Зміцер Яцкевіч

Невядомая вуніяцкая царква ў Менскім замку


Праглядаючы вопісы фонду Менскай праваслаўнай кансісторыі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, які налічвае больш за дзве тысячы адзінак захавання, мы натрапілі на візіты вуніяцкіх цэркваў Менскага павета за 1792 г. Як высветлілася пазней, назва справы ў вопісе недакладная і першапачаткова ў перакладзе з польскай мовы гучыць наступным чынам: «Акты візіты генеральнай сурагацыі і дэканату Менскага року 1792 1 траўня!» Усяго тады было правізітавана 48 парафіяльных храмаў, сярод якіх тры прыпадаюць на Менск. Гэта Ўваскрасенская царква на вуліцы Гомшынскай (цяпер вул. Вызвалення), Замкавая пад тытулам Узнясення Панны Марыі, а таксама Святой Троіцы. Тут варта заўважыць, што не візітаваліся кляштарныя храмы, якіх у Менску ў XVIII ст. было вядома некалькі: Святадухаўскі, Казьмадзям'янаўскі ды інш.
Зразумела, што кожны арыгінальны дакумент па гісторыі тагачаснага Менска мае вялікае значэнне, тым больш што ў надрукаванай літаратуры і крыніцах мы падобных звестак не маем. Але нас зацікавіла царква на замку пад невядомым да гэтага часу тытулам Узнясення Панны Марыі, альбо проста Ўзнясенская. Справа ў тым, што царква і базыльянскі кляштар (да канца XVI ст. праваслаўны) з гэтай назвай існавалі ў Менску за Траецкім прадмесцем (раён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь). Але ў другой палове XVIII ст. ён ўжо не існаваў. Пасля таго, як амаль на тым жа месцы ў 1867 г. была адчынена жаночая духоўная вучэльня, у 1870 г., дзякуючы намаганням менскага архіепіскапа была асвечана Ўзнясенская царква. Апошняя знаходзілася на вуліцы Белацаркоўнай (цяпер не існуе).
У той жа час на Менскім замчышчы вядомы шэраг храмаў: недабудаваны, XI ст., Святога Мікалая і саборны Раства Багародзіцы. Святамікалаеўская царква і манастыр разам з домам мітрапаліта вядомы з XV ст. З пачатку XVII ст. гэта ўжо рэзідэнцыя вуніяцкага мітрапаліта. Пасля пажараў сярэдзіны XVIII ст. Святамікалаеўская царква, відаць, ужо не аднаўлялася.
Адным з самых старажытных менскіх храмаў з'яўляўся саборны ў гонар Раства Багародзіцы, які, верагодна, існаваў з пачатку заснавання горада. Непасрэдна з дадзеным саборам звязана і гісторыя цудатворнага абраза Маці Божай Менскай, які з'явіўся на берагах Свіслачы 13-26 жніўня 1500 г. Ён быў змешчаны ў замкавай царкве Раства Багародзіцы і стаў апекуном Менска і яго жыхароў. Магчыма, сюжэт быў пакладзены ў аснову гарадскога герба 1591 г. З 1590 г. пры саборы існавала школа. Паводле кнігі «Цэрквы і прыходы Мінска» (аўтар гістарычных даведак Г. Н. Шэйкін), у 1620 г. ён быў ужо вуніяцкім і ў 1636 г. цудатворны абраз Маці Божай Менскай на загад мітрапаліта Руцкага быў перанесены ў Святадухаўскую базыльянскую царкву, што на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Як паведамляе той жа аўтар, драўляная царква Раства Багародзіцы неўзабаве згарэла, і на яе месцы была ўзведзена новая, асвечаная ў гонар Успення Божай Маці, якая ў 1778 г., верагодна, была знішчана разам з замкам, больш не аднаўлялася.
Вось пра што нам паведамляе візіта 1792 г. аб вуніяцкай замкавай царкве ў гонар Узнясення Панны Марыі, якая знаходзілася па левым баку пасля моста, як ісці з горада. Гэта быў брусаваны храм з гонтавым дахам, з вялікім купалам, на якім меўся вялікі жалезны пафарбаваны крыж. Галоўны вялікі алтар «слясарскай работы» ў гонар Святой Марыі Панны, угары абраз Святой Троіцы. Па баках алтара - дзве закрысціі з вокнамі і аканіцамі на металічных завесах. У будынку шэсць вялікіх вокнаў і чатыры - у купале. Хоры ўпрыгожаны балясінамі. У зале меліся чатыры лавы, канфесіянал слясарскай работы. Вакол царквы знаходзіліся могілкі, якія былі абгароджны парканам з брамай і форткай. Апошняя вяла ў бок рэзідэнцыі - брусаванага будынка, скрытага гонтам. У ёй былі два пакоі і кухня, а таксама будынак гаспадара з каморай, сенцамі і кухняй, стайня, крытая дранкай. Парохам у царкве быў Юзаф Бараноўскі.
У царкоўную парафію ўваходзіў Высокі і цэлы горад ад юрыздыкі ксяндзоў базыльянаў (вул. Дамініканская з Падваллем, Ляхаўка за месцам, Слабада ў мілі ад горада, Серабранка ксяндзоў базыльянаў у Менску). Усяго 43 дамы і 212 парафіянаў.
У сувязі з вышэйпрыведзенымі звесткамі вельмі цікавай і супярэчлівай з'яўляецца інфармацыя з вышэйпрыгаданай візіты Ўзнясенскай царквы за 1792 г.
Па-першае, Узнясенская царква ў ёй называецца замкавай і катэдральнай, і гэта, на нашу думку, можа сведчыць пра тое, што яна з'яўляецца пераемніцай былой галоўнай замкавай царквы - Раства Багародзіцы.
Па-другое, на карысць гэтага сведчыць і прыведзенае ў дакуменце месца знаходжання помніка: «...як ісці з месца да замку па леваму боку пасля мосту». Відаць, маецца на ўвазе замкавы мост з Нізкага рынку, таму што другі вёў з Ракаўскага прадмесця.
Па-трэцяе, нягледзячы на тое, што дакументы, у тым ліку і фундушовыя, згарэлі, згодна з папярэдняй візіты 1781 г. пералічваюцца фундушовыя дакументы, пачынаючы з 1633 г.
Па-чацвёртае, у візіце 1792 г. гаворыцца пра перанос цудатворнага абраза Маці Божай Менскай з гэтага Ўзнясенскага храма ў Святадухаўскі ў 1769 г. на падставе загаду мітрапаліта Руцкага ад 1635 г. і пратэстаў мітрапаліта Валадковіча ў Менскім гарадскім судзе 1769 г., у Галоўным літоўскім трыбунале 1786 г.
Такім чынам, усе вышэйпрыведзеныя факты яскрава сведчаць, што дадзены храм Узнясення Панны Марыі з'яўляецца пераемнікам саборнай царквы Раства Багародзіцы. Пытаннем будучых даследаванняў застаецца дата пераасвячэння храма, таксама як і астатняя яго гісторыя.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.