Аляксандар Бандарэнка

Удасканальваць рэстаўрацыю і рэгенерацыю тэрыторый


Значнай перашкодай у інспектарскай рабоце па Менску з'яўляецца адсутнасць зацверджанай адпаведным чынам нарматыўнай дакументацыі, якая б рэгламентавала рэжым аховы матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей у гістарычных месцах і на тэрыторыях горада. Гэта не дае магчымасці адказаць адпаведным чынам на пэўнае пытанне і стварае сітуацыю, пры якой праектныя прапановы ў гістарычным цэнтры Менска ці ў непасрэднай блізкасці ад яго разглядаюцца на Навукова-метадычнай радзе па захавані гісторыка-культурнай спадчыны пры Камітэце па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і на Горадабудаўнічым савеце пры Камітэце архітэктуры ў адрыве ад агульнага кантэксту. Дзіўна тое, што такая работа існуе. Гэта праект ахоўных зонаў гістарычнага цэнтра горада Менска, зроблены яшчэ ў 1993 г. на замову Камітэта па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў у творчай майстэрні Багласава. Работа неаднаразова разглядалася на сумесных пасяджэннях Навукова-метадычнай рады і Горадабудаўнічага савета, выказваліся пэўныя заўвагі, было вырашана перадаць яе ў інстытут «Менскпраект» для праекта карэктуры Генеральнага плана і адпаведнага зацвярджэння. Заўважу, што гэта работа «Менскпраекта» на сённяшні дзень таксама не зацверджана на пасяджэнні Менгарвыканкама. Увогуле, адсутнасць праекта ахоўных зонаў прыводзіць да жудасных з'яў: дастаткова нагадаць монстра на рагу вуліц Замкавай і Вызвалення.
У апошні час шмат крытыкавалася акцыянернае таварыства «Стары Менск». Сапраўды, дзейнасць яго суправаджалася шматлікімі актамі, пратаколамі, загадамі аб парушэнні заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Але «Стары Менск» - адзіны з суб'ектаў, што знаходзяцца на тэрыторыі гістарычных месцаў і мае зацверджаны генеральны план нават на ўзроўні праекта забудовы. Што гэта дае? Ну, скажам, захацелася камусьці абазначыць сваю прысутнасць на Верхнім горадзе. Калі ласка, але ў адпаведнасці з Генеральным планам, які ўзгоднены ў тым ліку і Навукова-метадычнай радай па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
Пераймаючы гэты станоўчы вопыт «Старога Менска», упраўленне культуры Менгарвыканкама разам з шэрагам зацікаўленых фірмаў і ўстановаў у 1995 г. спрабавала ўтварыць аналагічнае таварыства на процілеглай адносна вул. Леніна частцы Верхняга горада і квартала, што прымыкае да яго. Гэта, думалася, магло б забяспечыць комплексны падыход да рэстаўрацыі і рэгенерацыі тэрыторыі. Дакументы, падрыхтаваныя ва ўпраўленні культуры, былі перададзены ва ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аднак справа патанула ў розных пасяджэннях.
І ўсё ж такі, нягледзячы на розныя акалічнасці, неабходна распрацоўка праекта ахоўных зон гістарычнага цэнтра Менска. У гэтым зацікаўлена не толькі ўпраўленне культуры, але, як мне здаецца, і Камітэт архітэктуры таксама. Я б прасіў Камітэт архітэктуры пасадзейнічаць у гэтым напрамку, бо чакаць, калі аналагічная работа будзе зроблена ў «Менскпраекце» ў складзе карэктуры ПГП цэнтра, прыйдзецца, пэўна, даволі доўга.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.