить памятники хотя бы примитивного устройства в виде часовен, крестов, каменных столбов, плит и тому подобного. В заботах об увековечивании памяти жертв настоящей войны Александровский комитет о раненых повергал на Высочайшее благовоззрение пожелания о том, чтобы умирающие воины были хоронены в каждом городе лишь на определенном кладбище и в одном месте. Впоследствии такие кладбища могут быть обсажены деревьями, обнесены решеткой и будут представлять особые братские кладбища. На них можно сооружать часовни, кресты, памятники и проч. Такие братские кладбища будут напоминать будущим поколениям о Жертвах Великой Европейской войны»[2].
Гэтыя прапановы былі падтрыманы начальнікам Менскай ваенна-акруговай управы, які прасіў «...спешного распоряжения об отводе соответствующего места под кладбище для погребения умерших воинов». Адначасова менскі губернатар запатрабаваў ад гарадскіх улад неадкладнага выканання «городскими и земскими учреждениями Высочайшего одобрения пожеланий Александровского комитета о раненых».
30 кастрычніка 1914 г. на сумеснай нарадзе прадстаўнікоў гарадскіх і земскіх уладаў Менскай губерні была прынята пастанова аб хутчэйшым выкананні прапаноў Аляксандраўскага камітэта, а 3 лістапада Менская гарадская дума на сваім пасяджэнні разгледзела пытанне «Об устройстве братских могил и кладбища» і вырашыла: «Поручить городской управе под устройство отдельного братского кладбища приобрести от Причта Минского Кафедрального собора одну десятину земли при Виленском тракте»[3]. Адначасова Менскае губернскае праўленне, «признавая отведенный городом Минском участок в одну десятину земли между Виленским и Долгиновским трактами под братское кладбище», 29 лістапада дало дазвол на адкрыццё гэтых могілак і даручыла пабудаваць там праваслаўную капліцу. Напрыканцы 1914 г. тэрыторыя могілак была абнесена драўляным плотам з брамай. Першапачаткова новыя вайсковыя могілкі былі цалкам падначалены гарадской управе, якая павінна была сачыць «...чтобы в приеме и погребении доставляемых на это кладбище покойных воинов, павших жертвами настоящей Великой Европейской войны, не было допущено ни малейшего ни промедления, ни затруднения».
17 лістапада 1914 г. Менская гарадская дума зацвердзіла распрацаваныя менскім гарадскім архітэктарам Ф.Жаландкоўскім праект і каштарыс на будаўніцтва могілак і праваслаўнай капліцы. Адначасова працягваліся работы па добраўпарадкаванні могілак - тэрыторыя іх была падзелена на спецыяльныя квадраты, пракладзены дарожкі. Такім чынам новыя вайсковыя могілкі атрымалі рэгулярную планіроўку. Работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі былі скончаны ў маі 1915 г. Капліцу пачалі будаваць вясной 1915 г., і вельмі хутка храм быў узведзены. Летам 1915 г. менскія гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб пашырэнні Брацкіх вайсковых могілак, адначасова побач з імі былі створаны яшчэ адны могілкі - «Для умирающих беженцев из местностей, занятых неприятелем». Пахаванні тут пачаліся 26 жніўня 1915 г., а 14 снежня гэтага года азначаныя могілкі далучылі да вайсковых.
У афіцыйных дакументах адзначаецца, што вайсковыя могілкі непасрэдна падпарадкоўваліся менскаму вайсковаму каменданту і мелі афіцыйную назву «Минское братское воинское кладбище». У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва было выяўлена некалькі дакладных планаў гэтых вайсковых могілак, а таксама праект будаўніцтва капліцы і іншыя графічныя матэрыялы[4]. Пахаванні на гэтых могілках праводзіліся да 1918 г., а па некаторых звестках - і да 1920 г. Яны праіснавалі да Другой сусветнай вайны, былі пазначаны на нямецкім плане Менска 1942 г., які захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. На падставе архіўных дакументаў на даручэнне Менгарвыканкама Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі падрыхтаваў гістарычную даведку.
Прапанову аб наданні гэтаму помніку статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці падтрымала ўпраўленне культуры Менгарвыканкама: «Улічваючы наяўнасць дакументальнай фіксацыі аб'екта, звязанага з ваенна-гістарычнай падзеяй, лічым неабходным за кошт інвестара правесці папярэднія даследаванні з мэтай выяўлення межаў ваенных могілак перыяду Першай сусветнай вайны, матэрыялы якіх перадаць на разгляд Навукова-метадычнай рады».
Аднак Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, які паводле закона абавязаны арганізоўваць справу па выяўленні і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, да сённяшняга дня адмаўляецца займацца гэтым пытаннем. Больш таго, парушаючы Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны адмовіўся нават прыняць да разгляду прапанову Таварыства аб наданні гэтаму помніку статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Зараз стала вядома, што тэрыторыя былых вайсковых могілак перададзена малому вытворчаму прадпрыемству «Перспектыва-Інвест» для распрацоўкі эскізнага праекта яе забудовы. Гэта можа прывесці да канчатковага знішчэння каштоўнага помніка гісторыі.
Сёння ў Менску не хапае сапраўднага навукова-асветніцкага цэнтра, які павінен вывучаць гісторыка-культурную спадчыну горада. Такім цэнтрам можа стаць Менскі гарадскі музей. Ужо шмат гадоў ідзе гаворка аб яго стварэнні. Неаднаразова ўрадам краіны прымаліся адпаведныя пастановы. Пры ўпраўленні культуры Менгарвыканкама была нават створана дырэкцыя будучага музея, але яе вельмі хутка ліквідавалі. Трэба прыкласці намаганні, каб цяпер справу стварэння, а дакладней, аднаўлення Менскага гарадскога музея ператварыць у сапраўдную мэту дзейнасці шырокіх колаў грамадскасці. Музей гісторыі нашай сталіцы не толькі дапаможа захаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія літаральна знікаюць на нашых вачах, але і кансалідаваць працу па выяўленні і арганізацыі дзяржаўнага ўліку як рухомых, так і нерухомых помнікаў гісторыі і культуры Менска.


1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), ф.1, воп.1, спр. 6418.
2. Там сама, арх.1-1адв.
3. НГАБ, ф.1, воп.1, спр.6418.
4. НГАБ, ф.1, воп.1, спр.6498, арк.260-261, 345-346.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.