Аляксандар Лакотка

Праблемы захавання архітэктурна-будаўнічай спадчыны


Своеасаблівай, унікальнай рысай архітэктурна-горадабудаўнічага асяроддзя гарадоў Усходняй Эўропы з'яўляецца перавага тут у мінулым драўлянай забудовы. Прычым Беларусь трапіла на тую мяжу, дзе якраз і назіраецца паступовы пераход ад пераважна мураванай гістарычнай забудовы гарадоў, характэрнай Цэнтральнай і Заходняй Эўропе, да пераважна драўлянай, традыцыйнай для ўсходніх тэрыторый кантынента. У канцы XІX - пачатку XX ст. драўляная забудова ў Менску складала 75 працэнтаў ад агульнай колькасці пабудоў. Мураваная забудова канцэнтравалася ў цэнтральнай частцы горада ансамблямі сакральных, адміністрацыйных і грамадскіх збудаванняў, а таксама вуліц, утвораных ыдаходнымі дамамі. Цэнтральную частку горада акалялі шматлікія драўляныя прадмесці. Адны з іх вызначаліся этнічнымі прыкметамі: Вялікая і Малая Татарскія, Жыдоўская, Нямецкая і Лютаранская вуліцы, Ляхаўка. Другія - сацыяльным складам жыхароў: рамеснікі, гандляры (Ракаўскае прадмесце), рабочыя чыгункі (Грушаўка), рабочыя заводаў і фабрык (Ляхаўка, Уборкі, Серабранка). Трэція згадвалі пра менскія ўскраіны XV-XVІІ стст.: Старажоўка, Пярэспы, вул. Замкавая, Няміга.
Першым знікла з гістарычнага твару горада прадмесце Няміга, якое яшчэ ў канцы 60-х мела добра захаваную гістарычную горадабудаўнічую структуру. У наступным неяк непрыкметна зніклі завулкі Пярэспы і Старажоўскі. Адзінкавыя яблыні ды вішняк сярод асфальту нагадваюць пра сядзібы былой Камароўкі. Паступова стваралася сітуацыя, у якой гістарычнае асяроддзе горада прадстаўлялася не як суцэльная прастора, а як лакальныя плямы мураванай забудовы Верхняга горада, Ракаўскага і Траецкага прадмесцяў. Разам з тым і ў пазначаных раёнах меліся драўляныя, драўляна-мураваныя і мураваныя помнікі з унікальнымі канструкцыямі з дрэва.
У 1985 г. падчас правядзення будаўнічых работ другой чаргі метро ў Ракаўскім прадмесці ўзнікла праблема захавання драўлянага дома №4 па вуліцы Вызвалення (былая Ўваскрасенская), які стаяў на ўліку як помнік архітэктуры горада. Знайшлі адзіны магчымы на той час варыянт захавання: разабраць і перавезці помнік у рэспубліканскі музей народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам. У 1986-1987 гадах для вызвалення пляцоўкі пад будаўніцтва жылога дома Менскага вагонарамонтнага завода ўзнікла неабходнасць перамяшчэння драўлянага дома пабудовы 1904 г. на вул. Талстога, 14а (былая Мала-Георгіеўская), у якім у пачатку нашага стагоддзя жылі Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, бывалі Зоська Верас, Уладзімір Галубок, Аляксандар Чарвякоў. З дапамогаю цягачоў дом перацягнулі на вуліцу Рабкораўскую і пасля рэстаўрацыі адкрылі ў ім літаратурны музей М.Багдановіча.
Нарэшце ў лютым 1988 г. на пашыраным горадабудаўнічым савеце гарадскога Камітэта па горадабудаўніцтве і архітэктуры архітэктарамі Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута была прадстаўлена праектная канцэпцыя рэгенерацыі гістарычнай забудовы прадмесцяў Менска XІX - пачатку XX ст. Сутнасць яе заключалася ў захаванні найбольш каштоўных фрагментаў драўлянай гістарычнай забудовы: Паўночнага завулка ў Лютаранскім прадмесці, вул. Хмялеўскага (Пакгаўзная) у Грушаўцы, вул. Магілеўскай (Кірылаўская) у Ляхаўцы, некалькіх вуліц (Палеская, Гужавая, Лугавая) у былой Серабранцы, вул. Калектарная (Жыдоўская) і Рымарская, вул. Дзімітрава (Вялікая Татарская). Ідэя была адобрана, і Ўпраўленне музеяў і аховы помнікаў Міністэрства культуры заказала Рэстаўрацыйна-праектнаму інстытуту выкананне схематычных абмераў і графічных пашпартоў найбольш каштоўных узораў гістарычнай забудовы горада.
У сакавіку таго ж года канцэпцыя атрымала ўхваленне Менскага гарадскога савета Рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў. А к канцу 1988 г. некаторыя з фрагментаў гістарычнай драўлянай забудовы (Паўночны завулак, вул. Хмялеўскага, Калектарная, Дзімітрава) трапілі на схему Генеральнага плана горада, падрыхтаваную інстытутам «Менскпраект». У 1989 г. спецыялістамі Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута распрацоўваюцца дадатковыя прапановы па рэгенерацыі забудовы вуліцы Хмялеўскага і Паўночнага завулка.
У 1990 г. інстытут «Менскпраект» зрабіў здабыткам грамадскасці карэктыроўку Генеральнага плана Менска, на якой былі нанесены фрагменты традыцыйна-гістарычнай драўлянай забудовы. У тым жа годзе Міністэрства культуры звярнулася ў гарвыканкам з прапановай уключыць гэтыя фрагменты ў Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры Менска. Гарадское Ўпраўленне культуры заказала Беларускаму музею народнай архітэктуры і побыту экспертнае заключэнне па архітэктурна-гістарычнай каштоўнасці Паўночнага завулка. Камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве атрымаў заключэнне па помніках гістарычнай драўлянай забудовы ад кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускай політэхнічнай акадэміі.
У 1990-1991 гадах Менгарвыканкам падрыхтаваў спіс помнікаў гісторыі і культуры Менска, у якім былі пазначаны дамы на вуліцах Калектарнай і Рымарскай, Паўночным завулку і ў Грушаўскім прадмесці, на вуліцах Магілеўскай, Маякоўскага, Чарвякова. У лістападзе 1991 г. навукова-праектныя матэрыялы па дадзенай праблеме абмяркоўваліся ў Камітэце па горадабудаўніцтву і архітэктуры Менска, дзе ў ходзе спрэчак высветлілася, што наданне гістарычнай драўлянай забудове статуса помнікаў патрабуе вырашэння пытанняў жыллёвых умоваў, добраўпарадкавання тэрыторый, пракладкі дадатковых інжынерных камунікацый, прыстасавання помнікаў для новых грамадска-культурных патрэбаў. Невядома было, як захоўваць помнікі, што з'яўляюцца прыватнай маёмасцю.
Між тым помнікі гістарычнай драўлянай забудовы пачалі пакрыху зносіць, вызваляючы пляцоўкі для будаўніцтва гародніннай фабрыкі і будынка гарадскога Ўпраўлення ўнутраных справаў (Паўночны завулак, 19, 24а, 26а), аб'ектаў завода імя Леніна (Дзімітрава, 23), для прыватных фірм (Грушаўская, 15-17). Прыватызацыя жылля і сядзібных пляцаў вядзе да шматлікіх дабудоў і пераробак (вул. Хмялеўскага, Палеская, Лугавая). Некаторыя аб'екты гарадскія ўлады перадаюць на баланс Белдзяржмузею народнай архітэктуры і побыту як для рэстаўрацыі (Паўночны завулак, 24, 26), так і для вывазу на берагі Пцічы (Грушаўская, 15-17, Вызвалення, 5). Некаторыя дамы (Разінскі завулак, 3, і Калектарная, 36) музей сам набывае ва ўладальнікаў. Ва ўмовах абвальнай інфляцыі і дзякуючы пратэкцыі мясцовых уладаў некаторыя спрытнюгі набылі драўляныя дамы за бясцэнак (180-200 рублёў) для вывазу пад дачы. Спатрэбілася ўмяшальніцтва пракуратуры горада.
Нарэшцэ, у красавіку 1992 г. у намесніка старшыні Менгарвыканкама прайшла спецыяльная нарада з удзелам першага намесніка міністра культуры, старшыні Дзяржінспекцыі па ахове помнікаў гісторыі і культуры, прадстаўнікоў упраўлення культуры, капітальнага будаўніцтва, горадабудаўніцтва і архітэктуры гарвыканкама, пракуратуры горада, музея народнай архітэктуры і побыту. Вынікам яе стала рашэнне аб выкананні праекта тэхніка-эканамічнага разліку па драўляных гістарычных прадмесцях. Заказчыкам выступіў Белдзяржмузей народнай архітэктуры і побыту, выканаўцам - БелНДІ горадабудаўніцтва. На заказ таго ж музея Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут выканаў праекты ахоўных зонаў Паўночнага завулка і вуліцы Хмялеўскага. Музей заказаў таксама праекты рэстаўрацыі асобных дамоў і добраўпарадкавання Паўночнага завулка.
Першым і нечаканым вынікам праектных баталій сталі ўзнікшыя перашкоды ў паляпшэнні жыллёвых умоваў жыхароў драўляных прадмесцяў. Многія спадзяваліся на знос і атрыманне добраўпарадкаваных кватэр, іншыя пазбавіліся магчымасці атрымаць ад мясцовых уладаў дазвол на рамонтныя работы ці прадаць свае дамы. У розныя інстанцыі пайшлі скаргі. У канцы 1992 г. Паўночны завулак наведаў міністр культуры і сустракаўся з яго жыхарамі. Відаць, таму ў нарэшце зацверджаны Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры горада ніводны з аб'ектаў гістарычнай драўлянай забудовы не трапіў.
У 1993 г. навукоўцы музея правялі натуральныя даследаванні і фотафіксацыю помнікаў драўляных прадмесцяў. Склалі новыя, правераныя спісы. Вынікі іх даследчых работ уключаюцца ў склад тэхніка-эканамічнага разліку, які вядзе БелНДІ горадабудаўніцтва. Усё больш і больш праяўляецца цікавасць інвестараў і камерцыйных структур да гістарычнага асяроддзя як патэнцыяльнага рэзерву прэстыжных тэрыторый. Найбольш лёгкім здабыткам з'яўляюцца кварталы драўлянай забудовы, тым больш што распрацаваныя праекты ахоўных зонаў застаюцца незацверджанымі.
У канцы 1994 г. на сумесным пасяджэнні Горадабудаўнічага савета Менгарвыканкама і Рэстаўрацыйнай рады Дзяржаўнай інспекцыі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры праводзіцца першы разгляд выкананага інстытутам горадабудаўніцтва тэхніка-эканамічнага разліку рэстаўрацыі і прыстасавання драўляных гістарычных прадмесцяў Менска. Згодна з праектам статус гістарычнай каштоўнасці неабходна было надаць каля 250 драўляным збудаванням канца XІX - першай паловы XX ст. Аднак высветліліся сур'ёзныя супярэчанні тэхніка-эканамічнага разліку (ТЭР) з існуючымі праектамі дэталёвай планіроўкі (мікрараёнаў Грушаўкі і вуліцы Аэрадромнай, рэканструкцыі вуліцы Маякоўскага ды інш.) ДзІнАС прапаноўвала наданне статуса гістарычнай каштоўнасці асобным кварталам драўляных прадмесцяў (гістарычным тэрыторыям). Аднак музей катэгарычна настойваў на наданні статуса помнікаў усім дамам паспісачна. Рашэння не прынялі. Матэрыялы накіравалі на дапрацоўку і дадатковы аналіз.
У 1995 г. яшчэ некаторы час праводзіліся кансультацыі паміж музеем, ДзІнАС, камітэтам па архітэктуры і горадабудаўніцтве горада, але паўторнага разгляду ТЭР так і не адбылося. У наступным годзе музею было перададзена некалькі будынкаў з вуліцы Рымарскай для вывазу на берагі Пцічы, але ўжо было зразумела, што гутарка ідзе не пра рэстаўрацыю, а пра выкарыстанне помнікаў як будаўнічага матэрыялу ці на дровы. Так справа, якой сёння споўнілася 10 гадоў, у сутнасці, зайшла ў тупік.
Мабыць, асноўнай прычынай такой безвыніковасці з'явілася паступовая і незаўважаная замена першапачатковай ідэі на супрацьлеглую: захаванне найбольш каштоўных фрагментаў на суцэльнае (спісачнае) абвяшчэнне помнікамі сотняў будынкаў на значных плошчах, акаляючых гарадскі цэнтр. У такім выпадку ігнаруюцца аб'ектыўныя заканамернасці развіцця горада, складанай супадпарадкаванасці культурна-грамадскіх, вытворчых, спажывецкіх, транспартных, прыродна-рэкрэацыйных і жыллёва-побытавых функцый. Кансервацыя кварталаў у такіх маштабах патрабуе карэннай змены напрамкаў развіцця горада, якія склаліся на працягу апошніх 50 год.
Другой прычынай заняпаду ідэі з'явілася адарванасць прапановаў па захаванні драўляных помнікаў ад паўсядзённых праектных вышукаў у рамках работы над Генеральным планам горада. Толькі ў сістэме комплекснага вырашэння праблемаў Генплана сталіцы можна вызначыць рэальныя магчымасці і маштабы рэгенерацыі драўляных прадмесцяў.
Дзесяцігадовая практыка паказала, што для вырашэння праблемы неабходны пастаянны навуковы падыход і распрацоўка крытэрыяў (помнік архітэктуры, помнік гісторыі і культуры, дом-мемарыял пэўных гістарычных падзей, асоб, фрагмент гістарычнага асяроддзя, ландшафту і г.д.). Адсутнасць апошніх спрыяе рознага роду спекуляцыям, беспадстаўным патрабаванням надання статуса мемарыяльнасці баракам, выпадковым пабудовам пазнейшага часу і нават спарахнелым хлявам. Усё гэта выклікае сумненні ў кампетэнтнасці ініцыятараў і шчырасці іх памкненняў.
Для вырашэння праблемы неабходна распрацоўка пэўных юрыдычна-прававых норм, ствараючых магчымасць фінансавання рэстаўрацыі і добраўпарадкавання помнікаў і сядзіб, якія з'яўляюцца прыватнай маёмасцю. У Англіі, Галандыі, Германіі, скандынаўскіх краінах у аналагічных выпадках уладальнікам выдаткоўваюцца пэўныя субсідыі і забяспечваецца дапамога з боку дызайнера ці архітэктара. Зразумела, што трэба ўлічваць спецыфіку грамадскіх дачыненняў, досведу і меркаванняў гаспадароў дамоў-помнікаў.
Немэтазгодна перадаваць помнікі на баланс установам, у якіх ні цяпер, ні ў перспектыве не прадбачыцца сродкаў на іх рэстаўрацыю, альбо тым, каму патрэбна толькі пляцоўка ці дрэва як будаўнічы матэрыял, і г.д. Крыніцы фінансаў акрэсляцца як толькі помнікі нарэшце набудуць законны статус, а іх тэрыторыя стане часткай агульнага гісторыка-культурнага асяроддзя горада, прыдатнай для інвестараў сферы турызму і культурных паслугаў.
Практыка паказвае, што ў справе захавання архітэктурнай спадчыны Менска даўно пажадана стварэнне адзінага каардынатара, які б цалкам кантраляваў пытанні аховы, вывучэння, прыстасавання і выкарыстання помнікаў. Гэта мог бы быць музей архітэктуры Менска, запаведнік гістарычных прадмесцяў і д.т.п. Менавіта ён павінен трымаць на балансе помнікі, выконваць функцыі заказчыка, утрымальніка фондаў, каардынатара праграм прыстасавання.
Нягледзячы на шпаркія тэмпы развіцця горада за апошнія дзесяцігоддзі некаторыя традыцыйна-гістарычныя драўляныя прадмесці здолелі ў пэўнай ступені захавацца. Мабыць, гэта невыпадкова. Шляхі інтэнсіўнага росту гарадской інфраструктуры далікатна абышлі гэтыя выспачкі жывой мінуўшчыны. Захаваць іх цяпер, напэўна, прасцей, чым дваццаць гадоў таму, калі зніклі Няміга, Старажоўка і Камароўка.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.