Ігар Чарняўскі

Рэгенерацыя забудовы гістарычнага цэнтра Менска ў кантэксце нацыянальнага і міжнароднага заканадаўстваў


Без малога тысяча гадоў мінула з часу, калі пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач узнікла Менскае замчышча, якое стала ядром гарадскога раёна, названага сёння гістарычным цэнтрам Менска. У шэрагу стагоддзяў вылучаюцца межавыя даты, звязаныя з развіццём асобных гарадскіх тэрыторый. У раннім сярэднявеччы ўзнікла ўласна замчышча, абапал якога разбудаваўся вакольны горад. З XVI ст. асабліва інтэнсіўна пачынаецца асваенне прылеглых да Высокага рынку пляцаў, дзе вырастае Верхні горад. Ужо ў XVII ст, і асабліва ў XVIII ст., гарадская забудова пашыраецца на ўсход ад Свіслачы. Там узнікае Траецкае прадмесце. Горад расце ў паўднёва, і паўднёва-заходнім накірунках.
Гэтыя тэрыторыі вядомыя сёння як так званая «грамадзянская частка» Верхняга горада і Ракаўскае прадмесце. На XIX ст. прыпадае, па сутнасці, завяршэнне фармавання гістарычнага цэнтра Менска.
У той жа час за пасляваенныя дзесяцігоддзі адбывалася інтэнсіўнае разбурэнне старасвецкага асяроддзя сталіцы. Сёння паняццем «гістарычны цэнтр» нельга вызначыць нейкую маналітную структуру. Менскае замчышча ўяўляе сабой часткова забудаваную ў 60-80-я гады тэрыторыю, дзе ацалелі толькі асобныя ўчасткі культурнага слоя. Аблічча сучасных кварталаў Траецкага прадмесця склалася ў выніку мерапрыемстваў па рэканструкцыі гістарычнай забудовы ў межах вуліц Старажоўскай, Багдановіча, Камунальнай набярэжнай і Старавіленскай. Побач з ім размешчана тэрыторыя былога Траецкага манастыра, дзе захаваўся корпус канца XVIII - пачатку XIX ст., іншыя будынкі, узведзеныя ў 40-я гады мінулага стагоддзя.
Ракаўскае прадмесце ацалела часткова ў кварталах вуліц Ракаўскай, Вызвалення, Віцебскай, Шпалернай, Замкавай. Найбольш суцэльную забудову з пункту гледжання планіровачнай структуры і наяўнасці фону і індывідуальнасці ўяўляе сабой Верхні горад.
Такая «рваная» структура гістарычнага цэнтра Менска вымагае асаблівых падыходаў да выканання мерапрыемстваў па зберажэнні старасвецкай горадабудаўнічай сітуацыі беларускай сталіцы. Да месца будзе прыгадаць, што гістарычная забудова Менска эксплуатавалася, па сутнасці, на знос. І гэта наўрад ці варта ўспрымаць як нейкую выпадковасць, калі ўспомніць, што ў генеральных планах горада і амаль ва ўсіх праектах, звязаных з яго цэнтрам і распрацаваных да 1980 г., гістарычную забудову, за выключэннем пары касцёлаў, прапаноўвалася знесці дзеля разгортвання «віду на водна-зялёны дыяметр беларускай сталіцы» і стварэння на схілах Верхняга горада «каскада фантанаў», падобна як у Пецяргофе, што аказалася засведчана ў публікацыях часопіса «Строительство и архитектура Белоруссии» за 1976 г.
Асобныя элементы гэтай грандыёзнай задумы паступова рэалізоўваліся. Разбурэнне Менскага замчышча, знос Нямігі, страта асобных будынкаў, апошнім з якіх здавалася б, было знішчэнне ў 1984 г. арыгінальнага сваім абліччам і вартаснага гістарычна першага гарадскога тэатра па вул. Інтэрнацыянальнай, 28. Такія спантанныя дзеянні, падобныя да крывой узлётаў і падзенняў на восях каардынат, надзвычай ускладнілі сітуацыю ў кварталах гістарычнай забудовы Менска, цяпер гэта вымагае высокага прафесіяналізму і значных высілкаў розных спецыялістаў пры правядзенні работ па рэгенерацыі старасвецкіх кварталаў.
Традыцыя комплекснага падыходу да работ з помнікамі горадабудаўніцтва ў свеце дастаткова вядомая. Менавіта пры такой іх арганізацыі ўдаецца найбольш поўна вырашыць праблемы зберажэння і выкарыстання гарадскога гістарычнага асяроддзя. Пры гэтым гаворка ідзе пра дзейнасць спецыялістаў не толькі сфераў зберажэння культурных набыткаў, горадабудаўніцтва, інжынераў, канструктараў, але і эканамістаў, сацыёлагаў, работнікаў эксплуатацыйных службаў, музеёлагаў, адміністратараў. Вырашэнне хаця б часткі пытанняў без уліку меркаванняў, здавалася б, далёкіх ад праблемаў чыста аховы і рэстаўрацыі помнікаў непазбежна прывядзе да перакосу ў функцыянаванні гістарычнага цэнтра горада, а ў далейшым і да нанясення яму непапраўных стратаў. Правядзенне комплекснай рэгенерацыі старасвецкай забудовы вымагае высокага прафесіяналізму ад кожнага з яго ўдзельнікаў і, што важна, палітычай волі.
У другой палове 80-х гадоў беларускае грамадства ў цэлым было гатова да ўвасаблення такой мадэлі пры рабоце ў гістарычным асяроддзі горада. Пацверджаннем таму можа быць грамадскае абмеркаванне і зацверджанне канцэпцыі рэгенерацыі кварталаў Верхняга горада Менска. З мэтай рэалізацыі азначанай канцэпцыі быў прыняты шэраг сумесных пастановаў Міністэрства культуры і Менскага гарвыканкама, а таксама пастанова Савета Міністраў БССР ад 23 студзеня 1989 г. № 45 «Аб мерах па паскарэнні рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычнай часткі г. Менска». Гэтыя дакументы засведчылі найперш добрую волю зацікаўленых суб'ектаў, скіраваную на правядзенне рэгенерацыі гістарычнай забудовы. Істотным недахопам прынятай канцэпцыі была адсутнасць дастатковага эканамічнага абгрунтавання яе рэалізацыі. Сёння мы бачым некаторую аднабаковасць праектнай прапановы, распрацоўка якой амаль цалкам належыць архітэктарам.
Хібы прынятых рашэнняў і пастановаў не задоўжылі выявіцца. У канцы 80 - пачатку 90-х гадоў будынкі на Верхнім горадзе пачалі інтэнсіўна разбурацца. Адсутнічалі прадуманыя і скаардынаваныя дзеянні, скіраваныя на рэгенерацыю старасвецкай забудовы. Міжнародны ж досвед падобнай работы сведчыць, што формы мадэляў па арганізацыі мерапрыемстваў у кварталах гістарычнай забудовы могуць розніцца між сабой, аднак мэта іх правядзення адна - стварэнне ўмоў для зберажэння старасвецкіх будынкаў і комплексаў з абавязковым улікам рэаліяў сучаснага жыцця грамадства.
У 1992 г. са стварэннем з ініцыятывы Галоўнага ўпраўлення па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Савеце Міністраў Беларусі і па рашэнню Менскага гарвыканкоама акцыянернага таварыства «Стары Менск» з'явілася надзея на выпраўленне сітуацыі на тэрыторыі «саборнай часткі» Верхняга горада. Яго мадэль не была спецыфічна беларускім вынаходствам. Можна прывесці прыклады дзейнасці нечым падобных структураў, скажам, таварыства «Новая Галандыя» ў Санкт-Пецярбургу або «Edinburgh Old Town Renewal Trust» у Шатландыі. І гэта не адзіныя прыклады. Спецыфіка дзейнасці кожнай з падобных структураў залежыць ад эканамічнай мадэлі краіны і ў немалой меры ад ступені прыватызацыі гістарычных будынкаў, аб'яўленых помнікамі мінуўшчыны. Пры гэтым папярэдняе назіранне дазваляе гаварыць пра дакладнасць выканання заканадаўства аб ахове спадчыны і законаў, якімі рэгулююцца эканамічныя, маёмасныя, зямельныя пытанні ў залежнасці ад ступені развіцця прыватызацыі.
У якасці адрознага ад АТ «Стары Менск» механізма арганізацыі дзейнасці ў асяроддзі гістарычнай забудовы можна прывесці «Edinburgh Old Town Renewal Trust», структуру, у якой спалучыліся намаганні як мясцовых уладаў, так і грамадскіх інстытутаў, у тым ліку і прыватных. Трэст па рэнавацыі старога горада Эдынбурга выконвае функцыю як кантралёра за станам гістарычных будынкаў, так і фундатара пры выкананні работ. Адметнай асаблівасцю яго дзейнасці з'яўляецца тое, што ўласнік будынка ў выпадку аказання яму фінансавай дапамогі павінен перадаць у кіраванне трэста долю нерухомасці, адпаведную аб'ёму фундуша. У выпадку прамаруджвання з прывядзеннем у належны стан гістарычнага будынка да ўласніка могуць быць прыменены штрафныя санкцыі. Усе работы выконваюцца ў адпаведнасці з абмеркаванай і зацверджанай дакументацыяй, паводле заканадаўства аб ахове спадчыны. Якія-небудзь адступленні проста немагчымыя, бо ў Шатландыі не разумеюць, як можна не выконваць законы або прадпісанні ўпаўнаважаных органаў. Кантроль за ходам мерапрыемстваў па зберажэнні гістарычнай забудовы выконвае назіральная рада.
Надзвычай важным у сусветнай практыцы рэгенерацыі гарадскога асяроддзя з'яўляецца папярэдняе ўзгадненне пазіцый кожнага з бакоў, якія маюць свае інтарэсы ў кварталах гістарычнай забудовы горада. Тут асабліва важным бачыцца дасягненне згоды паміж адміністрацыяй, спецыялістамі ў справе зберажэння спадчыны і грамадскасцю. Гаворачы пра гістарычны центр горада як комплексную матэрыяльную каштоўнасць, трэба звяртаць увагу не толькі на старасвецкія яе вартасці, мастацкія асаблівасці архітэктуры пэўнага перыяду, але і на сучаснае атачэнне, маючы на ўвазе комплекс з'яваў, якія адбываюцца ў грамадстве. Безуважнае стаўленне да нейкіх чыннікаў непазбежна прыводзіць да канфліктных сітуацыяў, што ў выніку адмоўна адбіваецца на помніках мінуўшчыны, скажае іх дакументальнае значэнне, у некаторых выпадках вядзе да поўнага знішчэння гістарычнага дакумента.
Не абышлі падобныя тэндэнцыі і гістарычны цэнтр Менска. Вышэй ішла гаворка пра расчляненне яго на асобныя часткі пад уплывам сучасных горадабудаўнічых тэндэнцый, у выніку чаго страчаны асобныя матэрыяльныя сведчанні мінулага, парушана ўспрыманне гарадскога асяроддзя ў якасці эвалюцыйна ўтворанага гістарычнага дакумента аб развіцці канкрэтнага горада. Абагуленай прычынай гэтай заганнай з'явы можна было б назваць імкненне эканоміць на сродках, памножанае на недасведчанасць у гістарычных працэсах у Беларусі, з прычыны чаго і стала магчымым адмаўленне вартасці і адметнасці айчыннай архітэктуры. На жаль, нельга сказаць, што пры ўзнікненні новых эканамічных умоваў і з удасканаленнем заканадаўчай базы аховы спадчыны адмоўныя тэндэнцыі пры рэгенерацыі гістарычнага асяроддзя горада зніклі ці хаця б зведзены да мінімуму. Пры гэтым прычына такой з'явы карэніцца па-ранейшаму ў старых чынніках: імкненні эканоміць выдаткі на выкананне работ, а таксама ў застарэлай недасведчанасці адносна гістарычных працэсаў. У якасці дадатковай асаблівасці варта адзначыць нежаданне ўспрымаць дзейнасць у сферы зберажэння спадчыны як навукова абгрунтаваны працэс, а рэстаўрацыю, якая намі разглядаецца ў шырокім кантэксце, як шэраг мерапрыемстваў, абгрунтаваных уласнымі метадычнымі патрабаваннямі. Да таго ж у апошнія гады выявілася паслабленне ўдзелу грамадскасці ў вырашэнні пытанняў рэгенерацыі гарадской забудовы. Можна адзначыць і некаторае занядбанне вядомых у справе зберажэння спадчыны правілаў, занатаваных у міжнародных дакументах. У канцэпцыі рэгенерацыі забудовы Верхняга горада яны адыгрывалі значную ролю на стадыі яе падрыхтоўкі і ў ходзе грамадскага абмеркавання прапановы.
У артыкуле 3 Венецыянскай хартыі 1964 г. адзначана, што мэтай кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў ёсць захаванне іх як твораў мастацтва, а таксама як гістарычнага сведчання. У артыкуле 5 міжнароднага дакумента ідзе гаворка пра актуальнае для нас выкарыстанне гістарычнага архітэктурнага аб'екта для сацыяльна карысных мэтаў, што ў сваю чаргу не павінна наносіць яму шкоды, скажаць дакументальнае яго аблічча. Наступным тэзісам Хартыі з'яўляецца неабходнасць захавання сувымернага архітэктурнаму помніку асяроддзя. Пры гэтым падкрэсліваецца неабходнасць захавання гістарычнага асяроддзя, дзе яно ацалела. «Помнік неадлучны ад гісторыі, сведкам якой ён паўстае, і ад асяроддзя, дзе ён размешчаны». Гэты тэзіс дакумента 1964 г. мае і адваротнае прачытанне: змены асяроддзя непазбежна прыносяць шкоду кожнаму канкрэтнаму помніку.
Важным для тэмы, што разглядаецца намі, бачыцца і артыкул 9 Венецыянскай хартыі, дзе ідзе гаворка пра мэты рэстаўрацыі, якія заключаюцца ў захаванні і выяўленні эстэтычнай і гістарычнай вартасці старасвецкага аб'екта, грунтаванні яе на павазе першапачатковага матэрыялу і аўтэнтычных дакументальных сведчанняў. З гэтага тэзіса вынікае: рэстаўрацыя заканчваецца там, дзе пачынаецца гіпотэза. Не менш важным для нашай тэмы з'яўляецца прапанова ўспрымаць мясціны, дзе знаходзяцца помнікі, у якасці аб'ектаў, надзеленых спецыяльным клопатам, што абумоўлена неабходнасцю захавання іхняй інтэгральнасці і забеспячэння належным чынам іхняга догляду і выгляду.
Істотным дапаўненнем да Венецыянскай хартыі з'яўляецца Вашынгтонская хартыя, прысвечаная ахове гістарычных гарадоў. Неабходнасць прыняцця гэтага дакумента абумоўлена пагрозай пашкоджання старасвецкага гарадскога асяроддзя, а часам і яго знішчэннем праз уздзеянне сістэмы горадабудаўніцтва, народжанай індустрыяльнай эрай, уласцівай кожнаму з грамадскіх ладаў.
Дзеля надання належнай увагі справе аховы гістарычных гарадоў і кварталаў Вашынгтонская хартыя прапануе разглядаць яе ў якасці часткі палітыкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама - улічваць у праектах планіроўкі і горадабудаўніцтва на ўсіх узроўнях. У дакуменце вызначана, што ў якасці каштоўнасці, якая падлягае ахове, належыць разглядаць гістарычны характар горада ў сукупнасці яго матэрыяльных і мастацкіх элементаў. Шматразова ў Хартыі падкрэсліваецца роля грамадскасці ў справе зберажэння старасвецкага гарадскога асяроддзя.
Разглядуючы ў якасці прыярытэтаў уласна горадабудаўнічую сітуацыю і наданне сацыяльнай функцыі забудове, Вашынгтонская хартыя без празмернага кансерватызму ставіцца да сучаснага функцыянальнага выкарыстання старых кварталаў. Падкрэсліваецца важнасць утварэння спецыяльнай групы, у якую могуць увайсці спецыялісты ўсіх прафесій, якія маюць дачыненне да захавання помнікаў горадабудаўніцтва.
Калі звярнуцца да вопыту правядзення рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Менска, то можна заўважыць, што многія рэкамендацыі міжнародных дакументаў у справе зберажэння спадчыны тут былі рэалізаваныя. Ва ўсякім разе рабіліся спробы, каб яны былі ўвасоблены ў практыку. І ў той жа час шмат што з задуманага не здолела прабіцца далей тэорыі.
Стварэнне канцэпцыі рэгенерацыі кварталаў гістарычнага цэнтра Менска стала магчымым дзякуючы ўдзелу ў яе абмеркаванні дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, прафесіяналаў і аматараў, аднолькава зацікаўленых у зберажэнні архітэктурнай і горадабудаўнічай спадчыны. Напрацоўка праектных прапановаў праводзілася творчым калектывам, у складзе якога былі спецыялісты розных профіляў. Канцэптуальныя прапановы акцэнтавалі ўвагу на вырашэнні сацыяльных пытанняў.
Значная ўвага надавалася стварэнню ў Верхнім горадзе грамадска-культурнага цэнтра беларускай сталіцы. Пры гэтым акцэнт рабіўся на неабходнасць выканання работ у строгай адпаведнасці з методыкай правядзення рэстаўрацыйна-ўзнаўленчых мерапрыемстваў, замацаванай нацыянальным і міжнародным заканадаўствам.
Сённяшні ход падзей на тэрыторыі як Верхняга горада, так і гістарычнага цэнтра Менска ў цэлым выклікаюць неадназначныя ацэнкі. Прычынай супярэчнасці працэсаў, што адбываюцца ў кварталах гістарычнай забудовы, з'яўляецца адсутнасць комплекснага падыходу ў фармаванні іх накірункаў. Можа здацца, што ў такой канстатацыі закладзена нейкая памылка, бо вышэй якраз ішла гаворка аб дзейнасці комплекснага аўтарскага калектыву. Аднак на сённяшні дзень гэта застаецца праблемай. Калі яшчэ адносна вырашэння архітэктурных, інжынерных, вытворчых пытанняў так званай практычнай часткі рэалізацыі праектнай прапановы па рэгенерацыі старасвецкай забудовы дапушчальная гаворка ў большым або меньшым прафесійным рэчышчы, то, так бы мовіць, ідэалагічны бок развіцця гістарычнага цэнтра Менска на сённяшні дзень цалкам адсутнічае.
Гэтым можна растлумачыць дастаткова вольны падыход да распрацоўкі праектнай дакументацыі на рэканструкцыю будынкаў і яшчэ больш вольнае стаўленне да рэалізацыі праектаў, што прыводзіць да з'яўлення новых ваконных праёмаў, нішаў, іншых элементаў на аўтэнтычных фасадах, прыўнясенне ў гістарычны цэнтр не зусім характэрных для беларускай архітэктурнай традыцыі будынкаў а-ля заходнеэўрапейскі фахверк і адмову ад выяўлення традыцыйнага для Беларусі «прускага мура», узнікненне на вуліцах цалкам нехарактэрнага і неадпаведнага гістарычнаму вобразу плітачнага пакрыцця вуліц, змяненне геадэзічных адзнак, з прычыны чаго скажаецца аб'ёмнае ўспрыманне гістарычнай забудовы. Значную шкоду рэгенерацыі гарадскога асяроддзя наносіць гвалтоўная змена функцыянальнага прызначэння шэрагу будынкаў. Кварталы старога горада ператвараюцца ў «мёртвую зону», запоўненую офісамі і неабходнай для іх абслугоўвання атрыбутыкай.
Ліквідацыя заганных з'яваў, што назіраюцца ў апошнія гады ў дачыненні да гістарычнага цэнтра Менска, магчымая пры выкананні некалькіх няхітрых умоў арганізацыі работы ў кварталах старасвецкай забудовы сталіцы. Пры гэтым варта падкрэсліць, што ўсе яны ўжо выкарыстоўваліся ў той жа сітуацыі. У дадзеным выпадку мае месца вяртанне станоўчых прыкладаў з недалёкага мінулага.
Перадусім варта пацвердзіць паўнамоцтвы зацверджанага раней або прызначыць новага навукогага кіраўніка, адказнага паводле заканадаўства за стан справаў у кварталах старасвецкай забудовы. Неабходнасць гэтага абумоўлена відавочнай нескаардынаванасцю дзеянняў розных праектных групаў пры выкананні работ па Верхнім горадзе. Гвалтоўная змена функцыянальнага занавання тэрыторыі Верхняга горада з'яўляецца адным са сведчанняў гэтага.
Ёсць патрэба вярнуцца да практыкі адкрытага абмеркавання накірункаў дзейнасці ў кварталах гістарычнай забудовы з удзелам разнапрофільных спецыялістаў, папоўніўшы ранейшы іх склад эканамістамі, сацыёлагамі, музеёлагамі. Гэта магчыма зрабіць праз рэанімацыю дзейнасці Каардынацыйнай рады па пытаннях гістарычнага цэнтра Менска пры гарвыканкаме.
Важнае значэнне ў фармаванні стаўлення грамадскасці да помнікаў мінуўшчыны мае пашырэнне інфармацыі пра іх праз сродкі масавай інфармацыі і розныя публічныя акцыі. Патрэба ў такой рабоце відавочная. Тут маецца шырокае поле дзейнасці для кожнага зацікаўленага станам кварталаў старога горада.
І нарэшцэ, найважнейшым чыннікам у сітуацыі з помнікамі даўніны з'яўляецца неабходнасць дакладнага выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры кожным практычным кроку ў адносінах гістарычнай забудовы - ад прыняцця рашэнняў органамі кіравання да іх рэалізацыі на асобным аб'екце.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.