Георгій Ткацэвіч

Фармаванне архітэктурна-ландшафтнага асяроддзя драўлянай забудовы


Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска залежаць ад фармавання і захавання першапачатковага, візуальнага, архітэктурнага, эстэтычнага, духоўнага аблічча горада з улікам вызначэння перспектываў развіцця ягонай асноватворнай ролі - гэта ландшафт і помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры. Першародны гістарычны ландшафт, вытрыманае гістарычнае асяроддзе засялення Менска знітоўвае пакаленні менчан ад прашчураў да нашчадкаў, працуе на будучыню гісторыі.
Сярод помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва Менска асаблівае месца займае традыцыйна-гістарычная драўляная забудова ў архітэктурна-ландшафтным асяроддзі. І ў гэтым ёсць унікальнасць і своеасаблівасць нацыянальнай будоўлі, яе культуры, якая фармавалася як частка матэрыяльнай культуры беларускага народа лясной паласы Ўсходняй Эўропы.
Ужо на пачатку XX стагоддзя драўляныя пабудовы складалі тры чвэрці ад усёй колькасці будынкаў горада. Аднак у сённяшніх умовах буйных зменаў можа здарыцца так, што ад гістарычных вядомых прадмесцяў (Грушаўскага, Ляхаўкі, Уборак, Добрых Мысляў ды інш.) застанецца толькі архіўны матэрыял і ўспаміны старажылаў.
Наглядны прыклад ёсць: што засталося ад Нямігі, Старажоўкі ці Пярэспаў?
Культурная, творчая, навуковая грамадскасць, інтэлігенцыя і супрацоўнікі музеяў горада шматразова ўздымалі пытанне захавання традыцыйнай гісторыка-культурнай спадчыны - драўлянай забудовы Менска. У лютым 1988 г. на пашыраным пасяджэнні Горадабудаўнічай рады была адобрана канцэпцыя захавання фрагментаў забудовы гістарычных прадмесцяў Менска. У сакавіку таго ж года яе ўхваліла Рэспубліканскае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У 1990 г. Менгарвыканкам суместна з музеем народнай архітэктуры і побыту падрыхтаваў спіс помнікаў гісторыі і культуры мясцовага значэння, у якім значылася некалькі дзесяткаў помнікаў драўлянай архітэктуры. На пряцягу наступных двух гадоў было праведзена некалькі нарадаў на ўзроўні першага намесніка старшыні Менгарвыканкама, начальніка Галоўменскархітэктуры, намеснікаў міністра культуры, на якіх абмяркоўваліся пытанні захавання забудовы завулка Паўночнага, вуліцы Хмялеўскага, Грушаўскага прадмесця. У выніку 6 чэрвеня 1991 г. было прынята рашэнне па захаванню забудовы завулка Паўночнага, асобныя помнікі перададзены на баланс музея для рэстаўрацыі і музеефікацыі.
У красавіку 1992 г. адбылася нарада ў першага намесніка старшыні Менгарвыканкама, сённяшняга мэра горада У.Ярмошына з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Галоўменскархітэктуры, Упраўлення культуры горада, юрыстаў, музейшчыкаў, на якой, для аб'ектыўнай ацэнкі магчымасці рэстаўрацыі драўляных помнікаў прадмесцяў, прынялі рашэнне - распрацаваць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне (ТЭА). Упраўленне культуры горада выступіла з хадайніцтвам, на падставе якога з дазволу Міністэрства культуры музей даслаў адпаведны заказ спецыялізаванаму інстытуту - БелНДІП горадабудаўніцтва. У 1992 г. тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне было прадстаўлена на разгляд у Галоўменскархітэктуру і Дзяржаўную інспекцыю Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. БелНДІП горадабудаўніцтва распрацаваў наступныя этапы - праект рэгенерацыі завулка Паўночнага, Грушаўскага прадмесця і вуліцы Калектарнай.
Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў рамках ТЭА, даследаванні інстытута «Белдзяржпраект», Рэстаўрацыйна-праектнага інстытута і музея сведчаць пра тое, што ў сённяшніх умовах большасць жыхароў драўляных прадмесцяў схільныя жыць на пляцах сваіх прашчураў і бацькоў, зрабіўшы неабходнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэта пацвярджаюць і калектыўныя лісты жыхароў завулка Паўночнага і іншых вуліц у Вярхоўны Савет, урад Рэспублікі, Менгарвыканкам, прэсу. Аднак некрануты гістарычны ландшафт з зялёнымі прысадамі драўляных прадмесцяў як патэнцыяльныя тэрыторыі для будоўлі катэджаў і офісаў, скупкі за бясцэнак помнікаў як таннага будаўнічага матэрыялу пад дачы ды на іншыя патрэбы вабіць да сябе дзялкоў, бізнесменаў, чыноўнікаў. Даходзіла да злачынных і бандыцкіх учынкаў, якія расследавалі пракуратура і міліцыя горада.
Нягледзячы на патрабаванні архітэктурнага нагляду, са згоды службаў мясцовых райвыканкамаў у асяродку драўляных прадмесцяў вырастаюць без усялякага дазволу катэджы і офісы (вуліцы Палеская, Лугавая, Хмялеўскага, Грушаўская і г.д.). Шмат камерцыйных і фінансавых структураў, пры падтрымцы гарадскіх уладаў абыходзяць законы і дабіваюцца дазволу на знос помнікаў. Праз заказ, пасля выбару будаўнічай пляцоўкі, робіцца праектна-каштарысная дакументацыя. Высяляюцца жыхары, як правіла, з дыхтоўных дамоў і адначасова ідзе разборка помнікаў. Спачатку помнік пазбаўляецца сталярных вырабаў - столі, падлогі, перагародак, вокнаў з дубэльтамі, дзвярэй; пячных - кафлі, цэглы і начыння. Імгненна робіцца аварыйная сітуацыя: цалкам здымаюцца бэлькі, праз адну - кроквы ды інш. За ноч знікае ашалёўка зруба. Затым здымаецца шыфер - імітуецца правал страхі. Засталося раскрыць аканіцы і пазбавіць помнік разбянога ўпрыгожання. Тым часам у садзе выкопваюцца лепшыя і рэдкія сарты кустоў і дрэваў. Робіцца гэта па-вар'яцку. Засталося сумнае відавошча: знік зруб, апошнім разбіраюць падмурак. Дарэчы, цэглы такой ужо не знойдзеш.
На месцы архітэктурна-ландшафтнага драўлянага прадмесця, якое мела гістарычна-культурную, цяпер унікальную значнасць для Менска, ляжыць смецце, расце чартапалох, крапіва. Запаведны куточак для гаспадароў і гараджан знішчаны.
Думалася, што гэтай непрыстойнай справе будзе пакладзены канец. У лютым 1994 г. у прэсе была надрукавана Пастанова № 78, у якой забудова Паўночнага завулка абвешчана помнікам гісторыі і культуры. У адпаведнасці з гэтым дзяржаўнай ахове належаць драўляныя дамы XІX - пачатку XX ст., зямельныя пляцы, элементы добраўпарадкавання, азеляненне, малыя архітэктурныя формы, гаспадарчыя пабудовы. Згодна з айчынным заканадаўствам тэрыторыю помніка акаляе: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы і зона аховы ландшафту. Гэтыя рэжымныя патрабаванні скіраваны на захаванне ландшафтна-гістарычнага асяроддзя помнікаў і робяць немагчымай прывязку на тэрыторыі завулка Паўночнага дзевяціпавярховага будынка Ўпраўлення ўнутраных справаў горада. Магчыма, супярэчнасць даўно б атрымала вырашэнне, але ТЭА і праект ахоўных зонаў драўляных прадмесцяў безвынікова праляжалі ў Галоўменскархітэктуры больш за два гады і толькі 27 снежня 1994 г. былі разгледжаны на сумесным пасяджэнні Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве і ДзІнАС.
Высветлілася, што паміж дзейнасцю Дзяржаўнай інспекцыі і Камітэтам па архітэктуры няма каардынацыі. У «Менскпраекце» праводзяцца карэкціроўкі Генеральнага плана, прыватныя майстэрні праектуюць комплексы для банкаў і камерцыйных структур на гістарычных тэрыторыях без узгаднення з ДзІнАС, а то і з яе згоды, што з'яўляецца парушэннем Дзяржаўнага заканадаўства аховы помнікаў. Гэтыя супярэчнасці не далі магчымасці на пасяджэнні зацвердзіць урэшце Дзяржаўны спіс помнікаў драўлянай архітэктуры горада і іх ахоўныя зоны.
Між тым музей вымушаны быў звярнуцца ў камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве Менска з просьбай выдаць архітэктурна-планіровачнае заданне на праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы завулкаў Паўночнага і Разінскага, пляцаў на Калектарнай, 36, 38, бо не выключана, што, нягледзячы на дзяржаўныя законы і пастановы ўладаў горада, завулак Паўночны будуць зносіць, каб ачысціць тэрыторыю для нацыянальнага банка.
Праз захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку вырашэнне лёсу гістарычных прадмесцяў - помнікаў гісторыі і культуры ў архітэктурна-ландшафтным асяроддзі драўляных забудоў Менска, - бачыцца аблічча сталічнага горада, а значыць - будучыня Рэспублікі Беларусь.
Трэба прыняць рашэнне па вызначаных праблемах на ўзроўні Менгарвыканкама: выдзеліць жыллёвы фонд на адсяленне ўладальнікаў помнікаў драўлянага дойлідства, якія жадаюць выселіцца. Выдаць музею АПЗ на выкананне праектных работ па рэстаўрацыі, аднаўленні і фармаванні архітэктурна-ландшафтнага асяроддзя драўляных забудоў Менска, у прыватнасці, пачаць з завулка Паўночнага. Выканаць рашэнне Менгарвыканкама №205 ад 19 ліпеня 1990 г. «Аб зацвярджэнні Дзяржаўнага спісу помнікаў гісторыі г. Менска».



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.