Фёдар Сарока

Прэзентацыя рошчыны XIX стагоддзя


Ах, Арбат, ах, Арбат,
Ты мое Отечество...
Б.Окуджава

Калі я апошнім разам прыехаў у Маскву і выйшаў на плошчу Беларускага вакзала, то па старой звычцы пабег. Але аказалася, што бягу толькі я адзін...
Гэтай рытмічнай памылкай і пачалося маё знаёмства з новай Масквой. Папярэдне я захапіў з сабой карту Масквы дзесяцігадовай даўніны, але выявілася, што па ёй ужо немагчыма арыентавацца. Усе вуліцы маюць новыя назвы, не выратоўвае нават метро - некаторыя станцыі таксама змянілі імёны.
Я апынуўся ў новым горадзе!
Як жа зарыентавацца ў горадзе, у які ты трапіў упершыню?
Добра, калі ты знаходзішся ў ідэальным горадзе, такім, як Пальманова, Пецярбург ці Нью-Ёрк, але ты ў Маскве з яе ірацыянальнай забудовай.
Масква змянілася карэнна - з абшарпанай сталіцы савецкай імперыі яна ператварылася ў сучасны эўрапейскі горад. Новыя машыны, новыя тратуары, новыя бліскучыя крамы, у якія вусцішна заходзіць, прадаўцы ветлівыя, змянілі свае адносіны да пакупнікоў, толькі не ўсе пакупнікі, шчыра кажучы, прывычаіліся да гэтай нормы - усё гэта іншая Масква. Яна ахоплена «эўрарамонтам», і ты не ведаеш, як да гэтага ставіцца. Ловіш сябе на думцы, а ці не ў Рым ты нечакана трапіў?
Мой калега, рэстаўратар Сяргей Дзенісенка, расказаў маленькую гісторыю. У 1990 годзе падчас камандзіроўкі ў Слонім, ён пазнаёміўся з 83-гадовым чалавекам, які з юнацкіх гадоў не быў у сваім родным горадзе. Праз 50 гадоў гэты чалавек вярнуўся, але не змог знайсці роднай хаты, і горад стаў для яго чужым.
- Каб я знайшоў хаця б вугал свайго дома, я б навобмацак змог абысці ўвесь Слонім, - казаў стары чалавек.
І гэта праўда. Чалавек не можа знайсці кропку адліку ў прасторы, а без яе чалавек сляпы. Ён згубіў рэпер свайго жыцця. Гэта трагедыя чалавека.
Кожны з нас мае сваю кропку адліху, ад якой усё жыццё арыентуешся - дзе зараз ты ёсць.
Уся краіна Саветаў спявала песню Булата Акуджавы «Ах, Арбат...», і пелі яе шчыра, як сваю, ад душы. Бо ў гэтай песні ёсць душа, і яна заўсёды будзе сваёй - яна духоўная песня. Гэта песня пра «...вугал свайго дома...», пра той самы рэпер свайго жыцця. Праўда, «сваё жыццё» не можа існаваць асобна ад навакольнага жыцця, як бы ты ні захоўваў сваё. А наваколле мы будуем іншымі маштабамі, маленькі рэпер мы не заўважаем, нам трэба ўвесь рэпертуар. Калі Арбат - «...моё Отечество!», то падавай нам «арбатизацию всего Отечества». Бедны Булат Шалвавіч, ён стварыў геніяльную песню вяртання на Радзіму, а мы яе падхапілі як сімвал усёй нашай вялікай радзімы.
«Арбатизация» стала сімвалам эпохі. Па ўсёй шостай частцы Зямлі, як грыбы, павырасталі «арбаты» абласнога, раённага, асобныя рупліўцы паспелі зрабіць нават «арбаты» сельскага маштабу. Але яны павырасталі не на пустым месцы, а на жывой мясцовай культуры. Маргінальнае мысленне не ўсведамляе сябе, што цэнтр - гэта там, дзе Ты ёсць. Эгацэнтрызм маргінала арыентуецца на вялікае - хоць у чым-небудзь нагадваць «причастность» да большага.
Калі ўжо цалкам давесці думку да крытычнай кропкі, то можна вядомы выраз савецкай эпохі перайначыць такім чынам - «Коммунизм - есть советская власть плюс арбатизация всей страны». Па дарозе да «коммунизма» мы ўжо згубілі «советскую власть», засталася толькі «арбатизация всей страны».
Той Арбат, сапраўдны Арбат Булата Шалвавіча, ужо не існуе рэальна. «Арбатизация» праглынула яго першым. Знішчана фактура - фактура сапраўдных матэрыялаў і фактура арбацкай культуры. Арбат стаў фарцовым ідэалам, ці ідэалам штучнасці. Тэндэнтная штучнасць знічтожыла sztuku.
Калі я гляджу на сучасную Маскву, то праз яе бачна, што робіцца ў Менску. Фактура «арбатизации» нічым не адрозніваецца ад таго «эўрарамонту», які мы назіраем скрозь. Канешне, прыемна заходзіць у краму, не баючыся, што цябе прыцісне дзвярыма, ці ты можаш разбіць лоб, спатыкнуўшыся аб разбітыя прыступкі, хочацца чысціні. Але разам са смеццем можна выкінуць усё, што засталося жывое. Калі гаспадыня выпякае хлеб, то кожным разам павінна пакінуць для новай закваскі маленькі кавалачак жывога цеста - рошчыны. У гэтай тэхналагічнай бесперапыннасці і неабходнасці закладзены вялікі сэнс. Чалавек заслугоўвае большага, чым чысціня бытавая. Для таго слонімскага дзеда вугал роднай хаты і ёсць страчаная рошчына.
У сучасным Менску ўжо мала будынкаў старой культуры. Яны, як кавалачкі рошчыны свайго часу, туляцца дзе-нідзе ў гэтай вялікай двухмільённай дзежцы.
Помнік архітэктуры XIX стагодздзя - дом № 2, што на рагу вуліцы Герцэна і Музычнага завулка ў Менску, быў ужо прыгавораны да разбурэння. Стаяў побач эскаватар, сутачны прастой якога абыходзіўся падрадчыкам, з іх слоў, у 500 000 рублёў.
Гэта было 1 ліпеня 1994 г. Архітэктар Уладзімір Старасцін, аўтар праекта рэстаўрацыі гэтага дома, запрасіў нашу групу для вырашэння праблемы сценапісу, які адкрыўся ў адным з пакояў. А дакладней, пакояў ужо не было, засталіся толькі часткі сценаў.
Пад гукі невыключанай машыны і позіркі працаўнікоў, якім замінае ўся гэта гаворка аб помніку, і вырашаўся лёс рэшткаў культуры...
З таго часу багата чаго змянілася. Галоўнае - змяніўся сам дом. Аўтэнтычныя муры не вытрымалі сучаснай інжынернай крытыкі, былі разбураны і замест іх узведзены новыя. Роспіс было вырашана дэмантаваць разам са слоем тынкоўкі, каб потым манціраваць на адноўленыя сцены.
Дом быў пабудаваны ў цэнтра горада, прызначаўся для ўжытку мяшчан і з'яўляўся часткай гарадской культуры. Гэтаму ж адпавядала і ўнутранае аздабленне будынка. Па фрагментах роспісаў можна ўявіць, што зала, распісаная архітэктурнымі матывамі (маляванымі калонамі і пілястрамі з іанічнымі капітэлямі), была прызначана для ўрачыстасцяў і баляў. Гэта парадная зала. Калі мовіць сучаснай мовай, то гэта была зала для прэзентацый, а цяпер для нас гэта зала прэзентацыі XIX стагоддзя. Выява рогу аквітасці, якую мы адкрылі пры расчыстцы сценапісу ад замалёвак, зараз ужо ўспрымаецца з сумнай іроніяй.
Сёння ўжо немагчыма аднавіць той інтэр'ер у першапачатковым выглядзе. Новыя сцены зроблены з новых матэрыялаў, маюць новых гаспадароў і новае прызначэнне. Да таго ж планіроўка памяшканняў зменена.
Прэзентацыя XIX стагоддзя адмяняецца?!
Шкада, што мы так губляем «рошчыну традыцый». Нават у практычным плане тыя камерцыйныя структуры, якія карыстаюць гэты дом, губляюць шмат, адмаўляючыся ад яе. Ва ўсім цывілізаваным свеце традыцыя - гэта гарантыя надзейнасці і стабільнасці. Трэба было б узняць гэты «рог аквітасці» як эстафетны факел...
На сёння магчымым можа быць толькі адно вырашэнне праблемы. Рэканструкцыя як прэзентацыя XIX стагоддзя. Гэта значыць - пераўтварэнне манументальнага твора мастацтва ў станковы, дзе зандаж-рошчына аўтэнтычнага сценапісу ўяўляе сабой самадастатковы фрагмент старой культуры ў сучасным інтэр'еры, і не болей. Зандаж-рошчына, як пячатка ўзаконенага існавання новай пабудовы, як рэпер аўтэнтычнасці, дапаможа нам зарыентавацца ў новым горадзе. Усякае аднаўленне інтэр'ера цалкам будзе «маргінальным эўрарамонтам».
Гэты дом і яго інтэр'еры ўжо ніколі не будуць помнікам культуры XIX стагоддзя, бо гэта ўжо помнік нашай культуры.



Каштоўнасці мінуўшчыны: http://knihi.com/kastounasci/
Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.